Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Крызіс СССР як унітарнай дзяржавы. Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР






Распачатая ў сярэдзіне 1980-х гг. перабудова стварыла прынцыпова новую сітуацыю ў грамадска-палітычнам і духоўным жыцці, але яна не спыніла спаўзанне СССР да крызісу. Больш таго, крызіс стаў сістэмным, ён ахапіў увесь сацыялістычны лагер.

У канцы 80 - пачатку 90-х гг. па краінах Усходняй Еўропы прайшла рэвалюцыйная хваля, агульны характар падзей якой можна вызначыць так: гэта былі антытаталітарныя масавыя рухі, якія прывялі да падзення старых дзяржаўна-партыйных правячых структур. Галоўным лозунгам гэтых рухаў было аднаўленне дэмакратычных свабод і барацьба за правы чалавека.

М. Гарбачоў адмовіўся ад традыцыі падаўляць сілай антыкамуністычныя масавыя выступленні ў краінах Усходняй Еўропы. Перабудова ў СССР, аслабленне пазіцыі КПСС рабілі немагчымым імперскія дзеянні ў адносінах з іншымі краінамі. Менавіта гэты аспект палітыкі, звязанай з імем М. Гарбачова, стаў асноўным пры прысуджэнні яму Нобелеўскай прэміі міру за 1990 г.

Рэвалюцыйная хваля на мяжы 80-90-х гг. у кожнай з краін Усходняй Еўропы мела свае асаблівасці. У адных яна ішла мірна, у другіх суправаджалася, на жаль, людскімі стратамі. Авангардную ролю адыграла інтэлігенцыя і студэнцкая моладзь. Пачалася з Польшчы, дзе кіраўніцтва ПАРП на пачатку 1989 г. было вымушана сесці за стол перамоў, летам таго ж года на першых свабодных парламенцкіх выбарах ПАРП пацярпела паражэнне, і ў краіне распачаўся дэмантаж сацыялізму. Потым прыйшла чарга ГДР, насельніцтва якой востра перажывала раскол Германіі. 9 лістапада адбылася кульмінацыя так званай " кастрычніцкай" рэвалюцыі - разбурэнне і поўная ліквідацыя " Берлінскай сцяны", як сімвалу падзелу Германіі. У лістападзе 1989 г. адбылася " аксамітная" або " пяшчотная" рэвалюцыя ў Чэхаславакіі. У канцы года адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх атрымаў перамогу вядомы дысідэнт В. Гавел. Чэхаславацкая федэрацыя з 1 студзеня 1993 г. перастала існаваць, уступіўшы месца Чэшскай і Славацкай Рэспублікам.

Крывавы характар набылі падзеі ў Румыніі, якая з'яўлялася " востравам таталітарызму". Народнае паўстанне ў снежні 1990 г. закончылася арыштам і расстрэлам Н. Чаўшэску.

У СССР назіралася падзенне аўтарытэту і ўплыву саюзнага кіраўніцтва, пастановы і рашэнні якога ўсё часцей ігнараваліся ўрадамі саюзных рэспублік. Партыйна-палітычнае кіраўніцтва шэрагу рэспублік паступова станавілася на шлях адкрытага супрацьстаяння інтарэсаў сваіх краін і рэгіёнаў так званым агульнасаюзным інтарэсам. Усё больш відавочным і адчувальнным станавілася разбалансаванне ўсёй палітычнай сістэмы і паступовая страта манаполіі КПСС на ўладу.

Асабліва рэзка, у пэўнай ступені нечакана для савецкага кіраўніцтва, у другой палове 1980-х гг. абвастрылася нацыянальная праблема. Праявіўся крызіс той сістэмы міжнацыянальных адносін, якая стваралася і замацоўвалася ў СССР на працягу дзесяцігоддзяў. Заключаны ў 1922 г. дагавор аб утварэнні Саюза ССР грунтаваўся на ідэі федэратыўнага суполь-ніцтва савецкіх рэспублік. Ён пакідаў за яго ўдзельнікамі даволі шырокія правы. Аднак шэраг фактараў прывялі з цягам часу да пераўтварэння саюзнай федэрацыі ва ўнітарную дзяржаву, для якой характэрны абсалютызацыя ўлады адзінага палітычна-адміністрацыйнага цэнтра. Правы рэспублік, якія складалі федэрацыю, станавіліся ўсё больш абмежаванымі.

Пагаршэнне эканамічнага становішча і дэстабілізацыя палітычнай сістэмы СССР у спалучэнні з сур'ёзнымі памылкамі і пралікамі КПСС у час перабудовы паскорылі цэнтрабежныя тэндэнцыі. У канцы 1980-х гг. шэраг рэспублік - Латвія, Літва, Эстонія - адкрыта паставілі пытанне аб выхадзе з Саюза (у верасні 1991 г. іх патрабаванне было афіцыйна задаволена). Абвастрыліся адносіны не толькі на агульнасаюзным, але і на міжрэспубліканскім узроўні і нават унутры асобных рэспублік. Справа пагражала (і даходзіла!) да ўзброеных міждзяржаўных і міжэтнічных сутычак. Паміж Азербайджанам і Арменіяй яны перараслі ў буйнамаштабныя баявыя дзеянні.

Перад кіраўніцтвам Савецкага Саюза паўстала праблема выбару формаў і спосабаў рэагавання ў склаўшайся сітуацыі. Нягледзячы на асобныя спробы выкарыстання сілавых метадаў, прыярытэт быў аддадзены пошуку цывілізаваных прававых шляхоў. У красавіку 1990 г. быў прыняты закон " Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб'ектамі федэрацыі", які значна пашыраў правы саюзных рэспублік. На парадак дня ставілася падрыхтоўка новага саюзнага дагавора.

Аднак спадзяванні паправіць становішча не спраўдзіліся: недавер да цэнтра і супярэчнасці паміж асобнымі рэспублікамі нарасталі. Асабліва адчувала гэта Расія, якая была ядром Саюза, якую абвінавачвалі ў імперскіх імкненнях. У варунках нарастаючых супярэчнасцяў расійскае кіраўніцтва пайшло на неардынарны крок: 12 чэрвеня 1990 г. быў абвешчаны дзяржаўны суверэнітэт Расійскай Федэрацыі. Крыху пазней, 16 ліпеня, аб сваім суверэнітэце заявіла Украіна. Атрымалася так, што пасля гэтага толькі Беларусь юрыдычна яшчэ прытрымлівалася нормаў саюзнага дагавора.

Пытанне аб суверэнітэце Беларусі неаднаразова ўздымалася прадстаўнікамі розных колаў і грамадскіх аб'яднанняў. Яно было вырашана 27 ліпеня 1990 г. У гэты дзень Вярхоўны Савет БССР урачыста прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР.

Згодна Дэкларацыі, Беларусь - " суверэнная дзяржава, якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу" (арт. 1). Вышэйшай мэтай суверэнітэту прызнавалася забеспячэнне свабоднага развіцця і дабрабыту грамадзян рэспублікі. Носьбітам суверэнітэту краіны і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся беларускі народ.

У адпаведнасці са зместам Дэкларацыі з дня яе прыняцця на тэрыторыі рэспублікі абвяшчалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў Беларускай ССР, паўната ўлады рэспубліканскіх дзяржаўных органаў на ўсёй тэрыторыі краіны, самастойнасць і незалежнасць Беларусі ў міжнародных зносінах. Па сутнасці гэта азначала спыненне дзейнасці на Беларусі саюзных законаў.

Абвяшчэнне суверэнітэту не было накіравана на разрыў шматбаковых сувязяў з іншымі рэспублікамі. Наадварот, у канцы 1990 г. і пачатку 1991 г. былі падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве Беларусі ў розных сферах з Расіяй, Украінай і Казахстанам. Перазаключэнне дагавораў паміж рэспублікамі сведчыла аб ускосным юрыдычным прызнанні ўрадамі ўжо суверэнных краін недзейснасці саюзнага дагавора 1922 г.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.007 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал