Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Лекцыя 6. Выкарыстанне народных традыцый у сучасных святах зімовага і веснавога цыклаў.






План.

1. Традыцыі і навацыі ў каляндарна-абрадавым свяце “Каляды”.

2. Традыцыйнае і новае ў веснавых святах беларусаў.

Мэта – раскрыццё традыцый і навацый у сучасных беларускіх каляндарных святах зімова-веснавога цыклаў.

У багатай культурнай спадчыне народаў свету, у тым ліку і беларусаў, асабліва вялікая роля належыць каляндарным звычаям і абрадам, народным святам, што ўяўляюць сабой складаную грамадскую з’яву. Яны адлюстроўваюць разнастайныя бакі сацыяльна-палітычнага, этнічнага, гісторыка-культурнага жыцця народаў на розных этапах развіцця і, у першую чаргу, нясуць на сабе этнічную спецыфіку. Этнічны, эстэтычны, эмацыянальны дух, закладзены ў беларускіх каляндарных абрадах і звычаях, заўсёды сцвярджаў перамогу дабра над злом, найвялікшую каштоўнасць жыцця чалавека, якое было цесна звязана з жыццём прыроды і ўсяго Сусвету. Кожнае абрадавае дзеянне, магічны прыём, замова, прымета спрыялі захаванню і працягу роду, паляпшэнню дабрабыту, ушанаванню продкаў.

Сярод свят гадавога кола найважнейшае месца адведзена цыклу, які ўключае ў сябе перыяд ад 6 па 19 студзеня па новаму стылю (з 25 снежня па 7 студзеня па старому).

Сваімі каранямі гэты зімовы цыкл абрадаў узыходзіць да часоў язычніцтва, таму што ва ўсіх народаў Еўропы, у тым ліку і ў славян, перыяд зімовага сонцастаяння (паварот сонца ад зімы да лета) адзначаўся як дзень адраджэння сонца, новага абуджэння прыроды.

За цыклам навагодніх святкаванняў у беларусаў, як і ў іншых народаў Еўропы, замацавалася назва “Каляда”.

Слова “каляда” у беларусаў ужываецца ў некалькіх значэннях. Па-першае, гэта свята, якое адзначаецца 6-7 студзеня (Ражаство, Нараджэнне Хрыстова) – “галодная куцця”, па-другое – Калядамі называлі ўвесь перыяд зімовых свят с 6 па 19 студзеня – “святыя”, або “шчодрыя вечары”. У некаторых мясцовасцях Беларусі каляднымі лічылі толькі тры дні: перад уласна Калядамі (6 студзеня), перад Вадохрышчам (18 студзеня), перад Новым годам (13 студзеня). Такім чынам Каляды ахопліваюць тры святы: уласна Каляды (Ражаство), Новы год і Вадохрышча (Хрышчэнне). На працягу свята наладжваліся тры куцці: першая, ці вялікая, - посная, другая – шчодрая, ці багатая, - скаромная і трэцяя – напярэдадні Вадохрышча – посная, ці галодная. На ўсе тры куцці каша варылася ў адным гаршчку і з аднолькавай колькасці круп. Звараная каша да заходу сонца ставілася на покуці (адсюль яе назва “куцця”) на сена і накрывалася хлебам. Каштаваць яе забаранялася не толькі да пачатку вячэры, але і ў час гатавання.

Асаблівасцю зімовага святочнага цыкла з’яўляўся абрад калядавання і шчадравання – абход пераапранутымі хлопцамі і дзяўчатамі двароў аднавяскоўцаў з выкананнем віншавальных песень. Найчасцей хадзілі з “казою”, радзей з “канём”, “мядзведзем”, “жураўлём”. У калядаванні і шчадраванні прымалі ўдзел вялікія групы людзей: дарослыя мужчыны, жанчыны і нават дзеці. Калядавалі пераважна дарослыя, а шчадравалі часцей дзеці, дзяўчаты і маладыя жанчыны.На працягу ўсіх двух тыдняў святкавання моладзь наладжвала вечарыны і ігрышчы, дзе танцавалі, гулялі, слухалі казкі, легенды, адгадвалі загадкі.[6; 236]

Каляды (Ражаство)

Першыя каляды – 6-7 студзеня – гэта канец шасцітыднёвага Піліпаўскага посту, пачатак святочных дзён і вечароў. Гэта свята вядома і пад назвай “Вялікая куцця”, паколькі яно было пачаткам усіх каляд і адзначалася з асаблівай урачыстасцю.

На Каляды гаспадары абавязкова чакалі калядоўшчыкаў. Калядаванне – народны традыцыйны звычай хаджэння каляднікаў па хатах на Каляды з выкананнем велічальных калядных песень, тэатралізаваных сцэнак, пераапрананнем у “казу”, “мядзведзя”, “кабылу”, “жорава”. Найчасцей хадзілі з “казою”, радзей з “канём”, “мядзведзем”. Функцыянальная накіраванасць абраду ваджэння “казы” зводзілася да магічнага забеспячэння ўраджаю збожжавых.

У абрадавую групу ўваходзілі таксама музыка, (ігрой суправаджаў танец “казы”), механоша (насіў абрадавая падарункі), песельнікі (складалі хор). Некаторыя ўдзельнікі каляднага гуртка ўвасаблялі “маладзіцу”, “цыгана”, “афіцэра”, “барыню”. Яны таксама вылучаліся адпаведна вопраткай. Колькасць моладзі ў гурце даходзіла да 10-12 чалавек. Гурт хадзіў па вёсцы, заходзіў у двары. Адзін з каляднікоў прасіў у гаспадара дазволіць гурту ўвайсці ў хату. Пасля дазволу гаспадароў “спець каляду” калядоўшчыкі ўваходзяць у хату. Першым уваходзіў “дзед” з “казой”, за імі “цыган”, “маладзіца” і іншыя ўдзельнікі гурта. “Дзед” і “каза” станавіліся пасярэдзіне хаты, астатнія каля парога. Прывітаўшы гаспадароў, “дзед” пачынаў муштраваць кіем “казу”, песельнікі спявалі абрадавую песню, хвалілі “казу” за яе ўяўную здольнасць спрыяць урадлівасці. Музыка пачынаў іграць, а “каза” выконвала абрадавы танец (імітавала звычкі казы: тупала, падскоквала, “біла” “дзеда” капытамі, “бадала” рагамі). “Дзед” “біў” “казу” кіем, яна падала, прыкідвалася мёртвай. “Дзед” і песельнікі гумарыстычнымі абрадавымі выразамі імкнуліся ажывіць “казу”, але яна не падымалася. Тады каляднікі прасілі гаспадара ажывіць “казу” падарункамі. Атрымаўшы іх, “каза” падскоквала, кланялася гаспадару, гаспадыні. “Дзед” прасіў “цыгана” і “маладзіцу” патанцаваць. Музыка іграў “казачка”, “падушачку”, “барыню”. “Цыгын” і “маладзіца” танцавалі. Потым гурт выконваў віншавальна-велічальныя песні, у якіх жадалі здароўя, багатага ўраджаю ў будучым годзе, прыплоду жывёлы, а маладым – выйсці замуж ці жаніцца. Гаспадары дарылі гурту пірагі, сала, каўбасу, радзей грошы, і ён накіроўваўся ў наступную хату. Пасля абходу двароў гурт ладзіў частаванне з музыкай і танцамі.

Папулярнымі былі і ваджэнне “мядзведзя”. “Мядзведзь” па сваіх паводзінах павінен быў нагадваць сапраўднага, дрэсіраванага. Павадыр загадваў яму паказваць, “як бабы полюць, мыюць бялізну, рвуць гарох” і г.д. Камічны эфект узмацняўся рухамі “жывёлы” і смешнымі прыгаворкамі для “мядзведзя”, а той сваім “ровам” пацвярджаў просьбу.

У некаторых мясцінах Беларусі “вадзілі кабылу” (“каня”). “Кабылу” звычайна вадзіў “цыган”. Сцэна складалася з “муштроўкі”, “смерці” і “ўваскрэшання” “кабылы”. Цэнтральнай была так званая сцэна абмену коней. “цыган” угаворваў гаспадара купіць яго “кабылу”, расхвальваў яе. Гаспадар адмаўляўся, лічыў цану высокай, знаходзіў ў “кабылы” розныя хібы. Торг пераходзіў у бойку, пасля чаго ўдзельнікі прыходзілі да згоды. Існавалі розныя варыянты торгу. Развіццё і працягласць сцэны залежылі ад імправізацыйных здольнасцей выканаўцы ролі “цыгына” і актыўнасць гледачоў-удзельнікаў. Завяршалася сцэна ўзнагародай ці пачастункамі удзельнікаў гульні.

Трэба адзначыць, што з усіх калядных прадстаўленняў на Беларусі больш жывучым аказалася хаджэнне з “казой”.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.007 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал