Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Як знайсці ўласніка для падземнай крэпасці?

Лінія Сталіна і “чорныя археолагі”: " вайна" пакуль не скончылася

 

Чытач прыйшоў у рэдакцыю

Нагода для камандзіроўкі ў Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці з'явілася яшчэ пад час калядных святаў. Менавіта тады ў рэдакцыю " К" з набалелым пытаннем завітаў дырэктар Колкаўскага СДК Петрыкаўскага раёна Мікалай Глушко. Ён распавёў нам наступнае: на некаторых даках - доўгатэрміновых агнявых кропках, - якія раней уваходзілі ў Мазырскі ўмацаваны раён і месцяцца на тэрыторыі Петрыкаўшчыны, " чорныя археолагі" пачалі выразаць метал. І робіцца гэта, не зважаючы на гістарычную каштоўнасць названых аб'ектаў. Дырэктар СДК прасіў карэспандэнта " К" выехаць на месца, каб на свае вочы пераканацца ў праблемнай сітуацыі, а таксама акцэнтаваць увагу, у тым ліку і мясцовых улад, на неабходнасці надання статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь дакам Мазырскага ўмацраёна. На рэдакцыйнай планёрцы было вырашана выправіцца ў Петрыкаўскі раён.

Да таго ж, якраз праз некалькі дзён пасля візіту Мікалая Глушко, у рэдакцыі " К" прайшла " гарачая лінія" з удзелам начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігара Чарняўскага. Патэлефанаваў са сваім праблемным пытаннем і Мікалай Мікалаевіч. У адказ Ігар Чарняўскі зазначыў, што статус гісторыка-культурнай каштоўнасці дакі Мазырскага ўмацраёна могуць займець толькі пры наяўнасці юрыдычнай асобы, якая возьме за іх адказнасць. А ў вырашэнні гэтага пытання павінна дапамагчы кіраўніцтва мясцовага райвыканкама.

 

Крыху гісторыі

Што ж такое Мазырскі ўмацраён? Гэта, фактычна, частка лініі Сталіна - савецкага аналага лініі Мажыно ў Францыі або лініі Манергейма ў Фінляндыі. Цэлая сістэма абарончых збудаванняў стваралася ў СССР яшчэ з канца 20-х гадоў мінулага стагоддзя і, на думку распрацоўшчыкаў, павінна была прыкрываць ад удару патэнцыйнага агрэсара найбольш важныя шляхі ўздоўж заходняй мяжы Савецкага Саюза.

Сам жа Мазырскі ўмацаваны раён быў пабудаваны яшчэ на пачатку 1930-х і меў працягласць у 130 кіламетраў. Лінія абарончых збудаванняў цягнулася ў кірунку ад паселішча Капаткевічы Петрыкаўскага раёна да горада Лельчыцы. А ўсяго ў Мазырскім умацраёне, па звестках навукоўцаў, было пабудавана прыкладна 200 дакаў.

Менавіта гэтыя бетонныя збудаванні лініі Сталіна і прыцягнулі цяпер увагу " чорных археолагаў". Мікалай Глушко, з якім я выправіўся ў зусім не турыстычны рэйд па раёне, распавёў, што ад прагных да металічнай спажывы не ўратоўваюць нават ахоўныя дошкі. Праўда, дошкі гэтыя - самаробныя і прымацаваны да дакаў рукамі самога неабыякавага дырэктара Колкаўскага СДК.

Некаторыя з унікальных збудаванняў Мазырскага ўмацаванага раёна ўжо, на жаль, поўнасцю ці часткова разбураны " чорнымі археолагамі". Гэта, па словах дырэктара СДК, аб'екты № 165 і № 260. Апошні не ўратавала і тая самая самаробная шыльдачка, надпіс на якой, пасля гістарычных звестак пра дакі Мазырскага ўмацраёна, завяршалі словы: " Вечная слава героям! Беражыце памяць! ". Але нават і яны не дапамаглі...

Аб'екты

" чорнага" турызму

Прыкладна праз паўгадзіны пасля выезду з Петрыкава я ўжо аглядаў першы дак. Хай прабачыць мне чытач, але канкрэтны адрас або суседняе паселішча Петрыкаўскага раёна, дзе знаходзяцца тыя аб'екты, называць не буду, каб не прыцягнуць у мясцовасць яшчэ большую колькасць несумленных аматараў " чорнага" турызму. Бо стаяць дакі ў такіх месцах, якія недасведчаны чалавек проста не знойдзе. Напрыклад, шафёр аддзела культуры Васіль Віннік (дарэчы, сам ён - мясцовы жыхар) пасля прызнаўся мне, што ніколі і не здагадваўся пра тое, што ў гэтых мясцінах знаходзіцца столькі ўнікальных пабудоў.

Некаторыя з агледжаных мною абарончых збудаванняў былі ўзарваны пры адыходзе савецкіх войск летам 1941-га або ўжо фашысцкімі акупантамі. Але сустракаліся таксама і цэлыя, непашкоджаныя дакі. У некаторых з іх сапраўды былі бачны спробы незаконнай " экспрапрыяцыі": пагнутыя металічныя дэталі дзвярэй, адрэзаныя часткі сілавой устаноўкі і многае іншае.

- У мяне проста душа баліць, калі я бачу такое варварства, - прызнаваўся мне Мікалай Глушко. - Бо гэта не проста бетонныя збудаванні - гэта наша Памяць. А па ёй проста б'юць кувалдай і рэжуць яе аўтагенам!

Падземныя лабірынты

Самае вялікае ўражанне пакінулі пасля сябе не адзінкавыя аб'екты 1930-х гадоў, а так званая міна - гэта, як патлумачыў Мікалай Глушко, агнявая група з некалькіх дакаў, злучаная падземнымі хадамі. У склад падобнай " міны" маглі ўваходзіць падземныя сховы, казармы, сілавыя падстанцыі, паветразборнікі і іншыя збудаванні жыццезабеспячэння.

Калі Мікалай Глушко ўключыў свой ліхтар і палез у сутарэнні, мне прыгадалася апавяданне Вацлава Ластоўскага " Лабірынты":

" Гэта дзверы", - сказаў Падземны чалавек i, засунуўшы ў шчалугу мiж камянёў загнуты жалезны прут, з высiлкам павярнуў яго. Нешта глуха храснула, i плiта адной стараной пачала апускацца ўнiз. Адкрылiся вiтыя мураваныя сходы, якiмi мы пры слабым святле сляпой лiхтарнi пачалi сыходзiць унiз...".

Дык вось, усё было менавіта так, як апісаў Ластоўскі: і слабое святло ліхтара, і напаўзасыпаныя сходы, і скляпенні, па якіх трэба ісці напаўсагнуўшыся, і лабірынты пераходаў, дзе даволі лёгка заблукаць без правадніка...

Крочачы гэтымі падземнымі лабірынтамі, Мікалай Глушко распавядаў мне, што нават і сам не ведае ўсіх тых хадоў, якія ёсць у гэтай " міне". Некаторыя з калідораў - напаўзасыпаныя, а некаторыя пакуль што не даследаваліся, бо крэпасць мае, акрамя верхняга, яшчэ і два ніжнія паверхі. Таму цалкам магчыма, што даследчыкаў гэтага падземнага збудавання чакае наперадзе яшчэ шмат адкрыццяў.

Пры ліхтарным святле ў " міне" можна ўбачыць даволі шмат: браніраваныя дзверы сілавой падстанцыі, жалезныя тапчаны, на якіх спалі салдаты гарнізона, байніцы для стралкоў-адзіночак, што прастрэльвалі гэтыя калідоры наскрозь і маглі стрымліваць тут, нібы спартанцы, любую колькасць ворагаў...

На сценах падземнай крэпасці - шматлікія надпісы, на падлозе - смецце і пыл. Але тое, што " міна" мае вялізны турыстычны патэнцыял - сёння не выклікае пярэчанняў. А які б гэта быў цікавы аб'ект для школьнікаў! Мае думкі, дарэчы, пацвердзіў і Мікалай Глушко. Ён распавёў, што зрэдку ўжо вадзіў сюды цікаўных падлеткаў, якія, па ягоных словах, " проста вішчалі ад захаплення". Яно і не дзіва: гэты паўзмрок, гэтыя лабірынты пераходаў, Гісторыя, якая глядзіць на цябе з байніц... Іншая справа, што пакуль турыстычныя перспектывы збудаванняў лініі Сталіна на Петрыкаўшчыне досыць цьмяныя. Бо для таго, каб такі аб'ект функцыянаваў у якасці турыстычнага, патрэбна прыкласці яшчэ шмат намаганняў.

Зрабіць з дакаў Мазырскага ўмацраёна цікавы раённы ці абласны турыстычны маршрут - даўняя мара Мікалая Глушко. А яго ініцыятыўнасць і тыя намаганні, якія ён прыкладае для рэалізацыі сваёй задумы, сапраўды ўражваюць. Мясцовы краязнаўца не толькі звязаўся з нашай газетай, але і паспеў апублікаваць вялікі матэрыял супраць " чорных археолагаў" у раённым друку, неаднаразова гутарыў пра лёс лініі Сталіна з кіраўніцтвам Петрыкаўскага райвыканкама...

Цяпер няўрымслівы дырэктар СДК заняты працай над кнігай пад умоўнай назвай " Бетонны мерыдыян Палесся. Невядомыя старонкі гісторыі". У ёй Мікалай Глушко распавядзе пра гісторыю будаўніцтва Мазырскага ўмацраёна, пра ваеннае прызначэнне лініі Сталіна, пра тое, як з дапамогай дакаў, якія месціліся на Петрыкаўшчыне, савецкія войскі абараняліся ад гітлераўцаў і пра шмат што яшчэ. Кніга напісана, як зазначыў мне аўтар, прыкладна на 80 працэнтаў. Справа цяпер - за зборам сродкаў на яе выданне.

Планаў у мясцовага краязнаўцы яшчэ багата. Так, чарговая задумка Мікалая Глушко - стварыць раённы гісторыка-патрыятычны клуб. І займацца з членамі гэтай арганізацыі папулярызацыяй гісторыі, краязнаўствам, вывучэннем невядомых старонак жыцця Петрыкаўскага раёна. А таксама з цягам часу стварыць музей Мазырскага ўмацаванага раёна...

Дакі - terra incognita

Пасля паездкі па раёне вярнуўся ў Петрыкаў, дзе правёў невялікае сацапытанне сярод мясцовых жыхароў. Аказалася, амаль ніхто з месцічаў не ведае пра тое, што ў раёне захаваліся дакі лініі Сталіна, а калі і валодае хто падобнай інфармацыяй, дык асаблівай увагі тым збудаванням амаль стогадовай даўніны ніколі не надаваў: маўляў, а што там глядзець...

Так што дакі Мазырскага ўмацраёна нават для петрыкоўцаў пакуль - сапраўдная terra incognita. Між тым, пад Мінскам даўно працуе знакаміты музейны аб'ект " Лінія Сталіна", куды любяць прыязджаць не толькі жыхары сталіцы, а і, шырэй, Беларусі, а таксама госці з замежжа. Наведвальнікаў, акрамя экскурсіі, чакаюць " франтавая" каша, катанне на бранятэхніцы, стральба з сапраўднай зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны ды многае іншае. І, зразумела, тут можна набыць памятныя сувеніры... Да таго ж, часам у музеі ладзяцца ваенна-гістарычныя рэканструкцыі баявых дзеянняў, якія выклікаюць сапраўднае захапленне ўсіх гасцей " Лініі Сталіна".

У Петрыкаве таго няма і блізка. Супрацоўнікі мясцовага краязнаўчага музея хоць і ведаюць пра дакі Мазырскага ўмацраёна, але ніякіх даследаванняў у гэтым накірунку яшчэ не праводзілі. Атрымліваецца, што Мікалай Глушко, працуючы над сваёй кнігай, фактычна ажыццяўляе работу мясцовых музейшчыкаў? А каб такога ініцыятыўнага чалавека ў Петрыкаўскім раёне не было? Так, пэўна, і згібелі б сярод палескіх лясоў шматлікія бетонныя збудаванні невядомага для месцічаў прызначэння...

Дарэчы, ніякай працы па " раскрутцы" сваёй часткі лініі Сталіна не вядзецца і ў суседнім, Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, дзе таксама захавалася шмат дакаў. Ведаю гэта не з чужых слоў, бо пабываў на Лельчыччыне акурат год таму. І яшчэ тады пісаў пра перспектыўнасць ды турыстычны патэнцыял названых аб'ектаў. Але ж, як кажуць, воз і цяпер там.

Суботнік

для " раскруткі"

Усе магчымасці для выпраўлення дадзенага становішча ў Петрыкаўскім раёне - ёсць. І падобна на тое, што шматлікія захады Мікалая Глушко па наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці збудаванням лініі Сталіна, па ператварэнні іх у цікавыя турыстычныя аб'екты паступова пачынаюць прыносіць свой плён. Прынамсі, ідэямі дырэктара Колкаўскага СДК зацікавілася ўжо і кіраўніцтва мясцовага райвыканкама.

- Абавязкова зоймемся дадзеным пытаннем, - запэўніў мяне пры сустрэчы намеснік старшыні па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Петрыкаўскага райвыканкама Віталь Пілер. - Будзем вызначаць статус гэтых аб'ектаў, а таксама магчымых балансаўтрымальнікаў. А пасля трэба рыхтаваць усе неабходныя дакументы для надання гэтым аб'ектам статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Тады ў дакаў Мазырскага ўмацаванага раёна з'явіцца будучыня. А, магчыма, з дапамогай паведамленняў у сродках масавай інфармацыі, у тым ліку і ў " Культуры", названымі аб'ектамі зацікавяцца інвестары...

Згодны Віталь Пілер і з думкай пра вялікі турыстычны патэнцыял дакаў Мазырскага ўмацраёна. Але ў першую чаргу, на думку намесніка старшыні райвыканкама, трэба распачаць працу па добраўпарадкаванні гэтых збудаванняў і прылеглай да іх тэрыторыі. Дапамагчы ў тым павінны таксама і актывісты на чале з Мікалаем Глушко.

- Можна, для пачатку, зладзіць суботнік па вывазе смецця з тых дакаў, якія патэнцыйна цікавыя для турыстаў, - кажа Віталь Пілер. - У сваю чаргу, магу запэўніць, што райвыканкам акажа ўсю неабходную дапамогу ў правядзенні мерапрыемства. Падключым да гэтай справы школьнікаў, арганізацыі, прадпрыемствы, бо гэта патрэбна, важна і вельмі перспектыўна. Ды і Петрыкаўскі раён, на маю думку, толькі выйграе ад таго, што да нас будуць прыязджаць турысты, ахвочыя да незвычайнага...

А пасля ўжо, па словах намесніка старшыні райвыканкама, можна будзе " раскручваць" аб'екты лініі Сталіна напоўніцу, прыцягваючы да гэтай дзейнасці аддзелы культуры, спорту і турызму ды ўключыўшы аб'екты Мазырскага ўмацаванага раёна ў турмаршруты. Таксама з цягам часу можна падумаць і пра стварэнне адпаведнага антуражу ў тых аб'ектах, пра паказ тэатралізаваных прадстаўленняў. Галоўнае - пачаць...

З ансамблем -

у аграсядзібу

Варта таксама адзначыць, што пра неабходнасць " піяру" свайго рэгіёна і стварэнне лёгкапазнавальных мясцовых брэндаў кіраўніцтва Петрыкаўскага райвыканкама задумалася даўно. І цяпер прыкладаецца шмат намаганняў, каб турысты прыязджалі на Петрыкаўшчыну часцей.

- У тым, што турыстычны патэнцыял раёна - найвялікшы, пераконваць нікога не трэба, - кажа Віталь Пілер. - Акрамя лініі Сталіна, у нас ёсць яшчэ шмат чаго ўнікальнага і прыцягальнага. Да прыкладу, у Петрыкаўскім раёне шмат рэк і лясоў, некранутая цывілізацыяй прырода... Таму развіццё аграэкатурызму для нас таксама вельмі перспектыўнае і нават неабходнае. У рэгіёне на сённяшні дзень створана прыкладна тры дзясяткі агратурыстычных аб'ектаў, і, не сумняваюся ў тым, у перспектыве іх значна паболее...

Да слова, супрацоўнікі аддзела культуры Петрыкаўскага райвыканкама ўжо пачынаюць наладжваць сувязь з уласнікамі створаных аграсядзіб. Так, у гарадскім пасёлку Капаткевічы мне распавялі, што ўжо неаднаразова выязджалі са сваімі калектывамі на абслугоўванне турыстаў. Маюць намер, як запэўніла дырэктар Капаткевіцкага ГДК Ядвіга Суботка, працягваць гэтую дзейнасць і надалей. А, напрыклад, у вёсцы Кашавічы турыстаў, якія наведваюць аграэкасядзібы, супрацоўнікі мясцовага клуба забаўляюць інакш: паказваюць ім паўтарагадзінны вясельны абрад. Дзея карыстаецца нязменным попытам, асабліва - у замежнікаў.

Словам, нікога не трэба пераконваць у выгодах падобнага супрацоўніцтва. Бо калі турысты атрымліваюць задавальненне ад аўтэнтычных народных спеваў, дык супрацоўнікі ўстановы культуры зарабляюць грошы, якія, натуральна, папаўняюць скарбонку пазабюджэту.

Не магу не адзначыць і той факт, што напрыканцы года аддзел культуры Петрыкаўскага райвыканкама займеў ліцэнзію на права перавозак пасажыраў. І ўжо нават паспеў вывезці мясцовых жыхароў на экскурсію ў Белавежскую пушчу. Па перакананні начальніка аддзела культуры Петрыкаўскага райвыканкама Святаслава Бакуна, у будучым турыстычныя перавозкі стануць у раёне ўсё больш запатрабаваныя, ад чаго, натуральна, выйграе і сфера культуры.

З прыцэлам на інвестара

Прыкладаў шчыравання на перспектыўнай турыстычнай " дзялянцы" на Петрыкаўшчыне хапае. Так, у раёне захавалася некалькі старадаўніх помнікаў, якія не толькі цікавыя ў турыстычным плане, але маглі б стаць, пры пэўных умовах, чыёйсьці ўласнасцю.

- Напрыклад, у вёсцы Лучыцы Петрыкаўскага раёна захаваўся будынак колішняй вінакурні XІX стагоддзя, - распавёў Віталь Пілер. - Чаму б прадпрымальніку не выкупіць тое збудаванне? Пры адпаведнай працы былая вінакурня магла б стаць запатрабаваным аб'ектам турыстычнай інфраструктуры. Тым больш, побач з гэтай старадаўняй забудовай знаходзіцца рака, па суседстве - аграсядзіба, дзе можна размясціць гасцей... Карацей, умовы - самыя выгадныя...

Пакуль што пакупнікоў на гэты аб'ект сівой даўніны яшчэ не знайшлося. Але мясцовыя турыстычныя " менеджары" не чакаюць " усяго і адразу", а працуюць цяпер і над іншымі цікавымі праектамі, здольнымі прывабіць патэнцыйнага інвестара. Напрыклад, паводле задумкі, у гарадскім парку прадугледжана стварэнне Культурна-забаўляльнага цэнтра. Праект яго пабудовы - сумесная распрацоўка аддзелаў культуры ды спорту і турызму Петрыкаўскага райвыканкама. Паводле плана, у Культурна-забаўляльным цэнтры з'явяцца боўлінг, лядовы каток, пункт пракату, батут і надзіманая горка, рамесніцкая крама, а таксама міні-кафэ.

Праект быў прадстаўлены на раённым эканамічным форуме восенню мінулага года. Праўда, пакуль ніхто задумкай мясцовых крэатыўшчыкаў не зацікавіўся. Але ўжо тое, што падобныя праекты ў Петрыкаўскім раёне распрацоўваюцца, можна толькі вітаць.

Да таго ж, Культурна-забаўляльны цэнтр у хуткім часе плануецца стварыць і ў вёсцы Залессе. Рэалізацыя праекта распачнецца, па словах начальніка аддзела культуры Петрыкаўскага райвыканкама Святаслава Бакуна, ужо сёлета. Аддзелу культуры ў хуткім часе будзе перададзены будынак былой калгаснай установы ў Залессі, дзе і паўстане Цэнтр.

Замест пасляслоўя

Нехта можа запярэчыць: навошта пісаць пра дакі Мазырскага ўмацраёна, пра нерэалізаваныя пакуль што турыстычныя праекты, калі ў сферы культуры Петрыкаўшчыны хапае яшчэ шмат нявырашаных пытанняў? І галоўнае з іх - слабая матэрыяльна-тэхнічная база гарадскіх устаноў культуры. Патрэбны рамонт у Цэнтральнай раённай бібліятэцы і ДШМ, а мясцовы РДК хоць і рамантуецца, але не так хутка і якасна, як хацелася б мясцовым культаработнікам. Таму і даводзіцца супрацоўнікам Петрыкаўскага раённа-метадычнага цэнтра, што месцяцца на другім паверсе РДК, працаваць у неспрыяльных умовах, апрануўшыся ў цёплыя паліто...

Усё гэта так. Заўважу толькі, што пра слабую матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў культуры Петрыкаўшчыны пісаў яшчэ два з паловай гады таму ў рубрыцы " Родная зямля: час крэатыву". І вельмі шкада, што з таго часу значных зрухаў у вырашэнні закранутых пытанняў не назіраецца...

Але сапраўды мае рацыю намеснік старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Віталь Пілер, калі кажа пра перспектыўнасць і вялікі патэнцыял раённага турызму. І працаваць у турыстычнай сферы варта ўсім аддзелам райвыканкама, у тым ліку - культуры. Бо калі напоўніцу будуць " раскручаны" і запрацуюць усе прыцягальныя для турыстаў мясцовыя брэнды, тады, магчыма, у раёне і знойдуцца грошы на завяршэнне рамонтных работ у РДК, на ўвасабленне розных крэатыўных праектаў... Прынамсі, у падобныя перспектывы Петрыкаўшчыны хацелася б верыць.

 

Ад рэдакцыі

А між тым, да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне засталося зусім не шмат часу.

Мы разгледзелі толькі адзін прыватны выпадак на прыкладзе Петрыкаўскага раёна. Але ж збудаванні лініі Сталіна ёсць шмат у якіх рэгіёнах Беларусі. Паводле звестак навукоўцаў, цягам 1930-х гадоў у нашай краіне былі пабудаваны чатыры ўмацаваныя раёны - Полацкі, Мінскі, Слуцкі і Мазырскі, - у якіх агулам налічвалася больш за 900 дакаў!

Натуральна, не ўсе гэтыя збудаванні захаваліся да нашых дзён, не ўсе яны сёння дагледжаныя, магчыма, не заўсёды пра мясцовыя дакі лініі Сталіна ведаюць і мясцовыя жыхары... Але, пагадзіцеся, цалкам магчыма ў перспектыве стварыць з некаторых названых аб'ектаў не толькі раённы, але і цікавы " закальцаваны" рэспубліканскі турыстычны маршрут, беручы пад увагу, у першую чаргу, вопыт музейшчыкаў з-пад Мінска. Не трэба, мабыць, і казаць, што падобны турмаршрут меў бы ўсе шанцы стаць запатрабаваным і шырока вядомым, прычым не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Прынамсі, важкі прэцэдэнт - перад вачыма: кажу пра Гісторыка-культурны комплекс " Лінія Сталіна", што непадалёк ад Заслаўя.

Напрыклад, свае дакі лініі Сталіна ўжо " раскруцілі" і ў Полацкім раёне. Як распавёў начальнік аддзела культуры мясцовага райвыканкама Віктар Палушкін, у рэгіёне створаны музейны аб'ект " Поле ратнай славы", дзе стаіць дак, ёсць бліндажы і бункеры. Гэтае месца, па словах начальніка аддзела культуры, запатрабавана шматлікімі турыстамі. Для іх абсталяваны зоны адпачынку, маецца стаянка для аўтамабіляў. Да таго ж, яшчэ ў 2009 годзе мясцовыя музейшчыкі выдалі кнігу " Полацкі ўмацраён: 1919 - 1941", дзе распавялі пра гісторыю стварэння сваёй часткі лініі Сталіна.

А вось у Капыльскім раёне Мінскай вобласці, дзе таксама захавалася шмат дакаў, падобнай тэмай пакуль, па словах дырэктара мясцовага Краязнаўчага музея Валянціны Шураковай, не займаліся. І толькі адзін з аб'ектаў Слуцкага ўмацаванага раёна ўключаны ў раённы маршрут " Сцяжынамі мужнасці". Паводле меркавання Валянціны Леанідаўны, для пачатку варта было б даследаваць шматлікія аб'екты лініі Сталіна з дапамогай беларускіх навукоўцаў. А ўжо пасля прыйдзе чарга для іх добраўпарадкавання і стварэння цікавага турыстычнага маршруту.

Як бачна, на сёння досыць няблага " раскручаны" аб'екты Полацкага і Мінскага ўмацаванага раёна. Слуцкі і Мазырскі УРы гэтым пахваліцца пакуль не могуць. Таму лагічным працягам было б стварэнне і " раскрутка" менавіта гэтых дакаў лініі Сталіна. Але ці далучацца (і наколькі актыўна) да мінскіх, полацкіх музейшчыкаў іхнія калегі з іншых рэгіёнаў Беларусі - пытанне пакуль з досыць няпэўным адказам.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Петрыкаўскі раён - Мінск

Фота аўтара

 

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Классификация Тоши (Toschi). | Статус.
Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.011 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал