Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Слава Воршы. Слава героям.
Дарагія фронтаўцы, дарагія беларусы! Віншую ўсіх зь вялікім сьвятам – Днём Беларускай Вайсковай Славы і пяцісотай гадавінай пераможнай гістарычнай бітвы пад Воршай, якая адбылася 8 верасьня 1514 года з маскоўскай ардой. Ліцьвіны-беларусы ў тыя часы шмат разоў перамагалі маскоўска-ардынскія войскі. Гэта было правіла ў нашых продкаў – перамога меншай сілаю за кошт сьмеласьці і ўменьня. Але бітва пад Воршай мацней за ўсе іншыя запомнілася ў гісторыі нашай краіны. Тады, у жніўні 1514 года, маскоўцы толькі што захапілі ў нас Смаленск. Іхняе войска амаль у тры разы пераўзыходзіла па колькасьці войска Вялікага Княства Літоўскага. Яны былі ўпэўненыя ў перамозе, бахваліліся між сабой і хваліліся, як яны, перамогшы, захопяць усю Літву. Вынік жа бітвы стаўся такі, што маскалі былі разьбітыя ўшчэнт і страцілі забітымі палову свайго войска (40 тысяч), а ўся камандная маскоўская верхавіна трапіла ў палон. Перамога пад Воршай над Масква-Ардой прыпыніла наступ з Усходу, затармазіла і адклала на доўгі час змову Заходняй Эўропы з Масковіяй супраць Вялікага Княства, падняла аўтарытэт нашай краіны ў тагачасным сьвеце. З канца 1980-х беларускія адраджэнцы-фронтаўцы аднавілі легальнае сьвяткаваньне Дня Вайсковай Славы. Гэты дзень стаў стымулам і надзеяй на стварэньне сапраўднага патрыятычнага беларускага войска – абаронцаў Айчыны. Толькі патрыятычнае войска здольнае абараніць Бацькаўшчыну ад чужога нашэсьця. Напад маскоўскай арды на рэвалюцыйную Украіну ў лютым гэтага года зноў у каторы раз пацьвердзіў гістарычную праўду і паказаў нязьменную агрэсіўную азіяцкую сутнасьць Маскоўшчыны, якая не зьмяняецца і застаецца заўсёднай пагрозай суседзям, мірнаму жыцьцю і ўсяму чалавечтву. Уся гісторыя арды і маскоўскай агрэсіі ад сярэднявечча і да сёньняшняга дня паказвае, што на Ўсходзе існуе пэрманэнтнае «скопішча зла», якое мэнтальна не зьмяняецца з цягам гісторыі, зьяўляецца вогнішчам пастаяннага ўнутранага і зьнешняга разбою, ёсьць небясьпекай для культуры і цывілізацыі Эўропы, стала прычынай дзьвух крывавых сусьветных войнаў і плянуе трэцюю, ужо адкрыта пагражаючы сьвету атамнай зброяй. У Сярэднявеччы наша краіна на працягу амаль пяцісот гадоў, сьцякаючы крывёй, бараніла эўрапейскую цывілізацыю ад усходніх варвараў. Наша краіна – Вялікае Княства Літоўскае – была адзінай дэмакратычнай дзяржавай у сярэднявечным сьвеце. Зразумела, што ўдзячнасьці ад заходняй Эўропы мы ня мелі ніякай. А ў выніку мы атрымалі нож у плечы ды змову з Масквой супраць ВКЛ гэтай самай нямецкай Эўропы. Такая ж палітыка працягвалася і супраць незалежнай Беларусі ў канцы 90-х, калі немцы разам з прамаскоўскім рэжымам і КГБ пад шырмай Менскай місіі АБСЭ разбурылі ў Беларусі нацыянальныя сілы беларускага Адраджэньня і планавалі аддаць Беларусь Маскве. Падобнае узаемадзеянье назіралася супраць Украіны, захоп якой, практычна, рыхтавала пуцінская зграя разам з Эўразьвязам. У сакавіку 2000-га года я надрукаваў матэрыял у «Беларускіх Ведамасьцях» (№ 2(25) «Як Эўропа Заходняя здае Эўропу Ўсходнюю», дзе звяртаўся да беларускіх элітаў, мяркуючы, што яны «маюць прыблізныя ўяўленьні пра Заходні сьвет». Там прыводіцца цытата з «Rzeczpospolita» (2000, 28. 03) наступнага зьместу: «Мішэль Эмэрсон, які да нядаўнега часу быў амбасадарам эўрапейскага зьвязу ў Маскве, а цяпер незалежны экспэрт прэстыжнага брусэльскага інстытуту TPCS, лічыць, што краіны Эўразьвязу захаваюць прыхільныя адносіны да Пуціна, бо мяркуюць, што толькі ён можа вярнуць стабільнасьць Расеі. Асяроддзе былога КГБ – гэта адзіная сіла, якая да гэтага здольная. Гэта ня ёсьць людзі, якія асабліва зацікаўленыя ў дэмакратыі. Але шмат хто зь іх – кампэтэнтныя... Пуцін выкарыстае цяжкую эканамічную сытуацыю на Украіне, каб падпарадкаваць сабе гэтую краіну (хоць бы, напрыклад, праз замену запазычанасьці перад Расеяй на акцыі ўкраінскіх прадпрыемстваў). Эўрапейскі Зьвяз хутчэй за ўсё ня будзе пярэчыць гэтым імкненьням.» Дадам. Тыя, хто схільныя былі прадаць Украіну, тыя ж тады здавалі і Беларусь. А ўвогуле, яны здольныя здаць усё, нават самых сябе. ХХ-е стагоддзе (асабліва разьвязваньне 2-й Сусьветнай вайны) гэта пацьвярджае. Гісторыя сьведчыць, што, на жаль, у барацьбе са «скопішчам зла» на Усходзе мы можам спадзявацца толькі на самых сябе і, як ні дзіўна, -- у гэтым якраз аснова нашай перамогі, якая ёсьць нічым іншым, як цяперашняй нашай бітвай пад Воршай. Для Украіны гэтая бітва ўжо пачалася ў рэальным часе і ў ваенным выяўленьні. Для нас, беларусаў, -- галоўнае выпрабаваньне наперадзе. Рыхтуймася да яго, вастрэм зброю і розум, дапамагайма Украіне, памятаючы пра веліч Аршанскай перамогі ў мінулым і лёсавызначальнасьць нашай бітвы цяпер і ў будучыні. Жыве Беларусь! Слава Воршы! Слава героям!
8 верасьня 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК
|