Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Блiзкасць

Жан-Поль Сартр

Пераклаў Змiцер Колас

I

Люлю клалася спаць голая: ёй падабалася лашчыцца аб просцiны, i апроч таго - здаваць бялiзну ў пральню каштавала дорага. Спачатку Анры гэтаму вельмi працiвiўся: дзе гэта бачылi, каб у ложак клалiся голыя, нiхто так не робiць, гэта брыдка. Але ўрэшце i ён паследаваў прыкладу жонкi. Праўда, у яго гэта было хутчэй праз нядбальства. Калi да iх прыходзiлi госцi, ён заўсёды, каб выглядаць важнейшым, трымаўся напружана i быў прамы, як палка (яму падабалiся швейцарцы, асаблiва з Жэневы: ён лiчыў, што ў iх вельмi паважны выгляд - таму што яны заўжды як драўляныя), але ў дробязях ён за сабой не глядзеў: напрыклад, ён быў не надта ахайны i не вельмi часта мяняў майткi; калi Люлю клала iх у бруднае, яна не магла не заўважыць, што праз доўгае шараванне мiж ног на iх ужо ўтварыўся жоўты налёт. Зрэшты, Люлю асабiста неахайнасць не гiдзiла: яна нават неяк зблiжала, ахунала ўсё ў мяккiя ценi - у ямках на згiнах рук, напрыклад; а ангельцаў дык яна ўвогуле не трывала - нейкiя безаблiчныя целы, абсалютна нiчым не пахнуць. I тым не менш мужава неахайнасць Люлю абурала: у яго яна была толькi праз любоў папялегавацца. Ранiцай, прачынаючыся, ён быў з сабою заўсёды такi пяшчотны, а ў свята - халодная вада i шчотка здавалiся яму жудаснай i несправядлiваю карай.

Люлю ляжала на спiне, усунуўшы вялiкi палец левай нагi ў прарэшак на падкоўдранiку; зрэшты, гэта быў не прарэшак - у гэтым месцы тканiна разышлася па шве. Люлю гэта злавала: " Заўтра трэба будзе зацыраваць", - але яна яшчэ крыху нацягнула нiткi, каб адчуць, як яны лопаюцца. Анры не спаў, але на яго ўжо можна было не звяртаць увагi. Ён сам часта казаў Люлю: як толькi ён заплюшчваў вочы, яго нiбыта аблытвалi магутныя i неадольныя путы i ён не мог варухнуць нават мезеным пальцам. Гэткая вялiзная, укручаная ў павучынне муха. Люлю падабалася адчуваць побач гэта вялiкае цела вязня. " Каб ён быў паралiзаваны i заўсёды ляжаў вось так, нерухома, я сама за iм даглядала б, падцiрала б яго, як дзiцё, i часам пераварочвала б на жывот i пляскала па азадку, а калi б да яго прыходзiла мацi, я знаходзiла б якую-небудзь зачэпку i раскрывала б яго - задзiрала б коўдру, каб яна ўбачыла яго зусiм голага. Яна, вiдаць, так бы i села - яна ж не бачыла яго голага гадоў, мусiць, пятнаццаць". Люлю мякка правяла рукою па мужавым сцягне i лёганька ўшчыкнула за пахвiну. Анры буркнуў, але не варухнуўся. " У поўнай бяссiльнасцi". Люлю ўсмiхнулася: слова " бяссiльнасць" яе заўсёды смяшыла. Калi яна яшчэ кахала Анры i ён вось так, паралiзаваны, ляжаў побач, ёй падабалася ўяўляць, быццам яго з усiх бакоў старанна абкруцiлi i ўвязалi нейкiя малюпасенькiя чалавечкi накшталт тых, што яна бачыла на малюнку, калi яшчэ дзяўчынкай чытала гiсторыю пра Гулiвера. Яна часта называла Анры Гулiверам: яму гэта падабалася, бо iмя было ангельскае i надавала Люлю адукаваны выгляд; але ён хацеў, каб яна яшчэ i вымаўляла яго з ангельскiм акцэнтам. " Як ужо яны мне абрыдлi! Калi хацеў сабе мець кагосьцi адукаванага, няхай бы ажанiўся з той Жанаю Бедэр, грудзi ў яе з кулачок, затое яна ведае пяць моваў. Божа, раней, калi мы яшчэ ездзiлi па нядзелях у Со, я так сумавала ў яго крэўных, што хапала першую лепшую кнiгу, якая трапiцца, i заўсёды нехта падыходзiў i глядзеў: што я чытаю? А яго сястрычка пыталася: " Вы разумееце, Люсi?.." Яны лiчаць, што ў мяне не стае выхавання. Вось швейцарцы дык гэтыя, вядома, гэта людзi выхаваныя, бо яго сястра выйшла замуж за швейцарца, i той зрабiў ёй пяцярых дзяцей. Ён iх паважае за адны ўжо iхнiя горы. А я не магу мець дзяцей - такая ў мяне фiзiялогiя, што тут зробiш, але я нiколi не думала, што лiчыцца выхаваным тое, што робiць ён, калi iдзе са мной у горад i ўвесь час толькi i бегае ў прыбiральнi, а я павiнна чакаць i перыцца на вiтрыны - на каго я тады падобная? - а ён выходзiць пасля i, як нейкi стары дзед, згiнаючы ногi, падцягвае штаны".

Люлю выняла палец з прарэшка i крыху паварушыла нагамi, ёй было прыемна адчуваць сваю жвавасць побач з гэтым млявым, знерухомленым целам. Да яе вуха данеслася цiхае булькатанне: " Бурчыць у жываце; як я гэта ненавiджу, нiколi немагчыма зразумець, у каго гэта - у яго цi ў мяне". Яна заплюшчыла вочы: " Нейкая вадкасць пералiваецца ў мяккiх, перакручаных трубках; i так ва ўсiх у Рырэты i ў мяне (не хачу пра гэта думаць, ад гэтага толькi пачынае балець у жываце). Ён кажа, што любiць мяне, але ж ён не любiць маiх вантробаў: каб яму паказалi ў слоiку мой апендыкс, ён бы яго не пазнаў; увесь час мяне цiскае, а каб яму сунулi ў рукi слоiк, ён бы нiчога i не адчуў, i не падумаў бы: " Гэта належыць ёй". А трэба было б, каб чалавека любiлi цалкам - i стрававод, i пячонку, i кiшкi. А можа, iх не любяць, таму што не прызвычаiлiся? Можа, каб iх бачылi ўвесь час - як нашыя рукi цi плечы, - дык iх таксама любiлi б? Напэўна, марскiя зоркi любяць адна адну болей, чым мы: яны, калi вылазяць на пляж пагрэцца на сонейку, высоўваюць страўнiк - каб ён трошкi праветрыўся, i ўсе могуць яго пабачыць. Цiкава, а кудой бы мы высоўвалi свой - праз пуп? " Яна заплюшчыла вочы, i перад ёй адразу закруцiлiся сiнiя кругi - як учора, на кiрмашы. " Я страляла ў iх гумовымi стрэламi, i ў iх былi лiтары, якiя запальвалiся, па адной, кожны раз, як пацэлiш, i потым складалася назва горада; але ён так i не даў мне выбiць цалкам " Дыжон" са сваёю манiяй ляпiцца ззаду; Божа, як я ненавiджу, калi да мяне лезуць ззаду; вось бы добра было, каб у мяне ўвогуле не было спiны: я цярпець не магу, калi са мной нешта робяць, а я пры гэтым нiчога не бачу, i галоўнае - немагчыма ўбачыць iх рук, толькi адчуваеш, як яны ходзяць уверх-унiз, i нiколi не здагадаешся, куды яны цэляць; яны на вас зырацца на ўсе вочы, а вы iх нават не бачыце; яму гэта больш за ўсё падабаецца; Анры дык такое ў галаву нiколi не прыйдзе, а гэты толькi i думае, каб прыляпiцца ззаду, хоць ведае, што я памiраю ад сораму, што ў мяне гэты зад ёсць; калi мне сорамна, дык гэта яго яшчэ больш распаляе; не хачу пра яго думаць (ёй раптам зрабiлася страшна), хачу думаць пра Рырэту". Яна думала пра Рырэту штовечар у аднолькавы час, якраз перад тым, як Анры ўва сне пачынаў трызнiць i енчыць. Але цяпер нешта перашкаджала, у думкi пастаянна стараўся пралезцi iншы, на нейкае iмгненне яна нават убачыла чорныя кучаравыя валасы i падумала: " Ну вось, пачынаецца", - яе прабрала дрыготка; нiколi не ведаеш, што потым выйдзе: калi твар, дык няхай яшчэ, але бывалi ночы, калi яна была няздольная заплюшчыць вачэй ад брыдкiх успамiнаў. " Гэта жудасна, калi ў мужчыне ведаеш усё, асаблiва гэта. З Анры ўсё iначай, я яго магу ўяўляць з галавы да ног, i мяне гэта адно замiлоўвае: ён такi млявы, мяккi, i цела ў яго бясколернае, шэрае, толькi жывоцiк ружовенькi; ён кажа, што ў добра складзенага мужчыны, калi ён сядзiць, на жываце павiнна быць тры складкi, а ў яго iх шэсць, толькi ён лiчыць кожную другую i не хоча заўважаць астатнiя". Раптам яна ўспомнiла пра Рырэту, i ёй зрабiлася прыкра: " Люлю, вы яшчэ не ведаеце, што такое прыгожае мужчынскае цела". Смех, натуральна - ведаю; яна, вядома ж, мае на ўвазе - цвёрдае, як камень, з маслакамi, а мне такое не падабаецца, у Патэрсана было такое, дык я, калi ён мяне сцiскаў, адчувала сябе як нейкi вусень; за Анры я таму i пайшла, што ён мяккi i нагадвае свяшчэннiка; усе свяшчэннiкi - такiя пухленькiя, як жанчынкi, асаблiва ў сваiх сутанах, можна нават падумаць, што ў iх на нагах панчохi; памятаю, калi мне было пятнаццаць, мне ўвесь час карцела пацiху задзерцi iм расу i паглядзець на iх мужчынскiя ногi i на майткi - мяне, напэўна, вельмi здзiвiла б, каб у iх там нешта было, памiж ног; адной рукою я трымала б сутану, а другою ласкава так павяла б уверх, уздоўж ног - туды, куды ўсе разумеюць; урэшце, мне не тое каб вельмi падабалiся жанчыны, але гэтая мужчынская штуковiна, калi яна пад плаццем, - яна такая пяшчотненькая, як вялiкая кветка, а галоўнае - яе нiколi па-сапраўднаму немагчыма ўзяць у рукi; каб яна хоць магла паляжаць спакойна, дык не - адразу пачынае варушыцца, як нейкi звярок, i цвярдзее, мяне гэта заўсёды палохае; калi яно цвёрдае i прамое, як палка, яно адразу робiцца грубым i жорсткiм; каханне ўсё-такi жудасная брыда! Анры я любiла якраз за тое, што яго маленькая штучка не цвярдзее нiколi; яна нiколi не падымае галоўкi, гэта нават мяне весялiла, i я часам яе цалавала; i зусiм я яе не баюся - не больш за бязвiннае дзiцятка; а па вечарах я брала яго мяккую штучку ў рукi, а ён чырванеў i, уздыхаючы, адварочваўся, i я на яе не цiснула, i мы так доўга ляжалi, пакуль ён не засынаў. Тады я клалася на спiну, i думала пра свяшчэннiкаў, пра нешта чыстае, пра жанчын, i лашчыла сабе спачатку жывот, свой прыгожы роўны жывот, i апускала рукi, апускала, i прыходзiла прыемная асалода; я толькi сама ўмею рабiць сабе прыемна".

Кучаравыя валасы, валасы мурына. I трывога ў горле стаiць камяком. Але яна моцна сцiснула павекi, i ўрэшце выйшла вуха, маленькае малiнавае Рырэцiна вуха, крыху залацiстае, нiбы зробленае з цукровага ледзяша. Але звычайнага задавальнення не ўзнiкла, бо ў той самы момант Люлю пачула Рырэцiн голас. Ён быў пiсклявы i катэгарычны i таму заўжды раздражняў Люлю: " Мiлая мая Люлю, вы павiнны паехаць з П'ерам; гэта адзiная разумная рэч, якую варта зрабiць". " Рырэта мне, вядома, падабаецца, але мяне раздражняе, калi яна пачынае напускаць на сябе важнасць i сама ж захапляецца тым, што кажа". Напярэдаднi, у кавярнi " Пад купалам", Рырэта схiлiлася да яе i з гэткiм разумным, крыху няўважлiвым выглядам прамовiла: " Вы не можаце больш заставацца з Анры, вы ж яго не любiце, гэта было б злачынства". " Яна не выпускае нiводнага выпадку, каб не сказаць пра яго блага, а я лiчу, што гэта няветлiва: ён заўсёды быў з ёй вельмi прыязны; ну, не люблю я яго - магчыма, але ж не Рырэце мне пра гэта казаць; у яе наогул - усё проста i лёгка: любiш - не любiш; а я - не такая простая. Перш за ўсё, у мяне ёсць свае звычкi, я да яго прызвычаiлася, дый потым - ён мне падабаецца, ён мой муж. Як бы мне хацелася яе пабiць, мне заўсёды карцiць зрабiць ён балюча, таму што яна тлустая". Гэта было б злачынства... " Яна тады падняла руку, i я ўбачыла яе падпаху; мне заўжды падабаецца, калi на ёй нешта без рукавоў, каб рукi былi голыя". Падпаха. Яна разявiлася, як рот, i Люлю ўбачыла шызае, трошкi пакамячанае зморшчынкамi цела, пакрытае кучаравенькiмi валосiкамi, падобнымi да завiтай прычоскi. П'ер называе яе " пухлявенькая Мiнерва", ёй гэтая мянушка страшэнна не падабаецца". Люлю ўсмiхнулася, прыгадаўшы свайго малодшага брацiка, Рабэра, - як ён аднойчы спытаў, убачыўшы яе ў камбiнацыi: " Чаму ў цябе валасы пад рукамi? " - а яна яму адказала: " Гэта такая хвароба". Яна любiла апранацца перад брацiкам, бо ў яго заўсёды ўзнiкалi забаўныя думкi. " Цiкава, i дзе ён iх толькi знаходзiць? " Ён перабiраў усе Люлюiны рэчы, клапатлiва складаў сукенкi, у яго такiя спрытныя рукi, пазней з яго выйдзе вялiкi кравец. " А што, цудоўнае рамяство, а я буду яму маляваць тканiны. Забаўна ўсё-такi, каб дзiцё марыла зрабiцца краўцом; каб я была хлопец, дык я, напэўна, хацела б быць даследчыкам цi акторам, але ўжо не краўцом; але ён заўсёды быў летуценнiк, не надта гаваркi, нешта думае ўвесь час сваё; а я хацела б быць мнiшкай - каб хадзiць i збiраць ахвяраваннi па розных прыгожых маёнтках. Я адчуваю, як вочы ў мяне мякчэюць i ўсё цела таксама, зараз засну. Уяўляю сабе мой прыгожы бледны твар пад вялiкiм каптуром, вось калi б у мяне быў далiкатны i добра выхаваны выгляд. Я ўваходзiла б у сотнi цёмных перадпакояў. Але пакаёўка амаль адразу запальвала б святло, i я бачыла б фамiльныя карцiны з партрэтамi, бронзавыя статуэткi на столiках з гнутымi ножкамi. I вешалы. Да мяне выходзiла б панi, з маленькаю запiсной кнiжачкай i банкнотай на пяцьдзесят франкаў: " Вазьмiце, сястра мая". - " Дзякую, васпанi, няхай дапаможа вам Бог. Да пабачэння". Але я была б не сапраўдная мнiшка. У аўтобусе я часам пачынала б строiць вочкi якому-небудзь тыпчыку: ну, ён спачатку слупянеў бы, вядома, а пасля чапляўся б да мяне на вулiцы i мянцiў розную лухту - тады я нацкоўвала б на яго палiцэйскага i яго забiралi б. А ахвяраваныя грошы я пакiдала б сабе. Што б я на iх купляла? СУПРАЦЬЯДДЗЕ. Iдыятызм". Вочы размякаюць - прыемна, быццам iх абмакнулi ў ваду, i ва ўсiм целе такая ўтульнасць. Прыгожая зялёная папская карона, са смарагдамi i ляпiс-лазуркам. Яна пачала круцiцца, круцiцца i раптам абярнулася жудаснай бычынаю галавой; але Люлю гэта не спалохала, яна толькi прамармытала: " Ратуся... каслацёр... усё". Сярод бясплодных палёў марудна цякла доўгая чырвоная рака. Люлю ўспомнiлася ручная мясарубка, потым брыльянцiн. " Гэта было б злачынства! " Яна аж падскочыла i ўся напружылася, уперыўшыся злымi вачыма ў цемру. " Яны катуюць мяне, няўжо iм гэта няясна? Я выдатна разумею, што Рырэта робiць усё з сама добрымi намерамi, але калi ўжо яна такая разумная з iншымi, дык павiнна ж яна зразумець, што i мне трэба падумаць. Як ён заявiў: " Прыйдзеш! " - i паглядзеў такiмi вачыма - як вуголле. " Паедзеш са мной, да мяне, я хачу, каб ты ўся мне належала". Ненавiджу яго гэтыя вочы, калi ён строiць з сябе гiпнатызёра; так мне цiскаў руку - як цеста мясiў; калi толькi ўбачу гэтыя вочы, дык заўсёды чамусьцi прыгадваюцца валасы ў яго на грудзях. " Прыйдзеш. Я хачу, каб ты ўся належала мне", - як гэта можна казаць падобныя рэчы? Я ж яму не сабака.

А я тады села i ўсмiхаюся: раней яшчэ спецыяльна напудрылася, вочы падвяла - ён жа гэта любiць, - а гэты нiчога нават не заўважыў; ён, па-мойму, наогул глядзiць не на твар, а толькi на грудзi; вось бы я хацела, каб яны ў мяне ссохлiся - каб яго пазлаваць; праўда, яны i так у мяне невялiкiя, лiчы, нават маленькiя... " Паедзеш са мной, у Нiцу, на маю вiлу". Кажа, яна ў яго белая, з мармуроваю лесвiцай. Насупраць самага мора. I яшчэ кажа: " Будзем хадзiць там цэлы дзень голыя". Забаўна, вiдаць, сябе адчуваеш, калi ўвесь голы iдзеш па лесвiцы; няхай падымаецца першы, каб на мяне не глядзеў, а то я нагi не змагу падняць, буду толькi слупом стаяць i марыць, каб ён аслеп; але што гэта зменiць: калi ён побач, у мяне заўсёды такое ўражанне, быццам я голая. А як ён схапiў мяне тады за плечы i нiбыта са злосцю кажа: " Ты ўтрэскалася ў мяне, ты мяне любiш! " - я аж спалохалася, кажу: " Ага". А ён: " Я хачу зрабiць цябе шчаслiвай, мы будзем ездзiць катацца - на машыне, на параходзе, паедзем у Iталiю, я падару табе ўсё, што захочаш". Кажа, у яго на вiле амаль няма мэблi, дык мы будзем спаць на падлозе - проста, маўляў, будзем класцiся на матрац. I яшчэ хоча, каб я спала ў яго ў абдымках; буду адчуваць, як ён пахне; увогуле, мне падабаюцца яго грудзi - яны такiя шырокiя, загарэлыя, але ж на iх цэлы лес валасоў; як бы мне хацелася, каб у мужчын не было валасоў на целе; у яго яны такiя чорныя, мяккiя - як мох; часам я iх нават люблю палашчыць, але бывае аж млосна робiцца, я ўсё стараюся ад яго адсунуцца, а ён так i лепiць мяне да сябе. Захоча, каб я спала ў яго ў абдымках, i будзе цiскаць мяне сваiмi рукамi, а я буду чуць, як ён пахне; а калi ўжо зусiм зробiцца цёмна, да нас будзе далятаць шолах мора; ён такi, што здольны мяне пабудзiць сярод ночы, калi яму толькi захочацца; я з iм, напэўна, нiколi спакойна не высплюся, хiба што толькi калi ў мяне пачнуцца мае справы - тады ўжо, прынамсi, ён не будзе да мяне лезцi; але, па-мойму, ёсць мужыкi, якiя здольныя на гэта, нават калi жанчыны не схiльныя, i пасля ў iх на жываце застаецца кроў, чужая кроў; напэўна ж, яна i на прасцiнах, i паўсюль - як гэта брыдка; i навошта нам наогул гэтыя целы? "

Люлю расплюшчыла вочы, на фiранках ляжала чырвонае святло, што сачылася з вулiцы, чырвоная пляма адбiвалася ў люстры; Люлю падабаўся гэты чырвоны колер; фатэль, што стаяў насупраць акна, вымалёўваўся на яго фоне вычварным ценем. На падлакотнiку вiселi складзеныя Анры штаны, шлейкi звiсалi ў паветры. " Трэба купiць яму новыя вушкi да шлеек. О! Не хачу, не хачу я ехаць! Будзе там цалаваць мяне цэлымi днямi, i я буду належаць яму - буду яго ўцеха, а ён будзе зырыцца на мяне ўвесь час i думаць: " Вось мая ўцеха, я мацаў яе там i там i магу памацаць яшчэ, калi захочацца..." А тады, у Пор-Руаяль!.." Люлю некалькi разоў дала нагамi па прасцiне: яна ненавiдзела П'ера, калi прыгадвала, што было ў Пор-Руаяль. Яна зайшла тады за плот i, вядома ж, думала, што ён застаўся ў машыне, разглядае карту, i раптам глядзiць: ён па-воўчы падкраўся ззаду i падглядае. Люлю выпадкова трапiла нагой у Анры: " Зараз прачнецца". Але Анры толькi буркнуў: " Уф-ф-ф! " - i не прачнуўся. " Як бы я хацела пазнаёмiцца з нейкiм прыгожым маладым чалавекам, чыстым, як дзяўчына; мы нiколi не дакраналiся б адно да аднаго: гулялi б па беразе каля мора, трымалiся б за рукi, а ўвечары клалiся б у два аднолькавыя ложкi, побач, i ляжалi б, як брат i сястра, i гаманiлi б да самага ранку. Цi лепей нават было б жыць з Рырэтай; жанчыны, калi адны, - гэта ж так цудоўна; у яе такiя таўсмаценькiя, гладзенькiя плечыкi; я, без маны, - сапраўды адчувала сябе няшчаснай, калi яна кахала Фрэснеля, ажно сумна рабiлася, калi думала, што ён яе лашчыць: мякка так, паволi гладзiць яе па плячах i па баках, а яна ўздыхае. А цiкава, якi ў яе твар, калi яна ляжыць уся голая пад мужчынам? I адчувае, як яго рукi гуляюць у яе па целе? Я дык нi за якiя грошы ў свеце да яе не дакранулася б, ды я i не ведала б, што з ёй рабiць, нават каб яна сама захацела, каб сказала мне: " Я хачу, калi ласка", - я не ведала б; затое каб я была невiдзiмка, я хацела б пабачыць, як з ёй займаюцца гэтым, i паглядзець на яе твар (не думаю, каб яна i тады выглядала Мiнервай), а я цiхутка лашчыла б яе рассунутыя каленi, яе ружовенькiя каленкi, i чула б, як яна енчыць". З ссохлага горла ў Люлю вырваўся кароткi смяшок: " Бываюць жа часам такiя думкi". Аднойчы яна прыдумала, што П'ер хацеў згвалцiць Рырэту. " А я быццам яму дапамагала, трымаючы яе за рукi. А ўчора. Як у яе гарэлi шчокi, калi мы сядзелi ў яе на канапе, зусiм побач, яна нават ногi сцiснула, а мы сядзелi i маўчалi; вось мы заўсёды сядзелi б так i маўчалi". Анры захроп, i Люлю свiснула. " Я тут ляжу, не магу заснуць, нервуюся, а ён храпе, дурань. Не, каб абняў, папрасiў, сказаў: " Ты ў мяне ўсё, Люлю, я кахаю цябе, не едзь! " - я, можа, i зрабiла б дзеля яго такую ахвяру, засталася б, а што - засталася б з iм, на ўсё жыццё, каб зрабiць яму гэтым прыемна".

II

Рырэта села на тэрасе ў кавярнi " Каля сабора" i заказала порцыю порта. Яна адчувала сябе стомленай i злой на Люлю: "...i ад порта ў iх пахне коркам. Люлю - зразумела, ёй на гэта напляваць: яна п'е толькi каву; але ж нельга, урэшце, пiць каву, калi час аперытыву; а гэтыя тут толькi каву i п'юць цэлы дзень, цi каву з вяршкамi - на iншае ў iх грошай няма; як ужо iх у кавярнi гэта, напэўна, даводзiць, я дык дня не вытрымала б, выклала б iм усё проста ў твар, гэта ж не тыя людзi, з якiмi трэба цырымонiцца. Не разумею, чаму яна прызначае сустрэчы заўсёды на Манпарнасе; не, каб у " Мiры" цi ў " Пам-пам", ёй жа гэта таксама побач, а мне не трэба было б так далёка цягнуцца ад працы; проста выказаць не магу, якi сум глядзець увесь час на гэтыя пысы. Толькi выпадае хвiлiнка, абавязкова я павiнна бегчы сюды; ну, на тэрасе яшчэ куды нi йшло, а ўсярэдзiне - там жа смярдзiць ад бруднай бялiзны; цярпець не магу няўдачнiкаў. Дый на тэрасе нiякавата, я ж усё-такi ў чыстым; вось ужо людзi, напэўна, праходзяць мiма i дзiвяцца, што я раблю ў такой кампанii; яны ж нават не голяцца; а жанчыны? - наогул невядома на што падобны. Усе вакол, мусiць, думаюць: " Што яна тут робiць? " Я ведаю, улетку сюды часам завiтваюць даволi багатыя амерыканкi, але цяпер, вiдаць, з гэтым нашым урадам яны толькi да Англii i даязджаюць - таму i гандаль раскошай не iдзе, сёлета я прадала аж напалову меней, чым летась за такi ж час, а што ўжо казаць пра iншых: я ж у фiрме найлепшая, мне сама панi Дзюбеш казала; шкада гэтую нябогу Ёнэль - зусiм не ўмее гандляваць, за гэты месяц, мусiць, i гроша не выйграла больш за свой тарыф; пастаiш так цэлы дзень на нагах - так потым хочацца трошкi расслабiцца, пасядзець дзе-небудзь ва ўтульным месцейку, каб усё было прыгожа, камфортна, выгодна, каб абслуга была выхаваная, хочацца заплюшчыць вочы i нi ў чым ужо сябе не стрымлiваць, i яшчэ было б цудоўна, каб была музыка, цiхуткая такая, прыглушаная, i дарэчы, не так ужо гэта i дорага - можна часам i ў дансiнг " Амбасадор" схадзiць; а тут гэтыя гарсоны - ну такiя нахабныя: адразу вiдаць важдаюцца ўвесь час з рознай драбязой; хiба што гэты брунецiк, што мяне абслугоўвае, - нiчога такi, прыязны; а Люлю дык, вiдаць, падабаецца бачыць вакол сябе гэтых тыпаў, яна ўвогуле напалохалася б, каб ёй спатрэбiлася пайсцi ў якое шыкоўнае месца; яна ж нiколi ў сабе не ўпэўненая, i заўсёды, як толькi мужчына з добрымi манерамi, дык яна бянтэжыцца. Луi, напрыклад, ёй не падабаўся; але ўжо тут, я думаю, яна адчувае сябе цудоўна, некаторыя ж тут нават без накладных каўнерыкаў, такi ўжо жабрацкi выгляд, сядзяць са сваiмi пiпкамi, а яшчэ так на вас i зiркаюць, i нават не падумаюць, каб хоць не так яўна было, адразу вiдаць, што iм нават за жанчыну няма чым заплацiць, хоць у гэтым квартале такога дабра хапае, аж брыдка; здаецца, зараз так вас i праглынуць, нават няздольныя культурна паказаць, што яны вас жадаюць, каб хоць павярнуць усё неяк, каб вам прыемна было". Падышоў гарсон:

- Ваша порта, паненка, сухое, як i прасiлi.

- Ага, дзякуй.

Прыязным голасам ён дадаў:

- Надвор'е якое сёння, цуд!

- Ды даўно ўжо пара б, - адказала Рырэта.

- Ваша праўда, здавалася, зiма ўжо нiколi не скончыцца.

Ён пайшоў, i Рырэта правяла яго позiркам. " Падабаецца мне гэты гарсон, падумала яна, - умее трымацца на сваiм месцы: i не фамiльярны, i заўсёды знойдзе патрэбнае слова, кожнага ўважыць".

Яна заўважыла, што на яе настойлiва пазiрае нейкi худы i гарбаваты юнак, i, пацiснуўшы плячыма, павярнулася да яго спiнай. " Калi хочаш строiць жанчынам вочкi, навучыся спачатку мяняць бялiзну. Так яму i скажу, калi толькi надумае прычапiцца. I ўсё-ткi цiкава, чаму яна дагэтуль яго не кiне? Не хоча, каб Анры пакутаваў. Вясёленькiя рэчы - жанчына не мае права псаваць сабе жыццё дзеля нейкага iмпатэнта". Рырэта цярпець не магла iмпатэнтаў - фiзiчна iх не выносiла. " Яна павiнна з'ехаць, - падсумавала яна, - тут вырашаецца яе шчасце! Так ёй i скажу: нельга гуляць са сваiм шчасцем. Не буду я ёй нiчога казаць, усё, кончана, сто разоў ужо казала, чалавека немагчыма зрабiць шчаслiвым, калi ён сам гэтага не хоча". Рырэта раптам адчула ў галаве абсалютную пустату: яна была вельмi стомленая, вочы ў яе апусцiлiся i ўтаропiлiся на налiтае ў кiлiшку порта, клейкае i густое, як распушчаны цукар; нечый голас бесперастанку паўтараў у ёй: " Шчасце, шчасце", - i слова здавалася такiм прыгожым, пяшчотным, важным, i яна падумала, што, каб на конкурсе газеты " Пары-Суар" у яе спыталi, што яна думае, яна сказала б, што гэта найпрыгажэйшае слова ў французскай мове. " Цi хто думаў пра гэта? Яны ж адказвалi: энергiчнасць, смеласць - а ўсё таму, што там былi адны мужчыны, а трэба было спытацца ў жанчын, бо менавiта жанчыны i могуць знайсцi такое; наогул трэба было даваць дзве прэмii - адну мужчынам, i найпрыгажэйшае слова ў iх было б Чэсць, а другую жанчынам - i я яе выйграла б, я сказала б: " Шчасце"; Чэсць i Шчасце, нават гучыць вельмi падобна - забаўна. Вось я i скажу ёй: " Люлю, вы не маеце права выпускаць свайго шчасця. Вашага шчасця, Люлю, вашага Шчасця". Я дык, напрыклад, лiчу П'ера вельмi добрым: па-першае, гэта сапраўдны мужчына, а галоўнае - разумны i, што таксама не лiшняе, - мае грошы, ён жа зможа ўлагоджваць яе ва ўсiм. Па-мойму, ён наогул з тых мужчын, што ўмеюць згладзiць усякiя дробныя цяжкасцi ў жаночым жыццi, а жанчыне гэта так прыемна; мне заўжды падабалася, калi мужчыны ўмеюць загадваць, тут трэба мець такую асаблiвую струнку: вось ён - як умее гаварыць з гарсонамi, з рознымi там адмiнiстратарамi ў гасцiнiцах, i яму падпарадкуюцца! Я называю гэта - " мець самавiтую постаць". А Анры гэтага, мусiць, больш за ўсё i не стае. I апроч таго - трэба ж пра здароўе падумаць, асаблiва пасля таго, што ў яе было з бацькам, трэба ж пасцерагчыся, а то цудоўна, вядома, быць такой худзенькай, што аж свецiшся, - не есць нiколi, не спiць, прыкархне на чатыры гадзiнкi за ноч - i давай подбегам па ўсiм Парыжы, ды цэлы дзень, каб толькi дзесь уваткнуць якую новую замалёўку тканiны; а ёй патрэбны строгi рэжым: няхай нават есць мала за раз - калi ласка, але ж тады часта i заўжды ў прызначаны час. А то як засадзяць у сухотную лячэбнiцу - тады парадуецца".

Няцямным позiркам Рырэта ўтаропiлася на гадзiннiк на скрыжаваннi Манпарнас, стрэлкi паказвалi адзiнаццаць дваццаць. " Не разумею я гэтую Люлю, вось ужо ў каго дзiўны тэмперамент, нiколi не разбярэш, падабаюцца ёй мужчыны цi ёй з iмi брыдка; але ўжо з П'ерам, прынамсi, яна мусiць быць задаволеная, хоць крыху можа забыцца пра таго леташняга свайго тыпчыка - Рабу. Рабы, як я яго называла". Успамiн развесялiў Рырэту, але яна не дазволiла сабе ўсмiхнуцца, заўважыўшы, што худы юнак па-ранейшаму глядзiць на яе, - яна злавiла яго позiрк, калi паварочвала галаву. У Рабу ўвесь твар быў у чорных кропках, i Люлю дзеля забавы выцiскала iх пазногцямi. " Фу, паскудства, аж млосна робiцца, але што зробiш - яна ж нават не ведае, што такое прыгожы мужчына. Ах! Як я люблю зграбненькiх мужчын - гэта ж так сiмпатычна, калi ў мужчын прыгожыя рэчы: кашулi, гэтыя iх чаравiкi, а прыгожыя казытлiвыя гальштучкi!.. Ну, вядома, усё строгае - можа быць, - але ж такое ласкавае, i ва ўсiм адчуваецца сiла, ласкавая сiла: напрыклад, гэты iх пах ангельскага тытуню, змяшаны з адэкалонам; а якая ў iх скура, калi паголяцца, - гэта ўжо... вядома, гэта яшчэ не жаночая, але такая, ну, быццам добра выдубiлi; а iх дужыя рукi - абдымаюць вас, а вы кладзяце iм галаву на грудзi i адчуваеце ласкавы, дужы пах дагледжанага мужчыны, а яны шэпчуць ласкавыя словы; i ўсё такое прыгожае - прыгожыя, строгiя чаравiкi з бычынай скуры, i яны шэпчуць: " Любая мая, мiлая мая, любая", - i адчуваеш, як усё ўсярэдзiне ажно млее", - Рырэта ўспомнiла пра Луi, якi яе кiнуў летась, i ў яе сцiснулася сэрца: " Вось ужо хто любiў толькi сябе, толькi i ўмеў, што манернiчаць: гэтая яго жуковiна з пячаткай, залаты партсiгар, усякiя манii... Якiя ж яны ўсё-такi бываюць часам псяюхi, яшчэ горшыя за жанчын. Не, лепш за ўсё - мужчына гадоў пад сорак, каб за сабой яшчэ даглядаў, валасы з сiвiзной на скронях, зачасаныя назад, гэткi сухi, шырокiя плечы, спартовы выгляд, i галоўнае - каб ведаў жыццё i быў вельмi добры, бо некалi сам папакутаваў. Люлю - гэта ж зусiм дзяўчо, ёй яшчэ пашанцавала, што ў яе такая сяброўка, як я, бо П'еру ўсё гэта пачынае ўжо надакучаць, i некаторыя на маiм месцы даўно б пакарысталiся, а я - наадварот, угаворваю яго ўвесь час пацярпець яшчэ, а калi ён са мной ласкавы трошкi больш, чым трэба, - раблю выгляд, што не заўважаю, пачынаю гаманiць пра Люлю i заўсёды знаходжу слова, каб паказаць яе з выгоднага боку, але ж яна гэтага не заслугоўвае, яна нават не ўсведамляе, як ёй шанцуе, вось пажыла б трошкi адна, як я, калi Луi мяне кiнуў, дык убачыла б, што такое вярнуцца дадому ўвечары, адпрацаваўшы ўвесь дзень, i ўбачыць, што ў пакоi ў цябе пуста, а самой памiраць ад жадання пакласцi хоць каму-небудзь галаву на плячо. Адкуль яшчэ толькi бярэцца смеласць устаць назаўтра, i iсцi зноў на працу, i быць прываблiвай i вясёлай, i ўсiх яшчэ падбадзёрваць - калi самой, здаецца, лепш памерцi, чым жыць так далей".

Гадзiннiк выбiў палову дванаццатай. Рырэта падумала пра шчасце, пра сiнюю птушку, птушку шчасця, непакорную птушку любвi. I раптам схамянулася: " Люлю спазняецца на паўгадзiны - усё як звычайна. Яна нiколi не кiне мужа, у яе на гэта не хопiць сiлы волi. Па сутнасцi, яна застанецца з Анры толькi дзеля рэспектабельнасцi: здраджвае яму, але думае, што калi ўжо ёй кажуць: " Панi", дык гэта не лiчыцца. А што яна пра яго расказвае - яго ж, здаецца, павесiць мала, але паспрабуйце ёй нагадаць, што яна сама яшчэ ўчора казала: яе аж трасе ад гневу. Не, я ўжо зрабiла ўсё, што магла, i сказала ўсё, на што была здольная, - тым горш для яе, пасля няхай наракае сама на сябе".

Перад саборам спынiлася таксi, i з яго выйшла Люлю. Яна несла вялiкi чамадан, i твар у яе быў крыху ўрачысты.

- Я кiнула Анры, - крыкнула яна яшчэ здалёк.

Яна падышла, згiнаючыся пад цяжарам чамадана. На губах у яе была ўсмешка.

- Як, Люлю? - аслупянела прамовiла Рырэта. - Няўжо вы хочаце сказаць, што?..

- Але, - сказала Люлю. - Кончана, я кiнула яго.

Рырэта ўсё яшчэ не магла паверыць:

- I ён гэта ведае? Вы сказалi яму?

Люлю зрабiла гнеўныя вочы i вымавiла:

- А як жа ж!

- Ну-у, Люлюшачка!

Рырэта не ведала, што i думаць, але вырашыла, што ва ўсякiм выпадку Люлю трэба падбадзёрыць.

- Як гэта добра, - сказала яна, - якая ж вы смелая.

Ёй хацелася дадаць: " Цяпер вы бачыце, што гэта было зусiм не цяжка". Але яна ўтрымалася. Люлю дазволiла на сябе палюбавацца. На шчоках у яе была чырвань, вочы гарэлi. Яна села, паставiўшы чамадан побач з крэслам. На ёй было шэрае ваўнянае палiто i светла-жоўты пуловер з закручаным каўняром. Але на галаве не было шапкi. Рырэце не падабалася, калi Люлю хадзiла без шапкi, i ў яе адразу ўзнiкла знаёмае пачуццё, у якiм дзiўна спалучалiся i папрок, i паблажлiвая ўсмешка, - Люлю заўсёды яго выклiкала. " Што мне ў ёй падабаецца, падумала Рырэта, - дык гэта яе жыццяздольнасць".

- Умэнт, - сказала Люлю, - я выклала яму ўсё, што было ў мяне на душы. Яго як абухом ударылi.

- Я ўсё апамятацца не магу, - прызналася Рырэта. - Мiлая Люлю, што гэта на вас найшло? Вы што - iльвiнага мяса аб'елiся? Я ўчора яшчэ ўвечары была гатовая галавой прысягнуцца, што вы яго нiколi не кiнеце.

- Усё праз майго малодшага брата. Проста, калi ён са мной курчыць з сябе начальнiка, дык няхай яшчэ, але я цярпець не магу, калi ён лезе да маiх крэўных.

- А што здарылася?

- Ну, дзе гэты гарсон! - сказала Люлю, круцячыся на крэсле. - У гэтым " Саборы" заўсёды - як толькi патрэбны гарсон, дык нiводнага няма. Хто нас абслугоўвае, гэты брунецiк?

- Ён, - сказала Рырэта. - А ведаеце, што я яго пакарыла?

- Ну? Тады пасцеражыцеся той паненкi з умывальнi, ён увесь час вакол яе круцiцца: ейны залётнiк. Але па-мойму, у яго гэта толькi падстава, каб паглядзець, як жанчыны заходзяць у прыбiральню: калi яны выходзяць, ён заўжды глядзiць iм у вочы, каб увагнаць у чырвань. Дарэчы, я вас на хвiлiнку пакiну, трэба пайсцi затэлефанаваць да П'ера, ну i пыса ў яго будзе! Калi ўбачыце гарсона, папрасiце мне каву з вяршкамi; я ўсяго на хвiлiнку, а потым усё раскажу.

Яна ўстала, ступiла некалькi крокаў i зноў вярнулася да Рырэты.

- Вой, Рырэтачка, я такая шчаслiвая!

- Люлю, дарагая, - прамовiла Рырэта, беручы яе за рукi.

Люлю вызвалiлася i лёгкай хадой перасекла тэрасу. Рырэта правяла яе позiркам. " Нiколi не падумала б, што яна будзе на гэта здольная. А якая радасная, - падумала яна крыху абурана. - Каб паслухала мяне, дык даўно б ужо так зрабiла. Ва ўсякiм выпадку, усё роўна - усё гэта дзякуючы мне, бо нельга не прызнаць, што я на яе маю вялiкi ўплыў".

Праз колькi iмгненняў Люлю вярнулася.

- П'ер так i сеў, - сказала яна. - Хацеў, каб я расказала ўсё падрабязна, але я сказала, што потым; дык ён запрасiў мяне папалуднаваць разам. Кажа, можа, заўтрашнiм вечарам ужо з'едзем.

- Якая ж я шчаслiвая, Люлю, - сказала Рырэта. - Ну, расказвайце ж хутчэй. Гэта вы сёння ноччу ўсё вырашылi?

- Ды ведаеце, нiчога я не вырашала, - сцiпла прамовiла Люлю, - яно неяк само рашылася. - Яна знервавана пастукала па столiку рукой: " Гарсон! Гарсон! Гэты гарсон мяне давядзе, я хачу кавы".

Рырэта была ўражаная: на месцы Люлю, у такiх важных абставiнах, яна i не падумала б трацiць час дзеля нейкай кавы. Але Люлю проста цуд, нават дзiву даешся, як гэта можна быць такой бесклапотнай, як птушка.

Люлю выбухнула смехам:

- Каб вы бачылi Анрыеву пысу!

- Мне вось цiкава, што пра ўсё гэта скажа вашая мацi, - сур'ёзна прамовiла Рырэта.

- Мая мацi? Яна будзе за-ча-ра-вана, - з упэўненасцю канстатавала Люлю. Ён заўжды быў з ёю няветлiвы. Ведаеце, яна ўжо яго во дзе мела. Увесь час толькi папрокi - я такая, ды я сякая, кепска яна мяне выхавала: маўляў, адразу вiдаць, што мяне выхоўвалi, як у падваротнi. Я нават, ведаеце, калi i зрабiла гэта, дык таксама i дзеля яе.

- Але што ўсё-такi здарылася?

- Ён уляпiў Рабэру поўху.

- Дык значыць, да вас прыходзiў Рабэр?

- Ну я ж кажу: сёння ранiцай. Праходзiў мiма i зайшоў, бо мацi хоча аддаць яго ў вучнi да Гомпеса. Ды я, па-мойму, ужо вам казала. Ну i вось, ён зайшоў, якраз як мы снедалi, а Анры ўзяў ды ўляпiў яму поўху.

- Але за што? - спытала Рырэта з лёгкаю прыкрасцю. Яна цярпець не магла гэту Люлюiну манеру расказваць.

- Яны пагыркалiся, - нейкiм няпэўным тонам прамовiла Люлю, - а малы не даў сябе ў крыўду. Ён заўсёды яму дае адпор. А тут так i сказаў: " Стары псюк", проста ў твар. Бо Анры назваў яго кепска выхаваным - натуральна, ён жа нiчога новага выдумаць не можа; я там загiналася. Тады Анры ўзяў, устаў - мы снедалi ў вялiкiм пакоi - i як улепiць яму поўху! Я ледзь яго не забiла.

- I тады вы пайшлi?

- Пайшла, - здзiўлена спытала Люлю, - куды?

- Ну, я думала, што тады вы яго i кiнулi. Паслухайце, мiленькая Люлю, трэба расказваць усё па парадку, iначай я нiчога не разумею. Скажыце, спытала яна, адчуўшы нейкае падазрэнне, - а вы сапраўды яго кiнулi? Гэта праўда?

- Ну але ж, я вам ужо цэлую гадзiну тлумачу.

- Добра. Значыць, Анры даў Рабэру поўху. I што пасля?

- А пасля, - сказала Люлю, - я зачынiла яго на балконе, пацеха, так? Ён яшчэ быў у пiжаме. Стаiць там i стукаецца ў шыбу, але ж не адважваецца разбiць - ён жа скупы, як смерць. Я дык на яго месцы ўсё спляжыла б, няхай нават рукi ў кроў бы разбiла. А потым прыперлiся Тэксье. Дык ён пачаў iм усмiхацца - праз акно: маўляў, усё гэта ў нас так, жарты.

Побач праходзiў гарсон, i Люлю злавiла яго за руку.

- Ага, нарэшце, значыць, з'явiлiся? Вас не вельмi патурбуе прынесцi мне кавы з вяршкамi?

Рырэта адчула сябе няёмка i па-змоўнiцку ўсмiхнулася гарсону. Але твар у таго застаўся змрочны, ён толькi пакланiўся з падкрэсленаю дагодлiвасцю, у якой адчуваўся папрок. Рырэта злавалася на Люлю: нiколi не ўмее выбраць правiльнага тону з нiжэйшымi па становiшчы - то вельмi фамiльярная, то, наадварот, занадта патрабавальная i сухая.

Люлю засмяялася.

- Гэта я зноў уявiла Анры, як ён у пiжаме стаiць на балконе i аж трасецца ад холаду. А ведаеце, як мне ўдалося яго зачынiць? Ён быў у пакоi. Рабэр плача, а гэты чытае яму маралi. Ну, я адчынiла акно i кажу: " Анры, ты глядзi, таксi збiла нашу квятнярку! " Гэты падбег да мяне - а ён любiць квятнярку, тая неяк казала яму, што сама швейцарка, дык ён думае, што яна ў яго закаханая. " Дзе? - кажа. - Дзе? " А я цiхутка так - раз у пакой i зачынiла дзверы! I крычу яму праз шыбу: " Будзеш ведаць, як рукi распускаць з маiм братам". Цэлую гадзiну трымала яго на балконе, а ён так i перыўся на нас сваiмi вырачанымi вачыма, аж пасiнеў ад гневу. А я яму высуну язык ды частую Рабэра цукеркамi; а пасля прынесла ў пакой свае рэчы i пачала апранацца - перад Рабэрам: я ж ведаю, што ён гэтага цярпець не можа. А Рабэр цалаваў мяне ў рукi, у шыю - як маленькi мужчына; ён наогул цуд; карацей - мы паводзiлi сябе, быццам Анры i няма. За ўсiм гэтым я нават памыцца забылася.

- А той, значыць, так i сядзеў на балконе. Ну, пацеха! - Рырэта рагатала ад душы.

Раптам Люлю пасур'ёзнела.

- Баюся, як бы ён не прастудзiўся, - сказала яна, перастаўшы смяяцца, калi злуешся, не думаеш. - I зноў весела дадала: - А як ён нам пагражаў кулакамi - вой! - i ўсё нешта там балбоча, балбоча, я нават паловы не зразумела, што ён казаў. А потым Рабэр пайшоў, i адразу пазванiлi Тэксье. Я iх запрасiла ў кватэру, дык ён, як iх убачыў, - так i расплыўся ўсмешкай; i так, i сяк ужо перад iмi там выдыгаў, на балконе, а я iм кажу: " Вы паглядзiце на майго мужанька, якi цыпачка; праўда, ён падобны да рыбкi ў акварыуме? " Ну, Тэксье павiталiся з iм, праз шыбу, - яны, вядома, крыху аслупянелi. Але гэтыя ўмеюць трымацца, каб не падаць выгляду.

- Я сабе ўяўляю, - праз смех выцiснула Рырэта. - Ха-ха-ха! Ваш муж на балконе, а Тэксье ў пакоi! - Яна некалькi разоў паўтарыла: " Ваш муж на балконе, а Тэксье ў пакоi..." - ёй вельмi хацелася знайсцi якiя-небудзь смешныя i асаблiва маляўнiчыя словы, каб апiсаць гэтую сцэну Люлю, - яна лiчыла, што ў Люлю не стае гумару, - але словы так i не знайшлiся.

- А я пасля адчынiла дзверы, - сказала Люлю, - Анры ўваходзiць, пацалаваў мяне перад Тэксье i кажа: " Ах ты малая гарэза! Вось жа, - кажа, - малая гарэза, хацела са мной штуку выкiнуць! " А я ўсмiхаюся, i Тэксье таксама, далiкатна так, усмiхаюцца - усе ўсмiхаюцца. А як яны пайшлi, ён як дасць мне ў вуха. Тады я бяру шчотку ды як кiну яму, i ў самы рот: так абедзве губы ў куточку i рассекла.

- Мiлая Люлю, мая вы нябога, - пяшчотна прамовiла Рырэта.

Але Люлю не прыняла гэтага жэсту спагады: яна сядзела прамая, патрасаючы з ваяўнiчым выглядам чорнымi кудзерамi i кiдаючы з вачэй маланкi.

- Тут мы ўсё адно аднаму i сказалi. Я абмыла яму сурвэткай вусны i кажу: усё, маўляў, з мяне досыць, я цябе больш не кахаю i жыць з табой больш не збiраюся. Ён як заплакаў, пачаў казаць, што наложыць на сябе рукi. Але мяне гэтым ужо не проймеш: памятаеце, Рырэта, летась, калi была гэтая гiсторыя з Рэнанi, ён мне тады таксама кожны дзень ныў: вось будзе вайна, ды я пайду на фронт, ды мяне там заб'юць, будзеш пасля мучыцца за ўвесь боль, што мне прычынiла. Я яму тады сказала: " Ага, - кажу, - ты ж iмпатэнт, цябе забракуюць". Але ўсё роўна давялося яго супакоiць, а то ён гразiўся зачынiць мяне ў вялiкiм пакоi на ключ: паклялася яму, што раней чым праз месяц не з'еду. Тады ён паперся ў кантору: вочы чырвоныя, кавалак пластыру на губе карацей, жах. А я ўзяла прыбрала ў хаце, паставiла сачавiцу на агонь i сабрала чамадан. А яму пакiнула ў кухнi на стале цыдулку.

- I што вы яму напiсалi?

- Я напiсала яму так, - з годнасцю прамовiла Люлю. - " Сачавiца на плiце. Еш i выключы газ. У халадзiльнiку ёсць вяндлiна. А я сытая па горла i знiкаю. Бывай".

Яны разам засмяялiся, i некаторыя прахожыя пачалi азiрацца. А Рырэта падумала, што яны, мусiць, чароўна глядзяцца збоку. Ёй нават зрабiлася прыкра, што ўсё гэта не на тэрасе " Вьеля" цi " Мiра". Калi яны адсмяялiся i нарэшце змоўклi, Рырэта заўважыла, што iм больш няма пра што гаманiць. Яна была трошкi расчараваная.

- Ну, мне пара бегчы, - сказала Люлю i ўстала. - Мяне апоўднi чакае П'ер. А што ж мне рабiць з чамаданам?

- Пакiньце мне, - сказала Рырэта, - я папрашу, каб за iм прыглядзела тая паненка з умывальнi. Калi мы цяпер убачымся?

- Я зайду да вас а другой гадзiне, сходзiм разам, мне трэба купiць цэлую кучу ўсяго: я ж больш за палову з сабой не ўзяла. Цяпер трэба будзе, каб П'ер даў мне грошай.

Люлю пайшла, i Рырэта клiкнула гарсона. Яна адчувала сябе ўрачыста важнаю i вельмi маркотнай. Падбег гарсон: Рырэта даўно заўважыла, што, калi яго клiча яна, ён заўсёды прыходзiць хутка.

- З вас пяць франкаў, - сказаў ён i дадаў крыху сухiм тонам: - Вам, вiдаць, было вельмi весела, нават у кавярнi было чуваць, як вы смяялiся.

" Люлю яго пакрыўдзiла", - з прыкрасцю падумала Рырэта i, пачырванеўшы, сказала:

- У маёй сяброўкi сёння нешта з самага ранку нервы крыху не ў парадку.

- Але выглядала яна цудоўна, - з пачуццём прамовiў гарсон. - Вельмi вам удзячны, паненка.

Ён сунуў у кiшэню шэсць франкаў i пайшоў прэч. Рырэта была трошкi здзiўлена, але прабiла паўдня, i ёй падумалася, што зараз Анры якраз павiнен вярнуцца дадому i знайсцi Люлюiну запiску: пры гэтай думцы ўсярэдзiне ў яе ўсё самлела ад задавальнення.

* * *

- Будзьце ласкавы, я хацела б, каб усё гэта да заўтрашняга вечара было ў " Тэатральнай" гасцiнiцы, вулiца Вандам, - сказала Люлю касiрцы з выглядам велiкасвецкай панi. I потым, павярнуўшыся да Рырэты, дадала: - Ну, усё, Рырэта, папхнулiся адсюль.

- На чыё iмя? - спыталася касiрка.

- Панi Люсьене Крыспэн.

Люлю перакiнула палiто цераз руку i адразу ўзяла наўзгалоп; ледзь не подбегам яны спусцiлiся па доўгай лесвiцы Самарытанкi. Рырэта старалася не адстаць i некалькi разоў ледзь не ўпала, бо не паспявала нават глядзець пад ногi: яе вочы сачылi толькi за тонкiм сiне-жоўта-канарэйкавым сiлуэтам, што скакаў наперадзе. " Якое ж у яе непрыстойнае цела"... Кожны раз, як Рырэта бачыла Люлю са спiны цi ў профiль, яе лiтаральна ашаламляла непрыстойнасць сяброўчыных форм, хоць гэтаму цяжка было знайсцi нейкае тлумачэнне: проста вось такое ўзнiкала ўражанне. " Ну, гнуткае ў яе цела, тонкае, але ўсё роўна ёсць у iм нешта вульгарнае, i ўсё, хоць ты мяне забi. Напэўна, гэта таму, што яна любiць, каб на ёй усё было вельмi абцягнутае. Кажа, што саромеецца за свой зад, а сама носiць такiя спаднiцы, што так i лiпнуць да заднiцы. Праўда, зад у яе маленькi - намнога меншы, чым мой, - але затое болей прыкметны. Асаблiва ў параўнаннi з яе худой талiяй - ён здаецца зусiм круглым, i так туга сядзiць у спаднiцы, як улiты, а галоўнае - увесь час танцуе".

Люлю азiрнулася, i сяброўкi абмянялiся прыязнымi ўсмешкамi. Калi Рырэта думала пра бессаромнае Люлюiна цела, у яе ўзнiкала змяшанае пачуццё, у якiм спалучалiся ганьбаванне i прыемная млявасць: маленькiя грудзi тырчком, гладкая, жоўтая скура - калi дакранаешся, здаецца, яна як гумовая, - доўгiя сцёгны i наогул усё цела - доўгае i нахабнае, з доўгiмi членамi. " Як у мурынкi, - падумала Рырэта. - Яна падобна да мурынкi, якая танцуе румбу". У люстры каля дзвярэй-круцёлкi Рырэта злавiла адбiтак сваiх поўных форм. " У мяне болей спартовы выгляд, - падумала яна, беручы Люлю пад руку. - Можа быць, апранутая яна i эфектнейшая, але калi нам распрануцца, дык я, безумоўна, буду лепш за яе".

Пэўны час яны iшлi моўчкi. Потым Люлю сказала:

- П'ер быў проста чароўны. I вы таксама, Рырэтачка, вы проста чароўная, я вельмi вам абаiм удзячная.

Яна прамовiла гэта вельмi ненатуральна, але Рырэта не надала значэння: Люлю нiколi не ўмела дзякаваць - яна была надта сцiплая.

- Як гэта мне непрыемна, - раптам сказала Люлю, - але трэба купiць станiк.

- Тут? - спытала Рырэта.

Яны якраз праходзiлi каля лаўкi, што гандлявала бялiзнай.

- Не. Гэта я проста ўбачыла i таму прыгадала. Станiкi я звычайна купляю ў Фiшэра.

- На бульвары Манпарнас? - ускрыкнула Рырэта. - Люлю, не трэба рызыкаваць, - дадала яна сур'ёзным тонам. - Вам цяпер лепш радзей бываць на Манпарнасе, асаблiва ў такi час: мы ж можам натрапiць на Анры. Гэта будзе вельмi непрыемна.

- На Анры? - сказала Люлю, пацiснуўшы плячыма. - Ды ну, з чаго гэта?

Ад абурэння ў Рырэты аж да скроняў пачырванелi шчокi.

- Вы ўсё такая ж, мая мiлая Люлю, - калi вам нешта не падабаецца, дык вы проста нiчога не хочаце заўважаць. Вам карцiць пайсцi да Фiшэра, i вы пачынаеце мне даводзiць, што Анры на Манпарнасе не бывае. Але вы выдатна ведаеце, што ён кожны дзень там праходзiць каля шостай гадзiны: ён жа заўсёды тудою ходзiць. Вы мне самi казалi: ён iдзе спачатку па вулiцы Рэн, а потым на рагу бульвара Распай чакае аўтобуса.

- Перш за ўсё, яшчэ толькi пяць, - сказала Люлю, - i апроч таго, ён, можа быць, сёння зусiм не хадзiў на працу: пасля той цыдулкi, што я пакiнула, ён мог увогуле злегчы.

- Слухайце, Люлю, - раптам сказала Рырэта, - але ж у Фiшэра ёсць яшчэ адна лаўка, вы ж ведаеце, - на вулiцы Чацвёртага верасня, непадалёку ад Оперы.

- Ды ну-у, - прамовiла Люлю нейкiм млявым голасам, - туды яшчэ столькi цягнуцца.

- Ну, вы мне падабаецеся, мiленькая Люлю! Столькi цягнуцца! Ды гэта два разы ступiць, нават блiжэй чым да вашага Манпарнаса.

- Мне не падабаецца, што яны там прадаюць.

Рырэта здзiўлена ўсмiхнулася, падумаўшы, што ва ўсiх лаўках у Фiшэра прадаюць адно i тое ж. Проста на Люлю часам находзiла зусiм незразумелая ўпартасць: Анры, бясспрэчна, быў чалавек, якога ёй хацелася меней за ўсё ўбачыць, а яна як знарок лезла яму пад ногi.

- Ну добра, - памяркоўна адказала Рырэта, - хадзем на Манпарнас. Ва ўсякiм разе, Анры такi высачэзны, што мы яго заўважым раней, чым ён нас.

- Дый увогуле, што такога? - здзiвiлася Люлю. - Нават калi i сустрэнем ну, сустрэнем, i ўсё. Не з'есць жа ён нас.

Люлю прапанавала прайсцiся да Манпарнаса пешкi: яна сказала, што ёй трэба трошкi прадыхацца. Яны рушылi па вулiцы Сены, потым па Адэон i Важырар. Рырэта пачала расхвальваць П'ера, каб паказаць Люлю, якi ён быў малайчына ва ўсiх гэтых абставiнах.

- Як я люблю Парыж! - раптам сказала Люлю. - Я буду так пасля шкадаваць!

- Ды што вы кажаце такое, Люлю! Я нават уявiць сабе не магу, як вам шанцуе, што вы едзеце ў Нiцу, а вы яшчэ шкадуеце Парыж.

Люлю не адказала i толькi сумна пачала глядзець па баках, нiбы нешта шукаючы.

Калi яны выйшлi ад Фiшэра, выбiла шэсць гадзiн. Рырэта ўхапiла Люлю пад локаць i памкнулася як мага хутчэй звесцi прэч. Але тая як аслулянела перад квяточнай лаўкаю Баўмана.

- Мiлая Рырэтачка, вы паглядзiце, якiя азалеi. Вось калi ў мяне будзе прыгожы салон, я яго ўвесь пазастаўлю такiмi.

- Я не люблю вазонных кветак, - сказала Рырэта ў роспачы.

Яна павярнула галаву ў бок вулiцы Рэн i, натуральна, праз нейкую хвiлiну ўбачыла доўгi, нязграбны сiлуэт Анры. Ён быў без шапкi, у спартовага крою куртцы з карычневага цвiду. Рырэта ненавiдзела карычневы колер.

- Вунь ён, Люлю, вунь, - скорагаворкай прамовiла яна.

- Дзе? - спытала Люлю. - Дзе?

Яна была ўсхваляваная не менш за Рырэту.

- Ззаду, на тым тратуары. Цякайма, толькi крый Божа - не азiрайцеся.

Але Люлю азiрнулася.

- Ага, бачу, - сказала яна.

Рырэта паспрабавала пацягнуць сяброўку сiлком, але тая напружылася i як загiпнатызаваная ўперылася ў Анры. Нарэшце яна прамовiла:

- Па-мойму, ён нас заўважыў.

Здавалася, гэта яе вельмi спалохала, яна разам абмякла i паслухмяна паддалася Рырэце.

- Цяпер, Люлю, прашу, - сказала Рырэта, цяжка пераводзячы дых, - дзеля ўсяго святога, не азiрайцеся. На блiжэйшай жа вулiцы павернем направа, гэта будзе Дэлямбр.

Яны шыбавалi на ўвесь дых, расштурхваючы прахожых. Часам Люлю пачынала адставаць i прымушала сябе цягнуць, а потым раптам сама кiдалася наперад i валакла сяброўку. Але не паспелi яны дайсцi да рага вулiцы Дэлямбр, як Рырэта заўважыла за Люлюiнай спiнай высокi карычневы цень; зразумеўшы, што гэта Анры, яна аж затрэслася ад абурэння. Люлю iшла побач, апусцiўшы павекi, што надавала ёй нейкi хiтра-ўпарты выгляд. " Што, наракае цяпер на сваю неабачлiвасць. Але надта позна. Тым горш для яе".

Яны паскорылi хаду, але Анры не адставаў: ён па-ранейшаму моўчкi iшоў следам. Яны прабеглi ўсю вулiцу Дэлямбр i пасунулiся далей - да Абсерваторыi. Рырэта чула, як у Анры парыпваюць падэшвы. Iх ступе, нiбы рэха, туравала роўнае i глухое сапенне: гэта дыхаў Анры (дыханне ў яго заўсёды было шумнае, але не да такой ступенi: вiдаць, каб iх дагнаць, яму давялося бегчы; а можа, ён хрыпеў ад хвалявання).

" Трэба рабiць выгляд, быццам мы яго не заўважаем, - падумала Рырэта. Проста быццам яго няма". Але яна не ўтрымалася i зiрнула на Анры краем вока. Ён быў белы як палатно, павекi ў яго былi настолькi апушчаныя, што здавалася, ён iдзе з заплюшчанымi вачыма. " Чысты самнамбул", - з пэўнай гiдлiвасцю падумала Рырэта. Вусны ў Анры дрыжалi, ад чаго маленькi, напалову адклеены кавалачак ружовага пластыра на нiжняй губе дрыжаў таксама. Рырэта адчувала сябе нiякавата, але баялася яна не Анры - у жыццi яе заўсёды палохалi дзве рэчы: хваравiтасць i нездаровая страсць. Яны ступiлi яшчэ колькi крокаў, i раптам Анры, не гледзячы, паволi выпрастаў руку i ўчапiўся ў Люлюiн локаць. Люлю перакрывiла рот, нiбыта збiраючыся заплакаць, уся перасмыкнулася i вызвалiла руку.

- Ух-ф-ф! - выдыхнуў Анры.

Рырэце жудасна карцела спынiцца: у яе ўжо калола ў баку i ў вушах усё гудзела. Але Люлю перайшла ўжо ледзь не на бег; яна таксама нагадвала самнамбулу. Рырэта нават падумала, што, калi зараз адпусцiць руку i спынiцца, тыя абое так i пойдуць далей - моўчкi, з заплюшчанымi вачыма i бледныя, як мерцвякi.

Раптам Анры сказаў нейкiм дзiўным, сцiснутым хрыпам голасам:

- Вяртайся са мной дадому.

Люлю не адказала, i Анры зноў, тым жа сiпатым голасам i з такою самаю iнтанацыяй, прамовiў:

- Ты мая жонка. Вяртайся дадому.

- Няўжо вы не бачыце, - адказала Рырэта цераз зубы, - яна не хоча вяртацца. Пакiньце яе ў спакоi!

Але Анры, здаецца, не чуў. Ён паўтараў сваё:

- Я твой муж, я хачу, каб ты вярнулася са мной.

- Прашу вас, пакiньце яе ў спакоi, - пiсклявым голасам сказала Рырэта. - У вас нiчога не выйдзе, асаблiва калi будзеце так назаляць. Дайце прайсцi спакойна.

Анры здзiўлена зiрнуў на Рырэту.

- Гэта мая жонка, - сказаў ён, - яна мая, я хачу, каб яна вярнулася са мной.

Ён зноў ухапiў Люлю за руку, i гэты раз яна ўжо не вызвалiлася.

- Iдзiце прэч! - сказала Рырэта.

- Не пайду, я буду хадзiць за ёю паўсюль, я хачу, каб яна вярнулася дадому.

Ён гаварыў праз сiлу. Але раптам скурчыў грымасу i, агалiўшы зубы, крыкнуў на ўсё горла:

- Ты мая!

Некаторыя прахожыя пачалi з усмешкамi азiрацца. Анры тузаў Люлю за руку i рыкаў, як звер, выскаляючы зубы. На шчасце, побач праязджала пустое таксi. Рырэта махнула рукой, i машына спынiлася. Анры спынiўся таксама. Люлю памкнулася была рушыць далей, але яны цвёрда ўтрымалi яе на месцы, кожны за сваю руку.

- Вы павiнны зразумець, - сказала Рырэта, цягнучы Люлю да таксi, - такiм прымусам вам вярнуць яе нiколi не ўдасца.

- Пусцiце яе, пусцiце маю жонку, - сказаў Анры i пацягнуў Люлю ў iншы бок.

Люлю стаяла бязвольная, як ануча.

- Дык вы сядаеце цi не сядаеце, - нецярплiва крыкнуў шафёр.

Рырэта выпусцiла Люлю i пачала дубасiць Анры па руках. Але той, здавалася, не заўважаў. Раптам ён аслабiў хватку i ўтаропiўся на Рырэту дурнымi вачыма. Рырэта таксама глядзела на яго. Ёй было цяжка сабрацца з думкамi, усярэдзiне яна адчувала толькi непрыемную млосць. Некалькi секунд яны стаялi, узiраючыся адно ў аднаго, i аддыхвалiся. Нарэшце Рырэта схамянулася, абхапiла Люлю за стан i ўвапхнула ў таксi.

- Куды едзем? - спытаў шафёр.

Анры падаўся за iмi, каб таксама сесцi ў таксi, але Рырэта з усяе сiлы адштурхнула яго i хутчэй зачынiла дзверцы.

- О! Едзьце, едзьце, - прабалбатала яна шафёру. - Мы пасля вам скажам куды.

Таксi зрушыла, i Рырэта адвалiлася на спiнку сядзення. " Як усё гэта было непрыстойна", - падумала яна. Яна ненавiдзела Анры.

- Мiлая Люлю, куды вы хочаце паехаць? - спытала яна ласкава.

Люлю не адказала. Рырэта абняла яе i зрабiла ўмольны выгляд.

- Ну, што вы, трэба ж адказваць. Хочаце, я завязу вас да П'ера?

Люлю зрабiла невыразны рух, якi Рырэта палiчыла за згоду, i, перагнуўшыся наперад, сказала:

- Вулiца Месiн, адзiнаццаць.

Азiрнуўшыся, Рырэта заўважыла, што Люлю глядзiць на яе нейкiм дзiўным поглядам.

- Якi ж ён... - пачала была Рырэта.

- Ненавiджу вас, - зараўла Люлю, - ненавiджу П'ера, ненавiджу Анры. Што вы да мяне ўсе прычапiлiся? Вы мяне мучыце!

Раптам яна змоўкла, i рысы твару ў яе перакрывiлiся.

- Паплачце, - сказала Рырэта з непарушнаю годнасцю, - паплачце, вам будзе лягчэй.

Люлю перагнулася напалам i зарыдала. Рырэта абхапiла яе рукамi i моцна прыцiснула да сябе. Час ад часу яна пачынала пяшчотна гладзiць сяброўку па валасах, але ўсярэдзiне ў яе ўсё заставалася пагардлiвае i халоднае.

Калi машына спынiлася, Люлю ўжо не плакала. Яна выцерла вочы i напудрылася.

- Прабачце, - сцiпла папрасiла яна, - гэта ўсё нервы. Я проста не магла вынесцi такога яго выгляду. Мне балюча было на яго глядзець.

- Ён нагадваў арангутанга, - прамовiла Рырэта памяркоўным, ужо супакоеным голасам.

Люлю ўсмiхнулася.

- Калi мы сустрэнемся? - спытала Рырэта.

- О! Цяпер толькi заўтра. Вы ж ведаеце, П'ер, аказваецца, праз сваю мацi не можа запрасiць мяне начаваць у сябе. Я буду ў " Тэатральнай" гасцiнiцы. А заўтра можаце прыходзiць з самага ранку. Гадзiне а дзевятай, калi вам не цяжка, бо пасля я збiраюся схадзiць да мамы.

Твар у Люлю быў змярцвела-бледны, i Рырэце падумалася, што гэта проста кашмар, як хутка Люлю ўмее рабiцца зусiм непрыгожай.

- Вы пастарайцеся ўжо сёння болей не хвалявацца.

- Праўда, - сказала Люлю, - я страшэнна стамiлася. Спадзяюся, П'ер не будзе мяне позна затрымлiваць. Але ж ён такi, што нiколi не разумее такiх рэчаў.

Не адпускаючы таксi, Рырэта папрасiла завезцi яе дадому. Па дарозе яна падумала была, цi не схадзiць у кiно, але душа не ляжала. Дома яна скiнула капялюш на крэсла i ступiла да акна. Але адразу адчула, як яе вабiць ложак: ён быў такi белы, такi ласкавы, млявы, у мяккай засенi, што адцяняла на iм кожны выгiн. Кiнуцца на яго, адчуць пяшчотнае казытанне падушкi аб гарачыя шчокi. " Я дужая. Я ўсё зрабiла дзеля Люлю. Я. А цяпер я адна. I нiхто нiчога не зробiць дзеля мяне". Ёй было так шкада сябе, што яна адчула, як да горла падступае слёзны камяк. " Паедуць у Нiцу, i я iх болей не ўбачу. Вось так - я падарыла iм шчасце, а яны нiколi i не ўспомняць мяне. I я застануся тут, i буду працаваць па восем гадзiн, i прадаваць фальшывыя перлы ў краме " Бурма"..." Першыя слязiны пакацiлiся па шчоках, i Рырэта паволi ўпала на ложак. " У Нiцу... паўтарыла яна, залiваючыся гаручымi слязамi, - у Нiцу... да сонца... на Рыв'еру..."

III

" Ф-фэ! "

Чорная ноч. Здаецца, нехта ходзiць па пакоi - нейкi мужчына, у пантофлях. Вось ён вельмi асцярожна пераставiў адну нагу, потым другую, але ўсё роўна не можа, каб падлога трошкi не рыпнула. Цяпер спынiўся i, пасля кароткае цiшынi, зноў, раптам апынуўшыся ў iншым куце, як маньяк, пачынае бадзяцца без мэты. Люлю было холадна, коўдра, якою яна накрылася, была зусiм тонкая. " Ф-фэ! " - гучна прамовiла яна i сама спалохалася свайго голасу.

" Ф-фэ! Я ўпэўненая: ён цяпер запалiў цыгарэту, iдзе па вулiцы i глядзiць на зорнае неба, ён неяк казаў, што яму падабаецца шызае парыжскае неба. Не спяшаючыся вяртаецца дадому, не спяшаючыся: ён казаў, што заўжды пасля гэтага адчувае сябе паэтычна i лёгка, як выдаеная карова; ён пра гэта цяпер i не думае - а я тут ляжу ўся ўквэцаная. Дый чаго здзiўляцца, што ён чысты, сваё паскудства ён пакiнуў тут, у змроку, увесь ручнiк запэцканы i прасцiна таксама, якраз пасярэдзiне ложка, немагчыма нават як след выпрастаць ногi, увесь час адчуваеш на скуры гэтую вiльгаць, ф-фэ, якое паскудства, а ён сабе чысценькi i сухi, я чула, як ён свiсцеў пад акном, калi выйшаў; стаяў там на вулiцы, сухi, свежы, у прыгожай вопратцы, у сваiм дэмiсезонным плашчыку трэба прызнаць, ён умее апранацца, любой жанчыне было б прыемна прайсцiся з iм побач; стаяў пад акном, а я тут ляжала голая ў цемры, i трэслася ад холаду, i абцiрала рукамi жывот, бо мне ўвесь час здавалася, што я ўся яшчэ мокрая. Сказаў: " Я падымуся да цябе на хвiлiнку, толькi зiрнуць, якi ў цябе пакой". А сам праседзеў аж дзве гадзiны. А як ложак рыпеў, якi ж тут паскудны жалезны ложак! Цiкава, i дзе ён толькi знайшоў такую гасцiнiцу? Казаў жа, што правёў тут аднойчы два тыднi, што мне будзе тут добра, але якiя тут iдыёцкiя пакоi, я паглядзела два, дык нiколi такiх маленькiх не бачыла, i ўсё аж напакавана мэбляй; розныя зэдлiкi, канапы, столiкi - i ўсё так i смярдзiць любоўю; не ведаю, жыў ён тут два тыднi цi не, але пэўна, што не адзiн: вiдаць, так ён мяне паважае, што ўсунуў сюды. А як калiдорны хiхiкаў, калi мы пайшлi наверх, па пысе вiдаць - алжырац, ненавiджу гэтых тыпаў, яны мяне палохаюць, так i зырацца мне на ногi, а гэты, напэўна, вярнуўся ў свой заканурак i падумаў: " Ужо, вiдаць, пачалi", - i панавыдумляў сабе рознага пахабства, яны ж, мусiць, робяць са сваiмi жанчынамi чорт ведае што; калi да такiх трапiш, на ўсё жыццё застанешся крывая; пакуль П'ер да мяне прыставаў, я толькi пра гэтага алжырца i думала - як ён думае, чым я займаюся, i ўяўляе сабе ўсякую найжудаснейшую брыду, якую толькi можна ўявiць. Але ж нехта ў гэтым пакоi ходзiць! "

Люлю затаiла дыханне, i рып амаль адначасна сцiх. " Усё цяпер балiць памiж ног, увесь час свярбiць i пячэ, нават плакаць хочацца, i так цяпер будзе кожную ноч, апроч хiба заўтрашняй, таму што заўтра мы будзем у цягнiку". Люлю закусiла губу i перасмыкнулася, прыгадаўшы, як енчыла. " Няпраўда, не енчыла я, проста трошкi мацней за звычайнае дыхала, таму што ён такi цяжкi, што як навалiцца на мяне, дык у мяне аж дыханне займае. Як ён сказаў: " Ты енчыш, табе прыемна", - цярпець не магу, калi пры гэтым яшчэ размаўляюць: калi робiш гэта, трэба забыцца, а гэты без перапынку толькi i балбоча рознае свiнства. Я не енчыла: па-першае, я не магу атрымлiваць задавальнення - гэта факт, так нават доктар казаў, - хiба што толькi калi зраблю сабе сама. А ён не хоча мне верыць, яны ўсе не хочуць гэтаму верыць, толькi кажуць: " Гэта таму, што табе зрабiлi няправiльна першы раз, але я табе пакажу, што такое сапраўдная асалода", - я iм нават ужо не пярэчу, я ж ведаю, чаму ў мяне так - усё праз фiзiялогiю; а iх гэта крыўдзiць".

На лесвiцы пачулiся крокi. " Нехта вяртаецца. Крый Божа, каб толькi гэта быў не ён. Бо ён на такое здольны - калi яго раптам зноў апануе жаданне. Не, не ён, у гэтага хада цяжэйшая, - а можа? - Сэрца ў грудзях у Люлю аж падскочыла. - Можа, гэта алжырац? Ён жа ведае, што я адна. Зараз пастукае ў дзверы. Не магу, не магу болей гэтага вытрываць! Не, гэта паверхам нiжэй, нейкi тып вярнуўся ў свой нумар, совае ключ у шчылiну, а як корпаецца, ды ён зусiм п'яны, цiкава, i хто толькi жыве ў гэтай гасцiнiцы, вясёленькая, вiдаць, публiка; надвячоркам сустрэла тут адну рыжую, на лесвiцы, - вочы, як у наркаманкi. Я не енчыла! Натуральна, ён мяне ўрэшце ўзбудзiў - столькi цiскаць, ён гэта ўмее; цярпець не магу гэтых умельцаў, далiбог, згадзiлася б лепей спаць з бязвiнным i неспрактыкаваным. А ў гэтых рукi адразу так i лезуць туды, куды трэба, i лашчаць, i цiскаюць, паволi, не моцна... лiчаць вас за нейкi iнструмент, i яшчэ ганарацца, што ўмеюць на iм iграць. Ненавiджу, калi мяне ўзбуджаюць, тады ў горле ўсё сохне i робiцца страшна, а ў роце нейкi дурны смак. У мяне тады такое пачуццё, быццам мяне прынiзiлi, - яны ж лiчаць, што ўладараць над вамi; П'еру дык я гатовая проста па пысе даць, калi ён з такiм самазадаволеным выглядам кажа: " У мяне свая тэхнiка". Божа, i падумаць толькi, што ўсё жыццё - гэта i ёсць: i прыбiраюцца, i мыюцца, i стараюцца выглядаць прыгажэй - усё дзеля гэтага, i раманы ўсе пра гэта напiсаны, i думаюць пра гэта ўвесь час, а ўрэшце - вось да чаго ўсё зводзiцца; iдзяце з нейкiм тыпам у пакой, ён вас там напалову прыдушвае, а ў канцы яшчэ пэцкае вам жывот. Як хочацца спаць! Хоць бы крыху прыкархнуць - заўтра ж ехаць цэлую ноч; зусiм буду змэнчаная. А хочацца быць трошкi свежай, каб прагуляцца пасля па Нiцы; кажуць, там вельмi прыгожа - маленькiя iтальянскiя вулачкi, каляровая бялiзна сушыцца на сонцы; вазьму з сабой мальберт i буду маляваць, а маленькiя дзяўчынкi будуць падбягаць i глядзець, што я раблю. Брыдота! (Яна крыху зварухнулася i адчула сцягном мокрую пляму на прасцiне.) Вязе мяне туды, каб толькi гэтым i займацца. Нiхто, нiхто мяне не любiць. I гэты - iшоў побач, мне ўжо так было, што ўжо прытомнасць была гатовая страцiць, усё чакала ад яго пяшчотнага слова, каб сказаў: " Я кахаю цябе", - ну, вядома, я з iм не вярнулася б, але сказала б што-небудзь прыемнае, разышлiся б сябрамi, а так чакала, чакала, ну, узяў мяне за руку - я нават не вырывала, - а Рырэта як раззлавалася; i няпраўда, што ён быў падобны да арангутанга, я так i падумала, што ў яе што-небудзь такое ў галаве, толькi i крывiлася на яго сваiмi гiдзенькiмi вочкамi, проста дзiва, якая яна часам бывае злосная, але ўсё роўна - калi ён схапiў мяне за руку, я i не падумала супрацiўляцца, галоўнае зусiм не ў гэтым - яму патрэбна была не я, яму патрэбна была яго жонка, бо ён са мной ажанiўся i лiчыць сябе маiм мужам; заўсёды мяне прынiжаў, толькi i даводзiў, што, маўляў, разумнейшы, ну, i сам цяпер вiнаваты, няма чаго было ставiцца да мяне так пагардлiва, можа, я з iм яшчэ i засталася б. Я нават упэўненая, што ён i не шкадуе, i не плача - толькi злуецца, i ўсё, а сам нават радуецца: цяпер жа ў яго ўвесь ложак, можа нарэшце выпрастаць свае даўжэзныя ногi. Як бы я хацела памерцi! Вось толькi баюся, каб ён не падумаў пра мяне блага: я ж нiчога не магла растлумачыць - побач была Рырэта i ўсё толькi i балбатала, i балбатала, як нейкая iстэрычка. Цяпер можа радавацца; ганарыцца, напэўна, - якая яна была смелая, быццам з Анры гэта так цяжка: ён цiхi, як бязвiннае ягнятка. Вось пайду! Не могуць жа яны мяне прымусiць кiнуць яго, як сабаку". Яна саскочыла з ложка i запалiла святло. " Так, панчохi, камбiнацыю i досыць". Яна так спяшалася, што нават не падумала прычасацца. " Паглядзяць на мяне i не здагадаюцца, што пад палiто нiчога няма, яно ж у мяне доўгае, да самых чаравiкаў. Чорт, яшчэ ж гэты алжырац, - яна знерухомела i адчула, як тахкае сэрца. - Давядзецца яго пабудзiць, каб адчынiў". Па-воўчы ступаючы хоць кожная прыступка ўсё роўна непрыемна рыпала, - яна спусцiлася ўнiз i пастукала ў акенца канторкi.

- Што там? - прамармытаў алжырац.

У яго былi ружовыя вочы i ўскудлачаныя валасы, выглядаў ён зусiм не страшным.

- Адчынiце мне дзверы, - суха сказала Люлю.

Праз пятнаццаць хвiлiн яна ўжо званiла ў Анрыеву кватэру.

- Хто там? - цераз дзверы спытаў Анры.

- Гэта я.

" Не адказвае, не хоча мяне пускаць, а я буду грукаць, пакуль не адчынiць, Нiдзе не дзенецца, пабаiцца суседзяў". Праз хвiлiну дзверы крыху адчынiлiся, i ў шчылiне ўзнiк бледны Анры з чырвонай скулай на носе. Ён быў у пiжаме. " Не спаў", - з пяшчотай падумала Люлю.

- Я не хацела ад'язджаць, не пабачыўшыся з табою.

Анры па-ранейшаму маўчаў. Крыху адштурхнуўшы яго, Люлю ўвайшла. " Якi цяльпук, заўсёды на яго натыкаешся: стаiць, глядзiць сваiмi круглымi вачыма i рукi звесiў, не ведае, куды сунуць сваё цела. Давай-давай, маўчы, я ж бачу, што ты ўсхваляваны, няздольны слова сказаць". Анры стаяў, сiлячыся праглынуць слiну. Люлю давялося самой зачынiць дзверы.

- Я хачу, каб мы рассталiся сябрамi, - сказала яна.

Анры разявiў рот, нiбыта збiраючыся нешта сказаць, але раптам павярнуўся i пабег прэч. " Чаго гэта ён? " Люлю не адважвалася пайсцi следам. " Ён што плача? " Раптам яна пачула, як Анры кашляе: ён быў у прыбiральнi. Калi ён нарэшце выйшаў, Люлю кiнулася яму на шыю i пацалавала ў вусны: з рота пахла ванiтамi. Люлю голасна зарыдала.

- Мне холадна, - прамармытаў Анры.

- Хадзем у ложак, - праз слёзы сказала Люлю, - я магу застацца да ранiцы.

Яны леглi, але Люлю па-ранейшаму душылi рыданнi: яна зноў убачыла сваю спальню, свой добры, свой чысты ложак i гэты чырвоны водблiск у акне. Яна чакала, што Анры яе зараз абдыме, але той, здаецца, не думаў: ён ляжаў, выпрастаўшыся на ўвесь рост, нiбы кол праглынуў. " Вось ён такi напружаны, калi гамонiць з якiм-небудзь швейцарцам". Яна ўзяла абедзвюма рукамi яго галаву i пiльна зiрнула ў твар. " Ты чысты, чысты, ты чысты". Анры заплакаў.

- Якi я няшчасны, - сказаў ён, - я яшчэ нiколi не быў такi няшчасны.

- I я таксама, - сказала Люлю.

Яны доўга плакалi. Нарэшце яна пагасiла святло i паклала галаву яму на плячо. " Каб мы заўсёды маглi так ляжаць: чыстыя i журботныя, як двое сiротак; але гэта немагчыма, так у жыццi не бывае". Жыццё - гэта быў гiганцкi вал, якi мусiў абрынуцца на Люлю i выдраць яе з рук у Анры. " Твае рукi, твае вялiкiя рукi. Ён ганарыцца iмi, таму што яны ў яго вялiкiя. Кажа, што ў нашчадкаў старажытнага роду заўсёды доў

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
В гостиной Фрейдов, в тот же день. | Детство хозяина
Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.068 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал