Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Герастрат
Жан-Поль Сартр Пераклаў Змiцер Колас Людзi... На iх трэба глядзець з вышынi. Я гасiў святло i прыстройваўся каля акна: у iх нават i ў думках не было, каб нехта мог за iмi сачыць зверху. Яны клапоцяцца адно пра фасад, ну, часам яшчэ пра задворкi, але ўсё iх старанне разлiчана ўрэшце на гледача ў метр семдзесят. Цi задумваўся калi хто-небудзь з iх, як выглядае фетравы капялюш з сёмага паверха? Яны чамусьцi зусiм не дбаюць, каб абаранiць свае плечы i чарапкi кiдкiмi колерамi цi яркай тканiнай, яны не ўмеюць змагацца з гэтым вялiкiм ворагам Чалавечага: вертыкальнаю перспектывай. Я высоўваўся з акна, i мяне разбiраў смех: ну, дзе яна, дзе гэтая iх славутая " пастава ўрост", якой яны так ганарацца: яны проста расплюшчвалiся аб ходнiкi, i з-пад плечаў у iх плазам высоўвалiся толькi доўгiя ногi. На балконе сёмага паверха, вось дзе мне трэба было б пражыць усё жыццё. Бо маральная перавага заўсёды павiнна быць падмацаваная нейкiмi матэрыяльнымi сiмваламi, iначай - яна проста знiкае. Якая ж, урэшце, перавага над людзьмi была ў мяне? Перавага ў пазiцыi - болей нiчога: я паставiў сябе па-над тым чалавечым, што было ўва мне, i пачаў яго разглядаць. Менавiта таму мяне заўсёды вабiлi вежы сабора Нотр-Дам, пляцоўкi агляду на Эйфелевай вежы, царква Сакрэ-Кёр, мой сёмы паверх на вулiцы Дэлямбр. Усё гэта - цудоўныя сiмвалы. Часам, вядома, даводзiлася спускацца на вулiцу. Каб схадзiць на працу, напрыклад. Я задыхаўся. Калi бачыш людзей на адным з iмi ўзроўнi, iх намнога цяжэй лiчыць за мурашак: яны кранаюць. Аднойчы я ўбачыў на вулiцы мерцвяка. Ён ляжаў нiцма. Яго перавярнулi, i аказалася, што ён у крывi. Я ўбачыў яго расплюшчаныя вочы, нейкi незразумелы выраз на твары, якi невядома пра што казаў, i ўсю гэтую кроў. Я стараўся сябе пераканаць. " Ну i што, - думаў я, усё гэта хвалюе не болей за свежую фарбу. Ён проста ўквэцаў сабе нос у чырвонае, вось i ўсё". Але потым я адчуў нейкую паскудную млявасць у нагах i ў патылiцы i самлеў. Мяне зацягнулi ў аптэку, пачалi тузаць за плечы i прымусiлi глынуць спiрту. Я быў гатовы ўсiх забiць. Я ведаў, што яны мае ворагi, але ж яны - яны гэтага не ведалi. Яны любiлi адзiн аднаго i заўсёды трымалiся разам, локаць да локця; яны i мне часам дапамагалi - у тым, у сiм: яны ж лiчылi мяне за свайго, да iх падобнага. Але каб яны здолелi здагадацца хоць пра сама маленькую крыху праўды - яны б мяне скамiсавалi. Дарэчы, пазней яны так i зрабiлi. Калi спаймалi i даведалiся, хто я. Яны сцерлi мяне на дробны мак, бiлi ў камiсарыяце цэлыя дзве гадзiны, малацiлi кулакамi i давалi поўхi, выкручвалi рукi, раздзерлi ў шмоцце нагавiцы, а пасля, каб было чым закончыць, кiнулi на падлогу мае акуляры, i пакуль я iх шукаў, на карачках, бiлi мяне нагамi пад заднiцу i рагаталi. Я заўсёды прадбачыў, што гэтым скончыцца - мяне скамiсуюць: я ж не дужы i абаранiць сябе не магу. А некаторыя ўжо даўно на мяне палявалi: бамбiзы. Яны штурхалi мяне на вулiцы - каб пасмяяцца i каб пабачыць, што я буду рабiць. А я маўчаў. Я рабiў выгляд, што не разумею. I ўсё роўна - папаўся. Нездарма, вiдаць, ува мне заўсёды жыў гэты страх: гэта было прадчуванне. Зрэшты, вы, вядома, разумееце, што ў мяне былi i намнога сур'ёзнейшыя прычыны iх ненавiдзець. А што да страху, дык усё пайшло намнога лепей з таго дня, як я купiў сабе рэвальвер. Дарэчы, калi ўвесь час носiш пры сабе якую такую штучку, якая можа выбухнуць цi нарабiць грукату, дык сапраўды адчуваеш сябе неяк мацнейшым. I вось я кожную нядзелю браў яго з сабой, соваў проста ў нагавiцы, у кiшэню, i iшоў прагуляцца - звычайна на бульвары. Я адчуваў, як ён адцягвае мне нагавiцы, што той краб, як халодзiць металам сцягно. Але пакрысе ад дотыку з целам ён саграваўся. Хада ў мяне была трошкi ненатуральная, збоку я, вiдаць, нагадваў тыпа, у якога пачалася эрэкцыя i чэлес кожны раз замiнае яму вольна ступiць. Тады я соваў руку ў кiшэню i папраўляў гэтую рэч. Часам я заходзiў у прыбiральнi - але, вядома, i там я быў таксама ўважлiвы, бо часта побач можа быць нейкi сусед, - я вымаў рэвальвер, узважваў яго ў руцэ i разглядаў яго дзяржанне з чорнымi краткамi i чорны курок, падобны на прыплюшчанае павека. А тыя, хто бачыў звонку мае расстаўленыя ногi i нiз калашын, думалi, што я мачуся. Але я - нiколi не мачуся ў публiчных прыбiральнях. А аднойчы мне прыйшла ў галаву думка пастраляць у людзей. Гэта было суботнiм вечарам, калi я збiраўся да Леi - адной бландзiнкi, якая заўсёды цiкуе перад гатэлем на вулiцы Манпарнас. Мiж iншым, я нiколi не меў iнтымных сувязяў з нiводнай жанчынай: я ўпэўнены, што пасля адчуў бы сябе толькi абрабаваным. Вядома, на iх залазiш зверху, але ж потым яны праглынаюць сваiм вялiзным валасатым ротам тое, што ў вас пад жыватом, i мяркуючы па тым, што я чуў, якраз яны ў такiм абмене i выйграюць - i выйграюць многа. А я нiчога нi ў кога не прашу, i сам аддаваць нiчога не збiраюся. Прынамсi, каб я i рашыўся займець каханку, яна павiнна была б быць жанчынай фрыгiднаю i пакорлiваю i такой, каб пераносiла мяне з гiдлiвасцю. У першую суботу кожнага месяца я падымаўся з Леяй у нумар у гатэлi " Дзюкэн". Яна распраналася, i я разглядаў яе, не дакранаючыся. Здаралася, што яно выходзiла неяк само, проста ў нагавiцах, але часам я раней паспяваў вярнуцца дадому. У той вечар Леi на звычайным месцы не было. Я крыху пачакаў, але так яе i не ўбачыўшы, вырашыў, што яна, вiдаць, захварэла. Тады быў пачатак студзеня i было вельмi холадна. Я быў расчараваны: я ўвогуле чалавек уражлiвы, а тады, ужо загадзя, я так жыва ўявiў сабе асалоду, якую павiнен атрымаць ад гэтага вечара. Праўда, на вулiцы Адэсы была яшчэ адна шлюха - брунетка, якую я даўно запрыкмецiў, - крыху пераспелая, але такая дзябёленькая i пухлявая; дый я ўвогуле нiколi не гiдзiўся пераспелымi: яны, калi распрануцца, па-мойму, выглядаюць яшчэ больш гола, чым iншыя. Але тая не ведала, якiя ў мяне ўмовы, i мне было крыху сорамна выкласцi ёй усё вось так - адразу з парога. Дый потым, я не надта давяраю розным новым знаёмствам: гэтыя бабы могуць схаваць у сябе за дзвярыма якогась паскуднiка, а потым, калi ўсё гатова, гэты тып раптам выскачыць i забярэ ў вас усе вашыя грошы. I лiчыце, што пашанцавала, калi яшчэ не надае кухталёў. Але ў той вечар на мяне найшла чорт ведае якая адвага. Я вырашыў зайсцi дадому па рэвальвер i потым паспрабаваць-такi з гэтай брунеткай. Калi чвэрткай гадзiны пазней я падыходзiў да яе, маючы сваю зброю ў кiшэнi, я ўжо не баяўся нiкога. Пры поглядзе зблiзу яна паказалася нейкай няшчаснай i нечым нагадала маю суседку з дома насупраць, ад'ютантаву жонку. Я быў задаволены: я даўно ўжо хацеў пабачыць гэтую ад'ютанцiху галяком. Ранiцай, калi ад'ютант выпраўляўся на службу, яна апраналася пры адчыненых вокнах, i я часта хаваўся ў сябе за фiранкай, спадзеючыся яе заспець. Але яна, на жаль, прыбiралася ў глыбiнi пакоя. У гатэлi " Стэла" са свабодных нумароў заставаўся толькi адзiн - на пятым паверсе. Мы рушылi ўгору. Брунетка была даволi грузная i ледзь не на кожнай прыступцы спынялася, каб аддыхацца. Што да мяне, дык я адчуваў сябе выдатна: нягледзячы на свой жывот, я зусiм не пацею, i каб задыхацца, пяцi паверхаў мне мала. Калi мы дайшлi да пляцоўкi на пятым паверсе, яна спынiлася i, з цяжкасцю пераводзячы дых, прыцiснула правую руку да сэрца. У левай у яе быў ключ. - Высока, - сказала яна i паспрабавала мне ўсмiхнуцца. Я нiчога не адказаў, забраў у яе ключ i адчынiў дзверы. Потым, не вымаючы рэвальвера з кiшэнi, выставiў яго руляй наперад i адпусцiў толькi тады, калi запалiў святло. У пакоi было пуста. На мыйнiцы ляжаў пакладзены iмi маленькi квадратны кавалачак зялёнага мыла - каб было чым памыцца. Я ўсмiхнуўся: са мной ва ўсiх iх бiдэ ды квадратных кавалачках мыла нiякай патрэбы няма. Кабета ў мяне за спiнай яшчэ шумна дыхала, гэта мяне распаляла. Я павярнуўся, i яна пацягнулася да мяне губамi. Я яе адштурхнуў. - Распранайся, - сказаў я. У пакоi быў мяккi фатэль, я сеў i прымасцiўся як мага ўтульней. У такiя моманты я заўсёды шкадую, што не навучыўся палiць. Кабета зняла сукенку, потым спынiлася i скiнула на мяне недаверлiвым вокам. - Як цябе завуць? - спытаў я, адкiдваючыся ў фатэлi. - Рэне. - Дык вось, Рэне, ты давай хутчэй, я чакаю. - А ты што - не распранаешся? - Ты давай, давай, - сказаў я, - пра мяне можаш не клапацiцца. Яна скiнула да ног майткi, потым падабрала i акуратна паклала на сукенку разам са станiкам. - А ты, аказваецца, маленькi пракуда, мой даражэнькi? Бач ты, якi гультай, - сказала яна. - Хочаш, каб усё за цябе зрабiла твая дзяўчынка? Адначасова яна падышла i, абапершыся рукамi на падлакотнiкi, з цяжкасцю паспрабавала прымасцiцца ў мяне памiж ног на кукiшкi. Але я сурова яе падняў. - Ну-ну, без гэтага, без гэтага, - сказаў я. Яна зiрнула на мяне са здзiўленнем. - Але тады што ж ты хочаш, каб я табе зрабiла? - Нiчога. Пахадзi, гуляй, болей я ад цябе нiчога не патрабую. Яна пачала хадзiць туды-сюды па пакоi. Выгляд у яе быў нязграбны. Увогуле, нiчога больш так не прыгнятае жанчын, як хадзiць галяком. Яны зусiм не прызвычаеныя ставiць ступакi плазам. Шлюха хадзiла, выгнуўшы спiну, са звiслымi, як дзве вяроўкi, рукамi. Што да мяне - я быў на сёмым небе: вы ўявiце сабе - я спакойненька сяджу сабе ў фатэлi, зашпiлены пад самае горла (я нават не зняў пальчатак), а гэтая пераспелая паня, цалкам раздзеўшыся па маiм загадзе, круцiцца вакол, як ваўчок. Яна павярнулася да мяне тварам i, каб захаваць прыстойнасць, какетлiва ўсмiхнулася: - Ты лiчыш, што я прыгожая? Га? Лашчыш вока? - Цябе гэта вельмi турбуе? - Слухай, - спытала яна раптам абураным голасам, - i доўга ты хочаш, каб я так хадзiла? - Сядзь. Яна села на ложак, i мы моўчкi ўтаропiлiся адно на аднаго. У яе была гусiная скура. Было чуваць, як за сцяной тукае будзiльнiк. Раптам я сказаў: - Развядзi ногi. На нейкую долю секунды яна завагалася, але развяла. Я зiрнуў ёй памiж ног i пацягнуў носам паветра. I потым мяне разабраў смех, я зарагатаў - так моцна, што на вочы набеглi слёзы. Я адно паспеў ёй сказаць: - Ды ты хоць сабе ўяўляеш? I зноў пакацiўся ад смеху. Яна паглядзела на мяне неяк аслупянела, потым густа пачырванела i сцiснула каленi. - Поскудзь, - працадзiла яна праз зубы. Але я зарагатаў яшчэ болей. Тады яна рэзка падскочыла i схапiла з крэсла свой станiк. - Гэй, ну, - сказаў я, - яшчэ не ўсё скончана. Я дам табе пяцьдзесят франкаў, але за свае грошы я ўсё-ткi хачу нешта мець. Яна знервавана схапiла майткi. - З мяне досыць, зразумеў? Я не ведаю, што табе яшчэ трэба. I калi ты прымусiў мяне падняцца, каб тут здзекавацца з мяне... Тады я выняў свой рэвальвер i выставiў перад ёю. Яна сур'ёзна зiрнула на мяне i моўчкi выпусцiла з рук майткi. - Пахадзi, - сказаў я, - гуляй. Яна гуляла яшчэ пяць хвiлiн. Тады я даў ёй свой кiй i прымусiў з iм пазабаўляцца. Калi я адчуў, што майткi ў мяне змакрэлi, я ўстаў i працягнуў ёй банкноту ў пяцьдзесят франкаў. Яна ўзяла. - Да пабачэння, - сказаў я, - спадзяюся, за такую цану я не вельмi цябе натамiў. Я пайшоў, пакiнуўшы яе голую пасярод пакоя, са станiкам у адной руцэ i пяцiдзесяцiфранкавай банкнотай у другой. Я не шкадаваў сваiх грошай: я яе ашаламiў, а такую пароду, як шлюхi, здзiвiць вельмi няпроста. Спускаючыся па лесвiцы, я падумаў: " Вось чаго б мне хацелася - здзiвiць iх усiх". Я радаваўся, як дзiця. З пакоя я прыхапiў з сабой кавалачак зялёнага мыла i, вярнуўшыся дахаты, доўга цёр яго пад цёплай вадой, пакуль ён не абярнуўся пад пальцамi ў танюткую плеўку, падобную да мятнага ледзяша, якi вельмi доўга смакталi. Але ўначы я раптам прачнуўся i ўбачыў яе твар, i вочы, якiмi яна глядзела, калi я выняў гэтую штуку, i яе тлусты жывот, што падскокваў пры кожным кроку. Якi ж я быў дурань, сказаў я сабе. I адчуў горкiя згрызоты: пакуль я быў там, я павiнен быў стрэлiць, прадзiравiць гэты жывот, як друшляк. Гэтаю ноччу i яшчэ тры ночы пасля мне ўвесь час снiлiся шэсць маленькiх чырвоных дзiрачак вакол пупа. З таго часу я ўжо болей не выходзiў без рэвальвера. Я разглядаў у людзей спiны i па хадзе стараўся ўявiць, як бы яны ўпалi, каб я ў iх стрэлiў. У мяне тады ўзнiкла прывычка кожную нядзелю хадзiць да " Шатле" i чакаць заканчэння канцэрта класiчнай музыкi. Недзе каля шостай гадзiны я чуў званок, бiлецёркi адчынялi вялiкiя зашклёныя дзверы i замацоўвалi iх кручкамi. I тут пачыналася: натоўп выходзiў паволi; людзi iшлi, нiбы плылi, з вачыма, яшчэ поўнымi кроз, i сэрцамi, яшчэ поўнымi салодкiх пачуццяў. Многiя здзiўлена азiралiся вакол: вулiца, напэўна, здавалася iм нейкаю шызаю. I тады яны загадкава ўсмiхалiся: нiбыта вярталiся з нейкага iншага свету ў гэты. А ў гэтым iх чакаў я. Я соваў правую руку ў кiшэню i з усяе сiлы сцiскаў дзяржанне рэвальвера. Праз нейкi час я ўжо наяве бачыў, як пачынаю ў iх страляць. I яны сыпалiся, як гарох, падалi адзiн на аднаго, а тыя, хто выжыў, у панiцы кiдалiся назад у тэатр, у штурханiне разбiваючы ўшчэнт зашклёныя дзверы. Гэтая гульня мяне вельмi ўзбуджвала: урэшце ў мяне пачыналi дрыжаць рукi, i каб супакоiцца, я быў вымушаны iсцi да Дэера выпiць порцыю каньяку. Жанчын бы я не забiваў. Я страляў бы iм у заднiцу. Цi па лытках - хай бы паскакалi. На той час я нiчога яшчэ канчаткова не вырашыў. Але размеркаваў рабiць усё так, нiбы рашэнне прынятае. Перш за ўсё я пачаў з уладжвання розных пабочных дробязяў. Хадзiў практыкавацца ў тыр на кiрмашы Данфер-Рашро. Праўда, мiшэнямi сваiмi не магу пахвалiцца, але ж людзi - намнога лепшыя цэлi, асаблiва калi страляць ва ўпор. I апроч таго - я заняўся самарэкламай. Я выбраў дзень, калi ўсе мае калегi сабралiся ў канторы. Гэта было ранiцай у панядзелак. Я быў з iмi падкрэслена прыязны - з прынцыпу, хоць мне рабiлася пагана пры адной толькi думцы, што iм трэба будзе пацiскаць рукi. Каб павiтацца, яны здымалi пальчаткi, прычым у iх была нейкая пахабная манера распранаць руку - спачатку яны задзiралi пальчатку i потым паволi сцягвалi яе, торгаючы за пальцы i выстаўляючы напаказ галiзну пакамечанай зморшчынкамi тлустай далонi. Я пальчатак не здымаў нiколi. Ранiцай па панядзелках рабiць асаблiва няма чаго. Машынiстка з гандлёвага аддзела прынесла нам тады квiткi ад рахункаў. Лёмэрсье далiкатна з ёю пажартаваў, i потым, калi яна выйшла, яны са скептычнаю кампетэнтнасцю пачалi абмяркоўваць яе вартасцi. Потым загаманiлi пра Лiндберга. Лiндберг усiм падабаўся. I я сказаў: - А я дык, напрыклад, люблю чорных герояў. - Гэта што - мурынаў? - спытаўся Масэ. - Не, чорных - у тым жа сэнсе, што чорная магiя. Лiндберг - светлы герой. Ён мяне не цiкавiць. - Ага, - з'едлiва прамовiў Буксэн, - спачатку паспрабавалi б самi, цi лёгка пераляцець Атлантыку. Я растлумачыў iм, як сабе разумею чорнага героя. - Анархiст, - падсумаваў Лёмэрсье. - Не, - мякка адмовiўся я, - анархiсты таксама па-свойму любяць людзей. - Ну, значыць, увогуле нейкi вар'ят. У гэты момант слова ўзяў Масэ, якi больш за iншых разумеў у лiтаратуры. - Я ведаю, якi тып вы мелi на ўвазе, - сказаў ён. - Яго звалi Герастрат. Яму вельмi карцела праславiцца, i ён не знайшоў нiчога лепшага, як падпалiць Эфескi храм, адно з сямi дзiвосаў свету. - А як звалi архiтэктара храма? - Не памятаю, - прызнаўся Масэ, - па-мойму, яго iмя наогул невядомае. - Няўжо? А iмя Герастрата вы, значыць, памятаеце? Як бачыце, яго разлiк быў не такi ўжо благi. На гэтых словах размова скончылася, але я быў спакойны: прыйдзе час, i яны яе ўспомняць. Што да мяне, дык гiсторыя з Герастратам, пра якога я раней нiчога не чуў, мяне падбадзёрыла. Больш за дзве тысячы гадоў мiнула з таго часу, як ён памёр, а яго ўчынак яшчэ зiхцеў, як чорны алмаз. Я пачынаў верыць, што лёс у мяне будзе кароткi i трагiчны. Спачатку гэта мяне спалохала, але потым я прызвычаiўся. Вядома, калi паглядзець на гэтае пытанне з пэўнага пункту, яно здаецца пачварным, але з iншага боку - гэта надае кожнаму iмгненню нейкую асаблiвую сiлу i прыгажосць. Калi я выходзiў цяпер на вулiцу, я адчуваў ва ўсiм целе незвычайную моц. Я заўсёды меў пры сабе рэвальвер, тую самую штучку, што выбухае i робiць грукат. Але ўпэўненасцi мне цяпер надаваў не ён, я сам быў яе вытокам: я ўваходзiў у тую пароду iстот, што самi па сабе рэвальверы, петарды i бомбы. I аднойчы на астатнiм крэсе свайго змрочнага жыцця, я мусiў выбухнуць i асвяцiць увесь свет кароткiм i зыркiм полымем, падобным да ўспышкi магнiю. У той час некалькi ночаў запар мне снiўся аднолькавы сон. Я бачыў сябе анархiстам, што стаiць на дарозе, дзе павiнен праехаць цар. Пад вопраткаю ў мяне хавалася пякельная машынка. У вызначаны час картэж паяўляўся, бомба выбухала, i мы ўзляталi ў паветра - я, цар i тры абвешаныя золатам афiцэры - на вачах у ўсяго натоўпу. Цэлымi тыднямi цяпер я не хадзiў у кантору. Я гуляў па бульвары, сярод маiх будучых ахвяр, цi зачыняўся ў пакоi i абдумваў планы. У пачатку кастрычнiка мяне звольнiлi. Тады ўвесь вольны час я прысвяцiў складанню лiста, якi перапiсаў у ста двух экземплярах: " Пане, Вы вядомы пiсьменнiк, i вашыя творы выходзяць трыццацiтысячнымi тыражамi. I я скажу вам - чаму: таму, што вы любiце людзей. Гуманiзм сядзiць у вас у крывi, i гэта вялiкая ўдача. У вас святлее душа, калi вы ў кампанii. Як толькi вы бачыце падобнага да сябе, вы, нават яго не ведаючы, ужо адчуваеце да яго спагаду. Вам прыемна бачыць само яго цела, i тое, як яно зладжана, i якiя ў яго ногi, i што iх можна свабодна расставiць цi звесцi, i асаблiва - рукi: вам падабаецца, што на iх на кожнай ёсць па пяць пальцаў i што вялiкiм можна дастаць другiя. Вы адчуваеце нейкую асаблiвую асалоду, калi ваш сусед бярэ са столiка шклянку, бо ў самой гэтай манеры браць ёсць нешта чыста чалавечае, тое, што вы так часта апiсвалi ў сваiх творах, - не такое спрытнае i не такое хуткае, як у малпы, але - цi ж не праўда? - настолькi болей разумнае, iнтэлiгентнае. Вам падабаецца нават плоць чалавека, нават яго манера ступаць нiбы ў цяжкапараненага, што аднаўляе страчаныя iм функцыi, гэты яго выгляд, з якiм ён нiбыта пры кожным кроку нанава выдумляе хаду, - ну i, вядома, яго славутыя вочы, погляд якiх не можа вытрываць звер. Менавiта таму вам было так лёгка знайсцi той адпаведны тон, каб расказаць чалавеку пра чалавека, - крыху сарамлiвы, але заўзяты i палкi. Людзi кiдаюцца на вашыя кнiгi, як на ласунак, чытаюць iх ва ўтульных фатэлях, думаюць пра тую вялiкую, няшчасную i цiхую любоў, што вы iм несяце, i гэта iх шмат у чым супакойвае - у тым, што яны брыдкiя, у тым, што яны подлыя i баязлiвыя, што iм настаўляюць рогi i з першага студзеня не павялiчылi жалавання. I пра ваш апошнi раман кожны з задавальненнем кажа: гэта добры ўчынак. Вам, я думаю, будзе цiкава даведацца, што можа быць чалавек, якi не любiць людзей. Дык вось, гэты чалавек - я, i я настолькi iх мала люблю, што зараз пайду i заб'ю недзе з паўтузiна. Вы, напэўна, падумаеце: чаму толькi паўтузiна? Ды таму, што ў маiм рэвальверы ёсць толькi шэсць набояў. Вось жа якая пачварная жудасць, праўда? I апроч таго - учынак, якi не мае нiякага дачынення да палiтыкi? Але ж я вам кажу: я не магу iх любiць. Я выдатна разумею, што вы адчуваеце. Але тое, што вас у iх вабiць, - ува мне выклiкае агiду. Як i вы, я, вядома, бачыў людзей, якiя з вялiкаю годнасцю i дасведчанасцю жавалi свой харч, гартаючы левай рукой эканамiчны часопiс. Але цi ж мая вiна, што я з большай ахвотай прысутнiчаў бы на трапезе марскiх коцiкаў? Чалавек нiчога не можа зрабiць з сваiм тварам, каб гэта адразу не абярнулася гульнёю фiзiяномii. Калi ён жуе, не разяўляючы рота, куточкi губ у яго падымаюцца i апускаюцца, i гэта надае яму такi выгляд, нiбы ён безупынку пераходзiць ад стану цiхамiрнае супакоенасцi да плаксiвага здзiўлення. Вам гэта падабаецца, я ведаю, вы называеце гэта пiльнасцю Розуму. А мяне праз гэта нудзiць - я i сам не разумею чаму; такi ўжо я нарадзiўся. Каб памiж намi была толькi гэтая рознiца ў гусце, далiбог, я б вам не дакучаў. Але ж усё паварочваецца так, нiбы на вас ляжыць нейкая боская ласка, а ў мяне яе наогул няма. Я вольны любiць цi не любiць гамара па-амерыканску, аднак калi я не люблю людзей - я астатнi нягоднiк i мне няма месца пад сонцам. Яны захапiлi сабе ўвесь сэнс жыцця. Спадзяюся, вы разумееце, што я хачу сказаць. Ужо трыццаць тры гады я паўсюль натыкаюся на зачыненыя дзверы, над якiмi напiсана: " Ходу няма ўсiм, хто не гуманiст". Усё, за што б я нi браўся, я вымушаны быў пакiнуць; i заўсёды можна было выбiраць нешта адно: або гэта былi бясплённыя i асуджаныя на правал намаганнi, або рана цi позна яны мусiлi зноў жа абярнуцца iм на карысць. Тыя думкi, якiя я не адрасаваў непасрэдна iм, - я быў проста няздольны iх выказаць, не мог iх сфармуляваць, i яны так i заставалiся ўва мне, як нейкае невыразнае арганiчнае варушэнне. Усё, чым бы я нi карыстаўся, - я адчуваў, што яно не маё - гэта iх; словы, напрыклад: я хацеў бы мець свае словы, мае. Але ж тыя, што ёсць у мяне, ужо я не ведаю колькi разоў былi зацухмоленыя ў свядомасцi iншых, яны самi выстройвалiся ў маёй галаве такiм жа парадкам, як прызвычаiлiся гэта рабiць у другiх, - i я не без прыкрасцi карыстаюся iмi, калi пiшу вам гэта пiсьмо. Але гэты ўжо раз астатнi. Я вам кажу: трэба любiць людзей, iначай гэта ўсё роўна, што каб яны дазволiлi вам халтурыць. А я не хачу халтурыць. Я зараз вазьму рэвальвер, выйду на вулiцу i пагляджу, цi можна нешта зрабiць супраць iх. Бывайце, пане. Можа так здарыцца, што я сустрэну i вас. У такiм выпадку вы нiколi не даведаецеся, з якой асалодай я пушчу вам кулю ў лоб. Калi ж мы не сустрэнемся - i гэта найбольш верагодны выпадак, - пачытайце заўтрашнiя газеты. Там вы ўбачыце, што нехта, на iмя Поль Iльбэр, у прыступе лютасцi забiў на бульвары Эдгара Кiнэ пяць мiнакоў. Але вам лепш, чым каму, вядома, чаго вартая наша прэса. А значыць, вы зразумееце, што я нiякi не " люты". Наадварот, я вельмi спакойны i прашу вас, пане, запэўнiцца ў маiх найлепшых пачуццях. Поль Iльбэр". Я ўсунуў сто два лiсты ў сто два канверты i напiсаў на канвертах адрасы ста двух французскiх пiсьменнiкаў. Потым паклаў усё ў шуфляду ў маiм стале, разам з шасцю блокамi марак. Наступныя два тыднi я амаль не выходзiў i ўсяго сябе прысвяцiў клопату аб злачынстве. Я глядзеўся часам у люстра i з прыемнасцю адзначаў перамены ў сваiм аблiччы. Вочы ў мяне павялiчылiся, яны праглыналi ўвесь твар. Пад акулярамi яны здавалiся чорнымi, мяккiмi, i я прымушаў iх круцiцца, як дзве планеты. Прыгожыя вочы артыста i забойцы. Але пасля забойства, як я меркаваў, ува мне павiнны адбыцца яшчэ глыбейшыя змены. Я некалi бачыў здымкi дзвюх прыгожых дзяўчат, служанак, што забiлi i абрабавалi сваiх гаспадынь. Я бачыў iх здымкi да таго i пасля. Да таго - iх твары над гафтаванымi каўнерчыкамi былi падобныя на дзве цнатлiвыя кветкi. Ад iх павявала гiгiенай i прываблiваю чысцiнёй. Валасы былi сцiпла завiтыя ў аднолькавыя хвалiстыя кудзеркi. Але яшчэ болей пераканаўчае, чым завiтыя кудзеркi, чым каўнерчыкi i тыповы выгляд, з якiм сядзяць на прыёме ў фатографа, было iх сястрынскае падабенства падабенства настолькi незвычайнае, што ў вочы адразу кiдалiся iх крэўныя сувязi i адзiны роднасны корань. Пасля - iх аблiччы ўспыхвалi, як пажар. На iх голых шыях ужо ляжаў цень блiзкай сякеры. Паўсюль - зморшчыны, жудасныя зморшчыны страху i нянавiсцi, i глыбокiя складкi, як дзiркi ўва плоцi, нiбыта па твары прайшоў пазурамi шалёны звер. I вочы, тыя самыя: вялiзныя, чорныя, бяздонныя вочы - як у мяне. Але цяпер ужо яны былi непадобныя. На кожнай па-свойму адбiўся ўспамiн пра агульнае лiхадзейства. " Калi ўжо такое злачынства, - падумаў я, - дзе найбольшая доля належыць выпадку, здольна так перайначыць гэтыя сiроцкiя твары - чаго ж тады можна чакаць ад злачынства, якое цалкам задумана i арганiзавана мной? " Яно завалодае мною цалкам i перакроiць ува мне ўсю занадта чалавечую брыдкасць... Злачынства рассякае жыццё таго, хто яго ўтварыў, напалам. Напэўна, бываюць хвiлiны, калi здаецца, што лепш адступiць, але яно - тут, у вас за спiнай, яно загароджвае дарогу назад, як чорны, блiскучы мiнерал. Мне патрэбна была гадзiна, болей я не прасiў, - адна гадзiна, каб нацешыцца сваiм лiхадзействам, каб адчуць яго страшэнны цяжар. I я зраблю ўсё, каб яна ў мяне была: экзекуцыю я вырашыў здзейснiць у самым пачатку вулiцы Адэсы. Я скарыстаюся панiкай i паспею ўцячы, пакуль яны будуць падбiраць свае трупы. Дзеля гэтага мне трэба будзе перабегчы на другi бок бульвара Эдгара Кiнэ i адразу павярнуць на вулiцу Дэлямбр. Каб дабегчы да дзвярэй свайго дома, мне хопiць трыццацi секунд. Тыя, хто будзе за мною гнацца, будуць у гэты момант яшчэ на бульвары Эдгара Кiнэ, яны страцяць мой след, i, каб зноў на яго напасцi, iм яўна спатрэбiцца не менш за гадзiну. Я iх буду чакаць у сябе i, як толькi пачую грукат у дзверы, перазараджу рэвальвер i стрэлю сабе ў рот. Цяпер я дазволiў сабе крыху раскашаваць; я дамовiўся з карчмаром на вулiцы Вавэн, i ён, уранку i ўвечары, пасылаў мне розныя смачныя стравы. Пасыльны званiў, але я не падыходзiў да дзвярэй, i толькi счакаўшы колькi хвiлiн, крыху адчыняў iх i бачыў пакiнуты на пляцоўцы доўгi кош з поўнымi талеркамi, над якiмi падымалася пара. 27 кастрычнiка, а шостай гадзiне вечара, у мяне заставалася семнаццаць з паловай франкаў. Я ўзяў рэвальвер, пачак з пiсьмамi i выйшаў. Дзверы я паклапацiўся не зачыняць, каб пасля, калi зраблю сваю справу, як мага хутчэй вярнуцца дадому. Адчуваў я сябе нядобра: у мяне стылi рукi, у галаве пульсавала кроў i ў вачах свярбела. Я паўзiраўся вакол, убачыў вiтрыны, гасцiнiцу " Эколь", канцылярскую лаўку, дзе звычайна купляў алоўкi, - i нiчога не пазнаў. " На якой гэта я вулiцы? " - спытаў я ў сябе. На бульвары Манпарнас быў натоўп. Людзi штурхалi мяне, пынялi, бiлi локцямi i ўдаралi плячыма. Мяне несла i гайдала чалавечая плынь, але мне не ставала сiлы праслiзнуць памiж iмi. Раптам я, нiбы збоку, убачыў сябе ў гэтым натоўпе - я быў такi мiзэрны, такi страшэнна самотны. Як бы яны маглi зрабiць мне балюча, каб захацелi! Мне было страшна ад таго, што ў кiшэнi ў мяне рэвальвер. Мне здавалася, што зараз яны здагадаюцца, што ў мяне там. Яны паглядзяць на мяне строгiм вокам i потым, нiбы з жартаўлiвым абурэннем, скажуць: " Ай-ай-ай... што ж гэта вы..." - i ўчэпяцца сваiмi чалавечымi лапамi. Лiнчаваць! Яны будуць падкiдаць мяне над галовамi, i я буду зноў ападаць iм на рукi, як лялька. Я палiчыў, што будзе разумней адкласцi выкананне плана на заўтра. Я пайшоў абедаць у кавярню " Пад купалам", што каштавала мне шаснаццаць франкаў восемдзесят. Семдзесят сантымаў, якiя ў мяне заставалiся, я выкiнуў у ручай. Наступныя тры днi я заставаўся ў сваiм пакоi, нiчога не еў i не спаў. Я зачынiў усе аканiцы i не адважваўся нi запалiць электрычнасцi, нi падысцi да акна. У панядзелак нехта працяжна пазванiў мне ў дзверы. Я затаiў дыханне i крыху счакаў. Праз хвiлiну пазванiлi зноў. Я на дыбачках падышоў да дзвярэй i прыпаў да замочнай шчылiны вокам. Мне ўдалося разгледзець толькi кавалак чорнай тканiны i гузiк. Тып пазванiў яшчэ i спусцiўся па лесвiцы: я так i не ведаю, хто гэта быў. Уначы мне снiлiся незвычайныя свежыя сны, пальмы, цякла вада, па-над нейкiм купалам раскiнулася фiялетавае неба. Смагi ў мяне не было - час ад часу я пiў з-пад крана над ракавiнай. Але мне вельмi хацелася есцi. Апроч таго, мне зноў прымроiлася тая чарнявая шлюха. Гэта было ў нейкiм замку, якi я нiбы збудаваў сабе на Чорных Плато, за дваццаць вёрст ад блiжэйшых вёсак. Яна была голая, i мы былi абсалютна адны. Прыгражаючы рэвальверам, я прымусiў яе стаць на каленi i загадаў бегаць на карачках; потым прывязаў да слупа i пасля доўгiх тлумачэнняў, што зараз буду рабiць, зрашацiў яе кулямi. Гэты сон настолькi мяне ўсхваляваў, што я мусiў здаволiцца. Потым я нерухома ляжаў у змроку, i ў галаве ў мяне было пуста. Мэбля раптам пачала рыпець. Была пятая гадзiна ранiцы. Я аддаў бы, здавалася, усё, каб пакiнуць гэты пакой, але не мог выйсцi на вулiцу, бо там былi людзi. Настаў дзень. Есцi ўжо не хацелася, але цяпер чамусьцi я пачаў пацець: кашуля на мне была ўся мокрая. На дварэ ззяла сонца. I тады мне падумалася: " У зачыненым з усiх бакоў пакоi Ён зашыўся ў змроку. Вось ужо тры днi, як Ён не есць i не спiць. Нехта званiў у дзверы, але Ён не адчынiў. А хутка Ён выйдзе на вулiцу i заб'е". Я выклiкаў у самога сябе страх. А шостай гадзiне вечара вярнуўся голад. Я шалеў ад злосцi, як сляпы натыкаўся паўсюль на мэблю, потым запалiў святло ў пакоях, у кухнi i ў прыбiральнi, пачаў спяваць на ўсю глотку, вымыў рукi i выйшаў. Мне спатрэбiлiся добрыя дзве хвiлiны, каб закiнуць у скрынку ўсе пiсьмы. Я соваў iх пачкамi па дзесяць штук. Некалькi канвертаў, вiдаць, папсавалiся. Потым я прайшоў па бульвары Манпарнас i апынуўся на вулiцы Адэсы. Спынiўшыся каля люстра на нейкай крамцы, што гандлявала кашулямi, я ўбачыў свой твар i падумаў: " Гэта будзе сённяшнiм вечарам". Я стаў ля пачатку вулiцы Адэсы, непадалёк ад газавага лiхтара, i пачаў чакаць. Мiма прайшлi дзве жанчыны. Яны трымалi адна адну пад ручку, i бландзiнка казала: - Яны завесiлi дыванамi ўсе вокны, а паказ рабiлi самi ж з тамтэйшай знацi. - Яны там усе што - галота? - спытала другая. - Не трэба быць галотай, каб пагадзiцца на працу, за якую штодзень плацяць па пяць луiдораў. - Пяць луiдораў? - прамовiла брунетка, уражаная сумай. I, праходзячы каля мяне, дадала: - Дый iм, напэўна, было забаўна пахадзiць у строях сваiх продкаў. Яны пайшлi далей. Мне было холадна, але па целе ручаямi лiў пот. Праз пэўны час я заўважыў, што да мяне наблiжаюцца тры мужчыны; я даў iм прайсцi: мне трэба было шасцярых. Той, што iшоў злева, зiрнуў на мяне i шчоўкнуў языком. Я адвёў вочы. У сем гадзiн пяць хвiлiн з бульвара Эдгара Кiнэ адна за адной выйшлi дзве групкi. Спераду iшлi мужчына з жонкай i двума дзецьмi. За iмi - тры старыя кабеты. Я ступiў наперад. Жанчына, вiдаць, вельмi злавалася, яна ўвесь час тузала хлопчыка за руку. Мужчына прамовiў цягучым голасам: - Як ужо ён мне абрыдзеў, гэты смаркач. Сэрца ў мяне бiлася так моцна, што нават балелi рукi. Я рушыў яшчэ крыху наперад i знерухомеў, спынiўшыся перад iмi. Праходзячы, мужчына сказаў: - Прабачце. Тут я ўспомнiў, што зачынiў дзверы ў кватэру, i мне зрабiлася прыкра: цяпер давядзецца трацiць каштоўны час, каб iх адчынiць. Людзi прайшлi. Я павярнуўся i машынальна рушыў за iмi. Але страляць мне ўжо не хацелася. Хутка яны згубiлiся на бульвары ў натоўпе. Я стаў i абаперся спiнаю аб сцяну. Я чуў, як прабiла восем гадзiн, потым дзевяць. Я стаяў i паўтараў сам сабе: " Навошта забiваць усiх гэтых людзей, калi яны i так ужо мёртвыя". Мяне разбiраў смех. Падбег нейкi сабака i пачаў абнюхваць мне ногi. Побач прайшоў тоўсты мужчына, тады я схамянуўся i пайшоў следам за iм. Я глядзеў на тлустую складку ў яго на патылiцы, якраз памiж капелюшом i каўнерам плашча. Мужчына крыху хiстаўся з боку на бок i шумна дыхаў. Выгляд у яго быў каржакаваты. Я выняў рэвальвер: ён блiшчаў i пёк холадам пальцы, мне агiдна было на яго глядзець. Я ўжо не вельмi добра памятаў, што з iм мушу рабiць. Я пазiраў то на рэвальвер, то на мужчынаў карак. Складка на карку ўсмiхалася мне, як усмешлiвы кплiвы рот. Я думаў, цi не выкiнуць рэвальвер у рышток. Раптам тып павярнуўся i раздражнёна зiрнуў на мяне. Я крыху адступiў назад. - Я хацеў у вас... спытаць... Мне здалося, што ён мяне не слухае. Ён глядзеў мне на рукi. Перамагаючы сябе, я закончыў: - Вы не можаце мне сказаць, дзе вулiца Гетэ? У яго быў мясiсты твар, вусны дрыжалi. Ён не адказаў. I працягнуў руку. Я адступiў яшчэ i сказаў: - Я хацеў... У гэты момант я зразумеў, што зараз пачну крычаць. Я не хацеў: i выпусцiў яму тры кулi ў жывот. Ён упаў з нейкiм iдыёцкiм выглядам на каленi, i яго галава скацiлася на левае плячо. - Падла, - сказаў я яму, - паскудная падла! Я кiнуўся ўцякаць, паспеўшы адно пачуць, як ён кашляе. Потым з-за спiны ў мяне данеслiся крыкi i тупат. Нехта спытаў: " Што здарылася, яны б'юцца? " - i адразу пасля закрычалi: " Трымай забойцу! Трымай забойцу! " Я не ўразумеў, што ўсе гэтыя крыкi датычаць мяне. Але яны мне здалiся злавеснымi, як выццё пажарнай сiрэны, калi я быў маленькi. Злавеснымi i трошкi пацешнымi. Я бег з усiх ног. Але я зрабiў недаравальную памылку: замест таго каб бегчы па вулiцы Адэсы ў бок бульвара Эдгара Кiнэ, я спускаўся па ёй да бульвара Манпарнас. Калi я гэта заўважыў, было ўжо надта позна: я быў у самым натоўпе. Людзi паварочвалi да мяне здзiўленыя твары (асаблiва мне запомнiлася аблiчча адной вельмi нафарбаванай кабеты, на якой быў зялёны капялюш з гэткiм кутасiкам). Я ўсё яшчэ чуў, як дурнi з вулiцы Адэсы крычаць у мяне за спiнай: " Трымай забойцу! " Чыясьцi рука лягла мне на плячо. I ўсё змяшалася ў маёй галаве: я не хацеў памiраць задушаны ў гэтым натоўпе. Я яшчэ двойчы стрэлiў. Людзi завiшчалi i расступiлiся. Я ўляцеў у кавярню. Наведнiкi ўскочылi, але нiхто не паспрабаваў мяне затрымаць. Я прабег праз усю доўгую залу i зачынiўся ва ўмывальнi. У рэвальверы заставалася яшчэ адна куля. Прайшоў пэўны час. Я вельмi задыхаўся i ледзь пераводзiў дух. Вакол было незвычайна цiха, нiбыта людзi маўчалi знарок. Я падняў рэвальвер да вачэй i ўбачыў яго круглую чорную дзiрку: адсюль вылецiць куля, i порах апалiць мне твар. Я апусцiў руку i пачаў чакаць. Нарэшце я пачуў, як яны па-воўчы падкралiся да дзвярэй; калi меркаваць па шорганнi ног, iх было, вiдаць, цэлае войска. Яны крыху пашапталiся i зноў змоўклi. Я ўсё яшчэ моцна дыхаў i думаў, што яны, за сцяной, таксама чуюць маё сапенне. Нехта пацiху наблiзiўся i пакратаў дзвярную ручку. Ён стаяў, пэўна, збоку, прыляпiўшыся да сцяны, каб не трапiць пад кулi. I ўсё роўна ў мяне ўзнiкла пякучае жаданне стрэлiць - але астатняя куля была мая. " Чаго яны чакаюць? - падумаў я. - Каб яны кiнулiся на дзверы i адразу высадзiлi iх, я не паспеў бы нават застрэлiцца, яны схапiлi б мяне жывога". Але яны не спяшалiся, яны давалi мне поўную магчымасць памерцi. Падлы! Iм было страшна. Праз пэўны час я пачуў голас: - Гэй, адчыняйце, вам не зробяць нiчога благога. Запанавала маўчанне, i той жа голас сказаў: - Вы ж разумееце, што вам не ўдасца ўцячы. Я не адказаў, я па-ранейшаму задыхаўся. Каб надаць сабе смеласцi стрэлiць, я паўтараў увесь час: " Калi яны мяне возьмуць, яны мяне будуць бiць. Яны выб'юць мне зубы, а можа, i вока". Мне вельмi хацелася ведаць, цi памёр той таўстун. Можа быць, я яго толькi паранiў... а дзве iншыя кулi, можа быць, зусiм не зачапiлi нiкога... Яны нешта там рыхтавалi; па-мойму, яны цягнулi па падлозе нейкую цяжкую рэч? Я хутчэй сунуў рулю ў рот i моцна яе закусiў. Але я быў няздольны стрэлiць, я не мог нават пальца пакласцi на курок. Усё зноў ахiнулася ў цiшыню. Тады я адкiнуў убок рэвальвер i адчынiў iм дзверы.
|