Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Тураўскае княства






Акрамя Полацкай дзяржавы, на беларускіх землях у Х ст. сфарміравалася другое па значэнню ранняе сярэдневяковае дзяржаўнае аб’яднанне – Тураўскае княства. Першапачаткова яно не было ў поўным сэнсе сапраўднай дзяржавай: гэта быў аднародны ў этнічных адносінах пляменны саюз рассяліўшыхся ў басейне Прыпяці дрыгавічоў (у адрозненнi ад поліэтнічнага Полацкага княжання).

Летапісныя звесткі аб Тураўскай зямлі, на жаль, фрагментарныя, несістэматычныя і згадваюцца толькі ў сувязі з падзеямі ў іншых краінах. У недатаванай частцы “Аповесці мінулых гадоў“, гэта значыць, да сярэдзіны IX-га ст., паведамляецца, што свае княжанні мелі паляне, драўляне, “а дреговічі свое...”

Пазней гэтае родапляменнае этнічнае аб’яднанне пераўтварылася ў феадальную дзяржаву з тэрытарыяльна-палітычнымі сувязямі. Упершыню Тураўскае княства згадваецца пад 980 годам у сувязі з імем князя Тура – заснавальніка горада («бе бо Рогволод пришел из-за моря и имяше волость свою в Полотьске, а Тур Турове, от него же и Туровци прозвашася»-ПСРЛ-Т.2.-Стб.64). Як бачым, Тураў упамінаецца нароўні з Полацкам, сталіцай самастойнага княства. Пабудаваны ў цэнтры дрыгавіцкай зямлі, дзе Прыпяць праз шматлікія прытокі злучаецца з басейнам Нёмана і Заходняга Буга, Тураў паступова станавіўся важным вузлом водных гандлевых шляхоў.

Пачатак палітычнай гісторыі Тураўскага княства звязана з імем Святаполка Уладзіміравіча [4] (988–1015). Ён быў сынам Ўладзіміра Святаславіча і “грэкіні” (дачкі візантійскага імператара), былой жонкі Яраполка, зводнага брата Ўладзіміра, якую той узяў цяжарнай у якасці адной са сваіх жон пасля забойства ў 980 г. мужа.

Поўнасцю падпарадкаванай Кіеву Тураўская зямля была пры Яраславе Мудрым (другім сыне Рагнеды і Уладзіміра), які ў 1019 г. заняў абодва пасады – і Кіеўскі і Тураўскі. Але пасля яго смерці (у 1054г.) Тураўскае княства 40 гадоў жыло асобна ад Кіеву, дзе самастойна княжылі Узяславічы. Пры Уладзіміру Манамаху і яго спадкаемцах Тураў зноў трапляе пад уладу Кіеўскай Русі аж на 60 наступных гадоў.

Чаму так упарта змагаліся за тураўскі пасад кіеўскія князі? Прычын таму некалькі.

1. Зручнае геаграфічнае становішча Тураўскага княства: прыпяцкае адгалінаванне воднага шляху “з варагаў у грэкі “, сувязі Кіева з Захадам, плацдарм барацьбы з яцвягамі, палякамі, Літвой, палачанамі.

2. Добрыя прыродныя і кліматычныя ўмовы, багатыя, ураджайныя землі.

3. Тураўскі пасад быў сваеасаблівым плацдармам для пераходу на кіеўскі прастол, якім карысталіся іншыя князі (Святаполк Уладзіміравіч у 1015 г., Узяслаў Яраславіч у 1054 г., Святаполк Узяславіч у 1092 г., Вячаслаў Уладзіміравіч у 1139 г.)

І хоць Тураўская зямля доўгі час знаходзілася ў складзе Паўдневай Русі, але ніколі не злівалася з ёй, не была яе арганічнай часткай. Размешчаная на нязначнай адлегласці ад Кіева, яна мела свае асаблівасці ў прыродных і геаграфічных умовах, а таксама ў эканамічным i культурна-рэлігійным жыцці. Блізкасць да Польшчы спараджала тут заходне-еўрапейскі напрамак у духоўным жыцці, у той час як у Кіеве панаваў толькі візантыйскі ўплыў.

Тураўскае княства заставалася цэласным тэрытарыяльна і самастойным эканамічна арганiзмам, а залежнасць часта абмяжоўвалася падатковымі абавязкамі, штогадовай выплатай даніны.

Але канчатковую незалежнасць ад Кіева Тураўская зямля атрымала толькі ў 1157 (1158) г., калі прастол у Тураве заняў князь Юрый Яраславіч [5], нашчадак добра вядомага тураўцам роду. Дзесяць тыдняў трымалі тураўцы асаду кааліцыйнага войска кіеўскіх, смаленскіх, галіцкіх, луцкіх і, нават, полацкіх дружын. Яны не толькі добра бараніліся на гарадскіх сценах, але рабілі вылазкі і шкодзілі ворагу, ператварыўшы свой горад у непрыступную крэпасць(цвердзь). І выстаялі. Кіеў вымушаны быў падпісаць пагадненне аб самастойнасці Тураўскай зямлі. А абаронены народам Юрый Яраславіч стаў першым князем адноўленай мясцовай дынастыі Узяславічаў.

Як сцвярджае М.Ермаловіч, падзеі 1157 года, як і ранейшыя 1013, 1146 гг. паказваюць, што ў жыхароў Тураўскай зямлі, знешне ціхіх і пакорлівых, пад неаслабнай увагай Кіева – ніколі не замірала імкненне да свабоднага палітычнага жыцця.

З апошняй чвэрці 12-га ст. звестак пра Тураўскую зямлю ў летапісах вельмі мала. Вядома, што пасля смерці Юрыя Яраславіча яна была падзелена на ўдзельныя княствы паміж яго сынамі – Тураўскае, Пінскае, Дубровіцкае, Слуцкае, Клецкае. У адрозненне ад Полацка, Тураўшчына не зведала страшных, знясільваючых міжусобных войнаў.

У пачатку 13-га ст. Турава-Пінская зямля звязала свой лес з Навагародкам, які дапамагаў ей змагацца з Галіцкімі князямі. У канцы 13-га – пачатку 14-га ст.ст. палескія землі былі далучаны да ВКЛ.

Акрамя вышэйназваных княстваў, у 11-м – 12-м ст.ст. на тэрыторыі Беларусі існавалі Смаленскае, Гарадзенскае, Навагародскае і іншыя княствы.

Смаленскае княства ўзнікла ў 9-10 ст.ст. на абшарах Верхняга Падняпроўя і Падзвіння. Заснаванае смаленскімі крывічамі, яно разам з Полаччынай ўтварыла рэгіен этнічнага і моўнага адзінства.

З канца 9 ст. яно трапіла ў залежнасць ад Кіева і да пачатку 12 ст. было яго удзельным княствам, выконваючы важную ролю ў барацьбе за днепра-дзвінскія волакі, якая пастаянна вялася на працягу 10-13 ст.ст. Да самастойнасці Смаленшчына ішла іншым шляхам: у адрозненне ад Полаччыны, яна практычна ніколі не ваявала супраць Кіеву, не зведала і ўнутраных міжусобіц. У самастойную зямлю выдзелілася ў 1120-х гадах, калі тут усталявалася мясцовая дынастыя на чале з Расціславам Мсціславічам. Гады яго княжання сталі перыядам росквіту і пашырэння межаў Смаленскага княства, узрастання яго ролі ў агульных усходнеславянскіх працэсах. І калі Полаччына, знясіленая войнамі з Кіевам і ўнутраным разладам, зусім аслабела, то Смаленскае княства, наадварот, увабралася ў сілу.

У другой палове 12-га ст. яно стала дамагацца ўплыву на суседнія Полацкую і Наўгародскую землі і пашырэння сваей тэрыторыі за іх кошт. Ва ўладаніі смаленскіх князеў на захадзе трапілі Амсціслаў, Крычаў, Прапошаск, (цяпер Слаўгарад), Копысь і Ворша. Калі ў сярэдзіне 12-га ст. Полацк і Менск былі занятыя ўпартай барацьбой паміж сабой за лідэрства ў дзяржаве і палачане звярнуліся па дапамогу да смаленскага князя, той удала выкарыстаў зручны момант. Расплатай за дапамогу быў захоп Віцебска і Друцка.

У гэты час Смаленск імкнецца аб’яднаць пад сваей уладай усе крывіцкія землі. Менавіта пры Расціславе Смаленск распаўсюдзіў таксама сваю ўладу і на паўночныя землі радзімічаў, што жылі ў беларускім Пасожжы. Двойчы быў захоплены і знішчаны горад Гомель(у 1127 і 1142 гг.).

Толькі ў канцы 12-га ст. адбылася палітычная кансалідацыя Полаччыны. Усе князі Полацкай дынастыі аб’яднанымі сіламі змаглі вярнуць Віцебск і Друцк. Смаленкае княства перастае дамагацца беларускіх земляў і ў першай палове 13-га ст. прыходзіць у заняпад. У 70-я гады 13-га ст. яно падверглася татара-мангольскаму нашэсцю. У 1405 г. князь Вітаўт далучае Смаленскае княства да ВКЛ.

Акрамя таго, частка паўднева-усходніх беларускіх этнічных земляў была цесна звязана з Чарнігаўскім і Кіеўскім феадальнымі дзяржаўнымі ўтварэннямі.

На паўдневым Усходзе ад Полацкай дзяржавы размяшчалася Чарнігаўскае княства, большая частка якога займала тэрыторыю сучаснай Украіны. Але з другой паловы ў яго склад ўвайшлі беларускія землі, размешчаныя па ніжнім цячэнні Сожа з гарадамі Гомель, Рэчыца Чачэрск.

Старажытны Гомель (“Гомій”) быў адным з цэнтраў радзімічаў, значным асяродкам славянскай каланізацыі гэтага краю. Паводле летапісаў, радзімічы захоўвалі сваю аўтаномію ад Кіева да канца 10-га ст. Іх залежнасць абмяжоўвалася выплатай падаткаў і ўдзелам радзіміцкіх атрадаў у паходах кіеўскіх князеў. З другой паловы 11-га ст. Гомель пераходзіць у склад Чарнігаўскага княства, а ў 13-м – становіцца цэнтрам удзельнага Гомельскага княства, асяродкам хрысціянскай культуры, важнейшым ваенна-адміністрацыйным цэнтрам ніжняга Пасожжа.

Беларускія гарады Мазыр і дрыгавіцкі Брагін ўваходзілі ў Кіеўскае княства, з сярэдзіны 14-га ст. – у ВКЛ.

Такім чынам, перыяд старажытных княстваў на тэрыторыі Беларусі быў часам важных пераменаў у сацыяльным і эканамічным жыцці, першым этапам фарміравання беларускага народу. Ен пацвярджае вывад аб тым, што не існавала адзінай старажытнай дзяржавы, і разам жылі б і развіваліся ўсе тры ўсходнеславянскія народы, як не існавала і адзінай старажытнарускай народнасці, ад якой быццам бы паходзяць беларусы, украінцы і рускія. Іх этнагенез да самага пачатку праходзіў па розных тэрыторыях, у выніку ўзаемадзеяння розных этнічных субстратаў. Кіеўская Русь ніколі не была адзінай дзяржавай ні этнаграфічна, ні палітычна. Яна не мела галоўнай прыкметы, якая характэрызуе любую этнічную супольнасць- агульнай самасвядомасці і агульнай саманазвы.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.01 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал