Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Ліквідацыя Рэчы Паспалітай






У 1794 годзе адбылося вызваленчае паўстанне ў Польшчы, Літве і на Беларусі. Яно з'явілася непасрэдным адказам перадавой часткі грамадства на інтэрвенцыю Расіі і Прусіі. Аднак прычыны паўстання больш шырокія. Гэта - і ўздзеянне Французскай рэвалюцыі канца ХVIII ст., і барацьба з феадальнымі парадкамі, супраць рэакцыйнага магнацтва, што захапіла ўладу ў Рэчы Паспалітай у выніку Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 г. Гэта і імкненне да больш справядлівага грамадства на аснове Канстытуцыі 3 мая 1791 г. і рэформ, пачатых чатырохгадовым сеймам 1788-1792 гг. Значыць, узброенае выступленне з'явілася не выпадковасцю, а заканамерным вынікам ваенна-палітычных і сацыяльных абставін.

Актыўны ўдзел у яго падрыхтоўцы прынялі вядомыя палітычныя і культурныя дзеячы, вайскоўцы, навукоўцы, святары і прадстаўнікі іншых прафесій і сацыяльных груп. На тэрыторыі Рэчы Паспалітай існавалі тайныя патрыятычныя арганізацыі, таварыствы, саюзы.

За мяжой кіраўнікі эміграцыі шукалі падтрымкі з боку заходнееўрапейскіх краін, у першую чаргу ў Францыі. Т. Касцюшка вёў перагаворы з міністрам замежных спраў гэтай краіны і перадаў яму мемарандум, у якім абвяшчаліся задачы будучага паўстання. Але ён дарэмна шукаў падтрымкі ў Францыі, яна дзейсна не дапамагла, не захацела рызыкаваць сваімі сіламі.

Паўстанне пачалося на поўдні Польшчы 24 сакавіка 1794 г., калі ў Кракаве быў аб'яўлены " Акт паўстання". У першы ж день паўстання яго кіраўнік Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка быў абвешчаны найвышэйшым і адзіным начальнікам узброеных сілаў. Канчатковае вызначэнне дзяржаўнага і грамадскага ладу Акт паўстання адносіў да часу заканчэння рэвалюцыйнай вайны. У той жа дзень паўстанне распаўсюдзілася на Кракаўскае, а затым на іншыя ваяводствы Польшчы. 4 красавіка пад Рацлавіцамі паўстанцы разбілі царскія войскі. 18 красавіка была вызвалена Варшава.

Паўстанне перакінулася на Заходнюю Беларусь і ў Літву. 16 красавіка ў Шаўлях да яго далучылася літоўскае войска. У ноч на 23 красавіка адбылося паўстанне ў Вільні. Яно было ажыццёўлена дзеячамі левага крыла вызваленчага руху. Паўстанцам удалося разбіць атрад царскіх войскаў у 3 тыс. чалавек, захапіць арсенал, узяць у палон начальніка гарнізона і каля 100 расійскіх салдат. Узнік орган кіраўніцтва паўстаннем - Найвышэйшая нацыянальная рада Вялікага княства Літоўскага. Гэта было зроблена па ўзору створанай у Польшчы Найвышэйшай нацыянальняй рады. У той жа дзень у Вільні быў створаны рэвалюцыйны крымінальны суд, які разгледзеў справу " таргавічаніна" Шымона Касакоўскага і прыгаварыў яго да смяротнага пакарання. 24 красавіка Літоўская рада выпусціла маніфест аб далучэнні да польскага паўстання. З мая па жнівень 1794 г. у Вільні двойчы на тыдзень выходзіла " Віленская нацыянальная газета", рэдагаваная ксяндзом-піярам Піліпам Галанскім. Газета з'яўлялася органам Найвышэйшай Літоўскай Рады. Яе пазіцыі ў некаторых пытаннях вызначаліся значнай радыкальнасцю.

Лозунг паўстання на Беларусі і Літве адрозніваўся ад польскага, хаця і той, і другі грунтаваліся на лозунгах Французскай рэвалюцыі. Калі на польскіх землях лозунг утрымліваў такія патрабаванні, як " Воля, цэласць, незалежнасць", то ў Заходняй Беларусі і Літве ён гучаў як " Воля, роўнасць, незалежнасць". Як бачым, адрозненне заключалася ў мэтах паўстання. Калі польскі лозунг заклікаў да аднаўлення цэласнасці Рэчы Паспалітай, то ў другім выпадку галоўнае - роўнасць грамадзянская, сацыяльная, а таксама роўнасць насельніцтва беларускіх і літоўскіх зямель сярод іншых народаў.

Тэдэвуш Касцюшка нарадзіўся 30 лістапада 1745 г. у маёнтку Сяхновічы, каля Брэста, у сям'і шляхціча. Т. Касцюшка ўсведамляў, што ён літвін (так тады называлі беларусаў), і неаднойчы аб гэтым сведчыў. Скончыў Варшаўскі кадэцкі корпус, атрымаў званне харунжага. У 1769 г. выехаў у Францыю, дзе вучыўся ў парыжскіх акадэміях - вайсковай, а таксама жывапісу і культуры. На працягу сямі гадоў Т. Касцюшка ў Паўночнай Амерыцы змагаўся за незалежнасць гэтай краіны. За ваенныя заслугі ён узнагароджаны ордэнам Цынцынаці - вышэйшай узнагародай ЗША, а кангрэс ЗША ў 1783 г. надаў яму званне брыгаднага генерала.

На радзіме Т. Касцюшка ў 1792 г. паспяхова ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць войскаў Таргавіцкай канфедэрацыі. Быў узнагароджаны ордэнам " Вір-туці Мілітары" і атрымаў званне генерал-лейтэната. 30 ліпеня 1792 года ў знак пратэсту супраць пазіцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага Касцюшка падаў у адстаўку і выехаў за мяжу. 26 жніўня таго ж года Канстытуцыйны сход Францыі надаў яму годнасць ганаровага грамадзяніна гэтай краіны.

Т. Касцюшка імкнуўся пашырыць сацыяльную базу паўстання. Шырока вядомы яго выраз: " Толькі за шляхту ваяваць не буду. Жадаю свабоды для ўсяго народа і толькі для яго гатовы ахвяраваць жыццём". 7 мая 1794 г. Т. Касцюшка выдаў " Паланецкі універсал", у якім заяўляў аб апецы ўрада над сялянамі. Дакумент абвяшчаў іх асабіста вольнымі, але калі заплацяць падаткі пану і дзяржаве. Рабіліся захады, каб прыцягнуць да паўстання прадстаўнікоў розных рэлігійных канфесій, у тым ліку праваслаўнай і уніяцкай.

Непасрэдным кіраўніком паўстання ў Заходняй Беларусі і Літве быў палкоўнік, затым генерал Якуб Ясінскі, які вызначаўся больш радыкальным поглядам на развіццё паўстання. Паўстанцам спадарожнічаў поспех у бітве пад вёскай Паляны, што ў Ашмянскім павеце, якая адбылася 7 мая 1794 г. Характэрнай рысай паўстання на Беларусі было выкарыстанне дыверсійных, партызанскіх форм барацьбы. Яны дапамагалі распаўсюджваць паўстанцкі рух. Гэтай жа мэце садзейнічалі рэйды паўстанцкіх атрадаў у цэнтральныя раёны Беларусі.

Аднак пасля паспяховых ваенных дзеянняў у пачатку паўстання з лета 1794 г. пачаўся яго спад. Расійскія войскі пачыналі цясніць паўстанцаў з усходу. 12 жніўня яны занялі Вільню. І ўсё ж галоўную ролю ў разгроме паўстання адыграў перакінуты з поўдня пасля прымірэння з Турцыяй корпус пад камандаваннем А. Суворава. 17 верасня пад Крупчыцамі, што ля Кобрына, ён нанёс паражэнне паўстанцкім войскам, якія ўзначальваў К. Серакоўскі. З абодвух бакоў у бітве ўдзельнічала каля 20 тысяч чалавек, у тым ліку амаль што 2 тысячы беларускіх сялян-касінераў. Маласпрактыкаваныя ў ваеннай справе, яны панеслі асабліва вялікія страты.

 

У рашаючай бітве каля Мацяёвіцаў (у 60 км ад Варшавы) 10 кастрычніка 1794 г. войскі пад камандаваннем Т. Касцюшкі былі разбіты рускімі войскамі. Т. Касцюшка быў цяжка паранены і ўзяты ў палон. 4 лістапада А. Сувораў штурмаваў прадмесце Варшавы - Прагу, загінула каля 20 тыс. абаронцаў, у тым ліку і трыццацігадовы легендарны Якуб Ясінскі. 1, 5 тыс. было ўзята ў палон. Т. Касцюшка быў вызвалены з турмы ў канцы 1796 г. імператарам Паўлам І і атрымаў дазвол выехаць за мяжу. Ён памёр у 1817 г. у Швейцарыі.

Пры пэўнай непаслядоўнасці дзеянняў, супярэчлівасці, абмежаванасці поглядаў некаторых яго дзеячаў, недахопаў прынятых імі дакументаў, паўстанне было прагрэсіўным і мужным актам. Фактычна паўстанцы супрацьстаялі правячым рэжымам трох дзяржаў - Расіі, Прусіі, Аўстрыі. Еўрапейскі кантэкст і вялікае значэнне паўстання відавочныя. Услед за Французскай рэвалюцыяй гэта быў новы рэвалюцыйны ачаг у Еўропе.

Распаўсюджванне паўстання на беларускіх землях было значным. Як ацэньваюць даследчыкі, з агульнай колькасці паўстанцаў у 150 тысяч чалавек ад 30 да 40 тысяч з'яўляліся прадстаўнікамі нашага краю. Шмат было сялян-касінераў. Большасць з іх загінулі ў бітвах з рэгулярным войскам Расійскай імперыі. Усё гэта робіць яго буйной сацыяльнай і ваенна-палітычнай з'явай у гісторыі.

Паражэнне паўстання прыдвызначыла ліквідацыю Рэчы Паспалітай як самастойнай дзяржавы. Перамовы аб яе трэцім падзеле пачаліся летам 1794 г. Прэтэнзіі на памер тэрыторыі, якую мелі намер атрымаць дзяржавы-захопніцы ў выніку падзелу, не былі прапарцыянальнымі іх ролі ў ваенных дзеяннях супраць паўстанцкіх войскаў. Аўстрыя, якая адвяла сваю армію пасля беспаспяховай першай аблогі Варшавы, імкнулася атрымаць такі вялікі кавалак польскай тэрыторыі, што гэта амаль не прывяло да сутычкі яе з Прусіяй. Арбітрам у гэтай справе выступіла Расія, якая стала на бок Аўстрыі. Пасля доўгіх спрэчак 24 кастрычніка 1795 г. былі ўсталяваны межы падзелаў. Прусія атрымала Мазовію і частку тэрыторыі Літвы да Нёмана, Аўстрыя атрымала тэрыторыю паўднёвай і цэнтральнай Польшчы з гарадамі Кракавам, Сандамірам, Люблінам і Холмам. Расіі адышла Заходняя Беларусь, Літва, Курляндыя, частка Валыні.

25 лістапада 1795 г. апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пад прымусам падпісаў у Гродне акт адрачэння ад прастола. Такім чынам, Рэч Паспалітая, якая існавала больш за 200 гадоў, знікла з карты Еўропы. У XVIII ст. некалькі краін напаткаў лёс Рэчы Паспалітай. Але толькі яна была падзелена такім чынам, што этнічна адна-стайныя часткі (Польшча, Украіна) былі разарваны паміж рознымі дзяржавамі.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.005 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал