Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Частка 2 пытанне дзяржаўнай сімволікі ў Беларусі: сучасны стан

БЕЛАРУСКІ ГЕРБ І СЬЦЯГ

Змест

 

 

Уводзіны ……………………………………………………………………………………  
1 Гісторыяграфія……………………………………………………………………………...  
1.1 Вытокі сімвалаў ………………………………………………………………………...  
1.2 Сімвалы Вялікага Княства Літоўскага …………………………………......................  
1.3 Пагоня ў часы Рэчы Паспалітай………………………………………………………..  
1.4 Герб Пагоня ў часы Расійскай Імперыі………………………………………………..  
1.5 Герб Пагоня ў XX ст……………………………………………………………………  
2 Пытанне дзяржаўнай сімволікі ў Беларусі: сучасны стан……………………………….  
3 Адносіны грамадства да нацыянальнай і сучаснай дзяржаўнай сімволікі……………..  
Заключэнне………………………………………………………………………………….  
Спіс Літаратуры……………………………...……………………………………………..  
Рэкамендацыі………………………………………………………………………………..  
Дадатак 1…………………………………................................................................................  
Дадатак 2………………………………………………………………………………………  

 


Уводзіны

 

Кожная суверэнная краіна мае свае дзяржаўныя сімвалы: герб і сцяг. Яны з’яўляюцца прызнакам незалежнасці дзяржавы. Заўсёды людзі шанавалі свае нацыянальныя сімвалы, якія звычайна з’яўляліся і афіцыйна прынятымі дзяржаўнымі. Сёння герб і сцяг – гэта тыя атрыбуты незалежнасці, што прэзентуюць дзяржаву ў свеце. Беларуская сімволіка і з’яўляецца аб’ектам даследвання гэтай працы.

Афіцыйныя геральдычныя знакі заўсёды займаюць адмысловае месца ў любой дзяржаве, бо з'яўляюцца адным з асноўных сродкаў выражэння дзяржаўнай і нацыянальнай ідэалогіі і культуры, своеасаблівым " увасабленнем" краіны. Для грамадства з багатай гісторыяй, якое шануе свае адметныя знакі, гэта - палітычны, ідэалагічны і сацыяльна-культурны капітал усёй дзяржавы, усёй нацыі. У гэтай галіне найболей вядомымі і значнымі знакамі з'яўляюцца Дзяржаўныя Герб, Сцяг і Гімн, а таксама сімволіка дзяржаўных органаў і арганізацый, ваенная сімволіка, эмблемы і сцягі розных грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый і прафесійных саюзаў. Яны актыўна выкарыстоўваюцца як важны атрыбут нацыянальнай самасвядомасці.

Суверэнная Рэспубліка Беларусь – маладая краіна. Таму яе дзяржаўныя сімвалы яшчэ не ўстаяліся ў часе і вакол іх яшчэ ня сціхлі спрэчкі ў грамадстве. З гэтай нагоды менавіта зараз неабходна вывучэнне гісторыі нацыянальнай сімволікі. Мэтай дадзенай працы з’яўляецца адказ на пытанне, якую сімволіку правільна было б выкарыстоўваць у якасці афіцыйнай у беларускай дзяржаве з пункту гледжання гісторыі. Гэта будзе дасягнута шляхам вывучэння гісторыяграфічных звестак аб беларускіх нацыянальных сімвалах з часу іх з’яўлення. Зыходзячы з мэты працы, яе задачамі з’яўляюцца: вывучэнне гістарычнага развіцця нацыянальных сімвалаў, вызначэнне адносін грамадства да беларускай нацыянальнай і сучаснай дзяржаўнай сімволікі пры дапамозе сацыялагічнага апытання насельніцтва, вызначэнне прычыны існавання розных версіяў сімволікі ў нашай краіне.

Амаль ва ўсіх краінах свету герб і сцяг неадрывна звязаны з яе гістарычным мінулым. Гісторыю нашай краіны можна весці з тых старажытных часоў, калі на яе сучаснай тэрыторыі з’явіліся першыя крыніцы дзяржаўнасці. Таму ёсць усе падставы для меркавання, што сучасная дзяржаўная сімволіка Беларусі павінна працягваць гістарычную традыцыю, якая склалася яшчэ ў тыя часы. Гэта і ёсць гіпотэза, падцвердзіць ці аспрэчыць якую заклікана дадзеная навуковая праца.

Адмыслоўцы адзначаюць, што беларуская геральдыка ярка нацыянальная, яна непаўторная і каларытная. І разам з тым за шматлікія стагоддзі яна ўвабрала ў сябе ўсё лепшае, што ёсць у сімволіцы іншых народаў, у першую чаргу славянскіх. Эмблематычныя знакі, дзяржаўныя ўзнагароды, дваранская і гарадская геральдыка, званні, а ў мінулым - яшчэ і тытулы, з'яўляліся і па гэты дзень з'яўляюцца сацыяльнымі феноменамі і нясуць на сабе адбітак свайго грамадства і часу. У іх адлюстраваны " сімвалічны твар" пэўнай эпохі. Па іх можна вызначыць узровень развіцця самога грамадствы. І яны не могуць быць нецікавымі нашаму сучасніку. Прычыны і прынцыпы ўзнікнення, іх эвалюцыя дазваляюць усебакова прадставіць гістарычны працэс, наблізіцца да разумення светапогляду чалавека мінулага, расчыніць заканамернасці яго мыслення, сэнс яго ўчынкаў, падысці да вывучэння сацыяльнай псіхалогіі асобных пластоў грамадства, іх менталітэту. Геральдыка - гэта навука знакаў і алегорый, а практычная геральдыка - мастацтва складання гербаў - поўная розных знакаў і фігур, якія патрабуюць расшыфроўкі, без якой не зразумелы сэнс, закладзены ў гербе. Так было заўсёды. Герб - гэта тое, што ляжыць на паверхні, што мы бачым і ўспрымаем, але разам з тым, у кожным з іх закладзены глыбокі сімвалічны сэнс. І сучасны чалавек, далёкі ад адмысловых гістарычных дысцыплін, якімі з'яўляюцца геральдыка, фалерыстыка, вексмлалогія і іншыя, тым не менш, жадае ведаць і разумець як мага больш аб сваіх гербах, сцягах, эмблемах, бо гэта знакі, якія яго атачаюць.

У гэтай працы былі выкарыстаны агульнагістарычныя метады: вывучэнне, аналіз і сінтэз гістарычных крыніц, навукова-папулярнай літаратуры, манаграфій і статыстычных зборнікаў.

Спецыфічныя метады даследвання – сацыялагічнае апытанне і апрацоўка яго вынікаў, якое дало падставу для высновы наконт адносін да нацыянальных і сучасных дзяржаўных сімвалаў.

 

 


Частка 1 ГІСТОРЫЯГРАФІЯ СІМВАЛАЎ

1.1 ВЫТОКІ СІМВАЛА

 

 

Беларуская дзяржаўнасць бярэ свае карані яшчэ з пачатку другога тысячагодзя, адтуль жа і ідуць яе сімвалы. Узнікненне і замацаванне герба Пагоня за беларускімі землямі і пераўтварэнне яго ў нацыянальны сімвал адбывалася не адразу. Узнікненне і фарміраванне сімвала дзяржавы, народу, нацыі ні ў якім выпадку не можа быць нейкім актам, жорстка і коратка абмежаваным у храналагічнай прасторы.

Старадаўні сімвал Пагоня, які выспяваў у глыбокай старажытнасці і адлюстраваў умовы жыцця нашых далёкіх прашчураў, фіксуецца, адпаведна з летапіснымі данымі, у ХIII ст. Хаця, напэўна, сама ідэя адлюстравання збройнага воя ці князя на кані мае больш глыбокія карані.

Увогуле, яздок - гэта з глыбокай старажытнасці адна з найбольш улюбеных як эмблематычных, так і мастацкіх тэм на пячатках, манетах і г.д. Такое стаўленне да яе не з'яўляецца выпадковым: з таго моманту, як чалавек сеў на каня, ён набыў новыя якасці - павялічыў сваю моц і хуткасць перасоўвання ў прасторы і займеў перавагу над пешай асобай, што не магло не знайсці свайго адлюстравання і ў тагачаснай свядомасці, і ў мастацтве. Неабходна адзначыць, што выява воіна, князя на кані - гэта даволі распаўсюджаны сюжэт і ў ранейшыя часы.

Як піша вядомы польскі даследчык геральдыкі і сфрагістыкі С.К. Кучынскі " пячатка з коннай выявай выступае ў сфрагістыцы князёў і федэральных уладальнікаў на захадзе Еўропы ўжо ў XI ст. Пазней, да з'яўлення гербавых пячатак конная постаць была найбольш частым выяўленчым матывам пячатак княжацкіх і ўсяго рыцарства. Рыцар на кані, які крочыць ці бяжыць галопам, у зброі, з прапарцом ці мечам, разам з таркам у руцэ - быў іканаграфічным эквівалентам выразу - DUX (князь)".
У звычаях той эпохі выява рыцара-ўладальніка на кані адыгрывала ролю сімвала гатоўнасці да бітвы за заслугоўваючую, у разуменні рыцарскага кодэксу гонару, справу. Менавіта ў гэтым значэнні яна адбівалася на манетах і пячатках. Падобным чынам прадстаўлялі і заступнікаў рыцарства - архангела Міхаіла, св. Юр'я, а таксама і св. Маўрыцыя.

На пячатках польскіх князёў конная выява з'явілася ў другой палове XII ст., а на манетах нават у XI ст. Засваенне польскай княжацкай сфрагістыкай гэтага сімвала знайшло адлюстраванне яго ў XIII і пазнейшых стагоддзях і паўплывала на крышталізацыю герба Літвы - " Пагоня".
Поўнасцю адносяць у патэнцыял заходнееўрапейскай геральдыкі вытокі герба Пагоня сучасныя даследчыкі А. Стуканаў і В. Касмылеў, якія падкрэсліваюць нямецка-крыжацкія ўплывы на працэс станаўлення і генезісу гэтага герба і прыпісваюць яго паходжанне летувіскай (жмудзінскай) традыцыі. Але гэта толькі адзін аспект узнікнення герба Пагоня і, як нам здаецца, не вырашальны.

Малюнак 1.1 Пячатка польскіх князёў і манета XI ст

 

У Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай гаворыцца, што " Наримонт, яко старший будучи в Великом князстве Литовском пановал... Той Наримунт мел герб, або клейнот, рицерства своего таковый, и тым печатовался, Великому князству Литовскому заставил его, а то такий: в гербе муж збройный, на коню белом, в полю червоном, меч голый, як бы кого гонючы держал над головою, и есть оттоля названы " погоня".

Шэраг іншых хронік-леталісаў таксама паўтараюць гэтую звестку. Гісторык XIX ст. Т. Нарбут датуе гэтую падзею 1282 г. Густынскі летапіс прыпісвае гэтую акцыю іншаму князю: " В лето 6786 (1278 г.)... Витен нача княжети над Литвою измысли себе герб и всему княству Литовскому печать: рыцер збройны на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня".

Іншыя летапісныя крыніцы сведчаць за тое, што герб Пагоня быў прыняты паводле ініцыятывы Рыманта-Васілія - сына, па адных звестках Тройдзеня, па іншых, - Пройдзена, які з'яўляецца бацькам, усё таго ж Віценя. Васіль і параіў апошняму перамяніць герб па прыкладу вышэй згаданага Нарымонта, які пакінуў свой герб Кентаўр " братии своей", а себе " уделал герб - человека на кони з мечом, а то знаменуючы через тот герб пана дорослого, хто бы мог боронити мечом отчизны свое".
Як бачым, усе летапісныя сведчанні, з большай ці меншай ступенню дакладнасці, акрэсліваюць гэтую падзею 70-90 гадамі XIII ст. Такім чынам, ёсць усе падставы сцвярджаць, што з гэтага часу герб Пагоня замацоўваецца ў якасці рэпрэзентацыйнага сімвала за асобамі, якія ажыццяўляюць паўнамоцтвы вярхоўнай улады ў Вялікім княстве Літоўскім.
Але гэты сімвал так бы і застаўся звычайным дынастычным гербам, калі б не быў звязаны з умовамі жыцця і міфалагічнай традыцыяй народа, які жыве на гэтай зямлі. У іншым выпадку яго б чакаў такі ж лёс, што напаткаў герб " рыцар на кані" ў заходнееўрапейскіх краінах, дзе, нягледзячы на яго шырокую распаўсюджанасць у ХІ-ХІІІ стст., ён не перайшоў у новую якасць зямельнага, дзяржаўнага і нават нацыянальнага герба, а застаўся толькі сімвалам прыналежнасці ўладальніка пячаткі да вяршыні федэральнай іерархіі.

Сама пагоня была звычаем, вобразам жыцця ў тыя старасвецкія часы. М.А. Ткачоў адзначаў, што з канца ХПІ стагоддзя да 1410 г. крыжакі больш як 140 разоў нападалі на Літву і Беларусь. 3 1474 па 1569 гг. на Украіну і Беларусь зрабілі 75 наездаў крымскія татары. Такім чынам, міжнароднае становішча, умовы жыцця народа вымушалі яго знаходзіцца ў беспералыннай гатоўнасці да абароны. Гэтай гатоўнасці патрабуе і вялікакняжацкі ліст да абывацеляў ВКЛ ад 20 лютага 1387, у якім гаворыцца: " 3годна са старадаўнімі звычаямі, ваенны паход з'яўляецца абавязкам, які выконваецца за кошт уласных магчымасцей і сродкаў. У тым выпадку, калі ўзнікае неабходнасць праследаваць ворагаў, непрыяцеляў нашых... У праследаванні ворагаў, якое па-народнаму завецца Пагонею, павінны ўдзельнічаць не толькі рыцары, але і кожны мужчына, які можа насіць зброю, якога б не быў паходжання і стану". Звяртае на сябе ўвагу ў гэтым дакуменце тое, што ўдзел у пагоні мусіла прымаць не толькі шляхта, якая несла вайсковую службу, але ўсе мужчыны, незалежна ад " паходжання і стану".

Другой крыніцай, якая досыць істотна паўплывала на выбар гэтага сімвала, была грэка-візантыйская традыцыя, з якой вельмі цесна былі звязаны т. зв. " літоўскія" князі. Прыняцце яшчэ ў старажытны перыяд хрысціянства ўсходняга (праваслаўнага) абраду спрыяла развіццю шырокіх кулыурных кантактаў усходнееўрапейскіх княстваў - Полацкага, Смаленскага, Тураўскага, Кіеўскага з Канстанцінопалем (Царградам).
Ідэі хрысціянства прынеслі разам з сабой і імёны, і міфалагічныя ці рэальныя фігуры грэка-візантыйскага пантэону. Адной з такіх з'яўляецца постаць св. Георгія, пакутніка і пераможцы. Існуе шмат старадаўніх жыцій і паданняў аб дзейнасці і цудах св. Георгія. Яго культ шырока распаўсюджаны не толькі ва ўсіх хрысціянскіх краінах Еўропы, але і на мусульманскім Усходзе, дзе яго завуць Кедэр. У сярэднявечнай Еўропе ён быў апекуном рыцарства, а ў славянскіх землях лічыўся не толькі воем, але і заступнікам земляробства і жывёлагадоўлі (нездарма імя Георгос азначае - земляроб). Яго традыцыйная іканаграфія - рыцар з дзідай на кані, каля ног каня - забіты цмок.

Але не толькі іншаземныя культурныя ўздзеянні ўплывалі на свядомасць народа і фарміравалі вобраз будучых гербаў. Трансфармацыя грэка-візантыйскіх і заходнееўрапейскіх традыцый адбывалася на мясцовай глебе. Вельмі блізка да Пагоні і маскоўскага ездака размяшчаецца іканаграфія св. Барыса і Глеба.

Абодва браты былі кананізаваны праваслаўнай царквой. У летапісах маюцца шмат апавяданняў аб цудоўных вызгаеннях, якія адбываліся каля іх труны, перамогах, якія атрыманы ад іх імя і з іх дапамогай, аб паломніцтвах да іх дамавінаў. Іх вобразы знайшлі сваё адлюстраванне на старажытных помніках злотніцкага мастацтва, архітэктуры, абразах і г.д.

У час раскопак у Мсціслаўлі ў слаях ХІІ-ХІП стст. быў знойдзены медальён з выявай дзвюх конных постацей, узброеных дзідай і мечам - выявамі св. Барыса і Глеба.

Малюнак 1.2 Медальён з выявай св. Барыса і св. Глеба, XIII ст.

 

Ёсць яшчэ адзін аспект гэтага пытання. Герб Пагоня - выява ездака з мечам на кані, ніколі б не стаў зямельным, дзяржаўным і нацыянальным сімвалам, каб яго ідэя герба была прыўнесена звонку незалежна з якога боку: ці то з еўрапейска-нямецка-лацінскага, ці то грэка-візантыйскага. Яшчэ ў часы паганства адным з найбольш паважаных ва ўсіх славянскіх народаў быў вобраз Ярылы - бога вясновага адраджэння і ўрадлівасці зямлі. Свята Ярылы было святам перамогі жыцця над смерцю, вясны над зімой. I ў гэтых сваіх функцыях ён " зліваецца" ў народнай свядомасці з святым Юр'ем (Георгіем).

Этнографы XIX стагоддзя адзначалі: " Успаміны аб Ярыле жывей зберагліся на Беларусі, дзе яго ўяўлялі маладым і прыгожым... які ездзіць на белым кані, на яго плячах белая мантыя, на галаве ў яго вянок з палявых веснавых кветак, у левай руцэ ён трымае жытнія каласы, ногі яго босыя. У яго гонар беларусы святкуюць час першай сяўбы."

Падагульняючы вышэйнапісанае, трэба адзначыць, што на ўзнікненне герба Пагоня і замацаванне яго на старажытных землях Беларусі паўплываў шэраг наступных фактараў, кожны з якіх паасобку не быў вырашальным. Спалучэнне іх у гістарычным і этнічным кантэксце і было прычынай замацавання і ідэнтыфікацыі герба Пагоня менавіта з беларускімі землямі.
Гэта наступныя фактары:

1) атаясамліванне герба Пагоня з постаццю абаронцы Бацькаўшчыны і адбіццё самога жыцця народа пад заўседнай ваеннай пагрозай.

2) уплывы грэка-візантыйскіх хрысціянскіх традыцый і культаў св. Дзімітрыя і св. Георгія, адаптацыя апошніх на мясцовай глебе і фарміраванне пад іх уплывам іканаграфіі культаў уласных пакутнікаў-заступнікаў.

3) спалучэнне і персаніфікацыя ў гербе Пагоня постацей, з аднаго боку, св. Георгія і з недалёкага мінулага св. Барыса, так і паганскага Ярылы з больш глыбокіх культурных пластоў.

4) пэўныя ўплывы праз прызму польскай і крыжацкай геральдыкі заходнееўрапейскіх традыцый адлюстравання коннай постаці князя-правадыра на пячатках феадальных іерархаў.

Усе гэтыя фактары разам і кожны паасобку ў пэўнай ступені паўплывалі на гісторыка-іканаграфічнае фарміраванне вобраза - мужа дарослага, збройнага з мечам на кані, гатовага бараніць сваю Бацькаўшчыну, " еже ныне наричут Погоня".

1.2 СІМВАЛ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА

 

 

У XII—XIV стст. адбываецца канчатковае афармленне геральдычнай навукі з пэўнымі канонамі і патрабаваннямі да герба, якія ператварылі яго ў больш строгую і фармалізаваную з'яву, чым просты рысунак на пячатцы. Гербавая выява павінна была змяшчацца на шчыце пэўнай формы, з выкарыстаннем стандартнага набору колераў, мець пэўную арыенціроўку (у прыватнасці, выявы жывых істот, як правіла, змяшчаліся павернутымі ў правы бок з пункту гледжання таго, хто трымае шчыт, гэта значыць — улева ад таго, хто глядзіць). Большасць жа ўпамянутых вышэй пячатак нельга лічыць гербавымі ў строгім сэнсе. 3 канца XIII ст. польскія пячаткі пачынаюць афармляцца паводле правілаў заходнееўрапейскай геральдыкі (выява змяшчаецца на гербавым шчыце альбо коннік трымае шчыт з гербавай выявай). На пячатках рускіх князёў гэты заходні ўплыў зусім не адчуваецца. У адносінах да сімволікі ВКЛ рашучы зварот у бок геральдычных канонаў адбыўся ў сярэдзіне 80-х гг. XIV ст. і быў цесна звязаны з ажыццяўленнем дынастычнай уніі паміж ВКЛ і Польшчай. Збіраючыся аб'яднаць пад сваёй уладай дзве дзяржавы, Ягайла павінен быў адчуць неабходнасць у сімвале, які б адлюстроўваў новы стан рэчаў. У Польшчы на той час мелася ўжо амаль стогадовая традыцыя выкарыстання геральдычных выяў, склаўся не толькі агульнадзяржаўны сімвал (белы арол на чырвоным шчыце), але і гербы асобных ваяводстваў. За асобай нявесты Ягайлы, польскай каралеўны Ядвігі, стаяла яшчэ больш магутная геральдычная традыцыя, бо Ядвіга належала да Анжуйскай дынастыі, якая паходзіла з Францыі — радзімы геральдыкі. На гэтым фоне адсутнасць агульнапрызнанага дзяржаўнага сімвала ВКЛ вельмі кідалася ў вочы. На той момант прадстаўнікі пануючай дынастыі Гедымінавічаў выкарыстоўвалі самыя розныя эмблемы. Сам Ягайла, меў на пячатцы конніка, звернутага ў левы (геральдычна) бок і з мячом у адведзенай руцэ. Яго малодшы брат Лугвень-Сямён выкарыстоўваў выяву накшталт літары " Ф" без ножкі, другі брат — Скіргайла — накшталт літары X, трэці, Дзмітрый-Карыбут — накшталт ляжачай на баку васьмёркі з крыжам уверсе, адзінакроўны брат Уладзімір Кіеўскі — складаную выяву з крыжам у цэнтры (так званую " каплічку"). Стрыечны брат Ягайлы Вітаўт карыстаўся амаль без змен пячаткай свайго бацькі Кейстута (пешы воін з мячом і шчытом), Але з моманту Крэўскай уніі 1385 г. амаль усе яны, а таксама іншыя Гедымінавічы змяшчаюць на пячатцы (ці, прынамсі, на адной са сваіх пячатак) конную выяву — часам такую, як на пячатцы Ягайлы, часам — у іншых варыянтах. Якраз з гэтага моманту можна казаць пра тое, што выява конніка стала агульным сімвалам пануючай дынастыі і адначасова падуладнай ёй дзяржавы (што ў тагачасных уяўленнях было практычна тое самае).

Малюнак 1.3 Пячатка Вітаўта

 

Аднак выява на пячатцы Ягайлы не зусім адпавядала геральдычным канонам. У 1386 г., амаль адразу пасля уніі, з'яўляецца дзяржаўная пячатка Ягайлы, які ўжо быў каралём Польшчы. Яна цалкам вытрымана ў геральдычным стылі: анёл трымае гербавы шчыт, падзелены на чатыры часткі, у першай, самай ганаровай — выява польскага арла, у трэцяй і чацвёртай — гербы найбольш значных польскіх ваяводстваў. А вось у другой па значнасці частцы мы ўпершыню бачым узброенага конніка, звернутага ў правы бок, але не з мячом, а з дзідай наперавес. Затое у левай руцэ ён трымае шчыт з шасціканцовым крыжом.

Малюнак 1.4 Фрагмент пячаткі Вялікага князя Літоўскага, караля Польскага Ягайлы

 

Хутка затым, у 1388 г., ствараецца вялікая тронная пячатка Ягайлы. На ёй адлюстраваны сам кароль на троне, з дзяржавай і скіпетрам, а наўкол яго — гербы польскіх ваяводстваў. На самым ганаровым месцы, справа ўверсе — польскі арол. А вось на другім па значнасці месцы, злева ўверсе, мы зноў сустракаем выяву конніка, але ўжо з мячом, прычым ён упершыню трымае меч не вастрыём угару, а над галавой, занесеным для ўдару. У левай руцэ яго мы бачым шчыт з шасціканцовым крыжом, а пад капытамі каня — крылатага цмока. Відавочна, што перад намі — спробы стварэння дзяржаўнага сімвала ВКЛ як адной з частак уладанняў Ягайлы. Працэс яшчэ не скончаны, і таму выява конніка, ў адрозненне ад іншых гербаў, ад пячаткі да пячаткі перажывае змены. I толькі на малой пячатцы, вырабленай у 1405 г., у другім і трэцім палях шчыта з чатырох частак мы бачым " Пагоню" ў тым выглядзе, які пазней стаў класічным: з занесеным мячом, але ўжо без цмока пад капытамі. У такім жа выглядзе яна трапляе на другі варыянт сярэдняй дзяржаўнай пячаткі (1416 г.), прычым над чатырохчасткавым шчытом замест анёла змешчаны маленькі шчыт з шасціканцовым крыжом. Такім чынам, гэтаму крыжу надаецца статус асабістага герба Ягайлы. На адной з манет, якая чаканілася ў Польшчы пры Ягайлу, на адным баку адбіты арол, на адваротным — шчыт з шасціканцовым крыжом. Пра паходжанне гэтага крыжа (так званага " патрыяршага") выказваліся вельмі супярэчлівыя думкі. З Візантыі ў IX ст. шасціканцовы крыж быў запазычаны каралём франкаў Лотарам і пазней выкарыстоўваўся ў Францыі пад назвай " латарынгскага крыжа". У XI ст. таксама з Візантыі ён трапляе на Русь і ў Венгрыю. На Русі яго шырока выкарыстоўвалі на пячатках (у тым ліку некаторых княжацкіх — успомнім выяву св. Фёдара Цірона на пячатцы князя Мсціслава), у іншых узорах іканаграфіі. Шырока вядомы выявы гэтага крыжа на Барысавых камянях, а таксама крыж Ефрасінні Полацкай, які паўтарае яго форму. Практычна ўсе выпадкі выкарыстання крыжа звязаны з рэлігійнай тэматыкай.

Магчыма, крыж першапачаткова меў той жа сэнс, што і цмок пад капытамі — сімвалізаваў перамогу над язычніцтвам у Літве. Гэта пацвярджаецца тым, што да свайго хрышчэння ў 1385 г. Ягайла ніколі не выкарыстоўваў гэты знак, а пазней ператварыў яго ў свой асабісты герб. Ягайла захоўваў сузэрэнітэт над ВКЛ да сваёй смерці ў 1434 г., але фактычную велікакняжацкую ўладу ў Літве ў 1392 г. вымушаны быў перадаць Вітаўту. Апошні ў гэты час карыстаўся некалькімі варыянтамі пячатак, прычым практычна на ўсіх прысутнічала выява конніка. Але ёсць сярод іх варыянт, які выкарыстоўваўся з 1397 па 1419 гг. На ім можна ўбачыць амаль усе прыкметы класічнай " Пагоні".

Вітаўта на пасадзе вялікага князя змяніў брат Ягайлы Свідрыгайла. Да часу яго кароткага панавання (1430—1432) частка даследчыкаў адносіць выпуск літоўскай манеты, на якой з аднаго боку адбіты коннік з мячом, з другога — патрыяршы крыж на шчыце, як на польскай манеце Ягайлы. 3 1434 па 1440 гг. вялікім князем быў брат Вітаўта Жыгімонт. Прыкладна ў гэты час літоўскія геральдычныя матэрыялы трапілі да заходнееўрапейскіх геральдыстаў і былі ўключаны ў шведскі гербоўнік " Бергсхамерскі кодэкс". У ім можна ўбачыць сярэбранага конніка на чырвоным полі з узнятым над галавой мячом. Ад класічнай " Пагоні" яго адрознівае шчыт на руцэ конніка — чырвоны з залатой выявай " Калюмнаў". Побач асобна эмешчаны і шчыт, які ўжываў Ягайла — блакітны з залатым шасціканцовым крыжом. На іншым аркушы гярбоўніка намаляваны коннік з мячом, на шчыце якога — контур двухпрыступкавай піраміды, вельмі падобны на " Калюмны". Аналагічныя гербы змешчаны і ў брусельскім гербоўніку " Гімніх" (таксама XV ст.). Каралём Польшчы пасля Ягайлы стаў яго старэйшы сын Уладзіслаў. Ён карыстаўся прыкладна такімі ж пячаткамі, як і яго бацька, і на большасці з іх на адпаведным месцы мы бачым класічную " Пагоню" з шасціканцовым крыжом. На вялікай троннай пячатцы 1438 г. з'яўляецца мадыфікацыя: вершнік ператвараецца ў крылатага анёла (пры гатым шчыт з крыжом на яго руцэ захоўваецца), а пад капытамі каня зноў паказаны цмок. Уладзіслаў унаследаваў і карону Венгрыі, у сувязі з чым у 1440 г. ствараецца " зборная" пячатка з чатырохчасткавым шчытом, дзе ў першым полі — герб Анжу, у другім — польскі арол, у трэцім — звычайная " Пагоня" (без крылаў і цмока), у чацвёртым — венгерскі шасціканцовы крыж Арпадаў. У тым жа годзе малодшы брат Уладзіслава Казімір стаў вялікім князем літоўскім, а ў 1444-м - і каралём Польшчы. На ўсіх яго пячатках - аднолькавая, класічная выява " Пагоні". " Калюмны" на шчыт конніка больш ніколі не вяртаюцца, а пры Казіміры, здаецца, увогуле не ўжываюцца ў афіцыйнай сімволіцы.

Сёння, звяртаючыся да гістарычных фактаў, мы можам убачыць, што герб " Пагоня" ў сваім класічным выглядзе ўзнік на мяжы XIV—XV стагоддзяў, што было адной а праяў інтэграцыі ВКЛ у арбіту заходнееўрапейскай цывілізацыі. На мове геральдыкі яго своеасаблівасць вызначаецца чырвоным колерам гербавага шчыта, сярэбранай выявай конніка ў характэрнай позе (звернутага ўправа, з узнятым над галавой мячом), малым шчытом з шасціканцовым крыжом на яго руцэ. З сярэдзіны XV ст. гэты комплекс прыкмет амаль няўхільна вытрымліваўся на ўсіх выявах, якія ў іншых дэталях (форма асноўнага шчыта, мяча і шлема, наяўнасць гунькі пад сядлом і плюмажа на шлеме, колер малога шчыта) маглі стылістычна адрознівацца паміж сабой. На мове знакаў ён нагадвае аб тым, што на працягу некалькіх стагоддзяў гісторыя Беларусі разгортвалася ў рэчышчы, зарыентаваным пераважна на захад і асобным ад гісторьіі Расіі. Гэта значэнне сімвала выдатна ўсведамляецца ўсімі — калі не на свядомым, то на падсвядомым узроўні. Менавіта яно вызначае сёння эмацыянальнае ўспрыняцце " Пагоні" — станоўчае ці негатыўнае — у залежнасці ад таго, як чалавек ацэньваве сам гаты факт існавання ў мінулым двух асобных гістарычных рэчышчаў.

1.3 ПАГОНЯ У ЧАСЫ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Каштоўным сведчаннем прыналежнасці герба " Пагоня" да беларускіх этнічных земляў з'яўляецца вялікая пячатка Жыгімонта Старога. На ёй у цэнтры - выява герба Пагоня, а вакол - іншыя зямельныя і дынастычныя гербы, аб'яднаныя паміж сабой звівістай стужкай. На стужцы - надпісы на лацінскай мове: пад першым гербам, з выявай арла - РАТЕRN (бацькоўскі), пад другім, з выявай паса МАТЕRN (матчын), пад трэцім, з выявай архангела - KIIENS (кіеўскі), пад чацвёртым, з выявай крыжа - VOLNI (Валынскі), і нарэшце, пад пятым - мядзведзем - SAMAGITIE (Жмудскі). Такім чынам, названыя ўсе землі, якія знаходзіліся ў юрысдыкцыі Вялікага княства Літоўскага і, дарэчы, размяшчаліся вакол яго. У цэнтры якраз размешчаны герб зямлі, якая і аб'яднала ўсе гэтыя землі. Гэта - сучасная тэрыторыя Беларусі, колішняе ВКЛ.

Адзначым таксама, што і ў тытулатуры гаспадара, увесь час існавання ВКЛ, а пазней - Рэчы Паспалітай падкрэслівалася: Кароль польскі, Вялікі князь Літоўскі, Рускі, Прускі, Жамойцкі... і г.д. Як бачым, Жмудзь фігуруе ў тытуле асобна ад ВКЛ, а Беларусь увогуле не згадваецца, хаця менавіта на яе абшарах і знаходзілася гэтае самае княства. Адмаўленне ад тэрміна Беларусь у гэтыя часы было вымушаным. 3 моманту вызвалення ад мангола-татараў ці нават раней, маскоўскія цары, грунтуючыся на генеалагічных сувязях, высоўвалі прэтэнзіі на спрадвечныя беларускія землі, а з XVI ст. нават уключылі ў свой тытул назвы Белай і Малой Русі. 3 мэтай перашкодзіць гэтай, спачатку ідэалагічнай, экспансіі і каб не ствараць прэцэдэнта з чыста палітычных меркаванняў, абодва, гэтыя паняцці інтэнсіўна замяняюцца ў афіцыйным ўжытку на Вялікае княства Літоўскае (ці Літва) і Украіна, ці Украйна. Пры гэтым апошні тэрмін, здараецца, знаходзіць ужытак у дачыненні нават да ўсходу Вялікага княства Літоўскага, паўночнага Падняпроў'я.

Традыцыі ўжывання герба Пагоня ў дачыненні да беларускіх земляў узнікшыя ў глыбокай старажытнасці, знаходзяць сваю легітымізацыю (афармленне праз заканадаўчыя акты) у XVI ст. У Другім (1566 г.) і Трэцім (1588 г.) Статутах ВКЛ гаварылася: " Теж мы Господарь даем под гербом того паньства нашого Великого князства Литовского, Погонею, печать до каждого повету..." Такім чынам, былая традыцыя, якая выходзіла сваімі каранямі з гістарычных умоў існавання народу, дзяржавы, была юрыдычна зафіксавана і замацавана ў заканадаўстве. Таксама было ўпарадкавана карыстанне гэтым спрадвечным зямельным гербам. Калі на гістарычнай карце ваяводстваў раскласці іх старажытныя зямельныя гербы, то атрымоўваецца, што толькі на этнічныя беларускія землі прыпадае выява герба Пагоня. Усе суседнія землі маюць іншыя гербы.


Малюнак 1.5 Пагоня са Статута ВКЛ, 1588 г.

 

Увогуле, старажытныя гербоўнікі (ХVІ-ХVІІІ стст.) налічваюць ажно пяць размаітнасцяў герба Пагоня. Першая - класічная: у чырвоным полі збройны рыцар на белым кані. Правай рукой яздок трымае ўздзеты над галавой голы меч, а на левым плячы - шчыт з падвойным залатым крыжам. Конь накрыты трохканцовай гунькай. Афарбоўка конскай зброі і шчыта рыцара на найбольш старажытных каляровых малюнках - блакітная. Другі варыянт: такі ж яздок, але ва ўздзетай руцэ ён мае дзіду, якую рыхтуецца кінуць у ворага. Варыянт трэці: выява голага ездака на кані без сядла, які над галавой трымае меч. Трэба адзначыць, што такое мастацкае рашэнне Пагоні таксама нам не траплялася, але вядомая падобная версія маскоўскага герба XVII ст. Згадваюцца таксама ў гербоўніках два варыянты " малой пагоні", калі на шчыце прыведзены не ўвесь герб, а толькі яго галоўная дэталь - збройная рука з голым мечам. Адрозніваюцца апошнія два варыянты паміж сабой колерам поля - залатым ці чырвоным, і клейнотамі - упрыгажэннямі на шлемах: у першым варыянце гэта паўтор збройнай з мечам рукі, у другім - паясная выява пешага рыцара з уздзетым мечам. Акрамя гэтых, згадваецца таксама і т. зв. " татарская пагоня": у зяленым полі - яздок, які адстрэльваецца з лука ў сваіх сцігачоў.

Пагоні, акрамя харугваў павятовых, ваяводскіх, былі адлюстраваны і на пячатках канцылярыі Вялікага княства Літоўскага. Апошнія выразаліся кожны раз новыя пры змене вялікага князя, а пазней - караля Рэчы Паспалітай.

Як зямельны - ваяводскі герб, па сведчанню нямецкіх крыніц, Пагоня была прадстаўлена сярод іншых гербаў у зале пасяджэнняў Сойму Рэчы Паспалітай. Адпаведна з апісаннем, шчыт герба Віленскага ваяводства быў рассечаны, у правай (калі арыентавацца на асобу, якая трымае шчыт) яго частцы была Пагоня, у левай - Калюмны. Абодвы полі - блакітнага колеру, у адрозненне ад гарадскога герба, дзе Калюмны былі размешчаны ў чырвоным полі. Яшчэ адзін рассечаны шчыт належаў Падляшскаму ваяводству. У ім у правай, галоўнай частцы была выява польскага арла, а ў левай - сярэбраная пагоня, накрытая блакітнай гунькай. Як вядома, Падляшша было ў 1569 г. анексіравана Каронай Польскай. Таму, у адпаведнасці з правіламі геральдыкі, у знак падпарадкаванасці Пагоня тут размешчана ў левай частцы, а ў правай - герб краіны-анексара. Той жа сэнс і ў перасячэнні шчыта, калі ўверсе ставіцца герб краіны аб'ядноўваючай або заваёўваючай, а ўнізе - краіны падпарадкаванай.

Астатнія гербы ваяводстваў ВКЛ мелі шчыт, у полі якога размяшчалася " Пагоня", і адрозніваліся толькі афарбоўкай. Віцебскае, Берасцейскае, Троцкае, Мсціслаўскае і Новагародскае ваяводствы мелі гербы з блакітным полем, а Менскае і Полацкае - чырвоным.

Такім чынам:

1. Канчатковае замацаванне Пагоні, як сімвала ўлады, адбываецца ў канцы XIV- пачатку XV ст.

2. Афіцыйная легітымізацыя герба Пагоня і замацаванне яго за беларускімі землямі адбываецца адпаведна са Статутамі ВКЛ 1566 і 1588 гг.

З. Для тэрыторыі сучаснай Літвы (гістарычнай Жмудзі) уласцівы герб Мядзведзь, які фігуруе на працягу ХV-ХІХ стст. Пасля далучэння да ВКЛ Жмудзкі Мядзведзь выступае ў дачыненні да герба Пагоня ў падпарадкаваным стане.

4. Як самастойны сімвал, герб Пагоня атаясамліваецца з беларускімі этнічнымі землямі, якія ўжывалі гэты герб з адрозненнем паміж сабой колерамі поля, каня, афарбоўкай зброі і вайсковага рыштунку ездака.

1.4 ГЕРБ ПАГОНЯ Ў ЧАСЫ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ

 

 

Гісторыя " Пагоні" не спыняецца з падзеламі Рэчы Паспалітай і далучэннем беларускіх зямель да Расійскай імперыі. Гэты герб працягваў рабіць уплыў на нацыянальную свядомасць, атаясамлівацца з канкрэтнай тэрыторыяй і народам і актыўна функцыяніраваць у канцы XVIII-пачатку XX стст., знаходзячыся ў ценю двухгаловага расейскага арла.

Пасля захопу ўсходняй часткі Беларусі Расійскай імперыяй (1772 г.) царскі ўрад пастанавіў стварыць Палявы гусарскі беларускі полк. У 1775 г. ён быў укамплектаваны " да поўных шасці эскадронных штатаў нацыянальнымі людзьмі зноў далучанай да Расіі па першаму падзелу Польшчы - Беларускай губерніі". Гэты полк атрымаў у наступным годзе ўласны штандар з гербам - шчыт, падзелены на два полі: у горным, залатым - выява двухгаловага арла, у " дольнай чырвонай частцы - выява Літоўскага ўзброенага ездака на белым кані з уздзетай шабляй".

Прыкладна ў той жа час (70-я гг. XVIII ст.) быў створаны і Полацкі Мушкецёрскі полк, які атрымаў у якасці герба на баявы сцяг рассечаны шчыт у правым залатым полі - выява паловы чорнага расійскага арла, у левым, - чырвоным - Пагоня.


Малюнак 1.6 Герб Полацкага Мушкецёрскага палка, 1774 г.

 

У час панавання імператара Паўла I, які змяніў на расійскім прастоле сваю маці - Кацярыну II, быў праведзены шэраг рэформаў, што скасавалі пэўныя кацярынінскія ўстановы. Замест Віцебскай і Магілёўскай губерняў была створана Беларускае генерал-губернатарства. У 1796 г. Указам Сінода і Сената, адрасаваным Беларускаму Губернскаму Праўленню, было падкрэслена, каб, паводле прыкладзенага " при оном рисунка герба" ва ўсіх месцах, дзе прадпісана, былі расійскія гербы замест " нынешних". Імператарскі герб таксама мусіў быць і на пячатках мясцовых, дзяржаўных устаноў. Далей у гэтым " Указе"... гаварылася "...то как во всяком уездном городе рещиков наитится не может для того к вырезанню для всех по губернии мест и чинов с изображением нового Герба печати подрядить... рещика."

Адпаведна з пецярбургскім указам, быў знойдзены " рещик" пячатак. Ён выразаў 132 пячаткі для прысутных месцаў Беларускага генерал-губернатарства. Ён атрымаў разам з " урадавым загадам" і распараджэннем працадаўцы - магілёўскага каменданта палкоўніка Бістрама, каб на пячатках быў выразаны " не московский, а белоруский Герб".

Выява Пагоні фігуруе не толькі на пячатках дзяржаўных устаноў і баявых штандарах XVIII ст., яна працягвае крочыць праз дзесяцігоддзі і ў наступным XIX ст.

У час вайны 1812 г. на баку французскіх войскаў выступіла 100 тыс. жыхароў былой Рэчы Паспалітай, з іх прыкладна 20 тыс. былі ўраджэнцы " Літвы". У " Песні ваеннай Літвінаў", якую спявалі ў 1812 г., былі такія словы: " Будзь разам з Пагоняй магутным".

Збройны яздок не быў чужынцам і ў шэрагу вайсковых часцей, якія падпарадкоўваліся расейскаму камандаванню. Сцягі Лейб-Гвардыі Гродзенскага гусарскага палка ўпрыгожваюцца гэтым сімвалам адпаведна з указам ад 19 верасня 1827 г. Яны выглядалі наступным чынам: на белым шаўковым штофе квадратнай формы, абшытым з трох бакоў сярэбранымі махрамі, па краях шытыя серабром лаўры, на рагах вензелі Мікалая I з каронамі, а ў сярэдзіне двухгаловы арол, на персях якога шчыт малінавага і зялёнага аксаміту з выявай на ёй " літоўскага" вершніка. Пад арлом вышытыя серабром літары Л. Г. Г. Г. П. - над дрэўкам штандара - Шар, на якім двухгаловы арол з святым Георгіем у шчытку.

Малюнак 1.7 Нагрудны знак Гродзенскага Лейб-гвардыі гусарскага палка, XIX ст

 

Герб " Пагоня" знайшоў сваё адлюстраванне не толькі на штандарах вайсковых часцей, што фарміраваліся з ураджэнцаў Беларусі. У канцы 60-х гадоў XIX стагоддзя быў распрацаваны вялікі герб Расійскай імперыі, дзе на крылах царскага арла былі размешчаны аб'яднаныя шчыты розных зямель. Сярод іх былі шчыты, звязаныя з былой тэрыторыяй Вялікага Княства Літоўскага: шчыт аб'яднаных гербаў княстваў Беларускіх, на якім былі прадстаўлены тры гербы - Полацкі, Віцебскі і Мсціслаўскі. На Полацкім і Віцебскім шчытах былі дадзены выявы традыцыйнага герба гэтых былых княстваў - Пагоні, адпаведна ў сярэбраным і чырвоным палях.
Аналагічна пабудаваны і шчыт аб'яднаных гербаў княстваў і абласцей Паўночна-Заходняй Расіі. На ім прадстаўлены гербы Вялікага княства Літоўскага, Самагіціі (Жмудзі) і Беластоцкай вобласці. У першым полі, як і на папярэднім шчыце, - выява Пагоні ў чырвоным полі, у трэцім рассечаным - у верхняй частцы сярэбраны аднагаловы (польскі) арол, у ніжняй - зноў-такі Пагоня. I, нарэшце, у другім полі - герб Самагіціі з выявай чорнага мядзведзя.
У паўстанні 1863 г. герб Пагоня ў спалучэнні з " арлом белым" стае сімвалам нацянальна-вызваленчай барацьбы за дэмакратычную перабудову грамадства. Царскі сатрап Мураўёў-вешальнік аддаў распараджэнне аб забароне нашэння жалобных знакаў - чорных шапак з белымі султанамі, спражак з аб'яднаным гербам Польшчы і Літвы.

Такім чынам, герб Пагоня ў XIX стагоддзі з'яўляецца, з аднаго боку, сімвалам афіцыйнай тэндэнцыі, а з другога - неафіцыйнай - рэвалюцыйна-дэмакратычнай. Але ва ўсіх выпадках ён атаясамліваецца з канкрэтнай тэрыторыяй, землямі сучаснай Беларусі, хаця часта называецца " Літоўскім".
У XIX ст. беларускімі губернямі лічыліся тыя, што адышлі да Расійскай імперыі ад часу першага падзелу ці раней - гэта Віцебская, Магілёўская і Смаленская, а " літоўскімі" - Менская, Гродзенская і Віленская, а пазней - дзве апошнія, тэрыторыя якіх ахоплівала большую частку паўночнай і амаль увесь захад сучаснай Беларусі. Гэта знайшло сваё адлюстраванне і ў губернскіх гербах. Гродзенская атрымала свой першы герб у 1802 г. - з выявай Пагоні ў горнай частцы шчыта, а ў дольнай - зубра. Потым, пры наступным " рэдагаванні" гербаў (у 1845 г.) быў пакінуты толькі зубр. Акрамя яе, гербамі з Пагоняй карысталіся Віленская і Віцебская губерні.

У 1845 г. пачынаецца даволі шырокае наданне павятовых гербаў, якія, з аднаго боку, падкрэслівалі прыналежнасць таго або іншага павету да адпаведнай губерні, што пазначалася размяшчэннем у галоўнай частцы поля губернскага герба, а ў падпарадкаванай - гербаў, якія на думку іх стваральнікаў адлюстроўвалі пэўныя асаблівасці паветаў. Гэта перш-наперш кранула Ашмянскі, Вілейскі, Дзісненскі, Лідскі і паветы Віленскай губерніі, якія атрымалі гербы з Пагоняй у горнай частцы. Паколькі гербы іншых беларускіх гарадоў да гэтага часу ўжо былі перайначаны і не былі падобныя на папярэднія, а тым больш на ваяводскія, таму і з астатніх павятовых гербаў Пагоня знікла. Але яна засталася на тых гербах, якія былі пададзены царскім урадам адразу пасля анексіі Усходніх зямель Вялікага княства Літоўскага.

Новыя расійскія ўлады пачалі шырокую кампанію, з мэтай знішчэння мясцовых адметнасцей і падвядзення ўсяго духоўнага жыцця пад агульнадзяржаўны ранжыр. Адным з першых такіх мерапрыемстваў у гэтым накірунку было наданне новых гербаў гарадам Полацкага і Магілёўскага намесніцтваў. Гістарычныя гарадскія гербы гарадоў усходняй часткі Беларусі былі заменены агульнадзяржаўным гербам - Пагоня. Пры гэтым, у кожным з новададзеных гербаў шчыт быў падзелены на дзве часткі: у верхняй па геральдычных паняццях " пануючай" размяшчаўся двухгаловы расійскі арол, а ў дольнай - " падпарадкаванай" - Пагоня. Такім чынам, гэтыя гарадскія гербы, з аднаго боку дэвальвавалі прынцыпы індывідуальнасці кожнага былога магдэбургскага горада, а з другога - падкрэслівалі іх залежнае становішча ад расійскага самадзяржаўя і ў дадатак псавалі настрой жыхарам той часткі дзяржавы, якая яшчэ не была захоплена царызмам. Бо герб, які на захад ад расійска-" польскай" мяжы шанаваўся як сімвал дзяржаўнага суверэнітэту, на ўсходзе ад яе быў нізведзены ў стан падпарадкаванага. На захадзе гонарам і сведчаннем дзяржаўнасці, на ўсходзе - гарадскім ці нават местачковым сімвалам, за якім не стаяла ніякіх гарантыяў правоў мяшчан, што ім карысталіся.

Такім быў галоўны сэнс надання гарадам усходняй Беларусі выявы дзяржаўнага герба не да канца яшчэ заваяванай краіны.
Як адзначае сучасная расійская даследчыца Н. Собалева, " гербы... ствараліся перш-наперш у інтарэсах вярхоўнай дзяржаўнай улады, з'яўляючыся адзнакай, пры дапамозе якой адлюстроўваліся і выражаліся прынцыпы пэўнага накірунку ў палітыцы царызму". Тым не менш, нягледзячы на тое, што гэтыя гербы часта насілі штучны характар і былі ўніфікаваны па агульнаму ўзору, у адрозненне ад магдэбургскіх, яны адлюстроўвалі не гарадскія асаблівасці праз сімволіку, а старажытны зямельны сімвал.

Гэтая тэндэнцыя найбольш яскрава адбілася на гербах Віцебскай і Магілёўскай губерняў колішняй радзімы " Пагоні". Усяго царскім урадам было нададзена дзевяць гарадскіх гербаў з яе выявай.

Адлюстраванне старажытнай Пагоні на беларускіх губернскіх, павятовых, гарадскіх, вайсковых гербах было з'явай, якая канстатавала склаўшаеся ў суседніх народаў асэнсаванне тоеснасці паняццяў: геаграфічна-этнічнага - Беларусь і геральдычнага - " Пагоня". На заканчэнне трэба адзначыць:

1. Герб Пагоня з'яўляўся сімвалам, які атаясамліваўся з тэрыторыяй Беларусі, хаця часта насіў назву " Літоўскі".

2. Афіцыйныя ўлады Расійскай імперыі часта выкарыстоўвалі Пагоню ў спалучэнні з двухгаловым арлом з мэтай падкрэслівання сваёй улады над далучанымі тэрыторыямі.

3. Нацыянальныя, рэвалюцыйна-дэмакратычныя сілы бачылі ў гербе Пагоня аб'ядноўваючы сімвал у барацьбе за самастойнасць.

1.5 ГЕРБ ПАГОНЯ Ў XX СТ.

 

 

Катаклізмы Першай сусветнай вайны, лютаўская рэвалюцыя і Кастрычніцкі пераварот далі новы імпульс, штуршок і накірунак у развіцці нацыянальна-вызваленчага руху ва ўсёй Еўропе. Нараджаліся новыя краіны. Дакладней, нацыі, захопленыя раней больш моцнымі суседзямі, выходзілі на шлях волі і непадлегласці. Не абмінуў гэты працэс і Беларусь. 25 сакавіка 1918 г. была аб'яўлена незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Тым не менш варта заўважыць, як адзначаў М. Ткачоў, што Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваліся беларускім нацыянальным рухам ад пачатку XX ст. Ідэя нацыянальнага сімвала Пагоня лунала ў паветры і выразнікам яе стаў Максім Багдановіч, які ў 1916 г. напісаў свой славуты верш:

 

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, -
Ўспомню Вострую Браму святую
І ваякаў на грозных канях,

 

Ў белай пене праносяцца коні, -
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.


У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі – гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі ўздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх – бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...

Маці родная, маці-краіна!
Не ўсцішыцца гэдакі боль...
Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
За цябе яму ўмерці дазволь!..

Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

 

Пры адраджэнні нашай дзяржаўнасці ў 1917-1918 гг. у выглядзе Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) сама сабой адрадзілася і роля старадаўняй Пагоні як дзяржаўнага герба. Магчыма, гэта адбылося зусім стыхійна і, наколькі вядома, не было замацавана ніякім дзяржаўным заканадаўчым актам, у якім быў бы кананізаваны ў якасці дзяржаўнага гербу адзіны адменнік Пагоні і мелася строгае апісанне ўсіх яго дэталяў. Выява Пагоні была размешчана на пячатках розных устаноў БНР.

Нягледзячы на тое, што Беларуская Народная Рэспубліка была разгромлена бальшавікамі, а сама Беларусь разрэзана дзяржаўнай мяжой на дзве часткі - БССР і Заходнюю Беларусь, ідэя сімвала засталася жыць. Узнікшая ў гэты перыяд Літоўская рэспубліка абрала гэты старажытны славянскі герб у якасці свайго дзяржаўнага. Такім чынам, праз прысваенне чужога герба адлюстроўваліся імперскія памкненні літоўскай буржуазіі на спрадвечныя беларускія землі. Нельга не сказаць, што ў сталіцы Літвы - Коўне не разумелі двухсэнсоўнасці гэтага становішча. " Гэтак званыя " ліцьвіны", фактычна Жмудзіны, не мелі ніякага дачынення да нашай Пагоні. Гэта ўсведамлялі нават шмат якія дзяржаўныя дзеячы " Літоўскай" рэспублікі, публічна сцвярджаючы патрэбу змены Пагоні як дзяржаўнага гербу Літвы". У 1935 г. тагачасны прэм'ер " Літоўскай" рэспублікі Тубаліс у сойме " афіцыйна прызнаў не " літоўскае" паходжанне Пагоні, заявіўшы, што ідзе праца над стварэннем арыгінальнага гербу. Гэта складаная праца мусіла б дайсці да лагічнага канца, але наступныя бурлівыя падзеі заўчасна прыпынілі яе.

У час Другой сусветнай вайны герб Пагоня з'яўляецца ў якасці аб'екту інтарэсу тых груповак на Беларусі, якія супрацоўнічалі з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Як сведчыла газета " Раніца", у дакуменце, быццам бы падпісаным гаўляйтэрам Вільгельмам Кубе 27 чэрвеня 1942 г., было адзначана, што беларускімі нацыянальнымі знакамі і эмблемамі лічацца: а) Беларуская нацыянальная Пагоня; б) бел-чырвона-белы сцяг. Як сведчаць архіўныя дакументы, гэта была дэзінфармацыя. Нямецкія ўлады стварылі нават камісію, каб знайсці вінаватых, праўда, плёну ня мелі. Пад падозру трапілі тыя беларускія дзеячы, што пайшлі на службу да захопнікаў. Тым не менш, у Пацдамскім архіве захоўваюцца дакументы 1942-1944 гг. Рэйхсміністэрства па акупіраваным усходнім тэрыторыям, дзе неаднаразова ўздымаецца пытанне аб легалізацыі нацыянальных сімвалаў. У якасці іх прапаноўваліся герб Пагоня, кветка васілька і бел-чырвона-белы сцяг. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што з Берліна рэгулярна прыходзілі ў адрас Гебіцкамісара Беларусі і беларускіх устаноў парады ўстрымацца, а ў лісце (люты 1944 г.) было адзначана, што " стварэнне беларускага нацыянальнага знаку не такая тэрміновая справа". У апошнім, па гэтаму пытанню, расйараджэнні Рэйхміністра ад 14 чэрвеня 1944 г. (у сувязі з паспяховым наступам Чырвонай Арміі па Беларускіх франтах) сказана, што " вырашэнне гэтага пытання неабходна скончыць".

Ані Пагоня, ані васілёк, ані " штандар бел-чырвона-белы" не былі афіцыйна дазволены ці зацверджаны ў гэтыя часы. Засталіся толькі безпаспяховыя спробы іх легалізацыі, хаця б з дазволу акупантаў.

Гэта адбылося па наступных прычынах. Ужо згаданы Рэйхміністр пісаў у кастрычніку 1943 г. генеральнаму камісару ў Мінск: "...праэкт беларускага нацыянальнага знака ў якасці беларускай дзяржаўнай сімволікі не можа быць адобраны, таму што дзяржаўная сімволіка патрабуе пэўную дзяржаўную самастойнасць, або хоць нейкую аўтаномію. Будучыня Беларусі... яшчэ не вызначана такім чынам, каб сёння можна было гаварыць аб яе сімволіцы..." Менавіта ў гэтых радках і крыецца разгадка таго, чаму беларускія колы дамагаліся зацвярджэння гістарычнай сімволікі і чаму немцы ўсялякім чынам тармазілі гэтую справу. Першыя бачылі ў гэтым хоць эфемерную гарантыю захавання і існавання Беларусі пры " новым парадку", а другія не хацелі звязаць сябе аніякімі абавязацельствамі. Пэўныя колы беларусаў спадзяваліся на тое, што іх чакае лёс Славакіі, якая атрымала сваю дзяржаўнасць у сакавіку 1939 г. пры падтрымцы і пад аховай Трэцяга Рэйху. Стыхійнае карыстанне жменькай калабарантаў нашымі сімваламі і эмблемамі яшчэ амаль на паўстагоддзя дало падставы для шматлікіх палітычных спекуляцый у дачыненні да герба Пагоня. Нельга звінавачваць сімвал, які выкарыстоўвалі пэўныя групы.

Пасля перамогі над фашысцкай Германіяй, герб Пагоня, зноў быў аддадзены на поўнае забыццё.

 

Крах Савецкага Саюза і абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь далі, нарэшце, магчымасць аб'яднаць усе функцыі герба Пагоня (як зямельнага і нацыянальнага) і вярнуць яму яшчэ і яго колішні статус герба Дзяржаўнага. Гэтая падзея адбылася 19 верасня 1991 г.

Такім чынам:

1. Тры хвалі нацыянальнага адраджэння XX ст. праходзілі пад знакам Пагоні.

2. Забарона бальшавікамі гэтага сімвала і спробы легітымізацыі і выкарыстанне яго падчас фашысцкай акупацыі не дэвальвуе гэты герб як нацыянальную каштоўнасць беларускага народа.

3. Прысваенне Летувой-Жмуддзю славянскага сімвала - герба Пагоня з'яўляецца сведчаннем імперскіх памкненняў і жаданнем падкрэсліць прамую гістарычную пераемнасць паміж ВКЛ і Жмуддзю, што пярэчыць аб'ектыўным фактам мінуўшчыны.

 


Частка 2 ПЫТАННЕ ДЗЯРЖАЎНАЙ СІМВОЛІКІ Ў БЕЛАРУСІ: СУЧАСНЫ СТАН

 

 

Б еларускае грамадзтва глыбока расколатае. Праз дзесяць гадоў пасля абвяшчэння незалежнае Рэспублікі Беларусі назіраецца настолькі радыкальнае адасабленне адной часткі грамадзянаў гэтае краіны ад другой, што, слухаючы размовы ды чытаючы артыкулы адных і другіх, старонні назіральнік можа проста не паверыць, што вядзецца ў іх пра адны і тыя ж рэаліі. Цяжка назваць хоць адзін з нацыявызначальных парамэтраў, апрача супольнага месца жыхарства, які б аб’ядноўваў гэтыя групы людзей: яны розняцца і моваю, і зместам гістарычнае памяці, і самасвядомасьцю (дарма што абедзве называюць сябе беларусамі — укладаюць яны ў гэтае паняцце зусім розны сэнс), і стаўленнем да іншых нацыяў па прынцыпе “блізкія-далёкія”, і бачаннем пэрспэктываў далейшага развою краю…

Часам здаецца, што найбольш камфортна гэтыя людзі адчувалі б сябе, калі б жылі ў дзвюх розных краінах. Дарэчы, гэтыя “дзве Беларусі” ўжо маюць і дзве асобныя сыстэмы дзяржаўных сімвалаў, абсалютна не падобныя паміж сабою: з аднаго боку — рыцарскі герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг, з другога — традыцыйны савецкі, ды чырвона-зялёны сцяг з арнамэнтам. Герб “Пагоня” (срэбны рыцар-вершнік у чырвоным полі шчыта) застаўся гэтаму краю ў “спадчыну” ад Вялікага Княства Літоўскага, краіны, у складзе якой продкі большасці сучасных жыхароў Беларусі жылі на працягу большае часткі сваёй гісторыі (у XIII—XVIII стст.), падчас чаго і сфармавалася, уласна кажучы, этнічная супольнасць, за якой у ХІХ ст. замацавалася найменне “беларусы”. Разам з бела-чырвона-белым сцягам герб “Пагоня” быў прыняты ў якасці дзяржаўнага сымбалю Беларускай Народнай Рэспублікі — першай дзяржавы, што паўстала на гэтых землях пасля распаду Расійскай імпэрыі. Гэтыя ж сімвалы былі першымі дзяржаўнымі і ў незалежнай Рэспубліцы Беларусі ў 1991—1995 гг. Што да другой сімвалічнай сыстэмы, то яе існаванне цалкам звязанае з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай. Яе “герб” (узору 1927 г.) і сцяг (узору 1951 г.), з невялікімі рэдакцыйнымі праўкамі, былі абвешчаныя дзяржаўнымі сімваламі Беларусі ў 1995 г.

Як кажа філасоўскі слоўнік, структура любога сымбалю “накіраваная на тое, каб даць праз кожную прыватную зяву цэльны вобраз сьвету”. У поўнай згодзе з гэтаю формулай у беларускіх умовах пазытыўнае ці нэгатыўнае стаўленне да тае ці іншае сымболікі ёсць галоўным індыкатарам сьветапогляду, галоўным тэстам на прыналежнасць асобы да ліку грамадзянаў Беларусі эўрапейскайці Беларусісавецкай.

Зусім натуральным выглядае той факт, што дзеячы беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, які на поўную моц заявіў пра сябе ў пачатку ХХ ст., уважалі “Пагоню” за натуральны нацыянальны сімвал свайго народу. У гэты час белы рыцар “Пагоні” аздабляе і чырвонае палотнішча нацыянальнага сцяга. Аднак ужо неўзабаве, дзесьці ў канцы 1916 — пачатку 1917 г., зяўляецца і новы арыгінальны сцяг беларускага руху. У поўнай згодзе з найбольш пашыраным у Эўропе прынцыпам сцягаўтварэння на падставе гербу, калі колеры асноўных дэталяў гербу (эмблемы і поля) адлюстроўваюцца на палотнішчы сцяга шляхам спалучэння гарызантальных палос рознай ці аднолькавай шырыні, эскіз гэтага бела-чырвона-белага сцяга быў створаны беларускім архітэктарам і палітыкам Клаўдзіем Дуж-Душэўскім. У пачатку сакавіка 1917 г. бел-чырвона-белае палотнішча зявілася ў Пецярбургу на будынку Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, супрацоўнікам якога быў Дуж-Душэўскі. А ўжо 25 сакавіка таго ж году менскі Беларускі нацыянальны камітэт прымае пастанову наступнага зместу:

“1. Дзеля таго што амаль усе гарады Менскай губэрні ўжывалі ў сваіх пячатках старадаўнюю Пагоню, пастаноўлена захаваць гэтую спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Камітэт аднагалосна прыняў “Пагоню” ў якасці дзяржаўнага гербу будучай незалежнай Беларусі.

2. Дзеля таго што ў беларускім народным мастацтве пераважаюць белыя і чырвоныя ўзоры, палічана дарэчным ужыць гэтыя колеры ў беларускім нацыянальным сцягу. Такім чынам, Камітэт пастанавіў, што сцяг мусіць складацца з трох гарызантальных палосаў аднолькавае шырыні — белай, чырвонай і белай, і што даўжыня яго ўдвая большая за шырыню”.

Новы сцяг настолькі арганічна спалучаўся з старажытнай “Пагоняй”, што ўжо праз кароткі час стаўся агульнапрызнаным нацыянальным сімвалам. У тым самым 1917-м “Статут Беларускіх Нацыянальных Культурна-Прасветных Гурткоў у войску” абавязваў сяброў гэтых гурткоў “насіць беларускі нацыянальны знак — белая стужка з чырвонай палоскай пасярэдзіне; усе тры палоскі — белая, чырвоная і белая — аднэй шырыні”. У снежні таго ж году бела-чырвона-белыя сцягі аздаблялі залю паседжанняў Усебеларускага з’езду — найважнейшага дзяржаватворчага форуму ў найноўшай гісторыі Беларусі, падчас якога 1872 дэлегаты ад усіх беларускіх земляў выказаліся за неабходнасць вольнага дзяржаўнага самавызначэння краю. Такім чынам, пытанне аб дзяржаўнай сімволіцы першай навачаснай беларускай дзяржавы было, фактычна, вырашанае наперад: дзяржаўным гербам паўсталай у 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі стаўся герб “Пагоня”, а яе дзяржаўным сцягам — бела-чырвона-белы сцяг.

У тыя ж часы ўзніклі і першыя праблемы, звязаныя з гэтаю сімволікай. Справа ў тым, што адначасна з дзяржаватворчымі працэсамі на беларускіх землях аналагічныя падзеі адбываліся і на этнічнай тэрыторыі літоўцаў, яшчэ адных спадкаемцаў гісторыі і традыцыяў былога Вялікага Княства Літоўскага. У тым самым 1918 годзе на тэрыторыі былога Жмудзкага (Самагіцкага) староства ВКЛ (дарэчы, ягонай адзінай буйной тэрытарыяльнай адзінкі, якая мела ўласны герб, адрозны ад “Пагоні”, — чорнага мядзведзя ў срэбным полі) і прылеглых да яго паветаў былых Віленскага і Троцкага ваяводзтваў была абвешчаная незалежная Літоўская дзяржава (спачатку манархія, а пазней рэспубліка). З мэтай падкрэсьліць ейную гістарычна-юрыдычную пераемнасць з Вялікім Княствам Літоўскім (а тагачасныя літоўскія нацыянальныя дзеячы прэтэндавалі на атрыманне ўлады над усімі землямі колішняга Княства) за дзяржаўны герб была ўзятая ўсё тая ж “Пагоня”. Прычым паколькі афіцыйная ідэалёгія абвяшчала акурат гэтую наваствораную Літву адзіным сапраўдным спадкаемцам былога Вялікага Княства Літоўскага, то і права выкарыстання эмблемы з узброеным вершнікам на белым кані на чырвоным тле нашчадкі жмудзінаў пакідалі толькі за сабою. З гэтай прычыны пэрыядычна здараліся інцыдэнты, накшталт выпадку ў сьнежні 1919 году, калі па дарозе з Берліну ў Рыгу на літоўскай мяжы была арыштаваныя дыпламатычная дэлегацыя БНР. Прычынаю арышту, паводле пратаколу затрымання, былі знойдзеныя пры мытным аглядзе “бланкі пашпартоў невядомай нам Беларускай Рэспублікі з літоўскім гербам на вокладцы”.

Але яшчэ большымі ворагамі беларусы, якія паслугоўваліся “Пагоняю” і бела-чырвона-белым сцягам, былі для прышлых з Усходу расейскіх бальшавікоў. Яшчэ падчас Усебеларускага зезду выступ іхнага прадстаўніка быў такім: “Мы стаім за брацтва ўсіх народаў. Не павінна быць падзелу на нацыі”. Указваючы на нацыянальны беларускі сцяг, гаворыць: “Кіньце гэты флаг”.

Канчаткова замацаваўшы сваю ўладу над Беларусяй у 1920 г. і стварыўшы тут “першую на беларускай зямлі дзяржаву рабочых і сялян”, у 1922 г. бальшавікі аб’ядналі яе разам з іншымі падобнымі “дзяржавамі” ў адзіную камуністычную імпэрыю — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Адзіным сцягам, які было дазволена ўжываць на ўсёй ягонай тэрыторыі, быў чырвоны сцяг бальшавіцкай партыі. Адзіным дапушчальным адрозненнем быў надпіс у левым верхнім рагу, у нашым выпадку — “БССР”. Тое самае было і з гербам. Першы герб Савецкай Беларусі “быў копіяй дзяржаўнага гербу РСФСР з адрозненнем у надпісе”.

Некаторая лібэралізацыя камуністычнага рэжыму ў часы НЭПу і звязаная з ёй тэндэнцыя прызнання за “савецкімі рэспублікамі” права на пэўную нацыянальную адметнасць спрычыніліся да пастаноўкі пытання аб стварэнні новых “дзяржаўных” сімвалаў гэтых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак СССР, “нацыянальных па форме, сацыялістычных па змесьце”. У лютым 1924-га ў БССР быў абвешчаны конкурс на найлепшы праект такога сымбалю. Ягоным пераможцам Рада Народных Камісараў прызнала расейскага мастака Валянціна Волкава, які, не надта мудрагелячы, трохі падрэдагаваў герб Савецкай Расеі з сярпом і молатам, пяціканцоваю зоркаю, сонцам і вянком, а для надання лякальнага калярыту зрабіў стужкі, што абвіваюць вянок, колераў нацыянальнага сцягу беларусаў — бела-чырвона-белымі. “Новы” герб быў зацьверджаны 11.04.1927 на 8-м зездзе Саветаў БССР з адной “невялічкай” праўкай: стужкам вярнулі колер, уласьцівы арыгіналу, — чырвоны. Мясцовыя “таварышы” лепш за выпускніка Пецярбурскай Акадэміі мастацтваў ведалі, дзе хаваецца бацыла “беларускага буржуазнага нацыяналізму”. Нішто ў сымболіцы “малодшага брата” ў “брацкай сям’і савецкіх народаў”, што ўпэўнена крочылі да пабудовы “новай нацыянальнай агульнасьці — адзінага савецкага народу”, не мусіла нагадваць беларусам пра часы, калі яны імкнуліся самі, без дапамогі “правадыроў сусьветнага пралетарыяту”, вырашаць лёс сваёй краіны. Вось пад гэтаю “дзяржаўнай эмблемай”, якая час ад часу перажывала невялікія рэдакцыйныя праўкі, Беларусь і жыла да канца 1991 году.

 

Між іншым, вельмі сымптаматычна выглядае адна з правак, якая датычылася мовы тэксту “Пралетарыі ўсіх краінаў, злучайцеся! ” на стужках вянка. Першапачаткова гэты тэкст падаваўся там на беларускай, ідыш, расейскай і польскай мовах, але 28 ліпеня 1938 году Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне пакінуць на гербе толькі беларуска- і рускаскамоўныя надпісы. Што, дарэчы, і не дзіўна, калі ўлічыць, з якім імпэтам НКВД акурат у тыя часы займаўся вынішчэннем “агентаў Троцкага” і “белапольскіх шпіёнаў” на тэрыторыі Савецкай Беларусі.

І вось у траўні 1995 г. гэты ж “геральдычны знак”, які, дарэчы, мае вельмі мала супольнага з традыцыйнай геральдыкай, зявіўся на франтоне будынку Адміністрацыі прэзыдэнта незалежнай Рэспублікі Беларусі, сімвалызуючы сабою імкненне новага кіраўніцтва гэтай краіны і значнай часткі яе насельніцтва пазбавіцца ад цяжару незалежнасьці і вярнуцца ў “светлае савецкае ўчора”.

Яшчэ больш кароткая гісторыя ў чырвона-зялёнага палотнішча, які сёння вісіць над тым жа палацам. У пачатку 1950-х гадоў, зыходзячы з нейкіх таямнічых меркаванняў, Масква загадала адміністрацыям “савецкіх рэспублік” дадаць да чырвоных бальшавіцкіх сцягоў з сярпом і молатам, што лічыліся “дзяржаўнымі” ўва ўсіх частках Савецкага Саюзу, нейкія стандартызаваныя дэталі, якія мусілі сімвалызаваць пэўную “спэцыфіку” кожнай тэрыторыі. Выконваючы загад, Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР сваім указам ад 25.12.1951 дадаў (без аніякага тлумачэння!) да кумачовага палотнішча зялёную паласу ўнізе і арнамэнт, узяты з ручніка, вышытага ў 1917 г. сялянкай М. Маркевіч з вёскі Касцілішча на Сенненшчыне, уздоўж дрэўка. Эскіз гэтага сцяга быў створаны зноў-такі (як і ў выпадку з гербам БССР) расійскім мастаком на гэты раз Мікалаем Гусевым.

Што датычыцца “Пагоні” і бела-чырвона-белага сцяга, то, застаючыся афіцыйнымі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі ды яе ўраду ў выгнанні, вакол якога гуртавалася беларуская палітычная эміграцыя, яны аўтаматычна траплялі пад фактычную забарону ў БССР.

На працягу ўсіх 70 гадоў існавання савецкай улады названыя сімвалы заставаліся галоўнымі для ўсіх прыхільнікаў аднаўлення незалежнасьці Беларусі. У 1940—50-х гг. пад імі гуртаваліся ўдзельнікі антысавецкага партызанскага руху і падпольля (Беларуская вызвольная армія, Беларуская незалежніцкая партыя, Саюз беларускіх патрыётаў і інш.). У 1960—70-я пра іх легальнае адраджэнне ў Беларусі марылі інтэлектуалы-гуманітары з так званага “Акадэмічнага асяродку”, разгромленага КГБ у 1974—75 гг., і мастакі-дысыдэнты з творчага кола “На Паддашку”, якія ў 1980 годзе падрыхтавалі і распаўсюдзілі “самвыдатам” паштоўкі і плякат з выявамі “Пагоні”. Патрапіўшы за мяжу (адна з гэтых паштовак аўтарства Яўгена Куліка была перавыдадзеная і атрымала там пэўны розгалас), гэтыя сьціплыя творы надалі гістарычна-культурніцкай маніфэстацыі сэнс палітычнай вызвольнай акцыі і засьведчылі сьвету, што кіраваныя з Масквы працэсы нацыянальнай дэградацыі і асыміляцыі беларускага народу не дасягнулі яшчэ канчатковых вынікаў. У 1980-я “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг робяцца агульнавядомымі сімваламі беларускасьці і незалежніцтва, а іх публічная дэманстрацыя адназначна трактуецца і ўладамі, і апанэнтамі гэтых уладаў як акт нацыянальнага супраціву. Для прыкладу можна прывесьці падзеі кастрычніка—лістапада 1985 г., калі на будынку Менскай мастацкай вучэльні імя Глебава два навучэнцы, Міхал Мірошнікаў і Юры Макееў, вывесілі бел-чырвона-белыя сцягі, сарваўшы сцягі СССР. У выніку КГБ распачало юрыдычны перасьлед 6 чалавек, а Макееў быў вымушаны спыніць вучобу.

З пачаткам працэсу дэмакратызацыі ў Савецкім Саюзе выкарыстанне дасавецкай сымболікі ў БССР набывае масавы характар і пачынаюць гучаць патрабаванні яе легалізацыі (першай такое патрабаванне высунула незалежніцкая моладзевая арганізацыя “Талака” ў жніўні 1988 г.). 19 лютага 1989 г. акурат пад бела-чырвона-белымі сцягамі на стадыёне “Дынама” ў Менску адбываецца першы ў БССР дазволены ўладамі апазыцыйны палітычны мітынг. Аднак у гэтыя ж часы нярэдкімі застаюцца арышты і пакаранні людзей (асабліва ў правінцыі) за выкарыстанне гэтага сцягу і “Пагоні”. Нават 19 чэрвеня 1991 г. найбуйнейшая тагачасная апазыцыйная арганізацыя — Беларускі народны фронт — была афіцыйна зарэгістраваная (праз два гады пасьля стварэння) толькі з умоваю, што на працягу трох месяцаў прывядзе свой статут у адпаведнасць з заканадаўствам, а менавіта скасуе там запіс, што “БНФ выкарыстоўвае беларускую гістарычную сымболіку — бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня”. І гэта пры тым, што першы з названых сімвалаў быў легалізаваны ўжо годам раней (у 1990 г.), прынамсі ў сталіцы БССР, дзе Менскі гарадзкі савет прыняў пастанову пра дазвол на ягонае выкарыстанне ў якасьці нацыянальнага (але не дзяржаўнага) сцягу беларусаў (але не Беларусі).

БНФ не пасьпеў прывесьці свой статут у адпаведнасць з заканадаўствам БССР. Дакладна праз тры месяцы пасьля ягонай рэгістрацыі, 19 верасьня, краіна стала звацца Рэспублікай Беларуссю, а яе дзяржаўнымі сімваламі сталі “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг. Ува ўмовах прагрэсаванага развалу савецкай імпэрыі, пасьля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту ў Маскве ў жніўні гэтага году, прадстаўнікі тагачаснай кіроўнай эліты Беларусі былі гатовыя ісьці на любыя крокі дзеля захавання сваёй улады ў краіне. Пасьля забароны дзейнасьці Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу ды яе мясцовай філіі, Камуністычнай партыі Беларусі (25.08.1991), публічна захоўваць вернасць камуністычнай сымболіцы здавалася ім небясьпечным. Іншых гістарычных сімвалаў Беларусі, апрача тых, што выкарыстоўвала апазыцыя, ніхто не ведаў, а выдумляць новыя не было часу: тая самая апазыцыя, праз сваю парлямэнцкую меншасць, актыўна высоўвала прапановы па дэсаветызацыі і дэкамунізацыі краіны, сярод якіх патрабаванне змены сымболікі здавалася прагматыкам-намэнклятурнікам адным з найменш пагрозлівых для іх асабіста. Што ж да беларускіх незалежнікаў, прадстаўнікі якіх і складалі гэтую меншасць, то для іх вяртанне дзяржаўнасьці нацыянальных сімвалаў было прынцыповым пытаннем, вырашэнне якога мусіла гарантаваць незваротнасць шляху да дзяржаўнай самастойнасьці Беларусі і беларусізацыі яе грамадзтва.

Такім чынам, у канцы 1991 г. адрадзілася незалежная беларуская дзяржава, галоўныя эмблемы якой адпавядалі сымбалям п

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
 | Элементарное праническое целительство
Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.038 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал