Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Развіццё капіталізму ў эканоміцы Беларусі.






Сельская гаспадарка Беларусі ў 60 – 90-х гг. XIX ст. Рэформа 1861 г., праведзеная ў інтарэсах памешчыкаў, абумовіла «прускі» варыянт развіцця аграрнага капіталізму ў Расіі. У Беларусі яго рысы былі яшчэ больш выразныя, таму што тут памешчыцкае землеўладанне не толькі пераважала, але і мела, па сутнасці, латыфундыяльны характар. Буйныя памешчыкі валодалі дзесяткамі і сотнямі тысяч дзесяцін зямлі, а сялянскія надзелы складалі ў сярэднім ад 2 да 5 дзесяцін на мужчынскую душу.

Аснова вытворчых адносін у парэформеннай вёсцы вызначалася сялянскім малазямеллем, высокімі выкупнымі плацяжамі, шматлікімі дзяржаўнымі, земскімі і мірскімі падаткамі і павіннасцямі, якія вымушалі сялян на кабальных умовах арандаваць памешчыцкія палі, пашу і сенажаці, брадь у паноў натуральныя (прадуктовыя) і грашовыя пазыкі. За ўсё гэта сяляне разлічваліся адпрацоўкамі ў панскіх гаспадарках. Сяляне-гаспадары выкарыстоўвалі на адпрацоўках уласны інвентар і рабочую жывёлу, сяляне-пралетарыі, якія не мелі ні каня, ні сахі, працавалі на сенажацях, жніве, малацьбе і г. д. Адпрацоўкі першага віду з'яўляліся прамым перажыткам паншчыны і былі найбольш характэрныя для сялян-сераднякоў. Другі від адпрацовак быў пераходным да капіталістычнага найму.

Вядзенне памешчыцкай гаспадаркі на аснове кабальных сялянскіх адпрацовак з ужываннем прымітыўнага інвентару, слабасільнай рабочай жывёлы і старадзедаўскіх метадаў земляробства пры адсутнасці зацікаўленасці ў дабраякаснай працы мела вынікам выключна нізкую ўраджайнасць сельска-гаспадарчых культур, прадвызначала яе адсталасць і няздольнасць да канкурэнцыі на рынку. Такія маёнткі з цягам часу абцяжарваліся даўгамі, закладваліся ў банках і раней ці пазней прадаваліся цалкам або часткамі. У канцы 80-х гг. у 5 заходніх губернях было закладзена ў банках больш за 3 млн дзесяцін памешчыцкай зямлі. Крызісны стан памешчыцкай гаспадаркі пашыраўся вельмі хутка. У Мінскай губерні ў 1890 г. было закладзена ў банках 763, у 1895 г. – 1656, а ў 1900 г. – 2907 маёнткаў.

Сотні памешчыцкіх маёнткаў, якія не здолелі перабудавацца на капіталістычны лад, паступалі ў продаж. 3 1877 па 1905 г. дваранскае землеўладанне ў Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губернях зменшылася на 1 335 800 дзесяцін, або на 10, 8 %. За той жа час буржуазная зямельная ўласнасць павялічылася ў 2, 3 раза, у тым ліку сялянская – у 3, 3 раза.

У адзначаны перыяд сяляне 5 заходніх губерняў купілі 1 651 600 дзесяцін зямлі. Куплялі зямлю таксама мяшчане, купцы, прамыслоўцы. У выніку ўдзельная вага буржуазнага (бессаслоўнага) землеўладання на Беларусі ў 1877 – 1905 гг. вырасла з 5, 1 да 16, 5 %. У пачатку XX ст. яно перавышала 3 млн. дзесяцін.

Працэс распаду дваранскай зямельнай уласнасці на Беларусі праходзіў значна марудней, чым у Еўрапейскай Расіі ў цэлым, дзе дваране да 1905 г. страцілі 27, 2 % сваіх зямель. Гэта тлумачыцца, з аднаго боку, адносна большай эканамічнай устойлівасцю многіх памешчыцкіх гаспадарак Беларусі, а з другога – урадавай палітыкай штучнага насаджэння тут буйнога рускага памешчыцкага землеўладання замест польскага. Такая задача была пастаўлена генерал-губернатарам беларуска-літоўскіх губерняў М. М. Мураўёвым у сувязі з паўстаннем 1863 – 1864 гг. з мэтай узмацнення ў краі сацыяльнай апоры царызму.

Перавага польскага дваранска-памешчыцкага землеўладання на Беларусі была ў той час вельмі значнай. Так, у 1864 г. у Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губернях польскім (апалячаным беларускім) памешчыкам належала 10 797 маёнткаў плошчай каля 7, 5 млн дзесяцін, а «не польскім» (у пераважнай большасці рускім) – 1458 маёнткаў, плошча якіх была ў 4 разы меншай. У рукі рускіх чыноўнікаў, генералаў на незвычайна льготных умовах неўзабаве перайшлі сотні маёнткаў, канфіскаваных у польскіх памешчыкаў – удзельнікаў паўстання. Законам ад 10 снежня 1865 г. асобам «польскага паходжання» забаранялася набыццё маёнтка на Беларусі інакш як па спадчыне. У выніку такіх мер колькасць рускіх памешчыкаў у чатырох названых губернях толькі ў 1864 – 1870 гг. павялічылася амаль на 1 тыс., а плошча іх уладанняў вырасла ў 2 разы і дасягнула 3, 7 млн дзесяцін. Насаджэнне рускага дваранскага землеўладання на Беларусі працягвалася і пазней, хоць і не такімі высокімі тэмпамі, як у 1864 – 1870 гг. Менавіта контрмеры царызму прычыніліся да таго, што дваранскі зямельны фонд Мінскай губерні ў 1877 – 1905 гг. не толькі не паменшыўся, але і вырас на 58 тыс. дзесяцін.

Рост буржуазнай зямельнай уласнасці на Беларусі ў парэформенныя дзесяцігоддзі істотна тармазіўся абмежаваннем землеўладання беларускіх сялян-католікаў 60 дзесяцінамі на сям'ю, а таксама выключэннем з гэтага працэсу яўрэйскай буржуазіі, якая была ўвогуле пазбаўлена права купляць зямлю за межамі гарадоў і мястэчак.

Пераход да капіталістычнага земляробства ў Беларусі адбываўся паступова. На змену прыгонніцтву спачатку прыйшла змешаная сістэма гаспадаркі, Для парэформеннай Беларусі, як і ўсёй Расіі, была характэрна бясконцая разнастайнасць форм гаспадаркі, пераходных ад феадалізму да капіталізму, якая зводзілася да дзвюх асноўных сістэм – адпрацовачнай і капіталістычнай. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях у канцы 80-х гг. пераважала капіталістычная сістэма, а ў Віцебскай і Магілёўскай – змешаная з прыблізнай раўнавагай абедзвюх сістэм (у Расіі былі ў той час і губерні, дзе пераважалі адпрацоўкі).

Капіталістычная сістэма заключалася ў найме рабочых (гадавых, тэрміновых, падзённых і інш.), якія апрацоўвалі зямлю інвентаром уладальніка. Заснаваныя на гэтай сістэме гаспадаркі паступова набывалі гандлёвы, прадпрымальніцкі характар. Яны ўводзілі шматпольныя севазвароты, пародзістую жывёлу, палепшаныя прылады працы (жалезныя плугі, бароны і інш.), пазней – розныя сельска-гаспадарчыя машыны. Аднак пры найме рабочых нават у перадавых маёнтках шырока выкарыстоўваліся кабальна-ліхвярскія метады, да ліку якіх адносіліся выдача задаткаў загадзя – зімою або нават восенню; прымацаванне батрака да панскага двара шляхам выдзялення яму хаты-халупы, агароду і так званай ардынарыі – платы прадуктамі. За гэта на пана павінна была працаваць (па сутнасці бясплатна) уся сям'я батрака. Папярэднія задаткі часта выдаваліся і пры найме тэрміновых (сезонных) і падзённых работнікаў. Гэта дазваляла памешчыку значна паніжаць іх заработную плату.

У 60 – 70-я гг. XIX ст. важнейшай таварнай галіной і ў памешчыцкай, і ў сялянскай гаспадарцы Беларусі заставалася вытворчасць збожжа. Аднак з'яўленне ў 80-я гг. на рынках Заходняй Еўропы масы таннага і высакаякаснага збожжа з Паўночнай Амерыкі, Аргенціны, Аўстраліі мела вынікам рэзкае падзенне цэн на яго і прывяло сельскую гаспадарку Беларусі, як і ўсёй Расіі, да глыбокага крызісу. Цэны на жыта ў 5 заходніх губернях у 80-я гг. панізіліся ў 2 – 2, 3 раза. У дадатак на чыгунках Расіі быў уведзены тарыф, які стымуляваў вываз збожжа з чарназёмных губерняў краіны ў Заходнюю Еўропу і канчаткова зрабіў нявыгаднай на Беларусі вытворчасць збожжа як рыначнай культуры.

Усё гэта мела вынікам спецыялізацыю сельскай гаспадаркі Беларусі, як і Прыбалтыкі, на жывёлагадоўлі, у першую чаргу малочнай. У 90-я гг. галоўнай спецыялізаванай галіной у сельскай гаспадарцы Беларусі стала малочная жывёлагадоўля. Колькасць буйной рагатай жывёлы ў памешчыцкіх гаспадарках у 1883 – 1900 гт. вырасла прыблізна ў 2 разы. На Беларусі з'явіліся высокапрадукцыйныя пароды кароў (галандская, сіментальская і інш.) і спецыяльныя фермы («заводы») для іх гадоўлі. У перадавых гаспадарках адкрываліся сыраварні і масларобчыя заводы, прадукцыя якіх ішла і на ўнутраны рынак, і на экспарт. У канцы XIX ст. на Беларусі налічвалася не менш чым 200 такіх прадпрыемстваў, а іх таварная прадукцыя вагалася ад 500 да 650 тыс. пудоў масла і сыру штогод.

Другім важным напрамкам спецыялізацыі памешчыцкай гаспадаркі на Беларусі з'яўлялася вінакурства. У 1893 – 1894 гг. у 5 заходніх губернях дзейнічалі 404 вінакурныя заводы. К 1905 г. іх колькасць вырасла да 536. Пераважалі невялікія заводы з колькасцю рабочых да 10. Асноўнай сыравінай для вырабу спірту з'яўлялася бульба. Адходы вінакурэння выкарыстоўваліся ў жывёлагадоўлі.

Спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі на малочнай жывёлагадоўлі і вінакурстве суправаджалася істотнымі зменамі ў структуры пасяўных плошчаў. Найбольш высокімі тэмпамі расло травасеянне.

Плошча пад кармавымі культурамі (канюшына, віка, сырадэля, цімафееўка і інш.) у 80 – 90-я гг. павялічылася на Беларусі больш чым у 7 разоў. У 3, 3 раза выраслі пасевы бульбы. Плошчы пад збожжавымі таксама некалькі пашырыліся, але іх удзельная вага знізілася. 3 пачаткам аграрнага крызісу вытворчасць збожжа на Беларусі прызначалася пераважна на корм для жывёлы і вінакурэнне. У буйных памешчыцкіх маёнтках усё часцей уводзіліся шматпольныя севазвароты, ужываліся штучныя ўгнаенні, а таксама (у тых жа мэтах) торф. Аграрны крызіс стымуляваў рост попыту ў памешчыкаў і заможных сялян на палепшаныя прылады працы і розную сельскагаспадарчую тэхніку (жалезныя плугі і бароны, сеялкі, жняяркі, малатарні, арфы і г. д.). Выкарыстанне іх паскарала працэс выцяснення адпрацовак вольным наймам, паляпшала апрацоўку глебы, скарачала тэрміны ўборкі ўраджаю і ў цэлым садзейнічала росту ўраджайнасці. За 30 парэформенных гадоў сярэднегадавы чысты збор збожжа ў пяці заходніх губернях вырас больш чым удвая, а бульбы – амаль у 5 разоў.

Спецыялізацыя памешчыцкай гаспадаркі і павелічэнне яе рыначных сувязей асабліва выразна праявілася ў пашырэнні вытворчасці тэхнічных культур. Сярод іх першае месца займала бульба. Плошча пад яе за 1881 – 1899 гг. узрасла ў 2, 5 раза. Другое месца займаў лён, за гэты ж час плошча пад лён павялічылася на 48, 5 %. Яго вытворчасць, асабліва ў Віцебскай губерні, мела пераважна гандлёвы характар. Значнае месца ў канцы XIX ст. у беларускіх губернях займала прамысловае садоўніцтва і агародніцтва.

Важным напрамкам спецыялізацыі сельскай гаспадаркі ў Віцебскай і ў некаторых паветах Віленскай губерні з'яўлялася льнаводства, а на Магілёўшчыне – вырошчванне канапель. У Гродзенскай і Мінскай губернях у 60—70-я гг. XIX ст. значныя маштабы набыла танкарунная авечкагадоўля. Воўна з гэтых губерняў паступала на мясцовыя суконныя фабрыкі, у Польшчу, Германію. Пазней, аднак, канкурэнцыя больш таннай воўны з паўднёвых раёнаў Расіі і з Аўстраліі прывяла мясцовую авечкагадоўлю да заняпаду. Як рыначная галіна паўсюдна на Беларусі развівалася свінагадоўля, асабліва ў памешчыцкіх гаспадарках.

У цэлым жа, нягледзячы на значныя поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі ў парэформенныя дзесяцігоддзі, перабудова яе на капіталістычны лад да пачатку XX ст. далёка не завяршылася. Характар вытворчых адносін у беларускай вёс-цы ў многім вызначаўся кабальнай адпрацовачнай сістэмай, якая не была зжыта да канца нават у перадавых гаспадарках, прыстасаваных да рыначных умоў.

Разам з тым да пачатку XX ст. перабудова сельскай гаспадаркі Беларусі на капіталістычны лад яшчэ далёка не завяршылася. 3-за перавагі памешчыцкай уласнасці тут не склалася развітая сялянская заможная гаспадарка. У к. XIX ст. сярод сялян беднякоў было 61 %, сераднякоў – 28%, заможных сялян – толькі 11 %.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.007 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал