Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Станаўленне новай беларускай мовы і літаратуры, развіццё перыядычнага друку.






Адметнай рысай культурнага жыцця Беларусі ў першай палове XIX ст. з'яўлялася інтэнсіўнае развіццё літаратуры і журналістыкі. Гэтыя галіны культуры становяцца своеасаблівай трыбунай палітычнай думкі, арэнай вострай палітычнай і ідэалагічнай барацьбы. Літаратура Беларусі ў гэты час характарызуецца шматмоўнасцю, разнастайнасцю мастацкіх кірункаў, шматлікасцю жанраў. Першая палова XIX ст. была часам станаўлення новай беларускай літаратуры. Выдатнам літаратарам Беларусі быў Адам Міцкевіч. Яго творы, напісаныя на польскай мове, могуць лічыцца культурнай спадчынай не толькі польскага народа. У сваіх ранніх творах " Мешка, князь Наваградка", " Бульба", а таксама ў буйнейшых паэмах " Дзяды”, " Пан Тадэвуш", " Гражына" знакаміты паэт-рамантык выкарыстаў тэмы і вобразы беларускага фальклору, сюжэты беларускай гісторыі, а яго літаратурная мова адчула на сабе значны ўплыў мовы беларускага народа, паэтыкі беларускай песні. А. Міцкевіч адзначаў: “На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай... размаўляе каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і выдатна распранавана. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі”

Беларускія землі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння да Расійскай імперыі знаходзіліся пад польскім і рускім уплывамі. Адметнай з’явай культурнага жыцця першай паловы XIX ст. стала творчасць польска-беларускіх дзеячаў культуры. Найбольш вядомым з іх быў знакаміты літаратар Уладзіслаў Сыракомля (сапр. Людвік Кандратовіч), аўтар верша “Паштальён”, які ў перакладзе Л. Трэфалёва на рускую мову стаў знакамітым рускім рамансам.

У. Сыракомля ацэньваў ролю беларускай мовы так: “Пекная гэта галіна славянскай мовы – той крывіцкі дыялект – і старая! Бо гэта мова нашага Літоўскага статута і заканадаўства на працягу двух стагоддзяў – XVI і XVII. І пашыраная! Бо смела можна сказаць, што на ёй размаўлялі тры чвэрці даўняй Літвы, народ, шляхта і паны”.

Характэрная з'ява беларускай літаратуры першай паловы XIX ст. – узнікненне ананімных твораў, якія, як правіла, уздымалі сацыяльныя праблемы і не маглі трапіць у той час на старонкі друкаваных выданняў з-за цэнзурных перашкод. Ананімныя творы перапісваліся, завучваліся на памяць, перадаваліся як сямейная рэліквія. Многія з іх былі адрасаваны беларускаму сялянству. У “Гутарцы Данілы са Сцяпанам”, “Вось які свет стаў”, гутарках " Вясна гола перапала", " Панаманія" і інш. адлюстроўваліся думкі і настроі беларускіх сялян, сцвярджалася права прыгоннага сяляніна звацца чалавекам, гучала асуджэнне існуючага сацыяльнага ладу.

У першай палове XIX ст. адбываўся працэс станаўлення новай беларускай літаратурнай мовы. У яе аснову ляглі сярэднебеларускія гаворкі. Выдатным узорам іх літаратурнай апрацоўкі з’явілася ананімная паэма “Тарас на Парнасе” (найбольш верагодным аўтарам даследчыкі лічаць Канстанціна Вераніцына). Яна разам з ананімнай паэмай “Энеіда навыварат” (аўтарам лічаць Вікенція Равінскага) паклала пачатак новай беларускай літаратуры. Травесційныя па форме, напісаныя з вялікім пачуццём гумару, паэмы тым не менш вырашалі вельмі сур'ёзную праблему – праблему народнай самабытнасці, даказвалі каштоўнасць народных традыцый, прыгажосць і багацце беларускай мовы, адкрывалі новы жанр у беларускай літаратуры. Стваральнікі гэтых паэм паказалі не толькі выдатнае веданне беларускай мовы, народных традыцый, фальклора і этнаграфіі, але і глыбокую эрудыцыю ў галіне сусветнай літаратуры.

Адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры быў выпускнік Полацкай езуіцкай акадэміі Ян Баршчэўскі, які пісаў і па-беларуску, і па-польску. Ён – аўтар кнігі “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, выдадзенай у 1844 – 1846 гг., дзе выкарыстаны беларускія казкі і паданн. Сучаснікі параўноўвалі гэты твор са славутымі арабскімі казкамі “ Тысяча і адна ноч”, а самога аўтара называлі беларускім Гогалем, Гофманам і нават Уэлсам.

Значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры ўнеслі таксама Ян Чачот, аўтар фальклорных зборнікаў і вершаў на беларускай і польскай мовах, сябра Міцкевіча, адзін са стваральнікаў таварыства філаматау; В.Каратынскі, польска-беларускі паэт і пісьменнік..

Прыгонныя сяляне не мелі магчымасці рэалізаваць уласныя пісьменніцкія таленты. У 20-я гг. развіваецца талент беларускага сялянскага пазта Паўлюка Багрыма, якога літаратуразнаўцы называюць " беларускім Бёрнсам". Вядома, напрыклад, шго ён пісаў вершы ў 15-гадовым узросце. Але ва ўмовах царскага прыгонніцтва талент сялянскага хлопца не мог праявіцца ў поўнай сіле. За перапісванне забароненых літаратурньгх твораў, перш за ўсё паэмы Я. Баршчэўскага " Рабункі мужыкоў", а таксама за ўдзел у сялянскім выступленні сын вясковага рамесніка быў здадзены ў салдаты. Адбыўшы рэкрутчыну, ён вярнуўся на радзіму і працаваў кавалём. 3 некалькіх сшыткаў вершаў маладога паэта, канфіскаваных паліцыяй, да нас дайшоў толькі адзін яго верш “Зайграй. Зайграй, хлопча малы...”, згаданы ў працы аднаго з сучаснікаў Багрыма.

У 40-я гт. да беларускага прыгожага пісьменства звяртаецца выдатны пісьменнік, драматург, грамадскі дзеяч Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Першымі вядомымі нам творамі пісьменніка сталі п'есы " Рэкруцкі яўрэйскі набор", “Спаборніцтва музыкантаў", " Чарадзейная вада". Гэтыя п'есы былі напісаны на польскай мове і ў 40-я гг. пастаўлены на мінскай сцэне. У 1846 г. убачыла свет выдатная музычная п’еса В.Дуніна-Марцінкевіча " Сялянка" (" Ідылія"), дзе ўпершыню загучала жывая беларуская гаворка. Прозвішча аднаго з найбольш каларытных герояў п'есы – Навума Прыгаворкі – ў далейшым ён выкарыстаў як літаратурны псеўданім. У 50-я гг. Дунін-Марцінкевіч стварае вершаваныя апавяданні " Вечарніцы", " Гапон", " Халімон на каранацыі" і інш. У гэты час ён пераклаў на беларускую мову паэму А.Міцкевіча " Пан Тадэвуш”. Аднак царская цэнзура забараніла выданне гэтага перакладу.

Творчасць Дуніна-Марцінкевіча завяршала рамантычна-этнаграфічны перыяд у развіцці беларускай літаратуры. Заслугамі пісьменніка з'яўляюцца распрацоўка беларускай літаратурнай мовы, сілабічнага вершаскладання, новых жанравых формаў. Класікай беларускай літаратуры стаў яго фарс-вадэвіль " Пінская шляхта", які быў напісаны напачатку 60-х гг. Творчасць Дуніна-Марцінкевіча аказвала значны ўплыў на фарміраванне беларускай нацыянальнай літаратуры і ў пазнейшыя часы.

Творчасць У. Сыракомлі, Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча з’яўлялася прыкладам літаратуры стылю рамантызму, які быў агульным ідэйным і мастацкім кірункам у еўрапейскай літаратуры і мастацтве канца XVIII – першай паловы XIX ст.

У 50-я гг. пачынаецца шырокае распаўсюджванне літаграфій, якія дазвалялі выдаваць ілюстраваныя выданні.

Друк. У развіцці адукацыі, навукі і культуры ў цэлым усё больш важную ролю набываў друк. Выданне навуковай, вучэбнай і мастацкай літаратуры на Беларусі і ў Літве ў канцы XVIII – першай трэці XIX ст. забяспечвалася ў асноўным друкарнямі Віленскага універсітэта і Полацкай езуіцкай акадэміі. Апошняя ў мастацтва 1797 – 1820 гг. выпусціла больш за 500 кніг розных назваў, пераважна на польскай і лацінскай, а таксама на рускай, нямецкай, французскай і італьянскай мовах. Сярод іх былі падручнікі па ўсеагульнай геаграфіі і гісторыі Рыма, па граматыцы лацінскай мовы, майстэрству рыторыкі, слоўнікі, творы многіх пісьменнікаў і філосафаў, у тым ліку антычных.

У канцы XVIII ст. на Беларусі з’явілася першае перыядычнае выданне – Газета Гродзеньска”, якая выходзіла ў 1776 – 1783 гг. у Гродне на польскай мове. У 1797 – 1812 гг. Полацкая езуіцкая калегія, у 1812 – 1820 гг. – Акадэмія выдавала “ Каляндар Полацкі” і “ Штомесячнік Полацкі” (таксама па-польску). Найбольшай працягласцю выдання з мясцовых газет выдзяляўся “ Кур’ер Літэўскі» (“Літоўскі вес нік»), заснаваны ў 1796 г. у Гродне. У 1797 г. ён быў пераведзены ў Вільню і выходзіў як афіцыйны орган мясцовых улад да канца існавання царызму (з 1841 г. пад назвай “ Віленскі веснік”). На змесце і мове гэтай газеты выразна адбіваліся змены ў палітыцы царскага ўрада на Беларусі і ў Літве. У першай трэці XIX ст. яна выходзіла толькі на польскай, у 1834 – 1865 гг. – на польскай і расійскай, пазней – толькі на расійскай мове.

У 1838 г. афіцыйныя перыядычныя выданні з'явіліся ў кожнай губерні краю – «Губернские ведомости». Галоўнай іх задачай з’яўлялася асвятленне дзейнасці ўрада і мясцовых органаў улады. Разам з тым у асобнай («неафіцыйнай») частцы гэтых газет друкаваліся мастацкія творы, краязнаўчыя, фальклорныя, этнаграфічныя і гістарычныя матэрыялы. Артыкулы на палітычныя тэмы забараняліся. Друкавалася толькі тое, што дазвалялі цэнзары – царскія чыноўнікі.

На Беларусі чыталі выданні А.Кіркора, перш за ўсё альманах “Тэка Віленьска", Ю.Крашэўскага " Атэнэум", гродзенскі альманах " Андына", выданні Р.Падбярэзскага. Культурнае жыццё Беларусі, найперш Падзвіння, даволі шырока і грунтоўна асвятлялася ў альманаху «Рубон», які выдаваўся ў 1842 – 1849 гг. у Вільні на польскай мове (Рубон — старажытная назва Заходняй Дзвіны). У 10 тамах гэтага выдання змешчана нямала матэрыялаў па беларускай этнаграфіі, фальклору і гісторыі Беларусі, якія сведчылі пра самабытнасць культуры беларускага народа.

Найбольш значныя бібліятэкі ў той час існавалі пры вучэбных установах і дварах магнатаў. Багаццем і разнастайнасцю кнігазбораў вызначаліся бібліятэкі Віленскага універсітэта і Полацкай езуіцкай Акадэміі. Яны камплектаваліся еўрапейскай навуковай, мастацкай і іншай літаратурай, пачынаючы з 80-х гг. XVI ст. У 1812 г. бібліятэка Акадэміі ў Полацку налічвала каля 40 тыс. тамоў. Аснову кніжнага збору складалі выданні XVI – XVIII стст. на польскай, лацінскай, французскай, нямецкай мовах. У бібліятэцы зберагалася шмат старажытных рукапісаў, каралеўскіх грамат і рэдкіх выданняў з розных еўрапейскіх гарадоў, у тым ліку 90 біблій. Пасля ліквідацыі Акадэміі ў 1820 г. бібліятэка была перададзена манаскаму ордэну піяраў, а ў 1830 г. раздадзена па частках Полацкаму кадэцкаму корпусу, Публічнай імператарскай бібліятэцы ў Пецярбургу (старадрукі), бібліятэкам шэрага гімназій і іншых навучальных устаноў. У 30 – 50-я гг. XIX ст. у Гродне, Магілёве, Мінску, Віцебску былі створаны першыя публічныя бібліятэкі. Але да сярэдзіны стагоддзя іх дзейнасць абмяжоўвалася амаль выключна збіраннем кніжнага фонду. Адметнай рысай перыяду было існаванне буйных прыватных кнігазбораў і калекцый. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. быў пакладзены пачатак аднаму з найлепшых кнігазбораў Беларусі і Польшчы – бібліятэцы Храптовічаў, якая размясцілася ў Шчорсах. Буйныя калекцыі і кнігазборы былі ў Дзярэчыне ў Сапегаў, у Т.Нарбута ў Шаўрах, у Кіркора ў Вільні, у Я.Тышкевіча ў Лагойску і ў іншых.

Выяўленчае мастацтва. Характэрным для развіцця мастацтваў канцы XVIII – першай палове XIX ст. стала спалучэнне класіцызму і рамантызму. Апошні грунтаваўся на нацыянальных пачуццях, вуснай народнай творчасці. традыцыях і абрадах. У гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі першая палова XIX ст. займае асобнае месца – гэты час значных якасных і колькасных зрухаў у развіцці ўсіх яго жанраў і формаў. На змену класіцызму, які панаваў у мастацтве ў канцы XVIII – пачатку XIX ст., у 20-я гг. прыходзіць рамантызм. Менавіта ў рэчышчы гэтага ідэйна-стылявога кірунку былі выкананы лепшыя творы ў жанры партрэту – вышэйшае дасягненне беларускага жывапісу першай паловы XIX ст. У 40-я гг. на змену рамантычнаму мастацтву прыходзіць рэалістычны кірунак. У гэты час нараджаюцца новыя жанры – нацюрморт, гарадскі пейзаж, літаграфія і інш. Многае з мастацкай спадчыны беларускіх мастакоў загінула або вывезена ў Польшчу, Расію, Літву, раскідана па замежных музеях і прыватных калекцыях.

Важнейшую ролю ў гэтым працэсе адыграла Віленская школа жывапісу – аддзяленне прыгожых мастацтваў факультэта літаратуры і мастацтва Віленскага універсітэта. Яна была заснавана ў канцы XVIII ст. першым прафесарам жывапісу Беларусі і Літвы Ф.Смуглевічам і яго вучнямі. Тут выкладалі Я.Рустэм, выдатны мастак, педагог; былы каралеўскі скульптар А.Ле Брун (Лебрэн), яго вучань ураджэнец Гарадзеншчыны К.Ельскі, выдатны графік і мастацтвазнавец англічанін Дж. Саўндэрс. За 35 гадоў сваёй работы школа падрыхтавала больш за 250 мастакоў, гравёраў, скульптараў. Выхаванцамі аддзялення прыгожых мастацтваў былі выдатны партрэтыст, майстар гістарычных кампазіцый Я.Дамель, мастак-партрэтыст еўрапейскага ўзроўню В.Ваньковіч, графік і мастак В.Дмахоўскі і інш. Галерэю вобразаў беларускіх помнікаў гісторыі і архітэктуры, краявідаў пакінулі вучні Я.Рустэма – выдатныя мастакі М.Кулеша і Н.Орда. Майстар батальнага жанру Я.Сухадольскі пакінуў серыю работ, прысвечаных вайне 1812 г., паўстанням.

Бліскучым майстрам партрэтнага жанру ў выяўлснчым мастацтве з’яўляўся Іосіф Аляшкевіч, чыя творчасць была звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Расіі. Літвы і Польшчы. Ён аўтар партрэта А. Чартарыйскага, “Групавога партрэта” і інш.

Мастак Ян Дамель пакінуў значны след амаль ва ўсіх жанрах выяўленчага мастацтва. Найбольш вядомы ён як майстар гістарычнага жанра. Ян Дамель добра ведаў айчынную і антычную гісторыю, валодаў некалькімі замежнымі мовамі. У сваіх палотнах ён імкнуўся адлюстраваць найбольш яркія, кульмінацыйныя моманты гістарычнага развіцця краю. Шмат карцін гістарычнага жанру стварыў жывапісец пад уплывам класіцызму. Сярод іх – “Смерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам”, “Вызваленне Т. Касцюшкі з цямніцы”, “Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г”, “Смерць князя Панятоўскага”, “Смерць Глінскага ў няволі”. Акрамя гістарычных палотнаў, Дамель напісаў шэраг партрэтаў і пейзажа.

 

Вікенцій Дмахоўскі вядомы як стваральнік рамантычных пейзажаў. Мастак у асноўным маляваў месцы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю А. Міцкевіча, сябрам якога ён быў (“Возера Свіцязь”, “Дом Міцкевіча ў Навагрудку”, “Заход сонца” і інш.). У пейзажах Дмахоўскага няма акадэмічнай умоўнасці і скаванасці, яны простыя і звычайныя, але разам з тым паэтычныя і хвалюючыя.

Аўтарам класічных твораў беларускага жывапісу з’яўляецца ўраджэнец Віцебшчыны Іван Хруцкі. За нацюрморт “Кветкі і садавіна” ён атрымаў званне акадэміка. Хруцкі напісаў шмат нацюрмортаў, пейзажаў і партрэтаў, а яго карціны “Партрэт невядомай з кветкамі і садавінай”, “Партрэт хлопчыка ў саламяным капелюшы” і “Кветкі і садавіна” карыстаюцца папулярнасцю і сёння. Творы мастака прасякнуты паэтычным адчуваннем быту, вызначаюцца дакладнасцю ў перадачы натуры.

Валенцій Ваньковіч увайшоў у гісторыю беларускага жывапісу як прадстаўнік рамантызму. Майстэрня Ваньковіча ў Мінску была цэнтрам, вакол якога групаваліся лепшыя мастацкія сілы горада. Яе часта наведвалі мастакі Дамель, Кулеша. Сярод знаёмых і сяброў Ваньковіча было шмат дзеячаў літаратуры і мастацтва Беларусі, Літвы, Польшчы, у тым ліку і Адам Міцкевіч. Ён працаваў у гістарычным жанры і стварыў партрэты Напалеона (“Напалеон каля вогнішча”), А. Пушкіна ў стылі рамантызму. Палатно Ваньковіча “Міцкевіч на скале Аюдаг” з’яўляецца тыповым прыкладам рамантычнага партрэта. На яго карціне паэт намаляваны ў каўказскай бурцы на фоне Мядзведжай гары ў Крыме, дзе ён адбываў ссылку заўдзел у Таварыстве філаматаў.

Тэатр і музыка У канцы XVIII – першай палове XIX ст. масавымі відамі мастацтва становяцца тэатр і музыка. Магнаты і багатая шляхта ў той час мелі ўласныя тэатры, аркестры, капэлы. На прафесійным узроўні дзейнічалі Шклоўскі тэатр Зорыча, тэатры Чарнышова ў Чачэрску і Магілёве, Свіслацкі тэатр Тышкевіча, Нясвіжскі Радзівілаў, СлонімскІ Агінскіх, Гродзенскі Тызенгаўза і інш. Як правіла, пры гэтых тэатрах існавалі балетныя і музычныя школы, у якіх рыхтавалі артыстаў з асяроддзя прыгонных сялян – спевакоў, танцораў, драматычных акцёраў і музыкантаў-інструменталістаў. У магнацкіх дварах спектаклі адбываліся ў спецыяльных тэатральных будынках. Для работы ў гэтых тэатрах запрашаліся вядомыя заходнееўрапейскія музыканты, спевакі, дырыжоры. Такім чынам фарміраваліся трупы, якія набывалі еўрапейскую вядомасць. Утрыманне прыватных тэатраў каштавала вялікіх грошай. Іх не хапала нават у магнатаў. 3 гэтай прычыны прыгонныя тэатры ў першай палове XIX ст. зніклі. Таленавітых артыстаў з ліку прыгонных беларускіх сялян памешчыкі прадавалі імператарскім пецярбургскім тэатрам.

Асноўнай формай тэатральнага мастацтва ў гэты час з'яўляўся тэатр прыватнай антрэпрызы, які ўвасабляў новы, камерцыйны падыход да арганізацыі тэатральнай справы. Па форме дзейнасці тэатры былі " аб'язнымі". Такі тэатр меў сталую базу ў губернскім ці буйным павятовым горадзе і час ад часу рабіў турнэ па навакольных мястэчках і гарадах, маёнтках і кірмашах. У XIX ст. сталыя тэатральныя калектывы дзейнічалі ў Вільні (трупа Мараўскага), Гродне (трупа С.Дзешнер), Мінску (трупа Кажынскага). У 30-я гг. тэатральныя відовішчы адбываюцца ўжо бесперапынна ва ўсіх губернскіх і многіх павятовых гарадах.

Ажыўленне тэатральнага жыцця ў гарадах Беларусі не магло не прыцягнуць да сябе ўвагу царскіх улад. Тэатр на той час быў найбольш дэмакратычным відам мастацтва, а дзякуючы пераходу на камерцыйныя рэйкі меў пэўную фінансавую незалежнасць ад дзяржавы. Улады бачылі ў тэатры, як і ў літаратуры, трыбуну для антыўрадавых і антыпрыгонніцкіх выступленняў. У сувязі з гэтым для палягчэння нагляду за тэатральным мастацтвам Беларусі ўрад у 1845 – 1847 гг. праводзіць тэатральную рэформу. Усе вандроўныя трупы забараняліся, у губернскіх гарадах ствараліся пастаянныя руска-польскія тэатры і тэатральныя дырэкцыі. Гэтыя тэатры атрымалі манаполію на паказы ў губерні. Адной з галоўных мэт тэатральнай рэформы была паступовая русіфікацыя тэатральнага мастацтва. Аднак рэформа не была даведзена да канца. Ужо ў сярэдзіне 50-х гг. на Беларусі зноў актыўна дзейнічалі " аб'язныя" трупы, хаця тэатральныя дырэкцыі і працягвалі сваю работу.

Зручнае геаграфічнае становішча і ўдзячная публіка рабілі Беларусь пажаданым месцам для гастроляў. У канцы XVIII ст. Беларусь была месцам частых гастроляў " бацькі польскага тэатра" В.Багуслаўскага. Тут гасцявалі тэатры не толькі з Расіі, Украіны і Польшчы, але і з Германіі, Аўстрыі, Італіі і Францыі акцёры і спевакі. Пасля паўстання 1830 – 1831 г. адной з умоў іх выступленняў выстаўлялася патрабаванне рускамоўных спектакляў. 3 сярэдзіны XIX ст. на Беларусь даволі часта прыязджалі ўкраінскія трупы.

У 40 – 50-я гг. XIX ст. па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам В. Дуніна-Марцінкевіча нараджаўся беларускі нацыянальны тэатр. На мінскай сцэне ставіліся аперэты «Рэкруцкі набор», «Сялянка» у 1852 г. («Ідылія») С. Манюшкі і К. Кжыжаноўскага на лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча. У «Сялянцы» разам з польскай выкарыстоўвалася беларуская мова. Нягледзячы на тое, што мінскія ўлады забаранілі публічны паказ п'есы, яна ўсё ж была пастаўлена на прыватнай сцэне ў купца Саламона. Для многіх спектакляў, якія ставіліся ў Мінску, у фальварку Люцынка, Глуску, Слуцку, Бабруйску, В. Дунін-Марцінкевіч ствараў спецыяльныя п’есы, большасць якіх да нашага часу не дайшла. У характарных ролях выступаў сам аўтар, які меў яркі камедыйны талент. У спектаклях удзельнічалі члены яго сям'і. Вядомым музыкантам была Каміла Марцінкевіч, дачка пісьменніка, вучаніца С. Манюшкі.

Музыка. На Беларусі музыка была адной з найважнейшых і найбольш распаўсюджаных галін мастацтва. Асновамі музычнай культуры тут валодаў амаль кожны адукаваны чалавек, напрыклад для жанчын-шляхцянак уменне іграць на музычным інструменце і спяваць лічылася амаль абавязковым. Губернскія гарады, як правіла, мелі свае аматарскія ці прафесійныя аркестры. У маёнтках буйных магнатаў існавалі прыгонныя аркестры і капэлы – традыцыя, якая захавалася яшчэ з XVIII ст.

Добра ведалі на Беларусі творы заходнееўрапейскіх кампазітараў, папулярнасцю карысталіся таксама кампазіцыі мясцовых аўтараў. Сусветную славу маюць творы нашага земляка выдатнага кампазітара, палітычнага дзеяча, мемуарыста Міхала Клеафаса Агінскага. У сваім маёнтку Залессе на Смаргоншчыне аўтар так і не рэалізаванага праекта адраджэння Вялікага княства Літоўскага пісаў паланезы, у тым ліку “Развітанне з Радзімай”.

Выдатнымі беларускімі музыкантамі ў першай палове XIX ст. з'яўляліся браты Дамінік і Вікенцій Стафановічы піяністы, дырыжоры, педагогі, папулярызатары музычнай культуры. Шмат гадоў яны ўзначальвалі Мінскі гарадскі аркестр, які іграў у Кафедральным саборы, а летам – у Губернатарскім садзе. У 40-я гг. музыкантаў для аркестра рыхтавала спецыяльная школа, у якую прымаліся сіроты і дзеці беднякоў.

Вучнем Д. Стафановіча быў Станіслаў Манюшка (1819—1872), ураджэнец Ігуменскага павета Мінскай губерні. У 40 – 50-я гг. ён працаваў арганістам і дырыжорам у Вільні, пазней – дырыжорам і дырэктарам опернага тэатра ў Варшаве, з'яўляўся прафесарам Варшаўскага музычнага інстытута, стаў вядомым польскім кампазітарам. Музычная, кампазітарская дзейнасць С. Манюшкі пачыналася ў Мінску. У сваёй творчасці ён шырока выкарыстоўваў беларускі музычны фальклор, падтрымліваў сувязі з беларускімі музыкантамі, пісаў артыкулы пра сваіх суайчыннікаў, рэцэнзаваў іх творчасць, памагаў набыць музычную адукацыю, наладжваў канцэрты, выступаў у якасці педагога. Сусветна вядомым творам С. Манюшкі стала опера «Галька» (1847). У 1856 г. яна ставілася ў Мінску. 12 песень кампазітар напісаў на вершы Яна Чачота.

Развіццю беларускай музыкі садзейнічаў выдавец і літаратурны крытык Р. Падбярэзскі. У сувязі з публікацыяй працы I. Храпавіцкага «Погляд на паэзію беларускага народа» (1845) і яго намерам укласці поўны збор беларускіх песень крытык пісаў: «Было б вельмі пажадана, каб шаноўны аўтар «Збору песень» дадаў побач у музычных нотах матывы гэтых песень... каб паказаць характар беларускай мелодыі, якая мае так многа напеўнасці і меланхоліі. Вынікала б адтуль неацэнная карысць для выпрацоўкі нацыянальнай музыкі». Р. Падбярэзскі падтрымаў і папулярызаваў дзейнасць таленавітага беларускага кампазітара Антона Абрамовіча, які на аснове беларускіх народных песень і танцаў першым пачаў ствараць нацыянальна характарныя творы. У 1846 г. Р. Падбярэзскі апублікаваў музычную паэму А. Абрамовіча «Беларускае вяселле». Гэты ж кампазітар напісаў музыку да беларускіх вершаў Я. Баршчэўскага «Дзеванька» і «Гарэліца», п'есу «Беларускія мелодыі».

Архітэктура. 3 эпохай Асветніцтва звязана ўсталяванне стылю класіцызму ў архітэктуры. Архітэктары паступова адмаўляліся ад празмернай складанасці і заблытанасці архітэктурных форм, характэрных для стыляў барока і ракако. У архітэктурных кампазіцыях пачалі выкарыстоўвацца выразныя геаметрычныя формы. Набывалі распаўсюджанне антычная ордэрная сістэма і простыя дэкаратыўныя ўпрыгожванні. Класічны ордэрны порцік станавіўся характэрнай часткай палацаў, сядзіб і некаторых культавых пабудоў. Порцік – галерэя (звычайна перад уваходам у будынак), якая ўтварасцца калонамі ці слупамі і завяршаецца франтонам ці атыкам.

Станаўленне класіцызму найперш было звязана з інтэнсіўным развіццём горадабудаўніцтва. У беларускіх гарадах пачалі з’яўляцца новыя тыпы жылых і грамадскіх будынкаў (канцылярый, бальніц, гімназій), якія вылучаліся на фоне сярэдневяковай забудовы сваімі правільнымі абрысамі. Упершыню горадабудаўніцтва стала разглядацца як адзіная прасторавая сістэма, спланаваная на рацыянальных пачатках. Горадабудаўніцтва станавілася дзяржаўнай справай. У першай палове XIX ст. былі распрацаваны планы забудовы звыш 40 беларускіх гарадоў.

Яскравае адлюстраванне класіцызм знайшоў у палацава-сядзібнай архітэктуры. Дыяпазон палацава-сядзібнага будаўніцтва быў вельмі шырокі – ад невялікіх сядзіб дробнай шляхты да манументальных пабудоў буйных магнатаў. Сярод выдатных помнікаў беларускага класіцызму вылучаюцца Гомельскі, Жыліцкі (Кіраўскі раён), Сноўскі (Нясвіжскі раён) палацы. Пры гэтых збудаваннях звычайна ствараліся паркі ў стылі рамантызму, аздобленыя штучнымі гротамі, каскадамі, руінамі.

Класіцызм панаваў у архітэктуры Беларусі да сярэдзіны XIX ст. Альтэрнатывай класіцызму выступаў рамантызм, які праявіўся пераважна ў пейзажна-паркавым мастацтве.

У архітэктуры канца XVIII – пачатку XIX ст. панаваў стыль класіцызму. Помнікамі гэтага стылю ў Беларусі сталі губернатарскі палац у Віцебску, саборы Святога Іосіфа ў Магілёве і Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, створаны ў 1809 – 1819 гг., палац-сядзіба Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі. Гомельскі палац быў закладзены ў 1777 г. на правым беразе ракі Сож генерал-фельдмаршалам П. А. Румянцавым-Задунайскім, якому Кацярына II падаравала Гомель. Амаль 30 гадоў уладальнікам палаца быў яго сын М. П. Румянцаў. Пры ім пабудаваны сабор Святых Пятра і Паўла. Ён сабраў у палацы унікальную калекцыю твораў мастацтва, кніг і манет. У 1835 г. палац перайшоў да генерал-фельдмаршала графа I. Ф. Паскевіча, які сабраў у ім вялікую калекцыю твораў мастацтва. Пры Паскевічу была ўзведзена капліца (мемарыяльная пахавальня) князёў Паскевічаў. Палац з’яўляецца часткай ансамбля, куды ўваходзіць парк. Цяпер у палацы Румянцавых Паскевічаў размешчаны Гомельскі абласны краязнаўчы музей.

У Бабруйску і Брэсце ў першай палове XIX ст. былі пабудаваны крэпасці.

 

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.011 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал