Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў канцы 18 – пачатку 19 cтст.






Устанаўленне адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу і стварэнне органаў дзяржаўнага кіравання.

Пасля інкарпарацыі ў склад Расійскай імперыі на тэрыторыі Беларусі была ўстаноўлена расійская сістэма адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Канчаткова яна сфарміравалася ў выніку губернскіх рэформ 1796 і 1801 гг. Уся тэрыторыя падзялялася на генерал-губернатарствы, губерні і паветы.

З 1801 г. склалася наступная сістэма адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу на тэрыторыі Беларусі:

 

генерал-губернатарствы
Літоўскае Беларускае
     
Губерні   губерні
Віленская Гродзенская Мінская Віцебская Магілёўская Смаленская
     
паветы
                     

 

Выканаўчая ўлада ў губернях належала генерал-губернатарам і губернатарам, якія прызначаліся непасрэдна імператарам. На чале павятовай адміністрацыі знаходзіўся павятовы начальнік, якога прызначаў міністр унутраных спраў. У губернскіх гарадах ствараліся органы расійскага адміністрацыйнага кіравання: губернскія ўправы, казённыя палаты, прыказы і г.д. Уся сістэма дзяржаўнай улады была сфарміравана паводле вертыкальнага прынцыпу. Кіруючыя пасады займалі чыноўнікі, прысланыя з расійскіх губерняў. Аднак пры гэтым другарадныя пасады ў губернскай і павятовай адміністрацыі займалі пераважна прадстаўнікі мясцовай шляхты.

Характэрнай рысай прававой сістэмы з’яўлялася захаванне дзейнасці тых палажэнняў Статута ВКЛ 1588 г., якія не супярэчылі расійскаму заканадаўству. У сістэме судовых органаў улады паводле расійскага ўзору былі створаны ў губернях палаты грамадзянскага і крымінальнага судоў, верхнія земскія суды; у паветах – павятовыя і ніжнія земскія суды. Сярод чыноўнікаў судовага апарату ў канцы 18 – першай палове 19 стст. пераважалі прадстаўнікі мясцовай шляхты. У справаводзстве часткова выкарыстоўвалася польская мова.

Саслоўная палітыка царызму.

Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў канцы 18 – пачатку 19 стст. мела спецыфічныя рысы ў дачыненні да асобных саслоўяў. Можна вылучыць палітыку ў адносінах да шляхты, гарадскога насельніцтва, сялянства і яўрэяў.

Палітыка царызму ў адносінах да шляхты.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай шляхта атрымлівала роўныя правы з расійскім дваранствам і захоўвала свае зямельныя ўладанні пры ўмове прынясення прысягі на вернасць Расійскай імперыі. Пераважная большасць шляхты прысягнула новай уладзе. Частка шляхты адмовілася прыносіць вернападданніцкую прысягу і накіраваліся ў эміграцыю, а яе маёнткі былі канфіскаваны ў дзяржаўны зямельны фонд.

На тэрыторыю Беларусі была распаўсюджана дзейнасць “ Даравальнай граматы расійскаму дваранству ” 1785 г. Паводле яе, ствараліся органы дваранскага самакіравання – губернскія і павятовыя дваранскія сходы на чале з выбарнымі губернскімі і павятовымі прадвадзіцелямі дваранства. Акрамя таго шляхта беларускіх губерняў атрымлівала права выбіраць членаў губернскіх і павятовых земскіх судоў, вызвалялася ад падаткаў.

Разам з тым у параўнанні з часамі Рэчы Паспалітай шляхта страціла ўплыў на працэсы дзяржаўна-палітычнага кіравання: адменена дзейнасць сойму і соймікаў, забаронены правы на стварэнне канфедэрацыі і прыватных войскаў і ўмацаванняў.

У канцы 18 – пачатку 19 стст. царызм актыўна насаджаў буйное расійскае землеўладанне на тэрыторыі Беларусі шляхам падараванняў дзяржаўных зямель і зямель, канфіскаваных у шляхты, расійскім арыстакратам (Г. Пацёмкін, А. Сувораў і інш.). Аднак вялікія памеры падараванняў (па 5-25 тыс. сялян на аднаго ўладальніка) не садзейнічалі з’яўленню ў Беларусі вялікай колькасці расійскіх дваран. Большасць расійскіх землеўладальнікаў (таксама як і мясцовыя магнаты) аддавалі сваю зямельную ўласнасць у арэнду.

Асаблівасцю тэрыторый былой Рэчы Паспалітай з’яўлялася наяўнасць вялікай праслойкі дробнай беззямельнай і малазямельнай шляхты, якая ў выніку ліквідацыі шляхецкіх вольнасцяў пераважна варожа ставілася да расійскіх уладаў. У дачыненні да яе царызм праводзіў замацаваную шэрагам заканадаўчых актаў палітыку “ разбору шляхты ”. Сутнасць яе палягала ў захаванні правоў шляхецтва толькі за тымі асобамі, якія здолелі дакументальна засведчыць сваё шляхецкае паходжанне. Адсутнасць падобных сведчанняў прыводзіла да пераводу іх ў стан дзяржаўных сялян ці мяшчан, што садзейнічала развіццю апазіцыйных настрояў сярод дробнай шляхты.

Палітыка царызму ў адносінах да гарадскога насельніцтва.

Пасля ажыццяўлення падзелаў Рэчы Паспалітай ў гарадах на тэрыторыі Беларусі былі ліквідаваны магдэбургскае права, а таксама шляхецкія юрыдыкі. Прыватныя гарады і мястэчкі, якія сталі адміністрацыйнымі цэнтрамі, былі выкуплены дзяржавай. На гарады Беларусі распаўсюджвалася дзейнасць “ Даравальнай граматы гарадам Расійскай імперыі ” 1785 г. Для кіравання гарадскім жыццём ствараўся выбарны прадстаўнічы орган улады – гарадская дума на чале з гарадскім галавой. Дума ў сваёй дзейнасці была цалкам падпарадкавана царскай адміністрацыі.

Гарадское насельніцтва належала пераважна да саслоўяў купцоў і мяшчан. Прадстаўнікі дадзеных саслоўяў мелі розныя правы, а таксама выконвалі розныя павіннасці на карысць дзяржавы. Галоўнай павіннасцю купцоў былі падаткі з капіталу. Мяшчане плацілі падушны падатак (падаткаабкладанне ажыццяўлялася з кожнай асобы мужчынскага полу). Акрамя таго на мяшчан была ўскладзена рэкруцкая павіннасць (абавязак пастаўляць пэўную колькасць асоб для вайсковай службы, якая ў той час працягвалася 25 год).

Палітыка царызму ў адносінах сялянства.

Становішча сялянства ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у асноўным засталося без змен. Захавалася і нават узмацнілася феадальная эксплуатацыя сялян, што выяўлялася ў павелічэнні павіннасцяў, асабліва паншчыны, здачы прыгонных сялян у наём падрадчыкам на будаўнічыя, пераважна дарожныя работы, практыцы продажу сялян без зямлі. У выніку падараванняў расійскім арыстакратам дзяржаўных і канфіскаваных зямель павялічылася колькасць прыватнаўласніцкіх сялян. На сялян Беларусі была распаўсюджана расійская сістэма дзяржаўных павіннасцяў, сярод якіх галоўнае месца займалі падушны падатак, земскі збор і рэкруцкая павіннасць. Да 1811 г. сяляне з тэрыторый былой Рэчы Паспалітай плацілі падатак серабром, у той час як у расійскіх губернях – асігнацыямі, рыначны курс якіх у адносінах да сярэбраных грошай быў у некалькі разоў меншы.

Палітыка царызму ў адносінах да яўрэяў.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай улады Расійскай імперыі праводзілі асаблівую палітыку ў адносінах да яўрэяў. Паводле ўказа ад 23 чэрвеня 1794 г. устанаўлівалася асобная мяжа яўрэйскай аселасці на тэрыторыі беларускіх, літоўскіх, латышскіх і часткова ўкраінскіх губерняў. Яўрэям дазвалялася сяліцца ў гарадах і мястэчках толькі гэтых губерняў, займацца рамяством і гандлем. Земляробствам займацца ім не дазвалялася. Яўрэі маглі запісвацца ў мяшчанскія і купецкія саслоўі з умовай выплаты дзяржаўных падаткаў у падвойным памеры ў параўнанні з хрысціянскім насельніцтвам. У канцы 18 – пачатку 19 стст. адбываўся працэс прымусовага перасялення яўрэяў, якія жылі ў вёсках, у гарады і мястэчкі.

Да 1844 г. яўрэйскае насельніцтва падпарадкоўвалася паводле эканамічных, грамадзянскіх і адміністрацыйных пытанняў непасрэдна кіраўніцтву сваёй абшчыны – кагала. Кагал выступаў як прадстаўнічая арганізацыя яўрэяў перад дзяржаўнымі органамі ўлады, адказвала за выкананне павіннасцяў і выплату падаткаў.

Канфесійная палітыка царызму.

Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі пануючай канфесіяй становіцца праваслаўе. Дзяржава аказвала актыўную матэрыяльную і маральную падтрымку праваслаўнай царкве. У пачатку 19 ст. на тэрыторыі Беларусі існавала 5 праваслаўных епархій: Гродзенская, Літоўская, Магілёўская, Мінская, Полацкая.

Палітыка царызму ў дачыненні рымска-каталіцкай царквы мела супярэчлівы характар. З аднаго боку, імкнучыся знайсці сацыяльную базу ўлады ў асяроддзі мясцовай шляхты, дэкларавалася свабода веравызнання для католікаў. Захоўвалася ў недатыкальнасці ўласнасць каталіцкіх касцёлаў і кляштараў. Ва ўсходняй Беларусі, далучанай да Расійскай імперыі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай 1772 г., працягвалася дзейнасць ордэна езуітаў (нягледзячы на афіцыйнае скасаванне ордэна паводле булы папы рымскага Клімента XIV 1773 г.). Езуіты захавалі ўсю сваю маёмасць, а таксама атрымалі прывілей на вызваленне ад падаткаў. З другога боку, царызм імкнуўся абмежаваць ўплыў Ватыкана на каталіцкую царкву ў межах Расійскай імперыі і падпарадкаваць яе самадзяржаўю. У 1774 г. згодна з імператарскай даравальнай граматай было заснавана Беларускае каталіцкае біскупства з цэнтрам у Магілёве. Беларускі, як і іншыя каталіцкія біскупы ў Расійскай імперыі, фактычна знаходзіліся ў залежнасці ад царскай адміністрацыі.

Іншую палітыку праводзілі расійскія ўлады ў дачыненні да уніяцкай царквы. Падчас царавання Кацярыны ІІ быў прыняты план аб паступовым далучэнні уніятаў да праваслаўнай царквы. У канцы 18 – пачатку 19 стст. перыяды масавага прымусовага пераводу уніятаў у праваслаўе змяняліся перыядамі, калі навернутым дазвалялася вяртанне ва уніяцтва. Сярод уніяцкага духавенства не існавала адзінай стратэгіі дзеянняў ў дадзеных умовах: частка арыентавалася на саюз з праваслаўнай царквой, другая частка – на паступовае далучэнне да рымска-каталіцкай царквы.

Сярод рэлігійных меншасцяў у Беларусі ў гэты час дзейнічалі таксама хрысціянскія (лютэране, кальвіністы, стараверы) і нехрысціянскія канфесіі (іудзеі, мусульмане, караімы).


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.01 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал