Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Пераўтварэнні ў галіне бібліятэчнай справы ў пачатку XVIII ст.






Як вядома, у Расіі XVIII ст. – стагоддзе энцыклапедызма і асветніцтва – пачынаецца з грандыёзных дзяржаўных рэформ у сферы палітыкі, эканомікі, культуры і адукацыі імператара Пятра І (1672–1725), якія ў першай чвэрці XVIII ст. ахапілі ўсе кірункі грамадскай дзейнасці, а таксама мелі вялікае значэнне і для развіцця бібліятэк. Цар-рэфарматар разумеў не толькі ролю інфармаці ў жыцці грамадства, але і актыўна садзейнічаў укараненню кнігадрукавання як важнейшага сродку фармавання ідэалогіі, развіцця навукі, тэхнікі, мастацтва, асветы і культуры цалкам. У гэтых адносінах асабліва вызначальнымі з’яўляюцца два пятроўскія пачынанні. Гэта, па-першае, раздзяленне царкоўнага і свецкага (грамадзянскага) кнігавыдання, і, па-другое, стварэнне новай грамадзянскай азбукі.

1. Асаблівае значэнне мела ўвядзенне ў 1708 г. грамадзянскага шрыфту для друкавання свецкіх выданняў. У распрацоўцы шрыфту прымаў удзел беларус Ілья Капіевіч (1651–1714), які ў адпаведнасці з прывілеям Пятра І ад 1698 г. галандскаму купцу Яну Тэсінгу на друк перакладзеных на рускую мову кніг, гравюр і геаграфічных карт, фактычна кіраваў выдавецтвам. А пасля смерці Я.Тэсінга прадоўжыў выдаваць кнігі для Расіі ў Амстэрдаме. У 1703 – першая руская газета “Ведамасці” (да 1727 г.). Арганізуюцца друкарні ў Маскве ў 1705 г. і Пецярбургу ў 1711 г., якія сталі друкаваць выключна свецкую літаратуру для спецыялістаў. На аснове грамадзянскага шрыфту развіваецца грамадзянскі па сваім змесце, або свецкі друк. Кірылічны друк пераўтвараецца з універсаальнага ў царкоўны не толькі па форме, але і па змесце. Свецкая літаратура набывае сваю форму друкаванага выражэння.

2. Стварэнне новай грамадзянскай азбукі не толькі дэмакратызавала кніжную справу, аблегчыла сам працэс навучання грамаце, але і садзейнічала масаваму распаўсюджанню кнігі, і, значыць, інфармацыі, ведаў сярод рускага народа. Увядзенне новай грамадзянскай азбукі мела і важкае ідэалагічнае значэнне: на першае месца выходзяць свецкія задачы і каштоўнасці, а рэлігійныя адступаюць на другі план. Пазней М.В.Ламаносаў вобразна вызначыў ролю грамадзянскай азбукі, сказаўшы, што пры Пятры І нават літараты знялі свае баярскія шубы.

Паслядоўніцай і прадаўжальніцай рэформ Пятра І была і імператрыца Кацярына ІІ (1729–1796), ідэалы асветніцкага абсалютызму якой служылі ўмацаванню расійскай дзяржаўнасці. Расійскае грамадства паступова прымае новыя свецкія дзяржаўныя і маральныя нормы і паняцці. Навука, адукаванасць і друк сталі разглядацца як магутныя фактары развіцця грамадства і дзяржавы. У XVIII ст. за параўнальна кароткі тэрмін Расія пераўтварылася ў краіну, якая мела багацейшыя зборы еўрапейскай літаратуры. Санкт-Пецярбург становіцца новай сталіцай.

У 1706 г. па загаду Пятра І у Маскве пры друкарні Васілія Анофрыевіча Кіпрыянава (? -1723) адкрываецца своеасаблівы кніжны склад, уладальнік якога меў права займацца продажам рускіх і замежных кніг, гравюр. Кіпрыянаў прапаноўваў стварыць цэлы комплекс, у які ўваходзілі б кніжнае выдавецтва, друкарня, кніжныя магазіны, гравёрная майстэрня і агульнадаступная Публічная ўсенародная бібліятэка. Бібліятэка разглядалася ім як архіў нацыянальнага (айчыннага) друку. Свае прапановы аб адкрыцці Усенароднай публічнай бібліятэкі Кіпрыянавы (сын Васілій) накіравалі ў Сінод у 1724 і 1727 гг, аднак яны так і не былі падтрыманы, бо разглядаліся пасля смерці Пятра І.

Пры жыцці Пётр І вывучаў прапановы замежных вучоных, якія тычыліся арганізацыі ў Расіі Акадэміі навук і яе бібліятэкі. Найбольш цікавымі былі прадстаўленыя Пятру І у 1712 і 1714 гг. праекты Фёдара Салтыкова. Нягледзячы на тое, што яны не былі рэалізаваны, аднак прапановы аб адкрыцці публічных бібліятэк ва ўсіх губернях Расіі і аб заснаванні бібліятэк пры буйнейшых навучальных установах – акадэміях-гімназіях, якія ў сваю чаргу павінны былі быць у розных рэгіёнах краіны па ўзору Оксфардскага і Кембрыджскага універсітэтаў. У працэсе падрыхтоўкі праектаў Салтыкоў добра пазнаёміўся з работай бібліятэк Англіі, Галандыі, Швейцарыі і Францыі.

Пра значэнне, якое Пётр І надаваў бібліятэчнай справе можна меркаваць па дзяржаўных пастановах аб бібліятэчнай справе. Так, у “Духоўным рэгламенце”, складзеным Феафанам Пракаповічам, гаворыцца пра неабходнасць арганізацыі бібліятэк пры школах. Шэраг законаў былі накіраваны на забеспячэнне захаванасці старажытных рукапісаў, якія неабходна было збіраць у манастырскіх бібліятэках і перадаваць у дзяржаўныя.

У 1714 г. па загаду Пятра І у Пецярбургу была адкрыта Кунсткамера (музей) і бібліятэка. Доступ да яе быў адкрыты для ўсіх жадаючых. Гэта стала найбольш важнай падзеяй у галіне бібліятэчнай справы ў эпоху праўлення Пятра І, бо была па сутнасці заснавана першая дзяржаўная бібліятэка. У 1714 г. у бібліятэку, якая знаходзілася непасрэдна ў рэзідэнцыі цара, у Летнім палацы, паступаюць калекцыі бібліятэкі Аптэкарскага прыказа, якая была перавезена з Масквы, і бібліятэкі герцага Голштынскага з Рыгі (разам фонд налічваў 2000 тамоў). У 1716 г. паступіў бібліятэчны збор з Мітавы ў колькасці 2700 тамоў. Па загаду цара ў 1714 г. для сістэматызацыі фондаў бібліятэкі ў Пецярбург быў запрошаны з Германіі на пасаду бібліятэкара Іаган Даніэль Шумахер (1728-1761). На 1719 г. бібліятэка налічвала каля 10 тыс. кніг. Пазней бібліятэка папаўняецца і шэрагам прыватных калекцый. У 1724 г. і Кунсткамера і бібліятэка былі перададзены пад ведама заснаванай у тым самым годзе Акадэміі навук. У 1725 г. – каля 12 тыс. Сюды паступае і асабістая калекцыя Пятра І.

З заснаваннем у 1724 г. Акадэміі навук, як было адзначана, пачынаецца адлік дзейнасці яе навуковай бібліятэкі. Важнай крыніцай папаўнення фондаў з’яўлялася закупка літаратуры за мяжой і абмен кнігамі з айчыннымі і замежнымі навуковымі ўстановамі, вучонымі і выдаўцамі: з каралеўскімі бібліятэкамі Парыжа, Лондана, Стакгольма, Вены, Берліна, акадэміі навук Францыі, Англіі, Германіі, Партугаліі і інш. Пад канец XVIII ст. кніжны фонд бібліятэкі вырас да 52 тыс. кніг, з якіх толькі крыху болей чым 4, 6 тыc. – кніг і рукапісаў на рускай мове. Адной з крыніц паступлення ў 1780-я гг. стаў абавязковы экземпляр. Урадавым загадам 1783 г. усе казённыя і вольныя друкарні Расіі абавязваліся пастаўляць у Бібліятэку АН адзін экземпляр “Всякой в печать сдаваемой книги”.

З 1728 г. Бібліятэка АН пачала абслугоўваць чытачоў у новым будынку і не толькі акадэмікаў, але і іншых вучоных, дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў знаці. Працавала першапачаткова 2 разы на тыдзень, а з 1742 г. – штодзённа.

Вялікую ўвагу бібліятэцы надаваў рускі вучоны Міхаіл Васільевіч Ламаносаў (1711–1765), які ў якасці саветніка акадэмічнай канцылярыі кіраваў навуковай і вучэбнай дзейнасцю акадэміі. Асаблівыя клопаты выказваў аб стане фондаў, іх папаўненні, набыцці рэдкіх і неабходных кніг, іх захаванасці, і нават рэвізіі (у 1761 г.).

У другой палове XVIII ст. адкрываюцца і прынцыпова новыя для Расіі па свайму профілю спецыяльныя навуковыя бібліятэкі – Акадэміі мастацтваў (у Пецярбургу, 1757 г.), у 1756 г. узнікла рэпертуарная бібліятэка Рускага драматычнага тэатра, у 1756 г. – бібліятэка Вольнага эканамічнага таварыства, якая была грамадскай бібліятэкай.

У XVIII ст. упершыню ў Расіі пачынаюць сваю дзейнасць універсітэцкія бібліятэкі. У 1724 г. у Пецярбургу Пятром І быў заснаваны Акадэмічны універсітэт – першая ў Расіі свецкая вышэйшая навучальная ўстанова. Да 1819 г. знаходзіўся ў складзе АН. У 1755 г. па ініцыятыве М.В.Ламаносава быў адкрыты універсітэт у Маскве. Бібліятэка Маскоўскага універсітэта была адкрытая для чытачоў з 1756 г. У 1776 г. загадчыкам універсітэцкай бібліятэкі стаў Харытон Андрэевіч Чабатароў, які вучыў чытачоў-студэнтаў метадам самастойнай працы з кнігай, прывіваў навыкі сістэматычнага чытання і дапамагаў у выбары літаратуры.

У другой палове XVIII ст. адкрываюцца бібліятэкі спецыялізаваных навучальных устаноў. Так, з 1773 г. функцыянуе бібліятэка пры горным вучылішчы ў Пецярбургу, якая стала буйнейшай горна-тэхнічнай бібліятэкай Расіі. У 1799 г. у Пецярбургу пры Адміралцейств-калігіі была адкрыта Марская бібліятэка.

З пашырэннем сеткі горных вучылішчаў на Урале і Алтаі адкрываюцца новыя тэхнічныя бібліятэкі ў Барнауле, на Змяінагорскім рудніку, Паўлаўскім, Сузанскім і Томскіх заводах. Самай старэйшай была казённая бібліятэка ў Барнауле, адкрыта ў 1764 г. Значны ўклад у развіццё бібліятэкі ўнеслі таленавітыя горныя інжынеры-кнігалюбы бацька і сын Фраловы. Першы, Казьма Дзмітрыевіч, інжынер-гідратэхгік папоўніў фонд бібліятэкі ў 1784 г., набыўшы ў Пецярбургу 530 кніг, 350 з якіх перадаў Барнаульскай бібліятэцы, звыш 170 іншым бібліятэкам руднікоў і заводаў. Сын, Пётр Казьміч, выконваў абавязкі інспектара заводскіх вучылішч, кіраваў развіццём бібліятэчнай справы на заводах і рудніках Алтая цалкам. Пры ім была праведзена інвентарызацыя кніжнага фонда, складзены каталог, упарадкавана выдача літаратуры, распрацавана схема класіфікацыі Барнаульскай бібліятэкі. Прычым Фралоў прапанаваў сістэмна-алфавітную расстаноўку кніжнага фонда намнога раней, чым яна была ўведзена ў Пецярбургскай Публічнай бібліятэцы. У канцы XVIII ст. Барнаульская бібліятэка налічвала звыш 7 тыс. кніг на рускай, англійскай і іншых мовах. Акрамя тэхнічнай літаратуры былі мастацкія, гістарычныя, медыцынскія і інш. выданні. У 1809 г. па ініцыятыве Фралова-сына была праведзена рэарганізацыя бібліятэчнага абслугоўвання і кнігі з перыферыйных бібліятэк былі пераведзены ў Барнаульскую казённую бібліятэку. Фонд быў падзелены на 2 часткі: “нерухомую”, у якой былі кнігі для развіцця вытворчасці, і “класічную”, – кнігі для настаўнікаў і навучэнцаў горнага вучылішча.

Шмат для развіцця прафесійнай адукацыі на Урале і стварэння прышкольных бібліятэк зрабіў Васіль Мікітавіч Тацішчаў (1686–1750), вядомы дзяржаўны дзеяч і гісторык. У 1720–1722 гг. і 1734–1737 гг. – кіраўнік казённых заводаў на Урале, заснаваў г.Екацярынбург. Як гісторык, працаваў над заканамернасцямі гістарычнага развіцця Расіі, гістарычны прагрэс звязваў з развіццём асветы. У сваёй працы карыстаўся, у тым ліку, адным са спісаў Полацкага летапісу. Асаблівую ўвагу праявіў да дзейнасці адной з буйнейшых горназаводскіх школ – екацярынабургскай, якой падараваў сваю бібліятэку звыш 1000 кніг (па артылерыі, фортыфікацыі, матэматыцы, гісторыі ў асноўным на замежных мовах). Названую школу закончылі, да прыкладу, І.І.Палзуноў, стваральнік першай універсальнай паравой машыны і канструктар гідрасілавых рухавікоў К.Д.Фралоў. Дадзеныя спецыяльныя бібліятэкі адыгралі значную ролю ў развіцці творчай і наватарскай думкі шэрагу вучоных і вынаходнікаў Расіі XVIII ст.

У канцы XVIII ст. значна актывізавалася і выдавецкая дзейнасць, чаму садзейнічаў загад 1783 г. аб адкрыцці “вольных друкарняў”. У 1784 г. у Маскве была заснавана “Тыпаграфічная кампані” Мікалая Іванавіча Навікова (1744–1818), якая ўключала разам з выдавецтвам і друкарняй, кніжнымі магазінамі (у XVI гарадах) і агульнадаступную бібліятэку-чытальню. Навікоў імкнуўся да распаўсюджання кніг і перыядычных выданняў на ўсёй тэрыторыі Расіі па больш нізкіх цэнах, даступных шырокаму колу насельніцтва. Выпусціў больш за 1000 найменняў выданняў. Пачаў выпускаць першы рускі часопіс крытычнай бібліяграфіі “Санкт-Пецярбургскія вучоныя ведамасці”. Фактычна ён стварыў аснову для адкрыцця па ўсёй краіне сеткі агульнадаступных публічных бібліятэк. Праўда, пасля выдання кнігі Аляксандра Радзішчава “Путешествие из Петербурга в Москву” Навікоў быў арыштаваны і пасаджаны ў Шлісельбургскую крэпасць. Яго друкарні, кніжныя магазіны і бібліятэка былі канфіскаваны і звыш 18 тыс. кніг знішчаны.

У другой палове XVIII ст. узнікае шэраг праектаў адкрыцця публічных бібліятэк, аднак яны не знаходзяць падтрымкі ў Кацярыны ІІ, якая стварае ў Эрмітажы багацейшую палацавую бібліятэку, у аснове – прыватная калекцыя імператрыцы, рукапісы манастырскіх бібліятэк, асабістыя бібліятэкі Вальтэра і Дзідро.

Праўда, у губернскіх гарадах Туле, Іркуцку і Калузе яшчэ ў 80-90-я гг. XVIII ст. адкрываюцца публічныя бібліятэкі. Самая вялікая – Іркуцкая, была бясплатнай, ёю маглі карыстацца жыхары бліжэйшых населеных пунктаў. Падобныя бібліятэкі, якія ствараліся на дабрачынныя ахвяраванні, не былі падтрыманы урадам.

У статуце Акадэміі мастацтваў 1764 г., зацверджаным Кацярынай ІІ, акадэміі прадпісана “мець публічную бібліятэку”, дазваляючы наведванне яе пабочнымі асобамі ў вызначаныя дні. Аднак пашырэнне функцый навуковых бібліятэк не вырашала праблемы даступнасці бібліятэк чытачам “всякого звания”.

У 1766 г. граф Аляксандр Сяргеевіч Строганаў, вядомы мецэнат, відны дзяржаўны саноўнік, прадставіў на разгляд Екацярыны ІІ праект “Плана Публічнай Расійскай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу”. Праект быў аформлены як калектыўнае меркаванне А.С.Строганава і яго бізкага акружэння (ініцыятар праекту – Барыс Салтыкоў, вядомы вальнадумец і вальтэр’янец, які неаднаразова наведваў Вальтэра ў Швейцарыі). Галоўная мэта бібліятэкі, па задумцы яе заснавальнікаў, – “распространение и процветание российского языка”. Адначасова акрамя асветніцкай яны ставілі перад сабой і патрыятычную мэту, не імкнуліся надаць бібліятэцы статус дзяржаўнай. Бібліятэка павінна была належаць спецыяльна створанаму грамадскаму аб’яднанню, члены якога ўносілі на яе карысць пэўныя сумы. Прадугледжвалася таксама, што “генеральна для ўсіх” бібліятэка будзе адчынена толькі два разы на тыдзень. Кацярына ІІ аднеслася да праекта даволі падазрона, асабліва да праяўлення грамадскай ініцыятывы і пакінула яе без адказу. Аднак праз некаторы час Кацярына ІІ прыняла пэўныя вырашальныя крокі па стварэнні нацыянальнай бібліятэкі Расіі. Яна марыла пра ганаровае завяршэнне свайго царавання, і нацыянальная бібліятэка магла стаць увасабленнем моцы расійскай дзяржавы і адначасова сімвалам яе прыхільнасці Асветніцтву.

Пасля падаўлення паўстання Тадэвуша Касцюшкі 1794 г. і ўзяцця Варшавы А.В.Сувораву было прадпісана загадам Кацярыны ІІ ад 21 лістапада 1794 г. забяспечыць атрыманне бібліятэкі Залускіх у якасці ваеннага трафея. Аперацыя па захопу кніжнага збору Залускіх была зарання спланавана і прадумана. Аднак за час падарожжа летам і восенню 1795 г. (на падводах, на суднах з Рыгі) аказаліся значныя страты. У наяўнасці ў Пецярбургу аказалася каля 250 тыс. тамоў, што пацвердзіла рэпутацю бібліятэкі Залускіх як адной з буйнейшых і багацейшых у Еўропе.

Дэкрэтам імператрыцы ад 27 мая 1795 г. было абвешчана аб заснаванні ў С.-Пецярбургу Імператарскай Публічнай бібліятэкі. Аснову задуманай бібліятэкі склаў унікальны збор бібліятэкі Залускіх з Варшавы, што ўтвараў фонд нацыянальнай бібліятэкі польскай дзяржавы. Апошнім распараджэннем Кацярыны ІІ на патрэбы Публічнай бібліятэкі было распараджэнне аб выдзяленні сродкаў на пабудову будынка бібліятэкі (лістапад 1796 г.). У 1801 г. кнігі з Варшавы былі перанесены ў новы будынак. У 1805 г. было створана кнігасховішча рукапісаў – Дэпо манускрыптаў. Бібліятэка была адчынена для чытачоў толькі ў 1814 г. Для станаўлення нацыянальнай бібліятэкі Расіі і яе наступнага развіцця мелі прынцыповае значэнне тыя імпульсы, якія багацейшы фонд варшаўскай бібліятэкі, а таксама іншыя калекцыйныя зборы, увабраўшыя ў сабе скарбы культуры многіх краін і народаў Еўропы, надалі ёй на многія дзесяцігоддзі.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.009 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал