Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Венерын чаравічак






Кропля дажджу засталася ў жоўценькай кветцы. I ёй там было, напэўна, утульна. Кветка ж нагадвала чаравічак, з якога немагчыма было выкаціцца. I ўспомніліся мне чаравічкі нашай Венеры. У іх я таксама бачыў кроплю... Дажджу, расы, ці, можа, гэта была сляза?

3 нататніка астранаўта.

Гэта было памылковае паведамленне, што як быццам жыхары вельмі далёкай планеты з сузор'я Цяльца, якое можна пабачыць толькі на зімовым небе, хочуць пайсці вайною на нас, зямлян. Проста недакладна расшыфравалі радыёсігналы адтуль, якія дайшлі да Зямлі. I ўсё ж вырашана было паслаць туды наш міжпланетны экіпаж для перамоў. I ўяўляеце, якім было наша здзіўленне, калі нас, беларусаў, там сустрэлі болыш чым міралюбна.

Тут трэба сказаць, што тая планета шмат чым нагадвала нашу Зямлю: тыя ж дрэвы, трава, раўніны і горы... Адрознівалася адным: яе насялялі толькі жанчыны, якія жылі не ў звыклых для нас зямных пабудовах, а ў шкляных, якія нагадвалі гіганты-ліхтары. Мы маглі бачыць праз тонкае шкло, як жанчыны расчэсваюць свае валасы, як накрываюць на стол і які пры гэтым выкарыстоўваюць посуд, як сядзяць на канапе, калі глядзяць тэлевізар, і яшчэ шмат што іншае. Але, калі ўсё, што мы бачылі наўкол, пачыналі ахутваць прыцемкі, было ўражанне, што гэтыя дамы-ліхтары напаўняюцца нейкім ілюмінацыйным газам. Яны ззялі, мігцелі рознымі колерамі, і ўсё, што там у іх адбывалася, было бы ў густым тумане. Мы нічога не бачылі. Можна было толькі здагадвацца, што жанчыны рыхтуюцца да сну. Ды справа не ў гэтым.

Найболыш нас уражвала тое, што жанчыны былі ўсе на адзін твар і незвычайна прыгожыя. Акрамя гэтага, усе — прыблізна аднаго і таго ж узросту. Іх скура была асляпляльна белая, толькі шчокі ружавелі, што тыя яблычкі на досвітку ў садзе, надзіва свежыя ад кропляў расы. Нехта з нас не стрымаўся і выгукнуў у захапленні, калі мы першы раз пабачылі гэтых жанчын:

— Ды яны ж сапраўдныя Венеры! Багіні, якім няма роўных! I жанчыны ахвотна пагадзіліся з тым, што яны — багіні.

Толькі папрасілі, каб выключна ўсіх іх называлі Венерамі.

— Дык як жа мы іх будзем адрозніваць адну ад адной, — спытаў наш камандзір, — калі ўсе яны будуць мець аднолькавае імя?!

I адказ на гэтае пытанне мы атрымалі вельмі хутка. Надараліся ў жыцці жанчын моманты, калі яны адрозніваліся адна ад адной. Гэта была вялікая неверагоднасць. Ужо праз некалькі дзён нашага гасцявання на той планеце мы пачулі жудасны крык лабаранта-біёлага, самага маладога з членаў нашага экіпажа. Ён бег да карабля ад яркага дома-ліхтара і крычаў:

— Пачвара! Пачвара! Нам трэба хутчэй пакідаць гэтую планету!

I тут жа расказаў нам, што хацеў зайсці ў той дом-ліхтар, але насустрач яму выйшла жанчына, у якой у яго на вачах у адначассе памяняўся колер скуры. 3 асляпляльна белага ён стаў пачварна зялёным. Жанчына нагадала яму вялікую жабу, якая стаяла на задніх лапах і гатова была накінуцца на яго. Мы не паверылі ў гэта, але хутка да нас на карабель прыйшла адна з жанчын і растлумачыла, што мы не павінны гэтай з'явы палохацца, таму што колер скуры ў жанчын на той планеце сапраўды мяняецца. Гэта залежыць ад іх настрою. Калі ён добры — колер скуры іскрыцца белізною. А варта толькі жанчыне засумаваць, раззлавацца, занервавацца, як скура ў момант можа стаць зялёнай, чырвонай, аранжавай, фіялетавай... Адпаведна мяняецца і выраз твару, міміка, рухі. Мы проста жахнуліся! Відаць, не ўсё на той планеце было так добра, як здавалася на першы погляд. Напэўна, яна была поўная і іншых нечаканасцей, таму і паспяшаліся як мага хутчэй яе пакінуць. Мы высветлілі, што жанчын не цікавіла наша Зямля, што яны міралюбна ставяцца да нас, зямлян, і пачалі збірацца ў зваротную дарогу. I тут адбылася нечаканасць. Адна з жанчын пачала ўпрошваць нашага камандзіра, каб мы ўзялі яе з сабою да нас, на Зямлю.

Магчыма, ён і не пагадзіўся б, але ўмяшаліся мы ўсе — члены нашага экіпажа і падтрымалі жанчыну ў яе жаданні. А чаму б і не? Чаму б не наведаць нашу планету іншапланецянцы, у якой колер скуры залежыць ад яе настрою? Гэтак яно і здарылася.

Мы прызямліліся на нашым касмадроме за Раўбічамі разам з ёю. I які ў яе быў настрой, сказаць было цяжка. Час ад часу пазіралі на яе фіялетавае аблічча і міжволі адварочваліся. Але колер скуры ў яе хутка мяняўся і, калі мы пакідалі касмадром, яна мала чым адрознівалася ад зямлянак.

Венеру, як мы працягвалі называць жанчыну, мы пасялілі ў тым жа самым доме, дзе жыў камандзір. I яна проста не адыходзіла ад яго. Ён увесь час прасіў яе, каб яна захоўвала добры настрой, каб нічым не выдавала сябе. Мы хацелі, каб яна прывыкла да зямнога жыцця, а потым ужо абвясціць, што ў нашым гарадку — іншапланецянка. Але праз некалькі месяцаў Венера пачала збягаць ад нашага камандзіра і хавацца ў навакольным лесе, дзе падоўгу стаяла пад густымі кронамі старых дрэў. Асабліва аблюбавала адну алешыну. Мы зразумелі, што яна кепска сябе адчувае на Зямлі, што ёй шкодзіць зямны клімат, таму і стараецца схавацца ад сонечных промняў і ўвогуле ад святла. Гэта пацвярджаў і колер яе скуры. Ён пачаў мяняцца з асляпляльна белага ў аранжава-агністы, нібыта яе спальваў агонь суму, тугі па роднай планеце. I вось неяк Венера з раніцы схавалася ў лесе, і мы доўга не маглі яе адшукаць. А калі адшукалі, дык роспачна сумеліся: пад дрэвам, дзе яна хавалася, замест яе быў маленькі грудок попелу. Адно чаравічкі, яе зіхоткія жоўценькія чаравічкі, усё роўна як два яркія агеньчыкі, мігцелі ў густой траве. Гэтыя чаравіч­кі ўзяў наш камандзір і доўга зберагаў іх як дарагую памяць. Але зараз ужо гаворка не пра гэта.

Аднойчы, калі мы вярнуліся на Зямлю пасля працяглага падарожжа, хтосьці з нас выпадкова, а, можа, і знарок, апынуўся пад тым дрэвам, дзе шмат гадоў таму назад не стала нашай Венеры. I як жа ён быў здзіўлены, калі на тым месцы, дзе яна стаяла ў апошнія хвіліны свайго жыцця, ён пабачыў расліну, кветкі якой былі якраз як Венерыны чаравічкі. А на кары дрэва праступала ледзь бачная выява жаночай постаці. Дрэва тое потым хтосьці спілаваў. А вось расліну мы так і назвалі: венерын чаравічак, і людзі не памянялі гэтай назвы. Вось толькі чамусьці яна хаваецца ад людскіх вачэй, вельмі рэдка яе можна пабачыць. Таму гэтая расліна і занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі як рэдкі від зямной флоры.

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.006 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал