Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






ЗЯМЛЯ-2






Псіхолаг Галя, яе мы зрэдку бралі ў свае падарожжы, зайшла на карабель апошняй. 3 сумам паглядзела ў ілюмінатар, потым на мяне.

— Сымон, а табе не шкада пакідаць тую ружовую стужачку, што ўжо з'явілася на даляглядзе? — запыталася яна. — Сонца пачынае ўставаць, хутка ўсё ажыве, птушкі зашчабечуць, як яны ўмеюць шчабятаць толькі на Зямлі.

Я не паспеў ёй адказаць і, прызнацца, не любіў падобных размоў. Ну ўстае сонца і ўстае, не першы і не апошні раз на Зямлі, у нашай Сонечнай сістэме, што ж на гэтым засяроджвацца? Тым больш, што ўжо чуецца голас пілота-робата:

— Праз дзесяць хвілін стартуем! Пачынайце пагружацца ў сон.

Хацелася хутчэй заснуць, каб прачнуцца ў глыбокім космасе.

Сон на гадзіну падчас старту — старая традыцыя яшчэ з тых часоў, калі мы, беларусы, толькі пачыналі падарожнічаць па Сусвеце, і якой мала ўжо хто прытрымліваўся. Але мы ніколі не парушалі яе. Не парушылі і гэтым разам. Нам дазвалялася падключацца да кінасерыялаў, якія кадр за кадрам пракручваліся ў сне. Я падключыўся да мульціка і спаў роўна гадзіну. А калі прачнуўся, доўга не мог зразумець, адкуль чуюццаў збуджаныя гучныя галасы. Нарэшце вызначьгў: з цэнтральнага хола, і, вядома, заспяшаўся туды. На зоркалёце нешта здарылася.

Я не памыліўся. Як толькі зайшоў у хол, да мяне адразу кінуўся доктар Савіч:

— Я казаў яшчэ тады, калі раней лётаў разам з вамі, — служба аховы на касмадроме ненадзейная. Яны кепска працуюць. Ніякай пільнасці! I вось, паглядзі...

А я ўжо і без яго слоў бачыў пасярод хола падлетка ў зашмальцаваных джынсах, у майцы з малюнкам нейкага моднага рокгурта. Яму было гадоў трынаццаць, і ён спалохана паўтараў адно і тое ж:

— Я не хацеў! Я... Я пераблытаў караблі! Я думаў, вы толькі што прызямліліся.

— Спіхне яго на мяне, — шапнуў мне доктар Савіч. I сапраўды, Антон Верашчака, а ён у нас быў за камандзіра, паглядзеў на доктара:

— Савіч, падбярэш яму камплект адзення і забярэш пад свой нагляд. Невядома, як будзе пераносіць касмічныя перагрузкі!

Хлопец павесялеў. А мы ўсе былі ў паніцы. Такога яшчэ ніколі не здаралася. Як быць у гэтым выпадку? Рабіць незапланаваную пасадку на Месяцы? А калі там не будзе карабля, які б ляцеў на Зямлю? Чакаць, пакуль з'явіцца, ці выклікаць спецыяльны рэйс? Апошняе слова было за камандзірам. Антон вырашыў, што хлопец паляціць разам з намі ў сузор'е Дзевы, куды мы накіроўваліся. Адно давядзецца паведаміць на Зямлю пра гэтую нечаканасць. Няхай там супрацоўнікі Міжнароднай асацыяцыі зоркавых палётаў звязваюцца з яго бацькамі, хай штосьці тлумачаць ім. Гэта ўжо не наша справа. Мы маем тое, што маем: падлетка на зоркалёце!

Праз некалькі гадзін да мяне ў адсек завітаў Савіч.

- А ты ведаеш, - сказаў доктар, - ён, аказваецца, твой сусед.

-Хто?

-Ну-у, як гэта хто? Наш юны пасажыр. Арцём. Прозвішча яго Нічыпаровіч. У Мінску жыве на Паўднёвым Захадзе. Звыклая гісторыя. Калі ён яшчэ не нарадзіўся, яго бацька прымаў удзел у экспедыцыі. Ну, памятаеш, тады яшчэ шмат пра гэта ў газетах пісалі. Яны ляцелі да Паўночнага Асла... Назад на Зямлю не вярнуліся, а Арцём усё спадзяецца сустрэцца з бацькам. Таму і бадзяецца па касмадроме. Ён, аказваецца, два тыдні сачыў за нашым псіхолагам. Усё ведаў пра наш маршрут. Галя, напэўна, дзе магла, расказвала пра палёт. Вось і атрымліваецца, што ён тут не выпадкова. Ды што цяпер пра гэта казаць, думаю, я з ім пасябрую.

I я не сумняваўся ў тым, што яны пасябруюць. Нам, астранаўтам, не рэкамендавалася, пакуль мы працавалі ў Асацыяцыі зоркавых палётаў, мець сям'ю. I, як правіла, гэтай рэкамендацыі мы ўсе прытрымліваліся. Хаця ў думках кожны марыў пра дом, поўны дзіцячых галасоў. Ну, а што да Арцёма, дык ён па-сапраўднаму прывязаўся не да доктара Савіча, а да мяне. 3 цягам часу нават перасяліўся ў мой адсек.

Справа ў тым, што, калі мы лёталі ў сістэму зоркі Кастор, якая знаходзіцца ў сузор'і Блізнятаў, наш галоўны батанік падхапіў там касторавую чумку. I цяпер я міжволі выконваў яго абавязкі. Даследаваў раслінны свет з самых розных планет, які часткова знаходзіўся на караблі ў маім адсеку. Сярод іншых там расла адна цікавая расліна, якую я падабраў на Месяцы, у невядома кім пакінутым зоркалёце. Яна была незвычайна палахлівая. Падыходзіш да яе, узмахваеш рукою - і сцяблінкі пачынаюць трапятаць, быццам баяцца, што ты зараз вытнеш расліну. Яна засынала і прачыналася. Калі засынала, складвала лісток да лістка. Расліна цвіла. У яе была адна кветка, падобная да тых, што на Зямлі называюцца ільвіным зевам. Праз гэты «зеў» я паіў расліну па кропельцы з піпеткі.

Потым гэта пачаў рабіць Арцём. I расліна лашчылася да яго, дакраналася лісцем да рук. Ён і імя расліне прыдумаў: Ням-Ням. Браў піпетку з кропелькамі вады, падыходзіў да расліны: «Ну, што, Ням-Ням, будзем есці?» I мне здавалася, што ў гэты момант расліна ціхенька смяялася.

Ляцеў час. А з ім насустрач чарговай невядомасці ляцелі і мы. Аднойчы я ўключыў экран знешняга назірання, што займаў ледзь не ўсю сцяну майго адсека, і зразумеў, што мы мінаем сузор'е Льва. Заставалася ззаду яго самая яркая зорка-гігант — Рэгул. Наперадзе было сузор'е Дзевы. I вось неяк Арцём, калі мы з ім зноў сядзелі ля ўключанага экрана, запытаўся ў мяне:

— А чаму сузор'е, да якога мы ляцім, называецца Дзева? Я падумаў і адказаў:

— Гэтую назву яму далі даўно. Яшчэ ў часы дзевятай зямной цывілізацыі, у старажытным Егіпце. Яго з'яўленне на вечаровым небе сведчыла, што надышоў час збору ўраджаю. На палетках працавалі пераважна жанчыны — дзевы. Адсюль і пайшла назва. Таму і Спіка — самая прыкметная зорка гэтага сузор'я — у перакладзе з лацінскай мовы азначае «Колас».

Але Арцёма цікавіла не толькі назва сузор'я. Ён запытаўся і пра мэту нашага палёту. Для чаго мы ляцім туды? I мне давялося яму патлумачыць, што мы — шукальнікі інфармацыі. Прычым, самай неверагоднай, што магла б стаць на Зямлі сенсацыяй. Якую, па нашым вяртанні, Міжнародная асацыяцыя зоркавых палётаў, згодна з заключанымі кантрактамі, прадае інфармацыйным агенцтвам.

— Гэта — Спіка? — абарваў мяне на паўслове Арцём і паказаў позіркам на экран. Я анямеў. На экране вымалёўваўся ярка-блакітны шар. «Зямля!» — перахапіла ў мяне дыханне. Але якая ж тут можа быць Зямля? Гэта была ці не першая планета ў сузор'і Дзевы, якая ўсім сваім выглядам, кропля ў кроплю, нагадвала Зямлю.

I калі мы ўжо завіслі над ёю, выбіраючы найболын прыдатнае месца для пасадкі, больш за ўсіх здзіўлялася Галя — наш псіхолаг. Яна была надзвычай усхваляваная, усё ўскрыквала і ўскрыквала:

— Ну, хіба можа такое быць? Не-е, я нізавошта не сыду на яе паверхню. Гэта нейкі падман! Міраж. Самы сапраўдны міраж! Вунь, паглядзіце, Атлантычны акіян! А вунь, ну далібог жа, Нью-Йорк! Атам... Там, бачыце, — Гімалаі!

— Хлопцы, шукайце позіркам Белавежскую пушчу, — не то жартам, не то ўсур'ёз сказаў наш камандзір. — Яе возьмем за арыенцір. Ну, а сядзем, зразумела, пад Мінскам, адкуль і стартавалі. На нашым касмадроме. За Раўбічамі.

I ўсе засмяяліся. Вядома, яго словы прынялі за жарт. Але, калі мы ўжо селі на паверхню і кінуліся да галаўнога ілюмінатара, смяяцца нікому не хацелася.

— Вунь ружовая палоска ўзыходу на даляглядзе, тая самая... — паказала Галя. — Ты помніш, Сымон, я казала табе пра яе. Сонца хутка пачне ўставаць, — і яна ўздыхнула з пытаннем у позірку. — Досвітак! Мы на сваім касмадроме.

— Аламятайся, псіхолаг! Карабель праляцеў такую адлегласць! Мільёны кіламетраў!

— Глядзіце! Глядзіце... Вунь зоркалёт Грынчука! Я ведаю іхняга бортмеханіка, — закрычаў наш старшы пілот, які кіраваў пілотамі-робатамі. — Там іхні бортмеханік! — і ён паглядзеў на Антона, маўляў, што ты на гэта скажаш, камандзір? Але Антон маўчаў.

— Пайшоў бы ты лепш да сваіх робатаў, — параіў старшаму пілоту доктар Савіч. — Я не веру, што мы на сваім касмадроме. Гэта выключана. Праграма не магла памыліцца. Увесь маршрут — у маіх мазгах. Я вывучыўяго на памяць. Гэта... Хм-м... Гэта і ёсць планета — копія Зямлі.

— Ха-а, Праграма! I бортмеханік таксама копія? — выгукнуў нехта.

Яго падтрымала Галя:

— Нас жа, як заўсёды, усыпілі робаты. Мы ўсе спалі, калі павінен быў адбыцца старт. Дык, можа, і не было ніякага палёту? У крайнім выпадку, падняліся і завіслі над Зямлёю. Павіселі, павіселі, потым спусціліся. Вось вам той самы неапазнаны лятальны апарат!

— А ўсё, што мы бачылі: метэарыты, рэшткі нейкіх станцый, планеты-гіганты і планеты-ліліпуты, шматлікія зоркі, міма якіх праляталі, — робаты пракруцілі нам у сне. У архіве шмат самых розных запісаў, — выказаў сваё меркаванне маладзенькі лабарант.

— Глупства! — адазваўся я. — Добра помню, як мы праляталі праз сузор'е Льва. На свае вочы бачыў агністы Рэгул, а што да серыялаў, я да іх не падключаўся. Я глядзеў мульцік у сне.

— Не-е, мы сапраўды ляцелі, — нясмела пацвердзіў Арцём. — Я ўвесь час паіў Ням-Няма.

— Ням-Няма? — засмяяўся старшы пілот. — Значыць і ты глядзеў мульцік! Хлопцы, ніякага палёту не было, трэба выходзіць на паверхню і раз'язджацца па сваіх кватэрах. Я стаю на сваім: робатам давяраць нельга. Хай цяпер з імі разбіраецца Асацыяцыя!

— Чакайце, — сказаў Антон, які ўвесь гэты час задумліва маўчаў. — Сысці мы паспеем і сыдзем, але не ўсе. Значыцца, слухайце... Спушчуся на паверхню я, — абвёў экіпаж позіркам. — Можа спатрэбіцца доктар, таму будзь гатовы, Савіч...

— Мы часта на незнаёмых паверхнях працавалі з ім у пары, — прамовіў я. — Вазьмі і мяне, камандзір.

Антон пагадзіўся. Арцём шапнуў мне: - А я?

— Яго таксама возьмем, — сказаў Антон і дадаў: — Усім астатнім заставацца на караблі да нашага вяртання. Калі якая небяспека, сігналізуйце, выходзьце на мабільную сувязь. Думаю, мы хутка ўсё высветлім, — і папрасіў лабаранта: — Зрабіце замеры на наяўнасць паветра. Калі яно ёсць тут, магчыма, што скафандры і не спатрэбяцца.

Яны, сапраўды, не спатрэбіліся. Мы нават вырашылі апрануцца ў сваё звыклае зямное адзенне. I як толькі сышлі на паверхню, твары адразу аблашчыў прыемны цёплы ветрык, хоць яшчэ толькі пачынала світаць.

— 3 вяртаннем! — пачуўся вясёлы голас.

Гэта крыкнуў нам бортмеханік, які корпаўся ў абшьгўцы зоркалёта Грынчука.

— Гм-м, ён пазнаў нас, — прабурчэў доктар Савіч. — I гэта ўжо зусім робіцца цікавым.

— Пазнаў, дык пазнаў, — неяк абыякава сказаў Антон і, спыніўшыся, агледзеў мясцовасць. — А гэта сапраўды наш касмадром. Вунь, бачыце, стаяць састарэлыя караблі. Яны ўжо другі год там.

— Можа, патэлефануем у Асацыяцыю, цікава, ці адкажуць? — запытаўся я.

— Не, давайце пакінем касмадром, паглядзім, што за яго межамі.

I мы пайшлі, каб неўзабаве пераканацца, што за касмадромам усё было так, як мы прывыклі бачыць. Указальнікі на Раўбічы і на Мінск, ды яшчэ на нейкія мясціны, якія ніколі ніхто з нас не наведваў. Невялікае кафэ «Вясёлае лета», ля якога гуртам стаялі вайскоўцы. Відаць, са службы аховы. Некалькі аўтобусных прыпынкаў, стаянкі таксі, верталётная пляцоўка... Наўкол было даволі шматлюдна, што, дарэчы, кідалася ў вочы. Быў ранні досвітак. У такую пару людзі на Зямлі яшчэ спяць, ва ўсякім выпадку, гараджане.

Да аднаго з таксі падыходзіла дзяўчына. Мне яна падалася знаёмай. Падобную да яе бачыў аднойчы ў памяшканні Асацыяцыі. Яна злёгку пасміхнулася, і гэтая ўсмешка, далібог жа, адрасавалася мне. Яе вочы засвяціліся, і штосьці ўздрыгнула ўва мне. У яе позірку мільгнуў дзіўны ліловы бляск. Я накіраваўся да дзяўчыны. Яна ўжо зачыняла дзверцы таксі.

— Вы ў Мінск?

— 3 Мінска. Тут у мяне перасадка. Хачу наведаць бацькоў у Залессі. А вы толькі што прыляцелі? Са шчаслівым прызямленнем! — I зноў у яе вачах мільгнула тое ж ліловае ззянне.

Таксі ад'ехала. Я вярнуўся да сваіх. Яны ўжо стаялі на аўтобусным прыпынку.

— Куды рушым? — запытальна паглядзеў на Антона, а ў галаве круціліся словы, якія сказала дзяўчына. Хм-м, са шчаслівым прызямленнем!

— Ну не ў Раўбічы ж... У Мінск, вядома, — адказаў Антон. А потым запытаўся: «Што, знаёмую сваю пабачыў?»

Я толькі пасміхнуўся ў адказ.

«Ну і планетка, — думаў я, калі мы ўжо трэсліся ў паўпустым аўтобусе. — Колькі ж загадак тоіць у сабе Сусвет? Пакінуць Зямлю, праляцець паўгалактыкі і... зноў апынуцца на Зямлі. Гэта была самая сапраўдная неверагоднасць. А, можа, сапраўды мы нікуды не ляцелі?» I тут з'явілася думка.

— Арцём, — сказаў я. — Ты пазвані сваёй маці. Што там у цябе дома? Хвалюецца, напэўна! Вось тэлефон...

Арцём узяў мабільнік, пачаў набіраць нумар, і мы ўсе пачулі голас:

— Алё-ё...

— Ма-ам, гэта я.

— Ну, дзе цябе носіць?! Галодны днямі ходзіш, хоць бы што ўзяў з халадзільніка. Аліку званіла, думала, ты ў яго. Божа, сын называецца! Колькі ўжо дзён не бачыліся! А мы ж на Нямігу збіраліся, красоўкі купіць... У цябе красоўка адна дзіравая. Зараз жа каб быў дома!

Я паглядзеў уніз, пад ногі... У Арцёма сапраўды была дзіравая красоўка. Ён аддаў мне тэлефон. Усе маўчалі.

— Мне ехаць дадому? — праз нейкае імгненне запытаўся ён.

— Разумееш, — нахіліўся да яго доктар Савіч, — ужо даўнавата мы спыніліся на адной зялёнай планеце... Там жыхары, што жылі на ёй, далі мне арыенцір, своеасаблівую Праграму, якую завезлі туды прадстаўнікі адной з самых высакаразвітых сусветных цывілізацый. Згодна з гэтай Праграмай, каб сустрэцца з братамі па розуме, што, зразумела, можа стаць найвялікшай сенсацыяй, мы павінны былі ляцець менавіта сюды, на копію Зямлі.

— А мая мама? Не-е, гэта наша Зямля, ніякая ні копія! Гэта наш Мінск! — упэўнена сказаў Арцём. — Ды вось жа, за акном толькі што праімчала машына. У ёй я заўважыў свайго аднакласніка Толіка Прышчэпчыка. Я хачу дамоў.

— Пачакай, — сказаў яму Антон. — Табе ж цікава з намі. Дамоў ты паспееш. — I паглядзеў на мяне. — А мы ўжо сапраўды ўехалі ў горад. Вы заўважылі? Пазнаяце, за вокнамі мільгае праспект Пераможцаў... Дзе будзем выходзіць? — I ў яго голасе чулася нейкая ненатуральная весялосць.

I тут я ўспомніў мяшэчак з рачным пяском. Гэты пясок быў з берага Лошы, дзе калісьці даўно прайшло маё дзяцінства. Я заўжды браў гэты мяшэчак з сабой ва ўсе свае далёкія пада­рожжы, каб памятаць, адкуль я. Гэтым разам мяшэчак застаўся дома. Я забыўся яго ўзяць. Цікава паглядзець, ці знайду яго цяпер у сваёй кватэры? Трэба ж хоць за нешта зачапіцца, каб нарэшце канчаткова праясніць: мы на сваёй Зямлі, ці ўсё ж гэта чужая планета? I я сказаў Антону:

— А давай выйдзем на Паўднёвым Захадзе. Зойдзем да мяне. Я пакармлю вас. У мяне шмат прысмакаў. Есць нават грыбы марынаваныя. Мінулым летам збіраў іх у Налібоцкай пушчы.

— Я не супраць, — падтрымаў мяне доктар Савіч. — Недалёка ад цябе жыве адна мая знаёмая. Лора. Медсястра. Ей здаралася вылятаць на Месяц. Перад самым гэтым нашым палётам я тэлефанаваў ёй. Яна збіралася зноў кудысьці ляцець, — ён паглядзеў на Антона і дадаў: — Была цікавая размова. Пабачым, што яна цяпер скажа?

«Вось і доктар Савіч хоча з нечым зверыцца, супаставіць адно з адным», — падумаў я, а Антон сказаў:

— Я раіў бы вам не расслабляцца. А куды ехаць, мне, у прынцыпе, усё роўна. Цяпер галоўнае для нас да ўсяго як след прыглядвацца. Потым зробім нейкую выснову.

I мы выйшлі з аўтобуса на Паўднёвым Захадзе, дзе хутка апынуліся ў маім двары. Там пачаў адцвітаць бэз, і яго кусты ўжо не дыхалі водарам. Я міжволі пашкадаваў што не давялося бачыць гэтага кароткага цвіцення. А калі адвёў позірк ад кустоў бэзу, яшчэ здалёк заўважыў постаць свайго суседа, у мінулым — астрафізіка. Ен заўжды хадзіў з драўлянаю кульбаю, якою ўзмахваў у знак прывітання. Узмахнуў і на гэты раз. Пачакаў пакуль мы падыдзем да яго.

— Колькі ж гэта вы адсутнічалі? — пасміхнуўся ён, і ў яго вачах заіскрылася ліловае ззянне. «Такі ж самы ліловы бляск, што і ў той дзяўчыны, з якою сустрэліся ля касмадрома», — падумаў я, а ўслых сказаў:

— У вас была нейкая справа да мяне?

— Прусакоў санслужбы труцілі, — і раптам ён адвёў вочы, штосьці занепакоіла яго. Узмахнуў кульбаю, нешта мармытнуў і заспяшаўся ў пад'езд дома.

— Ты чымсьці напалохаў яго, — сказаў доктар Савіч. А я ўжо здагадаўся, ужо ведаў чым. Сусед не пабачыў у маіх вачах ліловага ззяння. Пра гэта я зараз жа і сказаў:

— Ен здагадаўся, што я не яго сусед. Што я нехта іншы, падобны да яго суседа. Значыцца, і ён сам нехта іншы з абліччам майго суседа. У яго ліловыя зрэнкі, у нас не такія.

— Кінь, Сымон, — засмяяўся Антон. — Стары чалавек, кепска бачыць. Лінзы ў яго ліловага колеру.

— Не-е, не лінзы! У той дзяўчыны, з якою я размаўляў ля касмадрома, таксама было ліловае ззянне ў вачах. I ў яе ліловыя лінзы?

— Не спрачайцеся, — паспрабаваў супакоіць нас доктар Савіч, — зараз зойдзем у кватэру, я патэлефаную Лоры і, магчыма, мы хутка нешта высветлім.

— А што высвятляць? Ну можа быць планета — копія Зямлі, я дапускаю! Ландшафт падобны, атмасфера, магнітнае поле і ўсё такое... А тут! Арцём, ты размаўляў са сваёй маці па хатнім нумары тэлефона. Я сустрэў суседа, з якім гадоў дваццаць жыву дзверы ў дзверы, але... У яго ніколі раней не было ліловага бляску ў вачах! Дык гэта — Зямля ці не Зямля, скажыце мне?

Апошнія словы я выгукнуў вельмі моцна. Дзяўчынка, што збягала па лесвіцы, нават азірнулася.

— I ў яе ліловасць у вачах, — прашаптаў Арцём.

А я ўжо адчыняў дзверы ў кватэру і першае, на што звярнуў увагу, калі зайшлі ў гасцёўню, быў мяшэчак з рачным пяском, які ляжаў на стале. Так, гэта была мая кватэра!

— Сядайце, хто куды... Размяшчайцеся. Я абяцаў вас пакарміць грыбкамі.

— Не цяпер, потым грыбкі, — сказаў Антон і сеў на канапу, позіркам запрашаючы садзіцца Арцёма і доктара Савіча. — Давайце, спачатку прыкінем, што мы маем.

— Ты прыкідвай, — сказаў доктар Савіч, а я прайду ў другі пакой, пазваню Лоры, — і запытаўся ў мяне: — Яе можна сюды запрасіць?

Я згодна кіўнуў і сеў побач з Антонам.

— Дык што ты сабраўся прыкідваць?

— Раскладзём усё, што называецца, па палічках... Планета, куды мы ляцелі, сапраўды аказалася копіяй Зямлі. Вось мы сыходзім з карабля, і бортмеханік, які завіхаецца ля зоркалёта Грынчука, крычыць нам: «3 вяртаннем!» Ён нас пазнаў, а мы ж упершыню на гэтай планеце. Значыцца...

- Правільна мысліш, камандзір, - у гасцёўню вярнуўся доктар Савіч. - Значыцца, да нас тут нехта быў падобны да мяне, да цябе, Антон, да Сымона... Іншымі словамі, жылі нашы двайнікі.

- Што ж атрымліваецца? - запытаўся я. - Мы пакідалі сваю Зямлю, а яны, нашы двайнікі, пакінулі гэтую планету. Мы цяпер тут, а яны, магчыма, там... у нас на Зямлі. I іх гэтаксама хтосьці прымае за нас, як тут нас — за іх!

- Вы забыліся пра ліловае ззянне ў вачах, - сказаў Арцём. -Па гэтым ззянні на Зямлі здагадаюцца, што гэта не мы.

- А яго можна і не заўважыць, - запярэчыў доктар Савіч. -Тая ж дзяўчына ля касмадрома не заўважыла, што ў Сымона самыя звычайныя зямныя вочы. Ва ўсякім выпадку, ніяк не адрэагавала на адсутнасць ліловасці ў іх.

- Ды яна не глядзела мне ў вочы, яна ўжо сядзела ў таксі і навошта ёй было мяне разглядваць! - сказаў я і тут жа ўспомніў. - Чакайце, чакайце... Яна мне сказала: «Са шчаслівым прызямленнем!» Тады атрымліваецца, што і гэтая чужая планета называецца Зямля. А як жа можа такое быць? Нейкая няўвязка атрымліваецца! I тут пачуўся званок у дзверы.

- Я адчыню, - сказаў доктар Савіч. - Гэта - Лора.

Я таксама падняўся з канапы, пайшоў насустрач дзяўчыне... Яна ўжо зайшла ў гасцёўню. Доктар Савіч прапусціў яе паперад сябе і цяпер неяк прыглушана звярнуўся да нас:

- Знаёмцеся — мая знаёмая Лора.

Лора мела даволі прыемную знешнасць і гэтак жа прыемна пасміхнулася. Ліловае ззянне ў яе вачах я ўжо ўспрыняў як належнае. А яна тым часам пераводзіла ўважлівы позірк з мяне на Антона, з Антона на Арцёма... Утварылася напружаная паўза. Яе парушыла Лора.

- Вы — не зямляне, — сказала яна. I гэтыя яе словы былі для нас раўназначнымі выбуху.

- Як гэта не зямляне?! — ускочыў з канапы Антон. — Мы прыляцелі з Зямлі... 3 Беларусі! Зямля — наша планета. Яна існуе мільёны і мільёны гадоў.

— Я веру... Напэўна, гэтак яно і ёсць. — Лора працягвала ўважліва разглядваць нас. — Гэта — таксама Беларусь! Таксама — Зямля! Зямля-2... Клон вашай Зямлі. I мы ўсе, хто жыве тут на ёй, таксама клоны. Вашы клоны. У нас ваша ДНК. — Лора зрабіла паўзу, задумалася. — Праўда, я пра ўсё гэта ведаю вельмі цьмяна, на ўзроўні чутак. Ва ўсякім выпадку такой гіпотэзы прытрымліваюцца многія і многія нашы вучоныя. Калі ім верыць, дык ваша чалавецтва і наша існуюць паралельна мільёны і мільёны гадоў. I ў нас аднолькавая эвалюцыя, ідэнтычнае развіццё... Вы — гэта мы, мы — гэта вы! Нас розніць толькі адно...

У гэты момант званком адазваўся Антонаў мабільнік. Нехта званіў з карабля. Антон уважліва выслухаў, потым запярэчыў:

— Ні ў якім разе! Хай звоняць, хай патрабуюць! Я забараніў сыходзіць на паверхню! — I ён адключыўся, паглядзеў на Лору. — Ну, дык што нас розніць?

— Той, хто стварыў Зямлю-2, лічаць некаторыя нашы вучоныя, вырашыў усім нам, яе жыхарам, зрабіць падарунак. Мы — несмяротныя. У нашых вачах, у зрэнках ёсць крышталік... Гэта — рухавік бясконцасці, рухавік вечнага жыцця. Ён нейкім чынам звязаны з ядром нашай планеты, з яго сілавымі энергіямі. Наша Зямля нас сілкуе, таму мы ніколі не спім. Мы не ведаем, што такое сон. Мы заўсёды ў бадзёрым стане. У вашых зрэнках няма рухавіка вечнага жыцця, вы — смяротныя...

Мы слухалі Лору, верылі і не верылі. Але шок быў... Што мы маглі сказаць на гэта? Я чамусьці запытаўся ў Антона:

— Што яны хацелі, з карабля?

— 3 імі звязаліся з Асацыяцыі зоркавых палётаў. Патрабуюць, каб выходзілі на паверхню. Ім для нечага патрэбен старшы пілот.

— Гэтага рабіць нельга, — сказала Лора. — Супрацоўнікі Асацыяцыі адразу вызначаць, што яны з першаасновы, з Зямлі-1. Іх пастараюцца затрымаць... Для доследаў. Калі ў вас былі з некім кантакты, дык сюды могуць прыйсці са службы бяспекі.

- Кантакт быў! Дзядзька Сымон, ты размаўляў са сваім суседам, - сказаў Арцём.

- Мой сусед дома, наЗямлі, - адказаўя. — А тут... іншапланецяне. - I падняў позірк на Лору. - Клон майго зямнога суседа, так трэба разумець? Ён заўважыў, што ў мяне няма лшовага бляску ў вачах, што яго і напалохала.

- Вам трэба пакідаць гэтую кватэру, - Лора паглядзела на доктара Савіча. - Я хачу стаць такой, як вы... Адчуць, што такое сон. Мне не трэба несмяротнасці. У мяне есць магчымасць пабачыць Зямлю-1. Я хачу паляцець з вамі і, можа, нават змагу некалі вярнуцца, расказаць, што там... на першааснове.

- Наш карабель не разлічаны на дадатковы груз, - хутка адказаў Антон...

- Яна мала важыць, - задумліва зазначыу доктар Савіч і кіўнуў Антону. - Пройдзем у той пакой...

Я не ведаю, пра што яны там размаўлялі, магу толькі здагадвацца, але вярнуліся яны вельмі хутка. Доктар Савіч не хаваў задавальнення і адразу звярнуўся да дзяўчыны:

- Я яго ўгаварыў, Лора. Ты ўсё ж мая знаемая...

Яго апошняя фраза была бы са сцэны тэатра абсурду, як і ўсё астатняе. Мы нечакана ўсе ўздрыгнулі, так гучна зазвашу хатні тэлефон у кватэры.

- Не бярыце трубку, гэта можа быць служба бяспекі, засцерагальна сказала Лора. - Вы ўступалі ў кантакт...

- А, можа, нехта звоніць табе? - запытальна паглядзеў на мяне Антон і нервова засмяяўся.

Мы ўжо адчувалі, што трэба пакідаць гэтую кватэру, спешна вяртацца на карабель. На гэты раз я не забыўся пра мяшэчак з рачным пяском. I хоць ведаў, што ён не належыць мне, сунуў яго ў кішэню. А калі ўжо стаялі на аўтобусным прыпынку, чакаючы рэйсавага аўтобуса на касмадром, я пачуў крык:

- Сымо-он! Сымо-он!

Азірнуўся і ў тым, хто бег да нас, пазнаў, хм-м... сванго стрыечнага брата. Ён пасміхаўся шчыраю ўсмешкаю беларуса вочы свяціліся ліловым ззяннем, якое проста іграла ў іх.- Ты вярнуўся-я! Вярнуўся-я-я... А я лічыў, што ўжо не пабачымся!

— Таксі-і! — крыкнула Лора і спыніла машыну. — На касмадром! 3 намі падлетак, як-небудзь уціснемся.

Мы сапраўды ўціснуліся і праз якую гадзіну ўжо былі ля касмадрома. Калі з намі ветліва прывітаўся юнак, падобны да праграміста, што працаваў на нашай Зямлі ў Асацыяцыі, мы, як па камандзе, апусцілі вочы, каб не выдаць сябе, што мы не з Зямлі-2.

— Скажыце, хай зойдзе ў аддзел кіравання палётамі ваш старшы пілот, — папрасіў ён. — У нас перабоі з сувяззю, правісае кантакт.

— Скажам, — прабурчэў Антон.

Мы заспяшаліся да карабля і без аніякіх тлумачэнняў астатнім членам экіпажа, якія запытальна глядзелі на Лору, Антон аддаў распараджэнне старшаму пілоту:

— Ідзіце да сваіх робатаў хай рыхтуюцца да старту. Вяртаемся на Зямлю.

Лору падсялілі ў адсек да псіхолага Галі.

— Ты б яе праінструктаваў, — сказаў я Антону. — Робаты аб'явяць старт, загадаюць пагружацца ў сон, а ў Лоры гэты... рухавік вечнага жыцця.

— Я ўжо ўсё сказаў Галі. Ідзі ў свой адсек і ні пра што не турбуйся.

У адсеку мяне чакаў доктар Савіч. Арцём паіў з піпеткі Ням-Няма, але я не мог не заўважыць, што твар у яго быў засмучаны.

— Нешта здарылася, Арцём?

— Голас... куды я званіў. Гэта быў голас маёй мамы.

— Ты пабачыш яе, калі мы вернемся на Зямлю. Яна там цябе чакае, хвалюецца.

— А я ўсё думаю пра Лору, Сымон, — сказаў доктар Савіч. — Напэўна, не трэба было яе браць з сабою, але ж я — доктар, мне цікава паназіраць...

— Як за аб'ектам для доследаў? Ці штось іншае?

I доктар Савіч не паспеў мне адказаць, таму што пачуўся голас пілота-робата, які папярэджваў што хутка мы стартуем і ўсім трэба пагружацца ў кароткі сон...

А неўзабаве мы ўсе зразумелі, што Лору ўзялі на свой карабель дарэмна. Яна слабела на вачах, не магла ні піць, ні есці, адно: ляжала. Было бачна, што да Зямлі Лора не даляціць.

- Яна ўвесь час паўтарае адно і тое ж: «Я хачу спаць, я хачу спаць», але заснуць ніяк не можа, - казаў мне доктар Савіч, калі аднойчы мы сустрэліся ў цэнтральным холе карабля. -I вось што я думаю, Сымон. Хтосьці падарыў жыхарам Зямлі-2 несмяротнасць і такім чынам закансерваваў іх. Яны могуць жыць толькі ў межах гэтай сваёй планеты, паколькі сілкуюцца ад яе ядра. Мы бачылі, у іх ёсць касмічныя караблі, яны ж копія нашага развіцця, розум ім дазволіў дасягнуць гэтага. Але варта ім толькі адправіцца ў нейкае касмічнае падарожжа, і яно аказваецца для іх незваротным. Жыццёвыя сілы пакідаюць іх, як толькі яны аддаляюцца ад сваёй планеты.

- Значыцца, тыя... Ну-у, нашы клоны, нашы двайнікі, за каго прымалі нас, маглі адправіцца на нашу Зямлю, але не даляцелі да яе, і наўрад ці вернуцца на Зямлю-2.

- Атрымліваецца, што не вернуцца, - і ў голасе доктара Савіча чулася горыч. - У іх ёсць несмяротнасць, Сымон, але няма шляху ў іншыя светы. Яны - дзеці адной планеты, адно цэлае з ёю.

I тут у хол зазірнула псіхолаг Галя.

- Доктар Савіч, Лора нарэшце заснула, - і цяжка было зразумець, сказала яна гэта з радасцю ці са смуткам. А вось доктар змяніўся ў твары:

- Баюся, што не заснула, а памерла, - ён не хаваў роспачы. - Мы ўжо дастаткова аддаліліся ад Зямлі-2. Энергія яе ядра перастала сілкаваць Лору.

I ён не памыліўся. Цела Лоры мы паклалі ў герметычную капсулу і пахавалі ў адкрытым космасе. За ўвесь час нашых падарожжаў такое здарылася ўпершыню, і мы чамусьці пасля гэтага стараліся не выходзіць са сваіх адсекаў, быццам адчувалі нейкую віну перад Лорай. I толькі ўжо калі падляталі да Зямлі, мяне і доктара Савіча выклікаў да сябе ў адсек Антон.

- У мяне ўжо было некалькі сеансаў сувязі з Асацыяцыяй, -сказаў ён. - Я паведаміў, што мы знайшлі і наведалі Зямлю-2, планету — копію нашай Зямлі.

- I што?

-Мне не паверылі. Запатрабавалі выкласці доказы, як гэта звычайна ў нас бывае: расліны, жывёліны, грунт, камяні ці што іншае. Любая інфармацыя, а тым болын сенсацыйная, патрабуе доказаў.

— Гэтым доказам магла б быць Лора — дзяўчына з сузор'я Дзевы, — сказаў доктар Савіч. — У прынцыпе, я і гэты варыянт пракручваў.

I тут я ўспомніў пра мяшэчак з рачным пяском, пра што і сказаў маўляў, цяпер у мяне два мяшэчкі. Пясок з таго, які я ўзяў у кватэры на Зямлі-2, можна даследаваць. Раптам там ёсць нейкія мікраарганізмы, якіх няма на нашай Зямлі.

— Не-е, гэта не доказ, — сказаў Антон. — Ты жартуеш? Мяшэчак з пяском! Ды з нас проста пасмяюцца...

Вырашылі, што па прылёце на Зямлю асабліва не будзем распаўсюджвацца пра гэтае наша падарожжа. Тое, што мы былі на Зямлі-копіі вялікай неверагоднасцю здавалася ўжо і нам самім. А сапраўдная Зямля, якую Лора назвала першаасновай, тым часам набліжалася... I вось ужо мы ўсе прыніклі да галаўнога ілюмінатара, і калі ўжо гатовы былі сысці на паверхню на касмадроме за Раўбічамі, Арцём на хвілінку затрымаў мяне ў адсеку:

— Дзядзька Сымон, вазьмі... Я гэта знайшоў пасля таго, як Лору паклалі ў капсулу, — і ён працягнуў мне маленькі крышталік, цьмяна-ліловую пацерку... «Вось ён, доказ, што мы былі ў сузор'і Дзевы на Зямлі-2», — мільганула думка, і тут жа я адагнаў яе. Які дзівак мог паверыць, што маленечкая пацерка магла быць рухавіком вечнага жыцця! I я проста паклаў яе сабе ў кішэню, але ўсё ж паказаў яе доктару Савічу. Але гэта было ўжо значна пазней, калі мы развіталіся з усімі членамі экіпажа, зразумела, і з Арцёмам. Я дазволіў яму ўзяць з сабою Ням-Няма і паабяцаў, што абавязкова з ім звяжуся пасля чарговага палёту ў космас. Мне чамусьці не надта хацелася ехаць дамоў у сваю кватэру на Паўднёвым Захадзе, яшчэ помнілася кватэра на Зямлі-2, і доктар Савіч прапанаваў:

— Табе трэба прывыкнуць зноў да Зямлі ў нейкім нейтральным месцы. Я запрашаю цябе да сябе, на сваю сядзібу. Адпачнеш тыдзень-другі. Рыбку паловім, недалёка азярцо ёсць...

Я пагадзіўся. Узялі таксі і выйшлі з яго, трошкі не даехаўшы да доктаравай сядзібы. Вырашылі прайсціся лугам, каб як след адчуць, якое яно сапраўднае зямное паветра. Вось там я і паказаў доктару Савічу тую пацерку.

— Дай добра разгледжу, — сказаў ён. I не ўтрымаў, крышталік выслізнуў з яго рук, упаў у густую лугавую траву. I як мы ні шукалі яго, знайсці так і не змаглі.

Я сапраўды затрымаўся на доктаравай сядзібе некалькі тыдняў, а потым мне патэлефанавалі з Асацыяцыі. Аднекуль з суседняй галактыкі экіпаж Грынчука, чый зоркалёт, дакладней, копію яго зоркалёта з клонам бортмеханіка мы бачылі на Зямлі-2, прывёз надзвычай цікавую раслінападобную істоту. Знешне — гэта была расліна з вялікім шырокім лісцем. Яна чымсьці нагадвала наш зямны лопух. Калі надыходзіў час цві-цення, у яе на высокай сцябліне распускалася сіняя кветка ў выглядзе вялікай рукі з шасцю пальцамі. I гэтая рука хапала ўсё, да чаго магла дацягнуцца. Нават абрывала ўласнае лісце. У Асацыяцыі склікалі кансіліум, сабралі ўсіх нашых батанікаў, пасля чаго павінна было распачацца даследаванне расліны. Я таксама быў туды запрошаны, хацелася прыняць удзел у тых доследах. Таму давялося развітацца з доктарам Савічам, як пасля аказалася, ледзь не на год. За гэты час я ўжо нават паспеў злётаць у кароткую камандзіроўку на Месяц, як раптам патэлефанаваў мне Антон:

— Слухай, ты ў бліжэйшы час будзеш вольным? Ёсць ідэя! Мяне зноў угаварыў наш дарагі доктар Савіч, — і ён распавёў далей. — Ну-у, памятаеш, тая яго Праграма... Мы ж не памыліліся з планетай-копіяй, дык чаму б не паляцець да сузор'я Шаляў, у якім, калі зноў жа верыць Праграме, на адной з планет у сістэме зорак, што яго складаюць, ужо даўно вынайшлі машыну часу. Думай, Сымон, думай! Я прапаную, а вырашаць табе!

I я, безумоўна ж, вырашыў. Я пагадзіўся ляцець да сузор'я Шаляў, што, мы і зрабілі неўзабаве. I вось тут варта сказаць, што, як толькі наш асноўны склад экіпажа сабраўся на касмадроме за Раўбічамі, да мяне адразу ж кінуўся доктар Савіч. I па выразе яго твару я зразумеў, што ў доктара ёсць нейкая навіна.

— Сымон, не паверыш, — я нават не пачуў ад яго слова вітання. — А той крышталік — рухавік вечнага жыцця — яшчэ захоўваў нейкую жыццёвую сілу.

— 3 чаго ты гэта ўзяў? — запытаўся я.

— Ведаеш, там, дзе мы згубілі гэтую пацерку, пры лузе вырасла дзівосная расліна і нават паспела зацвісці. Пялёсткі ў яе кветак ліловыя-ліловыя, як той бляск у вачах хм-м... нашых клонаў на Зямлі-2.

— Лепш сказаць, у вачах Лоры. Пацерка-рухавік належала ёй.

— Во-во, — пагадзіўся доктар Савіч. — Таму я і назваў гэтую расліну: сон лугавы. Хай такім чынам жыве на Зямлі памяць пра Лору.

I я дадаў ад сябе да слоў доктара:

— Хай жыве, як сказала б яна сама, на першааснове. I не толькі як памяць пра яе, а і пра ўсю Зямлю-2, куды ўжо, думаю, наўрад ці хто зможа патрапіць з нас, зямлян.

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.025 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал