Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Zbrodnia to nieslychana
Pani zabił a pana; Zabiwszy grzebie w gaju, Na ł ą czce przy ruczaju, Gró b lilją zasiewa, Zasie wajac tak ś piewa: “Roś nij kwiecie wysoko, Jak pan leż y glę boka, Jak pan leż y glę boko, Ty tak ró ś nij wysoko”[39]. І дарэмна злачынная жонка спрабуе забыць пра свой несамавіты ўчынак, дарэмна спрабуе ўскружыць галаву братам забітага мужа, паабяцаўшы ім сваю руку і сэрца. У той час, калі набліжаецца вяселле, браты нечакана прыносяць вянкі, у якія ўплецены ліліі, што выраслі на магіле забітага. Мёртвы муж раптоўна з’яўляецца на шлюбнай цырымоніі і заяўляе пра свае правы на кветкі, што выраслі на яго магіле, на няверную жонку, пагражае бядой злым братам і ў гэты момант царква падае ў бездaнь, зямля змыкаецца на ёю і там вырастаюць лілеі так высока, як пан ляжаў глыбока. У Міцкевіча знайшліся тысячы паслядоўнікаў па ўсёй Беларусі. Многія з іх сталі апяваць свой родны край па-польску, вывучаць культуру народа, весці этнаграфічныя і археалагічныя пошукі. Узнікла так званая беларуская школа ў кожнай рамантычнай паэзіі, прадстаўнікамі якой сталі пісьменнікі, што нарадзіліся на Беларусі, добра ведалі яе мову, песні, паданні, звычаі. Некаторыя з паэтаў ужо пачыналі пісаць не толькі на польскай, а зрэдку і на беларускай мове, а балада ў іх творчасці па-ранейшаму займала адно з вядучых месц. На аснове беларускіх баладных песняў К.Лях-Шырма напісаў рамантычную баладу “Ясь і Зося”, дзе апавяданне пра трагічнае каханне завяршаецца паэтычным апісаннем дзвюх бяроз, што паядналіся галінкамі і льюць, пахілыя, слёзкі над магілкай герояў, а вечнасць іх кахання сімвалізуюць голуб і галубка, што ў месячным святле садзяцца на дрэвы. З беларускай нараднай казкі “Аб сёстрах, што сестронку з свету збавілі”, змешчанай у другім томе (с.97-98) “Люду беларускага” М.Федароўскага, і яе варыянтаў, аб’яднаных цыклам “Цудоўная дудачка”, вырастае рамантычная балада А.Ходзькі “Маліны”. Пан са слугамі ў золаце і срэбры просіць маці двух сясцёр аддаць яму адну з іх, бо сам выбраць не ў стане – абедзве такія гожыя, як ружы. Тады маці назначае шлюбнае спаборніцтва, але ў адрозненне ад іншых балад з падобным матывам, ужо для дзяўчат – дае ім збанкі і адпраўляе ў лес збіраць маліны: хто болей назбірае, быць той паняю. Але недарэмна сонца руменіцца з-за дрэў нібыта кроў і месяц крывавы азалочвае лес, калі ўрэшце вяртаецца старэйшая дачка. Аднак без сястры. Дарэмна цэлую ноч шукалі няшчасную – пан ажаніўся з пераможцай і зажыў шчасліва. Але аднойчы маленькі паніч зрабіў дудачку з дзікай вярбы, што расла ля ручаю пры кусце малін і тая праспявала яму песню: Graj, Michasiu, graj; Jak dziś kwitnie maj, Так nad ró ze, nad bł awatki Dwie nas kwitł o w domu matki, O, moja wiosno! Ach, lecz siostry nó ż Skosił ró ż e ró ż, Pod kurhanę m me mię szkanie, Dzika wierzba na kurhanie, O, moja wiosno! ” Пачуўшы гэтую споведзь, сястра-забойца падае мёртвай. Цікавымі ўяўляюцца і спробы Тадэвуша Лада-Заблоцкага ў сферы апрацоўкі беларускіх фантастычных уяўленняў. Надзвычай паэтычнай уяўляецца “Зачараваная дзяўчына”, дзе апавядаецца пра мужнага сына полацкага князя, які імкнецца трапіць у багаты замак, дзе спіць непрабудным сном прыгажуня. Але ўсё завяршаецца трагічна. Твор падобны да славутага “Лачплесіса” А.Пумпура, дзе адважны герой нацыянальнага эпасу шукае Спідалу. Невыпадкова, што і замак стаяў ля ўпадзення Віцьбы ў Дзвіну, недалёка ад месца дзеяння першага твора. У Віцебску паэт напісаў і баладу “Ляшка”, “змест якой, паводле слоў аўтара, – узяў са Стрыйкоўскага. Паўтарыў яе Гільзен у сваёй гісторыі Інфлянтаў. Не маючы пад рукою ніводнай з тых прац, не магу працытаваць старонкі, дзе гэтае паданне знаходзіцца”. Т.Лада-Заблоцкі звяртаецца да далёкіх легендарных часоў. З набегу вяртаецца Litwin (з вялікай літары) дадому з нечуванай здабычай – “a podle Mł oda lacka dziewica, Przechylona na siodle, ł zami skrapia swe lica”. Яна слёзна просіць “страшнага, дзікага Ліцвіна адпусціць яе да роднай хаткі”. Адчуўшы, што вораг яе не вызваліць з палону, ляшка як быццам хоча падзяліцца з ім вялікім сакрэтам, што дапаможа вытрымаць нават удар мячом. У час гэтага “выпрабавання” дзяўчына гіне, захаваўшы сваю цноту і гонар, а пануры Ліцвін вяртаецца на Радзіму, цішком выцершы слязу. Аб прыгажунях воднай стыхіі распавёў А.Грот-Спасоўскі ў баладзе “Русалкі”. Ён паэтычна ўзнаўляе беларускія ўяўленні пра гэтых чароўных істотаў, што ў майскія ночы гуляюць над Дняпром. Надзвычай прыгожыя, з залатымі косамі і снежным улоннем, сваімі галасамі, што нагадваюць ваўчынае выццё ці плач дзіцяці, ці танцамі, і гайданнем галінак і лісцяў бярозы прывабліваюць людзей. І гора таму хлопцу, што спакусіцца белымі грудзямі і дзіўным станам, прападзе ён назаўсёды. І толькі скажуць – “Заласкаталі”. У Нечым фабульна нагадвае славутую “Рыбку” А.Міцкевіча і ягоная балада “Апошнія ловы” (“З беларускіх паданняў”). Як і ў папярэднім творы, А.Грот-Спасоўскі звяртаецца да ўлюбёнага вобразу русалак, у якія пераўтвараліся душы дзетак, што без хрышчэння пакінулі гэты свет, або былі загублены выродлівымі маці. Увасабленню гэтага матыву паэт прысвяціў амаль дзвесце радкоў, і толькі потым апавядае пра саму непасрэдную трагедыю – пан спакусіў дзяўчыну і затым пакінуў яе з малым дзіцём. За тое, што адважная дзяўчына з’явілася на вяселле, разгневаны прыгнятальнік загадаў пакараць яе страшэннай смерцю – разарваць коньмі. Але аднойчы ў час ловаў пан Стольнік трапіў на тое месца, дзе была пахавана нясчасная ахвяра ягонай злачыннай жарсці і болей яго ніхто ўжо не бачыў на гэтым свеце. Як і яго вялікія папярэднікі, А.Грот-Спасоўскі звернецца да матыву пакарання жыхароў за несамавітыя ўчынкі (балада “Святое возера”), жахаў і містыцызму (балада “Страхі ў замку”, “Скруха”). Наогул, А.Грот-Спасоўскі на працягу 1828-1829 года напісаў 10 твораў падобнага тыпу, якія згрупіраваў у падраздзел “Ballady I powiesci” у першай кніжцы свайго двухтомніка (“Poezje”, Wilno, 1840). Праўда, польская крытыка сучасная лічыць большасць з іх не вельмі ўдалай спробай спалучэння навыкаў думы сентыментальнай з новымі тэндэнцыямі балады рамантычнай. Найбольш дасканалай з апошніх у А.Грот-Спасоўскага лічыцца “балада з паданняў беларускіх “Латнік” (“Pancerny”). У ёй апавядаецца пра латніка, які памірае на парозе царквы, дзе перад гэтым цэлую ноч кленчыў і маліўся. Следчы з доктарам не могуць вызначыць прычыну смерці – напісалі casus appoplexiae (апоплексічны удар). І ніхто не ведае, што памёр герой ад згрызотаў сумлення, што да апошняй хвіліны ў яго вачах стаяла здань жанчыны з маленькім дзіцяткам на руках. Аўтар заўсёды падкрэсліваў сваё нацыянальнае паходжанне, ён сцвярджаў, што ўсе яго творы заснаваны на паданнях беларускіх. Шматгадовая апрацоўка мастацка-стылявымі сродкамі жанру некаторых элементаў нацыянальнага фальклору стварала пэўныя традыцыі, “рыхтавала глебу” для ўзнікнення рамантычнай балады не толькі на беларускай аснове, але і на беларускай мове. Паказальнай у гэтых адносінах з’яўляецца творчая эвалюцыя аднаго з найбольш яркіх прадстаўнікоў польска-беларускай школы Я.Баршчэўскага, жанр балады ў паэзіі якога адыграў выключную ролю. Зачараваны незвычайнай паэтычнасцю беларускай фантастыкі, Я.Баршчэўскі стварыў своеасаблівы помнік старажытнай міфалогіі і дэманалогіі, рэліквіі якіх да гэтага часу захаваліся ў памяці і светапоглядзе беларусаў. Зборнік “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” найлепшым чынам адлюстраваў рамантызм паэта, яго схільнасць да фальклорна-міфалагічнай формы. У той жа час зборнік адыграў значную ролю ў станаўленні беларускага рамантызму, які, відавочна, арыентаваўся на рэшткі міфалагічнага светаўспрымання. “Шляхціц Завальня...” прасякнуты духам рамантызму, важным састаўным элементам якога становіцца фантастыка, што абумоўлена імкненнем паэта паказаць родны край таямнічым і загадкавым, напоўненым неразгаданымі тайнамі. Таму невыпадкова, што асновай некаторых апавяданняў зборніка становяцца баладныя сюжэты. Характар выкарыстання народнай фантастыкі, асноўных вобразаў народнай дэманалогіі ў гэтых творах настолькі блізкі да паэтыкі традыцыйнай рамантычнай балады, што шэраг апавяданняў можна назваць своеасаблівымі баладамі ў прозе. (Як вядома, некаторыя паэты спрабавалі пісаць балады на народныя сюжэты рытмізаванай прозай, напрыклад Л.Баравікоўскі на Украіне). Тут, як і ў баладах, фантастычныя персанажы народнай міфалогіі становяцца актыўнымі “дзеючымі асобамі” многіх апавяданняў зборніка. У апавяданні “Белая сарока” самай папулярнай фігурай беларускай дэманалогіі з’яўляецца нячысцік ці чорт, знешні выгляд якіх поўнасцю адпавядае народным уяўленням.Шырока распаўсюджаны баладны сюжэт аб саюзе з нячыстай сілай становіцца асновай апавядання “Аб чарнакніжніку і змею, які вылупіўся з яйка пеўня” і “Карона вужа”. Знамянальна, што, распрацоўваючы гэтыя сюжэты, паэт па-новаму трактуе матывы традыцыйнай згоды. Калі пан з “Чарнакніжніка” сам удзельнічае ў махінацыях і прадае ўласную душу за багацце і грошы, то герой апавядання “карона вужа” няшчасны лоўчы вымушаны заключыць саюз з нячыстай сілай, баючыся гневу свайго ўладальніка. (Падобны прыём раскрыцця рэальных сацыяльных і чалавечых адносін з дапамогай фантастыкі ў будучым стане адным з вядучых прыёмаў беларускай баладыстыкі.) Знамянальна, што Я.Баршчэўскі, па-майстэрску выкарыстоўваючы элементы алегорыі і сатыры, фальклорна-міфалагічную вобразнасць, паэтызуе “перажыткі старажытнага светаўспрымання ў свядомасці беларусаў”, і гэта дазваляе яму стварыць сімвалічны вобраз Беларусі. Я.Баршчэўскі творча выкарыстоўвае вобразна-выяўленчыя сродкі фальклору, што надае яго апавяданням глыбока своеасаблівы нацыянальны каларыт. Гэты прыём адлюстравання алегарычнага вобраза Беларусі з дапамогай міфалагічных элементаў таксама становіцца адным з найбольш распаўсюджаных у беларускай баладыстыцы пачатку ХХ ст. Такім чынам, баладная творчасць польскіх рамантыкаў і прадстаўнікоў польска-беларускай школы адыграла пэўную ролю ў зараджэнні жанру балады ў беларускай паэзіі. Аднак яна не была важнейшым вытокам гэтага працэсу. Невыпадкова некаторыя гісторыкі літаратуры сцвярджаюць, што, нягледзячы на плённы ўплыў больш развітых славянскіх літаратур, якія садзейнічалі ўсталяванню перадавых эстэтычных ідэалаў і прынцыпаў у беларускай літаратуры, “усё ж рашаючую ролю ў гэтым адыгралі самабытна-нацыянальныя традыцыі. Менавіта яны з’явіліся асновай зараджэння нацыянальнай паэзіі, яны неслі ў сабе асноўную перспектыву яе далейшага ідэйна-мастацкага ўзбагачэння”[40]. Выказванне шмат у чым характарызуе і працэс зараджэння, а затым і станаўлення аднаго з вядучых жанраў нацыянальнай паэзіі – беларускай балады. Фалькларызм першых беларускіх балад выяўляецца перш за ўсё ў іх выразнай арыентацыі на народную стылістыку. Яна значна ўзмацняецца адсутнасцю прамежкавых ці гібрыдных форм паміж лірычнай народнай песняй і баладай, якія існавалі, напрыклад, у суседніх літаратурах. (Ч.Згажэльскі лічыць думу папярэдніцай балады. Г.Нудзьга ўстанаўлівае эвалюцыю паэтычных жанраў у наступнай паслядоўнасці: лірычная песня – раманс – балада – паэма.) Адсутнасць традыцый і ўзораў сентыментальнай думы ці раманса – адна з прычын таго, што беларуская балада не магла зарадзіцца ў выглядзе любоўнай ці гістарычнай (успомнім зараджэне жанру ў больш развітых славянскіх літаратурах). Аднак факт узнікнення балады на нацыянальнай культурнай глебе не толькі не аблягчае задачу даследавання, але і значна ўскладняе яе вырашэнне. Іменна так лічыў прафесар Оксфардскага універсітэта Т.Хендэрсан, які адзначыў, што “вывучэнне фальклору прынясе шмат цікавай інфармацыі адносна баладных тэм; але як фальклор з’яўляецца адным з найбольш чароўных, так і, магчыма, адным з найбольш падманных аб’ектаў даследавання”[41]. З ім цалкам салідарны вядомы польскі даследчык Ю.Кжыжаноўскі: “Творчасць Міцкевіча ведаем на памяць, у створаным фантазіяй свеце арыентуемся беспамылкова, аднак зрэдку сутыкаемся ў яго арбіце з такімі загадкамі, разгадаць якія не можам. Да іх адносяцца ў першую чаргу адносіны аўтара “Балад і рамансаў” да фальклору, да песні і казкі народнай, да звычаяў і свету вераванняў”[42]. Пэўны песімізм даследчыкаў абумоўлены не толькі складанасцю праблемы, але і тым, што фалькларызм заходнееўрапейскай літаратурнай балады мае ярка выражаны спецыфічны характар. Ён “выражаецца перш за ўсё ў засваенні асобных сюжэтаў, паэтычных прыёмаў, вобразаў і форм балады народнай”[43]. У адносінах да беларускай балады гэты тэзіс нельга прыняць цалкам. Так, у нацыянальнай вуснай паэзіі балады – ліра-эпічныя творы з напружаным драматычным сюжэтам, у якіх расказваецца аб незвычайных, трагічных падзеях, – займаюць даволі значнае месца. Сваім незвычайным зместам і паэтыкай яны, безумоўна, не маглі не прыцягнуць увагі фалькларыстаў, і ўжо ў першых зборніках беларускай народнай творчасці сустракаем запісы народных балад. Упершыню найбольш ярка яны прадстаўлены ў зборніках Я.Чачота, які ўбачылі свет у 30-40-х гадах ХІХст. “Змешчаныя там творы, – лічыць даследчыца беларускай балады Л.Салавей, – уяўляюць сабой класічныя ўзоры баладнага жанру (каля 50 сюжэтных тыпаў), якія ў большасці бытуюць на Беларусі і зараз”[44]. Сапраўды, Я.Чачот надрукаваў у арыгінале і ў перакладзе на польскую мову ўзоры асноўных відаў народнай балады. Сярод апошніх неабходна адзначыць балады з міфалагічнымі матывамі (“Дачка-птушка”, “Тры птушачкі ля забітага малойца” “Браткі”), балады навелістычныя (напрыклад, “Бандароўна”), балады гульнёва-карагаднага складу (“Развітанне з мілым “) і інш.[45] Народныя балады былі шырока прадстаўлены ў публікацыях Р.Зянькевіча, Е.П.(Лізаветы Паўлоўскай) і некаторыях іншых фальклорыстаў першай палавіны ХІХ ст.[46] Аднак публікацыі найбольш яркіх узораў беларускай народнай балады не атрымалі таго шырокага грамадска-літаратурнага водгуку, які быў уласцівы для выдання англа-шатландскіх народных балад і на які яны, бясспрэчна, мелі права. Акрамя таго, беларуская балада да апошняга часу практычна толькі сістэматызавалася, але не даследавалася і таму не змагла стаць важнейшым вытокам беларускай літаратурнай балады, як гэта было ўласціва для заходнееўрапейскай паэзіі. Неабходна падкрэсліць, што маюцца на ўвазе непасрэдныя кантакты фальклорных і літаратурных эквівалентаў. Дух літаратурнай балады ўсё ж такі ў значнай ступені абумоўлены суровым драматызмам, велічнасцю гучання, трагізмам і сімволікай, глыбокай паэтычнасцю народнай балады, як і ўплывам традыцый народнай гераічнай паэзіі. Другой, не менш істотнай асаблівасцю фалькларызму беларускай балады з’яўляецца яе выразная арыентацыя на казачныя жанры нацыянальнага фальклору. І гэта не было простай выпадковасцю. Як вядома, іменна наяўнасць традыцый народнай фантастыкі і з’яўляецца выключна спрыяльнай умовай для ўзнікнення і развіцця балады, схільнай да адлюстравання незвычайных таямнічых падзей. Таму заканамерна, што асаблівасці нацыянальнай фантастыкі, дэманалогіі і міфалогіі шмат у чым абумовілі паэтычную структуру, само аблічча жанру. Існаванне ў народнай паэзіі цэлых цыклаў фантастычных уяўленняў, шырока распрацаванай міфалогіі, наяўнасць велізарнай колькасці паданняў, створаных на аснове разнастайных павер’яў, выхад у свет чатырохтомнага збору народных фантастычных апавяданняў Я.Баршчэўскага – усё гэта сведчыла аб вялікім паэтычным таленце беларускага народа, які здолеў у невыносных умовах стварыць своеасаблівы паэтычны эпас. Прычым эпас выключна нацыянальны, які цалкам адпавядае духоўнаму вобліку беларуса, бо фантастыка нашага народа адрозніваецца ад усходняй і заходнееўрапейскай. У меру сціплая і стрыманая, яна пазбаўлена той фрывольнасці і эратычнасці, якая ўласціва, напрыклад, чароўным казкам з “Тысячы і адной ночы”. Зрэдку і ва ўяўленнні беларусаў сустракаюцца незвычайныя пачварныя вобразы, але ў цэлым у беларускай фантастыцы адсутнічаюць злавесныя тыпы надпрыродных сіл, кардынальна супрацьпастаўленых свету чалавека, што было характэрным для ўсходняй і заходнееўрапейскай міфалогіі. Адной з асаблівасцей беларускай фантастыкі шматлікія даследчыкі лічаць наяўнасць рэліквій старажытнага, агульнаславянскага светаўспрымання. Невыпадкова П.Шпілеўскі пісаў, што беларускія “норавы і звычаі, паданні і павер’і, казкі і аповесці адгукаюцца міфалагічнай даўніной. Гэта таму, што цяперашняя Беларусь была некалі галоўным сэрцам славянарускіх паганскіх вераванняў. Прайшло некалькі стагоддзяў пасля сцвярджэння хрысціянства ў Беларусі, але паданні аб духах, таямнічых сілах, ведзьмах, заклятых людзях, русалках, пярэваратнях і другіх пачварах не згладзіліся, а з цягам часу пакрыліся паэтычным вымыслам”[47]. Аналагічныя вывады можна знайсці ў разнастайных перыядычных выданнях ХІХст., у этнаграфічных і фальклорных зборніках, асобных выказваннях, што пацвярджаюць нават назвы некаторых этнаграфічных артыкулаў і публікацый[48]. Аднак, нягледзячы на наяўнасць (ці, можа, дзякуючы гэтаму) перажыткаў старажытнага светаўспрымання, у беларускай фантастыцы мы не сустрэнем павер’яў аб тым, “што мярцвяк... верхам на кані прыводзіць сваю выбранніцу з месца, дзе яна стаяла, у бацькоўскі дом і затым знікае”.[49] Падобныя матывы сталі асновай шэрагу англійскіх і нямецкіх балад з цыкла славутай “Леноры”. Сярод іншых павер’яў, якія выкарыстаны ў заходнееўрапейскіх літаратурных баладах, Т.Хендэрсан называе гісторыю аб прывідзе, які, прымаючы выгляд каханка дамы, выкрадае яе. У скандынаўскай версіі гэтага твора жанчына пакідае берагі Альбіёна, спакушаная злым духам, які прымае аблічча яе памёршага мужа. У дацкай “Valerum” брат жанчыны ператвараецца ў ворана, выклёўвае правае вока яе сына (свайго пляменніка) і выпівае кроў[50]. У беларускай фантастыцы “нячыстая сіла” больш зямная. Яна існуе не дзесьці на краі свету, каб з’явіцца ў выключных выпадках, несучы з сабою смерць і страшэнную расплату за ўчыненае злачынства. Яна жыве поруч з людзьмі як не вельмі жаданая, аднак і не вельмі шкодная істота, без якой было б нават крыху сумнавата. Невыпадкова А.В.Амфітэатраў параўноўваў народнага чорта з “паганым суседам”[51]. Цікавую характарыстыку аднаму з самых папулярных на Беларусі “нячысцікаў” даў А.Я.Багдановіч: “Чорт – гэта, так сказаць, прынцыповы вораг усяго добрага. Ён любіць збіваць падарожных са шляху, скідаць калёсы ў час язды, заводзіць п’яных у балоты ці палонкі. Ён асабліва моцны і неадступны, калі воля чалавека слабая, свядомасць мутная, так, напрыклад, калі чалавек п’яны. Тады чорт смела ўступае ў барацьбу з ім і не хаваецца, а прымае свой сапраўдны выгляд”[52]. Безумоўна, што вобраз такога “ворага роду чалавечага” мала ў чым нагадвае “беса”, створанага рэлігійнымі дагматыкамі. Хутчэй за ўсё гэты “добры чорт” з’яўляецца далёкім родзічам напаўзабытых духаў паганскай міфалогіі. Прыкладна ў такім жа абліччы выступаюць “нячысцікі” і ў работах А.Сержпутоўскага, М.Нікіфароўскага, які стварыў сапраўдны “звод сказанняў аб нячыстай сіле”[53]. Валодаючы высокай паэтычнасцю, што само па сабе ўяўляе вялікую каштоўнасць, народная фантастыка іграла значную ролю ў фарміраванні светаўспрымання народа, у прыватнасці той яго сферы, у якой выражаліся маральна-этычныя погляды. У народным светапоглядзе ніколі не было антыгуманістычных тэндэнцый. Таму жорсткасці, аб якіх гаворыцца, “заўсёды ствараюць толькі кантраст да асноўнай гуманістычнай тэндэнцыі”[54]. Такой варожай сілай у адносінах да ідэй высокай чалавечнасці ў беларускім фальклоры вельмі часта становяцца фантастычныя вобразы. Яны прапаноўваюць чалавеку разбагацець за кошт іншых, стаяць непераадольнай сілай на яго шляху да працы і шчасця, спакушаюць пайсці на злачынства ў імя прывідных “агеньчыкаў багацця”. Яны іграюць ролю асялка, на якім выпрабоўваецца не канкрэтная асоба, а вызначаюцца агульныя маральна-этычныя законы чалавечага існавання. Народныя фантастычныя ўяўленні займаюць значнае месца ў своеасаблівым маральным кодэксе, створаным нацыяй на працягу свайго шматвяковага існавання. Іменна таму яны былі выключна спрыяльнай глебай, на якой узнікла і развівалася балада. З другога боку, працэс фарміравання новага жанру ў значнай ступені абумоўлены асноўнымі тэндэнцыямі, якія пануюць у нацыянальнай літаратуры. Сярод іх неабходна перш за ўсё адзначыць прамы дыдактызм, існаванне якога, як лічыць А.І.Мальдзіс, абумоўлена “запозненым уздзеяннем дарамантычных мастацкіх напрамкаў – класіцызму і сентыменталізму”[55]. Гэтым і тлумачыцца цікавасць паэтаў да народных сюжэтаў, пабудаваных на этычнай аснове і дазваляючых ствараць дыдактычныя сітуацыі. Такая з’ява характэрна для большасці рамантычных балад перыяду зараджэння і станаўлення. В.Вордсварт нават лічыў, што “кожная з яго балад напісана з пэўнай маральнай мэтай, а апісанне прадметаў, якія выклікаюць самыя разнастайныя пачуцці, самі па сабе падказвалі маральны вывад”[56]. Падобнае ўспрыняцце жанру было характэрна для славянскай традыцыі. Менавіта такія творы згадвае служанка Машанька з навелы І.Буніна “Балада”: “Усе нашыя паны любілі гэтыя балады чытаць. Я, бывала, слухаю – мароз па галаве ідзе. Наколькі ўсё цудоўна, Госпадзі! Тым і цудоўна, што сам не ведаеш чым. Жудасна”: Воет сыр-бор за горою, Летит в белом поле, Стала вьюга-непогода, Запала дорога…[57]. У гэтым плане вялікую цікавасць выклікае балада Юліяна Корсака " Зорка Лятавец" (Gwiazda Latаwiec), да якой аўтар надаў заўвагу: " Зорку, што падае з Неба, народ наш у сваіх паданнях называе Лятаўцом, або злым духам, якому прысвойвае патаемныя мілаванні з кабетамі" [58]. У творы апавядаецца аб сувязі зямной дзяўчыны з гэтай фантастычнай істотай. Падобны матыў надзвычай шырока распаўсюджаны ў сусветнай літаратуры, бо вытокі яго схаваны ў славутых біблейскіх радках аб прыўкрасных дщерях человеческих, на якіх звярнулі ўвагу прапаўшыя анёлы. Характарыстыку згаданых твораў даў А.Амфітэатраў, у якога ёсць апавяданне “Лятавіца” з падобным сюжэтам: “Паэтычны неарамантызм, які доўга існаваў у нас пад няпэўна-шырокім імем дэкаданства, шырока адчыніў свае нетры ўсім містычным настроям і пагэтаму стаў самым руплівым адвакатам усялякай звышпачуццёвасці, у тым ліку і дэманалагічнай”[59]. У якасці прыкладу аўтар называе “ мелкие баллады Лохвицкай, воспевающие тайны шабашей и дьявольские поцелуи, движущие такой правдивой страстью” [60]. Надзвычай прыгожа матыў кахання жанчыны з міфалагічным персанажам паказаны ў баладзе А.Фета “Змей”, дзе на першы план выходзіць магутная сіла зямного жадання плоці, якая ўсё перамагае. Чуть вечернею росою Осыпается трава, Чешет косу, моет шею Чернобровая вдова.
И не сводит у окошка С неба темного очей, И летит, свиваясь в кольца, В ярких искрах длинный змей.
И шумит все ближе, ближе, И над вдовьиным двором,
|