Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Ян Чачот
(1796 – 1847)
Нарадзіўся 24 чэрвеня 1796 года, на свята Купалы, менавіта таму атрымаў самае распаўсюджанае ў славянскім свеце імя. Як і Т.Касцюшка, быў ахрышчаны двойчы, але не праваслаўным і каталіцкім, а уніяцкім і каталіцкім святарамі. Хоць убачыў свет на Навагрудчыне (вёска Малюшчычы), але дзяцінства прайшло ў маёнтку Рэпіхава Навамышскай парафіі, на беразе ракі Мышанка, якую ён ўславіць потым у многіх творах, якія будзе нават падпісваць Ян з-пад Мышы. Вучыўся ў дамініканцаў (белакаптурнікаў) у Навагрудку, дзе і пазнаёміўся і навек пасябраваў з вялікім Адамам Міцкевічам. З 1815 года ў Вільні, дзе становіцца студэнтам галоўнай навучальнай установы краю (збіраўся стаць адвакатам). Праўда, вучобу вымушаны быў сумяшчаць з работай, бо не меў сродкаў для існавання. Чалавек незвычайнага шляхецтва, ён дбаў не толькі пра сябе, але і пра народ у цэлым. Невыпадкова Ян Чачот становіцца адным з арганізатараў і ідэйных кіраўнікоў Таварыства філаматаў, якое ставіла перад сабой задачы служыць людзям і грамадству. Якраз на гэты перыяд і прыпадае першапачатковы этап творчасці Ментара (так празвалі яго за клопаты пра маладых літаратараў). У філамацкі перыяд ён напісаў шэраг беларуска- і польскамоўных песняў, а таксама параўнальна вялікую колькасць рамантычных балад, з якіх да нас дайшлі толькі восем. У 1821 годзе Таварыства філаматаў рэарганізавалася ў Таварыства філарэтаў. Але праз два гады таемныя арганізацыі студэнтаў былі разгромлены, а іх кіраўнікі – у тым ліку і Ян Чачот – былі сасланыя на Урал. Адзін год Ян Чачот правёў у крэпасці Кізіл, затым была Уфа, Ленцева, Цвер. Толькі ў 1833 годзе вярнуўся на Беларусь, а на родную Навагрудчыну яшчэ праз шэсць гадоў. Працаваў бібліятэкарам у графа Храптовіча, збіраў народныя песні для сваіх славутых зборнікаў. Але здароўе было падарвана, і ў 1847 годзе памёр у Друскеніках, водамі якіх думаў вярнуць сілы. Пахаваны недалёка ад славутага курорта, у вёсцы Ротніца. На магіле паэта выбіты палымяныя радкі А.Э.Адынца: Сваю маладосць ён аддаў для навукі і Цноты, За век свой ён зведаў і холад, і змрок сутарэння. Спагада да бліжніх – вось існасць ягонай істоты, Цяжкое жыццё яго ўсё – гэта шлях да збавення. Імя яго будзе ў краіне навекі звязана З Адамам Міцкевічам, з іменем Томаша Зана. Хто ведаў яго – перад каменем гэтым схіліся, Пастой, памаўчы і за ўсіх за траіх памаліся. Светапогляд. У 20-30-ыя гады ў Вільні пачалі з’яўляцца маладзёвыя арганізацыі. Падобная з’ява была ўласцівай не толькі краю, бо сталася своеасаблівым сімвалам еўрапейскіх пошукаў і спадзяванняў, але і тут мела спрыяльныя ўмовы для развіцця. Так, у Францыі з 1788 года працавала таварыства Socié té Philomatigú e (таварыства аматараў ведаў). У Германіі лепшыя прадстаўнікі студэнцтва аб’ядноўваліся ў таварыствы Tagenbundach i Barschenschaftech, якія ставілі перад сабой высокія маральныя ідэі, марачы служыць йчыне, працаваць дзеля дабрабыту краю. У іншых краінах Еўропы таксама існавалі падобныя арганізацыі, якія прапагандавалі грамадскія ідэалы. У Вільні ў гэты час дзейнічалі таварыства шубраўцаў, якое выдавала “Wiadomoś ci Brukowe”. Дух тайных таварыстваў быў духам эпохі, адпавядаў патрабаванням тых часоў. Якраз у гэты перыяд на авансцэну і з’яўлялася пакаленне А.Міцкевіча. Моладзь, якая станавілася студэнцтвам Віленскага універсітэта, паходзіла з бедных шляхецкіх засценкаў, не мела практычна ніякіх сродкаў для існавання, а таму вымушаная была зарабляць грошы прыватнымі ўрокамі ці сумяшчаць вучобу са службай. У 1817 годзе адбыўся арганізацыйны сход Таварыства Філаматаў, мэтай якога была навуковая дзейнасць і аказанне ўзаемнай дапамогі. Адным з асноўных пастулатаў арганізацыі была абавязковая роўнасць усіх членаў і яе таемны характар. “Ustawa pierwsza” (Першы статут) патрабавалі ад яе сяброў сціпласці, адкрытасці, шчырага жадання дапамагчы прыяцелям. Станаўленне падобным патрабаванняў ішло, відаць, ад традыцый французскага асветніцтва (згадаем Ж.-Ж. Русо, які заклікаў да ўласнага самаўдасканалення, што павінна прывесці да аздараўлення грамадства ў цэлым). Выправіць сябе, а потым свет. Этыка філаматаў вырастала з філасофіі Асветніцтва, а ўзорам для іх быў Б.Франклін і “Залатыя вершы” Піфагора, асабліва ягоныя маральныя афарызмы аб дружбе, цноце, якія выходзілі на першы план ў штодзённай дзейнасці. Пасяджэнні Таварыства праводзіліся раз на тыдзень (навуковыя студыі) і раз у тры месяцы на пасяджэннях адміністрацыйных, на якіх абіралі новых сяброў. У 1817-18 гадах былі прыняты ў склад Таварыства Ф.Малеўскі і Ян Чачот. Праз год зацвердзілі “Другі статут”, у адпаведансці з якім Таварыства было выразна рэарганізавана. Былі створаны два аддзелы: Літаратуры і навук вызваленых, а таксама матэматычны, фізічны і медыцынскі. “Трэці статут” запатрабаваў яшчэ больш інтэнсіўнай працы, бескампраміснага змагання з эгаізмам, прапаганды альтруізму. На імянінах Адама Міцкевіча і Тамаша Зана Ян Чачот у вусны Апалона ўклаў сваю характарыстыку Таварыства: Wy pierwsi, poś wię cają c chwile swe zabawie, Choć na niesilnej zrazu te gmachy podstawie, W któ rych mił oś ć ojczyzny, cnota i nauka Schronienia przed napaś cią srogich wrogó w szuka, Wyś cie je zał oż yli […] Niech wam szczę ś cią niebiosa! Niech pomyś lnoś ć bł oga Dż wignie waszą ojczyznę, a potę pi wroga! [99] Свае погляды на служэнне грамадству Ян Чачот найбольш яскрава выклаў у выступленнях на пасяджэннях Таварыства філаматаў, а таксама ў “Думках для ніжэйшага класа” і “Думках, якія павінен пашыраць вышэйшы клас”, дзе ён з юнацкім запалам і здзіўляючай сталасцю сацыёлага-філосафа выказвае сваю праграму дзеянняў, якія павінны прынесці шчасце Айчыне. Некаторыя з выказванняў амаль двухсотгадовай даўнасці актуальныя і для нашага часу: “Шчасце – гэта найвышэйшая мэта ўсіх імкненняў чалавека; шчасце – ва ўнутранай задаволенасці ад сваёй працы, учынкаў і побыту; асабістае шчасце – у шчасці грамадскім: дбаць пра грамадскае дабро – значыць памнажаць і дабро ўласнае. …Хто дбае пра грамадскае дабро, інакш кажучы пра шчасце, асвету і славу краю, хто рады прысвяціць яму самога сябе, аддаць яму ўсе здольнасці, сілы і маёмасць – з’яўляецца сапраўдным грамадзянінам. …Маральная распушчанасць, празмернасці і раскоша ў задавальненні жыццёвых патрэб, што прыводзяць да жудасных вынікаў, нараджаюць агіду да шлюбу, якая вельмі часта назіраецца сёння. Праз гэта псуюцца дарэшты не толькі пачцівасць, мараль, не толькі церпіць ад гэтага рэлігія, але, што вынікае адсюль, церпіць увесь люд, які ўсё больш прыкметна робіцца слабейшым, бяднейшым, становіцца няздатным як трэба працаваць для дабра краю, а значыць, і для дабра паасобку. …Мала гаварыць пра станоўчыя якасці чалавека і вучыць ім; трэба самому даваць ва ўсім прыклад у паводзінах. Бо ніхто так не схіляе да ліхога людскія сэрцы і розум, як ліхія ўчынкі тых, хто воляй лёсу закліканы вучыць просты люд і паляпшаць разбэшчаны свет, хто на словах прапаведуе дабрачыннасць, а ў жыцці заграз у распуце.”[100] Надзвычай карыснымі ўяўляюцца лісты Яна Чачота, якія ён пісаў на працягу чвэрці стагоддзя. З іх мы можам атрымаць звесткі пра жыццё філаматаў і філарэтаў, наогул студэнцтва. Так, у лісце 1819 года будзе пісаць свайму сябру А.Міцкевічу: “А што, каб ты ведаў, робім? Болей за ўсё бадзяемсо, спім, дыскутуем, спяваем, смяёмся і на катар хварэем. Да працы не вельмі рвёмся – яшчэ з вакацый прывезлі да яе нейкую агіду; толькі забаўляцца ды гаманіць ахвота, а не чытаць ды пісаць. О, калі б ты быў сярод нас траіх! Якія тут разважанні пра матэрыю, душу, пра апалагічныя ланцугі, пра час і прастору, пра магнетызм”. Малады хлопец наракае, што вымушаны развітацца з лютняй, бо не мае мажлівасці пісаць, яго прымушаюць штудыяваць права. Ён не можа нават хадзіць на ўсе лекцыі, бо павінен у гэты час перапісваць паперы ў Пракуратуры. Але марыць пазбавіцца ўсіх сваіх начальнікаў, мець паболей вольнага часу ад сваёй аслінай работы і скарыстаць яго так, як хочацца. Або звесткі пра матэрыяльны стан героя: “Маё паліто, якое ты забраў, як можаш хутчэй вышлі мне, бо ў майго брата на зіму няма ні пальта, ні сурдута. Я сказаў дома, што прышлю яго, і трэба прыслаць, бо грошай, каб справіць што новае, цяпер няма. Таму вышлі, калі ласка, усё ж у цябе ёсць паліто, а я сваё …….насіць не магу, бо старое і дзіравае”. Сапраўдная трагедыя: не можа справіць брату мундзір, а без мундзіра не прымаюць у гімназію. На працягу двух гадоў (1818 – 1819) ён напісаў шэраг рамантычных балад на аснове беларускага фальклору, з якіх, пасля доўгіх прыгодаў і выпрабаванняў, да нас дайшло толькі восем. Усе яны былі надрукаваны ўпершыню ў кнізе St.Swirko “Z krę gu filomackiego preromantyzmu”, што ўбачыла свет ў Варшаве ў 1972 годзе, г.зн. праз паўтара стагоддзяў пасля напісання. Мажліва таму, што гэтыя творы губляліся не аднойчы, а можа з той прычыны, што Яна Чачота прынята разглядаць у першую чаргу не як адметную творчую асобу, а перш за ўсё як сябра вялікага Міцкевіча, балады Яна Чачота ўспрымаюцца звыкла як гістарычны факт, як адпаведны “матэрыял” для таленавітых твораў вялікага рамантыка. Вось чаму многія даследчыкі, асабліва ў польскай літаратуры, лічаць іх расцягнутымі, маралізатарскімі, нават нуднаватымі і zupielnie nieczytelnymi. Сапраўды, сеё – тое з апошніх можна знайсці ў паэтыцы гэтых твораў. Разам з тым не варта першыя спробы зусім маладога паэта (а гэта і першыя спробы новай славянскай літаратуры), тым болей у новым жанры, разглядаць так крытычна, бо і да гэтага часу балады Яна Чачота маюць вялікую эстычную вартасць. Большасць з іх пабудавана ў даволі традыцыйнай для пачатку ХІХ стагоддзя манеры – паэт чуе ці згадвае легенду, паданне, быль пра незвычайную падзею, сустракаецца з руінамі замка ці кляштара, царквы, дзе некалі адбылася трагедыя, спрабуе даць сваё, глыбока паэтычнае тлумачэнне той або іншай таямнічай з’явы ці растлумачыць паходжанне адпаведнай расліны, як і анамастычных назваў. Кожная з баладаў Яна Чачота мае добра прадуманую структуру, дзе заўсёды вельмі лёгка вылучыць уступ, галоўную частку, канфлікт, яго вынікі і абавязковую дыдактычную павучальную частку. Так, у баладзе “Бекеш” апавядаецца пра аднайменную гару ў Вільні, дзе некалі быў пахаваны Каспар Бекеш – камандзір венгерскай пяхоты ў войску караля Стэфана Баторыя. Рэальныя факты гавораць пра тое, што цела адважнага сябра і абаронца караля было прывезена сюды для пахавання з рэлігійных меркаванняў. Аднак для паэта болей цікавай уяўляецца народная версія гэтай гучнай падзеі. Менавіта таму ён і прапануе свой варыянт гэтай гісторыі. Аднак Ян Чачот уводзіць у тэкст твора яшчэ адно паданне, запазычанае хутчэй за ўсё з народнай казкі. Так, у аб’ёмнай інтрадукцыі да балады паэт распавядае пра шлюбнае спаборніцтва, што адбылося некалі ў віленскіх палацах, дзе цяпер замак з кветнікам Зосі, і ля падножжа шкляной гары. Ян Чачот згадвае, што ў свой час адзін з каралёў, жадаючы выпрабаваць шматлікіх жаніхоў сваёй дачкі, загадаў узняць аж да неба скалу шкляную, і толькі той, хто здолее даскочыць да каралеўны, стане яго зяцем, Далей апавядаецца традыцыйная казка пра братоў – двух разумных і, адпаведна, дурня, – з якіх менавіта апошні з дапамогай памерлага бацькі (магчыма тут гаворка ідзе пра беларускую народную казку “Бацькаў дар”, радкі пра якую змешчаны ў Прадмове да “сялянскіх песень з-пад Нёмана і Дзвіны” (1846): “трэці брат, які звычайна малюецца ў казках дурнем, сядзіць у кажушку за печчу, заўсёды больш набожны за двух разумных братоў. Тыя купляюць коней, набываюць дарагія ўборы і едуць па каралеўну, што сядзіць на шклянай гарэ, а гэты, як яны паехалі, ідзе на бацькоўскую магілу, моліцца і плача, а бацька яму гаворыць: “Ідзі туды і туды і знойдзеш каня і ўсё ўбранне з медзі. Ідзе ён, свіснуў, выскаквае медны конь, на якім ён імчыцца на гару. Усіх здзіўляе гэты рыцар; ніхто не ўз’ехаў так высока, як ён. Тое ж паўтараецца з сярэбраным канём і залатым, на якім ён ужо дасягае каралеўны”)[101]. Двойчы на забіяцкім кані ў збруі са срэбра ўзлятае да дзяўчыны, якая ў першы раз ставіць яму зорку на ілбе, а ў другім выпрабаванні адразу пазнае свой знак. Пазнейшы віленскі ваявода па прыкладу свайго славутага папярэдніка наважваецца паўтарыць выпрабаванне для шматлікіх жаніхоў сваёй адзінай Малгосі. Праўда, калі раніцай рыцары працверазеліся, большасць з іх зразумела абсурднасць учарашняй задумы і адмовілася ад сваіх жаданняў. Аднак многія, у тым ліку і Бекеш, гатовы змагацца за ўласнае шчасце. Дарэмна адважны герой не чуе папярэджванняў каня, што ўздзірае зямлю капытамі. Не палохае яго і раптоўная змена надвор’я – па блакіце неба пайшлі чародамі хмары, сонца схавалася, вецер шалее і бура ахоплівае горад. Бекеш у трэці раз узлятае на гару, але падае разам з канём на каменне са скалы, працяты агнём перуновым. У фінале Ян Чачот апавядае аб жалобе і скрусе ваяводы, што шкадуе маладога жыцця і загадвае збудаваць на магіле героя помнік. Але паэт шле пэўны дакор Бекешу і лічыць, што той загінуў з-за здрады – ён забыў пра сваю каханую, якой кляўся ў вечнай любові, пагнаўся за іншым прывідным шчасцем – менавіта таму і сустрэў сваю смерць. А Бекешу помнік сказаў ён паставіць – Хай бачыцца людзям і зорам. І сёння стаіць ён... Ды што яго славіць! Хай будзе для тых ён дакорам, Хто здрадзіў калі ў сляпым парыванні Каханай – хаця й выпадкова... Калі ты пакляўся ўжо ў верным каханні, Жалезна трымай сваё слова! [102]. Яшчэ больш нестрыманым ў асуджэнні чалаваечых хібаў выступае Ян Чачот у баладзе “Наваградскі замак”. З гадоў дзяцінства ён бачыў парэшткі славутага помніка абарончага дойлідства, дзе некалі грымела слава Міндоўга і іншых князёў Вялікага Княства. Паэт добра ведаў, што замак быў узарваны шведамі ў час Паўночнай вайны, але разам з тым дае сваё тлумачэнне вялікай трагедыі. Распявядаючы пра вежы, што збіраюць вякі на нараду, пра здані, што з’яўляюцца над ажыўшымі ў адпаведаны час руінамі царквы, Ян Чачот згадвае сваіх продкаў, што гінулі за волю, перадае ўспаміны старых людзей пра зверствы і пакуты, што неслі мясцоваму люду злыя паўночныя захопнікі. Адзіны замак быў падзеяй на збавенне. Але і тут не абышлося без здрады. Камендант замка закахаўся ў шведку і ўзамен на абяцанне шлюбу здаў ворагам цытадэлю: шведы, захапіўшы апошнюю без стратаў, зруйнавалі яе, знішчыўшы ўсіх абаронцаў. Ганьбу і праклён шле Чачот тым людзям, хто з-за сваіх пачуццяў край мяняе на дзяўчыну. Як дзецям неразумным паэт сцвярджае, што першай каханкай для кожнага чалавека павінна быць радзіма, і толькі пасля – дзяўчына. У шведку адну быў сам князь закаханы – А быў палкаводцам у краі. Ах, ганьба таму, хто, пачуццям адданы, Свой край на дзяўчыну мяняе. Каханкаю першаю нашай – айчына, Ёй служым, яе мы шануем, Другая ж каханка – вядома ж, дзяўчына, Якую кахаем, мілуем[103]. Выключнай любоўю да роднага краю прасякнута балада “Калдычэўскі шчупак”. Ён згадвае той далёкі напоўлегендарны час, калі на гэтай цудоўнай зямлі з азёрамі, поўнымі разнастайных дароў прыроды, жылі мужныя, чэсныя, адважныя ў баі і шчасці шляхціцы. Змест твора займальны, але яшчэ не выключна фантастычны. Ян Чачот перадае сваім слухачам і чытачам гісторыю пра адважнага Анцуту, уладальніка замка на беразе Калдычэва, возера ў Баранавіцкім раёне, добрага і пачцівага пана, які, праўда, быў доўга караны бяздзетнасцю. Аднак Бог злітаваўся над верным служкам і даў яму прыгажуню-дачку. І вось у дзень святкавання гэтай вялікай падзеі былі наладжаны вялікія ловы, падчас якіх у сеці трапіў велізарны шчупак. Шчаслівы двойчы Анцута вырашае адпусціць уладара водаў назад у возера, папярэдне прымацаваўшы да цела гіганта стальное кольца з адпаведным надпісам. Праз гады гэтага шчупака перамог у адзінаборстве Верашчака, але ўжо ў возеры Свіцязь. (Ян Чачот следам за мясцовымі жыхарамі верыць, што азёры беларускія спалучаны між сабой падземнымі рэчкамі.) І вось цяпер шчупак становіцца галоўным сватам, бо ён паяднаў дзяцей Анцуты і Верашчакі. Выразна легендарна – міфалагічны пачатак мае балада “Радзівіл. Альбо заснаванне Вільні”, пабудаваная на паданнях пра заснаванне сталіцы Вялікага княства і пачатак слыннага роду Радзівілаў. Ці не таму балада атрымалася даволі аб’ёмнай, бо ў ёй, па сутнасці, спалучаны дзве гісторыі. Першая з іх самым непасрэдным чынам звязана з паганскімі часамі Літвы эпохі легендарнага Свінтарога, цела якога было спалена ў адпаведнасці са старажытнымі традыцыямі, і не менш славутага вярхоўнага жраца галоўнага бога Пяркунаса Крывэ – Крывэйты. Менавіта апошні і спакусіў прыўкрасную пастушку, якую потым і кінуў адну з маленькім сыночкам. Ад сораму маладая маці ўцякае ад родных і з дзіцёнкам хаваеца ў лесе, затым пакідае сваю крывіначку ў птушыным гняздзе, а сама памірае. Крывэйтэ, баючыся, што яго нястрыманая страсць і яе вынікі пашкодзяць будучай кар’еры (як сказалі б цяперашнія людзі), панура вандруе па лесе, змучаны з грызотамі сумлення. І раптам над гняздом бачыць цэлую чараду арлоў. Ён падбягае да дрэва, пад якім ляжыць мёртвая каханка і чуе плач дзіцяці, у якім пазнае сына. Хлопчык, якога празвалі Ліздейка (ліздас ад літоўскага “гняздо”), становіцца сапраўдным паляўнічым і рыцарам. На паляванні з Гедымінам ён смела забівае ваўка і дапамагае князю перамагчы гаспадара спрадвечных пушчаў – грознага тура. Ноч князь праводзіць ва убогай хаціне дзеда Ліздзейкі. І сніцца яму страшэнны воўк, што выццём і сваімі вачамі-іскрамі ахоплівае ўсю краіну. Сын жраца (відаць захаваў чарадзейскія гены бацькі) разгадвае прарочы сон – на гэтым месцы будзе закладзены горад, які прагрыміць на ўвесь свет сваім багаццем, славай, навукамі. А сам Ліздзейка за сваю прарочую параду атрымаў імя Радзівіла і стаў заснавальнікам дынастыі самых славутых князёў Літвы. Два народныя паданні пакладзены ў аснову балады “Мышанка”. Гэта адзін з улюбёных твораў Яна Чачота, бо гаворка тут ідзе пра любімую рэчку дзяцінства паэта (невыпадкова некаторыя свае творы ён падпісваў Ян з-пад Мышы). Менавіта таму ўвесь твор прасякнуты словамі прызнаныя ў любові да гэтага краю, дзе паэт убачыў ранак свайго жыцця. З вадою рэчкі domovej сышлі радасць і светлы сум, шчаслівыя мары. Менавіта таму ягоная душа будзе заўсёды вяртацца да роднага краю, як тая птушачка з выраю. Вянком на атлантыду шчаслівых бестурботных гадоў і сталася паэтва балада. Ён згадвае, што такое дзіўнае імя сядзіба першага гаспадара атрымала ад назвы цікаўнага звярка, які першым трапіўся таму на вочы. А рэчка займела назву ад імя дзяўчыны, што выбрала смерць перад няславай з боку маладога разбэшчанага рыцара. Цяпер у адпаведны час – вясною, перад Юр’ем, загубленая дзяўчына выходзіць на бераг, і тады расцвітаюць адметныя кветачкі – мінушкі, што абараняюць дзяцей ад чараў, а дзяўчаты іх заплятаюць у вяночкі. Але і ў іншыя часы чыстыя сэрцам могуць убачыць яе цень, што з’яўляецца над ракою. Яна ж перад Юр’ем на бераг з-пад раскі Выходзіць заўсёды вясною, І скрозь расцвітаюць тады з яе ласкі Мінушкі4 – іх любяць гурмою Дзяўчаты збіраць ды, спяваючы песні Пра сонца і шчасце на свеце, Віць шчыра вяночкі з іх, красак тых весніх, Што потым на мшы ўжо асвецяць.
Паслужаць мінушкі дзятве ад сурокаў Мо чараўніка, чараўніцы. Хай прымхі ўсё гэта ды іншае вока Ў іх знойдзе жыцця таямніцы...
У час, калі ноч зорны свет расхінае, Пры месяцы бачу здалёку, Як лёгкім зефірам тут перабягае Дзяўчына раку у паўзмроку.
Угледзь яе постаць у мроіве мглістым – Імгла ж ля дзяўчыны святлее. Сама ж яна толькі мо дуўам найчастым Адкрыецца – твар, што лілея[104]. Сацыяльная праблематыка даволі рэдка прадстаўлена ў класічнай рамантычнай баладзе, нягледзечы на тое, што народныя творы шмат апавядаюць аб загубленай маладосці, беднасці, цяжкай знясільваючай працы, выклікан безвыходным становішчам у класавым грамадстве. Вобраз ліхой долі, пачварнага гора ў іх самых разнастайных іпастасях і праявых становіцца даволі пашыраным у народнай баладнай паэзіі. Так, вылучаецца цыкл сацыяльных балад, аб’яднаных адзіным загалоўкам “Гора, ліхая доля”. Абстрактныя паняцці, выкліканыя рэальнымі ўмовамі жыцця, канкрэтызуюцца ў злыя сілы, якія пачынаюць сваё жыццё разам з людзьмі. Прычым яны ажываюць настолькі, што ўяўляюцца больш жывымі і дзейснымі, чым канкрэтныя рэальныя істоты. Гора, ліхая доля падступае да чалавека з моманту яго нараджэння, у некаторых выпадках яшчэ і да з’яўлення на свет, і да самай смерці не пакідае (здараецца, што дакопваецца і ў магілу). Яно “коціцца катком у чыстае поле”, у сінім моры “жыве селязнём”, “ляціць салавейкай” у цёмныя лясы, стаіць у нагах або галовах чалавека, і толькі пасля яго смерці разыходзіцца па ўсяму беламу свету, “па тых бедных удовачках, па тых дробных сіротачках”. Сацыяльныя трагедыі даволі часта станавіліся асновай і балад літаратурных. Апошнія выкарыстоўвалі ўласны гістарызм, адлюстроўваючы трагедыю грамадства праз трагедыю асобы. Яна імкнецца да праблемнасці, абагульненняў, схільная да публіцыстычнасці, падчас нават дакументалізму. Жорсткасці, аб якіх гаворыцца ў творах, заўсёды толькі ствараюць кантраст да асноўнай гуманістычнай тэндэнцыі: зрэдку згаданыя жорсткасці набываюць алегарычнае, умоўна – сімвалічнае, часцей фантастычнае ўвасабленне. І гэта невыпадкава. Як пісаў Ф.Энгельс, “фантастычныя вобразы, у якіх першапачаткова адлюстроўваліся толькі таямнічыя сілы прыроды, набываюць цяпер таксама і грамадзянскія атрыбуты і становяцца прадстаўнікамі гістарычных сіл”[105]. Усё гэта ў пэўнай ступені ўласціва і баладзе “Узногі”(паводле назвы вёскі ў Баранавіцкім раёне), якая апавядае аб страшэнным жыццёвым фінале злога разбэшчанага пана. Напачатку Ян Чачот у выразна сентыментальным плане распавядае пра трагедыю сялянскай сям’і, усе члены якой жорстка пакараны пачварным у сваёй жорсткасці самадурам за тое, што спрабавалі ў час голаду выжыць з дапамогай дароў лесу. Перад смерцю і муж з жонкай, і стары дзед, і маладзюткая дачка просяць Бога адпомсціць за іх пакуты і смерць. І кара прыходзіць. У час, калі сям’я пана збірае выключны ўраджай арэхаў, раптоўна з яснага неба б’е пярун і ўвесь лес імгненна ахоплівае бязлітаснае полымя. Паноў акружаюць змеі, а з неба на іх злятаюць драпежныя птушкі, што раздзіраюць гаспадароў на дробныя кавалачкі. Месца трагедыі спапялела, лес ператварыўся ў балота, якое зарасло зеллем. Відаць, не спадзеючыся на рэальную справядлівасць, Ян Чачот выкарыстоўвае фантастычны матыў – у птушкі ператварыліся душы загубленых панам сялян і менавіта яны аднаўляюць парадак у гэтым свеце. Караць за здзейненне злачынства вышэйшая сіла будзе і ў баладзе “Падземны звон на гары ў Пазяневічах”. Твор Ян Чачот пачынае з загадкі – ён нагадвае, што ў вёсцы Пазяневічы шуміць і звоніць, звоніць горка: калі прыкладзеш вуха да яе падножжа, то адразу пачуеш, як з зямлі даносіцца звон. Паэт далей тлумачыць, што некалі тут стаяла прыгожая цэркаўка, дзе службу вёў бязвольны бацюшка і сквапная, зайздрослівая пападдзя, якая намовіла мужа зрабіць “цуд” – галоўны абраз пачаў міраточыць. Але ў дзень свята царква разам з нядбайным сужэнствам падае ў бездань. І да гэтага часу засыпаныя зямлёй божыя слугі сварацца ды б’юць у званы. Вышэйшыя сілы заўсёды стаяць на варце цноты і справядлівасці, а таму спрыяюць адвергнутым і пакінутым. Гэта найбольш яскрава ўвасоблена ў славутай баладзе “Свіцязь”, да матыву якой звярталіся і два вялікія сябры Яна Чачота – Адам Міцкевіч і Томаш Зан. І ў гэтым творы арганічна паяднаны дзве трагедыі. Першая з іх апавядае пра смерць купца ад рук убогага хлопца, што з дапамогаю д’ябла марыў здабыць руку і сэрца прыгожай дзяўчыны. Другая адбываецца праз сорак гадоў пасля першай: на свяце даўняга забойцы з’яўляецца галава забітага купца, што патрабуе аднаўлення справядлівасці і помсты злачынцу. Чэрці з д’ябламі пад удары перуна забіраюць былога гаспадара ў свае кіпцюры, ад удару ветра і віхуры падае палац, а затым і ўвесь Свіцязь – горад ляціць ў бездань. Праўда, найбольш сумленныя людзі пазбеглі страты. А цяпер яшчэ чутна, як б’юць званы пад люстраной гладдзю Свіцязь – возера. Не ўсе ў час той згінулі. Бог сваёй воляй Тады ўратаваў ад знішчэння Людзей тых, якіх не тачыў аніколі Чарвяк неадольны сумлення. За Свіцязь яны уцяклі ад той хмары, У пушчы знайшлі сабе сховы. Ды той, хто і ўцёк, але варты быў кары, І там зведаў гнеў перуновы.
Сягоння, калі ты ў Наваградак едзеш Цяністай дарогаю з Мышы, Вады там люстэрка чысцюткае ўгледзіш У мройнай лясістае цішы. Тут, людзі расказваюць, чутна бывае, Як звоняць званы пад вадою, І хваля часамі брусы вымывае З смалою – застылай слязою.
Прахожы, калі стрэнеш возера тое, Люстраную шыр вадзяную, Адкінь ты адразу жаданне, якое З бядою, злачынствам сябруе. Не, лепей памерці ад голаду, смагі І шчасця не ведаць адвеку, Чым подласць зрабіць хоць каму без развагі, Тым болей – забіць чалавека[106].
Улюбёны жанр Яна Чачота – песня. Ён ўсё жыццё “збіраў песні беларускага народа, удала перакладаў іх вершам на польскую мову” (Ул.Сыракомля). Арыгінальная творчасць паэта і ў дадзеным выпадку з’яўляецца лагічным працягам фалькларыстычнай дзейнасці, бо самыя раннія ягоныя песні не толькі знаходзяцца ў рэчышчы народнай традыцыі, але і уключаюць у сябе цэлыя куплеты і фрагменты вясковых песень. Тым самым Ян Чачот дабіваўся таго, каб прыемныя мелодыі народных песень сталі сваімі для вышэйшага класа, каб з’явілася ў іх ўвага да сельскіх песняў і абудзілася ахвота да іх збірання і выкарыстоўвання, бо гэтыя песні вызначаюцца сваёй наіўнасцю, прастатой і прыгажосцю, а таму, акрамя сваёй прывабнасці, могуць выказаць і нешта значна большае: характар, звычаі і норавы краю, дзе яны спяваюцца. Акрамя вялікай эстэтычнай значнасці, у песнях, на думку Яна Чачота, можна знайсці, як у творах бардаў і менестрэляў, гістарычныя звесткі (няхай і крыху рэдуцыраваныя), а таксама ключ да разгадкі нацыянальнага менталітэту: “Гэтыя песні, якія вызначаюцца сваёй наіўнасцю, прастатой і прыгажосцю, здолелі б неяк паказаць апрача сваёй прывабнасці нешта большае: характар, звычаі і норавы краю, дзе яны спяваюцца. Выяўленне таго, чаго ў іх болей – весялосці ці меланхоліі, нясціпласці ці прыстойнасці, рамантычнасці ці павучальніцтва, – дапамагло б раскрыць гэты характар Мала таго, паэт сцвярджае, што самі мелодыі песень маглі б выяўляць, хто спявае – жыхары поля ці лесу, тыя, што жывуць больш-менш вольна, ці тыя, што енчаць пад цяжкім ярмом няволі. Песні для яго ўяўляюцца прыгожым помнікам фантазіі і выдумкі мясцовых жыхароў, якія, настройваючыся ні на грэчаскі, ні на лацінскі ці французскі тон, спявалі і дзейнічалі, як ім самім марылася. Акрамя таго, яны ўяўляюцца своеасаблівым маральным кодэксам народа, бо ў іх вельмі часта сустракаюцца разумныя і прыгожыя думкі”[107]. Зачараваны прыгажосцю народнай песні, па яе ўзору ці на аснове народных мелодый Ян Чачот стварае цэлыя цыклы ўласных творах згаданага жанру. У першую чаргу яны з’явіліся як вынік вялікага кахання філамата да Зосі Малеўскай, дачкі рэктара Віленскага універсітэта і сястры сябра паэта Францішка Малеўскага. Зося, прыгажуня і таленавітая піяністка, павінна была выконваць іх пад фартэпіяна. Невыпадкова першы сшытак з тэкстамі твораў так і называўся – “Песні Яся для Зосі”. Адзін з самых першых твораў – песня “Што старыя за вар’яты” (Тамаш Зан пад ёй напісаў: “Словы Чачота, музыка крэвіцкая, 1818-1819”, што ў значнай ступені характарызуе методыку працы слыннага паэта). Як і некаторыя іншыя творы Яна Чачота (“Сон свой скінуў пан вясёлы”, “Заспяваем”, “Гэй, сябры, у гурт вясёлы! ” “Гэй, малойцы”), а таксама папулярная сярод студэнтаў Віленскага універсітэта “Песня філарэтаў” А.Э.Адынца, сваім ідэйным гучаннем пераклікаліся са славутым “Gaudeaмus, іgіtur, ” гімнам студэнцтва, дзе ўслаўляўся сённяшні дзень, маладосць, радасць жыцця, калі так не хочацца слухаць павучанні бацькоў, урокі настаўнікаў, парады дэканаў, а хочацца піць віно, глядзець на прыгожых жанчын, уздымаць чары за здароўе і прыгажосць каханых: Precz, precz od nas smutek wszelki! Zapal fajki, staw butelki: Niech wesoł y z przyjacioly Wdzię cznie plynie czas!
Niech fortuna, w zmiany chyż a, Tych podwyż sza, tych poniż a. Kto poczciwy, ten szszę sliwy, Nie dba o jej grot.
Jeszcze slonce nam zaś wieci, Vivat, bracia filareci, Któ rych kleski umyst mę ski Umie znieś ć dla cnot!
Jeszcze w gó rę wzniesć ie szklanki, Każ dy zdrowie swej kochanki, Biedne chtopcy, któ rym obcy Jest miloś ci wdzię k.
Zaczekajcie jeszcze, proszę, Jeszcze jeden toast wznoszę: W gó rę czasze, zdrowie nasze, Vivat mnie i wam!
Lecz juz czara wypró ż niona, A ze czczoś cią wena kona: Lepiej bę dę wieś ć gawede, Wierszom krzyż yk dam[108]. Няма сумнення, што гэтая песня, як і ў Міхала Рукевіча, з’явілася ўслед за гімнам філаматам “Песняй” Адама Міцкевіча, дзе гучалі запаветныя словы: Прысягу сяброўскую помні, Няхай кожны дзень і імгненне Табе свецяць словы, як крэмні: Айчына, навукі, сумленне! [109] Падобныя песні мелі характар ех promtu. Яны ўзнікалі імгненна. Так, у лісце да Адама Міцкевіча ад 16(28) лістапада 1819 года Ян Чачот згадвае: “У нас узніклі прадчуванні, што ты прыездеш. Кінуліся да пёраў, песню на прыезд твой пісаць! Такім чынам з’явіліся дзве песні. Але калі мы перад самай урачыстасцю ўпэўніліся, што ты не прыедзеш, не шукалі ўжо да іх напеваў; які ў час банкета пад уздзеяннем келіха нарадзіўся ў мяне матыў, на такі твой Ян і пачаў спяваць гэтыя песні. А любы Тамаш, памагаючы мне, як мог, няроўным голасам уторыў. Здавалася нам, што ты таксама сядзіш з намі на бяседзе... Віно падбадзёрыла нас, і мы даспявалі тваю одку”[110]. І далей аўтар апавядае, якія песні яны складалі і як спявалі. Гісторыю стварэння песні на рэлігійную мелодыю “Сон свой скінуў пан вясёлы” згадаў філамат Ігнат Дамейка болей чым праз 50 гадоў: “Пад канец, калі ўжо збіраліся варочацца дадому, наш любы Чачот, седзячы пад дрэвам, заспяваў спецыяльна напісаную песню. Пасля апошняй страфы мы ад радасці падхапілі Яна на рукі і амаль не задушылі ад любві. Здаецца ніколі ў жыцці я не бачыў такой сардэчнасці і шчырасці...”[111] Сваю любоў да Зосі Ян Чачот баяўся адкрыта паказаць і каханай, і ўсяму свету. Менавіта таму ён даручае гэтае прызнанне слову і музыцы. У лісце да Адама Міцкевіча ад 1(13) лютага 1823года ён адзначае, што “цяпер мая мілая муза Зося зрабіла мяне здольным кожны дзень выдаваць новую прадукцыю, але гэта не тое, што магло б узвысіць мяне і зрабіць ўсіх здзіўленымі маімі паклоннікамі”[112]. Але песні ён будзе пісаць далей, бо мае надзею, што Зося будзе іх спяваць – толькі б было каму робіць ноты. І многія сябры паэта загарэліся такога роду песнямі, бо ўзнагародай для іх – галасок з чароўных вуснаў. Акрамя таго ў песнях Ян Чачот бачыў вялікі маральны пачатак Аднак у большасці твораў ён усё ж такі закаханы рамантык, а не Ментар. Так, у “Песеньцы на два галасы” кветачка становіцца казкай, бо яна трымала яе ў руках, брусніцы-салодкімі, бо яна іх збірала, наогул, увесь сусвет незвычайным, бо яна тут была. У песні “Неяк ля гаю мы з Зосяй лічылі” параўноўвае любую з ружай, бо яна роўнавялікая каралеве кветак. Але паступова бесклапотная весялосць і неўтаймаваная энергія юнацтва ў песнях Яна Чачота саступае суму і смутку, а творы набываюць выключную элегійнасць і трагізм. Звязана гэта ў першую чаргу з разгромам аб’яднанняў філаматаў і філарэтаў і высылкай Яна Чачота і Тамаша Зана на Урал. Праўда, пэўныя элегійныя ноткі з’яўляліся ў песнях Яна з-пад Мышы і крыху раней, але яны былі выкліканы тым, што хлопец баяўся прызнацца ў каханні, бо не спадзяваўся на станоўчы адказ, як у творы “Для каго збіраю краскі”: Для каго збіраю краскі? Ах, так проста, ні для кога! Тая, для якой так многа У збалелым сэрцы ласкі, Мне адвагі не ўдзяліла Краскі ёй паднесці міла!
А я, бедны, нешчаслівы, Зноў складу тут крыжык з кветак. Як памру з тугі, мо гэтак Чалавек які зычлівы І на мой грудок з палетку Прынясе, ускіне кветку[113]. Аднак асабліва тон горычы напаўняе песні “Верш, замураваны ў дзюрцы турэмнай сцяны”, “О ты край мой нешчаслівы”, “Да голуба”, “Развітанне Касцюшкі з Юліяй”, якія становяцца сапраўднымі трэнамі (некаторыя з іх так і названыя), дзе Ян Чачот прадчувае асабістую трагедыю і трагедыю Радзімы. Песні часоў ссылкі і апошніх гадоў жыцця (1825-1847) таксама былі прысвечаны Айчыне і Зосі: Толькі Айчына і Зося – Сёння мне ўцехай адзінай. Сёння мне ўцехай адзінай, Жалю і смутку прычынай.
Хто ж за любоў, за каханне Даў мне пакуты такія? Вашай я рады чакаю, Добрыя сэрцы людскія.
Я панясу да магілы Любасць да краю і Зосі, Хоць мне любоў гэта ў сэрцы Столькі няшчасцяў прыносіць[114]. Паэт трызніць па каханай, што знаходзіцца за дальняй смугою, за шматлікімі гарамі, барамі (“Яна далёка”), ці не таму ён, як у беларускіх народных песнях, просіць голуба, вандроўных птушак, зязюльку, саколікаў злётаць на радзіму і знайсці яго каханую. Яны яе адразу пазнаюць, бо яна самая мілая, самая прыгожая, а вось ці сумуе – убачыце самі. Песні ўражваюць сваёй мілагучнасцю, выключнай вобразнасцю, невыпадкова музыку для большасці з іх напісаў Станіслаў Манюшка, а для некаторых – Тамаш Зан, які карыстаўся псеўданімам Абдраган Мула. Выключнае месца ў спадчыне паэта займае цыкл “Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года”. Найбольш яскрава ідэя задумы аўтара раскрываецца ў ягонай прадмове: “Чытаючы “Хроніку літоўскую” Стрыйкоўскага, цяжка ўстрымацца, каб не спяваць услед за ім – такая яна паэтычная, часта нават пераплеценая вершамі. Я чытаў яе і спяваў, складаючы песні. У гэтых песнях я закрануў далёкія гістарычныя падзеі да смерці Уладзіслава Ягайлы ў 1434 годзе”[115]. Ян Чачот нагадвае ўсім, што Літва мае выключна слаўныя традыцыі, якія належаць сусветнай гісторыі. І хаця цяпер ужо няма і былых ліцвінаў і іх самых зацятых ворагаў – крыжакоў, велічная слава нашых продкаў не знікла ў попеле мінуўшчыны. Бо менавіта яны сваёю крывёю засланілі Еўропу ад навалы татарскіх ордаў. Вось таму цяпер ён хоча паведаць urbi et orbi пра тое, што можа і павінна выклікаць павагу іншых народаў. Ян Чачот лічыць, што ўсё добрае, што было ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, можа з поўным правам, не баючыся нейкага пакрыўдзіць, увайсці састаўной часткай ў агульнаеўрапейскі набытак. Якраз аб найбольш лёсавызначальных падзеях старадаўняй Літвы і хоча расказаць поэт у спевах пра даўніх ліцвінаў. “Кожная з гэтых песень заснавана на гістарычных фактах. Узяты яны з “Хронікі” Стрыйкоўскага, што выйшла ў Кралеўцу ў 1582 годзе ў друкарні Астэрберга, і з выдадзенай нядаўна ў Вільні “Гісторыі літоўскага народа” (у дзевяці тамах) шаноўнага пана Нарбута. Трымаўся я храналогіі Стрыйкоўскага, хоць яна шмат дзе памылковая і хоць яе паправіў п. Нарбут. Я ішоў у сваіх песнях не за датамі. А за старым пісьменнікам, што не толькі апісваў гістарычныя падзеі, але падаваў часта думкі і нават пачаткі некаторых яшчэ ім чутых песень, каларыт даўніны, які я як мага дакладней імкнуўся захаваць”[116]. У гэтай справе Ян Чачот быў не адзінокім. Як сцвярджае Ю Кжыжаноўскі, “паэтычныя ўстаўкі ў хроніцы Стрыйкоўскага несумненна прычыніліся да таго, што ў ХІХ ст., у часы, калі прыйшла мода на літаратурныя тэмы з гісторыі Літвы і Русі, генерацыя рамантыкаў з Міцкевічам, Славацкім і Крашэўскім на чале пачала яе перачытваць і выкарыстоўваць матывы ягоных апісанняў у сваіх творах”[117]. “Спевы” аўтар прысвяціў Марыі Путкамер, якой і раней дасылаў свае творы. Мажліва ён згадаў каханую свайго вялікага сябра Адама Міцкевіча яшчэ і таму, што гэтая ідэя валодала ім яшчэ ў філамацкі перыяд. Праўда, ён тады хацеў напісаць толькі пра слаўных літвінак. Але потым задума значна ўзбагацілася, аўтар справядліва адзначаў, што ўвасабленне Князёў Вітаўта, Альгерда, Кейстута дазволіць больш яскрава паказаць гісторыю старажытнай Літвы, тым болей, што Ян Чачот хацеў напісаць такія творы, якія можна не толькі чытаць, але і спяваць. Менавіта таму ён павеў рэй ад легендарнага Рынгольта Альгімунтавіча, першага вялікага князя літоўскага, жмудскага і рускага, нібыта бацькі Міндоўга: Час успомніць нам Рынгольта, Альгімунта сына, За якім славутай стала Наша ўся краіна.
Зайздрасць, ведама, заўсёды Бачыць толькі крыва. Пазайздросцілі Літве ўсе, Што жыве шчасліва[118]. Потым згадае самога Міндоўга, ягоную каранацыю, ягонага сына Войшалка, Свінтарога Утанэсавіча, Віценя, Гедыміна і Ягайлу з іхнімі родзічамі, блізкімі і ворагамі. Згадае ён і заснаванне Вільні, і з’яўленне Радзівілаў (пра гэта апавядаюць і ягоныя балады), пра барацьбу з крыжакамі і жахлівы падзел здабычы, пра барацьбу паганства з хрысціянствам. Сучасныя даследчыкі лічаць, што не заўсёды факты, пра якія згадвае паэт, адпавядаюць рэчаіснасці. Але ж мы маем справу не з гісторыкам, а менавіта паэтам. Для Яна Чачота галоўнае не сам факт, а той маральны урок, што вынікае з яго. Менавіта таму ён асуджае Міндоўга за яго падманнае хрышчэнне, за тое, што забраў жонку Даўмонта. За гэта, лічыць паэт, і быў забіты першы князь: У Наваградку дагэтуль Ёсць гара Міндоўга. Там ляжыць ён, яго помніць Люд наш будзе доўга.
Быў ён свой кароль, ліцвінскі, Меў калісьці сілу. Ды падманам жыў. Абман той Звёў яго ў магілу[119]. Ён усхваляе тых слаўных герояў старажытнасці, што як яцвяг Комат гатовы пайсці на смерць дзеля свабоды і незалежнасці: І паляк, бы звар’яцелы, Біў яцвягаў дзень той цэлы, Бо ўсё ж пана ўжо не мелі, А ўцякаць яны не ўмелі.
І таму, сыны адвагі, Ўсе пагінулі яцвягі. Іх імя хіба мо рэкі Захавалі нам навекі.
Хоць даўно без іх Падляшша, Ды край помніць іх бясстрашна. А ўцалеў з іх хто ў віхурах, Дык згубіўся ўжо ў мазурах[120]. У свой час Ян Чачот марыў, каб ягоныя песні спяваліся. Гэтая мара здзейснілася ў наш час, калі рэдакцыя газеты “Наша слова” аб’явіла конкурс на стварэнне новых мелодый на згаданыя тэксты і ў выніку атрымалася цікавая эстэтычная з’ява, а мы пачулі празрыстыя галасы стагоддзяў. А яшчэ ён спадзяваўся, што перакладзеныя на польскую мову творы знойдуць сваіх кампазітараў, а потым новаствораныя песні вернуцца туды, дзе з’явіліся, і ўзбагацяць народ. Задума ягоная спраўдзілася.
|