Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Прыслоўе
Часціна мовы, якая абазначае разнастайныя прыкметы дзеянняў, стану, якасцяў прадмета ў адносінах да дзеяслова (дзеепрыслоўя), прыметніка (дзеепрыметніка), назоўніка, а таксама і да другога прыслоўя. У параўнанні са словамі іншых знамянальных часцін мовы прыслоўе з'яўляецца найменш граматычным, бо не скланяецца, не спрагаецца, не мае марфалагічных катэгорый роду, ліку, склону, часу, трывання, ладу і інш. Аднак у вялікай групы прыслоўяў, якія адносяцца да разраду якасных, адзначаюцца ступені параўнання і формы суб’ектыўнай ацэнкі, чым выражаецца розная ступень якасці ці ўласцівасці пэўнай прыкметы, што пряўляецца марфалагічна ў формах вышэйшай найвышэйшай ступеняў параўнання. Вышэйшая ступень параўнання ў сваю чаргу мае простую, ці сінтэтычную форму, якая ўтвараецца пераважна праз далучэнне да асновы зменных прыслоўеў суфікса –ей (-эй), тыпу даўно – даўней, доўга – даўжэй і інш., і складаную, або аналітычную, што ўтвараецца спалучэннем слоў больш, менш з якаснымі прыслоўямі (параўн.: больш проста, менш складана і інш.). Найвышэйшая ступень параўнання таксама мае простую форму, якая ўтвараецца праз далучэнне да формы вышэйшай ступені параўнання прыстаўкі най - (параўн.: найпрыгажэй, найцямней і інш.) і складаную, што ўтвараецца праз спалучэнне слоў найбольш, найменш, а таксама вельмі, надта, надзвычай і інш. з прыслоўямі (параўн.: найбольш рацыянальна, найменш заблытана і інш.). Формы суб’ектыўнай ацэнкі выражаюцца без параўнання з дапамогай ужывальных суфіксаў –еньк- (-аньк -), тыпу хуценька, скоранька і да т.п., і менш ужывальных – утк- (-ютк-), -усеньк- (-юсеньк-), -ечк - (- ачк-), -усенечк- (-юсенечк), -енн- (-энн-), -эрн-, -эзн-(-эразн-), -ават - і інш., якія выкарыстоўваюцца пераважна ў гутарковым маўленні (параўн.: блізютка, ціхусенька, недалёчка, страшэнна, даўжэзна і інш.). Паводле свайго значэння прыслоўі дзеляцца на якасныя з граматычнымі характарыстыкамі ступеней параўнання і суб’ектыўнай ацэнкі (параўн.: проста – просценька – прасценечка і да т.п.), колькасныя, што выражаюць дзеянне і прыкмету па ступені іх праяўлення (параўн.: багата, крыху і інш.), акалічнасныя, што членяцца на прыслоўі месца(параўн.: блізка, далёка і інш.), часу (параўн.: даўно, заўтра і інш.), прычыны (параўн.: згарача, спрасонку і інш.), мэты (параўн.: знарок, назло і інш.), якасна-акалічнасныя, у якіх сумяшчаецца значэнне якасных і акалічнасных прыслоўяў(параўн .: бягом, па-брацку і інш.). Па сваёй дэрывацыйнай структуры прыслоўі падзяляюцца на невытворныя (нематываваныя, тыпу куды, дзе і да т.п.) і вытворныя (матываваныя знамянальнымі словамі ўсіх іншых часцін мовы, ад якіх яны паходзяць, тыпу вясной, хутка, утрох, па-мойму і інш.). Прыслоўі, якія непасрэдна абазначаюць прыкметы, адносяцца да знамянальных, а якія толькі ўказваюць на іх – да займеннікавых (параўн.: тут, тады, калі і інш.). Граматычная транспазіцыя прыслоўяў праяўляецца ў тым, што яны даволі шырока могуць выкарыстоўвацца ў значэнні іншых часцін мовы: назоўнікаў (параўн.: залатое учора не вернецца да нас і інш.), прыназоўнікаў (параўн.: хадзіць вакол дома і інш.), часціц (параўн.: Заняткі пачнуцца роўна а другой гадзіны і інш.), мадальных слоў (параўн.: Безумоўна, мы яшчэ сустрэнемся і інш.), злучнікаў (параўн.: Не ведаў, дзе знаходзіцца і інш.), прэдыкатываў (параўн.: Для мяне гэта даволі рана і інш.). Семантычная транспазіцыя праяўляецца ў выкарыстанні слоў адных тэматычных груп у значэнні іншых, напрыклад, прыслоўі месца могуць ужывацца ў значэнні прыслоўяў часу (параўн.: там, пасля і інш.). Прыслоўі шырока выкарыстоўваюцца для ўтварэння слоў іншых знамянальных часцін мовы з дапамогай разнастайных афіксаў: назоўнікаў (параўн.: вакол – ваколіца і інш.), займеннікаў (параўн.: чамусьці, па-іхняму, зусім і інш.), прыметнікаў (параўн .: заўтра – заўтрашні і інш .), дзеясловаў (параўн .: даволі – задаволіць і да т.п.), іншых прыслоўяў (параўн.: учора – заўчора і інш.), а таксама незнамянальных слоў (гл.: ВИНОГРАДОВ 1972, 313–318; БУРАК 1985, 182–184). У ролі прыслоўяў выкарыстоўваюцца фразеалагізмы тыпу час ад часу, ні сном ні духам і інш., службовыя часціны мовы ў пэўных кантэкстах (хто за, хто ўстрымаўся, хто супраць і інш.), а таксама неспрагальныя дзеяслоўныя формы тыпу загадзя, нехаця, жартуючы, чуць і інш. (гл.: ШУБА 1962, 177–182).
|