Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Слова і яго значэнне
Аб’ектам вывучэння ў лексікалогіі выступае слова – адзінка мовы. У слове адлюстраваны вопыт і вынікі пазнавальнай, працоўнай дзейнасці чалавека на працягу тысячагоддзяў. Слова як лексічная адзінка мае свае характэрныя рысы: фанетычную і граматычную аформленасць, значэнне, выдзяляльнасць і аднаў-ляльнасць у мове. Гукавая абалонка – знешняя форма слова, а лек-січнае значэнне, сэнс – унутраная. Напрыклад, знешняя форма слова вятрак – 6 гукаў і 6 літар, размешчаных у пэўным парадку, а змест, лексічнае значэнне слова – суаднесенасць з прадметам навакольнага свету – ветраны млын. Сувязь паміж формай і зместам слова ўмоўная, яна гістарычна замацавана ў мове і аформлена ў слоўніках розных тыпаў. Адна з характэрных рыс слова – яго абагульняльны характар, у мове няма слоў для абазначэння кожнага асобнага прадмета. Абагульненае ўяўленне людзей пра з’явы, прадметы, іх прыметы і ўласцівасці адлюстроўваецца ў выглядзе паняццяў. Паняцце – гэта адна з формаў мыслення, што абагульнена адлюстроўвае ў свядомасці людзей аб’ектыўную рэчаіснасць. У свядомасці чалавека паняцці замацоў-ваюцца і афармляюцца з дапамогай слоў, паміж словам і паняццем устанаўліваецца цесная сувязь, адзінства. Слова – гэта фанетычна і граматычна аформленая адзінка мовы, якая мае пэўнае значэнне і выступае сродкам моўных зносін. Пераважную большасць лексікі беларускай мовы складаюць словы самастойныя (паўназначныя), якія выконваюць намінатыўную функцыю: называюць з’явы, прадметы навакольнага свету. Службовыя словы (прыназоўнікі, злучнікі, часціцы) не выконваюць намінатыўнай функцыі і не маюць лексічнага значэння. Словы самастойных часцін мовы маюць лексічнае і граматычнае значэнне. Лексічнае значэнне – гэта ўнутраны змест слова, суаднесенасць яго гукавой абалонкі з пэўным прадметам або з’явай рэчаіснасці. Напрыклад, калі мы вымаўляем, чуем слова абрус, у нашай свядомасці ўзнікае ўяўленне аб прадметах рэчаіснасці, за якімі замацавана гэта слова. Лексічныя значэнні слоў гістарычна ўстаноўлены грамадствам, суадносяцца з пэўнымі прадметамі, дзеяннямі, прыметамі і характарызуюц-ца ўстойлівасцю. Лексічнае значэнне слова з’яўляецца індувідуальным. Лексічныя значэнні слова разнастайныя па сваёй прыродзе. У працэсе гістарычнага развіцця грамадства, навукі, культуры, мастацтва з’яўляюцца новыя прадметы, паняцці. Яны павінны атрымаць назву, каб можна было адрозніць іх ад іншых. Назвы бываюць матываваныя і нематываваныя. Калі слова матываванае, можна вызначыць, на аснове чаго, якой характэрнай рысы яно ўзнікла. Гэта словы з вытворнай асновай, яны матывуюцца, тлумачацца з дапамогай іншых слоў: завушніцы ад слова вуха, сухмень ад слова сухі, маладзік ад слова малады, трактарыст ад слова т рактар. Для нематываваных слоў-назваў нельга вызначыць, на аснове чаго, якіх характэрных прымет яны ўзніклі. Утварэнне такой назвы немагчыма растлумачыць з дапамогай іншых слоў. Нематываваныя словы маюць невытворную аснову: лес, пыл, град, свежы. Граматычнае значэнне – гэта значэнне, уласцівае слову як часціне мовы. Напрыклад, словы возера, клён, праца, бераг маюць рознае лексічнае значэнне, а граматычнае значэнне іх аднолькавае: для ўсіх гэтых слоў уласцівая прадметнасць, яны маюць род, змяняюцца па ліках, склонах. Граматычныя значэнні аб’ядноўваюць словы ў адну часціну мовы. Слова – гэта адзінства лексічнага і граматычнага значэнняў. Носьбіт лексічнага значэння – аснова слова, параўнайце: лес, лясны, лесавы, ляснік, лясісты, леснічоўка, лясун і інш. Граматычнае ж значэнне слова выражаецца з дапамогай канчаткаў, формаўтваральных суфіксаў, прыставак, дапаможных слоў, націску. Словы могуць мець адно ці некалькі лексічных значэнняў. У залежнасці ад гэтага яны падзяляюцца на адназначныя і мнагазначныя. Адназначныя словы маюць адно лексічнае значэнне. Такіх слоў у мове няшмат, звычайна гэта тэрміны: дэфіс, нейрон, флексія, катэт, косінус; уласныя назвы: Свіцязь, Купала, Гомель, Сатурн, ІІрыпяць. Большасць слоў у беларускай мове мнагазначныя. Напрыклад, слова браня мае 2 значэнні: 1) металічная засцерагальная вопратка воіна ў мінулым; панцыр, латы, кальчуга; 2) стальная абшыўка, танка баявога карабля, бронецягніка. Мнагазначныя словы – яркі стылёвы сродак, яны выкарыстоўваюцца ў мове твораў мастацкай літаратуры для стварэння вобразаў, перадачы эмацыянальнага, душэўнага настрою герояў, малюнкаў прыроды і інш. Амонімы (грэч. homos – аднолькавы і onyma – імя) – гэта словы з аднолькавым гучаннем і розным значэннем: арфа1 – музычны інстру-мент і арфа2 – веялка; аўсянка1 – аўсяная каша і аўсянка2 – пеўчая птушка; сардэчнік1 – чалавек, хворы на сэрца, сардэчнік2 – унутраная частка розных апаратаў, прылад, сардэчнік3 – лекавая расліна, буйміна. З’ява гукавога супадзення зусім розных па сэнсе моўных адзінак называецца аманіміяй. У адрозненне ад мнагазначнага слова, у якім паміж значэннямі захоўваецца семантычнае адзінства, амонімы – словы зусім розныя, якія па тых ці іншых прычынах супалі ў гучанні. У філалагічных слоўніках амонімы падаюцца ў розных слоўнікавых артыкулах і пазначаюцца надрадковай лічбай: кіт1, кіт2; стапа1, стапа2. Выкарыстанне розных тыпаў амонімаў ў мастацкім творы – сродак стварэння вобраза: Гонячы хвалі крывавыя ўдалеч, сына будзіла рыбацкая Нарач; гнеўная Нарач, што брала на вілы замак пракляты ды панскія вілы. (Вял.) Наша вострая піла – не піла, а пчала. Не піла, не ела, ні разу не прысела. (Віт.) Сінонімы (грэч. synonimos – аднайменны) – словы, што па-рознаму гучаць, але поўнасцю ці часткова супадаюць па значэнні: есці – з'ядаць, карміцца, жывіцца, харчавацца, спажываць, сталавацца. Наяўнасць сінонімаў характэрная для большасці моў свету; багатая сінаніміка робіць мову выразнай, яркай, эмацыянальнай. Сінонімы абазначаюць адно і тое ж паняцце, але адрозніваюцца адценнямі значэння, сферай ужывання, стылістычнай ці эмацыянальнай афарбоўкай. Сінонімы належаць да адной лексіка-граматычнай катэгорыі слоў (часціны мовы). У сказе такія словы могуць узаемазамяняцца: заўсёды (заўжды, увесь час, ва ўсе часы, вечна, век векам, векавечна) палымнее сонца. Крыніцы сінонімаў разнастайныя. Яны ўзнікаюць у выніку лексіч-нага збліжэння: а) агульнаславянскіх ці ўсходнеславянскіх і ўласнабе-ларускіх слоў: граніца – мяжа, прыяцель – сябар, гаварыць – гутарыць, гаманіць; мошка – казюрка, кузурка, казюлька, казюля; ежа – страва; б) слоў літаратурнай мовы і народна-дыялектнай: рабро – скаба, рад – шар, бульба – картопля, недахоп – сказа, лодка – чайка; в) уласна беларускіх слоў і запазычаных: цягнік – поезд (рус.), успомніць – прыгадаць (укр.), аловак – карандаш (цюрк.), прыстаўка – прэфікс (лац.). Група слоў, якая складаецца з двух і больш сінонімаў, называецца сінанімічным радам. У ім выдзяляецца асноўнае, стрыжнявое слова, якое найбольш ужывальнае і стылістычна нейтральнае. Гэта дамінанта. Яно паўней за іншыя словы перадае агульнае значэнне рада і стаіць у ім першым. У слоўніках сінонімаў дамінанта падаецца ў пачатку слоўнікавага артыкула з абзаца. Роля сінонімаў у развіцці культуры мовы людзей надзвычай вялікая: з дапамогай іх можна вырашаць разнастайныя стылістычныя задачы, перадаваць найтанчэйшыя адценні сэнсу, больш дакладна выражаць свае думкі. Ужыванне сінонімаў дапамагае пазбегнуць паўтораў адных і тых жа слоў, робіць мову багацейшай, прыгажэйшай. Сінонімы шырока ўжываюцца ў мове твораў мастацкай літаратуры і выступаюць асновай своеасаблівасці і індывідуальнасці стылю пісьменніка: I гром-пярун сталёвым бічам, бы нейкі звер страшэнным лычам, арэ, трасе, калоціць хмары. (К-с) Глянь [валуны] скачуць, коцяцца, паўзуць, трашчаць, рыпяць, звіняць, грукочуць, як статак мамантаў, ідуць, усё зраўняць з зямлёю хочуць. (Дайн.) Антонімы (грэч. anti – супраць, onima – імя) – словы адной і той жа часціны мовы з супрацьлеглым значэннем. Антонімы, у адрозненне ад сінонімаў, аб’ядноўваюцца не ў рады, а ў пары і супрацьстаўляюцца толькі па значэнні: вялікі – малы, новы – стары, смелы – нясмелы, весяліцца – сумаваць. Звычайна антонімы абазначаюць: а) якасць і ацэнку: гарачы – халодны, прыгожы – непрыгожы, стары – малады; б) пачуцці і стан чалавека: радасць – сум, здаровы – хворы; в) дзеянні: зачыніць – адчыніць, будаваць – разбураць; г) з’явы прыроды: світае – змяркаецца, мароз – спёка, гарачыня – холад; д) часавыя і прасторавыя паняцці: раніца – вечар, пачатак – канец, зіма – лета, захад – усход і інш. Антанімічныя пары могуць утвараць не толькі асобныя словы, але і спалучэнні слоў: светлы дзень – цёмная ноч, бурная радасць – ціхі смутак. Антонімы могуць быць аднакаранёвымі і рознакаранёвымі. У аднакаранёвых антонімах супрацьлегласць значэння выражаецца не коранем, а прыстаўкай: зайсці – выйсці, жывы – нежывы, вялікі – невялікі, навуковы – антынавуковы, згода – нязгода. У рознакаранёвых антоні-мах супрацьлегласць значэння выражаецца ўсім словам: карысць – шкода, сіла – слабасць, узнагародзіць – пакараць, даць – забраць. Як правіла, антонімы маюць словы з якасным, колькасным, прасторавым і часавым значэннем. Не ўтвараюць антанімічных пар большасць назоўнікаў з канкрэтным значэннем: стол, акно, пясок, сасна, уласныя назоўнікі: Гомель, Венера, Нарач, многія якасныя прыметнікі – назвы колеру: сіні, чырвоны, зялёны, карычневы. Мнагазначнае слова можа мець некалькі розных антонімаў, кожны з якіх суадносны з пэўным значэннем такога слова. Напрыклад, да слова лёгкі ў прамым значэнні (лёгкі пух) антонімам з’яўляецца слова цяжкі, а ў пераносных значэннях – іншыя: лёгкае адзенне – цёплае адзенне, лёгкае заданне – складанае заданне, лёгкі крок – мядзведжы крок. Антонімы належаць да выразных сродкаў мовы, яны шырока выкарыстоўваюцца ў назвах зборнікаў вершаў, раманаў, іншых мастацкіх і публіцыстычных твораў; а таксама ў прыказках, прыпеўках, народных песнях, казках, легендах, паданнях. Паронімы (грэч. para – каля, побач і onima – імя) – гэта словы, што маюць блізкае гучанне, але розныя па лексічным значэнні. Паронімы – словы адной часціны мовы, звычайна аднакаранёвыя, яны маюць націск на адным і тым жа складзе: дыпламат – дыпламант, адрасат – адрасант, фабрыкат – фабрыкант. Найчасцей паронімы ўтвараюць двухкампанентныя групоўкі (гнёзды): гліняны – гліністы, кантакт – кантракт; адрыўны – адрывісты – адрывачны. Кожны паронім характарызуецца самастойнасцю, слова можа мець свае сінонімы і антонімы, ужываецца ў пэўнай моўнай сітуацыі. Узнікненне паронімаў звязана з пастаянным павелічэннем колькасці лексічных адзінак, пашырэннем іх сэнсавай нагрузкі, узаемаўплывам слоў на семантычным і марфалагічным узроўні. Колькасць паронімаў павялічваецца таксама за кошт пранікнення ў склад агульнаўжывальнай лексікі слоў лексікі спецыяльнай, запазычання слоў з іншых моў: абанент (ням. Abоnnеnt) – абанемент (франц. аbоnnеmеnt), эскалатар (англ. еsсаlаtor) – экскаватар (англ. ехсаvаtог). Паронімы могуць адрознівацца прыстаўкамі і суфіксамі: управіць – выправіць, паглынуць – праглынуць, генеральны – генеральскі. Гукавое падабенства паронімаў нярэдка вядзе да таго, што іх няправільна ўжываюць у мове, не адрозніваюць семантыку гэтых слоў. Павысіць культуру вуснай і пісьмовай мовы, пазбегнуць памылак такога тыпу дапамагаюць слоўнікі іншамоўных слоў, тлумачальныя слоўнікі, а таксама спецыяльныя даведнікі. У мастацкай літаратуры паронімы выкарыстоўваюцца як сродак стылістычнай выразнасці, для канкрэтызацыі, удакладнення думак, высвятлення тонкіх сэнсавых адценняў супастаўляльных слоў, для моўнай характарыстыкі герояў мастацкага твора, стварэння камічнай сітуацыі і пабудовы каламбураў.
3. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання Слоўнікавы склад сучаснай беларускай мовы фарміраваўся на працягу многіх стагоддзяў. Адны словы дайшлі да нас з часу індаеўрапейскага і агульнаславянскага адзінства (III тыс. да н.э. – другая палова I тыс. н.э.), другія належаць да агульнаўсходнеславянскага перыяду (VII–XIII стст.), трэція ўзніклі ў эпоху фарміравання мовы беларускай народнасці і нацыі (XIV–XX стст.). Паводле крыніц і характару паходжання беларуская лексіка падзяляецца на дзве групы: спрадвечна беларуская (уключае ў сябе агульнаіндаеўрапейскія, агульнаславянскія, усходнеславянскія і ўласнабеларускія словы) і запазычаная (з блізкароднасных славянскіх і неславянскіх моў).
|