Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Казка пра смелага вожыка
А. Якімовіч Дзеючыя асобы: Заяц Ліса Вожык Воўк Мядзведзь Аўтар Аўтар: Заяц: Як жа мне цяпер жыць на белым свеце? У-у-у-у… Калі так, дык і верабей скора верх над табою возьме… Эх, пабегчы хіба ды ўтапіцца з гора… (бяжыць на рэчку) - Эх, даруйце ўсе… (збіраецца боўтнуць з берага) Ліса: Гэй, касавокі, не бачыш куды разагнаўся?! Дрэнна ўсё ж, скажу табе па шчырасці, мець касыя вочы. Так і ўтапіцца можна… Заяц: Вось гэта ж мне і трэба, сястрыца Лісанька, толькі ў ваду, толькі ўтапіцца… Ліса: Што ты, браток, надумаўся? Апамятайся! Навошта табе тапіцца? Заяц: Як гэта навошта? І ты б не лепш зрабіла, каб цябе так набіў і пакрыўдзіў… У-у-у… (плача) Ліса: Хто набіў? Хто пакрыўдзіў? Заяц: Ды крываногі таўкач гэты – Вожык. І каб хто людскі! (Выцірае слёзы) Ліса: Ай, ай, ай! Вожык цябе пабіў! На спадзявалася, браток, чуць такія навіны! Як жа гэта здарылася! Заяц: Пайшоў гэта я нядаўна пад Бярозавую горку салодкай канюшынкі пашчыпаць. А тут і Вожык да мяне прыпёрся – паўзун гэты клышаногі – і давай па канюшыне качацца. Так і мне яе, так і топча! Хіба ж магло стрымаць маё заечае сэрца гэтакі здзек! Набраўся я храбрасці ды як закрычу на яго… А ён замест таго, каб уцякаць, пабег да мяне ды давай дубасіць, давай іголкамі калоць, - я ледзь жывы вырабіўся. У-у-у! (Плача) - Пусці мяне, пайду утаплюся! У-у-у! (плача) Аўтар: Шкада стала Лісіцы Хітрыцы Зайку. Як-ніяк свой брат. І калі кожная там казюлька пачне яго крыўдзіць, тады, і праўда лепш утапіцца. Ліса: Пачакай, не тапіся, браток! Я за цябе заступлюся.Ужо я пакажу яму, паўзуну гэтаму няшчаснаму! Як толькі ўбачу, адразу заглыну яго. Будзе ён ведаць! Будзе ён век мяне помніць! Заяц: Заступіся, сястрыца, заступіся! Аўтар: Прыбегла Лісіца да Бярозавай гары, стала ў лагчынцы і выглядае, дзе той Вожык, які так бязлітасна пакрыўдзіў яе прыяцеля Зайку Шарачка. Раптам нейкі цяжкі калючы клубок каменем упаў на яе спіну Вожык: Фф-р-р-р! Пы-ы-ых! Фф-р-р-р! Пы-ы-ых! Ліса: Вой! Вой! Вой! Хто гэта! Вой! Вой! Вой! Як балюча! Ратуйце, дапамажыце! (Уцякае) Вожык: (напалоханы, трымаецца за лісіцыну спіну) Фф-р-р-р! Пы-ы-ых! Ліса: (мітусіцца, бегае туды-сюды) Вой, смерць мая прыйшла! Хутчэй дамоў, хутчэй у нару! (скача ў нару, вожык зрываецца са спіны) Ліса: Вось гэта дык звер! Ну і адчайны! Не паспела аглянуцца, а ён ужо – і на спіну, і душыць, і коле. Не, век не буду сама з ім заводзіцца. За вярсту абыду, калі дзе стрэну. Не, не буду вылазіць. Нябось прытаіўся недзе, чакае. Ды не дачакацца ж табе, хітрун няшчасны: памру, а не вылезу… (рукой пагражае) Аўтар: Сядзіць яна так дзень, сядзіць другі. На трэці чуе знаёмы голас. Воўк: Гэй, кумка-галубка, ці жыва-здарова ты? Што гэта не відаць цябе нешта? Я ўжо, прызнацца, засумаваў без цябе. Ліса: (плача) Вой, вой, вой! Гора ў мяне, воўчанька! Воўк: Якое-такое гора ў цябе, кумка-галубка? Ліса: Як жа мне не плакаць, як не гараваць? Не толькі плакаць, а пайсці хіба ды ў ваду кінуцца. Усё роўна смерць. Ён жа мяне другі раз жывую не выпусціць. На мяне ж Вожык як накінецца, як пачне калоць, ледзь не задушыў. Каб яшчэ ледзь-ледзь, дык і канцы б мне былі. Да самай нары не адпускаў. Воўк: (Рагоча) Ха-ха-ха-ха-ха! (Трымаецца за жывот) Ну, насмяшыла! Ці можа такое быць, каб Вожык Лісіцу задушыў! Ха-ха-ха! Ліса: Дарэмна, кум, выскаляешся! Ён і цябе можа задушыць! (Кажа ўбок) Вось падбухтору Воўка, пакажа ён таму крываногаму паўзуну… Ужо ад яго і духу не застанецца. Будзе ён ведаць. Воўк: Добра, кумка, я за цябе заступлюся! Ліса: Заступіся, кумок, заступіся! Воўк: Я яго адным духам разарву! (Уходзяць) Аўтар: Бяжыць воўк, бяжыць, аж галлё пад нагамі трашчыць. Зубамі ляскае, Вожыка смакуе. Прыбягае да Бярозавай гары. Воўк: Што гэта за капіца травы насустрач ідзе без каня і без возу? Дык гэта ж сам Вожык! Начапляў на сябе лісця і вязе ў сваю нару! Гэй, Вожык, ты што ж гэта маю куму крыўдзіш? Вожык: (спалохана) Я… я… я… Воўк: Зараз я табе пакажу! (Падскоквае да Вожыка і кусае) У-у-у! Ай-ай-ай! (бяжыць дамоў) (Ідзе насустрач Мядзведзь) Мядзведзь: Што гэта, суседзе, з табою? Ці не ў зубнога быў! Воўк: Ай, Міхайла Іванавіч, горш! (Стогне) Хацеў я Вожыка, паўзуна гэтага клышаногага, за кумку Лісу правучыць, дык ён мне ўвесь рот скалоў сваімі іголкамі. Хоць ты ў лесе цяпер не жыві, хоць ты тапіцца ідзі… Мядзведзь: Нічога, брат. Я, брат за цябе заступлюся. (Злосна) Як стрэну яго – заб’ю. Ужо я не дапушчуся, каб ён мяне іголкамі калоў. Лапай як стукну, дык і канцы яму будуць. Бач, які спрытны: іголкамі коле! Пачакай жа, я табе пакажу! Эх, зараз бы пайшоў, але вось выбраўся рыбу лавіць, бо вельмі прагаладаўся за доўгі дзень. Бывай, брат, не турбуйся. Усё будзе, як я сказаў. Аўтар: Прыйшоў Міхайла Іванавіч на рэчку і заняўся рыбацтвам. Убачыць з берага рыбу, схопіць лапаю за хвост ды выкіне за куст. Мядзведзь: Ну вось і ўсё. Прыйшла пара павячэраць. Мабыць, шмат ужо рыбкі набралася. Ну і наемся ўдосыць! (Ідзе за куст) Што за праява! Куды ж падзелася рыба? Ці не скрозь зямлю яна правалілася? Аўтар: А тут недалёка Лісіца Хітрыца круціцца. Мядзведзь: (Злосна) Гэй, ты, рыжуха! Як табе не брыдка! Ды я… Ды я ж цябе самую зараз праглыну за такія штучкі! Ліса: Што ты, Міхайла Іванавіч! Хіба ж можна, каб я тваю рыбку з’ела! Мядзведзь: (Злосна) А хто ж? Ліса: (Шэптам) Ведаю хто, ды толькі сказаць баюся! Хіба на вушка, каб не пачуў ён. А то не жыць мне тады! (Шэпча на вуха) Вожык, каб я так жыла, сама бачыла… Мядзведзь: (Злосна) Вожык! (Ласкава) Дзе ён, Лісачка, пакажы мне. (Уходзяць разам) Аўтар: А Вожык толькі што вярнуўся з палявання і цяпер салодка драмаў на мяккай пасцелі. Яму сёння добра пашанцавала і зараз ён быў у добрым настроі і, дрэмлючы, думаў пра нядаўнія прыгоды з Лісіцай і Воўкам. Вожык: Страшна стала жыць на белым свеце. Але, мяркуючы па ўсім, не толькі я баюся Лісіцы і Воўка, наадварот, хутчэй яны баяцца мяне. Бо, калі б не так, чаго ж паўцякалі яны тады, не кажучы ўжо пра Зайку. Мабыць, я і ёсць самы дужы ў лесе звер, самы грозны. (Весела) Вой, як добра! Але, (сумна) ёсць жа Міхайла Іванавіч – не роўня ні Лісіцы, ні Ваўку. Аўтар: Але, як кажуць, на паляўнічага і звер ідзе. Толькі Вожык падумаў пра яго, а ён тыц сюды, і не адзін нават, а з Лісой. Спужаўся Вожык, згарнуў у клубочак свае калючкі і падрыхтаваўся да смерці. Мядзведзь: Ах ты абжора ненаедны, сам з клапа, а бач, колькі рыбы маёй з’еў. Я ж цэлы адвячорак лавіў! І як толькі цябе, абжора, не разарвала! (Лісіца душыцца са смеху) - Чаго маўчыш, як рыба аб лёд, нават не варухнешся! Ты што мяне не баішся? Ну глядзі! (З усяго маху стукае яго лапай) Вожык: (адкаціўся і запыхкаў злосна) Фф-р-р-р! Пы-ы-ых! Мядзведзь: Ай-ай-ай! Мая лапа! Што ты з ёю зрабіў! Ай-ай-ай! (Уцякае, а Ліса за ім) Вожык: (храбра крычыць ім ўслед) Пых! Пых! Трымайце іх, трымайце разбойнікаў! (Мядзведзь прыбягае да Воўка і Зайкі) Воўк: Ну як, задушыў Вожыка? Мядзведзь: (перадражнівае) Задушыў, задушыў… (Злосна) Бачыш, як мяне пакалечыў! Так пекануў мяне па лапе гэты звяруга, што я ледзь не памёр ад болю! Ах, Зайка, вазьмі абцужкі, павыцягвай з лапы іголкі. Цярпець не магу. Аўтар: Узяў Зайка абцужкі, павыцягваў з лапы іголкі і перавязаў яе бінтом. Вось паселі звяры ў рад і пачалі думу думаць, як Вожыка перамагчы. Але што ні прыдумаюць, усё не так. Лісіца: Хадзем хіба да яго гуртам. Быць не можа, каб рады не далі. (Разам) Верна, добра! Аўтар: Выстраіліся звяры адзін за адным і пайшлі. Спераду – Міхайла Іванавіч, за ім – Воўк зубасты, за Воўкам – Лісіца Хітрыца, а за Лісіцаю – Зайка Шарачок. Лісіца: Лепш за ўсё разарваць яго на кавалкі. Ты, Міхайла Іванавіч, як самы дужы, будзеш цягнуць за галаву, ты, куме Воўк, і ты, Зайка Шарачок, за хвост, - вось у вас і роўная сіла будзе. А я буду каманду падаваць. Як крыкну – раз, два, тры – дзяры! – дык вы і рвіце яго. Воўк: Добра, лепш і не прыдумаеш! Аўтар: Прыйшлі яны да Бярозавай гары, глядзяць і вачам не вераць… Заяц: Глядзіце, Вожык на паляне страшную атрутную змяю душыць! Аўтар: Зайка тут жа самлеў ад страху. Лісіцу з перапалоху схапіў жывот.У Воўка зубастага забарабанілі зубы. Нават у Міхайлы Іванавіча закалаціліся паджылкі. Мядзведзь: Не, з такім зверам жарты кароткія. Ён нават атрутнай змяі не баіцца, не тое што нас! (Уцякаюць) Аўтар: З таго часу яны ўсе баяцца Вожыка і не чапаюць яго. Толькі адна Лісіца Хітрыца прыдумала спосаб, каб Вожыка перамагчы, але нікому пра яго не сказала. Ды і самой ёй не заўсёды гэты спосаб удаецца.
КАНЕЦ
|