Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Раздзел VI. Маленькая сямейная ўрачыстасць






 

Толькі а восьмай вечара, калі газавыя ражкі ўжо абстрачылі сваімі зіхоткімі пярлінамі ўсе авеню ў раёне Трыумфальнай аркі, Мэгрэ, хоць і не ўскладаў вялікай надзеі адшукаць графа, апынуўся ў самай гушчэчы падзей.

Пра гэты цудоўны вечар Мэгрэ надоўга захавае прыемны ўспамін як пра самы чароўны вясновы вечар Парыжа. Паветра было напоена гэткай пяшчотай, гэткай водарнасцю, што людзі спыняліся, каб надыхацца ім. Канешне, ужо даўно жанчыны пагоднай парой выходзілі на вуліцы ў адных касцюмах, але Мэгрэ заўважыў гэта толькі цяпер, і меў такое ўражанне, нібыта ён прысутнічае пры вясновым расквечванні вуліц - светлыя сукенкі ўсіх таноў і адценняў, на капялюшыках - званочкі, браткі, васількі. А мужчыны - тыя нават рызыкнулі надзець канацье.

Мэгрэ ўжо некалькі гадзін запар мераў крокамі цесны прамежак паміж плошчамі Этуаль і Тэрн і варотамі Майё. Як толькі ён заварочваў на вуліцу Брэй, адразу натыкаўся на трох жанчын у страшэнна тугіх карсетах і ў туфлях на высачэзных абцасах; яны не перагаворваліся паміж сабой, не сыходзіліся разам, але як толькі паказваўся які-небудзь прахожы мужчына, усе трое паспешліва спяшаліся да яго. Месцам іх прапіскі быў якраз той гатэль, дзе пражываў граф. Ля ўвахода ў гатэль, адмаўляючыся паляваць воддаль, непарушна чакала яшчэ адна жанчына, шмат таўсцейшая за першых трох.

Чаму Мэгрэ адразу кінулася ў вочы, што якраз насупраць «Атэль дзю Сантр» размешчана пральня, а акон якой выглядвалі свежыя дзяўчаткі-прасавальшчыцы? Па кантрасту?

- Граф дома? - запытаўся ён у парцье, зайшоўшы ў гатэль.

Яго ўважліва агледзелі з галавы да ног. Усе, з кім яму наканавана будзе сустрэцца ў гэты вечар, чамусьці будуць аднолькава дапытліва, неяк замаруджана глядзець на яго і хутчэй з сумотай, чым з пагардай, неахвотна адказваць:

- Падніміцеся, паглядзіце.

Ён узрадаваўся, што можа так лёгка дасягнуць мэты.

- Вы не маглі б сказаць нумар яго пакоя?

Парцье завагаўся: госць пацвердзіў здагадку, што ён не прыяцель графа.

- Трыццаць два...

Мэгрэ падняўся, і на яго патыхнула пахам чалавечага жытла і кухні. У канцы калідора пакаёўка шпурляла ў кучу брудныя прасціны, якія, здавалася, былі яшчэ волкія ад поту. Ён пастукаў у дзверы нумара. Ніякага адказу.

- Вы да Люсіль? - запыталася здалёк служанка.

- Не, да графа.

- Яго няма дома. Нікога няма.

- Не ведаеце, дзе я магу яго знайсці?

Пытанне, мусіць, было настолькі недарэчнае, што Мэгрэ нават не ўдастоілі адказам.

- А Люсіль?

- Хіба яна не ў «Пеўніку»?

Мэгрэ зноў выдаў сябе і адразу ж выклікаў насцярожанасць. Калі ён не ведаў нават, дзе шукаць Люсіль, то што яму тут трэба?

«Пеўнікам» называлася адна з дзвюх кавярняў на рагу авеню дзю Ваграм. Вялікія прасторныя тэрасы. Там сядзела некалькі самотных жанчын, і Мэгрэ ўлавіў пэўную розніцу паміж гэтымі жанчынамі і тымі, што палявалі на рагу вуліцы Брэй. Меўся яшчэ адзін гатунак - тыя, што няспешна прагульваліся да плошчы Этуаль, потым крочылі да плошчы Тэрн, прыпыняючыся ля стракатых вітрын крамаў, - гэтых кабет лёгка было прыняць за звычайных мяшчанак, што выйшлі на прагулянку.

Ён пашукаў вачыма жанчыну з рубцом на шчацэ. Такой не было. Тады Мэгрэ загаварыў з афіцыянтам.

- Люсіль няма?

Той хуткім позіркам акінуў прысутных.

- Сёння я не бачыў яе.

- Як вы думаеце, яна яшчэ прыйдзе? А графа вы таксама не бачылі?

- Я ўжо тры дні не абслугоўваў іх.

Мэгрэ адправіўся на вуліцу Акацый. Гараж па-ранейшаму быў на замку. Шавец з камяком жавальнага тытуню за шчакой таксама паглядзеў на Мэгрэ так, нібыта ён задаваў выключна недарэчныя пытанні.

- Здаецца, сёння ранкам яго аўтамабіль выязджаў з гаража.

- Шэры? «Дыён-бутон»?

Для чалавека, які жаваў тытунь, аўтамабіль ёсць аўтамабіль, ён не глядзеў на марку.

- Не ведаеце, дзе я магу яго знайсці? - І Мэгрэ здалося, што ў голасе чалавека, які сядзеў у засені сваёй майстэранькі, прагучала нават нотка шкадавання:

- Дык, даражэнькі, мая ж справа - чаравікі ды туфлі...

Мэгрэ вярнуўся на вуліцу Брэй, падняўся наверх, пастукаў у пакой 32, але ніхто не адказаў яму. Тады ён зноў зашпацыраваў ад «Пеўніка» да плошчы Тэрн, паварачваючы галаву ўслед жанчынам і заглядваючы кожнай у твар у пошуках рубца, пакуль праз гадзіну яго, у рэшце рэшт, не прынялі за кліента, які ніяк не можа адважыцца на выбар.

Час ад часу яго апаноўвала трывога. Ён папракаў сябе, што толькі дарэмна марнуе тут час, а дзесьці ў іншым месцы, магчыма, адбываецца нешта вельмі важнае. Ён паабяцаў сабе, як толькі надарыцца вольная хвіліна, паблукаць ля офіса «Бальтазар», потым упэўніцца, што Эліз Жандро па-ранейшаму ў «Атэль дзю Луўр», і хоць трошкі паназіраць за тым, што дзеецца на вуліцы Шапталь.

Але што трымала яго тут? Ён бачыў, як самавітыя мужчыны, апусціўшы галаву, шмыгалі ў гатэль на вуліцы Брэй - быццам нехта ўтузваў іх туды за нябачную вяроўку. Ён бачыў, як яны выходзілі, яшчэ болей прысаромленыя, з занепакоенасцю ў позірках, як яны похапкам адольвалі бязлюдную паласу, што аддзяляла іх ад натоўпу, у якім яны нарэшце зноў набывалі ранейшую ўпэўненасць. Ён бачыў, як жанчыны на нядоўгі час прапаноўвалі раздзяліць з імі зняты пакой.

Ён абышоў усе бары. Яму прыйшло ў галаву ўзяць прыклад з флейтыста, і ён заказаў ліманаду, але ліманад яму не спадабаўся, і гадзін у пяць пасля паўдня ён прыняўся за піва.

Ва ўсім квартале з канца ў канец ён натыкаўся на глухую сцяну замоўчвання. Толькі ў пачатку сёмай нехта здзівіўся, калі ён запытаў пра Дэдэ:

- І на скачках яго няма? А ён што, дамовіўся з вамі сустрэцца?

Люсіль таксама нідзе не было. У рэшце рэшт, ён падышоў да адной з жанчын, якая здалася яму найбольш згаворлівай, і запытаў яе пра сяброўку графа.

- Можа, яна ў водпуску?

Ён не адразу зразумеў. Яму рассмяяліся ў твар.

Разоў чатыры ён намерваўся пайсці адтуль. Ужо нават накіраваўся да метро, спусціўся на некалькі прыступак, але завагаўся, і вярнуўся.

І вось, калі было ўжо трошкі за палову восьмай, а ён усё хадзіў, разглядваючы прахожых, ягоны позірк выпадкова адхіліўся, слізгануў па спакойнай вуліцы Тыльзіт. Ля тратуара, між выстраеных уздоўж яго фіякраў, стаялі карэта шэфа і - проста насупраць Мэгрэ - шэры аўтамабіль, марка і нумар якога так і кінуліся ў вочы.

Гэта быў аўтамабіль Дэдэ. У ім нікога не было. На рагу вуліцы перамінаўся паставы паліцэйскі.

- Я з камісарыята квартала Сэн-Жорж. Прашу вас, акажыце мне паслугу, калі ласка. Ці не маглі б вы па якой-небудзь прычыне затрымаць уладальніка гэтага аўтамабіля, калі той вернецца і збярэцца ад'язджаць?

- Вашы дакументы?

Нават паліцэйскія ў гэтым квартале - і тыя не давяралі яму! Гэта быў час, калі ўсе рэстарацыі і кавярні былі перапоўнены. Раз Дэдэ няма ў «Пеўніку», - яму нядаўна зноў пацвердзілі гэта, - то ён, відавочна, вячэрае дзесьці ў іншым месцы. У забітай людзьмі забягалаўцы, куды Мэгрэ ткнуўся, мімаходзь кінулі:

- Дэдэ?.. Не ведаю такога...

Яго не ведалі і ў піўной, размешчанай непадалёк рэстарацыі «Ваграм».

Двойчы Мэгрэ хадзіў правяраць, ці стаіць шэры аўтамабіль на месцы. У яго нават узнікла жаданне для пэўнасці пракалоць шыну сцізорыкам, але прысутнасць паставога сержанта, які быў шмат вопытней за яго, стрымала.

І вось ён штурхнуў дзверы ў маленькі італьянскі рэстаранчык. І задаў сваё нязменнае надаеднае пытанне:

- Вы не бачылі графа?

- Боба?.. Ні ўчора, ні сёння...

- А Дэдэ?

Невялікая зала, чырвоныя аксамітныя канапкі. Усё выглядала даволі элегантна. У глыбіні рэстарацыі невысокая пераборка аддзяляла ад залы невялікі кабінет, і Мэгрэ ўбачыў, як у дзвярах яго ўзнік мужчына ў клятчастым гарнітуры. У вочы кінуўся незвычайна яркі колер твару і светлыя валасы, разгорнутыя на прабор.

- У чым справа? - спытаў ён, звяртаючыся не да Мэгрэ, а да гаспадара рэстарацыі, які стаяў за стойкай.

- Ён пытаецца графа альбо Дэдэ...

Мужчына ў гарнітуры ў клетку з набітым ротам і салфеткай у руцэ зрабіў крок уперад. Ён паволі зусім блізка падступіў да Мэгрэ і прыняўся спакойна разглядваць яго.

- Ну? - запытаўся ён.

А так як Мэгрэ не ведаў, што сказаць, дадаў:

- Дэдэ - гэта я.

Мэгрэ нарыхтаваў тысячу варыянтаў сваіх паводзін на выпадак, калі ён, нарэшце, апынецца ў прысутнасці гэтага чалавека, але цяпер ён раптам вырашыў весці сябе зусім па-новаму.

- Я толькі ўчора прыехаў, - няўклюдна прамовіў ён.

- Адкуль?

- З Ліёна. Я жыву ў Ліёне.

- Вось як? Цікава!

- Я шукаю аднаго майго сябра, таварыша па вучобе...

- Ну, у такім выпадку гэта напэўна не я.

- Гэта граф д'Ансеваль... Боб...

- Вось як!

Дэдэ не ўсміхнуўся. Ён прыцмокнуў, задумаўся.

- І дзе вы шукалі Боба?

- Ды ўсюды. У гатэлі яго не аказалася.

- Ну, вядома, ён жа даў вам адрас гатэля, яшчэ калі вы вучыліся ў калежы!

- Мне даў яго адзін наш агульны знаёмы.

Дэдэ падаў ледзь прыкметны знак бармэну.

- Ну што ж! Раз вы сябар Боба, прашу вас выпіць з намі чарку. У нас сёння якраз маленькая сямейная ўрачыстасць.

І ён знакам запрасіў яго ў кабінет. Стол быў ужо накрыты. У срэбным вядзерцы ў лёдзе халадала шампанскае. Паблісквалі фужэры, жанчына ў чорным сядзела, узлокціўшыся на стол, мужчына з перабітым носам і бычынымі вачыма павольна падняўся і застыў у позе баксёра, што прыгатаваўся да раўнда.

- Гэта Альберт, наш школьны таварыш.

І Дэдэ паглядзеў на Альберта тым жа дзіўным позіркам, як і на гаспадара. Ён не ўзнімаў голасу, па-ранейшаму не ўсміхаўся, і, аднак, усё гэта нагадвала нейкі страшнаваты фарс.

- Люсіль - жонка Боба.

Мэгрэ ўбачыў рубец на вельмі прыгожым, вельмі выразным твары, і калі ён паклонам павітаўся з ёю, слёзы бліснулі на вейках маладой жанчыны. Люсіль паспешліва выцерла іх насоўкай.

- Не звяртайце ўвагі. У яе надоечы памёр папа. Вось і разбаўляе шампанскае слязьмі. Ангеліно! Фужэр і прыбор!

Было нешта дзіўна-трывожнае ў гэтай лядзянай прыязнасці з затоенай у ёй пагрозай. Мэгрэ азірнуўся, і яму стала абсалютна ясна, што выйсці адсюль ён зможа толькі з дазволу невысокага мужчыны ў клятчастым гарнітуры.

- Вы, значыць, прыехалі з Ліёна, каб сустрэцца са сваім даўнім прыяцелем Бобам?

- Не толькі дзеля гэтага. У мяне справы ў Парыжы. І вось адзін з маіх сяброў сказаў, што і Боб тут. Я даўно згубіў яго сляды.

- Даўно, значыцца! Ну што ж! За ваша здароўе... Сябры нашых сяброў - нашы сябры. Пі, Люсіль!

Яна падпарадкавалася, падняла фужэр, але рука яе дрыжала, тонкае шкло дзынькала аб зубы.

- Сёння пасля поўдня яна атрымала тэлеграму. Памёр бацька! Дык дагэтуль ніяк не супакоіцца. Пакажы тэлеграму, Люсіль.

Яна здзіўлена паглядзела на яго.

- Пакажы васпану...

Яна пакорпалася ў сумачцы.

- Здаецца, я забыла яе ў нумары.

- Вы любіце макароны? Гаспадар гатуе іх для нас па спецыяльнаму рэцэпту. Дарэчы, як вас завуць?

- Жуль.

- Прыгожае імя Жуль. Хораша гучыць. Ну, старына Жуль, дык пра што гэта мы гаварылі?

- Мне б хацелася пабачыцца з Бобам да майго ад'езду.

- Ах, праўда, вы ж спяшаецеся назад у Бардо!

- У Ліён.

- Ах, праўда, у Ліён! Слаўны горад! Я ўпэўнены, Боб вельмі засмуціцца, калі не пабачыць вас. Ён так любіць сваіх сяброў па калежу! Пастаўце сябе на яго месца. Школьны таварыш - гэта ж усе прыстойныя людзі. Ручаюся, што вы прыстойны чалавек... Як ты думаеш, Люсіль, чым васпан займаецца?

- Не ведаю.

- Падумай! Я, напрыклад, гатоў паклясціся, што разводзіць «цыпак».

Няўжо ён сапраўды прамовіў гэта слова? Чаму менавіта «цыпак» - гэтак жа сярод крымінальшчыны называюць паліцэйскіх! Што гэта - сігнал Дэдэ сваім сябрам?

- Я працую ў страхавым агенцтве, - прамармытаў Мэгрэ; ён вырашыў іграць сваю ролю да канца, бо іншага выйсця не было.

Ім падалі закусь. На стале з'явілася новая пляшка, якую знакам заказаў Дэдэ.

- Вось сапраўды ўжо, як кажуць, гара з гарой... Прыбываеш у Парыж, і раптам усплываюць цьмяныя ўспаміны пра даўняга школьнага таварыша, і адразу ж выпадкова натрапляеш на чалавека, які дае табе яго адрас. Іншым дзесяцігоддзе спатрэбілася б, каб адшукаць яго, асабліва калі ўлічыць, што ў квартале няма ні душы, хто б ведаў прозвішча д'Ансеваль. Гэтаксама як і маё. Запытайцеся ў патрона, у Ангеліно, які ўжо чортведама колькі знаёмы са мной. Вам усе скажуць - Дэдэ. Проста Дэдэ! Кінь румзаць, Люсіль! Джэнтльмен падумае, што ты не ўмееш паводзіць сябе за сталом.

Той, другі, з носам баксёра, увесь час насуплена маўчаў, толькі раз-пораз спатайка ўхмыляўся, нібыта «на выдатна» ацэньваў жарты гаспадара гаража.

Люсіль дастала з-за паяска маленькі залачоны гадзіннік, прытрымала яго за крыжападобны ланцужок, зверыла час.

- Не спознішся на свой цягнік, не бойся, - запэўніў яе Дэдэ.

І растлумачыў Мэгрэ:

- Зараз мне трэба будзе пасадзіць яе на таратайку, каб яна не спазнілася на пахаванне. Не, вы толькі гляньце, што робіцца! Сёння яе патэр загнуўся, а я якраз выйграў на скачках! Грошай навалам. Вось і вырашыў адзначыць. А ўсё-такі шкада, што Боба няма, каб выпіць з намі.

- Ён у ад'ездзе?

- Ты як у ваду глядзіш, Жуль. У ад'ездзе. Але ўсё-такі трэба цябе звесці з ім.

Люсіль зноў зарыдала.

- Пі, дзяўчынка! Толькі гэтым і можна заліць гора. Хто б падумаў, што яна такая чуллівая? Дзве гадзіны б'юся, каб супакоіць. Хоч не хоч, але ж настае час, калі бацькам трэба сысці са сцэны, праўда ж? Колькі гэта ты не бачылася з ім, Люсіль?

- Заткніся!

- Яшчэ пляшку гэткага ж, Ангеліно! А суфле? Скажы гаспадару, каб ён не сапсаваў суфле. За тваё здароўе, Жуль!

Мэгрэ ўжо шмат выпіў, ягоны фужэр увесь час быў поўны, а Дэдэ падліваў і падліваў і амаль з пагрозай прымушаў піць яшчэ і яшчэ.

- Як завуць твайго сябра, што даў табе адрас?

- Бертран.

- Хлопец зух, відаць. Не толькі расказаў табе пра старыну Боба, а нават і ў гараж паслаў.

Значыць, ён ужо ведаў, што нехта швэндаўся па вуліцы Акацый і дапытваўся пра яго. Відаць ён з'яўляўся туды пасля абеду.

- У які гараж? - паспрабаваў Мэгрэ прыкінуцца, што ён і ведаць нічога не ведае.

- Мне здалося, ты сам упамянуў пра гараж. Хіба ты не мяне пытаўся, калі прыйшоў сюды?

- Я ведаю, што Боб і вы - сябры.

- Якія ўсё ж разумнікі жывуць у Ліёне! За тваё здароўе, Жуль! Давай па-расейску! Адным духам! Вось так! Табе не падабаецца гэта віно?

Баксёр ажно млеў ад асалоды ў сваім кутку. Люсіль жа, якая пакрысе забывалася пра сваё гора, наадварот, выглядала ўстрывожанай. Мэгрэ і раз, і другі перахапіў яе запытальны позірк, які яна кідала на Дэдэ.

Што яны збіраюцца зрабіць з ім? Была сама відавочнасць, што ўладальнік гаража нешта задумваў. Ён весяліўся ваўсю - праўда, даволі своеасабліва, без ценю ўсмешкі, з нейкім незразумелым ліхаманкавым бляскам у вачах. Час ад часу ён быццам шукаў адабрэння ў позірках астатніх двух, нібыта акцёр, які адчувае сябе ў цудоўнай форме.

«Перш за ўсё, трымацца спакойна!» - загадваў сабе Мэгрэ, якога прымушалі спаражняць фужэр за фужэрам.

Зброі пры ім не было. Ён быў дужы, але што значыла яго сіла і спрыт супроць гэтай парачкі - Дэдэ з баксёрам? Ён усё больш і больш выразна ўсведамляў, як зацягваецца пятля вакол яго шыі.

Ці здагадваліся яны, што ён з паліцыі? Верагодна. Магчыма, Люсіль заходзіла на вуліцу Брэй і ёй там расказалі пра настойлівага візіцёра ў другой палове дня. Хто ведае, можа, яны менавіта яго і чакалі тут?

Як бы там ні было, станавілася ясна, што гэтая гульня мае свой сэнс. Дэдэ абвясціў, што грошай у яго навалам, і, відаць, гэтак яно і было: ён быў у той асаблівай узбуджанасці, якая заўжды авалодвае людзьмі яго кола, калі ў іх кішэнях неспадзявана заводзяцца вялікія грошы.

Скачкі? Ён, пэўна, быў там часты госць, але Мэгрэ пакляўся б, што сёння і нагі яго там не было.

Што ж да слёз Люсі, то, відаць, зусім не доля бацькі прымушала яе праліваць іх з такой шчодрасцю. Чаму яна пачынала плакаць кожны раз, калі вымаўлялася імя Боба?

Было дзевяць гадзін вечара, а яны ўсё яшчэ сядзелі за сталом, і шампанскае ўсё пенілася ў іх келіхах. Мэгрэ з усіх сіл змагаўся з хмелем, які апаноўваў яго.

- Жуль, ты нічога не маеш супраць, калі я патэлефаную?

Тэлефонная будка знаходзілася ў зале, і Мэгрэ са свайго месца мог бачыць яе. Дэдэ мусіў набраць два ці тры нумары, перш чым датэлефанаваўся да таго, каго шукаў. Было відно, як варушыліся яго вусны, але ўгадаць словы было немагчыма. Люсіль выглядала яшчэ больш знервавана, яшчэ больш устрывожана. Што да баксёра, які запаліў агромністую цыгарэту, то ён ціхамірна ўсміхаўся, час ад часу коратка зыркаючы на Мэгрэ.

З-за шыбы тэлефоннай будкі Дэдэ, здавалася, аддаваў нейкія распараджэнні, павольна вымаўляючы паасобныя словы. На яго твары не засталося і следу весялосці.

- Прашу прабачэння, старына, але мне вельмі хацелася, каб ты не размінуўся са сваім сябрам Бобам.

Люсіль, нервы якой былі гранічна напяты, зноў разрыдалася, уткнуўшыся ў насоўку.

- Вы гэта Бобу званілі?

- Не зусім, але амаль. Я проста паклапаціўся, каб вы ўсё-такі сустрэліся. А гэта адно і тое ж, праўда? Табе ж не церпіцца пабачыцца з ім, праўда?

У гэтых словах, мусіць, мелася нешта выключна дасціпнае, таму што баксёр прыйшоў у захапленне і аж закудахтаў ад асалоды.

Няўжо яны лічылі, што Мэгрэ зусім не разумее таго, што так добра разумелі яны? Граф альбо быў мёртвы, альбо нічога не значыў, раз Дэдэ паабяцаў Мэгрэ наладзіць іх сустрэчу...

- Мне таксама трэба пазваніць, - як мага абыякава сказаў ён.

Нягледзячы на папярэджанне Максіма Лё Брэ, ён вырашыў падняць па трывозе свой камісарыят: ён не смеў звярнуцца ў паліцыю іншага квартала. Сёння, здаецца, дзяжурыў Бесан альбо Каламбані з брыгадным Дзюф'ё. Дастаткова будзе толькі расцягнуць час, каб яны паспелі прыехаць і паставіць пост каля аўтамашыны.

Тут ніхто не пасмее нічога зрабіць яму. У рэстарацыі яшчэ сядзелі людзі, іх галасы даносіліся з-за пераборкі, і нават калі большасць з іх мелі дачыненне да таго ж свету, што і Дэдэ, то маглі ж быць і іншыя.

- Каму пазваніць?

- Жонцы.

- Дык і жонка твая з табою? Во буржуі! Чуеш, Люсіль? Жуль жанаты. Так што не спадзявайся! І няма чаго ціснуць яму нагу пад сталом! За тваё здароўе, Жуль! Не турбуйся. Ангеліно пазвоніць замест цябе. Ангеліно! У якім яна гатэлі, твая палова?

Гарсон паслужліва чакаў і таксама, здавалася, цешыўся сітуацыяй.

- Гэта не тэрмінова.

Ён з гордасцю разгарнуў уласны партманет, напакаваны тысячафранковымі банкнотамі. Ён нават не глянуў на падрахунак, тыцнуў адну асігнацыю ў руку Ангеліно і нядбайна кінуў:

- Рэшты не трэба!

Ці не на тое было гэта разлічана, каб заручыцца яго падтрымкай?

- А цяпер, дзеткі, у дарогу. Спачатку праводзім Люсіль на вакзал, затым адправімся да Боба. Як ты глядзіш на гэта, Жуль? Ты яшчэ трымаешся на нагах? Наш сябар Альберт паможа табе. Ды не пярэч, не пярэч!.. Вазьмі яго пад руку, Альберт. А я займуся Люсіль.

Было каля апоўначы. У гэтым канцы авеню дэ Ваграм толькі там-сям гарэлі ліхтары, яркае святло залівала адно ніжнюю частку вуліцы, каля плошчы Тэрн. Гаспадар рэстарацыі неяк дзікавата паглядзеў ім услед, і не паспелі яны зрабіць і дзесятка крокаў па тратуары, як ён кінуўся паспешліва зачыняць аканіцы, хоць у зале яшчэ сядзела двое ці трое кліентаў.

- Трымай яго мацней, Альберт. Не варта, каб ён прыпсаваў свой партрэт, а то яго сябар Боб яшчэ не пазнае яго. Сюдой, мадам і месье!

Калі б на рагу вуліцы стаяў паліцэйскі, Мэгрэ паклікаў бы яго на дапамогу, таму што ён выдатна ведаў, што яго чакае. Яму занадта яскрава сказалі пра гэта, занадта яскрава паказалі. Ён разумеў, што з той самай хвіліны, як ён зайшоў у італьянскую рэстарацыю, лёс яго быў вырашаны.

Але паставога нідзе не было відно. На процілеглым баку авеню ў паўзмроку прагульваліся нейкія дзявулі. У верхняй частцы авеню на канцавым прыпынку тармазіў трамвай, але ён быў пусты, праз шыбы сачылася жаўтлявае, каламутнае святло.

Мэгрэ мог спадзявацца, што яго «прыяцелі» не стануць страляць. Таму што ім спатрэбіцца час, каб ускочыць у машыну і знікнуць з квартала, перш чым усчнецца трывога.

Нож? Верагодна. Цяпер гэта модна. І Альберт-баксёр пад выглядам падтрымання так ушчаміў яго руку, што Мэгрэ не мог і варухнуць ёю.

Шкада, што Мэгрэ не сумеў-такі пракалоць шыну. Калі б ён тады пачакаў, пакуль паставы адвернецца, сітуацыя цяпер была б зусім іншая.

Хутка праб'юць куранты поўнач. Заставалася ўсяго два цягнікі, адзін на Бельгію, з Паўночнага вакзала, і Вінцімійскі - з Ліёнскага. Але Вінцімій быў надта далёка.

Мадам Мэгрэ, мусіць, чакае яго за шытвом, Жустэн Мінар іграе на кантрабасе ў рэстарацыі «Клішы», дзе на картонцы лічбаю адзначаецца чарговы нумар выступлення. Ці ўдалося яму адкараскацца ад Жэрмены? Мэгрэ пабажыўся б, што яна сядзіць там, у рэстарацыі, і бедны музыкант ламае сабе галаву над тым, як яму быць далей.

На вуліцы Тыльзіт не відно было ні душы, аніводнага фіякра. Адзін шэры аўтамабіль стаяў ля тратуара, і Дэдэ, уладкаваўшы на заднім сядзенні Люсіль, сеў за руль і спрабаваў завесці матор.

Можа, яны надумаліся завезці яго куды-небудзь яшчэ далей, на бязлюдны бераг Сены ці на канал Сэн-Мартэн, каб там прыкончыць і кінуць цела ў ваду?

Мэгрэ не меў аніякага жадання паміраць, і, аднак, ён як бы амірыўся з непазбежнасцю. Канешне, ён будзе абараняцца, колькі хопіць сілы, але шанцаў на поспех у яго было вельмі мала. Левая рука яго сціскала ў кішэні вязку ключоў.

Хоць бы матор не завёўся!.. Але, чмыхнуўшы накалькі разоў, ён запрацаваў роўна, машына мерна затрымцела.

Тужурка ляжала на спінцы, Дэдэ не збіраўся апранаць яе. Няўжо гэта ён нанясе смяротны ўдар? Ці гэта зробіць баксёр, які стаяў за спіной Мэгрэ і не выпускаў яго правай рукі?

Развязка набліжалася, і... Хто ведае, ці не маліўся Мэгрэ ў гэту страшную хвіліну: «Божа, зрабі так, каб...»

Раптам пачуліся гучныя галасы. На авеню дэ Ваграм з'явіліся двое мужчын, добра нападпітку, у фраках і чорных паліто, трымаючы ў руках трысціны з булдавешкамі і напяваючы модную кафэшантанную песеньку.

- Сядай, Жуль, сядай, дарагі, - прамовіў Дэдэ, відавочна спяшаючыся. Мэгрэ яшчэ паспеў адзначыць гэта.

У той момант, калі ён падняў правую нагу, каб ступіць у машыну, страшэнны ўдар абрушыўся на яго галаву. Ён інтуітыўна прыгнуўся, што зменшыла сілу ўдару. Некалькі секунд ён яшчэ чуў набліжэнне крокаў, галасы, шум матора - і страціў прытомнасць...

Калі ён расплюшчыў вочы, то найперш пабачыў нечыя ногі, лакіраваныя туфлі, а потым - твары, якія ў змроку здаваліся смяротна-бледнымі. Яму здалося, што людзей многа, цэлы натоўп, і толькі трошкі пазней ён са здзіўленнем адзначыў, што вакол яго стаяла ўсяго пяць чалавек.

Адзін з твараў належаў мажнай маладзіцы, спеставанай і ціхамірнай, якая, мабыць, якраз лавіла кліента на процілеглым баку авеню і была прываблена сюды шумам. Адвячоркам ён бачыў яе разы са тры на вуліцы, пэўна, яна не мела поспеху, калі дагэтуль усё яшчэ была на паляванні.

Абодва гулякі таксама былі тут, і адзін з іх, зусім «цёпленькі», схіліўшыся над Мэгрэ, упарта дапытваўся:

- Ну, дружок, табе лепш? Скажы, дружок? Табе лепш?

Скуль тут узялася карзіна і чаму так пахла фіялкамі? Ён паспрабаваў прыўзняцца на локаць. Гуляка дапамог яму. Цяпер Мэгрэ ўгледзеў старую гандлярку кветкамі, якая голасна залямантавала:

- А божачкі ж мае! Зноў хуліганнё! І дакуль жа гэта будзе працягвацца?!

- Я збегаю за шпегамі! - падахвоціўся падлетак, у чырвонай форме пасыльнага, і знік.

- Табе лепш, дружок?

- Якая гадзіна? - як лунатык, запытаў Мэгрэ.

- Пяць першай.

- Мне неабходна пазваніць.

- Ну канешне, дружок! Адну хвіліначку. Зараз прынясуць тэлефон. Якраз пайшлі за ім.

Кацялка на галаве не было, валасы на макаўцы зліпліся. Падлюга Альберт умеў біць. Калі б не два гулякі, яго напэўна прыкончылі б. Ды яшчэ каб Мэгрэ не прыгнуўся...

- Мне неабходна пазваніць, - паўтарыў ён.

Ён стаў паднімацца на карачкі, і кроў закапала з галавы на маставую, а адзін з гуляк усклікнуў:

- Ён п'яны, стары! А каб я так жыў, ён жа яшчэ і п'яны!

- Паверце, мне неабходна...

-...пазваніць... Ну канешне, дарагі... Вы чуеце, Арман? Прынясіце яму тэлефон...

- Ды вам што, павылазіла, не бачыце, што ён з глузду з'ехаў?! - абурылася дзеўка. - Лепш бы доктара паклікалі!

- А вы ведаеце, дзе яго шукаць?

- Жыве тут адзін на вуліцы Этуаль.

Але ўжо вяртаўся пасыльны, жвава паказваючы дарогу двум паліцэйскім на веласіпедах. Усе расступіліся. Паліцэйскія схіліліся над Мэгрэ.

- Мне трэба пазваніць... - не сунімаўся Мэгрэ.

Якая недарэчнасць! Цэлы вечар ён не адчуваў сябе п'яным, а вось цяпер язык яго заплятаўся, думкі блыталіся. І толькі адна была ясная і ўладная: яму трэба пазваніць...

Ён злаваў на сябе самога, што ў смешнай позе валяецца тут і не можа ўстаць, і мармытаў праз зубы:

- Паліцыя... паглядзіце ў бумажніку... Квартал Сэн-Жорж... Трэба неадкладна пазваніць на Паўночны вакзал... Цягнік на Брусель... Праз некалькі хвілін... У іх машына...

Адзін з паліцэйскіх падышоў да газавага ражка, стаў праглядаць змесціва бумажніка.

- Ён праўду кажа, Жэрмен.

- Паслухайце... Трэба як найхутчэй... У іх ужо ёсць білет... Жанчына ў чорнай сукенцы, на шчацэ рубец... Адзін з мужчын у клятчастым гарнітуры. У другога перабіты нос...

- Злётай туды, Жэрмен!

Паліцэйскі пост быў непадалёк, на вуліцы Этуаль. Адзін з паліцэйскіх ускочыў на веласіпед. Хлапчук не вельмі добра пачуў і запытаў:

- Ён шпег?

Мэгрэ зноў упаў ніцма, а адзін з гулякаў, з цяжкасцю варочаючы языком, прагаварыў:

- А далібожачкі, ён п'яны ў дыміну?

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.031 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал