Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Утварэнне і працэс фарміравання ВКЛ






ІІ. ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ

Утварэнне і працэс фарміравання ВКЛ

Крэўская унія і яе наступствы

Дзяржаўны і грамадскі лад Вялікага княства Літоўскага, Рускага Жамойцкага

Гарады і гараджане ў ВКЛ

Аграрная рэформа Жыгімонта Аўгуста (валочная памера)

Фарміраванне беларускага этнасу

Францыск Скарына - першадрукар, асветнік, гуманіст

Барацьба за гегемонію ва Усходняй Еўропе ў ХІV-ХVI стст.

 

Утварэнне і працэс фарміравання ВКЛ

У канцы 30-х - 40-я гг. XIII ст. пачынаецца новы перыяд гісторыі Беларусі, галоўным зместам якога з'яўляецца фарміраванне на яе і суседніх тэрыторыях новай дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (далей - ВКЛ). Яе ўтварэнне - заканамерны вынік сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця зямель сучасных Беларусі і Літвы ў XII-XIII стст.

Адносіны ўсходнеславянскіх княстваў са сваімі бліжэйшымі балцкімі суседзямі былі няпростымі. Разрозненыя землі гістарычнай Літвы ў X-XII стст. былі аб'ектам заваёвы суседніх славянскіх дзяржаў. Полацкія князі неаднаразова выкарыстоўвалі літоўскія дружыны для высвятлення адносін паміж сабой і са сваімі суседзямі ў час міжусобіц. У " Аповесці мінулых гадоў" літва называецца ў ліку плямёнаў, якія плацілі даніну Кіеву. Частымі былі спусташальныя паходы ўсходнеславянскіх дружын і на яцвяжскія землі. У сваю чаргу ў XI - першай трэці XIII стст. літоўскія і яцвяжскія дружыны неаднаразова рабілі рабаўнічыя набегі на славянскія княствы. Але верхняе і сярэдняе Панямонне заставалася рэгіёнам балта-славянскага супрацоўніцтва, у якім актыўна і культурна дамінавалі славяне, якія з часам асімілявалі балцкіх аўтахтонаў.

У канцы XII - першай палове XIII стст. на змену цэнтрабежным тэндэнцыям прыходзіць імкненне да кансалідацыі і на беларускіх землях. З розных бакоў няўмольна насоўваліся крыжакі і мангола-татары. У пачатку XIII ст. Полацкае княства першае з усходнеславянскіх зямель прыняла на сябе цяжар барацьбы з крыжакамі - ордэнам Мечаносцаў. Услед за мечаносцамі ў Прыбалтыцы з'явіўся Тэўтонскі ордэн, які нейкі час " кватэраваў" у Трансіль-ваніі. Тэўтонаў запрасіў мазавецкі князь Конрад, каб з іх дапамогай перамагчы суседзяў - ваяўнічых прусаў. Крыжакі заваявалі Прусію, мясцовае насельніцтва часткова загінула, часткова перасялілася на тэрыторыю сучаснай Беларусі. З Усходу прыйшла іншая бяда: у 1236-1240 гг. татара-мангольскія орды разрабавалі Паўночна-Усходнюю Русь, спалілі Кіеў. Стэпавых драпежнікаў чакалі і на Беларусі. У такіх умовах адышлі на другі план міжусобіцы ўсходнеславянскіх князёў паміж сабою і іх сваркі з даўнімі суседзямі - літвой, якія жылі на захад ад Менска. У канкрэтна-гістарычных умовах таго часу склаўся своеасаблівы славянска-балцкі ваенна-палітычны саюз. Яго пачаткам быў саюз важнейшага горада Панямоння Навагародка з літоўскім правадыром Міндоўгам. Невядома, ці сам Міндоўг прыслаў да навагародцаў прапанову злучыць свае сілы, ці навагародскія ўплывовыя людзі паслалі запрашэнне на княжанне. Такім чынам, новая дзяржава ўтваралася ў Навагародку, куды ў сярэдзіне XIII ст. перамясціўся з Полацка цэнтр палітычнага жыцця Беларусі, а першую цагліну ў яе падмурак заклаў Міндоўг.

У 1246 г., відаць, у момант узыходжання на трон у Навагародку Міндоўг прыняў праваслаўе, што было ўмовай яго абрання на пасаду князя навагародскага. У 1248 г. ён аб'яднаў землі верхняга Панямоння вакол Навагародка: " поимана бъ вся земля Литовская", што можна прыняць за пачатак ВКЛ.

Галоўным праціўнікам на шляху пабудовы панямонскай дзяржавы ў 50-70-я гг. XIII ст. былі галіцка-валынскія князі, якія трымалі гэту тэрыторыю пад сваім кантролем і ўбачылі ў саюзе літвы з Навагародкам небяспеку для сваіх пазіцый у Панямонні. У 1252 г. вялікае войска на чале з Данілам Галіцкім, спустошыла " ўсю зямлю навагародскую", захапіла Гарадзен, пагражала задушыць працэс утварэння новай дзяржавы ў самым пачатку. З гэтага першага цяжкага выпрабавання дзяржаву выратаваў дыпламатычны манеўр Міндоўга, якому ўдалося перацягнуць на свой бок Лівонскі ордэн згодай прыняць заходні варыянт хрысціянства. Падзякай Папы Рымскага за такі крок было прызнанне новай дзяржавы і каранацыя Міндоўга ў Навагародку ў 1253 г. каралём Літвы. У 1254 г. быў падпісаны мірны дагавор з Данілам Галіцкім. Пад палітычны ўплыў ВКЛ увайшоў Полацк, куды на княжанне быў запрошаны пляменнік Міндоўга. Багатыя полацкія традыцыі дзяржаўнага і культурнага жыцця аказалі значны ўплыў на фарміраванне ўнутранага ладу ВКЛ.

Забойства ў 1263 г. Міндоўга стала пачаткам унутранага крызісу ВКЛ, які працягваўся некалькі гадоў. Старэйшы сын Міндоўга Войшалк пасля ўпартай міжусобіцы пры падтрымцы навагародскай і пінскай дружын вярнуўся ў Навагародак, заняў бацькоўскі прастол і пачаў княжыць " ва ўсёй зямлі Літоўскай".

На пачатку ХIV ст. поспехам адзначалася дзейнасць вялікага князя Віценя (1293-1316), пры якім у складзе ВКЛ быў канчаткова замацаваны Полацк. Аб'яднанне адбылося на падставе " рада" - дагавора 1307 г., які гарантаваў палачанам аўтаномнасць зямлі, захаванне мясцовых законаў і суда, і са згоды полацкага баярства і багатага купецтва. Значным тэрытарыяльным прырашчэннем было далучэнне да ВКЛ Берасцейскай зямлі. Віцень увёў княжацкі герб і агульнадзяржаўную пячатку з выявай Пагоні. Пагоня з цягам часу стала гербам дынастыі вялікіх літоўскіх князёў, а з 1384 г. - дзяржаўным гербам ВКЛ.

   

Аб'яднаўчую палітыку славянскіх і балцкіх зямель актыўна прадоўжыў вялікі князь Гедымін (1316-1341). Ён правіў чвэрць стагоддзя і за гэты час далёка пасунуў межы і ўплыў сваёй дзяржавы на поўдзень і ўсход. Гедымін перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню, заснаваную на месцы паселішча ХІ-ХІІ стст. на Крывой (Лысай) гары. Ужо ў 1323 г. Вільня называлася ў Гедымінавых граматах " каралеўскім горадам", гэта значыць, сталіцай. Сябе ж ён называў " каралём Літвы і Русі".

Падчас праўлення Гедыміна да княства далучыліся Віцебская, Менская, Тураўская землі. Ёсць падставы меркаваць, што гэты працэс насіў мірны характар. Так, менскі князь Васіль як васал Гедыміна ездзіў у складзе літоўскага пасольства ў Ноўгарад Вялікі. Гедымінаў сын Альгерд пабраўся шлюбам з дачкой віцебскага князя Яраслава Марыяй і ў 1320 г., пасля смерці цесця, стаў спадкаемцам Віцебскага княства. Увайшлі ў склад ВКЛ таксама Падляшша і Валынь (цяпер Украіна).

Такім чынам, пры Гедыміне большая частка сучасных беларускіх зямель апынулася ў складзе ВКЛ. Палітычная мудрасць гаспадара праявілася ў тым, што пры ўключэнні новых зямель ён гарантаваў ім аўтаномію і непадзельнасць тэрыторыі, дэклараваў " старыны не парушаць", захоўваў мясцовыя законы, недатыкальнасць правоў і ўладанняў феадалаў, мяшчан, духавенства, падсуднасць іх толькі сваім мясцовым судам, самастойнасць пры заключэнні гандлёвых пагадненняў.

За стагоддзе свайго імклівага росту, ад Міндоўга да Гедыміна, невялікае княства ў Панямонні далучыла суседнія тэрыторыі, заселеныя славянамі і балтамі, і пераўтварылася ў Вялікае княства Літоўскае і Рускае. Тэрмін " Літва" стасаваўся тады да верхняга і сярэдняга Панямоння, пад " Руссю" разумелася сучаснае беларускае Падняпроўе і паўночная Украіна.

Галоўным ворагам княства быў Тэўтонскі ордэн, асноўным тэатрам вайны з'яўлялася Панямонне. Для абароны княства ад уварванняў крыжакоў Гедымін узвёў першакласныя па тым часе крэпасці ў Троках, Вільні, Медніках, Лідзе, Крэве. У барацьбе супраць Ордэна Гедымін меў выдатнага памочніка - князя Давыда Гарадзенскага, які быў старастам і каштэлянам у Гародні. Практычна ніводная перамога над крыжакамі як у абарончых, так і ў наступальных аперацыях не абыходзілася без удзелу Давыда.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.006 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал