Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Паўстанне 1863-1864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага на Беларусі






Абвастрэнне сітуацыі ў беларускай вёсцы ў сувязі з адменай прыгоннага права і чаканнем сялян сапраўднай волі па часе супала з ажыўленнем нацыянальнага руху на тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай з цэнтрам у Царстве Польскім. У 1860 г. тут прайшлі народныя патрыятычныя маніфестацыі. Выбух абурэння выклікаў расстрэл 27 лютага 1861 г. патрыятычнай працэсіі ў Варшаве. Актыўнасць палякаў працягвала нарастаць і перакідвацца на беларускія, літоўскія і правабярэжнаўкраінскія землі.

У нацыянальна-вызваленчым руху аформіліся дзве палітычныя групоўкі: " чырвоныя" і " белыя". " Чырвоныя" меркавалі аднавіць незалежнасць Польшчы праз народнае паўстанне, найбольш радыкальныя з іх (левыя) выказваліся за рэспубліканскі і дэмакратычны лад, самавызначэнне народаў, разлічвалі на падтрымку рэвалюцыйных сіл Расіі. " Белыя", што прадстаўлялі інтарэсы буйных землеўладальнікаў і вярхоў буржуазіі, імкнуліся не дапусціць, каб паўстанне перарасло ў сялянскую рэвалюцыю, а спадзяванні на аднаўленне незалежнасці звязвалі з націскам на Расію заходнееўрапейскіх дзяржаў. Яны наладзілі сувязь з арыстакратычнай эміграцыяй у Парыжы і праз князя Чартарыйскага падтрымлівалі адносіны з урадамі Францыі і Англіі. " Белыя" планавалі аднавіць Польшчу ў межах Рэчы Паспалітай. Для кіравання і каардынацыі падрыхтоўкі паўстання ў Варшаве ў сакавіку 1862 г. быў створаны Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК) на чале з " чырвонымі" Я. Дамброўскім, З. Серакоўскім, В. Урублеўскім.

Пад уплывам гэтых падзей складвалася сітуацыя ў Беларусі, дзе найбольш актыўную ролю адыгрываў Кастусь Каліноўскі (1838-1864), шляхціч з Гродзеншчыны, рэвалюцыянер-дэмакрат, публіцыст і паэт. Ён скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта, удзельнічаў там у рэвалюцыйных гуртках. Вярнуўся ў 1861 г. на радзіму і ў хуткім часе стаў адным з правадыроў вызваленчага руху. Сумесна з В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім выдаваў нелегальную газету " Мужыцкая праўда", якая стала рупарам рэвалюцыйна-дэмакратычнага крыла " чырвоных". На працягу 1862-1863 гг. выйшла сем нумароў у выглядзе лістовак. Сваім зместам газета растлумачвала сялянам прыгонніцкі характар аграрнай рэформы, раскрывала імперскую палітыку самадзяржаўя, абараняла скасаваную ўладамі уніяцкую царкву.

Летам 1862 г., з мэтай падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве, у Вільні стварыўся Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК), фармальна падначалены ЦНК. У ім былі прадстаўлены літоўска-беларускія " чырвоныя", а старшынёй з кастрычніка 1862 г. стаў К. Каліноўскі. Паводле ўспамінаў сучасніка, ён быў самай выдатнай асобай у Камітэце, "...адным з найшляхетных тагачасных мужоў Літвы, адукаваны, чысты, поўны высакароднасці, розуму і энергіі. Абходзіў пешкі Літву і Беларусь, нёс у народ жар любові да бацькаўшчыны... Не хацеў мець ніякіх стасункаў са шляхтай, а абапіраўся толькі на народ. Адносіны Літвы і Польшчы разумеў толькі як федэратыўныя - з поўнай незалежнасцю Літвы". ЛПК ініцыіраваў збор сродкаў на паўстанне, стварэнне мясцовых рэвалюцыйных арганізацый: гродзенскай, мінскай, навагрудскай і іншых.

Паўстанне выбухнула ў Царстве Польскім у ноч з 22 на 23 студзеня 1863 г., калі адначасова напалі на рускія гарнізоны ў розных частках краіны. Нагодай выступлення стала правядзенне рэкруцкага набору паводле спісаў, што ўключалі ўсіх " нядобранадзейных" маладых людзей. Заўчаснае выступленне ў Польшчы з'явілася поўнай нечаканасцю для рэвалюцыянераў Беларусі і Літвы, але пасля ваганняў было падтрымана імі. 1 лютага 1863 г. ЛПК абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі і абнародаваў праграмныя дакументы, што дубліравалі праграму польскіх паўстанцаў. Насельніцтва заклікалася падняцца на ўзброеную барацьбу, жыхары аб'яўляліся раўнапраўнымі грамадзянамі, незалежна ад саслоўнай прыналежнасці, нацыянальнасці і веравызнання. Ва ўласнасць сялян бязвыплатна перадаваліся зямельныя надзелы, якія знаходзіліся ў іх карыстанні, а з памешчыкамі за зямлю разлічвалася дзяржава. Беззямельныя сяляне, але толькі ўдзельнікі паўстання, павінны былі атрымаць па тры маргі зямлі (1 морг роўны 0, 71 га). Рэкруцтва замянялася трохгадовай усеагульнай вайсковай павіннасцю. Аднаўлялася уніяцкая царква. Па сутнасці гэта была буржуазная праграма.

Першыя атрады паўстанцаў з'явіліся ў заходніх паветах Беларусі з Польшчы ўжо ў канцы студзеня 1863 г. Большасць мясцовых атрадаў сфарміраваліся ў сакавіку-красавіку. У іх склад увайшлі дробная шляхта, навучэнцкая моладзь, рамеснікі, сяляне, афіцэры, што пакінулі царскую армію. Агульнага плана дзеянняў і ўзаемнай каардынацыі не было. Не хапала таксама зброі. Дзейнічалі партызанскімі метадамі. Усяго на Беларусі (у сучасных яе межах) з лютага па жнівень 1863 г. зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі; 2/3 з іх адбыліся на Гро-дзеншчыне і Віленшчыне.

Калі першапачаткова ініцыятыва належала " чырвоным" і прычым іх радыкальнай, левай частцы, то з развіццём паўстання да яго далучыліся " белыя", каб пазбавіць рэвалюцыйнай накіраванасці, а толькі справакаваць ваеннае ўмяшальніцтва Англіі і Францыі. " Белыя" ўстанавілі кантроль над кіруючымі органамі ў Варшаве і ў сакавіку 1863 г. па ўказанні адтуль быў створаны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы на чале з памешчыкам Я. Гейштарам. Каліноўскі, пасля рэзкага пратэсту супраць гэтай акцыі, не знайшоўшы дастатковай апоры, прыняў пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. Прыход " белых" да кіраўніцтва кампраметаваў справу ў вачах сялянскіх мас, чым шырока карысталіся ўлады, яны прадстаўлялі гэта як выступленне паноў супраць " цара-вызваліцеля" з мэтай аднаўлення прыгону. Такое ўяўленне падтрымлівала ў сялян і праваслаўная царква. У выніку, асноўная маса беларускага сялянства не далучылася да паўстанцаў, іх доля склала каля 18%.

Урады Англіі і Францыі адкрыта спачувалі паўстанню, але абмежаваліся толькі дыпламатычнымі дэмаршамі і дазволам ваяваць добраахвотнікам, якіх прыбыло ў Польшчу і Літву некалькі соцень. У розных краінах паўстанцаў падтрымлівалі рэвалюцыянеры: М. Бакунін, Дж. Гарыбальдзі, Л. Кошут, К. Маркс. Маркс і Энгельс разлічвалі, што пры спрыяльным развіцці падзей паўстанне дасць штуршок рускай рэвалюцыі і перанясе рэвалюцыйнае полымя ў суседнюю Германію, а таксама іншыя заходнееўрапейскія краіны. З ініцыятывы А. Герцэна, французскі пісьменнік Віктор Гюго звярнуўся да расійскай грамадскасці з заклікам падтрымаць паўстанцаў. У іх шэрагі ўлілося каля 300 рускіх салдат і афіцэраў. Адначасова ўрадавы друк, рускія кансерватары і лібералы разгарнулі шавіністычную кампанію як супраць паўстанцаў, так і ўласных рэвалюцыйных дэмакратаў, што фактычна паралізавала агітацыю апошніх і перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сялянскае паўстанне.

У такіх неспрыяльных умовах выявілася няздольнасць " белых" кіраваць паўстаннем. Іх арганізацыі не вытрымлівалі тэрору ўлад. У чэрвені 1863 г., пасля арышту многіх членаў Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, у яго былі ўведзены Каліноўскі і іншыя левыя. Яны неўзабаве стварылі так званы Літоўска-Беларускі чырвоны жонд - падпольны урад, які спрабаваў удыхнуць у паўстанне новыя сілы. Але было ўжо позна, рэальных паспехаў дасягнуць не ўдалося. Царызм тапіў паўстанне ў крыві, а памешчыкі ўключыліся ў кампанію збору вернападданіцкіх адрасоў. Восенню 1863 г. узброеная барацьба на Беларусі спынілася, а летам і восенню 1864 г. былі разгромлены апошнія атрады ў Польшчы.

Мужны і нястомны Каліноўскі працягваў рэвалюцыйную дзейнасць, спрабаваў выратаваць людзей і арганізацыі, каб зноў выступіць вясною 1864 г. Доўгі час удавалася канспіравацца, але адзін з членаў арганізацыі на допыце выдаў яго. 10 сакавіка Каліноўскі быў публічна павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні. Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі і Літве 128 паўстанцаў былі пакараны смерцю, больш 850 асуджаны на катаргу, каля 12 тыс. чалавек сасланы і выселены. У Беларусі і Літве быў устаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на змяншэнне польскага ўплыву і ўзмацненне русіфікацыі краю.

Паўстанне К. Каліноўскага было апошнім значным сумесным выступленнем за аднаўленне дзяржаўнасці на землях былой Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага. Стала відавочным, што нацыянальна-вызваленчыя рухі ў Польшчы і Беларусі ўжо не месцяцца ў адным рэчышчы, у кожнага з іх фарміраваліся свае мэты і ўласны шлях. У сваю чаргу, літвінскі патрыятызм змяняўся патрыятызмам беларускага нацыянальнага руху.

Паўстанне 1863 г. атрымала шырокі міжнародны рэзананс і аказала вялікі ўплыў на развіццё грамадска-палітычнага вызваленчага руху народаў Еўропы. Паводле прызнання лідэра расійскіх бальшавікоў У. Леніна, " пакуль народныя масы Расіі і большасці славянскіх краін спалі яшчэ непрабудным сном, пакуль у гэтых краінах не было самастойных, масавых, дэмакратычных рухаў, шляхецкі вызваленчы рух у Польшчы набываў гіганцкае, першаступеннае значэнне з пункту гледжання дэмакратыі не толькі ўсерасійскай, не толькі ўсеславянскай, але і ўсееўрапейскай".

Справа паўстання не прапала бясследна, яно будзіла да барацьбы за свабоду і незалежнасць наступныя пакаленні.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.006 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал