Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Асвета, адукацыя і навука ў другой палове XIX - пачатку XX стст.
Дзевятнаццатае стагоддзе стала эпохай сапраўдных прарываў у самых розных галінах навукі. Былі адкрыты электрамагнітная індукцыя, радыеактыўнасць, складзена перыядычная сістэма хімічных элементаў, вывучана прырода святла... Чарльз Дарвін сфармуляваў сваю тэорыю эвалюцыі. З прагрэсам навукі слабелі пазіцыі царквы ў грамадстве. Навука, аднак, развівалася не сама для сябе. Яе адкрыцці знаходзілі прымяненне ў вытворчасці, сродках камунікацыі, медыцыне, іншых сферах чалавечага жыцця. Так з'явіліся тэлеграф, тэлефон, радыё, электрычнае асвятленне. Інтарэсы людзей пашырыліся, а працоўная дзейнасць - ускладнілася, што запатрабавала іх адукаванасці. На працягу XIX ст. у перадавых краінах свету было ўведзена абавязковае ўсеагульнае навучанне дзяцей. Адпаведныя законы былі прыняты: у Даніі - у 1814 г., у ЗША - у 1852 г., у Англіі - у 1870 г. К канцу стагоддзя доля пісьменных сярод мужчынскага насельніцтва Заходняй Еўропы дасягнула 90%, у Расіі 21%. У 2-й палове XIX - пачатку XX стст. сістэма адукацыі і асветы на Беларусі мела шэраг своеасаблівых рыс у параў-нанні з губернямі Цэнтральнай Расіі. Гэта было звязана не толькі з адметным гістарычным мінулым Беларусі. Вялікі адбітак на сітуацыю наклала паўстанне 1863-1864 гг., якое вымусіла царскі ўрад праводзіць тут палітыку, у тым ліку і адукацыйную, са значнымі карэктывамі. Пачатковая школа на вёсцы была прадстаўлена царкоўнапрыходскімі школамі, школамі граматы і народнымі вучылішчамі. На Беларусі не было пашыраных у Расіі земскіх школ, бо земствы былі ўведзены тут толькі ў 1911 г. Найбольш прагрэсіўным тыпам пачатковых школ былі народныя вучылішчы. Яны былі адна- і двухкласныя (адпаведна 3-4 і 5-6 гадоў навучання). У праграму ўваходзілі Закон Божы, руская мова, арыфметыка, царкоўныя спевы, рамёствы (для хлопчыкаў) і рукадзелле (для дзяўчынак). Сур'ёзную канкурэнцыю народным вучылішчам складалі царкоўнапрыходскія школы. Настаўнікамі ў іх былі праваслаўныя святары, псаломшчыкі і г.д. Навучалі Закону Божаму, малітвам, выкладалі асновы пісьма, ліку. Выхаванне адбывалася ў духу вернасці праваслаўю і цару. У гарадах да ліку пачатковых навучальных устаноў належалі гарадскія, павятовыя і прыходскія вучылішчы. Праграмы павятовых і прыходскіх вучылішчаў былі блізкія да праграм вясковых народных вучылішчаў і царкоўнапрыходскіх школ. У парэформенны перыяд сетка пачатковых школ на Беларусі пашыралася вельмі хутка. У 1881 г. тут было 1198 народных вучылішчаў. Аднак пасля забойства Аляксандра ІІ у Расіі пачаўся працяглы перыяд рэакцыі. Урад узяў курс на скарачэнне колькасці народных вучылішчаў: у 1899 г. іх было ўжо толькі 999. Колькасць царкоўнапрыходскіх школ, наадварот, расла. Пасля рэвалюцыі 1905-1907 гг. пачаўся адваротны працэс, лічба народных вучылішчаў вырасла, а царкоўнапрыходскіх школ станавілася ўсё менш. У тую гістарычную эпоху яны ўжо не мелі вялікай перспектывы. Паводле перапісу 1897 г., на Беларусі былі пісьменнымі 25, 7% жыхароў (36, 4% мужчын і 15, 2% жанчын). Калі меркаваць па павелічэнні колькасці школ, у далейшым гэта лічба хутка расла. Аднак школ усё роўна не хапала. У 1910 г. з прычыны адсутнасці месцаў у прыёме ў школу было адмоўлена 41% гарадскіх і 24, 7% вясковых дзяцей. Асобнай, і вельмі балючай праблемай тагачаснай сістэмы пачатковай адукацыі быў востры недахоп настаўнікаў. У 1864 г. у Маладзечне была адчынена першая настаўніцкая семінарыя. Да пачатку Першай сусветнай вайны на Беларусі іх было ўжо 12. Больш высокі статус мелі настаўніцкія інстытуты. З 1910 па 1914 гг. былі адчынены інстытуты ў Віцебску, Магілёве і Мінску. Аднак настаўніцкія навучальныя ўстановы не былі нават сярэднімі. Іх выпускнікі не мелі права паступаць ва універсітэты. Увогуле ж вялікім недахопам сістэмы адукацыі Расійскай імперыі была адсутнасць пераемнасці паміж пачатковай і сярэдняй школамі. Тыя, хто скончыў пачатковую школу, без дадатковай падрыхтоўкі не мелі шанцаў паступіць у сярэднюю. У 1-й палове XIX ст. Беларусь мела добра развітую сістэму сярэдняй адукацыі. Аднак пасля паўстання 1863-1864 гг., у якім навучэнцы сярэдніх навучальных устаноў прынялі актыўны ўдзел, многія з іх спынілі сваё існаванне. Былі зачынены Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Мала-дзечанская прагімназіі, скасаваны прыватныя вучылішчы. У 2-й палове XIX ст. у лік сярэдніх навучальных устаноў на Беларусі ўваходзілі мужчынскія і жаночыя гімназіі, прагімназіі (няпоўныя гімназіі), Горы-Горацкае земляробчае вучылішча, Полацкі кадэцкі корпус і духоўныя семінарыі. Згодна са статутам 1864 г., гімназіі падзяляліся на 2 тыпы: класічныя і рэальныя. Навучанне ў іх было разлічана на 7 класаў. Паўнавартаснымі сярэднімі навучальнымі ўстановамі лічыліся толькі класічныя гімназіі. Толькі іх выпускнікі мелі права паступлення ва універсітэты. Пасля закрыцця ў 1864 г. Горы-Горацкага земляробчага інстытута (за ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні) на Беларусі не засталося ніводнай вышэйшай навучальнай установы. Як ні імкнуліся тутэйшыя грамадскія колы атрымаць свой універсітэт ці іншую ВНУ, да рэвалюцыі гэтыя высілкі не мелі ніякага выніку. Беларуская моладзь была вымушана вучыцца па-за межамі радзімы ў іншых гарадах Расійскай імперыі. Адсутнасць ВНУ і тым больш акадэмічных устаноў стала прычынай слабога развіцця навукі на Беларусі. У даследаваннях пераважаў гуманітарны накірунак, звязаны з вывучэннем беларускага народа. Прыкметную працу ў гэтай галіне праводзіў Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, заснаваны ў 1867 г. у Вільні. У 1909 г. была створана Віцебская Архіўная камісія, якая займалася выяўленнем і публікацыяй гістарычных дакументаў. Сярод гісторыкаў вылучаўся М. Доўнар-Запольскі. У 1910 г. апублікаваў сваю " Кароткую гісторыю Беларусі" В. Ластоўскі. Яна стала першай спробай асвятліць айчынную гісторыю з нацыянальных пазіцый. У 1870 г. выйшаў першы грунтоўны слоўнік беларускай мовы - " Словарь белорусского наречия" І. Насовіча. Аднак асабліва вялікую ролю ў вывучэнні нашай краіны і народа адыграла праца яшчэ аднаго філолага - акадэміка Я. Карскага. На працягу 1903-1922 гг. выйшла яго фундаментальная манаграфія " Беларусы" (у 3 тамах, 7 кнігах). У ёй глыбока даследаваны беларуская мова і літаратура, складзена этнаграфічная карта беларускага народа. Работа Я. Карскага не страціла свайго навуковага значэння і да гэтага часу. За 2-ю палову XIX - пачатак XX стст. справа асветы і адукацыі насельніцтва Беларусі зрабіла вялікі крок наперад, што выявілася ў росце колькасці пісьменных, імклівым пашырэнні сеткі пачатковых і сярэдніх школ. Аднак адсутнасць вышэйшых навучальных і спецыялізаваных навуковых устаноў стрымлівалі разгортванне даследаванняў, і асабліва ў галіне прыродазнаўчых і дакладных навук.
|