Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
У ноч з суботы на нядзелю 26 красавіка 1986 г. аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі (ЧАЭС) падзяліла гісторыю Беларусі на да і паслячарнобыльскі перыяды.
Як высветлілася потым, аварыя мела глыбінныя прычыны, якія караніліся ў тэхнічным адставанні СССР і сур'ёзных праліках у развіцці атамнай энергетыкі. Непасрэдна 26 красавіка ў выніку непрадуманых дзеянняў дзяжурнай змены (суб'ектыўны фактар) пры наяўнасці слабасцей у канструкцыі рэактара і станцыі ў цэлым (аб'ектыўны фактар) адбыўся выбух на чацвёртым энергаблоку ЧАЭС. Разбурэнне рэактара прывяло да выкіду ў паветра велізарнай колькасці радыеактыўных рэчываў, якія патокамі паветра сталі хутка распаўсюджвацца на велізарныя тэрыторыі. Прадстаўнікі самых розных прафесій праявілі самаахвярнасць у першыя гадзіны і дні, не дапусцілі пашырэння маштабаў аварыі. Першасны аналіз сітуацыі паказаў, што непасрэдна ад выбуху ўздзеянню радыяцыі падверглася паўднёвая частка Беларусі. Пазней тэрыторыя інтэнсіўнага забруджвання павялічылася ў раёнах Магілёўскай вобласці, але тут яна з'явілася пераважна ў выніку мэтанакіраванага асаджэння спецрэагентамі радыенуклідаў з радыеактыўных хмараў, якія рухаліся ў напрамку Масквы. У выніку на тэрыторыю Беларусі прыпала 70% усяго радыеактыўнага забруджвання. У гэтай зоне апынулася каля 2 млн. 100 тыс. чалавек (25% беларускага насельніцтва). Між тым саюзныя і рэспубліканскія ўлады у першыя дні абралі тактыку ўмаўчання інфармацыі аб маштабах бяды і практычна замарудзілі арганізацыю дзеянняў, якія маглі б паменшыць адмоўныя вынікі для насельніцтва. На другі дзень пасля аварыі аб рэзкім павышэнні радыяцыйнага фону ў паветранай прасторы сваіх краінаў загаварылі прадстаўнікі Швецыі, Нарвегіі, Англіі і інш. Толькі пасля гэтага афіцыйныя СМІ СССР сціпла паведамілі аб аварыі, у выніку якой адбылося " некаторае павышэнне радыяцыйнага фону". І хаця памеры катастрофы станавіліся ўсё больш відавочнымі, беларускае кіраўніцтва (першы сакратар ЦК КПБ М. Слюнькоў) і падначаленыя яму ведамствы працягвалі хаваць ад насельніцтва праўду. У пачатковы перыяд аварыі кіраўніцтва рэспублікі нават адмовілася ад сродкаў, якія выдзяляў саюзны цэнтр для ліквідацыі гэтай бяды. Не звярнулася яно за дапамогай і да міжнароднай супольнасці. Развіццё падзей прымусіла кіраўніцтва рэспублікі прыняць 4 мая 1986 г. рашэнне аб адсяленні насельніцтва з 30-кіламетровай зоны навокал ЧАЭС, у першую чаргу з Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскага раёнаў. Да канца года ў чыстыя месцы было адселена 27, 7 тыс. чалавек, а на Украіне, дзе плошчы забруджвання былі значна меншыя, адсялілі каля 100 тыс. Да таго ж былі дапушчаны сур'ёзныя памылкі і пралікі ў справе арганізацыі работы, тэрмінах выканання, інфармавання насельніцтва, забеспячэння яго прасцейшымі сродкамі абароны ад радыяцыі, прыборамі кантролю і дазіметрыі, аховы маёмасці і г. д. Падыходы да вынікаў аварыі пачалі мяняцца пасля першых альтэрнатыўных выбараў 1989 г. Вярхоўнага Савета БССР. Новы склад Савета зацвердзіў Дзяржаўную праграму ліквідацыі ў Беларускай ССР наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС на 1990-1995 гг., якую распрацаваў урад Беларусі. У межах праграмы былі вызначаны дадатковыя захады па ахове здароўя насельніцтва: пачалося адсяленне ў чыстыя раёны яшчэ каля 100 тыс. чалавек, былі складзены і апублікаваны карты забруджанасці тэрыторыі рэспублікі, створаны Інстытут радыяцыйнай медыцыны і інш. Каб забяспечыць з боку дзяржавы сацыяльную падтрымку лю-дзей, якія пацярпелі ад аварыі, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь у 1991-1992 гг. прыняў некалькі новых законаў. Намаганні новага кіраўніцтва Беларусі былі падтрыманы міжнароднымі арганізацыямі. Генеральная Асамблея ААН прыняла спецыяльную рэзалюцыю аб аказанні Беларусі міжнароднай дапамогі. Прыкладна ў гэты ж час беларускае кіраўніцтва, навукоўцы і грамадскасць рашуча і аргументавана выступілі супраць заяваў чыноўнікаў МАГАТЭ (Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі) аб нібыта завышаных ацэнках небяспекі радыяцыйнага ўздзеяння на здароўе людзей і забруджанасці навакальнага асяроддзя. Цень Чарнобыля ўскосна закранула аўтарытэт міжнароднга атамнага кансорцыума, які ў першую чаргу занепакоіўся аб сваёй будучыні. Невыпадкова дзеянні прадстаўнікоў МАГАТЭ ў публікацыях, у тым ліку замежных, расцэньваліся як змова міжнароднага атамнага лобі, яго нежаданне ў пэўнай ступені падзяліць адказнасць за тэхнагенную катастрофу, якая ў гіганцкіх маштабах змяніла стан прыроднага асяроддзя і зрабіла яго небяспечнай для чалавека. У выніку аварыі небяспечнымі радыенуклідамі засмечана 23% тэрыторыі краіны: больш за 1/3 усяго вырваўшагася цэзія-137, які распаўсюджваецца праз прадукты харчавання і асядае ў мышачных тканках, выпала на Беларусь; 10% тэрыторыі ўтрымліваюць стронцый-90 і 2% - выключна небяспечныя ізатопы плутонія. Зараз каля 70% калектыўнай дозы апраменьвання насельніцтва Беларусі выклікана радыенуклідамі праз прадукты харчавання. Аварыя разбурыла ўклад жыцця соцень тысяч людзей і нарадзіла пастаянны стрэс у насельніцтва. Забруджаныя раёны пакінулі 335 тыс. чалавек, ліквідавана 415 населеных пунктаў, 607 школаў і дашкольных устаноў, 97 бальніц. Яна падарвала эканамічны патэнцыял краіны. У зоне забруджанасці знаходзіцца 47% унікальных фармовачных пяскоў, 91% пяскоў для вытворчасці шкла, 13% запасаў розных глінаў, 5 млн. кубаметраў будаўнічага пяску, гравію і гліны, 13, 5 млн. т. торфу, 7, 7 млн. т. мелу, прыпынена разведка тэрыторый, перспектыўных на газ і нафту ў аб'ёме, прыкладна, 52 млн. тон. Агульныя страты склалі 235 млрд. долараў ЗША, або 32 гадавых рэспубліканскіх бюджэты 1985 г. Чарнобыль увайшоў у гісторыю не толькі як вынік грубых памылак людзей і недасканаласці сістэмы, але і як суровае папярэджанне чалавецтву. Ен высветліў яшчэ адну важную ісціну - неабходнасць праўдзівага інфармавання насельніцтва. Утойванне праўды стварае дадатковыя пагрозы.
|