Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Метадалогія эканамічнай гісторыі Беларусі






Сутнасць метадалогіі гісторыі – гэта вырашэнне пытання аб прыродзе гістарычнага тлумачэння. Метадалогія раскрывае асноўныя паняцці навукі і паказвае іх ролю ў працэсе пазнання. Адна з задач метадалогіі – удасканаленне паняційнага апарату. Да яе асноўных паняццяў адносяцца катэгорыі і прынцыпы.

Катэгорыі – гэта найбольш агульныя паняцці, якія канцэнтруюць веды аб важнейшых адносінах, уласцівасцях і сувязях навакольнага свету (гістарычны час, гістарычны факт, гістарычнае месца і інш.).

Прынцыпы – зыходныя паняцці навукі, што вызначаюць асноўныя спосабы вырашэння навуковай праблемы. Прынцып гістарызму патрабуе ад даследчыка ўлічваць зменлівасць і развіццё рэчаіснасці ў часе. Прынцып аб’ектыўнасці патрабуе ад даследвання ўсебаковыга ахопу вывучаемай з’явы, апоры на дасягнуты ўзровень навуковых ведаў з улікам усіх поглядаў на дадзенную праблему, выкарыстоўвання ўсёй сукупнасці метадаў даследавання. Прынцып каштоўнаснага падыходу патрабуе выяўлення і ацэнкі індывідуальна значнага для канкрэтнай асобы ў вывучаемым аб’екце, але пры захаванні прынцыпаў гістарызму і аб’ектыўнасці.

Сродкам пазнавальнай дзейнасці з’яўляюцца метады.

Метад – гэта сукупнасць прыёмаў і аперацый, што рэгулююць дзейнасць даследчыка і забяспечваюць вырашэнне даследчыцкай задачы. Да больш важкіх, арганічна звязаных з курсам гісторыі можна аднесці наступныя групы метадаў даследавання:

метады агульнанавуковыя (гістарычны, лагічны і метад класіфікацыі і інш.) – лагічная аснова ўсялякага даследавання. Так, гістарычны метад дазваляе ўстанавіць гістарычную паслядоўнасць працэсу генезісу вывучаемай з’явы, яе генетычныя вытокі;

спецыяльна-гістарычныя метады, у тым ліку:

· метад класавага падыходу трактуе гістарычны працэс праз прызму наяўнасці розных класаў. Як развіццё класавага метаду – марксісцкі падыход, які прапагандаваў наяўнасць класавай барацбы;

· гісторыка-генетычны метад дазваляе вывучаць з’явы ў працэсе іх развіцця, ад зараджэння да гібелі ці сучаснага стану;

· гісторыка-параўнальны ці кампаратыўны метад дазваляе параўноўваць гістарычныя аб’екты ў прасторы і часе, выяўляць падабенствы і адрозненні паміж імі;

· гісторыка-тыпалагічны дазваляе выяўляць агульныя рысы ў прасторавых групах гістарычных падзей і з’яў і вылучаць аднародныя стадыі ў іх развіцці;

· гісторыка-сістэмны метад дазваляе праводзіць паглыблены аналіз сацыяльна-гістарычных сістэм і раскрываць ўнутраныя механізмы іх функцыянавання;

· дыяхранічны метад дазваляе даследчыку будаваць у часе разнастайныя па прыродзе гістарычныя працэсы;

· рэтраспектыўны метад дазваляе праводзіць паслядоўнае пранікненне ў гістарычнае мінулае з мэтай выяўлення прычыны дадзенай падзеі.

Існуюць і іншыя метады – храналагічны або метад перыядызацыі, параўнальна-гістарычны або метад гістарычных паралеляў, метад гістарычнага мадэлявання і г.д.;

метады сумежных навук – матэматычнай статыстыкі, сацыяльных канкрэтных даследаванняў, сацыяльнай псіхалогіі і г.д.

Сярод іх можна адзначыць колькасныя метады ў т.л. інфармацыйныя. Гэта колькасны аналіз, контэнт-аналіз, мадэляванне, метад сінергетыкі (тэорыі самаарганізаваных грамадскіх сістэм) і інш.;

метады прыродазнаўчых навук (фізічных, хімічных, біялагічных, геалагічных, тэхнічных і г.д.).

Для гісторыі найбольш важныя радыевугляродны, дэндралагічны, археаманітычны, металаграфічны, петраграфічны, геафізічны метады. З іх дапамогай можна вызначыць «узрост» рэшткаў дрэва, вугалю, касцей, керамікі, зерневых і збожжавых культур з сярэднестатыстычнай памылкай усяго ў 1-2%; ўстанавіць агульныя заканамернасці ў развіцці тэхналогіі апрацоўкі матэрыялаў і г.д.

Крыніцы па гісторыі Беларусі. Асноўныя задачы навукі “Гісторыя Беларусі”

Крыніцы па гісторыі Беларусі вельмі разнастайныя па форме, зместу і дакладнасці інфармацыі. Гісторыкі карыстаюцца некалькімі тыпамі крыніц. Кожны тып, у сваю чаргу, можа падзяляцца на больш дробныя састаўныя часткі.

Археалагічныя крыніцы. Гэты тып крыніц – асноўны для даследчыкаў да з’яўлення крыніц пісьмовых. Аднак і з існаваннем пісьмовых крыніц археалагічныя не страчваюць сваей вагі ў вывучэнні гістарычных падзей да XV-XVII ст. Да археалагічных крыніц адносяць: рэшткі старажытных паселішчаў, стаянак, гарадзішчаў, гарадоў; выкапневыя прылады працы, прадметы побыту, хатняе начыненне, адзенне; горныя выпрацоўкі, гідратэхнічныя збудаванні, палі старажытнага земляробства, дарогі; зброю, абарончыя збудаванні; магільнікі і інш. На ўсёй тэрыторыі Беларусі зарэгістравана каля 6 тысяч буйных археалагічных помнікаў, што ахопліваюць храналагічны перыяд ад часоў першых пасяленцаў (каля 100-40 тыс. гадоў да н.э.) і да XV ст.

Тапанімічныя крыніцы. Тапонімы – гэта назвы геаграфічных аб’ектаў. Яны былі дадзены яшчэ ў самыя старажытныя часы, захоўваючы звесткі пра этнічны склад старажытнага насельніцтва тэрыторыі, найбольш распаўсюджаныя яго заняткі. Так, існаванне падсечна-агнявой (ляднай) сістэмы земляробства знайшло адлюстраванне ў назвах населеных пунктаў Ляды, Чысць. Ад старадаўніх промыслаў і рамёстваў атрымалі назвы пунктаў Рудня, Кавалі, Пушкары. Ў 20-я – 60-я г. XX ст. праводзілася палітыка перайменавання паселішчаў. Шмат весак і гарадоў, што мелі нязвучныя назвы, страцілі іх. Так каля 1000 старадаўніх назваў населеных пунктаў зніклі з карты Беларусі. У выніку каштоўнасць гэтага тыпу крыніц значна знізілася.

Помнікі пісьменнасці. Пісьменнасць ва ўсходніх славян звязана з увядзеннем братамі Кірылам і Мяфодзіем у 863 г. кірылічнай азбукі, якая пакладзена ў аснову алфавітаў сучаснай беларускай, рускай і ўкраінскай моў.

Раннія пісьмовыя крыніцы – гэта «Аповесць мінулых гадоў», Лаўрэнцьеўскі, Іпацьеўскі, Радзівілаўскі летапісы, «Руская праўда», «Слова аб палку Ігаравым» і інш. дакументы. У іх мы знаходзім самыя раннія звесткі пра гарады Полацк, Тураў, Брэст, Мінск, Друцк, аб рассяленні ўсходніх славян на тэрыторыі Беларусі, іх гаспадарчай дзейнасці, грамадскім ладзе. Разам з археалагічнымі крыніцамі яны даюць досыць поўнае ўяўленне аб жыцці і занятках насельніцтва старажытнай Беларусі.

Беларускія летапісы складаліся ў межах Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага ў XIII-XVI стст. на старажытнарускай, старабеларускай і польскай мовах. Ранні этап беларускага летапісу прадстаўлены кароткімі летапіснымі рэдакцыямі. Гэта Супрасльскі, Увараўскі, Познанскі, Нікіфараўскі, Слуцкі, Акадэмічны летапісы. Да падрабязных летапісаў адносяцца «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», а таксама спісы Красінскага, «Летапіс Быхаўца». Яны адлюстроўваюць заканчэнне працэсу этнічнай, палітычнай і эканамічнай кансалідацыі беларускіх земляў, што адбылася да XVI ст. Летапісы канца XVI-пачатку XVII ст. (Баркулабаўскі летапіс, Віцебскі летапіс) аб беларускіх землях гавораць як аб адзіным палітычным і эканамічным рэгіёне.

Гаспадарчыя дакументы XV – першай паловы XIX ст. як крыніцы па гісторыі Беларусі маюць выключную каштоўнасць. Яны прадстаўлены інвентарамі маёнткаў, гарадоў, рэвізіямі дзяржаўных і магнацкіх маёнткаў і г.д. Тут маюцца звесткі аб памерах зямельных угоддзяў, колькасці двароў, занятках насельніцтва, стане рамяства і гандлю і іншых баках дзейнасці насельніцтва.

Матэрыялы цэнтральных і мясцовых органаў дзяржаўнай улады Расійскай імперыі з’яўляюцца крыніцай па вывучэнню палітыкі цэнтральнага ўрада на беларускіх землях і стана развіцця гаспадаркі Беларусі ў XIX – пачатку XX ст.

Мемуарная літаратура і дзённікі ўтрымліваюць вельмі каштоўныя звесткі аб настроях, якія панавалі ў грамадстве ў тыя часы, аб спосабах вядзення гаспадаркі ў кожным канкрэтным маёнтку, якім валодаў аўтар.

Статыстычныя даведнікі выдаваліся ў межах Расійскай імперыі з пачатку XIX ст. Адзін з першых даведнікаў: «Статистическое изображение городов и посадов Российской империи по 1825 год» (1829 г.) утрымліваў дакладныя звесткі аб эканамічным стане беларускіх гарадоў. Друкаваліся спецыялізаваныя даведнікі, яны ахоплівалі розныя сферы гаспадарчага развіцця («Фабрично-заводская промышленность России. Перечень фабрик и заводов» (1897 г.); «Статистика землевладений в 1905 г.» (1906-1907 гг.), а таксама матэрыялы рэвізій конскіх перапісаў і ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г.

У савецкі перыяд перш за ўсё выдаваліся статыстычныя даведнікі па выніках кожнай пяцігодкі ці да юбілеяў існавання савецкай улады («Советская Белоруссия», 1921 г.; «Белорусская ССР в цифрах. К 10-летию существования БССР. 1919-1929 гг.», 1929 г.; «Ітогі першай пяцігодкі БССР», 1934 г.; «Белорусская ССР за годы Советской власти», 1967 г.; «Народное хозяйство Белорусской ССР. Юбилейный статистический ежегодник», 1978 г. і г.д.). Да кожнага з іх трэба падыходзіць творча і крытычна.

Перыядычныя выданні – гэта агульная перыёдыка, прадстаўленая грамадска-палітычнымі, культурнымі часопісамі і газетамі «Русский архив» (1863-1917), «Русская старина»
(1870-1918 гг.), «Губернскія ведамасці», “Мінскі лісток”, гарадскія газеты-капейкі, першымі беларускімі газетамі “Наша доля” і “Наша ніва”.

Публікацыя дакументаў па гісторыі Беларусі пачалася ў першай палове XIX ст. Першай такой публікацыяй з’явілася выданне «Белорусского архива древних грамот. 1507-1768 гг.», здзейсненнае Іванам Грыгаровічам у 1824 г. Шматтомныя выданні здзейсніла Пецярбургская археаграфічная камісія, што выдала 5 тамоў «Актов, относящихся к истории России», 1846-1853 гг. і 15 тамоў «Актов, относящихся к истории Южной и Западной России», 1863-1892 гг. Віленская археаграфічная камісія выдала на працягу 1865-1904 гг. 39 тамоў «Актов, издаваемых Виленской Археографической комиссией» і 14 тамоў «Археографического сборника документов, относящихся к истории Северно-Западной Руси». Археаграфічная камісія, што працавала ў Віцебску, у 1871-1906 гг. выдавала «Историко-юридические материалы», усяго 32 выпускі. Такім чынам асноўная частка публікацыі дакументаў была здзейснена ў дарэвалюцыйныя часы.

У савецкі перыяд ў 20-я гг. выдадзен зборнік «1905 год у Беларусі». У 30-я гг. убачылі свет «Матэрыялы да гісторыі мануфактуры Беларусі ў гады распаду феадалізму» (у 2 т.); Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах, IX-XVIII стст.» (Т.1. 1936), «Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі, 1772-1903 гг.»
(Т.3. 1940). У 50-70-я гг. выдадзены зборнік «Белоруссия в эпоху феодализма» (У 4 т.), «Документы и материалы по истории Белоруссии. 1900-1917 гг.», «Хрестоматия по истории Белоруссии.
С древнейших времен до 1917 г.».

Архіўныя матэрыялы можна разглядаць як асобны тып крыніц. Зараз ў Нацыянальным архіве Беларусі налічваецца 7089 фондаў (па дакументах з XIV да XIX ст. – 3089, па дакументах XX ст. – 4000), у якіх захоўваецца больш за 2 млн. спраў, частка з іх – каштоўныя крыніцы па эканамічнай гісторыі Беларусі.

Задачы вывучэння гісторыі Беларусі ў сістэме “Адкрытая адукацыя”

· Праводзіць даследаванні па праблеме альтэрнатыўных шляхоў гістарычнага развіцця Беларусі. Гэтага патрабуе суверэнны статус нашай дзяржавы;

· праводзіць параўнальна-гістарычнае даследаванне ўсіх грамадскіх і гаспадарчых укладаў, што існавалі і існуюць у гісторыі Беларусі, вылучаць найбольш эфектыўныя з іх;

· вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці эканомікі і палітыкі;

· вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці ў развіцці грамадства, гаспадаркі і дэмаграфічнай сітуацыі на Беларусі;

· вывучаць праблемы развіцця беларускага грамадства і эканомікі ва ўмовах наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС;

· вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці ў развіцці грамадства і гаспадаркі і стане навакольнага асяроддзя;

· вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці эканамічнай, палітычнай, духоўнай і інтэлектуальнай сфер жыцця грамадства;

· вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці стану адукацыі і ступені развіцця краіны.

Такім чынам, гісторыя Беларусі:

· дае паняцце аб месцы незалежнай Беларусі ў свеце;

· дае паняцце аб стане нацыянальнай гаспадаркі;

· дае паняцце аб перспектывах развіцця беларускай дзяржавы і нацыі;

· дае паняцце аб спосабах і шляхах больш эфектыўнага развіцця Беларусі.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.009 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал