Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Лекцыя 8. Уваходжанне Беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі. Палітычная і эканамічная гісторыя першай паловы XIX ст. Вайна 1812 года на Беларусі






Асноўныя паняцці:

падзелы Рэчы Паспалітай; губернскія рэформы; Беларускае генерал-губернатарства; русскае землеўладане; Беларуская каталіцкая епархія; “мяжа аседласці”; «польскае пытанне»; Віленская вучэбная акруга; «разборы» шляхты; інвентарная рэформа; шляхецкае паўстанне; Герцагства Варшаўскае; Камісія часовага праўлення ВкЛ; бітва каля вёскі Студзенка; “Віленская асацыяцыя”; масоны; філаматы; філарэты; «Бабруйскі план»; «Дэмакратычнае таварыства»; прамысловы пераварот; капіталістычныя мануфактуры; кірмашы; развозна-разносны гандаль; “вольныя хлебапашцы”; люстрацыі.

Урадавая палiтыка пад час падзелаў Рэчы Паспалітай
(канец XVIII ст.)

Жнівень 1772 г. – першы падзел Рэчы Паспалітай. У склад Расіі былі ўключаны Інфлянцкае ваяводства, найбольшая частка Полацкага, амаль усё Віцебскае ваяводства, усё Мсціслаўскае і ўсходняя частка Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства (з Рагачовам, Прапойскам, Чачэрскам і Гомелем).

Студзень 1793 г. – другі падзел Рэчы Паспалітай. Да Расіі адышлі Правабярэжная Украіна, а таксама цэнтральная частка Беларусі з гарадамі Мінскам, Барысавам, Бабруйскам, Рэчыцай, Слуцкам, Навагрудкам, Пінскам і Мазыром.

Пасля падаўлення паўстання 1794 г. адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай (1795 г.). Расія далучыла Літву, заходнюю частку Беларусі і Заходнюю Валынь.

Урад Кацярыны II, пад час праўлення якой адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай, і Беларусь была далучана да Расійскай імперыі, праводзіў на новых тэрыторыях цэнтралісцкую аб’яднальную палітыку, яе канчатковай мэтай было зліццё новых тэрыторый з рускімі рэгіёнамі.

На Беларусі з 1777 г. былі распаўсюджаны агульнарасійскія адміністратыўныя органы кіравання і расійская сістэма адміністратыўнага падзелу. Канчаткова яна аформілася пасля губернскіх рэформ 1796 і 1801 гг. – былі ўтвораны Літоўскае (пасля Віленскае) генерал-губернатарства (Віленская, Мінская і Гродзенская губерні) і Беларускае генерал-губернатарства (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні). Губерніі былі падзелены на паветы. Кіруючыя пасады займалі прысланыя з расійскіх губерній чыноўнікі. Але другарадныя пасады ў губернска-павятовай адміністрацыі маглі займаць прадстаўнікі мясцовага дваранства. Відавочнасць пераёмнасці ўлады стварыла захаванне дзейнасці тых палажэнняў Статута 1588 г., якія не супярэчылі расійскаму заканадаўству.

Беларуская шляхта атрымала ад расійскіх улад роўныя правы з расійскім дваранствам і абяцанне захаваць зямельную маёмасць. Галоўнае патрабаванне – прынесці прысягу на вернасць. Шляхта страціла права на канфедэрацыі, на прыватнае войска, на ўдзел у Сеймавых паседжаннях – але атрымала права выбіраць членаў губернскіх і павятовых судоў, а так сама атрымліваць займы ў цэнтральных банках Расіі і права займацца вінакурэннем. Пасля трэцяга падзелу пераважная большасць шляхты прысягнула Кацырыне II. Толькі найбольш радыкальная шляхта пакінула новыя межы імперыі, галоўным чынам гэта былі ўдзельнікі паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. Так, да 1800 г. канфіскавана было толькі 26 маёнткаў (каля 38.000 сялян) па ўсёй Беларусі.

Адначасова з “прыручэннем” мясцовай шляхты ўрад займаўся распаўсюджаннем русскага землеўладання на далучаных землях. Фонд падараванняў – дзяржаўныя маёнткі і канфіскаваныя шляхецкія. Да пачатку XIX ст. было раздадзена 208.550 душ
(1/4 частка дзяржаўных сялян Беларусі). Але вялікія памеры падараванняў (па 5-15 тысяч) не садзейнічалі з’яўленню на Беларусі вялікай колькасці рускіх дваран. Новых землеўладальнікаў можна было проста пералічыць: Р. Пацёмкін, П. Румянцаў-Задунайскі, С. Зорыч, А. Сувораў, М. Рапнін і інш. Падараванні перапыніў Аляксандр I с прычыны рэзкага росту незадаволеннасці сялян, бо іх становішча рэзка пагаршалася. Павел I нават выдаў маніфест у красавіку 1797 г. аб абмежаванні паншчыны трымя днямі ў нядзелю, але памешчыкі ігнаравалі ўказ, а ўрад не настойваў на яго выкананні.

Урад захаваў канфесійную сітуацыю, якая склалася ў межах былой Рэчы Паспалітай. Таму каталіцкай шляхце і духавенству падстаў для недавольства створана не было. Захаваўся і ордэн езуітаў, забаронены ў Еўропе згодна рашэнню папы – Кацярына II шукала падтрымкі ўплывовай рэлігійнай арганізацыі. У 1773 г. у Магілёве была заснавана Беларуская каталіцкая епархія, якая ў 1782 г. пераўтварылася ў архібіскупства. Гэта было зроблена, каб перапыніць умяшальніцтва ў рэлігійныя справы з-за межаў імперыі. У гэтым жа рэчышчы каталіцкія манастыры былі выведзены з падпарадкавання замежным генералам і перададзены епархіальным біскупам (1795 г.). У 1798 г. на беларускіх землях было ўтворана тры каталіцкія епархіі (з шасці расійскіх). Улады пільна сачылі за каталіцкім духавенствам – але значных перашкод у звычайнай дзейнасці не чынілі. Адносіны паміж канфесіямі былі складанымі – з-за пераходу вернікаў з адной канфесіі ў другую. Афіцыйна гэта забаранялася, завыключэннем перахода ў праваслаўе. Так, у красавіку 1794 г. быў выдадзены аб пераводзе ўніятаў у праваслаўе, так званым “уз’яднанні”. Дзякуючы адміністратыўнаму націску ўз’ядналася каля 1.500.000 чалавек з Усходней Беларусі і Ўкраіны. Але справа не была даведзена да канца, нават частка вернікаў вярнулася да ўніі. Адначасова назіраліся прыклады пераводу ўніятаў у каталіцкую веру, асабліва пашыраныя ў заходніх рэгіёнах Беларусі. Гэта рабілася як памешчыкамі, так і ў выніку падманнай агітацыі ксяндзоў.

Беларускія сяляне з’яўляліся галоўным падатковым саслоўем. Адразу пасля далучэння ім была зроблена значная палёгка, але праз некалькі год падушны падатак быў уведзены ў поўным аб’ёме. Дзяржаўныя падаткі збіраліся на Беларусі серабром (да 1811 г.), у той час як рускія сяляне плацілі асігнацыямі, курс якіх да сярэбраных грошаў быў у некалькі разоў меншы. Да того, у дачыненні сялян уводзілася рэкруцкая павіннасць, невядомая ў Рэчы Паспалітай.

Што тычыцца гарадоў, то трэба адзначыць скасаванне магдэбурскага права. Частка гарадоў і мястэчак атрымалі правы згодна даравальнай граматы гарадам Расійскай імперыі 1785 г. Жыхары іншых мястэчак пераводзіліся ў разрад сялян і маглі быць падараваныя прыватным уладальнікам. Адначасова ўрад адмяніў уладу феадалаў над гарадамі і паступова выкупаў населеныя пункты з прыватных рук. На гараджан, як і на сялян, пашыралася рэкруцкая павіннасць.

Для яўрэйскага насельніцтва вызначалася “мяжа аседласці”, у якую ўваходзілі беларускія і частка ўкраінскіх губерняў. Ім дазвалялася жыць толькі ў гарадах гэтых губерній, займацца толькі рамёствамі і гандлем, забаранялася займацца земляробствам. Яўрэі атрымалі права запісвацца ў мяшчанскае ці купецкае саслоўі пры ўмове спагнання з іх двайных дзяржаўных падаткаў. Гэты закон на доўгі час абумовіў спецыфіку развіцця гарадоў Беларусі, яе прамысловасці, а так сама і грамадска-палітычныя адметнасці беларускага рэгіёну, асабліва ў канцы XIX – пачатку XX стст.

Далучэнне да Расіі спачатку значна паўплывала на паскарэнне эканамічнага развіцця Беларусі. Былі акрэслены напрамкі гаспадарчай спецыялізацыі рэгіёну як часткі гаспадарчага комплексу імперыі. Попыт на сельскагаспадарчую прадукцыю паспрыяў павялічэнню пасяўных плошчаў, асабліва пад тэхнічныя культуры. Пашыраліся гандлёвыя сувязі і развівалася мануфактурная прамысловасць.

У выніку далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі тут пашырылася і замацавалася прыгонніцтва, паскорылася эканамічнае развіццё, а палітычнае і культурнае жыццё пераарыентавалася ў усходнім накірунку.

Урадавая палiтыка ў першай палове XIX ст. Спробы вырашэння “польскага пытання”

Урадавая палітыка ў першай палове XIX ст. звязана з імёнамі расійскіх імператараў Аляксандрам І і Мікалаям I. Для эпохі Аляксандра І (1801-1825 гг.) была характэрна палітыка «заходніцтва». Разачараванне вынікамі французскай рэвалюцыі прывяло самыя шырокія колы еўрапейскай грамадскасці да ўмацавання веры ў эвалюцыйны, рэфармісцкі шлях дзяржаўнага развіцця. Але намер Аляксандра І павярнуць краіну на шлях канстытуцыйнай манархіі і вырашыць сялянскае пытанне сустрэў ва ўрадавых колах Расіі моцную апазіцыю з боку кансерватараў, праціўнікаў лібералізацыі дзяржаўнага жыцця. Заходніцкі курс паступова згубіў сваю дынаміку, а ў 20-х гадах ён змяніўся ўзмацненнем самадзяржаўных тэндэнцый. Кіраванне Мікалая І
(1825-1855 гг.) – гэта вяртанне да традыцыйнага шляху развіцця Расіі. Ідэалагічным абгрунтаваннем яго стала «тэорыя афіцыяльнай народнасці», мэта якой – умацаванне асноў манархічнага праяўлення. Негледзячы на розныя падыходы ў здзяйсненні ўнутранай палітыцы, абодвух імператараў аб’ядноўвала адно – тэрміновае вырашэнне «польскага пытання».

Падзелы Рэчы Паспалітай паклалі канец існаванню адной з дзяржаў Усходняй Еўропы і абумовілі ўзнікненне «польскага пытання». Яго асаблівасць – пастаяннае імкненне пераважнай большасці польскага грамадства да аднаўлення страчанай дзяржаўнасці. «Пытанне» аказвала ўплыў на ўсе сферы ўрадавай палітыкі, у тым ліку, ў заканадаўчай, саслоўнай, нацыянальна-рэлігійнай і ў галіне асветы. Формы і метады гэтай палітыкі мяняліся ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне. Землi ВкЛ разглядаліся як спрадвечна рускія, таму адной згалоўных задач урад лічыў вяртанне страчаных на працягу ХVІІ-ХVІІІ стст. пазіцый праваслаў’я, ліквідацыі ўплыву Рыму на ўнутраныя справы Расіі, асабліва якiя тычылася царквы i асветы.

У пачатку XIX ст. характар урадавай палітыкі на тэрыторіі Беларусі вызначаўся імкненнямі Аляксандра I увесці канстытуцыю, а так сама яго згодай на магчымае аднаўленне дзяржаўнасці Польшчы. Гэта прыцягнула на бок імператара польскіх дзеячаў, у тым ліку А. Чартарыйскага і М. Агiнскага, садзейнічала стварэнню Каралеўства Польскага са сваёй канстытуцыяй і мясцовай адміністрацыяй (у 1815 г.). Вынікам такой палітыкі з’явілася незвычайнае ўзмацненне польскага ўплыву ў галіне культуры і мовы, умацаванне пазіцый каталіцызму. Тэрыторыя Беларусі была ўключана ў склад Віленскай навучальнай акругі, польскай па характару свёй дзейнасці.

Але раскрыццё на пачатку 20-х гадоў у Віленскім універсітэце тайных студэнцкіх гурткоў спрыяла змяненню ўрадавай палітыкі на Беларусі. 3 гэтага часу асноўным яе накірункам становіцца ўсямернае паслабленне польскага палітычнага і культурнага ўплыву. З Віленскай вучэбнай акругі ў 1824 г. былі выключаны і перададзены ў Пецярбургскую вучэбную акругу дзве беларускія губерні – Віцебская і Магілёўская, а А. Чартарыйскі вызвалены ад пасады папячыцеля акругі і зменены М. Навасільцавым.

Курс гэты яшчэ больш узмацняецца ў канцы 20-х гадоў і асабліва ў сувязі з польскім нацыянальным паўстаннем 1830-1831 гг. Была створана Беларуская навучальная акруга з дакладна акрэсленымі адміністрацыйна-этнічнымі межамі беларускай тэрыторыі. Адначасова ўрад развярнуў выдавецкую дзейнасць па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі, каб даказаць, што гэта тэрыторыя была здаўна «рускай».

Саслоўная палітыка, якая праводзілася на тэрыторыі Беларусі, была накіравана на ўмацаванне пазіцый Расіі, і яна ўлічвала гістарычныя асаблівасці, якія склаліся на працягу стагодзяў. Наглядалася значная розніца ў прававым статусе дваранства ў Расіі і Беларусі. Так, у Расіі не было сацыяльнай групы, адпаведнай беларускай дробнай шляхце, якая часам набліжалася да становішча селяніна-аднадворца. Працэнт дваранскага саслоўя ў Расіі быў намнога ніжэй, чым у Беларусі. Збяднелыя дваране ў Расіі гублялі свае прывілеі і пераходзілі на дзяржаўную ваенную або грамадзянскую службу. На Беларусі збяднелая шляхта фармальна не адрознівалася ад магнатаў і юрыдычна мела з імі аднолькавыя правы. У былой Рэчы Паспалітай шляхта не прывыкла да бясспрэчнага паслухмянства дзяржаўнай уладзе. Традыцыя гэта ўзыходзіла да эпохі «залатых вольнасцей шляхецкіх». У Расіі, дзе існавала неабмежаваная манархія, традыцыі палітычнага жыцця былі іншыя. Таму палітыка расійскага ўрада ў адносінах да дваранства Беларусі яшчэ з канца ХVIII ст. вызначалася асцярожнасцю.

Мясцовым дваранам прадастаўляліся ўсе правы і прывілеі, якімі валодала расійскае дваранства, дазвавалялася права карыстання «мясцовымі законамі», калі яны не супярэчылі расійскім. На тэрыторыі Беларусі да 1840 г. дзейнічаў Статут ВкЛ І588 г. Аднак мясцовая адміністрацыя стваралася па расійскіх нормах і была строга падпарадкавана цэнтральнай уладзе.

Новым ва ўрадавай палітыцы быў дыферэнцыраваны падыход да розных груп беларускага дваранства. На першы план вылучаецца палітыка ў адносінах да дробнай шляхты, якая складала абсалютную большасць мясцовага прывілеяванага саслоў’я. Яна праявілася ў так званым «разборы» шляхты, ў прыпісцы былых шляхціцаў да розных груп падатковага саслоў’я. «Разбор» шляхты быў дэклараваны яшчэ ў 1772 г., але яго рэалізацыя праводзілася марудна, бо існавала ўскладненая юрыдычная сістэма доказаў дваранскага паходжання. Штуршком для паскарэння “разбору” шляхты з’явілася паўстанне 1830-1831 гг. Разбор праводзіўся так сама з прычыны стварэння адзiнай эканамічнай i палітычнай прасторы імперыі, i пашырэння фіскальнай практыкі ўрада, якая праводзілася з мэтай павелічэння колькасці плацельшчыкаў падаткаў і пастаўшчыкоў рэкрутаў.

3 канца ХVIII ст. дваранства Беларусі з’яўлялася актыўным удзельнікам выступленняў за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Палітыка ўрада ў адносінах да іх была дваістай. Удзельнікі найбольш масавых выступленняў (паўстанне Т. Касцюшка, паход Напалеона 1812 г.) практычна засталіся без пакарання. Гэтым урад спрабаваў прыцягнуць на свой бок вышэйшае саслоўе беларускіх губерняў – магнатаў і паноў. Адначасова адбываўся працэс абмежавання праў і прывілей мясцовай шляхты. У выніку яе становішча пагоршылася, а яе імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай узмацнілася.

Значным было паўстанне 1830-1831 гг., і як вынік на прадстаўнікоў дробнай шляхты ў першую чаргу абрушыліся рэпрэ-
сіі – арышты, высылка ва ўнутраныя губерні імперыі, сакрэтны наглад паліцыі, цэнзура асабістай перапіскі.

Сялянскае пытанне на тэрыторыі Беларусі на працягу першай паловы XIX ст. зведала значную эвалюцыю. Беларускіх памешчыкаў зацікавіла «вызваленне сялян» у Остзейскім краі ў 1816-1819 гг., па якому сяляне атрымлівалі асабістую свабоду без зямлі.

Пасля паўстання 1830-1831 гг. урад пачаў глядзець на сялян як на сваіх саюзнікаў, пастараўся прыцягнуць іх на свой бок. Адным з такіх пачынанняў была рэформа кіравання казённымі маёнткамі і дзяржаўнымі сялянамі. Яна праводзілася міністэрствам дзяржаўных маёмасцей з 1837 г. У адрозненні ад вялікарасійскіх губерняў, рэформа П.Д. Кісялёва на Беларусі складалася з трох частак: рэформы сістэмы кіравання; палітыкі «апякунства» ў адносінах да сялян; шэрагу аграрных мерапрыемстваў, вядомых пад назвай «люстрацыі дзяржаўных маёмасцей». Рэформа пачалася з перабудовы апарату кіравання дзяржаўнай вёскай. У аснову заснавання нiжэйшых ступеняў кiравання была пакладзена «Ўстанаўленне аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў губернях» (І838 г.). 28 снежня 1839 г. для заходніх губерняў было выдадзена спецыяльнае «Палажэнне аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей заходніх губерняў і Беластоцкай вобласці».

Рэформа кіравання дзяржаўнымі сялянамі садзейнічала істотнаму паляпшэнню становішча дзяржаўных сялян. У выніку рэформы агульная плошча надзельнага фонду павялічылася на 10, 7%. Але адначасова за гады рэформы колькасць рэвізскіх душ узрасла на 38, 5%. Перамены адбыліся ў прававым статусе дзяржаўных сялян. За імі прызнаваліся правы атрымання спадчыны, уласнасці, занятаку гандлем і промысламі. Рэформа Кісялёва насіла буржуазны характар. Перавод на аброк спрыяў паскарэнню маёмаснай дыферэнцыяцыі, працэсу першапачатковага накаплення капіталу, вызваліў працоўныя рукі для капіталістычнай вытворчасці, стымуляваў рост гарадоў, з’явіўся адным з падрыхтоўчых мерапрыемстваў урада па вырашэнню аграрнага пытання ў Расіі.

3 сакавіка 1840 г. П.Д. Кісялёў пачаў падрыхтоўку інвентарнай рэформы з мэтай падцягнуць узровень памешчыцкай вёскі да дзяржаўнай. У 1844 г. быў створаны Камітэт заходніх губерняў для выпрацоўкі «Правілаў для кіравання маёнткамі па зацверджаных для гэтага інвентарах». Былі складзены інвентары-апісанні памешчыцкіх маёнткаў з дакладнай фіксацыяй сялянскіх надзелаў і агульнай для ўсіх маёнткаў колькасцю паншчынных дзён.

Увядзенне ў дзеянне перагледжаных і зноў складзеных інвентароў пачалося ў Беларусі з 1845 г. Для цяглавай сялянскай гаспадаркі, у залежнасці ад колькасці і якасці зямлі, у маёнтках устанаўліваліся надзелы памерам ад 4 да 9 дзесяцін. Такая гаспадарка павінна была адпрацаваць на паншчыне 3 дні з канём (мужчынская паншчына) і 1 дзень без каня (жаночая паншчына). Падводная павіннасць павінна была выконвацца за кошт паншчынных дзён. Памешчыкам забаранялася самавольна ўстанаўліваць згонныя дні, а таксама абкладаць сялян «данінай» – натуральнымі паборамі. Аднак памешчыкі сталі на абарону сваёй уласнасці, перашкаджалі перагляду старых і складанню новых інвентароў. Уваходзячы ў склад інвентарных камітэтаў, яны дабіваліся для многіх маёнткаў не толькі захавання былых прыгонніцкіх павіннасцей, але і ў шэрагу выпадкаў іх павелічэння. Асцерагаючыся абвастрэння адносін з мясцовымі памешчыкамі, урад асабліва не падганяў іх. Да 1857 г. перагледжаныя і зноў складзеныя інвентары былі ўведзены ў дзеянне толькі ў 1/10 частцы памешчыцкіх маёнткаў Беларусі. А ў сувязі з падрыхтоўкай сялянскіх рэформ неабходнасць ва ўвядзенні інвентароў зусім адпала.

Рэформы 30-50-х гг. захавалі дваранскую накіраванасць. Прынцыпы рэфармiравання дзяржаўнай вёскі былі прызнаны памешчыкамі празмерна радыкальнымі. Сацыяльна-прававое становішча памешчыцкіх сялян змянілася мала, феадальная ўласнасць заставалася пакуль некранутай.

Урадавая палітыка ў галіне асветы. Адной з важнейшых задач расійскі ўрад лічыў рэарганізацыю адукацыі, на асновах, якія б адпавядалі яго інтэрэсам. Сістэма адукацыі Беларусі ў першай чвэрці XIX ст. была пабудавана згодна з рэформай адукацыі 1802 г. Уся тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Віленскай навучальнай акругі (1803-1824 гг.), якую ўзначальваў князь А. Чартарыйскі. Навучальная акруга мела поўную самастойнасць і кіравалася асобным «Статутам» (1803 г.). А. Чартарыйскі карыстаўся неабмежаваным даверам Аляксандра І і мог праводзіць ідэі аднаўлення самастойнасці Польшчы.

У аснову сістэмы адукацыі Беларусі, як і Расіі, былі пакладзены прынцыпы бессаслоўнасці, бясплатнасці навучання на ніжэйшых яго ступенях, пераемнасці навучальных праграм.

Згодна з рэформай стваралася некалькі тыпаў навучальных устаноў. Пачатковая школа была прадстаўлена аднакласнымі прыхадскімі вучылішчамі для ніжэйшых саслоўяў. Сярэднюю адукацыю давалі павятовыя вучылішчы і гімназіі. У першыя дзесяцігоддзі XIX ст. у Беларусі таксама дзейнічала сетка вучылішчаў пры каталіцкіх і базыліянскіх манастырах. Яны давалі сярэднюю адукацыю і прыраўноўваліся да павятовых вучылішчаў і гімназій. Колькасць іх на працягу першай трэці XIX ст. паступова скарачалася, а ў 1832 г. у сувязі з закрыццём каталіцкіх манастыроў яны былі пераўтвораны ў свецкія.

Вышэйшую адукацыю даваў Віленскі ўніверсітэт. Ен меў 4 факультэты, бібліятэку, батанічны сад, астранамічную абсерваторыю, анатамічны музей, лабараторыі. Першымі рэктарамі ўніверсітэта былі браты I. і Я. Снядэцкія. У функцыі ўніверсітэта ўваходзіла арганізацыя навучальнага працэсу ў навучальнай акрузе наогул. Універсітэт павінен быў распрацоўваць навучальныя праграмы, выпускаць падручнікі, прызначаць настаўнікаў у гімназіі і вучылішчы. 3 1805 г. універсітэт выдаваў штомесячны навукова-літаратурны часопіс «Dziennik Wilenski» і быў своеасаблівым цэнтрам культурнага жыцця края, вакол якога згуртоўвалася мясцовая інтэлігенцыя.

Раскрыццё ў 1823 г. тайных таварыстваў у навучальных установах Віленскай акругі дало пачатак працэсу дэпаланiзацыi сістэмы асветы Беларусі. Дзеля гэтага праводзіўся перагляд праграм і падручнікаў, забаронялася заснаванне любых таварыстваў. Па плану новага папячыцеля акругі М. Навасільцава пачалася ліквідацыя павятовых вучылішчаў з гімназічным курсам навук. Яны былі пераўтвораны ў звычайныя павятовыя вучылішчы, выпускнікі якіх не мелі права вучыцца ва ўніверсітэце. Навучальныя ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губерній у 1824 г. былі перададзены ў падпарадкаванне Пецярбургскай навучальнай акругі на 5 гадоў.

Важным элементам школьнай справы на беларускіх землях была дзейнасць езуіцкіх навучальных устаноў і асабліва Полацкай акадэміі, якая адкрылася ў 1812 г. Яна мела факультэты моў, вольных навук (філасофія, прыродазнаўчыя і грамадзянскія), тэалогіі. Да самага свайго закрыцця ў 1820 г. акадэмія была цэнтрам вышэйшай каталіцкай адукацыі ўсёй Расіі. Сярэдняя каталіцкая адукацыя Беларусі першай чвэрці XIX ст. была прадстаўлена Галоўнай духоўнай семінарыяй пры Віленскім універсітэце і Полацкай уніяцкай семінарыяй.

Праваслаўная духоўная адукацыя Беларусі знаходзілася ў стадыі фарміравання. Яго духоўным цэнтрам па-ранейшаму заставалася Магілёўская семінарыя, якая многа зрабіла для стварэння пачатковых духоўных школ (Гомель, Невель).

Пасля ўступлення на прастол імператара Мікалая I пачаліся змяненні ў сістэме асветы. У аснову народнай асветы быў пакладзены прынцып строгай саслоўнасці. Згодна з «Уставам навучальных устаноў» 1828 г. пачатковая і сярэдняя адукацыя падзялялася на тры катэгорыі: для дзяцей ніжэйшага саслоўя (сялян) прызначаліся аднакласныя прыхоцкія вучылішчы з элементарнай праграмай навучання; для «сярэдняга» саслоўя – трохкласныя вучылішчы з больш шырокай праграмай пачатковага навучання; для дзяцей дваран і чыноўнікаў уводзіліся сямікласныя гімназіі, заканчэнне якіх давала права для паступлення ва ўніверсітэты. Устаў ліквідаваў пераемную сувязь паміж ступенямі. Узровень адукацыі павінен быў адпавядаць сацыяльнаму становішчу вучня.

У адпаведнасці з палажэннем «Устава» 1828 г. была створана Беларуская навучальная акруга замест былой Віленскай (1829 г.). У дадатках да Ўстава была абазначана мэта стварэння акругі – «неабходнасць навучання юнакоў у адпаведнасці з асаблівасцямі Беларусі». У новую вучэбную акругу ўвайшлі Віцебская, Магілёўская, а ў 1831 г. – Мінская губерні.

Падзеі 1830-1831 гг. прымусілі ўрад актывізаваць сваю адукацыйную палітыку на Беларусі. Міністэрству народнай асветы і папячыцелю акругі рэкамендавалася прыкласці ўсе магчымыя намаганні да пераходу на выкладанне на рускай мове і для збліжэння мясцовых жыхароў з «прыроднымі рускімі». У маі 1832 г. у сувязі з закрыццём Віленскага ўніверсітэта была ліквідавана Віленская навучальная акруга. Навучальныя ўстановы Віленскай, Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці ўвайшлі ў склад Беларускай навучальнай акругі з цэнтрам у Віцебску.

Выпускнікам былога Віленскага ўніверсітэта забаранялася выкладаць у мясцовых школах. Падрыхтоўку выкладчыкаў для Беларусі пачынае весці настаўніцкая семінарыя, створаная ў 1834 г. у Віцебску. У 1840 г. у Горы-Горках была адчынена земляробчая школа, якая ў 1848 г. была пераўтворана ў земляробчы інстытут (ВНУ). Усяго на пачатку 60-х гг. у Беларусі налічвалася 567 навучальных устаноў усіх тыпаў, у тым ліку адно вышэйшае, 12 сярэдніх, 21 духоўнае вучылішча, звыш 400 пачатковых школ.

Адметнай рысай мясцовай сістэмы асветы стала пашырэнне ваенна-вучэбных устаноў. У эпоху Аляксандра I былі адчынены юнкерскія вучылішчы ў Бабруйску, Дзінабургу і Магілёве, пры Мікалаі І былі адчынены кадэцкія карпусы ў Полацку (1835 г.) і Брэсце (1842 г.). Яны разглядаліся ўрадам як сродак выхавання дваранства ў духу вернасці самадзяржаўю і таму напалову камплектаваліся з дваранства беларускіх губерняў.

Заканадаўства. Адносіны самаўладства да пануючага саслоўя былі лаяльнымі, але ў шляхецкай свядомасці жыла ідэя былой незалежнасці ВкЛ, якая яскрава адлюстроўвалася ў так званым літвінскім патрыятызме. Расійскі ўрад дакладна рэагаваў на гэту асаблівасць менталітэту мясцовага дваранства і па-рознаму падыходзіў да вырашэння амаль усіх найбольш істотных праблем былога ВкЛ і Польшчы. Напярэдадні вайны з Францыяй імператар Аляксандар І, каб забяспечыць падтрымку з боку дваранства Літвы і Беларусі, знізіў падаткі, які паступалі ў казну з Беларусі, і выказаў жаданне аднавіць цэласнасць ВкЛ пад эгідай Расіі. Па даручэнню імператара ў 1811 г. магнаты М.К. Агінскі, К. Любецкі, К. Пляцер, К. Любамірскі, С. Грабоўскі склалі праект «Палажэння аб кіраванні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім», у склад якога павінны былі ўвайсці ўсе тэрыторыі, што адышлі да Расіі ад былой Рэчы Паспалітай.

Акрамя ідэі аўтаноміі Вялікага княства Літоўскага Аляксандр І меў план, прапанаваны князем Адамам Чартарыйскім. Ён прапанаваў аднавіць усё Каралеўства Польскае ў межах 1772 г., не звяртаючы ўвагі на ВкЛ. Гэты план падтрымліваўся большасцю польскай і апалячанай шляхты Літвы і Беларусі. Ажыццяўленне праектаў зацягвалася, а вайна з Напалеонам наогул іх перакрэсліла.

Паўстанне 1830-1831 гг. поўнасцю пахавала ідэю аўтаноміі. Урад імператара Мікалая І распрацаваў праграму зліцця беларускіх зямель з імперыяй. Яна супадала з уніфікацыяй агульнарасійскага заканадаўства і кадыфікацыяй законаў Расійскай імперыі. 1 студзеня 1831 г. расійскае заканадаўства было ўведзена ў Магілёўскай і Віцебскай губернях, а 25 чэрвеня 1840 г. – у Мінскай, Віленскай, Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці, дзейнасць Статута 1588 г. была адменена. У 1840-1842 гг. урадам былі праведзены шэраг мерапрыемстваў па ўпарадкаванню мясцовага справаводства. Замест агульнага наймення Беларускіх і Літоўскіх губерняў выкарыстоўваць іх асобныя назвы: Віцебская, Магілёўская, Віленская і Гродзенская. Мінская губерня афіцыяльна не адносілася ні да Беларускіх, ні да Літоўскіх. Назвы «Украіна» і «Літва» замяняліся на Паўднёва-Заходні і Паўночна-Заходні край. Назва «Беларусія» і «беларускі» край, як і «Маларасія», «маларасійскі» і «Вялікарасія», «вялікароскі» афіцыйна не выключаліся з дзяржаўнага i афiцыйнага ўжытку, паколькi мелi агульны корань “рос”, якi сведчыў аб адзiнстве паходжання «трох плямён русскага народа».

Канфесіянальная палітыка. Асноўным зместам канфесіянальнай палітыкі на тэрыторыі Беларусі было аднаўленне страчаных пазіцый праваслаўя. Аднак формы і метады дасягнення галоўнай мэты пры Аляксандры І і Мікалаі І былі неаднолькавымі. Праваслаўная царква знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным і маральным стане, яе веруючымі былі прыгонныя сяляне, бедная шляхта і мяшчане. Каталіцкае дваранства не клапацілася пра ўладкаванне праваслаўных прыходаў. Пачасціліся выпадкі пераводу праваслаўных і ўніяцкіх сялян у каталіцызм, уз’яднанне ўніятаў з праваслаўем спынілася. Шырокай свабодай карысталася каталіцтва і нават пратэстантызм. 3 дазволу імператара па ўсёй Беларусі зацвярджаліся езуіцкія місіі. Толькі пасля вайны 1812 г., у ходзе якой выявілася супрацоўніцтва каталіцкага духавенства з напалеонаўскай адміністрацыяй, езуіты былі выдвараны з Расіі, а іх маёмасць канфіскавана.

Мікалай І шукаў у праваслаўнай царкве апору для сваёй палітыкi. У мэтах павышэння прэстыжу праваслаўнай царквы, адукацыйнага ўзроўню духавенства ў канцы 20-х – пачатку 30-х гг. была праведзена царкоўная рэформа. Змянілася становішча праваслаўнай царквы і ў Беларусі. У 1826 г. католікам забаранялася будаваць капліцы ў мясцовасцях з пераважна праваслаўным насельніцтвам. У 1827-1830 гг. былі праведзены мерапрыемствы па рэфармiраванню ўніяцкай царквы i збліжэнню яе з праваслаўем. Была створана асобная грэка-уніяцкая калегія, чатыры ўніяцкія епархіі рэарганізаваны ў Беларускую і Літоўскую. У базіліянскія манастыры загадвалі прымаць толькі ўніятаў, у практыцы богаслужэння выкарыстоўваць “мясцовы дыялект”. Прадугледжвалася ліквідацыя залежнасці ўніяцкага духавенства ад памешчыкаў-католікаў. У аснову ўніяцкага навучання была пакладзена праваслаўная сістэма навучання. Для ўніятаў была створана асобная семінарыя ў Жыровічах (у 1828 г.). Адначасова адбывалася ачышчэнне ўніяцкай царквы ад лацінскіх абрадаў.

Шляхецкае паўстанне 1830-1831 гг. вызначыла лёс уніяцкай царквы. Дзейнасць іерархаў уніяцкай царквы, прыхільнікаў уз’яднання з праваслаўем, прымае больш мэтанакіраваны і актыўны характар. У маі І835 г. быў заснаваны Сакрэтны камітэт па справах уніяцкай царквы, які займаўся дзейнасцю па ўз’яднанню дзвюх цэркваў. Пасля смерці ўніяцкага мітрапаліта Іасафата Булгака ў І838 г. – праціўніка ўз’яднання, старшынёй грэка-уніяцкай калегіі быў прызначаны епіскап Літоўскі Іосіф Сямашка, а Беларускую епархію ўзначаліў епiскап Васіль Лужынскі. 12 лютага 1839 г. у Полацку епіскапамі і начальніцкім духавенствам быў падпісаны «Саборны акт» аб уз’яднанні цэркваў і напісана прашэнне на вышэйшае імя. 25 сакавіка «сінадальны ўчынак» зацвердзіў Мікалай I. Уніятам былі пакінуты тыя абрады і звычаі, якія не супярэчылі сутнасці праваслаўя. Усяго ў 1839 г. уз’ядналася каля 1 607 прыходаў і больш 1 млн. 600 тыс.чалавек.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.011 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал