Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў канцы XVIII – 50-х гг. XIX ст.






Сельская гаспадарка. Беларусь у XIX стагоддзі з’яўлялася рэгіёнам, дзе панавала буйнапамеснае дваранскае землеўладанне. Напярэдадні 1861 г. у памешчыкаў было каля 12 млн. дзесяцін (70%) зямлі, і толькі звыш 4 млн. дзесяцін (прыблізна 27%) знаходзілася ў карыстанні каля 1 млн. сялян. У буйных латыфундыях ствараліся сярэднія па велічыні маёнткі, з колькасцю прыгонных ад 200 да 500 чалавек, якія здаваліся ў арэнду. Рост таварнасці адбываўся за кошт павелічэння паншчынных павіннасцей сялян. Галоўныя павіннасці – паншчына і аброк. Марудна ўводзіліся капіталістычныя формы гаспадарання, такія як прымяненне ўдасканаленых сельскагаспадарчых машын; праца наёмных рабочых; увядзенне травасеяння і шматпольных севазваротаў. Гэтаму перашкаджала танная праца прыгонных сялян.

Асноўная маса памешчыкаў лічыла прыгоннае права падмуркам рацыянальнай гаспадаркі і не збіралася ад яго адмаўляцца. Але была ўмова, якая садзейнічала развалу феадальнага эканамічнага механіз-
му – гэта попыт на хлеб і прадукцыю сельскай гаспадаркі ў Заходняй Еўропе ў першыя дзесяцігоддзі XIX ст. з адначасовым ростам ёмістасці ўнутранага рынку.

У першай палове XIX ст. вызначаецца спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці. Віцебская і паўночныя паветы Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў – гэта раён ільна - і бульбавоцтва. Паўдневыя паветы (Пінскі, Навагруцкі, Гомельскі і інш.) беларускіх губерняў – гэта вырошчванне і перапрацоўка цукровых буракоў. Гродзеншчына – гэта рэгіён танкаруннай авечкагадоўлі, у 40-х гг. XIX ст. там налічвалася 600 тыс. авечак. На мяса-малочнай жывёлагадоўлі ў 40-50-я гг. спецыялізаваліся адзінкавыя памешчыцкія гаспадаркі, што мелі вінакурныя заводы.

Такім чынам, у памешчыкаў Беларусі было імкненне ўзнімаць прадукцыйнасць сваіх гаспадарак, вырабляць больш таварнай прадукцыі.

Сялянская саслоўе было неаднародным. Каля 70% беларускіх сялян мелі сваю гаспадарку і карысталіся зямельным надзелам з умовай выканання павіннасцяў. Каля 30% – гэта дваровыя сяляне, якія не вялі сваёй гаспадаркі, працавалі на памешчыцкім двары і знаходзіліся на натуральным утрыманні. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях пераважала сялянскае падворнае землекарыстанне, а ў Віцебскай і Магілёўскай – абшчыннае.

Прылады працы ў сялян былі самыя простыя, тыя ж, што і ў папярэдні перыяд. Толькі ў адзінкавых заможных сялянскіх гаспадарках былі веялкі, малацілкі і іншыя машыны. Агратэхніка, як і раней, – рэгулярнае трохполле. У заможных гаспадарках пачалі сеяць кармавыя травы, асушваць балоты, набываць лепшае насенне для пасеву, ужываць на ўгнаенне глей і торф.

Культуры выкарыстоўвалі ў асноўным тыя ж, але з’явілася бульба (у сярэдзіне стагоддзя займала каля 4% плошчы). Увядзенне ў севазварот бульбы садзейнічала пераходу ад трох - да чатырохполля. Ураджайнасць культур заставалася невялікай, збожжавых у сярэднім сам-3, бульбы – сам-6. На сялянскую гаспадарку прыходзілася два валы або адзін конь, 1-4 авечак і свіней, кароў, так сама і птушка. Памер зямельных надзелаў быў неаднолькавы, у сярэднім каля 10-12 дзесяцін. Складаўся ён з дзвюх аднолькавых частак – цяглай і прыёмнай доляў. За цяглую сяляне адбывалі паншчыну, за прыёмную плацілі аброк.

Са старажытных часоў захаваліся зямельныя сервітуты, яны давалі сялянам права карыстацца сенажаццямі, ляснымі ўгоддзямі, пасвіць жывёлу, лавіць рыбу і г.д. Усё гэта на пэўных умовах было значнай падмогай для сялян.

Павіннасці сялян былі разнастайныя. Самай цяжкай формай была здача сялян панамі падрадчыкам па кантрактах на сплаўныя, будаўнічыя і зямельныя работы на працяглы перыяд. Гаспадары адрываліся ад асабістай гаспадаркі, якая прыходзіла ў заняпад. Значна выраслі памеры паншчыны – яны дасягалі шасці дзён у нядзелю з гаспадаркі, пры гэтым селянін выкарыстоўваў свой інвентар і цяглую сілу. Аброчныя сяляне выплочвалі ад 20 да 80 руб. у год, плацілі даніну прадуктамі і выконвалі дадатковыя павіннасці ў маёнтках.

У 50-я гг. XIX ст. наглядаецца няспынны рост нядоімак дзяржаўных падаткаў. Падушны падатак беларускія сяляне плацілі залатой і срэбнай манетай, што было ў 4-5 разоў даражэй за асігнацыі (асігнацыямі плацілі падушны падатак сяляне суседніх расійскіх губерній). На 1856 г. нядоімкі з беларусаў склалі 8 млн. руб., гэта каля 30% усіх нядоімак па імперыі.

Сялянская гаспадарка паступова звязвалася з рынкам праз таргі і кірмашы. Але яе гандлёвыя сувязі насілі аднабаковы характар – амаль усе атрыманыя грошы ішлі на выплату памешчыцкіх і дзяржаўных падаткаў. На развіццё сваёй гаспадаркі, пакупку зямлі, машын, насення, жывёлы грошай не заставалася. Сялянская гаспадарка, як і раней, заставалася натуральнай. Другая крыніца грошай – адыходныя промыслы, яны былі звязаны з сезоннымі, сплаўнымі і земляробчымі работамі. Вялікая колькасць сялян працавала ў 50-я гг. на будаўніцтве чыгунак за межамі тэрыторыі Беларусі.

Наглядалася расслаенне сялянскіх гаспадарак, яно было больш глыбокім у заходняй і цэнтральнай частках Беларусі. Але заможных сялян у Беларусі ў параўнанні з цэнтральнымі губернямі Расіі было значна меньш.

Такім чынам, да сярэдзіны XIX ст. працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі паглыбіўся і можна гаварыць аб яе крызісе. Яго прыкметы – зніжэнне прыбытковасці памешчыцкіх маёнткаў; рост дзяржаўных нядоімкаў; маёмаснае і сацыяльнае расслаенне сялянства (заможная вярхушка вяла гандлёвае земляробства або валодала прадпрыемствамі і капіталамі); паступовае ўкараненне элементаў капіталізму (прымяненне вольнанаёмнай працы, машыннай тэхнікі, спецыялізацыя гаспадарак, пастаўка прадуктаў сельскагаспадарчай вытворчасці на рынак і інш.).


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.007 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал