Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Друк Заходняй Беларусі






3 1921 да 1939 г. Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы і з'яўлялася, па сутнасці, яе каланіяльным прыдаткам. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускай тэрыторыі і насельніцтва «ўсходніх крэсаў» было вельмі складаным. Да сярэдзіны 30-х гг. былі знішчаны дэмакратычныя свабоды, прыйшлі ў заняпад прамысловаець і сельская гаспадарка, забараняліся нацыянальная культура, беларуская школа, не было адкрыта ніводнай вышэйшай навучальнай установы.

Фактычна тэрыторыя Заходняй Беларусі знаходзілася на паўваенным становішчы. Грамадзянская вайна, якая толькі завяршылася ў СССР, працягвалася на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Там дзейнічалі партызанскія атрады, якія змагаліся за вызваленне беларускіх земляў. Заходняя тэрыторыя была аддзелена ад БССР мяжой, і партызанскія атрады былі пазбаўлены ваеннай падтрымкі. Тым не менш вядомыя іх арганізатары і кіраўнікі К.Арлоўскі, В.Корж і іншыя разгарнулі баявыя аперацыі па ўсёй заходнебеларускай зямлі.

На падставе актыўнай узброенай барацьбы ў 1922 г, была створана падпольная Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА). Яе мэты былі наступныя: кіраўніцтва рэвалюцыйным рухам, партызанскай барацьбой і разгортванне агітацыі і прапаганды сярод насельніцтва. У комплексе вырашэння гэтых задач неабходна было сфарміраваць свабодалюбівую грамадскую думку, кансалідаваць насельніцтва вакол ідэі вызвалення ад каланіяльнага ўціску і ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР. Для выканання гэтых задач БРА арганізавала выпуск газет, лістовак і іншай агітацыйнапрапагандысцкай літаратуры. Найбольш вядомыя выданні рэвалюцыйнай арганізацыі – «Наш сцяг», «Вольны сцяг», «Змаганне» – выходзілі легальна і шырока распаўсюджваліся сярод чытачоў. Фактычна гэта адна газета, якая часта мяняла сваю назву зза цэнзурных пераследаванняў.

Газеты БРА тлумачылі чытачам мэты і задачы рэвалюцыйнай арганізацыі. У першую чаргу публіцысты БРА свой вопыт высноўвалі на тым, што падзел Беларусі на дзве часткі гэта гістарычная несправядлівасць, а каланіяльны ўціск Польшчы не можа быць пакорліва ўспрыняты беларускім народам, які ў складзе савецкай краіны мае сваю дзяржаўнасць і нацыянальную культуру. Пагэтаму дзейнасць БРА, у тым ліку і арганізацыя партызанскіх атрадаў, была накіравана на вызваленне беларускага народа ад прыгнёту, на барацьбу супраць «санацыі, за нацыянальную свабоду і ўз'яднанне з БССР».

Асабліва шырока пытанні рэвалюцыйнай барацьбы асвятляліся ў газеце «Змаганне». Яе тэматыка адпавядала палітыка-эканамічным падзеям, якія разгортваліся ў Польшчы і Заходняй Беларусі. Рэдакцыя вельмі ўважліва сачыла за дзеяннямі польскага ўрада ў адносінах да заходнебеларускіх тэрыторый і на падставе аналізу фармулявала задачы рэвалюцыйнай барацьбы. Тым больш што публіцыстычныя сілы былі даволі значныя і вопытныя: С.Рак-Міхайлоўскі, У.Канчэўскі, Л.Родзевіч і іншыя найбольш часта друкаваліся ў газетах БРА.

Тэматыка «Змагання» і публіцыстычны аналіз рэчаіснасці ў асноўным супадалі з запатрабаваннямі і інтарэсамі сялянскай часткі насельніцтва. Газета выступала супраць эксплуатацыі сялян, за ліквідацыю беззямелля, супраць «высылкі» сялян на хутары, бяспраўя батракоў і рабочых на прадпрыемствах. Выданне кваліфікавала адносіны ўрада Польшчы да беларускага насельніцтва як генацыд і пагэтаму лічыла пазіцыю БРА аб арганізацыі партызанскай барацьбы, якая адпавядала палітычнаму моманту. I, зразумела, агітавала насельніцтва за ўдзел у гэтай барацьбе.

Узброеная барацьба патрабавала асаблівага напружання і вялікіх матэрыяльных рэсурсаў. Аднак, пісала газета, свабода народа немагчыма без ахвяр, якія з'яўляюцца аб'ектыўнай неабходнасцю. У той жа час калі не аказваць супраціўлення каланіяльнаму прыгнёту, то беларускі народ будзе ператвораны ў жабрацкае асяроддзе, а лепшыя яго прадстаўнікі будуць пасаджаны ў турмы. Газета «Змаганне» фактычна прадказвала наступленне польскай рэакцыі і поўнае бяспраўе беларускага насельніцтва. Да 1939 г. Заходняя Беларусь была ператворана ў палітычную арэну масавых пераследаванняў, турэмнага зняволення, дзе быў пабудаваны адзін з першых у Еўропе канцэнтрацыйных лагераў ля Бярозы-Картузскай.

У сувязі з узмацненнем агульных рэпрэсій польскага рэакцыйнага ўрада прэса БРА імкнулася сфарміраваць рэвалюцыйную свядомасць праз асвятленне наступных праблем: стан і вырашэнне нацыянальнага пытання; умацаванне арганізацыйнага саюзу працоўных, сялян і рабочых; падтрымка ўсіх дэмакратычных арганізацый і груповак; адлюстраванне пераўтварэнняў, якія адбываюцца ў СССР, і як канчатковая мэта рэвалюцыйнага руху – уз'яднанне з БССР.

Падтрымліваючы ўзброеную барацьбу, друк БРА акцэнтаваў увагу чытачоў на тым, што рэвалюцыйная справа шматгранная настолькі, наколькі разнастайнае жыццё людзей. Пагэтаму важна, каб рэвалюцыйныя ідэі, неабходнасць сацыяльна-эканамічных перамен былі засвоены і праяўляліся ў кожным чалавеку. Свабода не прыходзіць з узыходам сонца, яе патрэбна заваёўваць.

Ідэалогія рашучага выступлення БРА супраць прыгнёту імпанавала частцы насельніцтва. Ужо ў той час пра баявыя дзеянні партызанскага атрада К.Арлоўскага і іншых камандзіраў хадзілі гучныя весткі, а ў свядомасці беларусаў умацоўвалася меркаванне аб бяссіллі польскіх улад, якія ўзмацнялі рэпрэсіі супраць мірнага насельніцтва.

Друк БРА, можна лічыць, заснаваў ідэалогію рэвалюцыйнай вызваленчай прэсы ў Заходняй Беларусі. Калі ў 1923 г. была створана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), то БРА падтрымала яе і ўступіла ў яе рады.

КПЗБ пераняла вопыт Камуністычнай рабочай партыі Польшчы (КРПП), якая распаўсюджвала перыядычную літаратуру ў Заходняй Беларусі, узначаліла рэвалюцыйную барацьбу і наладзіла выпуск шматлікіх газет і часопісаў, іншай агітацыйнай літаратуры. Нелегальныя ўмовы дзеяння партыі, з аднаго боку, абмяжоўвалі магчымасць уплыву на насельніцтва, а з другога – не маглі перашкодзіць выбару форм і метадаў барацьбы з рэакцыяй.

У Вільні ў лістападзе 1924 г. пачала выходзіць газета «Чырвоны сцяг», а ў снежні – «Бальшавік», органы ЦК КПЗБ. Першая газета планавалася як масава-палітычная, а другая – як ідэалагічны орган партыі.

Газета «Чырвоны сцяг» мае цікавую гісторыю, насычаную важнейшымі падзеямі ўнутранага і міжнароднага жыцця. Выхад газеты сведчыў аб адносна высокім уздыме рэвалюцыйнай барацьбы з боку Камуністычнай партыі і ўсіх дэмакратычных сіл. Вызначылася палярызацыя палітычных партый і груповак у Заходняй Беларусі.

«Чырвоны сцяг» таксама сімвалізаваў умацаванне беларускага друку на заходніх тэрыторыях. Прапаганда і агітацыя асноўнай ідэі – вызвалення і аб'яднання Заходняй Беларусі з БССР – набылі сістэмнасць, паслядоўнасць і эфектыўнасць. Аб гэтым было сказана ў звароце да чытачоў: «Перадаючы " Чырвоны сцяг" у рукі працоўных, партыя цвёрда ўпэўнена, што рэвалюцыйныя рабочыя і сяляне Заходняй Беларусі цесна згуртуюцца вакол свайго " Чырвонага сцяга", будуць дапамагаць яму матэрыяльна і інфармацыяй аб сваім жыцці і барацьбе з акупантамі, будуць імкнуцца распаўсюджваць " Чырвоны сцяг" ва ўсіх кутках паднявольнай Заходняй Беларусі».

«Чырвоны сцяг» выходзіў адзін раз на месяц, тыраж дасягаў 6 тыс. экземпляраў, што з'яўлялася даволі значнай грамадскай падзеяй у той складаны час. Найбольш важныя праблемы рэвалюцыйнага руху і грамадска-палітычнага жыцця аналізаваліся ў газеце грунтоўна і паслядоўна.

He менш важным быў выхад газеты «Бальшавік». Рэдакцыя аналізавала партыйныя дакументы ў спалучэнні з практыкай барацьбы супраць прыгнёту, знаёміла чытачоў з палітычнымі працэсамі ў Польшчы, СССР, Еўропе, асэнсоўвала праблемы сацыялістычнага будаўніцтва ў БССР. Вывад рэдакцыі быў адзін – толькі праз актывізацыю рэвалюцыйнай свядомасці і ўздым працоўных можна дасягнуць адзінства і свабоды сваёй краіны.

Заснаванне і дзейнасць дзвюх партыйных газет у Заходняй Беларусі прыпадае на час буйных пераўтварэнняў у палітыка-эканамічным жыцці. У 1925 г. кіраўніцтва партыяй і рэвалюцыйным рухам прыйшло да вываду, што тактыка ўзброенай барацьбы не апраўдвае свае мэты, з'яўляецца прычынай для пашырэння рэпрэсій афіцыйных улад супраць дэмакратычных сіл.

Акрамя таго, у 1926 г. да ўлады прыйшлі прафашысцкія сілы на чале з Пілсудскім. Гэта моцна абвастрыла палітычную сітуацыю ў Польшчы і асабліва на акупіраваных землях Заходняй Беларусі. Можна сказаць, што там была ўстаноўлена палітыка тэрарыстычнага паліцэйскага рэжыму супраць дэмакратычных сіл. Складвалася пагражальная сітуацыя, якая магла прывесці да поўнага разгрому дэмакратычнага супраціўлення акупацыйнаму рэжыму.

У перабудове тактыкі дзейнасці КПЗБ і ўсіх дэмакратычных сіл галоўную ролю выконваў перыядычны друк, створаныя ў Вільні і Беластоку падпольныя друкарні, якія выдавалі рэвалюцыйную літаратуру. Зразумела, што ўзрасла роля і партыйных газет «Чырвоны сдяг» і «Бальшавік». Змены ў тактыцы дзеянняў адбываліся вельмі марудна, складана і супярэчліва. He ўсе кіраўнікі рэвалюцыйных груповак адразу ўспрынялі адыход ад узброенай барацьбы і зразумелі неабходнасць узмацнення прапаганды і агітацыі, аб'яднання рэвалюцыйных мэт у Заходняй Беларусі з агульнапольскім рэвалюцыйным рухам. He ўсім была зразумела пазіцыя кіраўніцтва КПЗБ, якая прадугледжвала назапашванне рэвалюцыйнага патэнцыялу, у той час калі была магчымасць дзейнічаць наяўнымі сіламі.

Партыйныя газеты абмяркоўвалі складаныя палітычныя праблемы. «Бальшавік» з нумара ў нумар тлумачыў змяненні ў палітычным курсе буржуазнай Польшчы. Прафашысцкі рэжым актывізаваў сваю рэпрэсіўную дзейнасць. Учасціліся арышты, зняволенне рэвалюцыянераў, распачаліся жандарскія напады на беларускія вёскі, жыхары якіх былі западозраны ў рэвалюцыйных настроях. Рэдкалегія сцвярджала неабходнасць кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сіл і ўжо ў 1926 г. распачала абмеркаванне ідэі стварэння адзінага рэвалюцыйнага фронту.

Для гэтага КПЗБ актывізавала і пашырыла сваю выдавецкую дзейнасць. У дадатак да Віленскай і Беластоцкай друкарняў былі створаны партыйныя выдавецкія цэнтры ў Брэсце, Гродна і нават у Варшаве. Першы з'езд КПЗБ летам 1928 г. адзначыў высокую ролю перыядычнага друку ў рэвалюцыйнай барацьбе. За час дзейнасці партыі «было выдадзена 357 назваў газет, брашур, лістовак і інш. літаратуры, тыражом 1, 8 млн экземпляраў».

У гэты час былі створаны новыя перыядычныя выданні: тэарэтычны часопіс «Пад сцягам камунізму», «Бюлетэнь ЦК КПЗБ», газеты «Палітычны вязень», «Чырвоная дапамога», «Да барацьбы» (на польскай мове) – органы Міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам (МАДР) і інш. Свае газеты пачалі выдаваць акруговыя і раённыя партыйныя камітэты. На месцах з'явілася мноства лістовак, зваротаў і адозваў, у якіх адлюстроўваўся працэс рэвалюцыйнай барацьбы.

Новая тактыка КПЗБ па стварэнні адзінага дэмакратычнага фронту зблізіла яе пазіцыі з іншымі грамадскімі арганізацыямі. Адной з самых моцных і масавых была Беларуская сялянскарабочая грамада (БСРГ), створаная ў 1925 г. Аўтарытэт і папулярнасць Грамады ў масах працоўных былі значныя. За кароткі час (1927 г.) яна стала масавай і налічвала звыш ста тысяч членаў.

Папулярнасць Грамады выцякала з праграмных дакументаў, канкрэтных задач і мэт: свабода, незалежнасць, стварэнне рабоча-сялянскага ўрада, зямля, праца, уз'яднанне беларускай зямлі ў адзінай краіне. Аднак галоўнае было тое, што партыя рашуча, арганізацыйна і паслядоўна выступала ў абарону правоў працоўных.

Дзеля абвяшчэння сваёй праграмы і яе выканання быў арганізаваны выпуск газет і часопісаў. Найбольш значнымі органамі Грамады былі: газеты «Жыццё беларуса», «Беларуская справа» (выходзіла пад рознымі назвамі: «Беларуская ніва», «Народная справа» і інш.), «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», сатырычны двухтыднёвік «Маланка», газета «Народны звон», друкаваная лацінкай і інш. Усіх іх аб'ядноўвала рэвалюцыйная накіраванасць і глыбокае адлюстраванне заходнебеларускай рэчаіснасці.

У дадатак да гэтага ЦК КПЗБ паставіў перад друкам Грамады канкрэтныя задачы: «барацьба з фашысцкай дыктатурай, выступленне супраць каланіяльнай нацыяналістычнай палітыкі польскага ўрада, за правы працоўных і папулярызацыю БССР і СССР».

На падставе дырэктывы ЦК КПЗБ газеты Грамады «Жыццё беларуса» і асабліва «Беларуская ніва», якія выходзілі ў 1925-1926 гг., значна пашырылі сваю тэматыку, адпаведную грамадоўскай палітыцы. Яшчэ больш грунтоўна вялася гаворка аб урадавым перавароце і наступленні рэакцыі на рэвалюцыйны рух. Газеты засяродзілі ўвагу на ўладкаванні сялянскага жыцця і разгарнулі кампанію за беларускія школы, колькасць якіх катастрафічна змяншалася, і на вёсцы фактычна пад прымусам вялося навучанне на польскай мове. У сувязі з гэтым канфлікт працоўных з уладамі павялічваўся, нарастала хваля забастовак і адкрытых выступленняў у гарадах і вёсках.

Калі 16 сакавіка 1926 г. «Беларуская ніва» была закрыта, ёй на змену 9 красавіка таго ж года прыйшла «Беларуская справа». Гэта аналітычны орган Грамады. Рэдакцыя друкавала матэрыялы дыскусійнага характару аб далейшых дзеяннях дэмакратычных сіл, выступала супраць буржуазнай і праванацыяналістычнай прэсы, грунтоўна крытыкавала антынародныя дзеянні польскага ўрада. Аўтарытэт газеты хутка вырас, як і яе тыраж. У маі 1926 г. «Беларуская справа» друкавалася васьмітысячным тыражом.

Кожная праблема ў газеце аналізавалася грунтоўна і своечасова. Рэдакцыя арганізоўвала і асвятляла падрыхтоўку і правядзенне першамайскіх свят 1926 г. Была змешчана інфармацыя аб дэманстрацыях з Брэста, Баранавіч, Беластока, Гродна, Кобрына і інпіых гарадоў. Шмат пісала газета аб выхаванні палітычнай свядомасці, вяла барацьбу за амністыю палітзняволеных.

Незвычайную цікавасць прадстаўляе сатырычны часопіс «Маланка», які выдаваўся з 1925 да 1928 г. Рэдакцыя ператварыла выданне ў дзейсны сродак палітычнай сатыры, які прыцягваў увагу насельніцтва арыгінальнасцю афармлення часопіса. Малюнкі і подпісы да іх адлюстроўвалі самыя надзённыя праблемы, з якімі сутыкаліся людзі ў сваім жыцці, а ўлады не маглі, а часта не хацелі іх вырашаць.

Прыводзім характэрны прыклад адносін прафашысцкай улады да сваіх грамадзян, змешчаны ў часопісе за 1926 г. (25 снежня). Кіраўнік дзяржавы быў намаляваны ў выглядзе Дзеда Мароза, які абяцаў «святочны падарунак беларусам»: «Хай ведаюць беларусы, што я і пра іх дбаю. Вось мая для ўсіх святочная ёлка з падарункамі. Хай пацешацца». На ёлцы напісана: «Зямельная рэформа – асаднікам, папам – унія, усім – статут " крэсовы", прэсе – кара ў 5 тыс. злотых, канфіскат: дзецям – асвета пры цмянай свечцы, паслам – " недатыкальнасць", грамадзянам – падаткі, рабочым – бяспраўе, голад, нам – Кароль». Вось у такой вобразнай форме была выражана польская рэчаіснасць. Сакрэт «Маланкі» быў у вобразнасці малюнка і ў дасціпным подпісе.

Яркія вобразы заходнебеларускай рэчаіснасці лёгка пазнаваліся чытачамі і нават тымі, хто не ўмеў чытаць. У рэдакцыі і вакол выдання аб'ядналіся таленавітыя мастакі, літаратары, і такі творчы саюз даваў добры плён. Сакратаром часопіса ў 1938 г. быў М.Васілёк.

Разам з карыкатурамі ў «Маланцы» змяшчаліся сатырычныя вершы, шаржы, крытычныя артыкулы. Яны былі настолькі вострыя і знішчальныя, што паліцыя адразу зацікавілася дзейнасцю рэдакцыі, і многія нумары часопіса былі арыштаваны (сем з сарака тых, што выйшлі).

Грамада была забаронена ўрадам у 1927 г. і разгромлена, a paзам былі закрыты і ўсе яе выданні. Аднак след у гісторыі рэвалюцыйнага руху яна пакінула даволі значны.

Цікава, што друк Грамады абапіраўся не толькі на прафесіяналаў-палітыкаў, але жывіўся творчасцю пачынаючых і ўжо вядомых літаратараў. У газетах і часопісах сялянскай партыі пачыналі творчы шлях П.Пестрак, В.Таўлай, М.Васілёк, М.Танк і інш.

На абарону Грамады выступілі ўсе дэмакратычныя арганізацыі Заходняй Беларусі. Толькі ўрад не прыслухаўся да грамадскай думкі. Было арыштавана звыш 400 актывістаў, у тым ліку і паслы польскага сейма (паслы ў польскім судзе атрымалі па 12 гадоў катаргі). У заходнебеларускіх газетах, у СССР і ў еўрапейскім друку шырока асвятляўся судовы працэс над грамадоўцамі, так званы «Працэс 56».

Падсудныя атрымалі да васьмі гадоў турмы. Дэмакратычныя сілы Еўропы выступілі супраць рэпрэсій. Камітэт абароны Грамады ў БССР узначаліў Янка Купала.

На мяжы 20-х і ў пачатку 30-х гг. рэвалюцыйная барацьба ў Польшчы моцна абвастрылася. Рэпрэсіі ўлад выклікалі рэакцыю працоўных. У 1928 г. быў арганізаваны дэпутацкі (пасольскі) клуб «Змаганне за інтарэсы сялян і рабочых», які падтрымліваў цесныя сувязі з Кампартыяй Польшчы і Заходняй Беларусі. Адразу клуб «Змаганне...» выступіў за вызваленне з турмы дэпутатаў сейма, спыненне суда над Грамадой і супраць пераследавання дэмакратычных сіл.

Пад прыкрыццём «Змагання...» пачалі выходзіць друкаваныя органы. Газеты дэпутацкага клуба паліцыя закрывала нават за прыналежнасць да яго. З красавіка 1927 г. да сярэдзіны 1930 г. былі зачынены газеты «Наша праўда», «Думка працы», «Воля працы», «Голас працы», «Свет», «Світанне», «На варце» і інш. Гэтым парушаліся законныя правы чалавека ў Польшчы. Улады проста баяліся інфармацыі дэмакратычных газет і пагэтаму ішлі на крайнія меры ў адносінах да выдаўцоў, рэдактараў і журналістаў. Аднак і апошнія не здаваліся. Закрывалася адна газета – тут жа арганізоўваўся выпуск другой, арыштоўвалі рэдактараў і журналістаў замест іх прыходзілі іншыя.

Значным выданнем сярод названых была «Беларуская газета», якая выходзіла ў 1933-1934 гг. Рэдактарам і выдаўцом яе быў беларус з Карэліцкага раёна Аляксандр Карповіч. Фактычна газета стаяла на пазіцыях КПЗБ і актыўна абараняла інтарэсы рабочых і сялян, выступала супраць фашызацыі палітыкі ў Польшчы і наступлення нацызму ў Германіі. Адметным у дзейнасці газеты з'явілася тое, што яна падрабязна асвятляла працэс над Г.Дзімітровым у Германіі.

Па ініцыятыве рэдкалегіі ў 1932 г. у Вільні праводзіўся нелегальны сход заходнебеларускіх пісьменнікаў, быў створаны Літаратурны фронт сялянскарабочых літаратараў Заходняй Беларусі. Фактычна гэта аб'яднанне стала рэвалюцыйным і прафесійным саюзам беларускіх пісьменнікаў ва ўмовах разгулу рэакцыі.

Прэса «Змагання...» была непадобна да друку Грамады. Быў ужо зусім іншы час. Пагэтаму і тэматыка была ўжо новая. Надыходзіў сусветны эканамічны крызіс, умацоўваўся фаіпызм у Еўропе, усё больш выразна бачылася пагроза новай вайны, a польскі ўрад поўнасцю перайшоў на шлях рэпрэсій. Аб гэтым пісалі газеты «Змагання...». Таму дэпутацкая група была ў 1930 г. распушчана, а найбольш актыўныя паслы атрымалі па восем гадоў турмы.

У час пераследавання дзейнасці дэмакратычных арганізацый актывізаваўся друк КПЗБ. Акрамя цэнтральных выданняў: газеты «Чырвоны сцяг» і часопіса «Бальшавік» – выдаваліся часопісы «Партработнік», «Бюлетэнь ЦК КПЗБ», «Партыйнік» (на польскай мове); газеты «Наперад да барацьбы», «Барыкада» (на літоўскай мове). У многіх раённых камітэтах партыі былі створаны свае выданні.

Партыйная прэса зноў пашырыла дэмакратычную інфармацыйную сферу і ў нейкай меры аслабіла рэакцыйны націск на рэвалюцыйны рух. Газеты «Беластоцкі тэкстыльшчык» (на польскай мове), «Змаганне Навагрудчыны», «Лесаруб у барацьбе» (Белавежа) і іншыя былі цэнтрамі палітычнай арганізацыі працоўных на месцах. Насуперак рэпрэсіўным законам, пераследаванням паліцыі, панскаму прыгнёту рабочых і сялян выходзілі перыядычныя выданні з рэзкім пратэстам супраць прафашысцкага рэжыму. Рэдкалегіі, журналісты не здаваліся, у газетах вучылі насельніцтва не пакарацца пілсудчыкам.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі распаўсюджвалася вялікая колькасць афіцыйных перыядычных выданняў: варшаўскіх, віленскіх, брэсцкіх. Яны прапагандавалі палітыку буржуазнага ўрада, падтрымлівалі барацьбу буржуазных партый супраць дэмакратычнага і камуністычнага руху, імкнуліся ўнесці раскол у рэвалюцыйную хвалю, адкрыта паклёпнічалі на БССР і СССР. Афіцыйны друк нельга было параўнаць па колькасці з дэмакратычным. Аднак апошні пераўзыходзіў урадавую прэсу сілай пераканання, аб'ектыўным аналізам рэчаіснасці і мэтай, да якой імкнуўся, – заваяванне свабоды і незалежнасці ў аб'яднанай адзінай беларускай рэспубліцы.

Газета БРА «Наш сцяг» яшчэ 5 чэрвеня 1923 г. выказала праграмнае заключэнне ідэалагічнага супрацьстаяння буржуазіі: «Польская буржуазія імкнецца разбіць пралетарскую еднасць, пасеяць нацыянальную нянавісць, – гаварылася ў артыкуле аб «антынацыянальным пытанні». – Рабочыя пануючай нацыі павінны паказаць, што яны не згодны з тактыкай сваёй буржуазіі, пад буржуазнай уладай не можа быць і гутаркі аб нацыянальным вызваленні. Шлях да вызвалення як сацыялістычнага, так і нацыянальнага – гэта барацьба з буржуазіяй...» Вось што павінна было стаць зместам дэмакратычнай прапаганды.

Журналісты дэмакратычных газет паказвалі чытачам, што буржуазная і афіцыйная прэса скажаюць рэальнасць, маніпулююць грамадскай думкай і адстойваюць інтарэсы паноў і капіталістаў. Па меры фашызацыі польскага ўрада, асабліва пасля заключэння германскапольскага дагавора ў 1934 г., буржуазныя выданні ўцягвалі грамадства ў мілітарысцкі вір і выступалі супраць народафронтаўскага аб'яднання. Газеты КПЗБ, усіх дэмакратычных партый не толькі давалі жорсткі адпор буржуазным журналістам, але і павялічвалі эфектыўнасць масавай прапаганды еярод працоўных. Гэта агітацыя за свабоду, уз'яднанне з БССР, за мір без вайны была ўплывовай, дзейснай і ўспрымалася асноўнай часткай насельніцтва.

Барацьба з афіцыйнай прэсай ускладнялася тым, што ў Польшчы і Заходняй Беларусі дзейнічалі таксама буржуазныя партыі і групоўкі, якія вялі адкрытую барацьбу з дэмакратычным рухам, імкнуліся супрацьстаяць яму з дапамогай найбольш уплывовых арганізацый, выпускалі свае газеты і часопісы. Сярод гэтых груповак існавала нават партыя беларускіх фашыстаў.

Дэмакратычны друк не пакідаў паза ўвагай дзейнасць буржуазных партый і іх перыядычных органаў. Артыкулы антынародных газет і часопісаў давалі грунтоўныя падставы для крытыкі іх пазіцый.

Друк КПЗБ і іншых дэмакратычных арганізацый вёў паспяховую палеміку з афіцыйнай прэсай. Гэта была вельмі складаная праца. Аднак дзеянні ўрада, буржуазных партый не заставаліся ісцінай у апошняй інстанцыі, а падвяргаліся аналізу ў дэмакратычным друку. Неабходна дадаць, што ў прэсе КПЗБ і іншых дэмакратычных арганізацый былі даволі моцныя публіцыстычныя сілы. Вакол газет і часопісаў аб'ядналася кагорта празаікаў і паэтаў, творчасць якіх моцна ўплывала на чытачоў, а публіцыстыка была дзейснай падтрымкай рэвалюцыйнага руху.

Вышэй мы нагадвалі аб стварэнні Літаратурнага фронту пісьменнікаў Заходняй Беларусі. З гэтай нагоды «Беларуская газета» дала вобразную характарыстыку пісьменніцкай дзейнасці на акупіраванай тэрыторыі. «Па розных кутках краіны, – гаварылася ў артыкуле, – раскіданы паэты-самародкі, якія і сваім жыццём, і сваёй творчасцю неразлучна звязаны з народнымі масамі. Іх гуслі – гэта зло і беды сённяшняга жыцця народа, гэта свядомасць, гора і радасць працы, гэта сны і летуценні пра лепшае заўтра. Таму іх творчасць блізкая і зразумелая масам народа, таму яна ідзе ў народ і звычайна ў форме безыменных песень-вершаў узбагачае духоўны народны скарб». Такая характарыстыка пісьменніцкай дзейнасці, зразумела, грунтавалася на творчасці М.Танка, П.Пестрака, Р.Шырмы, М.Машары, М.Васілька, Б.Тарашкевіча, I.Дварчаніна, П.Мятлы і многіх іншых пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў, партыйных і дзяржаўных дзеячаў.

Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнуў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), які быў створаны ў 1924 г. Тады ж пачала выходзіць у Вільні падпольная газета «Малады камуніст» на беларускай і рускай мовах, асобныя нумары друкаваліся на польскай і яўрэйскай. Звяртаючыся да чытачоў, рэдакцыя пісала: «З выхадам газеты моладзі камсамол ЗБ, загнаны ў падполле, цясней звяжацца з рабочасялянскай моладдзю, аб'яднае і падыме яе на барацьбу супраць буржуазіі і памешчыкаў, за вызваленне і аб'яднанне з БССР».

Праграма газеты была наступнай: умацаванне дэмакратыі, палеміка з буржуазнымі і клерыкальнымі маладзёжнымі арганізацыямі, удзел у забастоўках і стачках, арганізацыя культурнаасветнай справы сярод моладзі, выпрацоўка палітычнай евядомасці ў камсамольцаў і шырокіх слаях моладзі Заходняй Беларусі, асвятленне жыцця ў СССР.

Пастаноўка такіх задач была аб'ектыўнай неабходнасцю ў агульнай агітацыйнапрапагандысцкай рабоце камсамола. Польскі ўрад, розныя палітычныя сілы вялі пастаянную барацьбу за моладзь, пагэтаму дэмакратычныя арганізацыі імкнуліся прыцягнуць маладых на свой бок. Тым больш што сацыяльнае становішча падрастаючага пакалення было цяжкім: ні работы, ні вучобы. Дробная вытворчасць не магла забяспечыць насельніцтва рабочымі месцамі, а беларускія школы закрываліся ўрадам.

Так будавалася прапаганда ў друку. У газетах і часопісах працавалі вопытныя кіраўнікі камсамола і журналісты. Рэдактарам «Маладога камуніста» пэўны час была Вера Харужая.

Газета выступала ў абарону моладзі. «Камсамол патрабуе 6-гадзіннага рабочага дня, поўнага забеспячэння працоўнай моладзі», – гаварылася ў адным з артыкулаў. Калі беспрацоўе дасягнула пагражальных памераў, у 1934 г. пачала выходзіць спецыяльная газета «Беспрацоўны» на польскай мове. Рэдакцыя звярталася да грамадскасці з заклікам абараняць і дапамагаць маладым. Юнакі і дзяўчаты, пазбаўленыя сацыяльнай падтрымкі, станавіліся злачынцамі, займаліся прастытуцыяй, здараліся самазабойствы. У той жа час газета тлумачыла моладзі прычыны яе гаротнага становішча і агітавала камсамольскія арганізацыі пашыраць прапагандысцкую работу сярод беспрацоўных і нават збіраць для іх матэрыяльныя сродкі.

Такім чынам, ЦК КСМЗБ імкнуўся распаўсюдзіць свой уплыў на ўсе сацыяльныя катэгорыі моладзі. Калі, напрыклад, урад Польшчы пачаў павялічваць выдаткі на ўтрыманне арміі, ЦК КСМЗБ у 1934 г. пачаў выдаваць газету «Салдацкая праўда» (на польскай мове). Газета заклікала моладзь байкатаваць армейскую службу, адмаўляцца падтрымліваць фашысцкі рэжым, які пазбаўляе магчымасці дэмакратычнага жыцця, работы, вучобы і, такім чынам, будучыні.

Асабліва настойліва і сістэмна друк выступаў за адукацыю, за беларускую школу і развіццё нацыянальнай культуры. «Малады камуніст» змяшчаў артыкулы, у якіх расказваў сваім чытачам, што закрыццё беларускіх школ з'яўляецца першым крокам фашысцкай улады ў парушэнні правоў чалавека. Гэта вяло да абмежавання адукацыі, удзелу моладзі ў грамадскіх працэсах, а значыць, і да выключэння яе з рэвалюцыйнай барацьбы.

Дзеля сканцэнтравання грамадскай увагі на становішчы беларускай школы ў 1930-1935 гг. выходзіла газета «Малады змагар» – орган ЦК КСМЗБ. Газета была створана для таго, каб асвятляць барацьбу за нацыянальную школу, якая вылівалася ў дэманстрацыі, сутычкі з паліцыяй, асаднікамі і мясцовай уладай.

У вёсцы Заполле, расказвала газета «Малады змагар» у жніўні 1931 г., фашысцкая ўлада забараніла адкрыць беларускую школу. «Вы – камуністы», – адказалі вучням. Тады яны арганізавалі дэманстрацыю. Паліцэйскія паспрабавалі разагнаць яе, але былі закіданы каменнямі.

Барацьбу за школу газета звязвала з агульным працэсам рэвалюцыйнай барацьбы. У верасні 1931 г. «Малады змагар» звяртаўся да чытачоў: «Калі хочаце вызваліцца ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту акупантаў, калі хочаце раз і назаўсёды пакончыць з беспрацоўем, голадам, жабрацтвам, калі хочаце стаць паўнапраўнымі будаўнікамі свайго жыцця, калі хочаце знішчыць уладу тэрору, новых войн і прыгнёту, станавіцеся ўсе як адзін на шлях рэвалюцыйнай барацьбы...»

Камсамольскі друк расказаў заходнебеларускай моладзі аб забастоўцы вучняў Віленскай гімназіі ў 1929 г. «Малады камуніст» пісаў, што ў гімназію, якой кіраваў «антысаветчык» А.Астроўскі, прыехаў для правядзення лекцыі яго «калега» Я.Станкевіч. (У час вайны абодва былі фашысцкімі памагатымі.) Вучні байкатавалі заняткі, а калі былі выключаны чатыры гімназісты, арганізавалі двухдзённую забастоўку. Гэта падзея, пісала газета, з'яўлялася не адзіным выпадкам. Па ўсёй фашысцкай Польшчы забаранялася ўсялякае імкненне да свабодалюбства, і асабліва палітычны пераслед адчуваўся на акупацыйных тэрыторыях, дзе фашысцкая дыктатура праводзіла каланіяльную палітыку.

У пачатку 30-х гг. рэвалюцыйны настрой моладзі значна ўзрос. З'явіліся новыя маладзёжныя выданні: «Малады баец» (на польскай мове), «Беластоцкі камсамолец», «Пад сцягам камсамола», «Камсамолец» (на польскай мове) і інш. Газеты паведамлялі аб рабоце падпольных камсамольскіх арганізацый, клікалі да рэвалюцыйнай барацьбы, выкрывалі карныя экспедыцыі супраць насельніцтва.

Прыкладам мужнага змагання быў учынак С.В.Прытыцкага, які ў час судовага пасяджэння страляў у правакатара. Моладзь Беларусі правяла масавую кампанію пратэсту супраць прыгавору палітычнаму вязню.

У процідзеянне тэрору камсамольскі друк пастаянна выступаў з матэрыяламі, дзе прыводзіў жахлівыя факты пра карныя наезды на вёскі, турэмныя зняволенні. «Малады камуніст» у 1932 г. паведаміў аб гібелі ў паліцэйскай управе камсамольца М.Вячоркі. Яму было толькі 20 гадоў, калі ён трапіў у турму. Каты пераламалі яму рукі і ўжо мёртвага павесілі. Гэта падзея выклікала вялікае ўзрушэнне, і па Польшчы пракацілася хваля дэманстрацый і забастовак.

У 1935 г. пачала выходзіць газета «Голас моладзі». Асаблівасцю яе дзейнасці было тое, што рэдакцыя разгарнула кампанію супраць наступлення фашызму ў Італіі. Газета раіла моладзі праводзіць мітынгі, забастоўкі з патрабаваннямі забараніць польскаму ўраду садзейнічаць інтэрвенцыі ў Іспаніі і збіраць сродкі для дапамогі змагарам за свабоду. «Голас моладзі» друкаваў прывітанні польскаму батальёну добраахвотнікаў, які змагаўся за рэспубліканскую Іспанію.

Цікавым выданнем быў часопіс «Маладая гвардыя» – тэарэтычны орган ЦК КСМЗБ. У першым нумары ў ліпені 1934 г. былі надрукаваны артыкулы «На барацьбу супраць імперыялістычнай вайны», «Супраць новых актаў фашызму і буржуазіі», «Разгарнуць барацьбу з нацыяналістамі», «Задачы КСМЗБ у барацьбе з " Стральцом"», «Арганізуем беспартыйную моладзь» і інш. Гэтыя матэрыялы адпавядалі задачам часопіса, і паколькі ён быў разлічаны на камсамольскі актыў, на старонках «Маладой гвардыі» ішла палеміка з буржуазнымі і яўрэйскімі арганізацыямі «Фрайхайт», «Юнгбор», «Штэрн», «Стралец» і інш.

ЦК КСМЗБ выпускаў і іншыя выданні: «Сцяг піянера» (для піянераў Заходняй Беларусі), «Малады пралетарый» (на польскай мове); значную прапагандысцкую работу вяла студэнцкая арганізацыя «Фронт», створаная ў Віленскім універсітэце ў 1932 г. беларускай, літоўскай, польскай і рускай моладдзю. Студэнцкая арганізацыя выпускала газеты «Напрамкі» (на польскай мове, 1933 г.), «Папросту» (на польскай мове, 19351936 гг.). Апошняя была папулярнай і ў сакавіку 1936 г. выходзіла тыражом звыш 20 тыс. экземпляраў. А ў 1936 г. «Фронт» пачаў выпускаць газету «Карта», якую рэдагаваў Е.Путрамент.

Большасць маладзёжных выданняў былі недаўгавечнымі. Толькі газета «Малады камуніст» здолела прайсці праз усе гады падполля. I ўсё ж патрэбна ўшанаваць мужнасць рэдактараў і журналістаў, якія ва ўмовах акупацыі выпускалі газеты і часопісы на пяці мовах: беларускай, польскай, рускай, літоўскай і яўрэйскай. Яны змагаліся за свабоду Беларусі.

У сярэдзіне 30-х гг. дэмакратычныя арганізацыі Заходняй Беларусі імкнуліся да стварэння адзінага народнага фронту барацьбы з рэакцыяй. Гэта ідэя высноўвалася на рашэннях VII кангрэса Камінтэрна (1935), дзе была ўхвалена канцэпцыя адзінага фронту прагрэсіўных сіл у барацьбе супраць фашызму і пагрозы новай сусветнай вайны. Газета «Чырвоны сцяг» інфармавала партыйныя арганізацыі і чытачоў аб рашэнні II з'езда КПЗБ (1935) стварыць адзіны фронт барацьбы з рэакцыяй. Гэта было правільнае рашэнне, адпаведнае складаным умовам палітычнага моманту: татальнае наступленне фашызму і рэакцыі можа быць спынена толькі агульнымі сіламі арганізаваных партый, рухаў і ўсяго народа, сцвярджала газета. I раскрывала сутнасць новага аб'яднання ў артыкулах «З фронту барацьбы», «Прыклад рабочага класа», «Шырокі народны фронт», «Да стварэння адзінафрантавых выбарных камітэтаў» і інш.

«Чырвоны сцяг» рэкамендаваў партыйным арганізацыям праводзіць прапагандысцкую работу сярод насельніцтва, каб народафронтаўскія мэты былі зразумелымі кожнаму чалавеку. Польская рэакцыя і еўрапейскі фашызм – гэта тыя ворагі, якія нясуць зло ўсім народам. Польская ўлада стала падазраваць кожнага грамадзяніна. У турмы схаваны дзесяткі тысяч людзей. Польшча, сцвярджала газета, станавілася турмой народаў. Аднак яшчэ страшней за ўсё гэта вайна, на якую разлічвае нямецкі фашызм для ўсталявання «сусветнага гаспадарання».

У час абвастрэння палітычнага супрацьстаяння, якое супала з эканамічным крызісам, калі многія выданні дэмакратычных арганізацый былі закрыты, актывізаваў сваю дзейнасць друк Таварыства беларускай школы (ТБШ), створанага ў 1921 г. Гэта грамадская арганізацыя, галоўнай мэтай якой было навучанне дзяцей Заходняй Беларусі на роднай мове, што і адлюстроўвалася ў газетах і часопісах ТБШ. На працягу ўсёй гісторыі існавання ТБШ не заставалася без перыядычных выданняў. Яно выпускала «Беларускі летапіс» («Летапіс ТБШ»), «Бюлетэнь ТБШ», «Наш палетак», «Весткі», «Шлях» і інш. Улады пераследавалі ТБШ і яго друк, бо зместам іх дзейнасці была самая вострая праблема барацьба за беларускую школу. 3 аднаго боку, яна тычылася ўсяго насельніцтва Заходняй Беларусі, якое востра рэагавала на пазбаўленне дзяцей магчымасці вучыцца ў школе, а значыць, з другога боку, перарастала ў палітычную праблему.

Рэвалюцыйныя сілы выступалі супраць нацыянальнай дыскрымінацыі. Таму газеты і часопісы ТБШ закрываліся і арыштоўваліся даволі часта, Найбольш устойлівым быў часопіс «Беларускі летапіс», які выходзіў пасля закрыцця ТБШ з 1936 да 1939 г. Часопіс аб'яднаў вакол сябе вопытных літаратараў і публіцыстаў. У рэдкалегію ўваходзіў М.Танк. Публікаваліся Р.Шырма, М.Машара, М.Васілёк, Н.Тарас. Праблемы беларускай адукацыі, культуры, палеміка з буржуазным друкам, гістарычныя пытанні – усё было ў полі зроку культурна-грамадскага і літаратурнага часопіса.

Дзейнасць ТБШ і яго друку была выйгрышным палітычным зместам для кансалідацыі насельніцтва і разумення народафронтаўскіх ідэй. Газеты і часопісы паказвалі, што знішчэнне беларускай школы на беларускай зямлі – гэта праява самай ганебнай палітыкі польскага каланіяльнага ўрада, злачынства супраць беларускага народа. Падкрэслім яшчэ раз, што барацьба за школу была часткай агульнай палітычнай барацьбы КПЗБ і ўсіх дэмакратычных сіл за нацыянальнае вызваленне.

Такую пастаноўку важнейшага сацыяльнага пытання разумелі ўсе: насельніцтва Заходняй Беларусі падтрымлівала лозунгі адраджэння беларускай школы, дэмакратычныя партыі і арганізацыі выкарыстоўвалі гэту праблему для кансалідацыі сіл у барацьбе з рэакцыяй. Улады праследавалі арганізатараў школьнага руху і ў 1936 г. спынілі дзейнасць ТБШ.

Пасля таго як пад націскам паліцыі было распушчана ТБШ, асноўная прапагандысцкая праца выконвалася газетамі і часопісамі КПЗБ. Асноўным выданнем у гэты час становіцца «Беларуская газета», якую мы ўзгадвалі вышэй і якая выходзіла ў Вільні ў 1933-1934 гг. Хаця яна і існавала кароткі час, як і многія дэмакратычныя выданні ў Заходняй Беларусі, але след у гісторыі пакінула значны. «Выходзячая ў Вільні, " Беларуская газета" мае вялікае значэнне. Яна з'яўляецца адначасова арганізацыйным цэнтрам нацыянальна-вызваленчага руху і сродкам агітацыі, трыбунай барацьбы з нацыяналфашызмам.

" Беларуская газета" карыстаецца вялікай папулярнасцю ў масах і паспела заваяваць сабе шырокае кола не толькі чытачоў, але і платных падпісчыкаў і карэспандэнтаў», – так характарызаваў дзейнасць рэдакцыі газеты ЦК КПЗБ.

Гэта ацэнка грунтавалася на тым, што ў газеце сабраліся значныя літаратурныя сілы: В.Таўлай, П.Пестрак, Я.Чабор і інш. Тэматыка артыкулаў была публіцыстычна вострай і аналітычнай: «Гітлер – Еўропа – мы», «У краіне свастыкі», «Створым літаратурны цэнтр» і інш. Такія матэрыялы адказвалі на самыя надзённыя пытанні рэчаіснасці. Нельга не ўспомніць вобразны зварот да газеты М. Танка:

Цябе вітаю, «Беларуская газета»,

I працы чэсць тваёй я аддаю:

Ты самародных узгадоўваеш паэтаў,

Каб песню смела грымнулі сваю!

 

Далёка не кожнаму выданню такі паэт прысвяціў свае вершы. Аднак «Беларуская газета» сапраўды заслугоўвае павагі. Яна выходзіла двухтысячным тыражом, мела сваіх карэспандэнтаў па ўсёй Заходняй Беларусі, змяшчала многа матэрыялаў з БССР. Дзякуючы «Беларускай газеце», прадстаўнікі прагрэсіўнай беларускай культуры ўліліся ў агульнае рэчышча барацьбы супраць фашызму.

3 выданняў КПЗВ таго часу неабходна адзначыць сатырычны часопіс «Асва» (1934) і легальную «Незалежную двухтыднёвую газету», газету народнага фронту «Наша воля» (1935-1936), якія працягвалі фарміраваць агульную думку аб неабходнасці стварэння адзінага народнага фронту барацьбы з рэакцыяй і фашызмам. Дзейнасць гэтых і многіх іншых дэмакратычных выданняў папярэджвала грамадскую думку аб магчымасці новай вайны. Аднак і гэтыя перыядычныя выданні былі закрыты паліцыяй.

У 1938 г. былі неабгрунтавана распушчаны пастановай Камінтэрна ПКП, КПЗБ, КПЗУ. Гэта нанесла вялікія страты дэмакратычнаму руху і абяззброіла яго перад пачаткам Другой сусветнай вайны. Апошняй у 1938 г. спыніла выхад газета «Чырвоны сцяг» цэнтральны орган КПЗБ.

1 верасня 1939 г. пачыналася новая старонка нашай гісторыі – Другая сусветная вайна, a 17 верасня ў выніку паходу Чырвонай Арміі Заходняя Беларусь была вызвалена ад каланіяльнага прыгнёту і ўз'яднана з БССР.

Друк Заходняй Беларусі – гэта цікавая грамадска-палітычная і культурна-асветніцкая з'ява. Масавы антыпольскі рэвалюцыйны рух быў разгорнуты на аснове нацыянальнай агітацыі і прапаганды. КПЗБ, Грамада і інпіыя дэмакратычныя партыі і арганізацыі змаглі ў палітычнай літаратуры аб'яднаць рэвалюцыйныя мэты вызвалення і ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР, вырашыць эканамічныя праблемы праз нацыянальную дзяржаўнасць і развіццё беларускай культуры.

Дэмакратычны друк у Заходняй Беларусі быў інтэрнацыянальным па форме і нацыянальны па змесце: большасць газет і часопісаў, іншыя выданні друкаваліся на беларускай мове. Гэта быў стрыжань яднання партыйнай дэмакратычнай ідэалогіі з насельніцтвам, рэвалюцыйны сэнс змагання за Айчыну, за Беларусь. Акрамя таго, і публіцыстычнае, і мастацкае слова свабоды дэмакратычнага друку ішло ад аўтарытэтных прадстаўнікоў беларускага народа, для якіх імкненне да лепшай долі для Беларусі было сэнсам жыцця.

Нягледзячы на тое, што беларуская навука мае ў сваім арсенале грунтоўныя працы па гісторыі Заходняй Беларусі, цяпер самы час вярнудь у памяць сучаснікаў поўную гераічную старонку барацьбы нашага народа за свабоду.

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.018 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал