Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Беларускі друк ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі 3 страница






Акрамя таго, у «Маладняку» друкаваліся вострыя і спрэчныя артыкулы, якія таксама прыцягвалі ўвагу. Напрыклад, рэцэнзія А.Кучара «Пра адну рэакцыйную аповесць " Лявон Бушмар" К.Чорнага». Аўтар артыкула сцвярджаў: «" Лявон Бушмар" не толькі не з'яўляецца пралетарскім творам, а выражае погляды, процілеглыя пралетарскаму разуменню той рэчаіснасці, якую яна падае і аб'ектыўна служыць на руку класаваму ворагу... Гэта мае глыбокія карэнні ў самой творчасці К.Чорнага...».

Такія артыкулы атрымліваліся іншы раз у «братоў па пяру». У той час яны часта былі падставай для арышту і пакарання аж да расстрэлу. Так, у «класавай варожасці» абвінілі Кузьму Чорнага, аднаго з найбольш таленавітых пісьменнікаў, удумлівага філосафа і тонкага знаўцу сялянскага жыцця.

I ўсё ж такія матэрыялы вымушаны быў змяшчаць часопіс з рэалістычным, набліжаным да рэчаіснасці зместам. Пісьменнікі стваралі выязныя брыгады, бывалі на прадпрыемствах і ў калгасах, выступалі перад працоўнымі, а затым друкавалі ў «Маладняку» артыкулы, нарысы (Я.Зазека, У.Барашка, Т.Хадкевіч і інш.), змяшчалі вершы, апавяданні. Сацыялістычная рэчаіснасць «пульсавала» на старонках маладнякоўскіх часопісаў. Я.Колас пісаў:

Смелым ходам, дружнай хваляй

У калгас мы ўсе павалім,

Пад напеў наш малады!

У 1928 г. «Маладняк» быў рэарганізаваны ў Беларускую арганізацыю пралетарскіх пісьменнікаў, а часопіс «Маладняк», як яе орган, выходзіў да 1932 г.

Унутраныя супярэчнасці ў «Маладняку», як вядома, прыводзілі да выхаду з яго асобных празаікаў і паэтаў. Да заканчэння 1926 г. перасталі лічыць сябе маладнякоўцамі К.Крапіва, П.Глебка, К.Чорны, М.Лужанін, Я.Пушча і іншыя, якія заявілі аб стварэнні новай пісьменніцкай арганізацыі «Узвышша».

У статуце арганізацыі было запісана, што «беларускае літаратурна-мастацкае згуртаванне " Узвышша" мае на мэце развіццё беларускай літаратуры на падставе прынцыпаў, якія вызначаны ў рэзалюцыі ЦК КП(б)Б ад 1 ліпеня 1925 г. " Аб палітыцы партыі ў галіне мастацкай літаратуры"». «Патрэбна такое мастацтва, якое б замяніла сабой рэлігію і якое б арганізавала рытм жыцця на сацыялістычных пачатках. Гэта мастацтва павінна быць работніцкім і сялянскім па матэрыяле, культурным па спосабе апрацоўкі і класава-пралетарскім па ідэйнасці. Яго " форма" нацыянальная, " змест" – пралетарскі», – гаварылася ў праграме аб'яднання.

Узвышанцы лічылі, што погляды маладнякоўцаў і «адраджаністаў» (пісьменнікаў старэйшага пакалення) не адпавядалі такім эстэтычным прынцыпам і не маглі выканаць задач пралетарскага мастацтва. Статут быў надрукаваны ў рэспубліканскай прэсе і ў першым нумары часопіса «Узвышша», які пачаў выходзіць у сакавіку 1927 г. як орган аднайменнай арганізацыі.

З'яўленне новай пісьменніцкай арганізацыі і літаратурнага выдання можна лічыць далейшым пошукам мастацкага ўвасаблення беларускай рэчаіснасці. Часопіс «Узвышша» пашыраў магчымасці друкавання твораў сваёй арганізацыі і вырашэння ідэйна-эстэтычных пазіцый аб'яднання, якія былі далёка не бездакорнымі.

У асноўным узвышанцы будавалі сваю платформу на крытыцы пазіцый «Маладняка» і спрабавалі сфармуляваць сваю тэорыю «ўзвышанага мастацтва», што адмяжоўвала іх ад усяго літаратурнага працэсу. Гэту пазіцыю крытыкаваў К. Крапіва: «...атмасфера ва " Узвышшы" не спрыяла творчаму росту. Даваў сябе адчуваць налёт фальшывага акадэмізму, што мне асабліва не спадабалася, адарванасць ад масавага культурнага руху, ад надзённых задач сацыялістычнага будаўніцтва» («Звязда». 1933. 20 снежня).

Аднак гэта ў меншай меры адносіцца да дзейнасці часопіса «Узвышша», дзе друкаваліся творы ўжо вядомых у той час К.Крапівы, К.Чорнага, У.Дубоўкі, У.Жылкі і іншых пісьменнікаў, што, несумненна, стала важнай вехай развіцця беларускай літаратуры.

Патрэбна заўважыць, што «авангардысцкая» філасофія ўзвышанцаў зусім слаба праяўлялася ў змесце часопіса. Тым больш што ва ўсіх рэспубліканскіх літаратурных часопісах можна было чытаць творы адных і тых жа пісьменнікаў. Напрыклад, К.Чорны, З.Бядуля, Я.Купала, У.Дубоўка і іншыя друкаваліся ў «Маладняку», «Полымі», а таксама і ва «Узвышшы». К.Чорны з № 2 «Узвышша» за 1927 г. пачаў друкаваць раман «Сястра». Можна сказаць, што аб'яднанне і часопіс «Узвышша» (спынілі сваю дзейнасць у 1931 г.) былі яшчэ адным крокам насустрач чытачу беларускай літаратуры і наблізілі пісьменнікаў рэспублікі да стварэння адзінай арганізацыі – Саюза пісьменнікаў БССР.

Працэс збірання літаратурных сіл прадоўжыла аб'яднанне «Пробліск» – пралетарска-сялянская беларуская літаратурная суполка, створаная ў ліпені 1927 г. Сярод яе заснавальнікаў былі А.Гурло, А.Звонак, М.Хведаровіч. Аднак шырокай дзейнасці новае аб'яднанне разгарнуць не змагло і далучылася да «Маладняка».

У верасні 1927 г. была арганізавана Беларуская літаратурна-мастацкая камуна (адным з заснавальнікаў быў Я.Скрыган). У наступным годзе камуна была распушчана і члены арганізацыі зноў-такі ўвайшлі ў склад «Маладняка».

Для паўнаты карціны літаратурных пошукаў на Беларусі патрэбна дадаць, што ў той час было створана яўрэйскае пісьменніцкае аб'яднанне «Дэр Юнгер арбетэр» («Малады рабочы»), якое арганізавала свае групы ў Вілейцы, Полацку, Магілёве, Мазыры, Гомелі, Оршы. Яўрэйскія празаікі і паэты групаваліся вакол літаратурна-мастацкага, палітычна-навуковага часопіса «Штэрн» («Зорка») – органа Саюза пісьменнікаў БССР, які друкаваўся з 1921 да 1941 г., а таксама змяшчалі свае творы ў мясцовых яўрэйскіх газетах.

Арганізавалася і дзейнічала таксама невялікая групоўка рускіх пісьменнікаў «Звенья», якая друкавалася ў асноўным у «Звезде» і мела свае аб'яднанні ў Віцебску і Бабруйску.

Такое становішча ў пісьменніцкіх шэрагах не задавальняла літаратараў. Пошукі мастацкага «крэда» драбнілі сілы, перашкаджалі вучобе маладых, аслаблялі эстэтычныя і ідэйныя пазіцыі літаратуры ўвогуле, асобных пісьменнікаў і паэтаў. Акрамя таго, авангардысцкія ўхілы членаў маладнякоўскай арганізацыі «засмечвалі» літаратурнае асяроддзе, імкнуліся ўзвысіцца над рэчаіснасцю, а частка зусім адрывалася ад яе, не прыслухоўваючыся да класічных матываў у паэзіі і прозе. ЦК КП(б)Б і ўрад рэспублікі таксама неаднаразова звярталі ўвагу на становішча ў пісьменніцкім асяроддзі і патрабавалі больш мэтанакіраванай працы па адлюстраванні сацыялістычнай рэчаіснасці.

Нарэшце, у снежні 1927 г. было аб'яўлена аб стварэнні літаратурнага аб'яднання «Полымя», у арганізацыйную групу якога ўваходзілі Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот, А.Александровіч і інш. Гэта было найбольш прадстаўнічае аб'яднанне літаратараў і па сваім складзе, і па абвешчанай праграме. У статуце літаратурнага аб'яднання ставілася задача развіцця творчай працы ў непарыўнай сувязі з сацыялістычным будаўніцтвам, умацавання ў беларускай літаратуры пралетарскай ідэалогіі ў арганічным адзінстве з нацыянальнай формай; усталявання супрацоўніцтва з усімі суполкамі, калі гэта не пярэчыць прынцыпам аб'яднання, і абвяшчэння барацьбы са шкоднымі ўхіламі на іпляху развіцця беларускай пралетарскай літаратуры. Асноўным друкаваным органам новага аб'яднання быў часопіс «Полымя», які ў 1932 г. стаў выходзіць пад назвай «Полымя рэвалюцыі».

Такая арганізацыйная актыўнасць беларускіх літаратараў сведчыла аб пашырэнні агульнага творчага працэсу ў рэспубліцы. Умацоўваліся мастацка-эстэтычныя пазіцыі беларускай прозы і паэзіі. У гэты час былі апублікаваны буйныя творы («Сокі цаліны» Ц.Гартнага, «Новая зямля» Я.Коласа), якія скіроўвалі літаратурны працэс да рэалістычнага адлюстравання жыцця.

З другога боку, жаданне маладых літаратараў адасобіцца ў незалежнай арганізацыі часам прыводзіла яе членаў да мастацкіх і ідэалагічных памылак, што перашкаджала творчаму росту і выклікала дэструктыўную палеміку. Заўважым, што ў пару барацьбы з «нацыяналізмам» гэтыя «грахі» былі пастаўлены ў віну многім літаратарам.

У той жа час патрэбна падкрэсліць, што кожная літаратурная групоўка выпускала свае часопісы, зборнікі, ажыццяўляла асветную працу сярод моладзі ў школах, працоўных калектывах. Гэта мела вялікую грамадскую каштоўнасць: з насельніцтвам рэспублікі творчая моладзь вяла высокаінтэлектуальны дыялог на роднай мове.

Прадоўжыла справу згуртавання творчых сіл газета «Літаратура і мастацтва» – орган Федэрацыі аб'яднанняў савецкіх пісьменнікаў і Галоўмастацтва БССР, першы нумар якой выйшаў 26 лютага 1932 г. Гэта важная з'ява ў грамадскім жыцці рэспублікі. Факт выдання газеты сведчыў аб высокім узроўні развіцця беларускай культуры: літаратуры, тэатра, выяўленчага мастацтва і г.д. Паліграфічная культура друку адбілася і на выглядзе новай газеты. Яна выйшла фарматам А2 на чатырох палосах, звярстана па тагачасных правілах газетнага дызайну, змяшчала ў кожным нумары малюнкі і фотаздымкі.

Галоўнае – у газеты быў цікавы змест. Рэдакцыя, у якую ўваходзілі А.Александровіч, В.Вольскі, I.Гурскі, М.Лынькоў, К.Чорны і інш., у той час ужо вядомыя пісьменнікі, вопытныя публіцысты і рэдактары, сфармулявала свае задачы ў перадавым артыкуле. У ім гаварылася, што па ўсёй краіне разгарнулася сацыялістычнае будаўніцтва, пачынаецца новы яго этап другая пяцігодка. У гэтым працэсе вельмі значную ролю адыгрывае савецкае мастацтва, на якое грамадства ўскладвае асаблівую місію: вобразнымі сродкамі паказаць героіку стваральнай працы ўдзельнікаў працэсаў індустрыялізацыі і калектывізацыі.

Рэдкалегія аналізавала ўсе бакі дзейнасці беларускага грамадства і высвятляла месца мастацтва ў агульным працэсе савецкай рэчаіснасці, адзначаючы, што яно аказвае ўсё большы ўплыў на насельніцтва, на духоўны стан асобы.

Газета лічыла, што пісьменнікі павінны будаваць сваю творчасць на фактах і з'явах сацыялістычнай рэчаіснасці. На актыве Мінскай арганізацыі пісьменнікаў М.Лынькоў у сваім дакладзе абгрунтоўваў тэзісы ваяўнічай партыйнасці пралетарскай літаратуры

 

3. Узнікненне і развіццё друку моладзі Беларусі. «Красная смена» («Чырвоная змена»), «Юный пахарь» («Малады араты»)

Партыйны і савецкі друк быў разлічаны на розныя слаі насельніцтва. Асаблівая ўвага ўдзялялася абмеркаванню праблем працоўных, рабочых і сялян. ЦК КП(б)Б неаднаразова звяртаў увагу рэдкалегій газет «Звезда», «Савецкая Беларусь» і іншых выданняў на неабходнасць паглыбленага вывучэння чытацкай аўдыторыі і рэкамендаваў шырока адлюстроўваць праблемы выхавання моладзі. Гэта праца журналістаў развівалася ў двух кірунках: праз стварэнне камсамольска-маладзёжных выданняў і арганізацыю шырокай сеткі рабоча-сялянскіх карэспандэнтаў. Арганізацыйная работа сярод моладзі набыла значны размах: былі створаны рэспубліканскія камсамольская і піянерская арганізацыі і шырока разгорнуты рабселькораўскі рух.

«Звезда», «Савецкая Беларусь», губернскія і павятовыя газеты друкавалі спецыяльныя маладзёжныя старонкі, а камсамольская арганізацыя рэспублікі імкнулася выпускаць свае перыядычныя выданні. Пачынаўся працэс станаўлення беларускага маладзёжнага друку савецкага перыяду, які стаў састаўной часткай нацыянальнай сістэмы прэсы. Даволі хутка камсамольска-маладзёжныя выданні распаўсюдзілі свой уплыў на вучнёўскую, студэнцкую, рабочую і сялянскую моладзь, юнакоў, якія знаходзіліся ў Чырвонай Арміі; выходзілі газеты для прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей нашай рэспублікі.

Камсамольска-маладзёжная прэса па змесце была адбіткам партыйна-савецкай, аднак падбор матэрыялаў, іх афармленне, састаў рэдакцый, стыль іх дзейнасці, склад няштатных аўтараў былі іншымі. У газетах для моладзі было нямала інфармацыйных заметак, невялікіх паведамленняў, замалёвак, жартаў, вершаў, празаічных твораў маладых пісьменнікаў – усе гэтыя матэрыялы зацікаўлена ўспрымаліся юнымі чытачамі.

Партыйныя органы аказвалі матэрыяльную дапамогу камсамольскім арганізатарам маладзёжнага друку. Вырашалася адна з важных праблем – уз'яднанне інтарэсаў моладзі з задачамі рэвалюцыі, а пасля Грамадзянскай вайны – з працягам сацыялістычнага будаўніцтва.

У газеце таго перыяду можна прачытаць: «Дзяўчына! Спытай у свайго юнага таварыша, чаму ён яшчэ не на фронце?» – або зусім катэгарычнае: «Хто не дапамагае фронту, той вораг рэвалюцыі!» Такія' заключэнні на старонках газет выклікалі неадназначную рэакцыю ў моладзі. Хто па перакананні ўступіў у камсамол, успрыняў ідэі Кастрычніцкай рэвалюцыі, той лічыў гэта нармальнай з'явай. Такімі былі і журналісты маладзёжных выданняў.

У той жа час частка моладзі неадэкватна адносілася да новай улады і не разумела камсамольскіх законаў жыцця, а таму стрымана і пасцярожана ставілася да заклікальных выступленняў у перыядычным друку. Пераадолець такі псіхалагічны настрой было адной з важнейшых задач журналістаў маладзёжнага друку.

Другі нумар часопіса выйшаў у Мінску 15 чэрвеня 1919 г., a пасля таго, як Мінск быў захоплены белапалякамі, камсамольцы надрукавалі «Подпольный факел коммунизма».

У тым жа 1919 г. 13 красавіка ў Вільні выйшла газета «Красная молодежь» – орган Цэнтральнага і Віленскага камітэтаў КСМ Літвы і Беларусі. Гэта і быў пачатак маладзёжнага друку ў Беларусі, хаця абодва выданні друкаваліся для моладзі дзвюх братніх рэспублік, часова аб'яднаных у адзіным саюзе.

«Красная молодежь» – фактычна мабілізацыйнае выданне. У час вайны газета выходзіла пад адным лозунгам: «Усе ў Чырвоную Армію! Усё для Чырвонай Арміі!». Матэрыялы былі пазначаны рэвалюцыйным пафасам, яны больш падобны на адзіны заклік. У першым нумары «Красная молодежь» звярталася да сваіх чытачоў: «У дні кастрычніцкага штурму крэпасці контррэвалюцыі – Зімняга палаца чырвоныя сцягі саюзаў моладзі развяваліся на штыках, нясучых пагібель прыгнятальнікам і свабоду прыгнечаным. Вораг быў пераможаны, але не знішчаны. Пачалася доўгая і ўпартая барацьба. Пытанне пастаўлена аб жыцці і смерці. I на ўсіх этапах гэтай барацьбы шэрагі юных ратнікаў пастаянна наперадзе. Сотні магіл невядомых юных герояў на каледзінскім, красноўскім, дутаўскім і іншых франтах яскрава гавораць аб выключнай адданасці працоўнай моладзі рэвалюцыі».

Як бачна, тэкст газеты ідэалагізаваны, а таму бескампрамісны і патэтычны. Маладыя салдаты аб'яўляліся героямі, юнымі ратнікамі, на якіх ускладалася надзея на перамогу ў Грамадзянскай вайне. Моладзь бесперапынна павінна была папаўняць армейскія шэрагі, інакш савецкая ўлада засталася б без войска, a значыць, без абароны. «Цяпер, – падкрэслівала далей рэдакцыя, – калі контррэвалюцыйная зграя – польскія, літоўскія, нямецкія і іншыя белагвардзейскія банды – імкнецца нанесці ўдар вызваляючайся ад акупацыі Савецкай рэспубліцы Літве і Беларусі, рэвалюцыйная моладзь павінна быць асабліва пільнай. Усе намаганні, уся наша энергія павінны быць накіраваны на падтрымку Заходняга фронту. Мы павінны помніць, што з'яўляемся членамі Камуністычнага саюза моладзі».

Апошні сказ -напамін вельмі характэрны. Члены КСМ у той час былі на паўваенным становішчы і па першым сігнале з'яўляліся на прызыўныя пункты для адпраўкі на фронт. «Красная молодежь» 16 сакавіка надрукавала пастанову ЦК КСМ Літвы і Беларусі аб мабілізацыі: у Чырвоную Армію камсамольская арганізацыя рэспублікі была прызвана амаль поўнасцю.

Зразумела, што час патрабаваў стварэння рэгулярнага выхаду газет і часопісаў для моладзі. Тым больш што ў час Грамадзянскай вайны юнакі станавіліся салдатамі і з імі неабходна было весці прапагандысцкую і адукацыйную працу. Аднак зрабіць гэта практычна было немагчыма з-за адсутнасці сродкаў, кваліфікаваных спецыялістаў і несупыннага перамяшчэння франтоў. Тады і была рэалізавана ідэя выпуску маладзёжных старонак у партыйных газетах. Першая такая старонка «Звезда молодежи» ў канцы сакавіка 1920 г. пачала друкавацца ў газеце «Звезда» ў Смаленску, а затым і ў Мінску, куды была пераведзена «Звезда» пасля яго вызвалення ад белапалякаў.

Старонкі моладзі друкаваліся ў многіх газетах: «Малады араты» ў «Савецкай Беларусі», у Барысаўскай газеце «Бедняк» «Страничка красной молодежи», магілёўская «Coxa и молот» друкавала старонку «Красная молодежь» і г. д.

У студзені 1920 г. выйшаў часопіс «Молодой горн» – орган Віцебскага губкома РКСМ (большая частка Віцебскай губерні да 1924 г. уваходзіла ў склад РСФСР). Рэдкалегія бачыла сваю задачу ў палітычным і маральна-этычным выхаванні моладзі, стварэнні камсамольскіх ячэек і арганізацыі іх працы ў мірных умовах. Многа месца часопіс удзяляў сялянскай моладзі, расказваў аб арганізацыі камун, калектыўнай апрацоўцы зямлі.

Жыццё моладзі адлюстроўвалася на старонках часопіса рознабакова і шматгранна. Глыбокае тлумачэнне атрымалі праблемы асваення рабочых прафесій, уладкавання моладзі на працу, вучобу, выхавання ў юнакоў і дзяўчат рэалістычных адносін да буржуазнай маралі. Разам з гэтым «Молодой горн» друкаваў вершы, апавяданні беларускіх і рускіх аўтараў. Выходзіў часопіс да сярэдзіны 1921 г. і ў многім паспрыяў умацаванню губернскай камсамольскай арганізацыі. Пазней, у 1921 г., замест часопіса «Молодой горн» Віцебскі губком РКСМ пачаў выдаваць газету «Юный творец», якая выходзіла раз на тыдзень фарматам раённай. Да 1923 г. выданне набыло папулярнасць у чытачоў, і плошча яго была павялічана да фармату А2.

«Юный творец» змястоўна адлюстроўваў жыццё камсамольскай арганізацыі губерні і праблемы рабочасялянскай моладзі. Зразумела, што асноўнай тэмай было тлумачэнне задач НЭПа, палітыкі Камуністычнай партыі і камсамола. Рэдакцыя імкнулася не толькі прапагандаваць дырэктыўныя дакументы, што для друку таго часу было звычайнай справай і добразычліва ўспрымалася чытачамі, а таксама дапамагчы кожнаму юнаку і дзяўчыне знайсці сваё асабістае месца ў жыцці. Патрэбна вучыцца, набываць добрую прафесію і напружана працаваць, каб прыносіць карысць сабе і краіне, сцвярджалі журналісты «Юного творца».

У Гомельскай губерні выходзілі таксама старонкі моладзі ў партыйных газетах. У жніўні 1920 г. быў створаны часопіс «Набат молодежн» – орган губкома РКСМ. Першы нумар быў надрукаваны на грамадскіх пачатках партыйнай ячэйкай друкароў, якія дзеля гэтага арганізавалі нядзельнік. Перадавы артыкул быў прысвечаны задачам юнацкай прэсы. «Кожны камсамолец павінен удзельнічаць у сваім органе, – гаварылася ў артыкуле. Толькі тады часопіс будзе паспяхова развівацца. Патрэбна стварыць старонкі моладзі ва ўсіх савецкіх і партыйных органах. Самыя буйныя паветы могуць выдаваць таксама свае старонкі». Аднак выйшла ўсяго тры нумары часопіса.

1 мая 1921 г. губком пачаў выдаваць штотыднёвую газету «Набат молодежи». Спачатку яна выходзіла невялікім тыражом, здараліся перапынкі ў выпусках з-за недахопу сродкаў, але ўжо ў 1922 г. «Набат молодежи» друкаваўся тыражом у тысячу экземпляраў. Чытачы прыхільна ставіліся да сваёй газеты, і ў 1923 г. яна разыходзілася па індывідуальнай падпісцы. Матэрыяльнае становішча рэдакцыі палепшылася, і «Набат молодежи» часта выходзіў на шасці палосах павялічаным фарматам. У кастрычніку 1924 г. газета была зарыентавана на сельскую моладзь і выходзіла да канца 1925 г. тыражом больш за 5 тыс. экземпляраў.

З вышыні інфармацыйнага забеспячэння грамадства сённяшняга дня цяжка ўявіць сабе значнасць губернскага і павятовага друку моладзі Беларусі пачатку 20-х гг. Аднак у гарадской кватэры, і асабліва ў сялянскай хаце, газета, часопіс, кніга былі свежым паветрам, подыхам цікавага, вабнага жыцця, пастаянным арыенцірам у палітычных падзеях і маральна-этычнай школай для юнакоў і дзяўчат. Што напісана ў «маёй», «нашай» газеце, было не толькі навіной, цікавай для чытача; у перыядычным друку адкрывалася перспектыва жаданага і шчаслівага жыцця для кожнага маладога чалавека.

У шматлікіх допісах у рэдакцыі маладзёжных выданняў юнакі і дзяўчаты адзначалі, што са зместам газеты яны звяраюць сваё жыццё.

Пасля заканчэння Грамадзянскай вайны жыццёвыя інтарэсы беларускай моладзі значна пашырыліся. Наступіла пара будаваць тое жыццё, аб якім яна марыла і за якое змагалася на вайне. У сувязі з гэтым паўстала задача стварыць рэспубліканскія газеты і часопісы для моладзі.

На IV з'ездзе КП(б)Б у лютым 1921 г. было прынята рашэнне аб заснаванні рэспубліканскага камсамольскага выдання. А ў гонар адкрыцця 2-га Усебеларускага з'езда КСМБ 21 красавіка 1921 г. выйшаў першы нумар газеты «Красная смена» – орган ЦК КСМБ. Асноўная задача камсамольскага органа друку была сфармулявана наступным чынам: «Сёння выходзіць першы нумар газеты рабочасялянскай моладзі Беларусі " Красная смена". Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, у якіх знаходзіцца савецкая рэспубліка, нягледзячы на цяжкае гаспадарчае палажэнне напіай краіны, моладзь Беларусі мае свой орган. " Красная смена" будзе клікаць моладзь да працы, на барацьбу за ідэалы камунізму. Кожны юны рабочы, малады селянін, пралетарый, навучэнец можа на стронках нашай газеты атрымаць адказы на хвалюючыя яго пытанні, напісаць аб усім, што яго цікавіць. Жыццё моладзі на фабрыцы, у майстэрні, за станком і плугам будзе адлюстравана на стронках нашай газеты. " Красная смена" пакажа юным пралетарыям шлях барацьбы за вызваленне рабочага класа».

Праграма была прывабнай і маштабнай. I, як паказаў час, «Красная смена» змагла выканаць яе. Газета стала не толькі летапісам гісторыі беларускай моладзі, але і інстытутам выхавання падрастаючага пакалення. У той час ніхто не мог думаць, што першая маладзёжная газета будзе мець такую багатую гісторыю, стане нацыянальнай каштоўнасцю, лепшай сярод камсамольскіх выданняў у СССР.

Аднак і на той час выхад «Красной смены» меў важнае палітычнае і культурнае значэнне. Моладзь Беларусі пачынала працаваць у мірных умовах, павышала свой матэрыяльны і культурны ўзровень жыцця. Таму адэкватна ўспрымаліся заклікі да стваральнай працы, вучобы, арганізацыі ячэек у вёсках, на прадпрыемствах, у воінскіх падраздзяленнях і інш. Гэта стала зместам камсамольскага друку.

Спачатку газета выходзіла толькі раз на тыдзень на чатырох старонках. Рэдкалегія друкавала невялікія артыкулы і заметкі, пісьмы чытачоў, вяла рубрыкі «Жыццё працоўнай моладзі», «Па камсамольскай Беларусі», «Навуковы аддзел», «Школа», «Тэатр і мастацтва», «Камсамольская мяцёлка» і інш., якія ўтрымлівалі цікавую інфармацыю. Кожны нумар адкрываўся перадавым артыкулам, у якім пазначаліся канкрэтныя задачы для рашэння камсамольскімі ячэйкамі. Першая старонка адводзілася для палітычнай інфармадыі, другая і трэцяя ўсебакова паказвалі жыццё моладзі. 3 артыкуламі выступалі кіраўнікі партыі, дзеячы навукі і культуры.

Чацвёртая стронка адводзілася для адказаў рабселькорам, там змяшчаліся аддзелы «Чорная дошка» і «Пошта». «Красная смена», па ўспамінах сучаснікаў, была прадвеснікам новага зместу жыцця і дзейнасці моладзі. Неабходна падкрэсліць, што камсамольская газета з'яўлялася таксама і прапагандыстам партыйнай палітыкі. Яна сістэмна тлумачыла сутнасць НЭПа, выступала супраць перажыткаў мінулага, агітавала маладых людзей за ўступленне ў камсамол.

Рэдакцыя заклікала моладзь да барацьбы супраць эксплуатацыі, да арганізаванага супрацьстаяння бандытызму, да новага быту і гуманістычнай маралі. Настойліва рэкамендавала пярвічным ячэйкам прымаць у камсамол у першую чаргу маладых людзей, правераных на справе, дзяцей рабочых і сялян, чырвонаармейцаў. У артыкуле «Чарговыя задачы саюза» гаварылася: «На першы план выходзіць сацыялістычная адукацыя нашай моладзі: школы, клубы, палітасветработа, дапрызыўная падрыхтоўка, прыём новых членаў камсамола – першачарговая работа КСМ».

Названая тэматыка далёка няпоўная. У газеце былі ўзняты важнейшыя пытанні, якімі займалася ўсё грамадства: голад у Паволжжы, ліквідацыя беспрацоўя, непісьменнасці. Самая мабільная, арганізаваная частка грамадства найлепшым чынам магла вырашыць гэтыя праблемы. Моладзь, і асабліва камсамольцы, працавалі ў вольны час, назапашваючы грамадзянскія і матэрыяльныя каштоўнасці. Усё знайшло свой адбітак на старонках «Красной смены», тыраж якой ужо ў 1923 г. складаў 4 тыс. экземпляраў. Такім чынам, «Красная смена» распачынала гісторыю адной з самых вядомых і старэйшых нацыянальных газет Беларусі.

У 1922 г. на анове сумеснай пастановы ЦК КП(б)Б і ЦК КСМБ была створана газета сялянскай моладзі «Юный пахарь». Назва газеты адлюстроўвала мэты новага выдання: аб'яднаць моладзь вёскі для выканання задач сацыялістычнага будаўніцтва. У газеце вялася «Старонка сельскагаспадарчых ведаў», пастаянна друкаваліся «Парады агранома»; «Як рыхтаваць поле пад пасеў?», «Як захаваць пасевы?», «Што такое паравая машына?», «Як працуе малацілка?» і г.д. Гэта была своеасаблівая школа гаспадарчых ведаў. Роля газеты «Юный пахарь» у прапагандзе новага быту вельмі значная. Пад рубрыкамі «Камсамол творыць новы быт», «Па вёсках за кнігай» асвятлялася актыўнае жыццё сельскай моладзі. Разам з гэтым выданне крытыкавала, высмейвала розныя недахопы, забабоны, даказвала іх шкоднасць.

Праўдзівае, аўтарытэтнае слова газеты падтрымлівалі вядомыя пісьменнікі. Я.Купала надрукаваў у «Маладым аратым» адзін з лепшых сваіх вершаў – «Маладая Беларусь». У маладзёжных газетах выступалі Ц.Гартны, П.Трус, К.Крапіва, У.Дубоўка, М.Чарот і інш. Пад псеўданімам Сусед Вясёлы друкаваў свае фельетоны і апавяданні К.Чорны: «Зарабатак», «Папоўскі вялікдзень», «Фэст» (1925).

Мастацкія творы «Малады араты» змяшчаў пад рубрыкай «Для чытання вечарам». Літаратурная тэматыка была вельмі шырокай. Аднак галоўнай заставалася тэма працоўнага выхавання. Камсамольскі работнік, а пазней вядомы пісьменнік Платон Галавач у сваіх артыкулах сцвярджаў, што ўзняць сельскую гаспадарку можна толькі тады, калі селянін навучыцца выкарыстоўваць тэхніку і навейшыя дасягненні агранаміі.

Маладыя пісьменнікі выступалі ў друку з артыкуламі на розныя тэмы, прысвечаныя дзейнасці камсамола, аднак асноўнай тэмай было выхаванне новага чалавека. К.Крапіва змясціў у «Маладым аратым» (1925) вядомыя сатырычныя вершы: «Ціт заводзіць новы быт», «Будуйце лазні», «Свет у кут – менш пакут», a таксама фельетон «Споведзь» і інш.

Удзел літаратараў у камсамольскім друку надаваў газетам і часопісам арыгінальнасць, яркасць, пераканаўчасць. Артыкулы, вершы, апавяданні былі прывабным агітацыйным сродкам. Акрамя таго, паляпшаліся стыль, мова выданняў, узрастала журналісцкае майстэрства. Дзве рэспубліканскія маладзёжныя газетьі станавіліся прыкметнай з'явай у грамадскім жыцці.

У той жа час тыраж «Красной смены» і «Юного пахаря» абмяжоўваўся тым, што выходзілі яны на рускай мове. Яшчэ раз падкрэслім, што ў 20-я гг. прыкладна 80% моладзі рэспублікі пражывала ў сяле і карысталася роднай мовай. Пагэтаму пераход абедзвюх газет на беларускую мову ў 1924 г. стаў новым моцным імпульсам іх развіцця і адначасова фактарам нацыянальнага выхавання моладзі.

Попыт на газеты паступова павялічваўся. У вёсцы «Малады араты» пераходзіў з рук у рукі, газету чыталі па чарзе. У клубах камсамольцы арганізоўвалі калектыўныя чытанні, куды прыходзілі і людзі больш сталага ўзросту.

Штомесяц з пачатку 1923 г. «Юный пахарь» выпускаў дадатак-брашуру «Камсамольскі вечар». Там друкаваліся вершы, песні, прыпеўкі і абавязкова п'есы для пастаноўкі ў сельскім клубе. Адной з мэт дадатка было выяўленне творчых сіл у вёсцы.

З 6 ліпеня 1925 г. замест газеты «Малады араты» два разы на месяц пачаў выдавацца часопіс пад той жа назвай. Ён прывыбна афармляўся, у ім змяшчаліся фотаздымкі і малюнкі. Вокладка заўсёды была каляровай. «" Малады араты" будзе кіраваць працай і барацьбой за новую вёску, – гаварылася ў звароце да чытачоў, – за шматполле, за асушэнне балот, за аб'яднанне сялян у кааперацыі; будзе дапамагаць моладзі ў рабоце сельскіх Саветаў, у камітэце ўзаемадапамогі, у школе; будзе адлюстроўвадь жыццё і працу вясковай моладзі. Шмат месца будзе адведзена выхаванню нашых карэспандэнтаў для барацьбы за новую вёску».

Старонкі «Маладога аратага» былі прадастаўлены селькорам, камсамольцам, маладым літаратарам. Паўлюк Трус, Змітрок Бядуля, Станіслаў Шуілкевіч, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка, Кузьма Чорны, Платон Галавач і іншыя змяшчалі ў ім свае творы. Кола праблем, якія абмяркоўваліся ў часопісе, даволі шырокае. Рэдакцыя расказвала пра адкрыццё хатчытальняў, інструктавала камсамольскія ячэйкі, як арганізаваць сельскагаспадарчы гурток, як разгарнуць палітычную працу сярод насельніцтва. «Малады араты» друкаваў матэрыялы снецыялістаў, як адбіраць зерне для сяўбы, як правільна рыхтаваць поле і выкарыстоўваць угнаенні.

Шмат было зроблена часопісам для ўкаранення новага быту. На яго старонках пастаянна з'яўляліся артыкулы пра камсамольскія вяселлі, у падтрымку выступленняў супраць кулакоў, самагоншчыкаў, праціўнікаў савецкай улады. Даволі грунтоўна інфармаваў часопіс чытачоў аб міжнародных падзеях. «Малады араты» выконваў асноўную ролю сацыяльнай сувязі дзяржавы, урада, грамадскіх арганізацый з сялянскай моладдзю. Часопіс карыстаўся павагай сярод чытачоў і выходзіў да канца 1926 г. Рэдагаваў яго вядомы паэт Андрэй Александровіч.

У Беларусі выдаваліся газеты і часопісы для моладзі нацыянальных меншасцей. 3 8 красавіка да 15 мая 1919 г. выходзіла газета «Камуністішэ штіме» («Камуністычны голас») – орган Мінскага бюро яўкамола (яўрэйскага камсамола). У 1920 г. былі надрукаваны два нумары газеты «Юнге ворт» («Слова моладзі») – орган Галоўнага камітэта яўкамола. Выходзілі таксама старонкі моладзі ў яўрэйскіх партыйных газетах.

Першыя яўрэйскія маладзёжныя выданні выходзілі нерэгулярна, невялікімі тыражамі. Для паляпшэння выхаваўчай працы сярод моладзі ЦК КСМБ у 1922 г. пачаў выдаваць газету «Дэр Юнгер арбетэр» («Малады рабочы»), якая існавала да 1936 г.

Спачатку рэдкалегія «Дэр Юнгер арбетэр» не магла выпрацаваць свой стыль. Нумары запаўняліся артыкуламі аб міжнародным становішчы, мала змяшчалася пісем, быў нешматлікім рабселькораўскі актыў. Да таго ж газета выходзіла нерэгулярна адзіндва разы на месяц. Вопыт і майстэрства прыходзілі паступова, журналісты вучыліся працаваць у рэдакцыі «Красной смены». Ужо ў 1924 г. «Дэр Юнгер арбетэр» была пераведзена на штотыднёвы выпуск. I калі першыя нумары газеты выходзілі тыражом 1, 5 тыс. экземпляраў, то ў 1927 г. – 24 тыс.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.013 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал