Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Сістэматызацыя матэрыялу па тэме даследавання
Сінтаксіс як раздзел граматыкі вывучае будову і значэнне словазлучэнняў і сказаў, іх структурныя тыпы. Аналіз лексіка-семантычнага напаўнення і граматычнай арганізацыі словазлучэнняў і сказаў дае магчымасць глыбока асэнсаваць структурныя і семантычныя сувязі слоў, словазлучэнняў і сказаў, удасканаліць уменні і навыкі стварэння тэксту. Навучанне сінтаксісу патрабуе забеспячэння цеснай сувязі з вывучэннем усіх раздзелаў школьнага курса роднай мовы — лексікі, фанетыкі, арфаэпіі, графікі, арфаграфіі і марфалогіі. Абумоўлена гэта тым, што слова як лексічная адзінка ўваходзіць у склад словазлучэння і сказа ў пэўнай словаформе, значэнне якой рэалізуецца на сінтаксічным узроўні. Практычнае засваенне сінтаксічнага ладу мовы адбываецца двума шляхамі: першы — праз перайманне маўленчых узораў; другі — праз засваенне сінтаксічных паняццяў, асэнсаванне сувязі слоў, словазлучэнняў і сказаў як кампанентаў тэксту. Патрэбнасць мець у працэсе педагагічна арганізаванага навучання неабходныя веды перад вывучэннем сістэмнага курса сінтаксісу абумовіла наяўнасць наступных этапаў яго вывучэння. Першы этап — пачатковыя класы, у якіх моўная адукацыя будуецца па мадэлі “тэкст — сказ — словазлучэнне — гук”. Дзеці вучацца выдзяляць са сказа сэнсава звязаныя пары слоў, распазнаваць галоўную пару слоў, ставіць пытанні ад галоўнага слова да залежнага, асэнсоўваюць сказ як форму выказвання думкі, элемент сістэмы мовы, набываюць першапачатковыя веды пра тэкст. Апрача спецыяльных раздзелаў, прысвечаных сінтаксісу, актыўна працуе на асэнсаванне сінтаксічных моўных з’яў, паняццяў асноўны прынцып навучання мове, сутнасць якога заключаецца ў тым, што, як адзначае Б.В.Пятровіч, у пачатковых класах “засваенне лексікі, фанетыкі, марфалогіі, а таксама арфаэпіі ажыццяўляецца пераважна на сінтаксічнай аснове” [ 10, с. 255 ]. Другі этап — прапедэўтычны (ад грэч. propaideuo — папярэдне навучаю): у сціслай форме ўводзіцца элементарны курс сінтаксісу, неабходны для далейшага паглыбленага яго вывучэння. Заснаваны гэты этап на фарміраванні паняццяў словазлучэння і сказа як асноўных сінтаксічных адзінак і кампанентаў тэксту, якія ў сукупнасці складаюць сінтаксічны лад мовы. Трэці этап — паглыбленне паняцця пра словазлучэнне ў час вывучэння лексікі, фразеалогіі, фанетыкі, арфаэпіі, графікі, арфаграфіі і марфалогіі, якое праз супастаўленне са сказам асэнсоўваецца як пэўная структурна-семантычная адзінка сінтаксісу і сродак тэкстастварэння. Чацвёрты этап — паглыбленае вывучэнне простага сказа, яго структурных тыпаў у залежнасці ад ускладненасці, наяўнасці саставу галоўных членаў сказа, іх ролі як сродкаў стварэння тэксту. Пяты этап — сістэмнае вывучэнне складанага сказа, яго будовы, значэння і функцыянавання ў тэксце, сінтаксічных канструкцый з простай і ўскоснай мовай. Шосты этап з’яўляецца падагульняльным: на ўзроўні мовы, тэкстаў мастацкіх стыляў і ўласных выказванняў сістэматызуюцца і пашыраюцца набытыя тэарэтыка-практычныя веды пра сінтаксіс словазлучэння, сказа, простай і ўскоснай мовы, цытат, ужыванне сінтаксічных канструкцый для выражэння разнастайных сэнсавых адносін. Кожны з этапаў вызначаецца абсягам паняццяў, уменняў і навыкаў, якія павінны набыць вучні пры вывучэнні канкрэтнай тэмы сінтаксісу як сістэмы граматычнага ладу мовы. Прычым робіцца акцэнт не столькі на засваенне моўнай з’явы, колькі на асэнсаванне неабходнасці яе ўжывання ў тэксце. У гэтай сувязі В.У.Протчанка падкрэслівае, што ў цэнтр увагі ставіцца школьнік і тэкст, маўленчыя і інтэлектуальныя здольнасці кожнага індывіда, без якіх нельга ўспрымаць тэксты іншых аўтараў і ствараць уласныя[ 14, с.6 ]. Г.А.Золатава называе такія здольнасці вучняў творчым валоданнем мовай, для развіцця якога патрабуецца дзве ўмовы: першая — забеспячэнне пераходу ад граматыкі сказа да функцыянальна-камунікатыўнай граматыкі тэксту; другая — неаслабная ўвага да эстэтычнага боку маўлення, да каштоўнасці слова як элемента мастацкага цэлага, верша ці прозы [ 6, c. 41 ]. Сказанае дае падставу вызначыць мэты вывучэння сінтаксісу: адукацыйная мэта: забяспечыць засваенне вучнямі ведаў пра сінтаксічны лад беларускай мовы, яго паняцці і адзінкі; практычная мэта: стварыць умовы для засваення вучнямі сінтаксічных нормаў на ўзроўні словазлучэнняў, простага і складанага сказаў як сродкаў стварэння тэксту, удасканаліць інтанацыйна-гукавы бок маўлення вучняў, сфарміраваць навыкі сінтаксічнага аналізу і сінтэзу; развіццёвая мэта: узбагаціць сінтаксічны лад мовы вучняў канструкцыямі ўскладненай і складанай будовы, развіваць уменні і навыкі вучняў выкарыстоўваць разнастайныя паводле структуры і семантыкі словазлучэнні, простыя і складаныя сказы пры стварэнні тэкстаў розных тыпаў, стыляў і жанраў.
Так, адны даследчыкі (Сухоцін В.П., Фартунатаў, Шахматаў А.А.) лічаць, што словазлучэнні ўзнікаюць пры пабудове сказаў, вычляняюцца з гатовага сказа. Другія даследчыкі (Вінаградаў В.У., Белашапкава В.А.) лічаць, што словазлучэнні могуць існаваць па-за сказамі, служаць будаўнічым матэрыялам для сказаў. Яны збліжалі словазлучэнні са словам і бачылі ў ім складанае найменне, якое, па Вінаградаву, выконвае тую ж сінтаксічную функцыю, што і слова. Сухоцін В.П. да словазлучэнняў адносіць спалучэнне дзейніка і выказніка, паміж якімі ўстанаўліваюцца прэдыкатыўныя адносіны. У лінгвістычнай літаратуры існуе шырокае і вузкае разуменне словазлучэння. Пры шырокім разуменні да словазлучэння адносяць аб’яднанне двух самастойных слоў у сказе, якія звязаны паратаксічнай (злучальнай) і гіпатаксічнай (падпарадкавальнай) сувяззю (Сухоцін В.П., Белашапкава В.А., Гвоздзеў А.Н.). Сухоцін В.П. сюды ж адносіць і прэдыкатыўныя словазлучэнні. Пры вузкім разуменні словазлучэнняў да іх адносяць толькі аб’яднанні двух самастойных слоў у сказе, якія звязаны гіпатаксічна. Гэтай думкі прытрымліваюцца Шведава Н.Ю., Наркевіч А.І., Вінаградаў В.У. 1.2 Прынцыпы навучання сінтаксісу У адпаведнасці з заканамернасцямі засваення мовы, канцэпцыяй моўнай адукацыі, скіраванай на фарміраванне моўнай асобы вучня, і педагагічнай практыкай настаўнікаў-прафесіяналаў у лінгвадыдактыцы вызначыліся наступныя прынцыпы навучання сінтаксісу. Экстралінгвасінтаксічны прынцып заснаваны на выкарыстанні пазалінгвістычнага дыдактычнага сінтаксічнага матэрыялу, ва ўмовах якога адбываецца канкрэтная сінтаксічная адзінка. Такая інтэрпрэтацыя зместу прынцыпа адпавядае значэнню тэрміна “экстралінгвістычны”, які ў “Слоўніку лінгвістычных тэрмінаў” В.С.Ахманавай пададзены як: 1) “што адносіцца да рэалій, да аб’ектыўнай рэчаіснасці, ва ўмовах якой адбываецца функцыянаванне і развіццё мовы”; 2) “што адносіцца да фізічнай, сацыяльнай, псіхалагічнай і г.д рэчаіснасці, якая разглядаецца з пункту гледжання адлюстравання яе ў мове дадзенага калектыву людзей”. Ф.М.Ліцьвінка называе гэты прынцып экстралінгвістычным, даючы прыклад на супастаўленне подпісу пад малюнкам: у форме слова і ў форме словазлучэння з заданнем выбраць больш прыдатны. Пры фарміраванні паняцця пра тыпавыя значэнні словазлучэнняў, сказаў ёю прапануюцца для выкарыстання сюжэтныя малюнкі, рэпрадукцыі карцін, фрагменты кіна-і тэлефільмаў з адпаведнымі сінтаксічнымі заданнямі. З аналізу зместу прынцыпа навучання бачна, што дыдактычны экстралінгвістычны матэрыял (рэаліі рэчаіснасці) знаходзіць сваё моўнае абазначэнне сродкамі сінтаксісу. Таму мы схільны лічыць, што больш да месца ў дачыненні да гэтага прынцыпу навучання будзе тэрмін “экстралінгвасінтаксічны”, паколькі ён мае справу з экстралінгвістычным дыдактычным матэрыялам, які ў маўленні рэалізуецца сродкамі сінтаксісу. Функцыянальны прынцып, паводле В.У.Протчанкі, мае на ўвазе забяспечыць асэнсаванне вучнямі функцыянальнага прызначэння сінтаксічных адзінак — словазлучэння, простага няўскладненага і простага ўскладненага і складанага сказаў у тэкстах розных тыпаў, стыляў і жанраў. Прычым трэба рабіць гэта ў большасці выпадкаў праз супастаўленне функцый словазлучэння і слова, словазлучэння і сказа, простага няўскладненага і простага ўскладненага сказаў, розных тыпаў складаных сказаў як сродкаў стварэння тэксту. Структурна-семантычны прынцып патрабуе разглядаць сінтаксічную адзінку на ўзроўні будовы і семантыкі, якая ў ёй увасоблена. В.У.Протчанка, разглядаючы асаблівасці функцыянальнага, структурнага і семантычнага аспектаў вывучэння сінтаксісу, падкрэслівае, што ў школе “сінтаксіс вывучаецца на аснове структурна-семантычнага падыходу, адметнай асаблівасцю якога з’яўляецца тое, што ў час аналізу моўных з’яў бярэцца пад увагу не адзін які-небудзь аспект, а шэраг аспектаў, найважнейшымі з якіх з’яўляюцца функцыя, будова і значэнне “ [ 12, c. 3 ]. У наступных працах такі моўны аналіз называецца ім шматаспектным. Шматаспектны аналіз як асаблівы прынцып вывучэння сінтаксісу арыентуе вучняў на лагічныя, граматычныя і стылістычныя значэнні, на гукавы і сэнсавы бакі слова, яго будову, утварэнне, напісанне і сферу ўжывання. “Яго месца ў педагагічнай практыцы, — адзначае вучоны-педагог, — дазваляе спыняць увагу і на сутнасці паняццяў, і на тым, як яны фарміруюцца ў школьнікаў” [ 16, с.8 ]. Марфолага-сінтаксічны прынцып патрабуе супастаўлення члена сказа з часцінай мовы, якой выражаны член сказа, устанаўлення ўзаемазалежнай сувязі марфалагічнай катэгорыі з сінтаксічнай і, наадварот, сінтаксічнай катэгорыі з марфалагічнай. Улік марфалагічных прымет слова як кампанента словазлучэння, сказа мае значэнне для правільнай яго сінтаксічнай кваліфікацыі. Функцыянальны, структурна-семантычны і шматпаспектны прынцыпы вывучэння словазлучэння, сказа рэалізуюцца, кожны са свайго боку, на ўзроўні тэксту, у межах якога выяўляюць сваю структуру і семантыку гэтыя сінтаксічныя адзінкі. У гэтай сувязі тэкставы прынцып вывучэння сінтаксісу трэба разглядаць як зыходны, асноватворны. Свядомае авалоданне вучнямі сінтаксічным ладам мовы — асобасны камунікатыўна-дзейнасны працэс, які ў многім залежыць ад яго мэтанакіраванай арыентацыі на тып, стыль і жанр тэксту. Таму ў практыцы вывучэння сінтаксісу шырока выкарыстоўваецца асобасны камунікатыўна-дзейнасны прынцып арыентацыі на тып, стыль і жанр тэксту. Педагагічныя асновы яго ў дачыненні да развіцця мовы і маўлення распрацаваны В.У.Протчанкам. Кіруючыся прынцыпам жанрава-стылістычнай арыентацыі, настаўнік арганізуе правядзенне аналітыка-сінтаксічных камунікатыўных практыкаванняў, у ходзе выканання якіх вучні пераконваюцца, што сінтаксіс літаратурнай мовы неаднародны ў стылістычных і жанравых адносінах. Ён і яго сродкі з’яўляюцца залежнымі ад прыналежнасці стылю — гутарковаму, навуковаму, канцылярска-дзелавому, публіцыстычнаму, мастацкаму. “Прынцып жанрава-стылістычнай арыентацыі, — адзначае вучоны-педагог, — дапамагае настаўніку зрабіць важны для сваёй педагагічнай дзейнасці вывад: неабходна развіваць мову вучня не наогул, а мову гутарковую, навуковую, канцылярска-дзелавую, публіцыстычную, мастацкую. Інакш кажучы, фарміраванне маўленчых уменняў і навыкаў дзяцей і падлеткаў будзе адбывацца паспяхова, калі настаўнік арганізуе працу сваіх выхаванцаў так, каб у якасці дыдактычнага матэрыялу на ўроках роднай мовы шырока выкарыстоўваліся звязныя тэксты розных стыляў і жанраў, а таксама вусныя і пісьмовыя выказванні школьнікаў” [11, c. 88—89]. Прынцып каардынацыі работы па развіцці сінтаксічнага ладу мовы і маўлення вучняў з вывучэннем усіх раздзелаў школьнага курса мовы і літаратуры патрабуе забеспячэння ўнутрыўзроўневых (у нашым выпадку сінтаксічных) сувязей з міжузроўневымі несінтаксічнымі. Сказанае вынікае з прыроды сінтаксісу як граматычнага раздзела мовы, у якім знаходзяць сваю рэалізацыю ўсе элементы моўнай сістэмы: лексіка, фразеалогія, фанетыка, арфаэпія, графіка, арфаграфія, марфалогія. Усе ўзроўні мовы ўдзельнічаюць у працэсе інтанацыйнага афармлення сказа, з дапамогай якога фарміруецца, паведамляецца вусна ці пісьмова, уголас ці моўчкі закончаная думка. Скіраванасць на авалоданне законамі сінтаксічнай упарадкаванасці лексічна-марфаналагічных формаў павінна стаць скразной ідэяй вывучэння сінтаксісу тэкстаў. В.У.Протчанка звяртае ўвагу на тое, што “гэтыя галоўныя і шмат якія іншыя моўныя і маўленчыя ўменні паспяхова фарміруюцца ў ходзе аналітыка-сінтэтычнай моўнай і практычнай маўленчай дзейнасці вучняў, пры выкананні мускульных, інтэлектуальных, эмацыянальных і мнеманічных практыкаванняў” [ 11, с. 91 ]. Рэалізуюцца разгледжаныя прынцыпы навучання сінтаксісу па-рознаму: пераважна ў спалучэнні “адзін + іншы”, “адзін + іншыя” ці “адзін”, што залежыць ад зместу вывучаемага матэрыялу і адукацыйных задач, але пры адной ва ўсіх выпадках умове: абавязковым забеспячэнні тэкставай асновы навучання сінтаксісу, фарміравання сінтаксічных паняццяў.
|