Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Сацыяльна-эканамічнае развіццё ў у 9 – 12ст.






Аналіз феадальных адносін у краінах Еўропы даў падставу вучоным вылучыць два шляхі іх развіцця: сінтэзны і бяссінтэзны. У шэрагу абласцей Заходняй Еўропы ўсталяванне феадалізму было вынікам сінтэзу (злучэння) германскіх родаплемянных і познерымскіх рабаўладальніцкіх адносін. Гэта значыць, што сінтэзны феадалізм стаў магчымым на тых абшарах Заходняй Рымскай імперыі, якія былі заваяваны германскімі плямёнамі. Сінтэзны феадалізм быў характэрны для Франкскага і іншых каралеўстваў і развіваўся даволі інтэнсіўна.

Бяссінтэзны шлях развіцця феадалізму меў месца ў тых краінах Еўропы, у якіх уплыў рымскіх рабаўладальніцкіх адносін быў вельмі нязначным або наогул адсутнічаў. Да ліку такіх краін можна аднесці англасаксонскія каралеўствы, дзяржавы ўнутранай Германіі. Буйнымі рэгіёнамі бяссінтэзнага шляху развіцця феадалізму былі Скандынавія, лясная паласа Усходняй Еўропы, уключаючы тэрыторыю Беларусі. Працэс развіцця феадальных адносін ішоў тут марудна, чаму былі важкія прычыны.

Патрэбна адзначыць, што сінтэзны і бяссінтэзны шляхі развіцця феадалізму ў чыстым выглядзе не існавалі. У кожным рэгіёне, тым больш краіне, яны мелі свае асаблівасці.

Пачатак развіцця феадальных адносін ва ўсходніх славян. Для ўсходніх славян быў характэрны бяссінтэзны шлях развіцця феадальных адносін, якія пачалі фарміравацца ў іх значна пазней, чым у краінах Заходняй Еўропы. Так, на поўначы Францыі (у раёне Парыжа) зараджэнне феадальных адносін пачалося раней прыкладна на тры стагоддзі.

У Кіеўскай Русі ў адрозненне ад краін Заходняй Еўропы ў IX – XI стст. яшчэ адсутнічала буйное феадальнае землеўладанне, не існавала ў развітой форме феадальная іерархія, тут жылі свабодныя абшчыннікі, даволі значнай была роля рабскай працы. Так, у летапісе пад 862 г. сказана, што князь Рурык, знаходзячыся ў Ноўгарадзе, раздаваў “мужам сваім гарады, таму – Полацк, таму – Растоў, другому – Белавозера”. Гэтыя радкі летапісу сведчаць, што ва-ўсходніх славян у ІХст. толькі пачынаўся працэс фарміравання класа феадалаў, які спачатку прадстаўлялі набліжаныя да князя людзі – яго “мужы” – дружыннікі. Прайшло яшчэ некалькі стагоддзяў, перш чым гэтыя “мужы” і іх нашчадкі пачалі называцца баярамі” і склалі вышэйшы слой грамадства.

Акрамя гэтага, у Кіеўскай Русі IX – XI стст. яшчэ існавалі перажыткі родаплемяннога ладу. Напрыклад, у зборніку законаў, які называецца «Рускай Праўдай», гаворыцца аб усходнеславянскай абшчыне – верві, з якой пачынаюць вылучацца асобныя сем’і. Шмат гаворыцца ў “Рускай Праўдзе” пра рабоў, якія ўзгадваюцца ў ёй пад назвамі чэлядзь”, “халопы”. Галоўнай крыніцай папаўнення рабоў з’яўляўся палон.

Такім чынам, у грамадстве ўсходніх славян у IX – XI стст. суіснавалі тры эканамічныя ўклады: родаплемянны, які быў на схіле, рабаўладальніцкі (ён не атрымаў значнага развіцця) і феадальны, які толькі нараджаўся.

Пераважная колькасць насельніцтва ў тыя часы знаходзілася ў вёсках – неўмацаваных сельскіх паселішчах, дзе асноўным заняткам жыхароў было ворнае земляробства і жывёлагадоўля.

Характар эканамічнага жыцця беларускіх зямель раннефеадальнага часу ў асноўным вызначала сельская гаспадарка. Гэта пацвярджаюць як археалагічныя, так і пісьмовыя крыніцы. Асноўныя прылады апрацоўкі глебы – шмат- і двухзубыя сохі. Такімі сохамі можна было толькі ўзрыхляць зямлю. Сохі з прыстасаваннем для адкідвання скібаў увайшлі ва ўжытак у больш позні час, прыблізна ў XIV – XV стст. Сеялі ўручную, баранавалі драўлянай бараной. Пры рабоце на агародах ужывалася матыка з жалезнай акоўкай, так званым “рыльцам”, і драўляная лапатка з жалезнай рабочай часткай. Гэтыя прылады адлюстраваны ў старажытных мініяцюрах, а жалезныя наканечнікі матык і акоўкі лапат знойдзены пры археалагічных раскопках.

Найбольш распаўсюджанымі збожжавымі культурамі былі проса, жыта і пшаніца, а таксама авёс, ячмень. Збожжа жалі жалезнымі сярпамі. Зерне малацілі на таку драўлянымі цапамі, ачышчалі пры дапамозе драўляных лапат і рашот і захоўвалі ў свірнах. Зерне размолвалі на ручных каменных жорнах, а крупы абдзіралі ў драўляных ступах. У Менску, напрыклад, былі знойдзены драўляныя ручныя і складаныя нажныя ступы. Адна нажная ступа раскапана ў пласце XII ст., другая – XIII ст. Нажная ступа складалася з масіўнай драўлянай плахі з адтулінай для засыпання зерня з аднаго боку і ўмацаванага рычага з другога. У рычаг на ўзроўні адтулін у плаху устаўляўся драўляны таўкач, які прыводзіўся ў рух шляхам перамяшчэння цяжару цела працуючага з адной нагі на другую.

Як сельскае, так і гарадское насельніцтва старажытнай Беларусі займалася агародніцтвам. Акрамя бабовых шырока былі распаўсюджаны агуркі, капуста, морква, рэпа і цыбуля. Трэба адзначыць, што бабы, знойдзеныя ў пластах XI – XII стст. у Менску, з’яўляюцца самай ранняй знаходкай гэтай культуры не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе.

Старажытная Беларусь добра ведала садоўніцтва. Як пісьмовыя, так і археалагічныя матэрыялы зафіксавалі развядзенне яблынь, груш, вішань, сліў і інш. Костачкі вішні выяўлены ў Менску і Полацку, а ў Гродні – вішні і слівы. На Менскім замчышчы акрамя костачак вішні выяўлена кучка абвугленых пладоў грушы.

Важнай галіной сельскай гаспадаркі старажытнабеларускіх паселішчаў з’яўлялася жывёлагадоўля. Яе развіццё мела вялікае значэнне для пашырэння на Беларусі папаравай сістэмы земляробства, пры якой у лясных раёнах глебы патрабавалі сістэматычнага ўгнойвання.

3 развіццём земляробства паляванне, рыбалоўства, бортніцтва страчвалі ранейшае значэнне і ўсё больш набывалі характар падсобных заняткаў. Нездарма ў курганах IX – XII стст. слядоў палявання амаль не сустракаецца. Даніна, якую плацілі радзімічы па адной шкурцы з “дыма” (двара), таксама сведчыць аб мізэрных памерах паляўнічага промыслу.

Сялянскі надзел і гаспадарка, якая на ім вялася, былі крыніцай для атрымання феадаламі і феадальнай дзяржавай прыбавачнага прадукту. На карысць дзяржавы сяляне плацілі перш за ўсё даніну – розныя футры (сабаліныя, гарнастаевыя, пясцовыя, куніцавыя, бабровыя), а таксама мёд, воск і іншыя прадукты лясной гаспадаркі. Трэба падкрэсліць, што раней гэту даніну збіралі варагі: “Імяху дань верязі із заморья на чюді і на словенах, і на мері і на всехь крівічех”, – запісаў летапісец пад 859 г. На радзімічаў варажская даніна не распаўсюджвалася: там яе “хазары імяху”. Плата даніны была звязана з такімі павіннасцямі, як палюддзе, павоз і інш. Палюддзем называліся паборы, якія дадаткова браліся з насельніцтва пры зборы даніны, павозам – павіннасць, звязаная з дастаўкай даніны ў пэўныя месцы.

Дружыннікі або баяры атрымлівалі ад князёў падараванні – права збіраць даніну і “кармленні” (збор даходаў з воласці). Менавіта так складвалася васальная залежнасць, якая выглядала як права збірання даніны з пэўнай тэрыторыі дружыннікамі ў якасці васалаў вялікага князя.

Эксплуатацыя дзяржавай (князем) у выглядзе даніны сельскай вытворчасці пацвярджае наяўнасць феадальнага па тэндэнцыі развіцця грамадства, дзе была дзяржаўнай арганізацыя, якая дапамагала князям, дружыннікам, баярам ажыццяўляць эканамічнае і палітычнае панаванне над працаўнікамі ўжо ў IX – XI стст.

Сялянства не было адзіным слоем тагачаснага грамадства. Яно складвалася з шэрага катэгорый сялян, якія траплялі ў залежны стан. Кожная з катэгорый мела сваю назву (смерды, закупы, радовічы, прошчанікі, ізгоі і інш.)

Асноўнай масай насельніцтва ўсходніх славян з’яўляліся свабодныя абшчыннікі, “людзі”, як яны названы ў крыніцах. Сацыяльнае становішча “людзей” з цягам часу змянялася. У працэсе феадалізацыі грамадства частка іх пераходзіла ў залежны стан. Другая частка заставалася адносна свабоднай. Іх суадносіны змяняліся, але вольныя абшчыннікі захоўваліся доўгі час.

Існуе некалькі меркаванняў аб сацыяльнай сутнасці смердаў. Верагодней за ўсё яны ўяўлялі сабой несвабодных ці паўсвабодных княскіх даннікаў, што сядзелі на зямлі і неслі павіннасці на карысць князя.

У X ст. залежных людзей называлі “чэляддзю”. Гэты тэрмін ужываўся ў XI – XIII стст. У разуменні сучаснай гістарычнай навукі слова “чэлядзь” азначала самае шырокае кола людзей, якія знаходзіліся ў залежнасці ад гаспадара і працавалі на яго. Чэлядзь упамінаецца ў Менску і яго акрузе ў сувязі з падзеямі 1084 г., калі Уладзімір Манамах разбурыў горад і не пакінуў тут «ні чалядзіна, ні скаціны».

У складзе чэлядзі былі катэгорыі насельніцтва, пазбаўленыя асабістай свабоды. Іх называлі халопамі. У гістарычнай літаратуры халопаў звычайна лічаць рабамі. Рабаўладанне ва ўсходніх славян з’яўлялася перажыткам рода-племяннога ладу, мела патрыярхальны характар. У далейшым тэрмін “чэлядзь” стаў ужывацца да больш шырокага кола залежнага насельніцтва. 3 сярэдзіны XI – пачатку XII ст. яго паступова змяніла назва “халопы”.

Ператварэнне раней свабодных абшчыннікаў у феадальна-залежных сялян адбывалася рознымі шляхамі. Гэта быў павольны працэс, які адбываўся на працягу некалькіх стагоддзяў з дапамогай дзяржаўнай улады. Цяжка вызначыць мяжу, якая аддзяляе даніну ад феадальнай рэнты. У іншых выпадках гэта наогул зрабіць немагчыма.

У пачатковы перыяд гісторыі раннесярэднявечных зямель Беларусі існавала вярхоўная зямельная ўласнасць дзяржавы, і княская ўлада паступова адчужала дзяржаўныя землі разам з сялянамі. У летапісе пад 862 годам сказана, што князь Рурык, знаходзячыся ў Ноўгарадзе, раздаваў «мужам сваім гарады, таму – Полацк, таму – Растоў, другому – Белавозера». Гаворка ідзе аб наданні Рурыкам сваім дружыннікам права збіраць даніну з пералічаных гарадоў, у тым ліку з іх воласці. Тут праглядаюцца прыкметы васалітэта. Гэта найбольш старажытнае сведчанне аб тым, што ва ўсходнеславянскіх землях васал-дружыннік нёс князю-сюзярэну службу за лён, які складаўся з даніны.

Дружыны полацкіх князёў падзяляліся на групы. На першым месцы была “старэйшая” дружына. Гэта “баляры”, “сільныя мужы”, вядомыя па жыцію Ефрасінні. Малодшая дружына (“дзецкія”) жыла пры двары князя. 3 яе выходзілі слугі князя, яго целаахоўнікі, малодшыя службовыя асобы. “Дзецкі” папярэдзіў полацкага князя ў 1158 г. аб рыхтаваўшымся на яго замаху і параіў Рагвалоду Барысавічу вярнуцца з паўдарогі ад Полацка назад у Бельчыцы, дзе размяшчаўся княскі двор.

“Мужы” – воіны ўваходзілі ў склад “малодшай” дружыны або зліваліся з гарадскім насельніцтвам, выступалі ў якасці “вояў” гарадскіх апалчэнняў – “палкоў”. “Полацкі полк” названы ў Іпацьеўскім летапісе.

Тэрмін «муж» азначае чалавека, набліжанага да князя, які выконвае яго даручэнні і якому ў кіраванне і для збірання даніны даецца горад з воласцю. Паступова «мужы» з разнастайнымі адзначэннямі (добрыя, лепшыя і інш.) пачалі называцца баярамі.

Даніна збіралася з насельніцтва шляхам перыядычнага аб’езду князем і яго дружынай падуладных яму зямель. Памеры даніны не былі вызначаны, што вяло да злоўжыванняў. Нечарговы ваяж Ігара да драўлян скончыўся для яго трагічна. У 945 г. яго забілі паўстаўшыя драўляне. У 984 г. радзімічы адмовіліся плаціць даніну кіеўскаму князю, але былі разбіты на р.Пяшчань каля Прапойска (сучасны Слаўгарад) ваяводам вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча Воўчым Хвастом, пасля чаго зноў былі вымушаны плаціць даніну.

Захаваныя нямногія дадзеныя даюць нам магчымасць меркаваць, што на першых ступенях працэсу феадалізацыі сялян абшчыннікі яшчэ карысталіся ў індывідуальным парадку зямельнымі ўчасткамі. Па некаторых крыніцах выяўляецца існаванне ў Смаленскай зямлі (у яе складзе знаходзілася тэрыторыя Усходняй Беларусі) абшчыны-верві і “дзедзічаў”. Названыя “дзедзічы” карысталіся спадчынным правам на зямлю.

Усходнеславянскія гарады. Рост прадукцыйных сіл у земляробстве суправаджаўся развіццём хатніх промыслаў і выдзяленнем рамяства. Гарады ва ўсходнеславянскіх землях узніклі, як і ў краінах Заходняй Еўропы, з умацаваных паселішчаў, замкаў князёў, парубежных крэпасцей, якія з’яўляліся пунктамі абароны пры варожых нападах. Пазней вакол іх пачалі сяліцца рамеснікі і гандляры, якія размяшчаліся па-замежамі ўмацаванняў. Так узніклі гарады, якія ператвараліся ў адміністрацыйныя. эканамічныя і культурныя цэнтры асобных княстваў ці валасцей.

Буйнейшым горадам старажытнага ўсходняга славянства быў Кіеў. У X – XI стст. ён з’яўляўся сталіцай дзяржавы, якую гісторыкі называюць Кіеўскай Руссю. Важнейшым горадам на шляху “з вараг у грэкі” быў Ноўгарад. Пад 1147 г. упершыню ў летапісе ўзгадваецца Масква (невялікі на той час населены пункт). Буйнымі гарадамі былі Растоў, Чарнігаў.

Істотнае значэнне для разумення працэсу станаўлення феадалізму мае пытанне аб часе ўзнікнення гарадоў. Яны садзейнічалі разбурэнню перажыткаў патрыярхальных родавых адносін. Узнікненне гарадскога жыцця было пераломным момантам у развіцці грамадства. Гарады ўзнікалі пры паглыбленні грамадскага падзелу працы – аддзялення рамёстваў ад земляробства, якое адбылося пры пераходзе ад першабытнаабшчыннага да феадальнага ладу, як гэта назіралася ў большасці краін Еўропы. Гарады з’явіліся тады, калі з асноўнай масы насельніцтва, занятага ў сельскай гаспадарцы, вылучыліся рамеснікі, у нейкай меры адарваныя ад земляробства. Звычайна ў перыяд ранняга сярэднявечча гарадское жыццё ўзнікала ў найбольш развітых і густанаселеных раёнах, у месцах перасячэння важных шляхоў зносін. Зародкі найбольш старажытных гарадоў ва ўсходніх славян з’яўляюцца ў IX – X стст. Гэтыя “грады”, як яны названы ў летапісах, адрозніваліся ад іншых паселішчаў сваімі ўмацаваннямі і тым, што былі адміністрацыйнымі цэнтрамі, рэзідэнцыямі князёў і іншай знаці.

Шэраг гарадоў атрымалі назву ад рэк, на якіх заснаваны: Полацк ад Палаты, Віцебск ад Віцьбы, Пінск ад Піны, Слуцк – Случы, Друцк – Друці, Чачэрск – Чачоры, Орша ад ракі Рша і г.д. Некаторыя беларускія гарады ўзніклі на аснове старажытных паселішчаў жалезнага веку. Відаць, гэта былі спачатку племянныя цэнтры. Так развіваўся Полацк, Віцебск, Лукомль, Гомель, Крычаў і інш.

Важнай крыніцай звестак аб пачатковай гісторыі гарадоў з’яўляюцца старажытнарускія летапісы (“Аповесць мінулых гадоў”, яе працяг па Лаўрэнцьеўскаму, Іпацьеўскаму ды іншым летапісным зборам). Пры апісанні падзей IX – XIII стст. летапісы, хронікі і іншыя пісьмовыя помнікі называюць на тэрыторыі Беларусі звыш 35 гарадоў: Полацк (862 г.), Тураў (980), Віцебск (974, 1021), Заслаўе (каля 985), Друцк (1001, 1078), Берасце (1017, 1019), Копысь(1059, 1060), Браслаў (каля1065), Менск (1067), Орша(1067), Лагойск (1078, 1127), Лукамль (1078), Пінск (1097), Барысаў (1102, 1127), Слуцк (1116), Наваградак (па ўскосных даных, 1117, 1119, 1228, 1235), Гародня (1127), Клецк (1127), Мсціслаў (1135), Гомель (1142), Рагачоў (1142), Брагін (1147), Мазыр (1155), Чачэрск (1159), Рэчыца (1213, 1214), Слонім (1252), Ваўкавыск (1005, 1252), Здзітаў (1252), Турыйск (1253), Капыль (1274), Камянец (1276), Кобрын (1287). Ва ўстаўной грамаце князя Расціслава Смаленскага 1136 г. названы «Прупой» (Слаўгарад), «Крэчут» (Крычаў).

Археалагічныя матэрыялы сведчаць, што большасць з гэтых населеных пунктаў з’явілася задоўга да таго, як пра іх паведамілі летапісы.

Працэс узнікнення старажытных гарадоў складаны і разнастайны. Можна меркаваць, што Полацк бярэ свой пачатак ад умацаванага паселішча крывічоў, культурныя слаі якога датуюцца VIII – IX стст. Аднак у аснове большасці беларускіх гарадоў былі княжацкія і феадальныя замкі. Так былі заснаваны Заслаўе, Браслаў, Друцк, Гародня і інш. 3 пачаткам феадальнай раздробленасці з’яўляюцца гарады-крэпасці асобных княстваў. Такой крэпасцю быў Менскі замак – важнейшы фарпост Полацкай зямлі на яе паўднёвых рубяжах, пабудаваны ў другой палове XI ст. ў сутоцы Нямігі і Свіслачы (упершыню Менск упамінаецца у 1067 г.). Гарады з’яўляліся не толькі цэнтрамі рамеснай вытворчасці (ужо ў IX – X стст. у іх налічвалася звыш 40 спецыяльнасцяў: кавалі, збройнікі, ювеліры, бондары, ткачы, шаўцы і інш.), але і гандлю, як унутранага, так і знешняга. У XII – XIII стст., відаць, склаўся абмен на ўнутраным рынку ў сувязі з аддзяленнем горада ад вёскі, што не магло не выклікаць абмену паміж імі. Але гэты працэс толькі пачынаўся, таму што, паводле летапісаў, значная частка гарадскіх жыхароў яшчэ “делала нівы своя”, гэта значыць займалася земляробствам.

Гарады Кіеўскай Русі мелі шэраг агульных рыс згарадамі Заходняй Еўропы: час узнікнення, месцы размяшчэння, функцыі. Аднак для іх не было характэрным цэхавае рамяство, гарадское самакіраванне і іншым быў іх знешні выгляд. Калі многія будынкі ў заходнееўрапейскіх гарадах былі цаглянымі, то ва ўсходнеславянскіх – амаль усе драўлянымі. Толькі ў буйных гарадах узводзіліся культавыя храмы (саборы) з цэглы.

Ва ўсходнеславянскіх гарадах у XI ст. былі пашыраны кавальскае, ювелірнае, ганчарнае, плотніцкае, гарбарна-шавецкае і іншыя віды рамёстваў, што даказваецца шматлікімі знаходкамі пры археалагічных раскопках інструментаў рамеснікаў, адходаў рамяства, рэшткамі майстэрань. 3 XII ст. вядучай галіной рамяства ў гарадах становіцца выраб спажывецкіх тавараў – скуранога абутку, жаночых упрыгажэнняў, глінянага посуду.

Паміж гарадамі развіваўся гандаль. Гарады ў Беларусі мелі гандлёвыя сувязі з многімі ўсходнеславянскімі землямі, а таксама зкраінамі Заходняй Еўропы, Візантыі і Блізкага Усходу. Купцы з беларускіх зямель падтрымлівалі шырокія гандлёвыя сувязі не толькі з суседнімі, але і з больш далёкімі краінамі. Праз Русь праходзіў, як вядома, вялікі водны шлях “з вараг у грэкі ” (Балтыйскае мора – Нява – Ладажскае возера – Волхаў – возера Ільмень – Ловаць – Днепр – Чорнае мора). Вядомы арабскі географ XI ст. Ібн Хордадбег пісаў: “Русы – купцы, – а яны са славянскіх плямён, прыбываюць з вельмі далёкіх абласцей Склаба (краіны славян) да Румскага мора, а таксама да Хазарскай сталіцы Іціль, да Багдада і тут прадаюць скуры бабра, чорнай лісіцы, а таксама мячы”, На Русь прывозіліся дарагія самацветы, прадметы раскошы, перац, лаўровы ліст, фарбы і інш.

Так, з Кіева сюды прывозіліся прыналежнасці рэлігійнага культу, з “Оўруча (на Валыні) – каменныя прасліцы для верацён, з Усходняй Прыбалтыкі – бурштын. 3 поўдня прывозіліся соль, амфары з віном ці аліўкавым алеем. У IX – X стст. імпарціраваліся арабскія манеты – дырхемы. У XI ст. асноўным экспарцёрам манетнага серабра – дынарыяў – былі Германія і Англія.. У XII – ХІІІ стст. быў “безманетны” перыяд. У грашовым абарачэнні шырока прымяняліся сярэбраныя зліткі: «літоўскія» вагой 100 – 105 г., «кіеўскія» – 163 – 165 г., «наўгародскія» – 200 г. У Полацкім княстве зліткі называліся «ізроямі».

Для феадальнага двара з Візантыі і Блізкага Усходу зрэдку прывозіліся прадметы раскошы – каляровыя тканіны, шкляны посуд, грэцкія арэхі.

Але патрэбнасць насельніцтва ў набыцці тавараў у XI – XII стст. была абмежаванай. Істотнага ўплыву на натуральны характар усёй гаспадаркі гарады ў той час не аказвалі. Адсутнасць значнага тавараабмену паміж горадам і вёскай прымушала гарадскіх рамеснікаў часткова займацца агародніцтвам, жывёлагадоўляй.

 

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.011 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал