Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Перадумовы фарміравання беларускай нацыі.
Эпоха прамысловай рэвалюцыі і капіталістычнай мадэрнізацыі ў гісторыі Еўропы, якая ахоплівае канец 18 – 19 стст., разглядаецца адначасова як эпоха фарміравання нацый. Існаванне нацый – адметная рыса індустрыяльнага грамадства. У сацыяльна-гуманітарных даследаваннях існуюць розныя вызначэнні паняцця “нацыя”. Таму вызначыць сутнасць дадзенага паняцця можна шляхам вылучэння яго асноўных рыс. Нацыя – гэта пэўная сацыяльная супольнасць, для якой характэрныя: - пэўная агульная тэрыторыя пражывання; - агульная літаратурная мова; - наяўнасць адносна трывалых эканамічных і культурных сувязяў у межах некаторай супольнасці; - развітая нацыянальная самасвядомасць (атаясамленне асобных індывідаў з пэўнай нацыянальнай супольнасцю). У перыяд да капіталістычнай мадэрнізацыі існаваўшыя у той час супольнасці не валодалі дадзенымі рысамі, таму гаварыць пра існаванне нацый у даіндустрыяльную эпоху не даводзіцца. Фарміраванню нацый, як правіла, папярэднічалі наступныя фактары: - стварэнне суверэнных цэнтралізаваных дзяржаў; - пэўны ўзровень сацыяльнай камунікацыі, сфарміраваны эканамічнымі і тэхнічнымі фактарамі ва ўмовах прамысловай рэвалюцыі і капіталістычнай мадэрнізацыі; - распаўсюджанне пісьменнасці сярод значнай часткі насельніцтва. Фарміраванне нацый у Еўропе ў разглядаемы перыяд адбывалася двума асноўнымі шляхамі: 1) Канструяванне нацый у межах асобных цэнтралізаваных дзяржаў дзякуючы паслядоўнай палітыцы, праводзімай органамі дзяржаўнай улады (нацыянальная свядомасць пры гэтым атаясамлівалася з грамадзянскай прыналежнасцю да пэўнай дзяржавы: напрыклад, француз – г.зн. грамадзянін Францыі). Такім шляхам адбывалася складаванне большасці нацый у Заходняй Еўропе: англійскай, французкай, шведскай і інш. 2) Складванне нацый на базе гістарычна ўзнікшых у даіндустрыяльную эпоху этнічных супольнасцяў, што характарызаваліся агульнасцю тэрыторыі, падабенствам мовы, культуры і традыцый. Фарміраванне такіх нацый адбывалася па-за межамі дзяржаўных утварэнняў (нацыянальная самасвядомасць атаясамлівалася не грамадзянскай, а з этнічнай прыналежнасцю: напрыклад, чэх – г.зн. той, хто размаўляе на адным з чэшскіх моўных дыялектаў, прытрымліваецца чэшскіх этнакультурных традыцый. Галоўным каталізатарам складвання нацый з’яўляліся нацыянальныя (нацыянальна-вызваленчыя) рухі. Такім шляхам ішло фарміраванне большасці нацый у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе: чэшскай, польскай, украінскай і інш. Фарміраванне беларускай нацыі адбывалася па другім шляху. Аб’ектыўнамі перадумовамі дадзенага працэсу з’яўляліся: - наяўнасць спецыфічных этнічных (моўных, культурных) прыкмет у большасці насельніцтва, што пражывала на тэрыторыі Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, часткова Смаленскай і Чарнігаўскай губерняў Расійскай імперыі; - развіццё рыначных капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы і прамысловасці, стварэнне абласных рынкаў, што спрыяла пашырэнню міжрэгіянальных эканамічных і культурных сувязяў. Аднак станаўленне нацыі на тэрыторыі Беларусі запавольвалася наяўнасцю спецыфічных умоў: 1) Працэсы капіталістычнай мадэрнізацыі ў дадзены перыяд толькі пачыналіся: Беларусь з’яўлялася аграрным краем; сельская гаспадарка мела перважна натуральны характар; эканамічныя і культурныя сувязі паміж рэгіёнамі былі адносна слабыя; большая частка насельніцтва з’яўлялася непісьменнай; захоўваўся саслоўныя падзел грамадства – у такіх умовах не існавала аб’ектыўных фактараў для шырокага распаўсюджання развітай нацыянальнай самасвядомасці; пераважалі дамінуючыя ў ранейшыя часы рэгіянальная, канфесійная, саслоўная самасвядомасць. 2) Адсутнасць самастойнай дзяржаўнасці: землі Беларусі былі ўключаны ў склад Расійскай імперыі, улады якой праводзілі русіфікатарскую палітыку ў розных сферах грамадскага жыцця, накіраваную на далучэнне насельніцтва тэрыторыі да расійскай нацыі, якая фарміравалася ў гэты час. 3) Канфесійны падзел грамадства на праваслаўных і католікаў; дадзеная акалічнасць выкарыстоўвалася расійскімі ўладамі і носьбітамі польскай нацыянальнай ідэі, якія спрабавалі навязаць адпаведна усім праваслаўным расійскую, а католікам – польскую нацыянальную самасвядомасць. 4) Перавага іншаэтнічнага насельніцтва (перадусім яўрэяў) у гарадах, якія станавіліся цэнтрамі развіцця нацыянальнага руху. дадзеная акалічнасць была абумоўлена палітыкай царызму (існаванне мяжы яўрэйскай аседласці і забарона яўрэям пасяляцца ў сельскай мясцовасці). Таму нават ва ўмовах развіцця капіталістычных адносін у беларускіх гарадах адсутнічаў попыт на працоўную сілу; збяднелыя сяляне з беларускіх вёсак перасяляліся на працу ў прамысловасці і будаўніцтве ў буйнейшыя прамысловыя цэнтры Расійскай імперыі (Пецярбург, Масква, Адэса), а не ў беларускія гарады, дзе панавала дробная прамысловасць, у межах якой попыт на працоўную сілу цалкам задавальняўся за кошт яўрэйскага насельніцтва (на 1897 г. у гарадах пяці заходніх губерняў пражывала ўсяго 14, 5% беларусаў, у той час як яўрэяў – 53, 5%) (прыклад: на 1897 г. з 90 тыс. жыхароў Мінска толькі 8, 2 тыс. былі беларусамі, у той час як у Пецярбургу пражывала 66, 5 тыс. беларусаў). 5) Уключэнне эканамічнай, палітычнай і інтэлектуальнай эліты грамадства (дваранства, купецтва, духавенства, інтэлігенцыя) ў працэсы фарміравання расійскай і польскай нацый, якія гістарычна пачаліся раней; адсутнасць на тэрыторыі Беларусі вышэйшых навучальных устаноў, якія б маглі стаць цэнтрамі фарміравання новай інтэлектуальнай эліты і станаўлення нацыянальнага руху. Станаўленне беларускага нацыянальнага руху. Як ужо адзначалася ў працэсе фарміравання нацый, якія не мелі ўласнай дзяржаўнасці, галоўнай рухаючай сілай з’яўляліся нацыянальныя рухі, у межах якіх ствараліся спецыфічныя нацыянальныя ідэі, што паступова пранікалі ў масавую свядомасць. Характэрна тое, што для большасці “недзяржаўных” народаў у 19 ст. уласцівай была сітуацыя, калі этнічная народная культура захоўвалася толькі сярод сялянска-плебейскіх слаёў насельніцтва, пазбаўленых нацыянальнай самасвядомасці, у той час як эліты грамадства далучаліся да нацыятворчых працэсаў “дзяржаўных” народаў. Фарміраванне нацыянальных рухаў адбываецца дзякуючы узнікненню новых мясцовых інтэлектуальных эліт (нацыянальнай інтэлігенцыі) пры дапамозе распаўсюджання адукацыі ва ўмовах капіталістычнай мадэрнізацыі. Нацыянальная інтэлігенцыі фарміравалася як з ліку выхадцаў з народных мас, што былі непасрэднымі носьбітамі народнай этнічнай культуры, так і з ліку некаторых прадстаўнікоў старых эканамічных і палітычных эліт, якія па тых ці іншых прычынах пачыналі ідэнтыфікаваць сябе ў межах мясцовай этнічнай супольнасці. Галоўнай задачай сваёй дзейнасці нацыянальныя рухі лічылі распаўсюджанне сярод шырокіх народных мас нацыянальнай самасвядомасці, што разглядалася як “абуджэнне нацыі”, “нацыянальнае адраджэнне”. Як правіла, усе падобныя нацыянальныя рухі праходзілі ў сваім развіцці тры стадыі: 1) навуковае даследаванне і папулярызацыя лінгвістычных, сацыяльна-культурных і гістарычных асаблівасцяў пэўнай этнічнай групы (нярэдка без усведамленя перспектывы пераўтварэння дадзенай групы ў нацыю); 2) нацыянальна-культурны рух – рух, накіраваны на шырокае распаўсюджанне нацыянальнай самасвядомасці шляхам культурна-асветніцкай дзейнасці; як правіла, вылучаюцца патрабаванні нацыянальна-культурнай аўтаноміі для пэўнай групы (права на выкарыстанне народнай мовы ў дзяржаўных установах, сферы адукацыі і г.д.); 3) нацыянальны палітычны (нацыянальна-вызваленчы) рух – рух, накіраваны на стварэнне нацыянальнай дзяржаўнасці ў форме аўтаноміі або поўнай незалежнасці. Развіццё беларускага нацыянальнага руху адбывалася ў цэлым па дадзенай схеме. Аднак станаўленне і распаўсюджанне ўплыву дадзенага руху адбывалася вельмі павольна з прычыны ўзгаданых фактараў, якія тармазілі працэс фарміравання беларускай нацыі. У першай палове 19 ст. складваюцца перадумовы фарміравання беларускага нацыянальнага руху. У гэты перыяд пачынаецца навуковае гістарычнае, этнаграфічнае, археалагічнае вывучэнне Беларусі. У значнай ступені гэта звязана з панаваннем у духоўнай культуры гэтага перыяду ідэй рамантызму, для якіх уласцівы павышаны інтарэс да гістарычнага мінулага, у якім знаходзіліся светапоглядныя, этычныя і сацыяльныя ідэалы. Навуковае вывучэнне ажыццяўлялася пераважна прадстаўнікамі мясцовай польскамоўнай, у меншай ступені рускамоўнай, інтэлігенцыі (Зарыян Даленга-Хадакоўскі, Ян і Канстанцін Тышкевічы, Тэадор Нарбут, Адам Кіркор, Павел Шпілеўскі і інш.). Аднак некаторыя высновы, зробленыя ў межах дадзеных даследаванняў, заклалі тэарэтычныя перадумовы фарміравання беларускага нацыянальнага руху. У першай палове 19 ст. пачынае фарміравацца літаратура на беларускай мове (Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Рамуальд Падбярэзскі і інш.). У навуковых і літаратурных творах першай паловы 19 ст. сцвярджалася самабытнасць беларускай народнай мовы і традыцыйнай культуры. Аднак пры гэтым беларусы не разглядаліся як самастойная нацыя, а толькі як этнаграфічная супольнасць, якая павінна паступова ўліцца ў склад польскай або расійскай нацыі. З сярэдзіны 19 ст. беларуская мова стала выкарыстоўвацца і ў антыцарысцкай рэвалюцыйнай публіцыстыцы (агітацыйная літаратура падчас паўстання 1863-1864 гг., некаторыя публіцыстычныя выданні расійскіх і польскіх народнікаў). Пры гэтым, аднак, пытанне аб самастойнасці беларускай нацыі ў іх не закраналася. Пасля разгрому паўстання 1863-1864 гг. царскія ўлады разгарнулі актыўную дзейнасць у накірунку навуковага гісторыка-этнаграфічнага вывучэння Беларусі, мэтай якога з’яўлялася абгрунтаванне таго, што дадзены край спрадвечна рускі. Вынікі даследаванняў, нягледзячы на іх заходнерускую скіраванасць, ускосна пацвярджалі, аднак факт існавання асобнай беларускай этнічнай культуры і мовы. Напрыканцы 19 ст. пачынае фарміравацца беларускі нацыянальна-культурны рух. Пра гэта сведчыць станаўленне беларускай літаратуры, у межах якой паслядоўна адстойваецца ідэя пра існаванне самастойнай беларускай нацыі (Францішак Багушэвіч, Янка Лучына, Адам Гурыновіч, Карусь Каганец і інш.); узнікненне нацыянальна арыентаваных гурткоў беларускай інтэлігенцыі (пераважна выхадцаў з сялянства і дробнай шляхты) як у самой Беларусі, так і ў Пецярбургу і Маскве сярод беларускіх студэнтаў, выданне імі публіцыстычных твораў, у якіх абгрунтоўвалася нацыянальная самабытнасць беларусаў. Дадзены нацыянальна-культурны рух, як правіла, акцэнтаваў сябе як апазіцыйны ў адносінах да царскага рэжыму. У яго межах фарміруюцца першыя элементы палітычнага нацыянальнага руху з патрабаваннямі стварэння беларускай дзяржаўнасці (група “Гоман”). На пачатку 20 ст. палітычны нацыянальны рух афармляецца ва ўзнікненні і дзейнасці Беларускай Сацыялістычнай Грамады. У межах беларускага нацыянальна-культурнага і ранняга нацыянальнага палітычнага руху канца 19 – пачатку 20 стст. знайшлі ўвасабленне наступныя ідэі: – абгрунтаванне самастойнасці беларускага этнасу, самабытнасці беларускай мовы і культуры; – сцвярджэнне ідэі беларускай нацыі як перш за ўсё этнічнай супольнасці (у дадзеным кантэксце вызначальная роля надавалася развіццю беларускай мовы як галоўнага нацыятворчага фактару); – канцэпцыя беларусаў як плебейскай нацыі з няпоўнай сацыяльнай структурай, у сувязі з чым беларуская нацыянальная ідэя абапіраецца на традыцыю сацыяльна-палітычнага радыкалізму; адбываецца атаясамленне сацыяльнай дыхатаміі з нацыянальнай (пануючыя сацыяльныя слаі – рускія і палякі // працоўныя масы – беларусы); – сцвярджэнне неабходнасці фарміравання нацыянальнай інтэлектуальнай эліты з прадстаўнікоў беларускага народа, якая павінна выступаць каталізатарам абуджэння ў народзе нацыянальнага духу (у дадзеным кантэксце мела месца адаптацыя народніцкай ідэі самаахвярнай дзейнасці інтэлігенцыі на карысць народа). Такім чынам, да канца 19 ст. адбываецца складванне беларускага нацыянальнага руху, які ў асноўным дасягнуў другой з вызначаных вышэй стадый развіцця нацыянальных рухаў і выступаў з пераважна нацыянальна-культурнымі патрабаваннямі. Аднак у той жа час дзейнасць дадзенага руху абмяжоўвалася вельмі вузкім колам беларускай інтэлігенцыі і ніякага ўплыву на развіццё масавай нацыянальнай самасвядомасці не мела. Можна зрабіць выснову, што ў 19 ст. адбываецца складванне перадумоў фарміравання беларускай нацыі, пра што сведчаць некаторыя зрухі ў накірунку капіталістычнай мадэрнізацыі грамадства, зараджэнне беларускага нацыянальнага руху. Аднак разам з тым павольныя тэмпы мадэрнізацыі, спецыфічныя сацыяльна-палітычныя і этнаканфесійныя умовы жыццядзейнасці грамадства на тэрыторыі Беларусі абумовілі тое, што працэс фарміравання нацыі знаходзіўся да пачатку 20 ст. яшчэ толькі на пачатковай стадыі.
|