Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Грамадска-палітычны рух на тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці 19 ст.






Падаўленне паўстання 1863-1864 гг. прывяло да заняпаду грамадска-палітычнага руху на тэрыторыі Беларусі. Значна ўзмацняюцца паліцэйскі кантроль у грамадскім жыцці і цэнзура. На тэрыторыі Беларусі адсутнічалі незалежныя ад дзяржавы грамадскія арганізацыі і перыядычныя выданні (да 1886 г.).

У асяроддзі каталіцкай шляхты адбываецца заняпад ідэй польскага нацыянальна-вызваленчага руху і шляхецкага рэвалюцыянарызму. Пануючымі становяцца ідэі аб неабходнасці супрацоўніцтва з царызмам, у першую чаргу ў сферы эканомікі і культуры.

У першае дзесяцігоддзе пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. на тэрыторыі Беларусі адсутнічалі арганізацыі, якія б дэкларавалі барацьбу з царызмам. Іх адраджэнне адбываецца з сярэдзіны 1870-х гг. У аснову ідэалогіі гэтых арганізацый былі пакладзены ідэі сацыяльнай рэвалюцыі. Галоўнымі накірункамі рэвалюцыйнага руху ў апошняй чвэрці 19 ст. становяцца народніцтва і марксізм.

Народніцтва – агульнарасійскі грамадскі рух апошняй трэці 19 – пачатку 20 стст. Дадзены рух сфарміраваўся ў асяроддзі апазіцыйна настроенай расійскай інтэлігенцыі. У межах народніцтва дзейнічалі розныя плыні. Абагульнена вылучаюць два асноўныя тыпы народніцтва:

- рэвалюцыйнае народніцтва;

- ліберальнае народніцтва.

Абодва дадзеныя тыпы знайшлі сваё ўвасабленне ў грамадскім руху на тэрыторыі Беларусі.

Ідэалогія рэвалюцыйнага народніцтва грунтавалася на палітычных тэорыях расійскіх радыкальных палітычных дзеячаў сярэдзіны – другой паловы 19 ст. – А. Герцэна, М. Бакуніна, М. Чарнышэўскага, П. Лаўрова. Сацыяльны ідэал рэвалюцыйнага народніцтва – сацыялізм, пад якім разумеецца грамадскі лад, заснаваны на панаванні калектыўнай уласнасці на асноўныя сродкі вытворчасці. Магчымасць пераходу да сацыялізму бачылася ў наяўнасці для гэтага аб’ектыўных сацыяльна-эканамічных перадумоў. Пад гэтым разумелася існаванне такога сацыяльнага інстытута, як сялянская абшчына, у функцыянаванні якой змяшчаліся элементы сацыялізму (традыцыі абшчыннага самакіравання, перыядычныя перадзелы зямлі). Капіталізм разглядаўся рэвалюцыйнымі народнікамі як штучнае ўтварэнне, якое насаджаецца дзяржаўнай уладай для павелічэння даходаў кіруючай эліты. Пераход да сацыялістычнага грамадства звязваўся з народнай рэвалюцыяй, якая павінна знішчыць самадзяржаўе, устанавіць дэмакратычны палітычны лад і стварыць умовы для вырашэння карэнных сацыяльных пытанняў. У падрыхтоўцы рэвалюцыі галоўнай рухаючай сілай павінна стаць прагрэсіўная інтэлігенцыя.

Шырокае распаўсюджанне рэвалюцыйна-народніцкага руху сярод інтэлігенцкай моладзі ў гарадах Расійскай імперыі адносіцца да 1870-х гг. Асноўным метадам дзейнасці рэвалюцыйных народнікаў першапачаткова з’яўлялася “ хаджэнне ў народ ” – правядзенне прапагандысцкай працы сярод народных мас пад выглядам сельскіх спецыялістаў, вандроўнікаў і г.д. з мэтай пазбаўлення народа ад ўкаранёных сацыяльных стэрэатыпаў і забабонаў, распаўсюджання крытычных адносін да рэчаіснасці і такім чынам падрыхтоўкі да рэвалюцыйных дзеянняў. У 1876 г. з некалькіх рэвалюцыйна-народніцкіх гурткоў утварылася арганізацыя “ Зямля і воля ”.

У другой палове 1870-х гг. рэвалюцыйна-народніцкія гурткі ўзнікаюць у буйнейшых гарадах Беларусі. У іх уваходзілі пераважна прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі шляхецкага або мяшчанскага паходжання. Дадзеныя гурткі падтрымлівалі сувязь з “Зямлёй і воляй”.

“Хаджэнне ў народ” скончылася няўдачай: сяляне не зразумелі ў большасці ідэй рэвалюцыянераў, а царызм узмацніў рэпрэсіі. У выніку сярод рэвалюцыйных народнікаў узніклі рознагалоссі, якія завяршыліся расколам “Зямлі і волі” на дзве арганізацыі – “ Чорны перадзел ” (1879 – 1881 гг.) і “ Народную волю ” (1879 – 1882 гг.). “Чорны перадзел” працягваў традыцыі “Зямлі і волі”. Яго дзеячы ставілі сваёй задачай ажыццяўленне актыўнай асветніцка-прапагандысцкай дзейнасці інтэлігенцыі сярод народных мас, якая павінна прывесці да паступовых змен у калектыўнай свядомасці і, як вынік, да развіцця масавых рэвалюцыйных рухаў. Прадстаўнікі “Народнай волі” імкнуліся наблізіць сацыяльную рэвалюцыю шляхам тэрарыстычных актаў супраць носьбітаў дзяржаўнай улады.

На тэрыторыі Беларусі большасць рэвалюцыйна-народніцкіх гурткоў далучыліся да “Чорнага перадзелу”. У Мінску была заснавана цэнтральная друкарня арганізацыі і некаторы час тут знаходзілася кіраўніцтва “Чорнага перадзелу” на чале з Г. Пляханавым і А. Бонч-Асмалоўскім. Аднак у 1881 г. гурткі чорнаперадзельцаў былі выкрыты паліцыяй; многія іх дзеячы зняволены, а кіраўнікі на чале з Г. Пляханавым апынуліся ў эміграцыі. З гэтага моманту пачаў павялічвацца ўплыў “Народнай волі”. У 1882 г. была створана “ Паўночна-Заходняя арганізацыя Народнай волі ” з цэнтрам у Вільні. Кульмінацыйным момантам дзейнасці “Народнай волі” стала ажыццяўленне забойства цара Аляксандра ІІ 1 сакавіка 1881 г. Тэрарыстычны акт здзейсніў выхадзец з Беларусі Ігнат Грынявіцкі. У выніку царскіх рэпрэсій на працягу 1881-1882 гг. арганізацыі “Народнай волі” былі разгромлены.

У 1880-х – першай палове 1890-х гг. рэвалюцыйнае народніцтва перажывала заняпад ва ўмовах узмацнення рэпрэсій. Дзейнічалі нешматлікія гурткі рэвалюцыйна-народніцкай арыентацыі ў беларускіх гарадах, пераважна сярод вучнёўскай моладзі, а таксама сярод беларускіх студэнтаў у Пецярбургскім універсітэце.

Сярод апошніх фарміруюцца ідэі аб неабходнасці спалучэння задач сацыяльнай рэвалюцыі з вырашэннем беларускага нацыянальнага пытання. У 1884 г. у Пецярбургу ўзнікае Беларуская сацыял-рэвалюцыйная група “Гоман”, якую ўзначальвалі беларускія студэнты А.Марчанка, Х.Ратнер, М.Стацкевіч, У.Крупскі. Група выдавала часопіс з аднайменнай назвай (выйшлі 2 нумары). Гоманаўцы падзялялі асноўныя ідэі рэвалюцыйнага народніцтва і лічылі неабходным аб'яднаць усе рэвалюцыйныя сілы Расійскай імперыі для звяржэння самадзяржаўя. Яны ўпершыню ў гісторыі Беларусі заявілі аб існаванні самастойнай беларускай нацыі. Зыходзячы з прынцыпу раўнапраўя ўсіх народаў, гоманаўцы абвяшчалі права беларускага народа на нацыянальную дзяржаўнасць. У сваёй праграме яны лічылі неабходным пераўтварэнне Расійскай імперыі ў федэрацыю самастойных рэспублік, адной з якіх павінна стаць Беларусь. Гоманаўцы спрабавалі абвясціць сябе цэнтрам усіх народніцкіх арганізацый Беларусі, але стварыць адзіную народніцкую беларускую арганізацыю не здолелі. У выніку царскіх рэпрэсій група “Гоман” спыніла сваё існаванне.

У другой палове 1890-х гг. назіраецца адраджэнне рэвалюцыйна-народніцкага руху. У 1901 – 1902 гг. у выніку аб’яднання рэвалюцыйна-народніцкіх гурткоў у Расійскай імперыі ўзнікае Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). На працягу 1902-1904 гг. арганізацыі партыі аформіліся ў большасці значных гарадоў Беларусі і Літвы. У 1904 г. адбылося іх аб'яднанне ў Паўночна-Заходнюю абласную арганізацыю ПСР.

Ва ўмовах крызісу рэвалюцыйнага народніцтва ў 1880-1890-я гг. фарміруецца г. зв. ліберальнае народніцтва. Яго асноўныя ідэйна-тэарэтычныя палажэнні:

- ідэя мірнага эвалюцыйнага пераўладкавання грамадства ў дэмакратычным накірунку;

- сцвярджэнне ў якасці ідэалу сацыяльнага ўладкавання гарманічнага спалучэння свабоды асобы і грамадскай салідарнасці;

- абвяшчэнне інтэлігенцыі галоўнай рухаючай сілай і каталізатарам грамадскага прагрэсу;

- тэорыя “малых спраў ”, якая прадугледжвала неабходнасць выканання інтэлігенцыяй “абавязку перад народам” праз сумленныя адносіны да ўласных прафесійных абавязкаў. Тэорыя і практыка “малых спраў” акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці фарміравання грамадзянскай супольнасці шляхам ініцыятыў з боку інтэлігенцыі, што ўключала ў сябе станаўленне і развіццё недзяржаўных грамадскіх арганізацый, прапаганду асветы, правядзенне канкрэтных мерапрыемстваў, накіраваных на карысць народных мас, у эканамічнай і сацыяльна-культурнай сферы.

На тэрыторыі Беларусі цэнтрам прапаганды ліберальнага народніцтва становіцца першая легальная недзяржаўная газета “ Минский листок ” (1886 – 1902 гг.). У цэлым газета як легальнае выданне вымушана была выказваць ліберальныя ідэі вельмі асцярожна. У “Минском листке” прапагандуюцца ідэі асветы і распаўсюджання сацыяльна значных ведаў; пры гэтым звяртаецца ўвага на тое, што яны павінны спалучацца з канкрэтнымі дзеяннямі па паляпшэнню жыцця народа. Асвета разглядаецца як важны фактар паляпшэння дабрабыту і маральнага стану грамадства.

У 1880-я гг. на землях Беларусі фарміруецца новы накірунак радыкальнага грамадска-палітычнага руху – марксізм. Як накірунак еўрапейскай сацыяльна-палітычнай думкі марксізм пачынае фарміравацца ў сярэдзіне 19 ст. у творчасці нямецкіх грамадска-палітычных дзеячоў і навукоўцаў Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса. З другой паловы 19 ст. марксізм пераўтвараецца ў шырокі грамадска-палітычны рух, які ахапіў большасць краін Еўропы, а затым распаўсюдзіўся і на іншых кантынентах. У аснове сацыяльна-палітычнай ідэалогіі марксізму знаходзіліся наступныя ідэі:

- сацыяльным ідэалам абвяшчаецца сацыялізм (камунізм), што павінен прыйсці на змену капіталізму як заканамерны вынік развіцця апошняга;

- пераход ад сацыялізму да капіталізму павінен адбыцца шляхам абумоўленай аб’ектыўнымі фактарамі сацыялістычнай рэвалюцыі, галоўнай рухаючай сілай якой разглядаецца рабочы клас; у выніку сацыялістычнай рэвалюцыі рабочы клас павінен атрымаць палітычную ўладу і ажыццявіць сацыялістычныя мерапрыемствы.

У другой палове 1880 – першай палове 1890-х гг. у буйнейшых гарадах Беларусі ўзнікаюць марксісцкія гурткі, якія першапачаткова мелі пераважна асветніцкі характар (у склад гурткоў уваходзілі інтэлігенты, якія займаліся самаадукацыяй у духу ідэй марксізму). Яны падтрымлівалі сувязь з марксісцкімі арганізацыямі ў Расіі, Польшчы і краінах Заходняй Еўропы. Марксісты акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці ажыццяўлення буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, мэтай якой лічылася ліквідацыя абсалютызму і перажыткаў феадалізму, увядзенне дэмакратычнага палітычнага рэжыму, што павінна было стварыць умовы для паскоранага развіцця капіталізму. Капіталізм разглядаўся як неабходная і непазбежная стадыя грамадскага развіцця, якая створыць неабходныя ўмовы для выспявання сацыялізму. У адрозненне ад народнікаў, марксісты адмаўлялі наяўнасць элементаў сацыялізму ў дакапіталістычных грамадскіх структурах.

З 1890-х гг. марксісцкія арганізацыі пераходзяць да актыўнай прапагандысцкай дзейнасці сярод рабочых, што садзейнічае іх колькаснаму росту. У гэты час яны сталі называцца сацыял-дэмакратамі. Сацыял-дэмакратычныя арганізацыі на тэрыторыі Беларусі ў канцы 19 – пачатку 20 стст. уваходзяць у склад шэрагу палітычных партый марксісцкай арыентацыі: Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (з 1898 г., І з’езд адбыўся ў Мінску), Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз Польшчы, Літвы і Расіі (Бунд, з 1897 г.), Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (з 1893 г.), Польская партыя сацыялістычная на Літве (з 1902 г.), Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (з 1896 г.), Рабочая партыя палітычнага вызвалення Расіі (1899 – 1900 гг.). Найбольш уплывовай арганізацыяй з’яўляўся Бунд, што тлумачылася перавагай яўрэяў у структуры гарадскога насельніцтва Беларусі.

У пачатку 20 ст. сярод палітычных арганізацый рэвалюцыйнага накірунку з’яўляецца партыя, якая належала да беларускага нацыянальнага руху – Беларуская Сацыялістычная Грамада (БСГ). Яна ўзнікае ў 1902-1903 гг. на базе нацыянальна-культурных гурткоў беларускай моладзі ў Мінску, Вільні і Пецярбургу. Заснавальнікамі і лідэрамі арганізацыі былі браты Іван і Антон Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Вацлаў Іваноўскі і інш. У 1903 г. адбыўся І з’езд БСГ, на якім была ўхвалена праграма партыі. Сваёй галоўнай мэтай БСГ абвяшчала пабудову сацыялістычнага грамадства. Да бліжэйшых задач адносіліся звяржэнне самадзяржаўя, фарміраванне дэмакратычнага палітычнага рэжыму, забеспячэнне палітычных і эканамічных правоў чалавека, рэалізацыя правоў народаў, у тым ліку і беларускага на нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сацыялізацыя зямлі. У цэлым у праграме партыі сінтэзаваліся элементы ідэй народніцтва і марксізму у спалучэнні з абвяшчэннем задач беларускага нацыянальнага руху.

Такім чынам, на працягу апошняй трэці 19 ст. назіраецца працэс паступовага ажыўлення грамадска-палітычнага жыцця на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым характэрнай з’явай выступае ўзрастанне ўплыву радыкальных сацыяльна-палітычных рухаў, такіх як народніцтва і марксізм, што сведчыла пра наяўнасць перадумоў палітычнага крызісу царызму.

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.007 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал