Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Калектывізацыя сельскай гаспадаркі БССР.






Правядзенне паскоранай індустрыялізацыі з боку дзяржавы ажыццяўлялася пераважна за кошт рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі на знешніх рынках. У перыяд нэпа органы дзяржаўнай улады арганізоўвалі масавыя закупкі збожжа ў сялянства. Аднак дадзеныя закупкі ажыццяўляліся нярэдка з вялікімі цяжкасцямі, прычынамі якіх з’яўляліся беднасць большасці сялянскіх гаспадарак і заніжаныя закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Напрыканцы 1920-х гг., калі адбывалася згортванне нэпа, было прынята рашэнне аб правядзенні калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Сутнасць яе заключалася ў ліквідацыі дробных індывідуальных сялянскіх гаспадарак і ўключэнне іх у склад буйных адзяржаўленых калектыўных і дзяржаўных гаспадарак – калгасаў і саўгасаў. Стварэнне такіх гаспадарак адпавядала спецыфіцы камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання эканомікай, якая сцвярджалася ў гэты час і дазваляла ўладам манапольна кантраляваць працэс вытворчасці і рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі.

Непасрэднай перадумовай усеагульнай калектывізацыі стаў хлебанарыхтоўчы крызіс 1927-1928 гг., у выніку якога рэзка знізіўся экспарт збожжа. Рэакцыяй на крызіс з боку ўлад стала правядзенне надзвычайных мер, у ходзе якіх адбываліся гвалтоўная канфіскацыя збожжа ў сялян, крымінальныя пераследаванні ў адносінах да ўкрывальнікаў збожжа.

Пачатак усеагульнай калектывізацыі быў распачаты зімой 1929/30 г. У ходзе яе ажыццяўлення адбывалася фарміраванне калгасаў. Асобныя сялянскія гаспадаркі пры іх уключэнні ў калгасы і саўгасы ліквідаваліся; зямля, рабочая жывёла і асноўныя прылады працы пераходзілі ва ўласнасць калгасаў. Фармальна гэта выглядала як аб’яднанне індывідуальных гаспадарак у буйныя калектыўныя, фактычна – як дзяржаўная канфіскацыя маёмасці індывідуальных гаспадарак і пераўтварэнне сялян у пазбаўленых уласнасці сельскагаспадарчых рабочых буйных гаспадарак. У ажыццяўленні калектывізацыі органам дзяржаўнай улады аказвалі дапамогу спецыяльна накіраваныя ў вёску ўпаўнаважаныя, рабочыя-дваццаціпяцітысячнікі.

У працэсе калектывізацыі цэнтральныя органы дзяржаўнай улады ўстанаўлівалі планы калектывізацыі, якія былі абавязковымі для выканання з боку мясцовых улад. Сяляне, якія адмаўляліся ўваходзіць у калгасы, абкладаліся надзвычай высокімі падаткамі; для іх ствараліся неспрыяльныя ўмовы гаспадарання, што прыводзіла да іх разарэння. Дадзены фактар, а таксама адміністрацыйны націск, небяспека пераследаванняў вымушалі сялян да ўваходжання ў калгасы. Паралельна праводзілася т.зв. раскулачванне, у ходзе якога адбывалася прымусовая канфіскацыя маёмасці сялян, якіх улады адносілі да ліку заможных і называлі “кулакамі”. На практыцы да “кулакоў” залічвалі таксама тых сялян, якія супраціўляліся ўступленню ў калгасы. Сем’і раскулачаных сялян вывозілі ў паўночныя раёны Расіі, на Урал, Казахстан, або пасялялі на спецыяльна выдзеленых тэрыторыях пад адміністрацыйным наглядам у якасці спецпасяленцаў. Частка раскулачаных сялян, перш за ўсё актыўныя праціўнікі калектывізацыі, былі зняволены і накіраваны ў лагеры ГУЛАГ або расстраляны.

Пераважная большасць сялянства адмоўна ставілася да масавай калектывізацыі, што прыводзіла да развіцця сялянскага руху. За зіму 1929-1930 г. адбылося 520 узброеных выступленняў сялян, якія былі падаўлены ўладамі. У той жа час частка бяднейшага сялянства падтрымлівала калектывізацыю пад уплывам агітацыі бальшавікоў і спадзяванняў на атрыманне долі падчас падзелу маёмасці “кулакоў”.

На працягу 1930-х гг. усеагульная калектывізацыя прынесла наступныя вынікі:

- да 1939 г. было створана звыш 10 тыс. калгасаў, у якія было ўключана звыш 90% сялянскіх гаспадарак; у карыстанні калгасаў знаходзілася каля 96% пасяўных плошчаў;

- на працягу 1930-х гг. было раскулачана каля 10-15% сялянскіх гаспадарак; каля 600-700 тыс. чалавек былі вывезены за межы БССР;

- органамі дзяржаўнай улады былі ўведзены абавязковыя пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі з боку калгасаў па цэнах, ніжэйшых ў 10-12 разоў за рыначныя, у выніку чаго дзяржава атрымлівала магчымасць атрымліваць значныя сродкі для паскоранай індустрыялізацыі;

- паскараецца працэс перасялення працоўных з вёскі ў горад; былыя сяляне, якія не жадалі ўваходзіць у калгасы, папаўняюць шэрагі рабочага класа ў прамысловасці;

- некалькі паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі; цэнтрамі канцэнтрацыі новай тэхнікі становяцца дзяржаўныя машынна-трактарныя станцыі (на 1940 г. ва ўсходняй частцы БССР іх налічвалася 236 з трактарным паркам да 9, 7 тыс. машын); аднак у цэлым тэхнічны ўзровень сельскай гаспадаркі заставаўся невысокі, перважала ручная праца;

- узровень сельскагаспадарчай вытворчасці ў цэлым заставаўся на ўзроўні да правядзення калектывізацыі, а ў некаторых яе галінах нават назіраецца заняпад (гэта тлумачыцца цяжкім эканамічным становішчам калгасаў, адсутнасцю у калгаснікаў стымулаў да працы).

На працягу 1930-х гг. адбылася уніфікацыя ўнутранай структуры калгасаў. У калгасным карыстанні захоўваліся большая частка калектывізаванай зямельнай плошчы, працоўнай жывёлы, асноўныя прылады працы. У карыстанні індывідуальных гаспадарак калгаснікаў заставаліся сядзібы з невялікімі зямельнымі надзеламі, частка жывёлы, некаторыя прылады працы. Кіраўніцтва калгасаў прызначалася партыйнымі і дзяржаўнымі органамі ўлады і пільна кантралявалася з іх боку. Умовы працы калгаснікаў былі цяжкімі. Аплата працы была нізкай (у сярэднім у 3 разы ніжэй, чым у прамысловасці), у многіх калгасах яна мела натуральны або паўнатуральны характар; адсутнічалі абмежаванні працоўнага дня, аплочваемыя водпускі, сацыяльнае страхаванне па хваробе або страце працаздольнасці, пенсіі для састарэлых. Асноўнай крыніцай для існавання калгаснага насельніцтва з’яўляліся прысядзібныя гаспадаркі, хаця іх прадукцыя таксама ўключалася ў планы абавязковых дзяржаўных паставак. У выніку дзяржаўных рэквізіцый сельскагаспадарчай прадукцыі ў 1932-1933 гг. у многіх рэгіёнах СССР, асабліва ва Украіне, узнік голад, які закрануў таксама некаторыя паўднёвыя раёны БССР. З мэтай недапушчэння крадзяжоў дзяржаўнай і калгаснай маёмасці партыйна-дзяржаўныя ўлады ў 1932 г. прынялі пастанову, вядомую як “ закон пяці каласкоў ”. Гэтая пастанова прадугледжвала крымінальную адказнасць за крадзяжы ў любых памерах у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не ніжэй 10 гадоў або нават расстрэл. У БССР толькі ў 1933-1934 гг. паводле гэтай пастановы было асуджана каля 10 тыс. чалавек.

Цяжкія ўмовы жыцця і працы ў калгасах вымушалі калгаснікаў накіроўвацца на працу ў прамысловасць, на будаўнічыя работы, лесараспрацоўкі. У той жа час улады імкнуліся не дапусціць бескантрольнага перамяшчэння рабочай сілы з вёскі ў гарады. З гэтай мэтай сялянам не выдаваліся пашпарты, што фактычна азначала пазбаўленне іх грамадзянскіх правоў. Выхад з калгасаў і выезд калгаснікаў у іншую мясцовасць былі магчымымі толькі паводле спецыяльнага дазволу адпаведных улад.

Такім чынам, у выніку усеагульнай калектывізацыі 1930-х гг, якая ажыцяўлялася прымысовымі метадамі, была ліквідавана маса дробных сялянскіх гаспадарак, на месцы якіх сфарміраваліся буйныя адзяржаўленыя аграрныя гаспадаркі. Сельская гаспадарка была ўключана ў камандна-адміністрацыйную сістэму кіравання эканомікай; яе рэсурсы выкарыстоўваліся пераважна для ажыццяўлення індустрыялізацыі.

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.006 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал