Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Палітыка беларусізацыі і развіццё культуры ў 1920-я гг.






Выкарыстанне бальшавіцкімі ўладамі беларускага нацыянальнага пытання працягвалася і пасля ўзбуйнення БССР і адлюстравалася ў палітыцы беларусізацыі, пра якую афіцыйна было абвешчана ў ліпені 1924 г.

Палітыка беларусізацыі мела вызначаныя накірункі:

- перавод справаводства на беларускую мову (пры гэтым наладжвалася абавязковае вывучэнне дзяржаўнымі служачымі беларускай мовы);

- перавод адукацыйных устаноў на беларускую мову;

- вылучэнне на кіруючыя пасады ў дзяржаўных і мясцовых органах улады мясцовых ураджэнцаў (палітыка “ карэнізацыі ”);

- падтрымка развіцця беларускай культуры і ўсебаковага навуковага вывучэння Беларусі, яе гісторыі, эканомікі і г.д.

Палітыка беларусізацыі мела значныя вынікі:

- беларуская мова заняла пануючае месца ў дзяржаўным справаводстве, часткова нават уводзілася ў часцях Чырвонай арміі на тэрыторыі БССР;

- замацаванне беларускай мовы ў сістэме агульнаадукацыйнай школы (да 1928 г. каля 80% школ было пераведзена на беларускую мову навучання);

- павелічэнне долі асоб беларускай нацыянальнасці ў сістэме дзяржаўнага апарату (на 1927 г. сярод кіраўнікоў акруговага і раённага маштабу яна складала 48%);

- хуткае развіццё краязнаўства, беларускай мастацкай літаратуры, тэатру, іншых форм беларускамоўнай культуры.

У выніку беларусізацыі ўзрасла нацыянальная свядомасць беларускага насельніцтва, што істотна паскорыла працэс фарміравання беларускай нацыі.

Беларусізацыя мела пазітыўныя вынікі для палітычнай стабілізацыі ў Беларусі. Гэта выклікала змены ў адносінах да Савецкай дзяржавы з боку прадстаўнікоў беларускага нацынальнага руху як у самой Беларусі, так і ў эміграцыі. У іх асяроддзі пачынае набываць папулярнасць ідэя падтрымкі беларускай дзяржаўнасці ў савецкай форме. На ІІ канферэнцыі Рады БНР у Берліне ў 1925 г. яе лідэры на чале з А. Цвікевічам абвясцілі аб самароспуску Рады БНР і прызнанні БССР адзінай формай беларускай дзяржаўнасці. Многія беларускія эмігранты заявілі пра сваю лаяльнасць да бальшавіцкай улады, вярнуліся ў БССР і прымалі актыўны ўдзел у яе навуковым і культурным жыцці (В. Ластоўскі, А. Цвікевіч, А. Смоліч і інш.).

Правядзенне палітыкі беларусізацыі разглядалася як стратэгічная лінія, галоўным чынам, з боку беларускай часткі партыйнага кіраўніцтва БССР. Большасць партыйна-дзяржаўных кіраўнікоў разглядалі яе як часовы тактычны крок, накіраваны на павышэнне прэстыжу бальшавіцкай улады сярод насельніцтва і нейтралізацыю палітычных праціўнікаў.

У 1920-я гг. у БССР была створана новая адукацыйная сістэма. У яе ўваходзілі наступныя ўзроўні:

- пачатковая адукацыя (чатырохгадовыя школы);

- сярэдняя адукацыя (сямігадовыя школы);

- прафесійна-тэхнічная (прафесійна-тэхнічныя школы) і сярэдняя спецыяльная (тэхнікумы) адукацыя;

- вышэйшая адукацыя (універсітэты і інстытуты).

З 1927 г. было ўведзена ўсеагульнае пачатковае навучанне. У 1928/29 навучальным годзе ў БССР налічвалася 5723 пачатковыя і сярэднія школы, у якіх праходзіла навучанне 79% ад усёй колькасці дзяцей. Паралельна праводзіліся мерапрыемствы па ліквідацыі непісьменнасці для дарослых. У выніку ў другой палове 1920-х гг. ужо больш паловы жыхароў БССР з’яўляліся пісьменнымі.

Для задавальнення патрэб у спецыялістах у розных галінах гаспадаркі і невытворчай сферы пашыралася сетка тэхнікумаў (педагагічных, сельскагаспадарчых, індустрыяльна-тэхнічных, эканамічных і г.д.). У 1928/29 навучальным годзе іх было 32 з 5, 5 тыс. навучэнцаў.

У 1920-я гг. у Беларусі адраджаецца сістэма вышэйшай адукацыі. У 1921 г. у Мінску быў адчынены Беларускі дзяржаўны універсітэт. Потым з’явіліся Беларускі дзяржаўны інстытут сельскай і лясной гаспадаркі (1922), Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках (1925), Віцебскі ветэрынарны інстытут (1924). У сярэдзіне 1920-х гг. ва ўсіх ВНУ БССР навучалася звыш 4 тыс. студэнтаў.

Цэнтрам навуковага жыцця ў БССР становіцца Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт,), заснаваны ў 1922 г. Работа інстытута арганізоўвалася па секцыях. У 1926 г. дзейнічала 5 секцый: лінгвістычная, літаратурна-мастацкая, гісторыка-археалагічная, прыродазнаўчая, сацыяльна-эканамічная. Першым кіраўніком Інбелкульта быў С.М.Некрашэвіч, з 1924 г. – У.М.Ігнатоўскі (ён жа першы старшыня Акадэміі навук). На аснове Інбелкульта ў 1929 г. фарміруецца Акадэмія навук БССР. Навукова-даследчая работа праводзілася таксама ў межах вышэйшых навучальных устаноў. У 1920-я гг. у БССР фарміруюцца новыя доследныя станцыі ў галіне сельскай і лясной гаспадаркі.

У 1920-я гг. адбываецца арганізацыя культурна-асветніцкіх устаноў, якімі ў гарадах становяцца клубы, а ў сельскай мясцовасці – хаты-чытальні. Пры іх ажыццяўляліся папулярызацыя навуковых і тэхнічных ведаў сярод насельніцтва, чытанне газет і кніг, праводзіліся палітычная і антырэлігійная прапаганда. Павялічвалася колькасць бібіліятэк. У 1922 г. адчынілася Дзяржаўная бібліятэка БССР. У 1921 г. створана Дзяржаўнае выдавецтва БССР, якое мела свае аддзяленні ва ўсіх значных гарадах рэспублікі. Гэта дазволіла значна павялічыць выданне літаратуры. Павялічылася колькасць перыядычных выданняў: у 1925 г. у БССР выдавалася 20 газет і 15 часопісаў.

У той жа час культурна-асветніцкая праца суправаджалася дыскрымінацыйнай палітыкай у адносінах да ўсіх рэлігійных канфесій. Культавыя рэлігійныя збудаванні закрываліся і руйнаваліся; ажыццяўляліся рэпрэсіі ў адносінах да служыцеляў рэлігійнага культу.

Палітыка беларусізацыі садзейнічала развіццю беларускай мастацкай літаратуры і тэатру. Фарміруюцца шматлікія беларускія літаратурныя аб’яднанні: “ Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя ”. Былі створаны беларускія дзяржаўныя тэатры ў Мінску і Віцебску. Пад уплывам рэвалюцыйных падзей і беларусізацыі ў значнай ступені развіваліся жывапіс і музычнае мастацтва.

Разам з тым бальшавіцкія ўлады імкнуліся ў пэўнай ступені абмежаваць дзейнасць навукоўцаў і мастакоў і ўстанавіць ідэалагічны кантроль у сферы навукі і мастацтва. Аднак да канца 1920-х гг. ён не меў татальнага характару і дапускаў пэўную інтэлектуальную свабоду.

Такім чынам, на працягу 1920-х гг. у БССР актыўна праводзілася палітыка беларусізацыі, якая хутка прынесла адчувальныя вынікі і садзейнічала паскарэнню працэсаў фарміравання беларускай нацыі. У гэты перыяд таксама адбывалася хуткае развіццё сістэм адукацыі, навукі, культуры ва ўмовах адноснай інтэлектуальнай свабоды.

 

Асноўныя паняцці:

Новая эканамічная палітыка (нэп), трэсты, сіндыкаты, “прышчэпаўшчына”, кааперацыя, калгас, камуна, сельскагаспадарчая арцель, таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі, электрыфікацыя, аўтарытарызм, Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў), Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, Дагавор пра стварэнне СССР, Канстытуцыя СССР 1924 г., узбуйненне БССР, адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа 1924-1927 гг., нацыянальныя Саветы, Канстытуцыя БССР 1927 г, беларусізацыя, “карэнізацыя”, ІІ канферэнцыя Рады БНР, тэхнікумы, Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інбелкульт, Акадэмія навук БССР, Дзяржаўная бібіліятэка БССР, Дзяржаўнае выдавецтва БССР.

 

Кантрольныя пытанні і заданні:

1. Ахарактарызуйце асноўныя перадумовы ўвядзення новай эканамічнай палітыкі на тэрыторыі Беларусі?

2. Якія асноўныя мерапрыемствы прадугледжвала новая эканамічная палітыка?

3. У чым заключалася адрозненне харчовага падатку, уведзенага падчас нэпа, ад харчразвёрсткі?

4. Падумайце, чаму бальшавіцкія ўлады, якія ў перыяд “ваеннага камунізму”, вялі барацьбу супраць прыватнай уласнасці ў розных сферах эканомікі, падчас нэпа дазволілі дзейнасць прыватнага сектару ў эканоміцы?

5. Што такое трэсты і сіндыкаты? Чым сістэма кіравання дзяржаўнай прамысловасцю ў перыяд нэпа адрознівалася ад “ваенна-камуністычнай” сістэмы?

6. Падумайце, як мерапрыемствы нэпа маглі паўпываць на адносіны розных сацыяльных груп насельніцтва да бальшавіцкай улады? Абгрунтуйце сваю пазіцыю.

7. Калі сельская гаспадарка БССР дасягнула даваеннага ўзроўню? Якія галіны аграрнай вытворчасці БССР найбольш развіваліся ў 1920-я гг.?

8. Якія формы землекарыстання існавалі ў сельскай гаспадарцы БССР у 1920-я гг. Якія з іх былі пераважаючымі?

9. Што такое “прышчэпаўшчына”? Чым можна патлумачыць падтрымку дзяржаўнымі ўладамі БССР у 1920-я гг. хутарскіх гаспадарак?

10. Якія формы сельскагаспадарчай кааперацыі развіваліся ў БССР у перыяд нэпа? Чым можна патлумачыць адмоўнае сьаўлення сялянства да стварэння калектыўных гаспадарак?

11. Якім чынам адбывалася аднаўленне прамысловасці БССР у 1920-я гг.? Як паўплывалі на аднаўленчыя працэсы мерапрыемствы нэпа?

12. Дайце характарыстыку развіцця прыватнага сектара ў прамысловасці і гандлі БССР ва ўмовах нэпа?

13. Ахарактарызуйце асноўныя праблемы, якія мелі месца ў эканоміцы БССР у 1920-я гг.? Як можна вызначыць узровень яе развіцця ў кантэксце станаўлення індустрыяльнага грамадства?

14. Растлумачце, што такое аўтарытарны рэжым? Ці можна вылучыць адзнакі падобнага рэжыму ў БССР у 1920-я гг.? Абгрунтуйце сваю пазіцыю.

15. Калі быў створаны СССР? Якім чынам Дагавор пра стварэнне СССР размяжоўваў кампетэнцыю саюзнай і рэспубліканскіх улад?

16. Ці можна сцвярджаць, што ў межах СССР БССР уяўляла з сябе ў 1920-я гг. аўтаномнае дзяржаўнае ўтварэнне?

17. Калі адбывалася ўзбуйненне БССР? Якія тэрыторыі былі далучаны да беларускай савецкай дзяржавы ў гэты час?

18. Якімі фактарамі было выклікана ўзбуйненне БССР? Які ўплыў гэта мела на адносіны да БССР прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху?

19. Калі была прынята другая Канстытуцыя БССР? Якія яна ўтрымлівала асноўныя палажэнні?

20. Якую ролю ў палітычным жыцці БССР у 1920-я гг. мела бальшавіцкая партыя? Чым быў абумоўлены т.зв. самароспуск апазіцыйных да яе палітычных партый?

21. Якое месца ў грамадска-палітычным жыцці БССР у перыяд нэпа займалі Саветы, прафсаюзы і масавыя грамадскія арганізацыі?

22. Што такое беларусізацыя? Якія яна мела асноўныя накірункі?

23. Растлумачце сутнасць палітыкі “карэнізацыі”? Ці можна бачыць у дадзенай палітыцы дыскрымінацыю нацыянальных меншасцяў у БССР?

24. Якія вынікі мела палітыка беларусізацыі ў БССР у 1920-я гг.? Ці можна яе лічыць эфектыўнай?

25. Растлумачце, якое значэнне мела палітыка беларусізацыі для развіцця працэсу фарміравання беларускай нацыі?

26. Ахарактарызуйце сістэму адукацыі, якая ўзнікла ў БССР у 1920-я гг.

27. Падумайце, чаму ў адрозненне ад царызму, які варожа ставіўся да развіцця адукацыі, бальшавіцкая ўлада ўсяляк гэтаму садзейнічала?

28. У межах якіх устаноў адбывалася развіццё навукі ў БССР у 1920-я гг.?

29. Дайце характарыстыку развіцця культурна-асветніцкай дзейнасці ў БССР у 1920-я гг.

30. У якой ступені ў культурным жыцці БССР 1920-х гг. захоўвалася інтэлектуальная свабода? Якія меліся элементы ідэалагічнага кантролю?

 

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

1. Новая эканамічная палітыка ў БССР: заканадаўчая база, этапы, вынікі.

2. Развіццё кааперацыі ў БССР у перыяд нэпа.

3. Фінансава-крэдытная сістэма ў БССР у перыяд нэпа.

4. Землеўпарадкаванне ў БССР у 1920-я гг.

5. Узбуйненне БССР: перадумовы, этапы, вынікі.

6. Устанаўленне манаполіі КП(б)Б на ўладу ў першай палове 1920-х гг.

7. Беларусізацыя ў сістэме дзяржаўнага справаводства: ход, вынікі.

8. Барацьба з непісьменнасцю ў БССР як элемент культурна-адукацыйнай палітыкі Савецкай улады.

 

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.011 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал