Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Савецка-польская вайна 1919-1920 гг. Другое абвяшчэнне БССР.
У выніку рэвалюцый у Германіі і Аўтра-Венгрыі ў лістападзе 1918 г. была абвешчана незалежнасць Польскай рэспублікі і сфарміраваны органы яе ўлады. Ад самага пачатку свайго існавання ўлады Польскай рэспублікі выказвалі тэрытарыяльныя прэтэнзіі на землі, якія ўваходзілі раней у склад Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах вываду германскіх войскаў з тэрыторый былой Расійскай імперыі польскія ўлады замацаваліся на частцы заходнебеларускіх зямель. У выніку да лютага 1919 г. склалася часовая польска-савецкая мяжа па лініі Вільня – Ліда – Слонім – Агінскі канал. Аднак такая сітуацыя не задавальняла абодва бакі. З аднаго боку, польскія ўлады лічылі неабходным прасунуць мяжу на ўсход і адмовіліся прызнаць ЛітБел ССР. З другога, ўлады Савецкай Расіі пасля хуткага заняцця большай часткі зямель Беларусі і Літвы разлічвалі на “экспарт рэвалюцыі” ў Польшчу. Гэтыя акалічнасці абумовілі вайну паміж Польшчай і Савецкай Расіяй (напачатку фармальна толькі з ЛітБел ССР) 1919-1920 гг. Савецка-польская вайна мела два этапы, паміж якім было часовае перамір’е: 1) люты-верасень 1919 г.; 2) сакавік-кастрычнік 1920 г. На першым этапе вайны польскія войскі дастаткова хутка занялі тэрыторыю заходняй і цэнтральнай Беларусі. Да верасня 1919 г. фронт усталяваўся на лініі рэк Беразіна – Днепр (Дзвінск – Полацк – Лепель – Барысаў – Бабруйск – Рэчыца). Дадзеныя поспехі польскага войска былі абумоўлены некалькімі фактарамі: - нязначная ўвага ўлад Савецкай Расіі да савецка-польскага фронту ва ўмовах канцэнтрацыі асноўных ваенных сіл у грамадзянскай вайне ў Расіі; - шырокая ваенна-тэхнічная і эканамічная падтрымка Польшчы з боку краін Антанты, якія разлічвалі на тое, што моцная польская дзяржава стане ў Цэнтральнай Еўропе супрацьвагай Расіі і Германіі; - адсутнасць масавай падтрымкі Чырвонай арміі ў тыле (незадаволенасць большай часткі беларускага насельніцтва палітыкай “ваеннага камунізму”. З верасня 1919 г. ваенныя дзеянні часова спыніліся. На занятых польскімі войскамі тэрыторыях ліквідаваліся створаныя бальшавікамі органы ўлады, распускаліся прабальшавіцкія арганізацыі. Незаконнымі аб’яўляліся аграрныя пераўтварэнні бальшавікоў і аднаўлялася памешчыцкае землеўладанне. Польскае войска ў шырокіх памерах праводзіла рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі. У красавіку 1919 г. для кіравання занятымі тэрыторыямі на ўсходзе быў створаны Генеральныкамісарыят усходніх земляў. У органы грамадзянскай адміністрацыі ўваходзілі толькі тыя, хто лічыў сябе палякам. Дзяржаўнай мовай абвячалася польская. Адбывалася паланізацыя ўсяго грамадскага жыцця. Грамадзянская адміністрацыя ва ўсім падпарадкоўвалася ваеннаму кіраўніцтву і самастойнага значэння практычна не мела. У той жа час польскія ўлады імкнуліся стварыць пэўную сацыяльную базу сярод беларускага насельніцтва. 29 красавіка 1919 г. начальнік Польскай рэспублікі Юзэф Пілсудскі ў Вільні выступіў са зваротам да насельніцтва былога ВКЛ, у якім абвяшчалася права народаў на самавызначэнне ў межах федэрацыі з Польшчай. У Мінскай акрузе, дзе польскія пазіцыі былі дастаткова слабымі, дазвалялася ўжыванне беларускай мовы ў грамадскім жыцці, быў адноўлены Беларускі педагагічны інстытут у Мінску. Дадзеныя фактары абумовілі супрацоўніцтва з польскім ўладамі часткі дзеячоў беларускага нацыянальнага руху, асабліва прадстаўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і правацэнтрысцкіх беларускіх арганізацый, якія разлічвалі на стварэнне федэрацыі Беларусі з Польшчай у складзе абноўленай Рэчы Паспалітай. У той жа час другая частка беларускага нацыянальнага руху на чале з Беларускай партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў выступала за поўную незалежнасць Беларусі і да канца 1919 г. выступала ў якасці легальнай апазіцыі польскім уладам. У кастрычніку 1919 г. Ю. Пілсудскі даў дазвол на аднаўленне дзейнасці Рады БНР, маючы спадзяванні на перавагу ў ёй прыхільнікаў прапольскай арыентацыі і прыняцце рашэнняў пра далучэнне БНР да Польшчы. Аднак на сесіі ў снежні 1919 года адбыўся раскол Рады БНР. Антыпольская група (50 чалавек) утварыла Народную раду БНР на чале з сацыялістам-федэралістам П. Крачэўскім і кабінет міністраў на чале збеларускімэсэрамВ. Ластоўскім. Яны заявілі аб вернасці Трэцяй Устаўной грамаце БНР і выказалі пратэст супраць акупацыі Беларусі польскай арміяй. Прапольская фракцыя (37 чалавек) утварыла Найвышэйшую раду БНР на чале з сацыял-дэмакратам Я. Лёсікам і пацвердзіла паўнамоцтвы ўрада Антона Луцкевіча. У хуткім часе Народная рада БНР была забаронена, а многія яе лідэры арыштаваны. Прэзідыум і ўрад Народнай рады БНР з лістапада 1920 г. знаходзіліся ў сталіцы Літвы Коўне. Адмова польскіх улад разглядаць пытанне аб фарміраванні беларускай дзяржаўнасці прывяла да крызісу і распаду ў 1920 г. Найвышэйшай рады БНР і яе ўраду. Палітыка польскіх улад выклікала незадаволенасць значнай часткі насельніцтва, у першую чаргу сялянства. У розных рэгіёнах адбываліся хваляванні. Узброеную барацьбу супраць польскіх улад узначальвалі бальшавікі, беларускія эсэры, Беларуская камуністычная арганізацыя (левае крыло БПСР, якое на пачатку 1920 г. утварыла самастойную партыю), яўрэйскія сацыялістычныя партыі (Бунд, Паалей-Цыён). У снежні 1919 г. паміж гэтымі партыямі было заключана пагадненне аб сумесных дзеяннях. У сакавіку 1920 г. сілы антыпольскага фронту стварылі Беларускі паўстанцкі камітэт. Напрыканцы 1919 – пачатку 1920 гг. БПСР становіцца найбольш масавай беларускай партыяй (да 20 тыс. чалавек). Партызанскі рух у першай палове 1920 г. набыў шырокі размах. Вясной 1920 г. польскія ўлады з-за дыверсій вымушаны былі спыніць ваенныя перавозкі амаль на ўсіх чыгуначных магістралях Беларусі. У сакавіку 1920 г. аднавілася савецка-польская вайна. Бальшавіцкія ўлады перакідваюць на польскі фронт вялікія ваенныя сілы (грамадзянская вайна ў Расіі на той час паступова заціхае). У ліпені 1920 г. Чырвоная Армія пад камандаваннем М. Тухачэўскага ажыццяўляе наступленне на тэрыторыі Беларусі. Да пачатку жніўня яна ўся знаходзілася пад іх кантролем. У сярэдзіне жніўня Чырвоная Армія падышла да Варшавы і Львова. У гэтых умовах Савецкая Расія імкнулася забяспечыць нейтралітэт з боку Літоўскай рэспублікі. 12 ліпеня 1920 года Савецкая Расія і Літва падпісалі дагавор, згодна з якім РСФСР прызнавала незалежнасць Літоўскай рэспублікі з уключэннем у яе склад Віленскай і часткі Гродзенскай губерняў з гарадамі Вільня, Гродна, Ліда, Вілейка, Ашмяны, Смаргонь, Браслаў. Дадзены дагавор азначаў фармальную ліквідацыю ЛітБелССР. У дадзеных умовах бальшавіцкія ўлады вырашылі аднавіць на той частцы былога ЛітБелССР, якая не ўвайшла ў склад Літоўскай рэспублікі, беларускую савецкую дзяржаву. 31 ліпеня 1920 г. у Мінску была прынята Дэкларацыя аб незалежнасці Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Часовая ўлада перадавалася Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту (старшыня – А.Чарвякоў), які павінен быў дзейнічаць да II з’езда Саветаў Беларусі. Была адноўлена самастойная беларуская кампартыя. Аднаўленне БССР акрамя бальшавікоў падтрымалі Бунд і Беларуская камуністычная арганізацыя, якая неўзабаве далучылася да бальшавіцкай партыі. БПСР, якая да ліпеня 1920 г. супрацоўнічала з бальшавікамі, патрабавала стварэння ўрада з прадстаўнікоў усіх сацыялістычных партый, арганізацыі самастойнага беларускага войска і абвяшчэння поўнай незалежнасці Беларусі. Гэта выклікала разрыў саюзу паміж БПСР і бальшавікамі. У снежні 1920 г. адбыўся ІІ Усебеларускі з’езд Саветаў у Мінску. На ім у Канстытуцыю БССР былі ўнесены змяненні, зацверджана структура дзяржаўнай улады: вышэйшая ўлада належала з’езду Саветаў, ЦВК станавіўся распараджальным органам з’езда, выканаўчая ўлада надавалася СНК БССР. Старшынёй ЦВК і СНК БССР стаў А. Чарвякоў. З’езд ратыфікаваў умовы савецка-польскага пагаднення ад перамір’і і надаў ураду Савецкай Расіі права заключаць любыя міжнародныя пагадненні ад імя БССР. У жніўні 1920 г. польскае войска здолела разбіць пад Варшавай Чырвоную армію, перайсці ў контрнаступленне і на працягу жніўня-кастрычніка 1920 г. ізноў заняць заходнюю частку Беларусі. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе паміж Савецкай Расіяй і Польшчай было падпісана перамір’е і пачаліся мірныя перамовы. Абодва бакі былі зацікаўлены ў хутчэйшым спыненні вайны. На гэта ўплывала складаная эканамічная і ваенна-палітычная сітуацыя ў абедзвюх дзяржавах. На тэрыторыі Беларусі, занятай як польскімі, так і савецкімі войскамі, адбываліся частыя хваляванні, дзейнічалі шматлікія паўстанцкія атрады. Пры падтрымцы польскага боку ў лістападзе 1920 г. на тэрыторыю Палесся ўвайшлі атрады (каля 20 тыс.чал.) пад кіраўніцтвам С.Булак-Балаховіча, які абвясціў сябе начальнікам Беларускай дзяржавы. Яны занялі Пінск, Мазыр, Калінкавічы, але ў снежні 1920 г. яны былі разбітыя Чырвонай арміяй. З 27 лістапада па 28 снежня 1920 г. адбылося Слуцкае ўзброенае паўстанне, якое ўзначальвалі прыхільнікі незалежнай БНР. У паўстанні ўдзельнічала каля 4 тыс.чал. Антыбальшавіцкія паўстанні адбыліся таксама у Гомелі, Койданаве, Аршанскім, Бабруйскім, Барысаўскім і Ігуменскіх паветах. Чырвоная армія шырока практыкавала расстрэлы, дэпартацыі ў Сібір. У кастрычніку 1920 г. польскія войскі занялі Вільню і прылеглую да яе тэрыторыю, дзе была абвешчана новая дзяржава – Сярэдняя Літва, кіраўніцтва якой заявіла аб далучэнні да Польшчы. Гэта выклікала палітычны канфлікт Польшчы з Літвой. 18 сакавіка 1921 г. паміж Савецкай Расіяй і Польшчай быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор. Паводле яго заходняя частка Беларусі (Віленская, Гродзенская, частка Мінскай губерняў) адыходзіла да Польшчы; усходняя (Віцебшчына, Магілёўшчына, Гомельшчына) – да Савецкай Расіі. Суверэнітэт БССР прызнаваўся на тэрыторыі 6 паветаў Мінскай губерні з тэрыторыяй 52 тыс. кв.км і насельніцтвам каля 1, 5 млн. чалавек. Такім чынам, у выніку савецка-польскай вайны тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж Польшчай і Расіяй. У той жа час была ўтворана беларуская савецкая дзяржава – БССР. Яна ахоплівала невялікую тэрыторыю ўсходняй Беларусі і знаходзілася ў залежнасці ад Савецкай Расіі. Разам з тым гэтае ўтварэнне стала падмуркам развіцця беларускай дзяржаўнасці ў далейшым. Асноўныя паняцці: Брэсцкі мірны дагавор, Першая Устаўная грамата Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда, Беларуская Народная Рэспубліка, Народны Сакратарыят БНР, Рада БНР, Другая Устаўная грамата БНР, Трэцяя Устаўная грамата БНР, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, аднапартыйная дыктатура бальшавікоў, Расійская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка, Заходняя вобласць (Заходняя камуна), чырвоны тэрор, харчовыя атрады, камбеды, Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, І Усебеларускі з’езд Саветаў, Канстытуцыя БССР 1919 г., Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, “ваенны камунізм”, савецка-польская вайна 1919-1920 гг., Народная рада БНР, Найвышэйшая рада БНР, савецка-літоўскі дагавор 1920 г., Дэкларацыя аб незалежнасці БССР 1920 г., Слуцкае паўстанне, Сярэдняя Літва, Рыжскі мірны дагавор.
Кантрольныя пытанні і заданні: 1. Якім чынам складваліся ваенна-палітычныя падзеі на тэрыторыі Беларусі ў лютым-сакавіку 1918 г.? Падумайце, чаму германскія войскі здолелі ў кароткі тэрмін часу авалодаць значнымі тэрыторыямі? 2. Якія асноўныя палажэнні Брэсцкага мірнага дагавора 1918 г.? Якім чынам, у адпаведнасці з ім, адбывалася тэрытарыяльнае пераўладкаванне беларускіх зямель? 3. Якія палітычныя і эканамічныя мерапрыемствы праводзіліся германскімі ўладамі на занятай імі тэрыторыі Беларусі? 4. Якія дзяржаўна-палітычныя структуры былі ўтвораны дзеячамі беларускага нацыянальнага руху ў лютым-сакавіку 1918 г.? Якія яны ставілі перад сабой мэты? 5. Калі былі прыняты тры ўстаўныя граматы Беларускай Народнай Рэспублікі? Якія змяшчаліся ў іх палажэнні? Дайце іх характарыстыку? 6. Паспрабуйце растлумачыць, чаму лідэры беларускага нацыянальнага руху ў сакавіку 1918 г. пераходзяць ад ідэі дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі да ідэі поўнай дзяржаўнай незалежнасці? 7. Якія расколы адбыліся вясной 1918 г. у Радзе БНР? Чым яны былі выкліканы? Дайце характарыстыку палітычных пазіцый асноўных беларускіх арганізацый вясной – летам 1918 г. 8. Якія фактары перашкаджалі станаўленню беларускай дзяржаўнасці ў форме БНР? 9. Падумайце, якое значэнне мела абвяшчэнне БНР у гістарычным працэсе станаўлення беларускай дзяржаўнасці? 10. Якія змены адбыліся ў палітыцы Савецкай улады на тэрыторыі ўсходняй Беларусі ў 1918 г.? 11. Якія палітычныя падзеі ў Еўропе абумовілі ануляванне Брэсцкага мірнага дагавору і вывад германскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі? 12. Падумайце, чаму напрыканцы 1918 г. бальшавіцкія ўлады змяняюць сваю пазіцыю адносна беларускага нацыянальнага пытання і ініцыіруюць стварэнне беларускай савецкай дзяржавы? 13. Калі была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка? Якія былі створаны ў ёй органы дзяржаўнай улады? 14. Калі адбыўся І Усебеларускі з’езд Саветаў? Вызначце асноўныя спецыфічныя рысы Канстытуцыі БССР 1919 г. 15. Калі функцыянавала ЛітБелССР? Дайце характарыстыку органаў улады гэтай дзяржавы? 16. Падумайце, наколькі самастойнымі ў правядзенні сваёй палітыкі з’ўяляліся органы ўлады ў БССР 1919 г. і ЛітБелССР? Якія фактары перашкаджалі хуткаму фарміраванню беларускай савецкай дзяржаўнасці? 17. Якое значэнне мела абвяшчэнне БССР у 1919 г. і ЛітБелССР у развіцці беларускай дзяржаўнасці? 18. Якія асаблівасці мела сацыяльна-эканамічная палітыка бальшавікоў у канцы 1918 – пачатку 1919 гг.? Растлумачце сутнасць палітыкі “ваеннага камунізму”? 19. Калі пачалася савецка-польская вайна? Якія прычыны яе выклікалі? 20. Дайце характарыстыку асноўных этапаў савецка-польскай вайны. Якое месца ў ваенных падзеях займала тэрыторыя Беларусі? 21. Які характар мела палітыка польскіх улад на занятай імі ў 1919 г. тэрыторыі Беларусі? 22. Ахарактарызуйце адносіны беларускага нацыянальнага руху да польскіх улад у 1919-1920 гг. 23. Падумайце, чаму польскія ўлады дазволілі аднаўленне дзейнасці Рады БНР напрыканцы 1919 г.? Якія гэта мела вынікі? 24. Якія палітычныя сілы займаліся арганізацыяй узброенай барацьбы супраць польскіх улад на тэрыторыі Беларусі ў 1919-1920 гг.? Чым можна патлумачыць палітычны саюз бальшавікоў з беларускімі эсэрамі? 25. Якія падзеі адбываліся на тэрыторыі Беларусі напрыканцы савецка-польскай вайны? Чым было выклікана перамір’е паміж ваюючымі бакамі ў кастрычніку 1920 г.? 26. Калі быў заключаны савецка-літоўскі мірны дагавор? Якія тэрыторыі Беларусі, паводле яго, адышлі да Літвы? 27. Чым было абумоўлена аднаўленне БССР у ліпені 1920 г.? У якіх тэрытарыяльных межах утваралася гэтая дзяржава? 28. Растлумачце, чаму новае абвяшчэнне БССР выклікала канец саюзу і пачатак канфрантацыі паміж бальшавікамі і БПСР? 29. Калі быў заключаны Рыжскі мірны дагавор? Якім чынам, згодна з ім, была падзелена тэрыторыя Беларусі? 30. Падумайце, якія вынікі меў Рыжскі мірны дагавор у кантэксце развіцця беларускай нацыі і беларускай дзяржаўнасці?
Тэмы дакладаў і рэфератаў: 1. Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі ва ўмовах германскай акупацыі 1918 г. 2. Дзейнасць Рады і ўрадаў БНР у 1918-1925 гг. 3. ЛітБелССР: гісторыя ўтварэння, функцыянаванне органаў улады, іх палітыка і асноўныя вынікі. 4. Палітыка “ваеннага камунізму”: сутнасць, асноўныя накірункі. 5. Беларускі нацыянальны рух ва ўмовах польскай акупацыі 1919-1920 гг. 6. Антыпольскі партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі ў 1919-1920 гг. 7. Слуцкае паўстанне: перадумовы, ход, вынікі. 8. Рыжскі мірны дагавор: гісторыя заключэння, асноўныя вынікі.
|