Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Беларусь у Першай сусветнай вайне.
На пачатку 20 ст. у свеце склалася складаная геапалітычная сітуацыя. Яна характарызавалася супрацьстаяннем буйнейшых дзяржаў таго часу ў барацьбе сусветныя рынкі збыту прадукцыі і капіталу, за калоніі. Барацьба фактычна адбывалася за перадзел свету. Яе вынікам стала Першая сусветная вайна 1914-1918 гг. У гэтай вайне прымалі ўдзел 33 краіны. У ёй адно аднаму супрацьстаялі краіны ваенна-палітычнага блоку Антанты (Расія, Англія, Францыя) і іх саюзнікі (Італія, Румынія, Сербія, Бельгія, Грэцыя, з 1917 г. ЗША і інш.), з аднаго боку, і краіны т.зв. Чацвярнога саюзу (Германія, Аўстра-Венгрыя, Балгарыя, Турцыя), з другога. Зачэпкай для пачатку вайны паслужыла забойства паўднёваславянскімі тэратыстамі аўстрыйскага эрцгерцага Франца Фердынанда, пасля чаго 28 ліпеня 1914 г. Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну Сербіі. 1-4 жніўня 1914 г. краіны Антанты, з аднаго боку, і Германія і Аўстра-Венгрыя, з другога, абвясцілі адно аднаму вайну. Пачаліся баявыя дзеянні. Да сярэдзіны 1915 г. баявыя дзеянні паміж рускімі і германскімі войскамі адбываліся на тэрыторыі Польшчы і Усходняй Прусіі. Летам 1915 г. тэатрам баявых дзеянняў становіцца тэрыторыя Беларусі. Германскае войска арганізавала летам – восенню 1915 г. наступленне, у выніку якога заняла тэрыторыі Польшчы, Літвы, Курляндыі і заходняй часткі Беларусі (Гродзенская і большая частка Віленскай губерняў). Да кастрычніка 1915 г. расійска-германскі фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск-Паставы-Баранавічы-Пінск. Дадзеная лінія фронту заставалася нязменнай да пачатку 1918 г. У 1916 г. камандаванне расійскай арміі ажыццявіла дзве наступальныя аперацыі (Нарачанскую і Баранавіцкую), імкнучыся адсунуць лінію фронту на захад, аднак, беспаспяхова. З пачаткам вайны, 5 жніўня 1914 г., на тэрыторыі беларускіх губерняў уводзілася ваеннае становішча: забараняліся забастоўкі, а таксама вулічныя шэсці і маніфестацыі, акрамя афіцыйна арганізаваных. Царскі ўрад пры дапамозе афіцыйнага друку і праваслаўнага духавенства праводзіў шырокую шавіністычныю прапаганду. У Беларусі, як і ў іншых рэгіёнах імперыі, пракацілася хваля патрыятычных маніфестацый, малебнаў, сходаў. Царскі ўрад у вайне падтрымалі на пачатку не толькі праўрадавыя групоўкі, але таксама ліберальныя і некаторыя левыя партыі і арганізацыі. З сярэдзіны 1915 г. землі Беларусі былі падзелены лініяй фронту; розныя яе часткі знаходзіліся пад кантролем расійскіх і германскіх улад. Абодва ваюючыя бакі разглядалі тэрыторыі Беларусі як крыніцу для забеспячэння патрэб фронту. Разам з тым у правядзенні палітыкі расійскай і германскай адміністрацыі ва ўмовах вайны існавала некаторая спецыфіка. Цэнтральная і ўсходняя частка Беларусі. У якасці прыфрантавой тэрыторыі цэнтральная і ўсходняя Беларусь стала месцам канцэнтрацыі расійскіх войскаў: у 1915-1917 гг. тут знаходзілася каля 1, 5 млн. расійскіх салдат. Беларусь была месцам размяшчэння Стаўкі Галоўнага Вярхоўнага камандавання Расіі: да лета 1915 г. яна знаходзілася ў Баранавічах, потым была пераведзена ў Магілёў. З беларускіх губерняў у царскае войска было мабілізавана каля 50% мужчын ва ўзросце 18-50 год. Эканоміка краю перабудоўвалася на патрэбы фронту. Для кіравання эканамічнай дзейнасцю (размеркаванне сыравіны, паліва, транспарту, рабочай сілы, заказаў і г.д.) дзяржава стварала спецыяльныя ваенна-прамысловыя камітэты. На пачатак 1917 г. каля 2/3 буйных прамысловых прадпрыемстваў Беларусі былі пераарыентаваны на ваенны лад. Адбывалася будаўніцтва новых спецыялізаваных ваенных прадпрыемстваў. У сувязі з патрэбамі фронту праводзілася будаўніцтва новых і рэканструкцыя старых чыгунак. Для выкарыстання рэсурсаў сельскай гаспадаркі ў ваенных мэтах ствараліся спецыяльныя цывільныя і ваенныя камісіі для правядзення рэквізіцый збожжа, мукі, фуражу, коней, буйной рагатай жывёлы. Насельніцтва прыфрантавых тэрыторый у масавым парадку прыцягвалася да прымусовых работ па ўмацаванні баявых пазіцый. Істотным фактарам сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Беларусі становіцца бежанства, нярэдка прымусовае, з тэрыторый, занятых германскімі войскамі (агульная колькасць бежанцаў дасягнула 1, 3 2 млн. чалавек). У выніку гарады цэнтральнай і ўсходняй Беларусі былі перапоўнены бежанцамі, якія знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Гэта выклікала праблемы з харчовым забеспячэннем гарадскога насельніцтва, эпідэміі. Многія бежанцы накіроўваліся ўглыб Расійскай імперыі. У выніку масавых мабілізацый у войска і на прымусовыя работы, бежанства, збяднення значнай часткі сельскага насельніцтва адбыліся істотныя змены ў сацыяльнай структуры грамадства: павялічваецца колькасць маргінальных слаёў грамадства, якія ўключалі ў сябе людзей, якія былі выкінуты са звыклага сацыяльнага асяроддзя, не мелі сталай працы, падрымлівалі існаванне за кошт часовых заробкаў. У 1916 г. эканоміка беларускіх зямель, як і ў цэлым Расійскай імперыі, апынулася ў стане крызісу. Яго прычынамі з’яўляліся: - масавыя мабілізацыі і выкарыстанне на прымусовых работах насельніцтва, значныя рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі; - дэфіцыт тавараў масавага спажывання, выкліканы пераарыентацыяй большасці прамысловых прадпрыемстваў на выпуск прадукцыі для патрэб фронту; - разрыў эканамічных сувязяў з Германіяй; - неэфектыўнае кіраванне эканомікай з боку дзяржаўных органаў. Прыкметамі крызісу сталі: - скарачэнне пасяўных плошчаў у сельскай гаспадарчы на 1/3, пагалоўя жывёлы – на 11%; пераход значнай часткі сялян да натуральнай гаспадаркі; - скарачэнне аб’ёмаў прамысловай прадукцыі, ліквідацыя многіх прадпрыемстваў (за 1913-1917 гг. колькасць прадпрыемстваў буйной прамысловасці ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі зменшылася з 822 да 297); - інфляцыя, рост цэн на прадукты харчавання і прамысловыя тавары ў 2-7 разоў, распаўсюджанне спекуляцыі; - падзенне рэальнай заработнай платы і пагаршэнне матэрыяльнага становішча рабочых. Ва ўмовах эканамічнага крызісу адбываецца рост незадаволенасці грамадства палітыкай царызму. Хутка развіваюцца антываенныя настроі як сярод грамадзянскага насельніцтва, так і ў войску. Масавы характар набывае дэзерцірства з арміі; вайсковыя злучэнні адмаўляюцца ісці ў наступленне, расійскія і нямецкія салдаты братаюцца. У кастрычніку 1916 г. успыхнула паўстанне салдат на размеркавальным пункце ў Гомелі. У асноўных прамысловых цэнтрах Расійскай імперыі ў 1915-1916 гг. рэзка ўзмацняецца рабочы рух; актывізуецца дзейнасць рэвалюцыйных і ліберальных партый і арганізацый. У Дзяржаўнай думе большасць дэпутатаў пераходзіць у апазіцыю да царскага ўрада, у тым ліку памяркоўная частка прадстаўнікоў правых партый. Аднак на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах прыфрантавой зоны, перанасычанай войскамі, органамі палітычнай бяспекі і ваеннай контрвыведкі, прыкмет рабочага і антыўрадавага руху амаль не назіралася. Падчас вайны назіраецца некаторае ажыўленне беларускага нацыянальнага руху. Пасля акупацыі германскімі войскамі Вільні і закрыцця газеты “Наша ніва” яго цэнтрамі становяцца беларускія таварыствы дапамогі пацярпелым ад вайны ў Мінску, а таксама некаторых расійскіх гарадах, дзейнасць якіх, аднак, абмяжоўвалася выключна гуманітарнай сферай. З восені 1916 г. да пачатку 1917 г. у Петраградзе выдаваліся штотыднёвыя беларускамоўныя газеты – “ Дзянніца ” і “ Светач ”. Заходняя частка Беларусі. Занятая нямецкімі войскамі тэрыторыя Беларусі разам з землямі Літвы і Курляндыі была ўключана ў склад акругі Обер-Ост. У 1915-1917 гг. тут знаходзілася каля 1 млн. нямецкіх салдат. Прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы былі абкладзены высокімі падаткамі; у сельскай гаспадарцы шырока практыкаваліся рэквізіцыі, выкарыстанне насельніцтва на прымусовых работах на ваенных збудаваннях. У хуткім часе эканоміка краю апынулася ў крызісным стане. Таксама як і ўсходняя Беларусь, занятыя нямецкімі войскамі тэрыторыі знаходзіліся на ваенным становішчы. Усялякая палітычная дзейнасць, забастоўкі, дэманстрацыі, мітынгі і сходы забараняліся. Права на функцыянаванне атрымалі толькі грамадскія камітэты дапамогі ахвярам вайны. Яны былі ўпаўнаважаны выказваць уладам прапановы ў сацыяльнай, асветніцкай і культурнай сферы. Для стварэння сацыяльнай апоры ў краі і аслаблення ў ім расійскага і польскага ўплыву германскія ўлады абвясцілі раўнапраўе ўсіх нацый на занятых тэрыторыях: дазваляліся культурная дзейнасць, навучанне і выданне газет на роднай мове. Гэта прывяло да ажыўлення беларускага нацыянальна-культурнага руху, цэнтрам якога стала Вільня, дзе знаходзіліся многія былыя дзеячы БСГ і “Нашай нівы”. У 1915-1917 гг. узнікае шэраг беларускіх грамадскіх арганізацый; з снежня 1916 г. выходзіла газета “ Гоман ”. Была створана сетка школ з беларускай мовай навучання (да вясны 1918 г. іх налічвалася 79); з кастрычніка 1916 г. дзейнічала беларуская настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы. Нягледзячы на абмежаванні з боку германскіх улад, дзеячы беларускага нацыянальнага руху ставілі ў сваёй дзейнасці і палітычныя задачы. Утвораны на аснове камітэта дапамогі ахвярам вайны Беларускі народны камітэт (кіраўнікі: І. і А. Луцкевічы) сумесна з адпаведнымі польскімі, літоўскімі і яўрэйскімі арганізацыямі выступіў з ініцыятывай аднаўлення Вялікага княства Літоўскага ў форме дэмакратычнай рэспублікі з соймам у Вільні. Дадзеныя арганізацыі ў снежні 1915 г. утварылі Канфедэрацыю Вялікага княства Літоўскага. Аднак рознагалоссі паміж яе ўдзельнікамі і адсутнасць падтрымкі з боку германскіх улад абумовілі хуткі распад канфедэрацыі. У межах літоўскага нацыянальнага руху фарміруецца ідэя незалежнай літоўскай дзяржавы з цэнтрам у Вільні, якая б уключала ў сябе некаторыя землі заходняй Беларусі. Дзеячы полькага нацыянальнага руху таксама разглядалі землі Віленскай і Гродзенскай губерняў як частку тэрыторыі будучай польскай дзяржавы. У той жа час дзеячы беларускага нацыянальнага руху рабілі некаторыя захады, накіраваныя на стварэнне беларускай дзяржаўнасці. У красавіку і чэрвені 1916 г. прадстаўнікі Беларускага народнага камітэта ўдзельнічалі ў канферэнцыях народаў Расіі, якія праходзілі ў Стакгольме і Лазане, дзе ставілі пытанне аб сваёй будучай палітычнай самастойнасці і выказалі рашучае жаданне пазбавіцца ад прыгнёту расійскіх улад. У 1916 г. узнікае групоўка “ Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі ” на чале з Вацлавам Ластоўскім. Яна адмаўлялася ад усялякіх саюзаў з літоўскім і польскім нацыянальным рухамі і выступала за поўную дзяржаўную незалежнасць Беларусі ў яе этнаграфічных межах. Такім чынам, Першая сусветная вайна прывяла да вялікіх людскіх (загінула каля 1, 2 млн. чалавек) і матэрыяльных страт на тэрыторыі Беларусі, істотнага пагаршэння жыццёвага ўзроўню народа. З сярэдзіны 1915 г. беларускія землі аказаліся падзеленымі паводле лініі фронту паміж двума ваюючымі бакамі, якія эксплуатавалі рэсурсы краю ў сваіх інтарэсах.
|