Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Эканамічнае развіццё Беларусі на пачатку 20 ст. Сталыпінская агарарная рэформа.






У эканоміцы Беларусі на пачатку 20 ст. па-ранейшаму галоўнай сферай заставалася сельская гаспадарка. Аграрная праблема была ў ліку найбольш вострых як у Беларусі, так і ў цэлым у Расійскай імперыі, пра што сведчыў моцны выбух сялянскага руху падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. Усё гэта абумовіла правядзенне царскім урадам аграрнай рэформы, накіраванай на паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы, павышэнне яе прадукцыйнасці і прыбытковасці, а таксама стварэнне ў вёсцы новай апоры царызму – сацыяльнага класа сельскай буржуазіі з ліку прадпрымальных заможных сялян. Указ аб правядзенні рэформы быў выдадзены 9 лістапада 1906 г. Паколькі яе галоўным ініцыятарам з’яўляўся кіраўнік царскага ўрада П.А. Сталыпін, яна атрымала назву сталыпінскай. Рэформа ўключала ў сябе наступныя накірункі:

- замацаванне за сялянамі права на выхад з абшчыны і пераход зямельных надзелаў, якія імі апрацоўваліся ў прыватную ўласнасць;

- наданне сялянам права аб’ядноўваць надзелы, якія імі апрацоўваліся ва ўмовах цераспалосіцы, у адзіным комплексе (водруб), або ўвогуле высяляцца з вёскі і фарміраваць асобную сядзібу з прылеглымі да яе сельскагаспадарчымі ўгоддзямі (хутар);

- арганізацыя мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё агратэхнікі, меліярацыі, распаўсюджанне сельскагаспадарчых машын і абсталявання, падрыхтоўку аграномаў, заатэхнікаў, ветэрынараў, захвочванне развіцця сельскагаспадарчай кааперацыі;

- матэрыяльная падтрымка заможнага сялянства ў набыцці зямлі, сельскагаспадарчых машын, увядзенні перадавых форм гаспадарання, у першую чаргу шляхам выдачы крэдытаў праз Сялянскі пазямельны банк;

- арганізацыя перасялення сялян на свабодныя землі Сібіры, Цэнтральнай Азіі і Далёкага Усходу з мэтай змяншэння сялянскага малазямелля ў еўрапейскай частцы імперыі;

- адмена для сялян абмежаванняў на свабодны выбар пастаяннага месца жыхарства, паступленне ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Спецыфіка сітуацыі ў Беларусі складалася ў тым, што ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях абшчына на той час ужо не існавала, таму праблема фарміравання сялянскай прыватнай зямельнай уласнасці тут была неактуальнай. Рэформа праводзілася пераважна на тэрыторыі Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Блізкасць гэтых губерняў да тэрыторый з падворным землекарыстаннем, а таксама адносна высокі ўзровень развіцця рыначных адносін у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі абумовілі тут высокія тэмпы правядзення рэформы.

Правядзенне рэформы ажыццяўлялася губернскімі і павятовымі землеўпарадкавальнымі камісіямі. У некаторых месцах разбурэнне абшчыны адбывалася з дапамогай прымусовых сродкаў, што выклікала незадаволенасць сялянства. У цэлым у выхадзе з абшчыны былі зацікаўлены ў першую чаргу заможныя і бяднейшыя сяляне. Першыя – для таго, каб стварыць умовы для больш эфектыўнага вядзення гаспадаркі, павелічэння яе даходнасці і рыначнай скіраванасці; другія – для таго, каб атрымаць магчымасць продажу сваіх невялікіх надзелаў і знайсці больш выгадныя для сябе ўмовы продажу рабочай сілы (у прамысловасці, гандлі і г.д.). Сярэдняе сялянства было пераважна непрыхільна настроена ў адносінах да рэформы і выступала за захаванне абшчыны.

Ажыццяўленне рэформы прыходзілася на 1906-1916 гг. За гэты перыяд яна прынесла наступныя вынікі:

1) Да 1915 г. 48% сялян Магілёўскай і Віцебскай губерняў пакінулі абшчыну і замацавалі свае зямельныя надзелы ў прыватную ўласнасць (для параўнання: у Расійскай імперыі ў цэлым – 22%).

2) Да 1916 г. на хутары ў беларускіх губернях перасялілася 12% сялян (у Расійскай імперыі ў цэлым – 10%).

3) На працягу 1906-1916 гг. актыўна праходзіў працэс продажу часткі памешчыцкіх зямель ва ўласнасць заможным сялянам, купцам і мяшчанам. У выніку ўдзельная вага памешчыцкага землеўладання скарацілася да 47% агульнай зямельнай плошчы.

4) Да 1914 г. з беларускіх губерняў у Сібір і Цэнтральную Азію перасялілася каля 350 тыс. чалавек (з іх вярнулася каля 10%); паскорыўся працэс перасялення сялян у гарады Расійскай імперыі, а таксама ў краіны Заходняй Еўропы і Амерыкі (за 1903-1913 гг. з беларускіх зямель за мяжу эмігравала каля 1, 5 млн. чалавек, з якіх вярнулася на радзіму каля 600 тыс.).

5) Умацаванне капіталістычнай сістэмы гаспадарання ў памешчыцкіх зяельных уладаннях; узрастанне колькасці наёмных сельскагаспадарчых рабочых (да 1914 г. у сельскай гаспадарцы на аснове капіталістычнага найму працавала каля 200 тыс. рабочых).

6) Узмацненне сацыяльнага расслаення сярод сялянства. На пачатак Першай сусветнай вайны незаможнае сялянства складала каля 68% двароў, сярэдняе – 20%, заможнае – 12%.

7) Паскарэнне тэхнічнай мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі, паляпшэнне агратэхнікі, развіццё сельскагаспадарчай кааперацыі, значнае павелічэнне колькасці сельскагаспадарчых спецыялістаў.

8) Агульны рост пасяўных плошчаў, аб’ёмаў вытворчасці і ўзроўню ўраджайнасці ў сельскай гаспадарцы.

9) Развіццё таварна-грашовых рыначных сувязяў у сельскай гаспадарцы; павялічваецца інтэграванасць сельскай гаспадаркі Беларусі ў сістэму усерасійскага рынку, адбываецца значны рост сельскагаспадарчага экспарту. Умацоўваецца спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі на такіх галінах як бульбаводства, ільноводства, мяса-малочная жывёлагадоўля.

У цэлым сталыпінская аграрная рэформа была не завершана і перарвана ў сувязі з Першай сусветнай вайной. Праведзеныя ў яе межах мерапрыемствы садзейнічалі развіццю рыначных капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы, паскарэнню яе тэхнічнай мадэрнізацыі. Аднак дадзеныя працэсы не маглі карэнным чынам паскорыць мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі, галоўнымі прычынамі чаго з’яўляліся захаванне буйнога памешчыцкага землеўладаня і сялянскае малазямелле. Таму рэформа толькі часткова зменшыла вастрыню аграрнай праблемы.

У прамысловасці Беларусі пасля працяглай эканамічнай дэпрэсіі 1904-1908 гг. адбываецца прамысловы ўздым 1909-1914 г. Сярэднегадовыя тэмпы росту прамысловай прадукцыі складалі 13, 9%. Яго асноўнымі прычынамі з’яўляліся:

- сусветныя эканамічныя працэсы, звязаныя з выхадам сусветнай эканомікі з дэпрэсіі і пачаткам яе росту, што выклікала агульнае павелічэнне попыту на прамысловую прадукцыю;

- пашырэнне ўнутранага рынку, што было звязана з больш хуткім ў параўнанні з папярэднімі часамі ўцягваннем сельскай гаспадаркі ў таварна-грашовыя рыначныя адносіны ва ўмовах сталыпінскай аграрнай рэформы, што стымулявала развіццё прамысловасці;

- падрыхтоўка царызму да буйной вайны, што садзейнічала росту капіталаўкладанняў і заказаў у прамысловасці.

Прамысловы ўздым выклікаў наступныя працэсы ў прамысловасці Беларусі:

1) Канцэнтрацыя вытворчасці: Адбываецца паскораны рост буйной фабрычна-заводскай прамысловасці. За перыяд 1900-1913 гг удзельная вага вырабленай на буйных прадпремствах прадукцыі ўзрасла з 33% да 46, 5%. Сярод буйнейшых прадпрыемстваў, што ўзніклі ў пачатку 20 ст., можна назваць мінскую шпалерную фабрыку, абутковую фабрыку “Арол” у Мінску, шклозавод “Неман” у Лідскім павеце. Дынаміка суадносін буйной, дробнай і рамесна-саматужнай прамысловасці адлюстравана ў наступнай табліцы.

 

Прамысловыя прадпрыемствы Колькасць прадпрыемстваў Колькасць рабочых, тыс. чал. Валавая прадукцыя, млн. руб.
    1913, % да 1900     1913, % да 1900     1913, % да 1900
Буйная 799 (0, 9%) 1282 (1, 3%) 161, 2 31, 1 (17, 7%) 54, 9 (22, 9%) 176, 5 38, 4 (33, 0%) 88, 3 (46, 5%) 229, 6
Дробная 7297 (8, 6%) 7778 (7, 8%) 106, 6 14, 8 (8, 5%) 16, 0 (6, 7%) 108, 1 10, 7 (9, 2%) 11, 7 (6, 2%) 110, 0
Рамесна-саматужная 77050 (90, 5%) 90763 (90, 9%) 117, 8 129, 2 (73, 8%) 168, 8 (70, 4%) 130, 6 67, 3 (57, 8%) 89, 8 (47, 3%) 163, 1
Усяго     117, 2 175, 1 239, 7 136, 9 119, 4 189, 8 163, 1

 

2) Канцэнтрацыя капіталу: Адбываецца працэс стварэння новых прадпрыемстваў у выніку злучэння капіталаў розных уладальнікаў шляхам стварэння акцыянерных таварыстваў. У 1914 г. у Беларусі дзейнічалі 34 акцыянерныя прадпрыемствы, палова з якіх узнікла ў перыяд 1908-1914 гг. З 1900 да 1913 г. аб’ём вытворчасці на акцыянерных прадпрыемствах Беларусі павялічыўся ў 5, 2 разы. Адначасова з’яўляюцца манапалістычныя аб’яднанні – аб’яднанні некалькіх прадпрыемстваў пэўнай галіны вытворчасці для дасягнення кантролю над рынкамі сыравіны, збыту і цэнамі на прадукцыю. У Беларусі найбольш хутка працэсы манапалізацыі праходзілі ў лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці. Да ліку буйнейшых манаполій належалі Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю, Саюз лесапрамыслоўцаў Паўночна-Заходняга краю і інш. Некаторыя з іх уваходзілі ва ўсерасійскія манапалістычныя групы.

3) Рост замежных інвестыцый: Замежны капітал (нямецкі, аўстрыйскі, французскі, бельгійскі, амерыканскі) стаў актыўна пранікаць у прамысловасць Беларусі, асабліва ў лесараспрацоўку. У 1913 г. яго ўдзельная вага ў валавой прадукцыі буйной прамысловасці складала 6, 7%.

4) Узмацненне ролі ў прамысловай вытворчасці банкаўскага капіталу: Да 1914 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі аддзяленні Дзяржаўнага і 18 камерцыйных банкаў, з якіх найбольш буйнымі былі ддзяленні Руска-Азіяцкага, Азова-Данскога, Руска-Французскага, злучанага, Віленскага камерцыйнага банкаў. Праз прыватныя банкірскія канторы, што выступалі ў ролі пасярэднікаў, ажыццяўляліся інвестыцыі банкаў у прамысловасць. Аб’ём банкаўскіх інвестыцый у эканоміку за 1902-1914 гг. узрос у 5, 2 разы.

5) Рост рабочага класа ў прамысловасці (239, 7 тыс. чалавек на 1913 г.); павелічэнне сярод яго долі кваліфікаваных рабочых; некаторае паляпшэнне матэрыяльнага становішча рабочых.

У структуры прамысловасці Беларусі найбольш хутка развіваліся і мелі перавагу галіны, заснаваныя на перапрацоўцы мясцовай сыравіны: харчовая, дрэваапрацоўчая, шкляная, тэкстыльная, гарбарна-абутковая.

У цэлым, нягледзячы на рост канцэнтрацыі вытворчасці і капіталу, у прамысловасці Беларусі пераважала дробная і рамесна-саматужная вытворчасць, якая давала 53, 5% усёй прамысловай прадукцыі (для параўнання: у Расійскай імперыі ў цэлым – 31, 4%). У 1913 г. у Беларусі на душу насельніцтва прыпадала амаль у 2 разы менш прамысловай прадукцыі, чым у Расійскай імперыі. У структуры нацыянальнага даходу Беларусі на 1913 г. доля прамысловасці складала толькі 20, 4%.

Развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі Беларусі абумовіла пашырэнне транспартнай сістэмы. Працягвалася чыгуначнае будаўніцтва. Самай вялікай чыгуначнай лініяй, пабудаванай на пачатку 20 ст., з’яўлялася лінія Балагое-Полацк-Маладзечна-Седлецк.

У гандлі Беларусі хутка павялічвалася роля аптовага і рознічнага таваразвароту, які выцясняў кірмашы і базары. Ішоў працэс канцэнтрацыі гандлёвага капіталу: у 1913 г. у Беларусі налічвалася 220 гандлёвых дамоў і акцыянерных таварыстваў. Узрастала значэнне банкаў у правядзенні гандлёвых аперацый. Пашыраліся знешнегандлёвыя сувязі: асноўнымі прадметамі экспарту выступалі лес, лён, мяса-малочная прадукцыя; імпарту – прадукты прамысловай вытворчасці.

Развіццё прамысловасці і гандлю абумовіла далейшы рост гарадоў. На пачатку 20 ст. у якасці буйнейшых гандлёва-прамысловых цэнтраў Беларусі вылучаліся Мінск і Віцебск. Аднак працэнт гарадскога насельніцтва за перыяд 1900-1913 г. вырас нязначна – з 14% да 16%.

Такім чынам, на пачатку 20 ст. у эканоміцы беларускіх зямель назіраецца паскарэнне развіцця рыначных капіталістычных адносін; адбываецца канцэнтрацыя вытворчасці і капіталу. Істотны штуршок гэтаму дала сталыпінская аграрная рэформа. Аднак у цэлым Беларусь заставалася аграным краем. У сельскай гаспадарцы працягвалі захоўвацца элементы натуральнай гаспадаркі, пражыткі феадалізму, што стрымлівала працэс мадэрнізацыі. У прамысловасці пераважала дробная вытворчасць, заснаваная на перапрацоўцы мясцовай сыравіны. Па ўзроўні эканамічнага развіцця Беларусь адставала як ад развітых краін Еўропы, так і найбольш перадавых эканамічных рэгіёнаў Расійскай імперыі.

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.01 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал