Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Развіццё прамысловасці.






Індустрыяльнае будаўніцтва ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. адбывалася шпаркімі тэмпамі. За гэты перыяд было ўведзена ў строй 460 новых прамысловых прадпрыемстваў. На 1986 г. у БССР налічвалася 1490 прамысловых прадпрыемстваў. Агульны аб’ём прадукцыі беларускай прамысловасці ў 1985 г. перавысіў узровень 1940 г. у 38 разоў.

Карэнным чынам змянілася структура прамысловасці БССР. Асноўнымі яе галінамі сталі наступныя:

- хімічная прамысловасць, вытворчасць мінеральных угнаенняў і хімічных валокнаў; буйнейшымі прадпрыемствамі дадзенай галіны сталі калійныя камбінаты вытворчага аб’яднання “Беларуськалій” у Салігорску, азотна-тукавы завод “Азот” у Гродне, Магілёўскі камбінат “Хімвалакно”, Наваполацкі завод “Палімір”, Гомельскі хімічны завод, Светлагорскі завод штучнага валакна, Бабруйскі шынны завод, Пiнскі завод штучнай скуры, Лідскі лакафарбавы завод і інш.;

- нафтахімічная прамысловасць; буйнейшымі прадпрыемствамі дадзенай галіны сталі Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя заводы; у 1964 г. пачалася здабыча нафты ў раёне Рэчыцы;

- машынабудаўнічая і металаапрацоўчая прамысловасць; буйнейшымі прадпрыемствамі дадзенай галіны з’яўляліся Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі мотавелазавод, Мінскі падшыпнікавы завод, Мінскі завод аўтаматычыных ліній, Мінскі маторны завод, Беларускі аўтамабільны завод у Жодзіне, Беларускі металургічны завод у Жлобіне, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання “Гомсельмаш”;

- электратэхнічная прамысловасць; буйнейшымі прадпрыемствамі сталі завод “Вымяральнік” у Наваполацку, Мінскі завод тэлевізараў “Гарызонт”, электралямпавы завод у Брэсце.

Таксама развіваліся і іншыя галіны прамысловасці: лёгкая, дрэваапрацоўчая, будаўнічых матэрыялаў, гадзіннікавая, харчовая, гарбарная і інш. У той жа час назіраліся дыспрапорцыі ў развіцці галін цяжкай прамысловасці і галін, якія забяспечвалі вытворчасць тавараў масавага спажывання. Так, за 1970-1985 гг. вытворчасць прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўчай прамысловасці ўзрасла ў 5, 4 раза, у той час як лёгкай – у 2, 1 раза, галін па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны – 1, 9 раза.

Захоўваўся пастаянны штогадовы рост аб’ёмаў прамысловай прадукцыі. У другой палове 1950-х – першай палове 1970-х гг. тэмпы росту вытворчасці складалі каля 10-12% штогод. Толькі з сярэдзіны 1970-х гг. назіраецца паступовае зніжэнне тэмпаў росту аб’ёмаў вытворчасці (у першай палове 1980-х гг. яны склалі 5, 4% у год). Характэрна, што тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці і прадукцыйнасці працы ў БССР былі вышэйшымі, чым у цэлым у СССР.

У другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. значна ўзмацнілася паліўна-энергетычная база прамысловасці БССР. Пабудаваны новыя магутныя электрастанцыі: Васілевіцкая ДРЭС, Лукомская ДРЭС, Бярозаўская ДРЭС і інш. У паліўным балансе прамысловай вытворчасці значна ўзрасла доля найбольш эканамічных відаў паліва – нафты і газа.

У разглядаемы перыяд склалася спецыялізацыя БССР у сістэме агульнасаюзнага падзелу працы. Так, на 1976 г. удзельная вага БССР у агульнасаюзнай вытворчасці мінеральных угнаенняў складала 12, 4%, у тым ліку калійных – 42, 8%, хімічных валокнаў – 15, 7%, трактароў – 15, 4%, металарэзных станкоў – 14, 1%, падшыпнікаў – 13, 9%, гадзіннікаў – 12, 6%, ільняных тканін – 10, 7%, матацыклаў – 22, 3%, тэлевізараў – 7, 6%, грузавых аўтамабіляў – 5, 2%. За прамысловасцю БССР канчаткова замацаваўся статус “зборачнага цэха” савецкай індустрыі.

Спецыялізацыя прамысловасці БССР абумовіла інтэнсіфікацыю вытворчых сувязяў беларускіх прадпрыемстваў у межах СССР. У працэсе ўнутрысаюзнага пераразмеркавання БССР атрымлівала з Расіі, Украіны і іншых рэспублік СССР розныя віды машын, дэталей і вузлоў, прамысловае абсталяванне, сталь, чугун, каштоўныя металы, бавоўну і г.д. Асабліва вялікай была залежнасць ад паставак энерганосьбітаў – нафты, газу, вугалю.

Адбываўся рост і знешнеэканамічных сувязяў беларускіх прадпрыемстваў. Калі ў 1956 г. падобныя сувязі мелі звыш 100 прамысловых прадпрыемстваў, то ў 1985 г. – каля 300. Удзельная вага БССР у агульнасаюзным экспарце прамысловай прадукцыі складала каля 2-2, 3%. На экспарт накіроўваліся перш за ўсё трактары, грузавыя аўтамабілі, камбайны, калійныя ўгнаенні, тавары масавага ўжытку. Імпартавалася галоўным чынам прамысловае абсталяванне. Асноўнымі знешнегандлёвымі партнёрамі выступалі краіны т.зв. “ сацыялістычнага лагеру ” (Польшча, ГДР, Чэхаславакія, Венгрыя, Румынія, Балгарыя). Аднак у цэлым знешнеэканамічная дзейнасць прамысловых прадпрыемстваў БССР развівалася даволі павольна. Гэта было абумоўлена тым, што дадзеная дзейнасць ажыццяўлялася і рэгламентавалася адпаведнымі саюзнымі ведамствамі, самі прадпрыемствы атрымлівалі нязначныя адлічэнні ад знешнегандлёвых аперацый.

Развіццё прамысловасці і вытворчых сувязяў стымулявала таксама развіццё транспарту. Галоўнымі відамі транспарту заставаліся чыгуначны, аўтамабільны, водны і паветраны. Адбывалася тэхнічнае ўдасканаленне чыгуначнага транспарту: электрыфікацыя асноўнай чыгуначнай лініі Брэст – Масква і некаторых іншых участкаў, замена паравозаў цеплавозамі і электравозамі. Аб’ём чыгуначных перавозак за 1960-1985 гг. узрос амаль у 3 разы, пасажырскіх – у 4 разы. Імкліва развіваўся аўтамабільны транспарт: за перыяд 1960-1985 гг. агульны аб’ём перавозак узрос у 6 разоў. Істотна пашырыліся перавозкі пасажыраў аўтобусамі агульнага карыстання. На ўнутрыгарадскіх перавозках выкарыстоўваліся трамваі. З 1960 г. у Мінску, а затым і ў шэрагу іншых гарадоў з’явіліся тралейбусы; з 1984 г. у Мінску пачало дзейнічаць метро. Паступова пашыраліся перавозкі пасажыраў і грузаў паветраным транспартам; авіяцыя выкарыстоўвалася ў авіяхімічных работах у сельскай і лясной гаспадарцы.

З 1960 г. у БССР з’яўляецца новы від транспарту – трубаправодны. Будуецца сетка газа- і нафтапровадаў, якія забяспечваюць адпаведнымі відамі паліва гарады і прадпрыемствы Беларусі, пастаўляюць сыравіну для нафтахімічных прадпрыемстваў, звязваюць радовішчы энерганосьбітаў СССР з краінамі Еўропы (“Дружба” і інш.).

У той жа час у найбольш эканамічна развітых краінах свету з сярэдзіны 20 ст. хутка развіваецца навукова-тэхнічная рэвалюцыя, г.зн. карэнная, якасная перабудова вытворчых сіл на аснове ператварэння навукі ў вядучы фактар развіцця вытворчасці. У развіцці навукова-тэхнічнай рэвалюцыі можна вылучыць некалькі напрамкаў:

- комплексная аўтаматызацыя вытворчасці, а таксама кантролю і кіравання ёю;

- адкрыццё і выкарыстанне новых відаў энергіі;

- стварэнне і прымяненне новых матэрыялаў з загадзя вызначанымі ўласцівасцямі;

- стварэнне і развіццё інфармацыйных тэхналогій (з 1980-х гг. гэты напрамак становіцца вядучым).

Спецыфікай навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў БССР, як і ў цэлым у СССР, з’яўлялася тое, што яна пачалася тады, калі яшчэ працягвалася індустрыялізацыя і толькі сфарміравалася індустрыяльнае грамадства. У гэтым умовах ажыцяўляюцца крокі, накіраваныя на комплексную механізацыю і аўтаматызацыю прамысловай вытворчасці. Да 1985 г. на прадпрыемствах БССР дзейнічала 4100 комплексна-механізаваных, аўтаматызаваных і комплексна-аўтаматызаваных участкаў, цэхаў і вытворчасцяў, каля 10 тыс. механізаваных паточных і аўтаматычных ліній. З’явіліся станкі з лікавым праграмным кіраваннем, станкі-аўтаматы, робататэхніка, пачынаюць укараняцца электронна-вылічальныя машыны. Аднак у той жа час комплексная механізацыя і аўтаматызацыя ахоплівалі ўсяго 10-15% прадпрыемстваў БССР; удзельная вага ручной працы ў прамысловасці складала 35-40%, у будаўніцтве – 50-55%. Гэта прыводзіла да якаснага адставання прамысловай прадукцыі БССР і СССР у цэлым ад перадавых краін Захаду. Прычынамі такой сітуацыі з’яўляліся:

- панаванне цэнтралізаванай камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання эканомікай, якая перашкаджала хуткаму ўкараненню тэхналагічных інавацый;

- арыентацыя агульнасаюзнай эканомікі перадусім на атрыманне даходаў ад экспарту сыравіны (асабліва ў 1970-я гг. ва ўмовах значнага росту цэн на нафту і газ на сусветным рынку), у сувязі з чым недаацэньвалася значэнне тэхнічнай мадэрнізацыі прамысловасці;

- недастатковае фінансаванне навукі (у 1958 г. доля асігнаванняў на навуку ў БССР складала толькі 2, 2 % нацыянальнага даходу), што не садзейнічала цеснаму ўзаемадзеянню навукі і вытворчасці.

У прамысловасці БССР, як і СССР у цэлым, адзінай формай уласнасці на працягу ўсяго разглядаемага перыяду з’яўлялася дзяржаўная, кіраванне якой ажыццяўлялася цэнтралізавана, у межах камандна-адміністрацыйнай сістэмы. У той жа час у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. некалькі разоў праводзіліся рэформы, накіраваныя на ўдасканаленне дадзенай сістэмы.

У 1957 г. была зроблена спроба пераходу ад галіновага да тэрытарыяльнага кіравання прамысловасцю. Былі скасаваны створаныя ў часы сталінізму большасць агульнасаюзных міністэрстваў, якія кіравалі асобнымі галінамі прамысловасці, а замест іх у буйных адміністрацыйных раёнах створаны саветы народнай гаспадаркі (саўнаргасы). У Беларусі быў утвораны Савет народнай гаспадаркі БССР. Гэта прывяло да павелічэння гаспадарчай самастойнасці БССР у межах СССР.

Аднак разам з тым дзяржаўныя ведамствы працягвалі дробязна кантраляваць працэс вытворчасці і размеркавання прамысловай прадукцыі, вызначаць у межах дзяржаўнага плана амаль усе паказчыкі выпускаемай прадукцыі. Такая празмерная цэнтралізацыя прывяла да пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў 1962-1965 гг., што адлюстравалася ў зніжэнні тэмпаў росту прамысловай прадукцыі, прадукцыйнасці працы, рэнтабельнасці прадпрыемтваў, росце цэн на тавары масавага ўжытку. Дадзеная сітуацыя ў значнай ступені абумовіла адхіленне ад улады М. Хрушчова.

Новае палітычнае кіраўніцтва пачало ажыццяўленне эканамічнай рэформы 1965 г., якая атрымала назву касыгінскай (ад імя старшыні міністраў СССР А. Касыгіна). Яна прадугледжвала наступныя мерапрыемствы:

- змена сістэмы планавання ў прамысловасці: калі раней прамысловыя прадпрыемствы былі абавязаны выконваць звыш 100 вызначаных дзяржаўнымі ўстановамі планавых паказчыкаў, то ў выніку рэформы толькі 8 (у першую чаргу аб’ём рэалізаванай прадукцыі), а астатнія паказчыкі прадпрыемствы маглі планаваць самастойна;

- увядзенне гаспадарчага разліку: прадпрыемствам дазвалялася права свабодна распараджацца часткай прыбытку, ствараць грашовыя фонды для развіцця вытворчасці, матэрыяльнага заахвочвання і сацыяльнай сферы;

- змены ў арганізацыі кіравання прамысловасцю: былі ліквідаваны саўнаргасы і адноўлены агульнасаюзныя міністэрствы па галінах прамысловасці.

Касыгінская эканамічная рэформа пашырыла гаспадарчую самастойнасць прамысловых прадпрыемстваў. Яна прывяла да значнага павелічэння тэмпаў росту аб’ёмаў прамысловай прадукцыі ў другой палове 1960-х – першай палове 1970-х гг.

Аднак да сярэдзіны 1970-х гг. у ажыццяўленне рэформы былі ўведзены шматлікія карэкціроўкі, папраўкі, дадаткі, у выніку якіх адбыўся ў значнай ступені зварот да дарэформеннай звышцэнтралізаванай сістэмы кіравання эканомікай. У выніку з канца 1970-х гг. назіраецца прыкметнае зніжэнне тэмпаў росту аб’ёмаў прамысловай вытворчасці.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.008 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал