Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Перабудова ў БССР (1985-1991 гг.).
Перыяд 1985-1991 гг. у БССР, як і ў цэлым у СССР, адзначаны правядзеннем карэнных сацыяльна-эканамічных і сацыяльна-палітычных пераўтварэнняў, якія ў выніку прывялі да ліквідацыі ўлады КПСС, распаду СССР і фарміраванню незалежнай беларускай дзяржавы. Дадзены перыяд увайшоў у гісторыю пад назвай перабудовы і супадае па часе з перыядам знаходжання на чале ўлады ў СССР апошняга генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова. Правядзенне перабудовы было выклікана абвастрэннем шэрагу сацыяльных праблем: 1) Праблема дзяржаўна-палітычнага ўладкавання. У СССР сфарміраваўся аўтарытарна-бюракратычны палітычны рэжым. Уся рэальная ўлада належала чыноўнікам партыйна-дзяржаўнага апарату. У дзяржаве былі абмежаваны грамадзянскія і практычна адсутнічалі палітычныя правы і свабоды. Фарміраванне індустрыяльнага грамадства, якое суправаджалася агульным павышэннем матэрыяльнага, адукацыйнага і культурнага ўзроўню насельніцтва, патрабавала дэмакратызацыі сацыяльна-палітычнай сістэмы. 2) Сацыяльна-эканамічная праблема: Ва ўмовах індустрыялізацыі былі створаны новыя развітыя прадукцыйныя сілы. Далейшае іх развіццё патрабавала актыўнага засваення вынікаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Вытворчыя адносіны, заснаваныя на строга цэнтралізаванай камандна-адміністрацыйнай сістэме кіравання эканомікай, не адпавядалі гэтым патрэбам, замаруджвалі развіццё тэхнічнага прагрэсу. 3) Нацыянальная праблема: Па меры развіцця нацый ва ўмовах індустрыяльнага грамадства абвастраліся супярэчнасці паміж імперскай палітыкай саюзнага кіраўніцтва і інтарэсамі асобных рэспублік і рэгіёнаў у складзе СССР. Да сярэдзіны 1980-х гг. адбываецца фарміраванне моцных мясцовых нацыянальных эліт (бюракратычных, гаспадарчых, навукова-культурных), а потым адпаведных нацыянальных рухаў, якія выступалі за павышэнне самастойнасці нацыянальных рэгіёнаў у складзе СССР або за стварэнне незалежных дзяржаў (перадусім краіны Балтыі, Грузія). Да сярэдзіны 1980-х гг. гэтыя праблемы абвастрыліся пад уплывам шэрагу фактараў: - падзенне тэмпаў эканамічнага росту ў перыяд “застою”; - узмацненне “гонкі ўзбраенняў” і фінансавых выдаткаў на ваенна-прамысловы комплекс ва ўмовах “халоднай вайны”; - зацяжная вайна СССР у Афганістане 1979-1989 гг. У дадзеных умовах партыйна-дзяржаўныя ўлады СССР на чале з М. Гарбачовым пачалі ажыццяўленне шэрагу рэформ, якія ахапілі розныя сферы жыцця грамадства. Ажыццяўленне перабудовы прайшло праз тры асноўныя этапы: Першы этап ахоплівае 1985-1987 гг. Для яго характэрна правядзенне рэформ, накіраваных на частковае ўдасканаленне існуючай сацыяльна-эканамічнай сістэмы без карэнных пераўтварэнняў і пры захаванні манаполіі партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва ў палітычным жыцці. Дадзены этап перабудовы вызначаўся як “ курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця ”, канцэпцыя якога была ўхвалена на красавіцкім пленуме ЦК КПСС 1985 г. і ХХVII з’ездзе КПСС 1986 г. Яе галоўнай задачай абвяшчалася тэхнічная мадэрнізацыя эканомікі на аснове дасягненняў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, асабліва ў галіне машынабудавання. На аснове дадзенай канцэпцыі былі праведзены наступныя пераўтварэнні: - павелічэнне фінансавання перспектыўных галін эканомікі; - пашырэнне гаспадарчай самастойнасці прадпрыемстваў шляхам увядзення гаспадарчага разліку і самафінасавання. Аднак, нягледзячы на захаванне штогадовага росту аб’ёмаў вытворчасці, істотнага прагрэсу ў эканамічным жыцці ў выніку рэалізацыі дадзенага курсу не адбылося. Гэта тлумачыцца шэрагам прычын: - рост інфляцыі; - аварыя на Чарнобыльскай АЭС 29 красавіка 1986 г. і звязаныя з ёй велізарныя матэрыяльныя страты і выдаткі (радыенуклідамі забруджана каля 20% тэрыторыі БССР, прыйшло ў непрыгоднасць каля 300 тыс. га сельскагаспадарчых угоддзяў, значная частка насельніцтва была выселена з забруджанай зоны); - падзенне ў 2-3 разы цэн на нафту і газ на сусветным рынку; - няўменне і нежаданне партыйна-дзяржаўнага апарату выкарыстоўваць новыя метады кіравання эканомікай. Другі этап перабудовы ахоплівае 1987-1989 гг. Ён характарызуецца радыкалізацыяй сацыяльна-эканамічных рэформ і пачаткам правядзення рэформ у сацыяльна-палітычнай галіне. Афіцыйнай мэтай дадзенага этапу абвяшчаецца пераход ад аўтарытарнай камандна-адміністрацыйнай сістэмы да т.зв. “ гуманнага, дэмакратычнага сацыялізму ”. У сацыяльна-эканамічнай галіне ў гэты перыяд праводзіліся наступныя рэформы: - увядзенне элементаў рыначнай эканомікі ў сістэме тавараабмену дзяржаўных прадпрыемстваў (прадпрыемствы пастаўлялі на аснове абавязковага т.зв. дзярзаказу асноўную частку прадукцыі, астатняя частка магла рэалізоўвацца па свабодных цэнах); - умацаванне гаспадарчага разліку, самафінансавання і самакіравання прадпрыемстваў (прадпрыемствы атрымалі магчымасць самастойна вызначаць колькасць работнікаў, узровень заработнай платы, выбіраць эканамічных партнёраў); - увядзенне элементаў саўдзелу рабочых у кіраванні прадпрыемтвамі (права выбараў працоўнымі калектывамі кіраўнікоў прадпрыемстваў, справаздачнасць адміністрацыі прадпрыемстваў перад саветамі працоўных калектываў); - стварэнне недзяржаўнага сектара эканомікі ў форме кааперацыі і арэнды; - спрашчэнне структуры кіравання эканомікай; - пашырэнне самастойнасці калгасаў у сельскай гаспадарцы; - канверсія вытворчасці ваенна-прамысловага комплекса. Аднак увядзенне элементаў рыначнай эканомікі праходзіла марудна. Захоўваўся кантроль міністэрстваў і ведамстваў над вытворчасцю. Кааператыўны сектар ва ўмовах высокіх падаткаў і цэн на сыравіну і матэрыялы ўяўляў з сябе пераважна спекулятыўны гандаль дэфіцытнымі таварамі. На працягу дадзенага этапу захоўваўся і нават некалькі павялічыўся рост аб’ёмаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. Аднак негатыўныя фактары, якія мелі месца на першым этапе перабудовы, захаваліся і садзейнічалі нарастанню гаспадарчых цяжкасцяў. У чэрвені 1988 г. кіраўнікі некаторых саюзных рэспублік прапанавалі перайсці на рэспубліканскі або рэгіянальны гаспадарчы разлік. На практыцы гэтыя прапановы прывялі да хуткага разбурэння адзінай эканамічнай прасторы СССР. Пачаліся канфлікты паміж цэнтральнымі і мясцовымі ўладамі, калі апошнія забаранялі вывозіць прадукцыю мясцовай прамысловасці, праводзілі ўласную цэнавую палітыку, адмаўляліся выконваць абавязацельствы па дзяржаўных дагаворах. У сацыяльна-палітычнай галіне ў дадзены перыяд адбываецца працэс дэмакратызацыі. Яе пачаткам стала абвяшчэнне палітыкі галоснасці на ХІХ партканферэнцыі ў чэрвені 1988 г. Яна ўключала ў сябе наступныя элементы: - абмежаванне цэнзуры ў сродках масавай інфармацыі, публікацыя раней забароненых твораў, з’яўленне крытычных матэрыялаў у прэсе; - кампанія па асуджэнні злачынстваў сталінізму, правядзенне масавай рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій; - легалізацыя дзейнасці незалежных ад дзяржаўнай улады грамадскіх арганізацый, рухаў, грамадзянскіх ініцыятыў. Кіраўніцтва СССР на чале з М. Гарбачовым імкнулася выкарыстаць палітыку галоснасці для абмежавання ўплыву той часткі партыйна-дзяржаўнага бюракратычнага апарату, якая выступала супраць правядзення ў краіне сацыяльна-эканамічных рэформ, абвяшчалася “тормазам перабудовы”. У той жа час была абвешчана рэформа сістэмы палітычнай улады. У канцы 1988 г. унесены папраўкі ў Канстытуцыю СССР, у адпаведнасці з якімі вышэйшым органам заканадаўчай улады станавіўся з’езд народных дэпутатаў СССР, які фарміраваў Вярхоўны Савет СССР. Тады ж быў прыняты новы выбарчы закон, паводле якога прадугледжваліся свабодныя выбары ва ўсе органы прадстаўнічай улады на альтэрнатыўнай аснове; разам з тым 1/3 месц у дадзеных органах рэзервавалася для прадстаўнікоў адзяржаўленых грамадскіх арганізацый. У сакавіку 1989 г. адбыліся выбары ў І з’езд народных дэпутатаў СССР, 60 дэпутатаў якога былі абраны ад БССР. Пашыраюцца ўладныя функцыі Саветаў і іх выканаўчых камітэтаў; яны паступова вызваляюцца з-пад апекі партыйных органаў. У галіне міжнароднай палітыкі хутка адбываецца адыход ад канфрантацыі з краінамі Захаду да партнёрскіх адносін, што азначала канец “халоднай вайны”. Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва БССР на чале з першым сакратаром ЦК КПБ Я. Сакаловым (1987-1990) у цэлым займала больш кансерватыўныя пазіцыі ў параўнанні з саюзным кіраўніцтвам і крытычна ставілася да хуткіх палітычных пераўтварэнняў. Разам з тым у БССР, як і ў цэлым у СССР, палітыка галоснасці прывяла да імклівага фарміравання грамадзянскай супольнасці: узнікалі грамадзянскія ініцыятывы, ствараліся круглыя сталы, дыскусійныя і рабочыя клубы, грамадскія арганізацыі. Найбольш значнымі тэмамі для грамадскіх дыскусій у гэты час становяцца: - пераадоленне вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і вырашэнне экалагічнай праблемы; - даследаванне злачынстваў сталінізму і рэабілітацыя ахвяр сталінскіх рэпрэсій (шырокі рэзананс выклікала выяўленне месцаў масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты каля Мінска ў 1988 г.); - развіццё беларускай нацыянальнай мовы і культуры; - захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Першапачаткова грамадскі рух развіваўся ў рэчышчы падтрымкі палітыкі перабудовы. Аднак паступова яго радыкальная частка пераходзіць у апазіцыю да ўлады. Яе прадстаўнікі ў чэрвені 1989 г. стварылі Беларускі народны фронт (БНФ) з мэтай дасягнення нацыянальна-дзяржаўнага суверэнітэту і паглыблення дэмакратычных пераўтварэнняў у грамадстве. У чэрвені 1989 г. было ўтворана Таварыства беларускай мовы, якое ставіла сваёй задачай садзейнічанне ўсебаковаму развіццю беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця грамадства. Трэці этап перабудовы ахоплівае 1989-1991 гг., які можна ахарактарызаваць як крызіс перабудовы. У гэты перыяд у СССР пачынаецца глыбокі сацыяльна-эканамічны крызіс. Яго прыкметамі сталі: - значны спад аб’ёмаў вытворчасці ва ўсіх галінах эканомікі (за 1989-1991 гг. у цэлым па СССР падзенне нацыянальнага даходу склала 33%); - хуткі рост цэн, інфляцыя; - узрастанне дэфіцыту на асноўныя тавары (у 1990 г. уводзіцца картачная сістэма на продаж шэрагу прадуктаў); - імклівы рост “ценевай эканомікі”, спекуляцыі. Прычынамі крызісу сталі: - няўменне бюракратычнага апарату спалучаць метады дзяржаўнага рэгулявання эканомікі з механізмамі рыначнай эканомікі; - распад традыцыйных гаспадарчых сувязяў; - - працяглае падзенне цэн на нафту і газ на сусветным рынку. Характэрнай рысай эканомікі БССР у гэты перыяд з’яўляецца адносная стабільнасць на фоне агульнасавецкай эканомікі. Спад вытворчасці пачынаецца толькі ў 1991 г. (за гэты год скарачэнне нацыянальнага прадукту склала 3%). Тым не менш ва ўмовах эканамічнага крызісу паўстае пытанне аб неабходнасці новай эканамічнай рэформы. Паглыбленне сацыяльна-эканамічнага крызісу прывяло да ўздыму грамадска-палітычнага руху ў СССР. У розных рэгіёнах краіны адбываюцца масавыя выступленні працоўных (забастоўкі, стачкі), дэманстрацыі, мітынгі, на якіх гучалі патрабаванні аб недапушчальнасці падзення жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Паступова дадзеныя выступленні пачалі набываць палітычны характар. Папулярнасць палітыкі М. Гарбачова, якая была вельмі высокай у папярэднія гады, у 1989-1991 гг. імкліва змяншалася. На развіццё грамадска-палітычнага руху значны ўплыў аказалі паспяховыя дэмакратычныя рэвалюцыі 1989-1990 гг. у краінах Цэнтральнай Еўропы. У сакавіку 1990 г. ІІІ з’езд народных дэпутатаў прыняў папраўку да канстытуцыі, паводле якой скасоўвалася прывілеяванае становішча КПСС у сістэме дзяржаўнай улады. На тым жа з’ездзе была ўведзена пасада прэзідэнта СССР, якую заняў М. Гарбачоў. У дадзеных умовах адбываецца хуткае нарастанне ўплыву нацыянальных рухаў у саюзных і аўтаномных рэспубліках СССР; абвастраюцца супярэчнасці паміж саюзнымі ўладамі і рэспубліканскімі элітамі. На працягу 1990 г. усе рэспублікі СССР прымаюць дэкларацыі аб суверэнітэце, у якіх патрабуюць пашырэння сваёй самастойнасці. Партыйнае і дзяржаўнае кіраўніцтва БССР у 1990 – першай палове 1991 гг. імкнулася да пашырэння дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, аднак пры захаванні СССР у абноўленым выглядзе. З 1990 г. адбываюцца істотныя ў накірунку дэмакратызацыі грамадска-палітычнага ладу. У сакавіку – красавіку 1990 г. прайшлі першыя ў гісторыі БССР выбары ў Вярхоўны Савет на альтэрнатыўнай аснове. Вярхоўны Савет БССР ХІІ склікання пачаў сваю працу ў чэрвені 1990 г. у складзе 360 дэпутатаў. Большасць дэпутатаў складалі прыхільнікі правячага партыйна-дзяржаўнага апарату. Каля 100 дэпутатаў утварылі апазіцыйны Дэмакратычны клуб, які выступаў за паскарэнне рэформ у эканамічным і палітычным жыцці. З яго шэрагаў 30 дэпутатаў увайшлі ў склад апазіцыйнай фракцыі БНФ. Старшынёй Вярхоўнага Савета быў абраны Мікалай Дземянцей. Адначасова пры падтрымцы парламенцкай большасці быў сфарміраваны Савет міністраў на чале з Вячаславам Кебічам. У 1990 – першай палове 1991 гг. адбываюцца істотныя пераўтварэнні ў палітычным жыцці БССР: - ліквідацыя цэнзуры ў сродках масавай інфармацыі, з’яўленне новых масавых перыядычных выданняў; - фарміраванне шматпартыйнасці: узнікаюць Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сялянская партыя, у партыю пераўтварылася БНФ і г.д.; - стварэнне незалежных прафсаюзаў і іншых грамадскіх арганізацый; - падзенне аўтарытэту КПСС, узмацненне антыкамуністычных настрояў у грамадстве (у 1990 г. КПСС-КПБ пакінула 63 тыс. чалавек); - пачатак беларусізацыі ў розных сферах грамадскага жыцця, адукацыі, культуры ў адпаведнасці з Законам аб мовах 1990 г., паводле якога адзінай дзяржаўнай мовай у БССР абвяшчалася беларуская. У першай палове 1991 г., у сувязі з эканамічным крызісам і пагаршэннем жыццёвага ўзроўню насельніцтва абвастраецца грамадска-палітычная сітуацыя. У красавіку 1991 г. адбываюцца масавыя забастоўкі рабочых у розных гарадах Беларусі з патрабаваннямі паляпшэння матэрыяльнага становішча. Паступова да эканамічных лозунгаў далучаліся палітычныя: дэмакратызацыя грамадска-палітычнага ладу, нацыяналізацыя маёмасці КПСС-КПБ. Забастоўкі скончыліся кампрамісам. Да сярэдзіны 1991 г. СССР знаходзіўся ў стане глыбокага сістэмнага крызісу. Урад М. Гарбачова выявіў няздольнасць вырашэння сацыяльна-эканамічных і сацыяльна-палітычных праблем. У гэтых умовах частка прадстаўнікоў вышэйшага партыйна-дзяржаўнага апарату 19-21 жніўня 1991 г. зрабіла спробу дзяржаўнага перавароту, абвясціла пра адстаўку М. Гарбачова і ўвядзенні надзвычайнага становішча; імі быў утвораны ў Маскве асобы орган – Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ГКЧП). Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю пад назвай жнівеньскі путч. Аднак кіраўніцтва РСФСР на чале прэзідэнтам Б. Ельцыным і дэмакратычныя сілы Расіі рашуча выступілі супраць ГКЧП. У выніку 21 жніўня путч быў ліквідаваны. Падаўленне путчу прывяло да рэвалюцыйных пераўтварэнняў палітычнай сістэмы: была адменена дзейнасць КПСС і нацыяналізавана ўся яе маёмасць; савецкія рэспублікі абвясцілі пра дзяржаўную незалежнасць, адбыўся распад СССР. Урад М. Гарбачова страціў усякую ўладу і ў снежні 1991 г. спыніў сваё існаванне. Такім чынам, перабудова 1985-1991 гг. прывяла да істотных сацыяльна-эканамічных і сацыяльна-палітычных пераўтварэнняў у БССР і СССР у цэлым. Аднак пралікі ў правядзенні рэфармавання, а таксама негатыўныя знешнеэканамічныя фактары прывялі да глыбокага сістэмнага крызісу, страты улады КПСС-КПБ, распаду СССР і набыцця дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.
Асноўныя паняцці: “Хрушчоўская адліга”, ХХ з’езд КПСС, Канстытуцыя СССР 1977 г., Канстытуцыя БССР 1978 г., “развіты сацыялізм”, савецкі народ, “эпоха застою”, індустрыяльная рэспубліка, навукова-тэхнічная рэвалюцыя, Савет народнай гаспадаркі БССР, эканамічная рэформа 1965 г., гаспадарчы разлік, урбанізацыя, экалагічная праблема, прафесійна-тэхнічныя вучылішчы, навуковыя лабараторыі, навукова-вытворчыя аб’яднанні, перабудова, “курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця”, аварыя на Чарнобыльскай АЭС, галоснасць, з’езд народных дэпутатаў СССР, Беларускі народны фронт, сацыяльна-эканамічны крызіс 1989-1991 гг., Вярхоўны Савет ХІІ склікання, Дэмакратычны клуб, Закон аб мовах 1990 г., жнівеньскі путч, распад СССР.
Кантрольныя пытанні і заданні: 1. Якія факты сведчаць пра працэс паступовай эвалюцыі таталітарнага рэжыму ў СССР да аўтарытарнага пасля смерці І. Сталіна? 2. Што такое “хрушчоўская адліга”? Якія грамадска-палітычныя пераўтварэнні адбываюцца ў СССР і БССР у гэты перыяд? 3. Якія можна вылучыць адрозненні грамадска-палітычнага жыцця ў БССР у другой палове 1960-х – першай палове 1980-х гг. у параўнанні з перыядам “хрушчоўскай адлігі”? 4. Які сэнс укладваецца ў паняцце “эпоха застою”? Якія адметныя рысы вызначанага перыяду? 5. Якім чынам у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. змяняюцца адносіны да праяў іншадумства ў грамадстве ў параўнанні з эпохай сталінізму? 6. Падумайце, у якой ступені пашырыліся правы БССР на міжнароднай арэне ў параўнанні з часамі сталінізму і ў чым захавалася залежнасць ад саюзнай улады? 7. Якія факты сведчаць пра пераўтварэнне БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. у індустрыяльную рэспубліку? 8. Вызначце адрозненні ў правядзенні індустрыялізацыі ў БССР у перыяд сталінізму і ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 9. Якім чынам змяняецца структура прамысловасці БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? Назавіце асноўныя галіны. 10. Вызначце спецыялізацыю прамысловасці БССР разглядаемага перыяду ў агульнасаюзным падзеле працы. Падумайце, чым можа быць абумоўлена менавіта такая спецыялізацыя? 11. Дайце характарыстыку гаспадарчых сувязяў прамысловых прадпрыемстваў БССР у межах СССР і знешнеэканамічных сувязяў. 12. Якія змены адбываюцца ў развіцці транспартнай сістэмы БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 13. Што такое навукова-тэхнічная рэвалюцыя? Вызначце яе асноўныя рысы? 14. Якія асаблівасці ажыццяўлення навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў БССР і СССР? Якія можна вылучыць прычыны яе маруднага разгортвання? 15. Ахарактарызуйце асноўныя рэформы ў прамысловасці БССР і СССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 16. Вызначце асноўныя накірункі і вынікі касыгінскай эканамічнай рэформы. 17. Дайце агульную характарыстыку развіцця сельскай гспадаркі БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1960-х гг. 18. Якія змены ў развіццё сельскай гаспадаркі прынесла касыгінская эканамічная рэформа? 19. Якія пераўтварэнні адбыліся ў сельскай гаспадарцы БССР у другой палове 1960-х – першай палове 1980-х гг.? 20. Што такое урбанізацыя? Якія маштабы меў дадзены працэс ў БССР у разглядаемы перыяд? Якія яго прычыны? 21. Якія змены адбываюцца ў сацыяльнай структуры грамадства ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 22. Якія факты адлюстроўваюць паляпшэнне матэрыяльнага становішча працоўных у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 23. Якія праблемы меліся ў сацыяльным развіцці БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 24. Калі ў эканоміцы БССР і СССР з’яўляецца сітуацыя “застою”? Якія яе прыкметы і прычыны? 25. Вызначце асноўныя рысы ў развіцці духоўнай сферы беларускага грамадства. 26. Якія змены адбываюцца ў развіцці агульнаадукацыйнай школы ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 27. Якія рысы мела развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 28. Якія галіны навукі ў БССР дасягнулі найбольшых поспехаў у сваім развіцці ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? Чым можна гэта патлумачыць? 29. Якія тэндэнцыі характарызуюць развіццё мастацкай культуры ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? Яія змены адбыліся ў дадзенай сферы ў параўнанні з часамі сталінізму? 30. Што такое перабудова? Якімі фактарамі выклікана яе ажыццяўленне? 31. Якія можна вылучыць этапы перабудовы ў СССР і БССР? Дайце іх кароткую характарыстыку. 32. Што такое палітыка галоснасці? Якімі фактарамі было выклікана яе ўвядзенне? Да якіх сацыяльна-палітычных вынікаў яна прывяла? 33. Вызначце змест і асаблівасці грамадска-палітычнага жыцця БССР у 1987-1989 гг. 34. Калі ў СССР пачынаецца сістэмны сацыяльна-эканамічны крызіс? Якія яго праявы і прычыны? Якім чынам ён паўплываў на актывізацыю грамадска-палітычнага руху ў СССР і БССР? 35. Калі быў сфарміраваны Вярхоўны Савет БССР ХІІ склікання? Ахарактарызуйце яго склад. 36. Якія змены адбываюцца ў грамадска-палітычным жыцці БССР у 1990 – першай палове 1991 гг.? 37. Што такое жнівеньскі путч? Да якіх сацыяльна-палітычных вынікаў у СССР і БССР прывяла яго ліквідацыя? Тэмы дакладаў і рэфератаў: 1. Рэабілітацыя ахвяр сталінізму ў БССР у перыяд “хрушчоўскай адлігі”. 2. Удзел БССР у міжнародным жыцці ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 3. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя ў БССР: асаблівасці ажыццяўлення. 4. Касыгінская эканамічная рэформа і яе ўплыў на развіццё народнай гаспадаркі БССР. 5. Урбанізацыя ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 6. Сістэма вышэйшай адукацыі ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 7. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і яе вынікі. 8. Станаўленне парламенцкай сістэмы ў БССР у 1989-1991 гг.
|