Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Сацыяльна-эканамічнае развіццё РБ у 1990-2000-я гг.






3 лета 1990 г., калі ў СССР быў абвешчаны пераход да рынку, пачалася таксама трансфармацыя эканамічнай сістэмы Беларусі. У кастрычніку 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову “Аб пераходзе БССР да рыначнай эканомікі” і зацвердзіў праграму пераходу да рынку, распрацаваную Саветам Міністраў Беларусі, на 1990-1992 гг. Праграма прадугледжвала наступныя меры:

- раздзяржаўленне, прыватызацыя ўласнасці на сродкі вытворчасці; развіццё прадпрымальніцтва і канкурэнцыі;

- стварэнне сістэмы дзяржаўнага рэгулявання эканомікай з дапамогай эканамічных метадаў праз дзейнасць банкаўскай сістэмы, падатковую сістэму, дзяржзаказы, механізм цэнаўтварэння і г.д.

- лібералізацыя цэн: планавалася паэтапнае ўвядзенне свабоднага цэнаўтварэння з захаваннем дзяржаўнага кантролю за цэнамі толькі на прыкладна 90 груп тавараў першай неабходнасці;

- стварэнне рыначнай інфраструктуры і механізму яе дзеяння – біржаў, банкаў, рынкаў сродкаў вытворчасці, рабочай сілы, жылля, тавараў і г.д.;

- сацыяльная абарона насельніцтва ва ўмовах рыначнай эканомікі.

Адразу пасля зацвярджэння праграмы Вярхоўны Савет БССР прыняў шэраг законаў па яе рэалізацыі. Было ўведзена раўнапраўе прыватнай, калектыўнай і дзяржаўнай форм уласнасці; пры захаванні манаполіі дзяржавы на зямельную ўласнасць. Ствараўся Нацыянальны банк, задачамі якога былі вызначаны рэгуляванне грашовага абароту, каардынацыя крэдытна-грашовай сферы, падтрымка і развіццё крэдытных інстытутаў. Пасля распаду СССР у 1992 г. у Беларусі была ўведзена самастойная валюта – беларускі рубель.

Праграма пераходу да рыначнай эканомікі была накіравана перадусім на выхад гаспадаркі з крызісу. Аднак гэта не атрымалася. У 1991-1995 гг. эканоміка Беларусі перажывала глыбокі сістэмны крызіс. Яго асноўнымі праявамі былі:

- спад вытворчасці ў асноўных галінах гаспадаркі: на працягу 1991-1995 гг. валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 35% (у тым ліку вытворчасць прамысловай прадукцыі на 39%, сельскагаспадарчай – на 26%);

- рэзкае скарачэнне інвестыцый у асноўны капітал (за 1991-1995 гг. на 61%);

- гіперінфляцыя і абвальны рост цэн (штомесячна цэны раслі прыкладна на 30%);

- падзенне жыццёвага ўзроўню насельніцтва: у 1991–1995 гг. рэальная заработная плата ў выніку інфляцыі знізілася амаль напалову; у 1995 г. за рысай мінімальнага спажывецкага бюджэту апынулася больш за 60% насельніцтва Беларусі;

- рост беспрацоўя;

- рост знешняй запазычанасці: афіцыйная знешняя запазычанасць у 1991-1995 гг. узрасла амаль у 4 разы і складала палову валавога ўнутранага прадукту.

Асноўныя прычыны сацыяльна-эканамічнага крызісу:

- змена ўмоў дзяржаўнага існавання Беларусі, якая са “зборачнага цэху” СССР ператварылася ў самастойную дзяржаву і распад традыцыйных эканамічных сувязяў (вынікам становіцца недапастаўка сыравіны, матэрыялаў, камплектовачных і г. д.);

- праблема збыту прамысловай прадукцыі (прадукцыя беларускай індустрыі пастаўлялася перш за ўсё на расійскі рынак, дзе ў гэты час таксама назіраецца моцны крызіс і адсутнічае неабходны попыт);

- падаражанне ў сувязі перахадам да рынку матэрыяльных рэсурсаў, у першую чаргу энерганосьбітаў;

- крызіс неплацяжоў і рост бартэра;

- нізкая канкурэнтаздольнасць прадукцыі беларускай вытворчасці, што рабіла складанай магчымасць выхаду на новыя рынкі; у выніку імпарт значна перавышаў экспарт;

- змена ўмоў гаспадарання, пераход да рыначных механізмаў;

Ва ўмовах крызісу адбывалася паступовая змена структуры ўласнасці ў эканоміцы Беларусі. Узнікае прыватны сектар эканомікі, перадусім у сярэдняй і дробнай прамысловасці, гандлі, сферы абслугоўвання. Адбываецца раздзяржаўленне і акцыяніраванне шэрагу прадпрыемстваў. Быў створаны шэраг дзяржаўных і камерцыйных банкаў. Фармірвалася рыначная інфраструктура (спажывецкі рынак, рынак сродкаў вытворчасці, фінансавы рынак, рынак працоўнай сілы). Была праведзена масавая прыватызацыя кватэр, дамоў, дач, гаражоў, але у буйной прамысловасці захавалася панаванне дзяржаўнай формы ўласнасці.

У 1996-1998 гг. пачынаецца ажыўленне ў эканоміцы Беларусі. Так, у 1996 г. меў месца прырост ВУП – на 3%, вытворчасці прамысловай прадукцыі – на 4%, сельскагаспадарчай вытворчасці – на 2%. Такім чынам, пачалося паступовае пераадоленне наступстваў эканамічнага крызісу. У другой палове 1990-х гг. была ўзмоцнена роля дзяржаўных органаў рэгулявання эканомікай, узмоцнены кантроль за працэсамі цэнаўтварэння, раздзяржаўлення і прыватызацыі. Аднак у 1998-2000 гг. адбываецца замаруджванне тэмпаў росту, якое было выклікана перадусім фінансавым крызісам у Расіі, залежнасць ад якой беларускай эканомікі заставалася высокай. У цэлым на працягу 1996-2000 гг. валавы ўнутраны прадукт павялічыўся на 36%, прадукцыя прамысловасці – на 65%, інвестыцыі ў асноўны капітал – на 34%, рознічны таваразварот больш чым у два разы.

Разам з тым на мяжы ХХ-ХХІ стст. захоўваўся шэраг значных эканамічных праблем:

- неэфектыўнасць сельскай гаспадаркі;

- стратнасць 1/3 прамысловых прадпрыемстваў;

- высокая інфляцыя;

- нізкі ўзровень аплаты працы рабочых, служачых, бюджэтнікаў.

У 2001 г. пачаўся новы этап трансфармацыі эканомікі Беларусі. Адбываецца пераход да выкарыстання пераважна эканамічных метадаў дзяржаўнага рэгулявання і рыначных механізмаў гаспадарання пры правядзенні пераўтварэнняў у эканоміцы. Праводзіцца стымуляванне прадпрымальніцкай актыўнасці, спрашчэнне працэсу рэгістрацыі прадпрымальніцкіх структур і г.д.

Асноўнымі прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі ў сферы эканомікі ў 2000-я гг. былі вызначаны:

- нарошчванне экспарту тавараў і паслуг;

- развіццё аграпрамысловага комплексу і звязаных з ім галін;

- актывізацыя інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці;

- развіццё жыллёвага будаўніцтва.

У 2000-2008 гг. адбываецца няспынны эканамічны рост у розных галінах народнай гаспадаркі. Толькі ў 2009 г. пад уплывам сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу назіраліся застойныя з’явы ў эканоміцы. Дынаміка эканамічных паказчыкаў гэтага перыяду адлюстравана ў табліцы:

 

                         
Валавы ўнутраны прадукт, млрд. руб.                      
У % да папярэдняга года 89, 6 105, 8 104, 7 105, 0 107, 0 111, 4 109, 4 110, 0 108, 6 110, 2 100, 2
Прадукцыя прамысловасці, млрд. руб.                      
У % да папярэдняга года 88, 3 107, 8 105, 9 104, 5 107, 1 115, 9 110, 5 111, 4 108, 7 111, 5 97, 2
Прадукцыя сельскай гаспадаркі, млрд. руб.                      
У % да папярэдняга года 95, 3 109, 3 101, 8 100, 7 106, 6 112, 6 101, 7 106, 0 104, 4 108, 6 101, 3
Інвестыцыі ў асноўны капітал, млрд. руб. 22381, 6 1809, 0 3049, 3 4484, 6 7131, 2 10783, 4 15095, 8 20374, 1 26053, 3 37202, 3 43377, 6
У % да папярэдняга года 69, 3 102, 1 96, 5 106, 0 120, 8 120, 9 120, 0 132, 2 116, 2 123, 5 104, 7
Колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных, тыс. чал. 131, 0 95, 8 102, 9 130, 5 136, 1 83, 0 67, 9 52, 0 44, 1 37, 3 40, 3
У % да эканамічна актыўнага насельніцтва 2, 9 2, 1 2, 3 3, 0 3, 1 1, 9 1, 5 1, 2 1, 0 0, 8 0, 9
Намінальная сярэдняя налічаная заработная плата, тыс. руб. 755, 1 58, 9 123, 0 189, 2 250, 7 347, 5 463, 7 582, 2 694, 0 868, 2 981, 6
Рэальная сярэдняя заработная плата, у % да папярэдняга года 95, 0 112, 0 129, 6 107, 9 103, 2 117, 4 120, 9 117, 3 110, 0 109, 0 100, 1
Сярэдні памер пенсіі 387, 2 36, 4 65, 0 89, 6 113, 9 172, 6 211, 0 277, 6 328, 2 389, 4 429, 5
Рэальны памер пенсіі, у % да папярэдняга года 130, 3 143, 2 122, 1 102, 3 101, 4 132, 4 113, 2 123, 4 105, 4 104, 7 100, 2
Увод у дзеянне агульнай плошчы жылых дамоў, тыс. м² 1948, 8 3528, 5 3008, 9 2810, 5 3019, 2 3501, 5 3785, 5 4087, 5 4665, 1 5102, 2 5814, 2
Рознічны таваразварот, млрд. руб.                      
У % да папярэдняга года 77, 2 111, 8 128, 2 111, 5 110, 3 111, 5 120, 0 117, 4 114, 8 119, 2 103, 2
Індэкс спажывецкіх цэн, у % (снежань да снежня папярэдняга года 344, 0 207, 5 146, 1 134, 8 135, 4 114, 4 108, 0 106, 6 112, 1 113, 3 110, 1
Індэкс цэн прамысловай прадукцыі, у % (снежань да снежня папярэдняга года) 221, 8 268, 0 139, 1 142, 6 128, 1 118, 8 110, 0 109, 0 116, 8 116, 4 111, 1

 

Прычынамі эканамічнага росту 2000-2008 гг. з’яўляюцца:

- сусветны эканамічны ўздым;

- асаблівыя гандлёва-эканамічныя адносіны з Расіяй (ва ўмовах эканамічнага росту ў Расіі значна ўзрастаюць экспартныя пастаўкі беларускай прамысловай прадукцыі ў Расію);

- павышэнне даходнасці паліўна-энергетычнага комплексу: на працягу перыяду адбываецца рост цэн на энерганосьбіты (у першую чаргу нафту і газ); нізкія цэны на пастаўку расійскіх энерагносьбітаў і значнае павышэнне цэн на сусветным рынку садзейнічалі ўзрастанню ВУП за кошт рээкспарту нафты, нафтапрадуктаў і калійных солей.

Характэрнай рысай эканамічнай сістэмы Рэспблікі Беларусь з’яўляецца захаванне пануючай ролі дзяржавы ў сістэме ўласнасці (на долю дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый прыходзіцца каля 75% ВУП). Прыватызацыя ажыццяўлялецца шляхам продажу і акцыяніравання асобных прадпрыемстваў.

Структура прамысловасці ў асноўным не змянілася ў параўнанні з савецкім перыядам. Асноўнымі галінамі прамысловай вытворчасці выступаюць нафтахімічная, хімічная, электраэнергетыка, машынабудаванне, металаапрацоўчая, здабыча калійных солей, лёгкая, харчовая, лясная, дрэваапрацоўчая.

У сельскай гаспадарцы ў асноўным захаваны буйныя адзяржаўленыя гаспадаркі, якія развіваюцца на базе ранейшых калгасаў і саўгасаў. З 2005 г. сельская гаспадарка атрымала значныя бюджэтныя сродкі ў межах праграмы па будаўніцтву аграгарадкоў і г.д.

Рэспубліка Беларусь падтрымлівае шырокія знешнеэканамічныя сувязі. Знешнегандлёвы таваразварот Беларусі перавышае яе валавы ўнутраны прадукт. У 2008 г. экспарт тавараў і паслуг з Беларусі склаў 33 млрд. долараў, імпарт – 39, 2 млрд. Асноўнымі прадметамі экспарту з’яўляюцца нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, грузавыя аўтамабілі, трактары, дарожна-будаўнічая і камунальная тэхніка, хімічныя валокны, тэлевізары, халадзільнікі, малочная прадукцыя. Імпарт складаюць пераважна паліўна-энергетычныя рэсурсы, металы, машыны і абсталяванне. На працягу 2000-х гг. ва ўмовах хуткага росту цэн на энерганосьбіты ў структуры экспарту істотна павялічылася доля нафтапрадуктаў (на працягу 2002-2006 гг. яна ўзрасла ў 5 разоў і дасягнула 16, 4% ВУП).

Асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі з’яўляецца Расія. У 2008 г. у структры экспарту на долю Расіі прыходзілася 32%, імпарту – 59, 8%. Разам з тым намаганні ўладаў на правявядзенне шматвектарнай знешнеэканамічнай палітыкі прывялі да некаторага змяншэння ўдзельнай вагі Расіі ў структуры знешняга гандлю (у 2004 г. у Расію накіроўвалася 47% экспартнай прадукцыі і ўвозілася 68, 2% імпарту). У імпарце з Расіі галоўную ролю маюць энергарэсурсы (нафта і газ), што складае значную долю ў фарміраванні адмоўнага знешнегандлёвага сальда Беларусі. З 2006 г. назіраецца працэс паступовага павышэння цэн на расійскія энерганосьбіты і абмежаванне магчымасцяў іх рээкспарту ў іншыя краіны. У гэтых умовах улады Беларусі нактроўваюць намаганні на пошук альтэрнатыўных Расіі шляхоў паставак энергарэсурсаў. У 2010 г. адбыліся першыя пастаўкі нафты з Венесуэлы.

Важнымі знешнеэканамічнымі партнёрамі Беларусі ў Еўропе з’яўляюцца таксама Украіна, Германія, Літва, Латвія, Нідэрланды, Польшча, Вялікабрытанія. Развіваюцца знешнеэканамічныя сувязі з краінамі далёкага замежжа (Кітай, Індыя, Іран, Венесуэла, В’етнам, Сірыя і г.д.).

Развіццё знешнеэканамічных сувязяў прадугледжвае таксама стварэнне сумесных і замежных прадпрыемстваў, што спрыяе прыцягненню замежных інвестыцый, прымяненню прагрэсіўных тэхналогій, павышэнню канкурэнтаздольнасці прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў на сусветным рынку. У 2002 г. у Рэспубліцы Беларусь было зарэгістравана 2415 прадпрыемстваў з замежнымі інвестыцыямі, з іх сумесных – 1140, замежных – 942 прадпрыемствы. Найбольшая колькасць сумесных і замежных прадпрыемстваў была створана з Расіяй, Польшчай, Германіяй, ЗША.

Са знешнеэканамічнай дзейнасцю таксама непасрэдна звязана функцыянаванне свабодных эканамічных зон (СЭЗ) “Брэст”, “Мінск”, “Гомель-Ратон”, “Витебск”, “Гроднаінвест”, “Магілёў”, але на іх долю ў 2001 г. прыходзілася толькі каля 2 % экспарту і імпарту Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь у 1990-2000-я гг. характарызуецца пераходам ад камандна-адміністрацыйнай сістэмы да рэгулюемай рыначнай эканомікі. Рэспубліка Беларусь у асноўным захавала эканамічны патэнцыял савецкага перыяду. На сучасным этапе ажыццяўляецца палітыка, накітраваная на інтэграцыю Беларусі ў сусветную эканоміку пры захаванні эканамічнай незалежнасці.

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.01 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал