Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Шумер і Акад
Першыя звесткі аб існаванні бібліятэк у Старажытным свеце адносяцца да часоў росквіту культур народаў Двухрэчча, якія калісьці жылі на тэрыторыі сучаснага Ірака, а менавіта да часоў існавання дзяржаваў ШУМЕР і АКАД. Падчас першых раскопак на тэрыторыі гэтых дзяржаў, на берагах ракі Еўфрат, якія пачаліся яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст., было знойдзена мноства гліняных таблічак з ананімнымі творамі, гэта – старажытныя карты, літаратурныя тэксты, работы па матэматыцы, сельскай гаспадарцы і іншых галінах ведаў. Старажытныя тэксты былі напісаны на прамавугольных плітках памерам ад 2, 4х2 да 37х22 см і таўшчынёй 2, 5 см. Датуюцца яны прыкладна 3000 г. да н.ч. Адно са старажытных кнігасховішчаў было знойдзена сярод развалінаў Сіпара. Паблізу храма была выяўлена асобая пабудова, у якой у спецыяльным пакоі размяшчалася, як мяркуецца, бібліятэка. У ёй налічвалася звыш 50 тысяч таблічак з гліны, якія змяшчалі рэлігійныя і дыдактычныя творы, падручнікі па вершаскладанні, трактаты. Мяркуецца, што гэта была бібліятэка пры школе храма. Ёсць звесткі пра вялікую бібліятэку, заснаваную царом старажытнага Акада Сарагонам І (каля 2750 г. да н.ч.) у горадзе Акадзе. Бібліятэка цара, якая некаторымі даследчыкамі лічыцца самай ранняй буйнай бібліятэкай Азіі, быццам бы мела каталог, у якім змяшчаліся ўказанні чытачу як ён можа атрымаць неабходную яму кнігу. Існавала багацейшая бібліятэка ў горадзе Кіш, займаўшая 20 пакояў. Звыш 54 тысяч гліняных таблічак з рэлігійнымі тэкстамі былі знойдзены ў храме бога Энлія ў Ніпуры. Яны датуюцца прыкладна 1700 г. да н. э. Ніпурская бібліятэка размяшчалася ў 62 (або 80) адведзеных для яе памяшканнях. У Лагашы знойдзена больш за 20 тыс. сістэматызаваных па змесце таблічак. Збор тэкстаў з бібліятэкі ў Шурупаку дазволіў вучоным скласці і выдаць спіс архаічных клінапісных знакаў. Знойдзеныя таблічкі сведчаць пра тое, што ўжо тады прымянялася сістэматызацыя бібліятэчных фондаў. Былі і таблічкі, якія ўяўлялі сабой своеасаблівыя каталогі з паметкамі аб страце тэкстаў. У гарадах Шумера існавалі школы пісцоў, якія называліся “дамамі таблічак”. Найбольш старажытныя пісьмовыя тэксты Месапатаміі (2900–2500 гг. да н. ч.) напісаны на шумерскай мове. Сярод іх і так званы “царскі спісак” – спіс уладароў Шумера, у якім упамінаецца імя Гільгамеша. Эпас пра Гільгамеша лічыцца старажытнейшым творам старажытнай паэзіі, першым старажытным эпасам. Бібліятэкі Шумера валодалі мастацтвам захоўвання тэкстаў. Гліняныя таблічкі змяшчалі ў закрытыя гліняныя чаны, драўляныя скрынкі або плеценыя кашы, на іх навешваліся этыкеткі аб змесце і характары тэксту. Такім чынам, першыя бібліятэкі ўзніклі як зборы разнастайных дзяржаўных, гаспадарчых і іншых дакументаў. Іх можна лічыць і архівамі і бібліятэкамі. Узнікненне такой установы было абумоўлена: – высокім узроўнем шумерскай культуры, калі чалавек пачаў адчуваць патрэбнасць у самапазнанні, у адчуванні сваіх сувязей з Зямлёй, зямным жыццём; – з’яўленнем патрэбнасці не толькі ў перадачы паведамленняў у выглядзе пісьма, але і ў захаванні саміх дакументаў, якія змяшчалі гэтыя паведамленні; – узнікненні патрэбнасці пакідаць своеасаблівыя помнікі, якія апавядалі пра падзеі ў пісьмовай форме. Аднак гэта была яшчэ не памяць пра час і “часавая памяць”, і тым болей, яшчэ не адносіны да свету з пазіцый гісторыі. У Шумеры і Акадзе бібліятэкі, як мяркуецца, існавалі пры храмах, пры школах храмаў.
|