Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Бібліятэчная справа ў Візантыі, Еўропе, Беларусі і Русі
Канец V ст. прынята лічыць пачаткам адліку новай эпохі – сярэднявечча. Еўрапейская культура V – XII стст. мела яскрава выражаны рэлігійны характар. Фарміраванне грамадскіх ідэалаў і светапоглядаў адбывалася пад уздзеяннем рэлігійнай свядомасці. Адзіным, што сярэднявечча ўзяло ад загінуўшага старажытнага свету, было хрысціянства, якое ў антычным грамадстве з формы пратэста прыгнечаных пераўтварылася ў пануючую рэлігію, абараняўшую інтарэсы правячых пластоў грамадства. Духавенства, якое лічылася ў той час самым адукаваным класам, пераўтварыла царкоўную догму “ў зыходны момант і аснову мыслення”. Царква, валодаўшая ў еўрапейскіх краінах амаль трэцяй часткай зямлі, уяўляла з сябе моцную феадальную арганізацыю, якая асвяшчала існуючы дзяржаўны лад. Фактычна яна сканцэнтравала ў сваіх руках не толькі царкоўную, але і свецкую ўладу. Змест усіх навук быў прыведзены ў адпаведнасць з вучэннем царквы. Зыходзячы з прызнання наяўнасці правобразаў усяго існуючага ў свеце і немагчымасці спасцігнуць іх як народжаных Богам, можна было толькі наблізіцца да боскага прататыпу, які лічыўся нязменным Адсюль адметная рыса сярэднявечнага светапогляду – устойлівасць і кананічнасць. Неправільна было б думаць, што дзеячы навукі і культуры разглядаемага перыяду поўнасцю ігнаравалі спадчыну старажытнага свету. Адзінымі цэнтрамі кніжнай мудрасці становяцца ў гэты час манастыры і саборы, а адзінымі вучонымі – манахі і іншыя прадстаўнікі культу. Вывучэнне некаторых антычных аўтараў лічылася неабходным, бо царква старалася абаперціся на іх аўтарытэт. У сувязі з тым, што мовай каталіцкай царквы стала латынь, у манастырах і саборных школах на зянятках чыталіся лацінскія тэксты, г.зн. творы антычных аўтараў. І нарэшце, пры манастырах і саборах былі бібліятэкі – адзіныя кніжныя цэнтры ранняга сярэднявечча, у якіх сканцэнтраваліся і захоўваліся ад знішчэння антычныя рукапісы. Такім чынам, манастыры і саборы ранняга сярэднявечча, якія былі і цэнтрамі хрысціянскай адукацыі, з’яўляліся і захавальнікамі рэшткаў антычнай культуры. Аднак трэба адзначыць, што гэта адносілася толькі да абмежаванага кола антычных помнікаў – тых, якія не выклікалі да сябе варожых адносін з боку царквы. Астатняе бязлітасна знішчалася. Развіццё феадальных адносін на велізарных тэрыторыях Усходу і Захаду адбывалася нераўнамерна. Таму адзначаецца несупадзенне этапаў развіцця культуры. Звычайна паняцце “сярэнявечная культура” адносіцца да дараманскага (V–Х стст.), раманскага (ХІ–ХІІ стст.) і гатычнага перыядаў (ХІІ–XIV стст.), а таксама да культуры Візантыі (V–XV стст.). Візантыя. У IV ст. Рымская імперыя раскалолася на Заходнюю і Усходнюю. Усходняя – Візантыя, створаная ў 395 г., праіснавала амаль цэлае тысячагоддзе, з’яўляючыся прадаўжальніцай эліністычнай культуры. Дзяржаўнай мовай у Візантыі лічылася грэчаская. Кнігай кніг была Біблія. Сярод іншых жанраў – працы гісторыкаў, хронікі, жыція святых, творы аратарскага майстэрства, эпісталярныя творы, трактаты па адміністрацыйным кіраванні, геаграфічныя творы, падарожжы і інш. Адным са знакаміцейшых візантыйскіх вучоных і пісьменнікаў быў Іаан Дамаскін (VIII ст.), які ў сваім творы “Крыніца ведаў” выклаў асновы ўсёй сумы тагачасных ведаў для хрысціянскага свету. Найбольш поўна распрацаваў прынцыпы прыдатнасці антычнай спадчыны для хрысціянскай сістэмы адукацыі Васілій Кесарыйскі – “Аб тым, як юнакам здабываць карысць з паганскіх кніг”. З антычнай навукай была цесна звязана візантыйская філасофія. Цярпімасць да “паганскай” літаратуры стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця кніжнай культуры. У сярэдзіне IV ст. у сталіцы Візантыі быў заснаваны імператарам Канстанцінам ІІ дзяржаўны скрыпторый, які ўзначальваў спецыяльны чыноўнік – архонт, у падначаленні якога было мноства каліграфаў. Праца перапісчыкаў аплачвалася дзяржавай. У скрыпторыях былі звычайна вялікія бібліятэкі, у якіх пачалі прымяняць на кнігах шыфр і расстаўляць іх у адпаведнасці з ім. Існавалі бібліятэкі пры манастырах у Канстанцінопалі, Афоне, дзе таксама меліся скрыпторыі. Кнігі ранніх сярэднявечных бібліятэк Візантыі былі ў асноўным выкананы на пергамене, які, праўда, меў не танны кошт, што прымусіла перапісчыкаў перайсці да палімпсестаў (на саскрэбленыя старыя тэксты наносілі новы). У VI – VII стст. скруткі замяняюцца “кодэксамі”, у VIII–IX стст., крыху ранней, чым у Заходняй Еўропе, з’яўляюцца кнігі на паперы. Мастацтва афармлення кнігі паступова набірае моц і ў ХІ ст. дасягае свайго росквіту. У гэты час канчаткова сфармаваліся ўсе элементы арнаментыкі візантыйскай кнігі: шыкоўныя фронціспісы і віньеткі, застаўкі, раслінны арнамент на палях, арнаментаваныя ініцыялы. У пераплёце часцей пачынаюць выкарыстоўваць (асабліва для літургічных кніг) слановую косць, золата, эмаль, каштоўныя камяні. Кніга была багатым падарункам імператараў і нават прыданым візантыйскіх прынцэсаў. У IV – VII стст. у Візантыі былі распаўсюджаны бібліятэкі пры вышэйшых навучальных установах. Некаторы час захоўвалася слава бібліятэк універсітэтаў у Афінах і Александрыі. Школьныя і універсітэцкія установы, вялікая колькасць бібліятэк, майстэрань па перапісванні кніг (скрыпторыяў) былі сканцэнтраваны менавіта ў Канстанцінопалі. Універсітэт у Канстанцінопалі быў заснаваны яшчэ імператарам Феадосіем ІІ у 425 г. як дзяржаўная ўстанова, якая, праўда, у хуткім часе прыйшла да ўпадку. Аднак у ХІ ст. універсітэт быў узноўлены, была ўзноўлена таксама і бібліятэка універсітэта, спаленая ў 726 г. імператарам Львом ІІІ Ісаўрам (змагаўся за паслабенне ўплыву манастыроў, наносячы значныя страты манастырскім бібліятэкам, забараняючы перапісваць кнігі). Бібліятэкай канстанцінопальскага універсітэту загадваў спецыяльны служыцель-“бібліяфіл”. У 330 г. у Канстанцінопалі была створана унікальная багатая публічная бібліятэка, вядомая пад назвай бібліятэкі імператара Канстанціна. У шматколькасным штаце бібліятэкі былі перапісчыкі грэчаскіх і лацінскіх кніг, якія капіравалі і ўзнаўлялі тэксты. На 475 г. у бібліятэцы налічвалася 120 тысяч тэкстаў. (напрыклад, для напісання твораў Гамера была выкарыстана змяіная скуры, на якую залатымі літарамі быў нанесены тэкст). Панёсшая значныя страты ад пажару ў 477 г., ад пастаянных рабаванняў крыжаносцамі, бібліятэка ўсё ж была ўзноўлена ў 1361 г. Міхаілам Палеолагам, які аднавіўшы сталіцу ў Канстанцінопалі, у прыбудове да свайго палацу ў чарговы раз пачаў збіраць імператарскую бібліятэку. У ХІІ ст. для падрыхтоўкі тэолагаў у Канстанцінопалі была арганізавана вышэйшая патрыяршая школа, пры якой знаходзілася бібліятэка канстантанцінопальскага патрыярха, створаная яшчэ ў VIII ст. У ІХ ст. патрыяршым бібліятэкарам тут працаваў Канстанцін (Кірыл), які таксама выкладаў філасофію ў вышэйшай навучальнай установе Канстанцінопаля. Фонд бібліятэкі акрамя царкоўных рукапісаў, змяшчаў шмат унікальных кодэксаў па розных галінах навук. Ерэрычныя творы захоўваліся ў асобных скрынях. Ёсць некаторыя звесткі аб тым, што шэраг канстанцінопальскіх манастыроў адкрывалі ў сябе і бібліятэкі для міранаў. З VI ст. Канстанцінопаль славіўся значнымі бібліяфільскімі зборамі вучоных, прафесараў, настаўнікаў, сярод якіх візантыйскі вучоны Леў Матэматык, збіральнік твораў антычнасці, эцыклапедыст патрыярх Фоцій (820–891 гг.), вядомы сваёй працай “Мірыябібліён” (“Тысячакніжжа”) па бібліяграфічным апісанні калекцый. Непапаўняльныя страты візантыйскім кнігасховішчам нанеслі крыжаносцы, якія знішчалі кнігі, рабавалі бібліятэкі (1204 г.). Пасля крыжовых паходаў і турэцкіх заваяванняў Візантыя пала (1453 г.), што мела значныя страты і для бібліятэк, фонды якіх толькі ў нязначнай колькасці былі вывезены ў Заходнюю Еўропу і славянскія краіны, уцякаўшымі вучонымі і бібліяфіламі. Вядома, што да нашых дзён дайшло толькі каля 11 тысяч старажытных кодэксаў з манастырскіх збораў Візантыі. Трэба сказаць, што візантыйская кніжная традыцыя пакінула значны след у развіцці кнігі як у Заходняй Еўропе, так і Усходзе. ЗАХОДНЯЯ ЕЎРОПА. У Заходняй Еўропе вядучую ролю ў захаванні культурнай спадчыны антычнасці, а менавіта ў пераемнасці развіцця адукацыі, навукі і культуры адыгралі таксама манастырскія бібліятэкі, якія з’яўляюцца ў V – VI стст. Сярод іх выдзяляюцца унікальныя зборы бібліятэкі манастыра Віварый (на поўначы Італіі, недалёка ад Неапаля), заснаванага ў 555 г. Касідорам. Касідор адыграў значную ролю ў справе тэарэтычнага абгрунтавання ітэлектуальнай хрысціянскай культуры. Ён быў упэўнены, што новая культура павінна засвоіць культуру папярэднікаў і перш за ўсё з дапамогай бібліятэкі. Створаны ім Віварый – узор манастырскай бібліятэкі сярэднявечча. Ім было распрацавана “ Кіраўніцтва да вывучэння боскай і свецкай літаратуры ” – па камплектаванні фондаў манастырскіх бібліятэк. Скрыпторый і бібліятэка сталі абавязковай часткай сярэдявечнага манастыра. Перапісванне царкоўных кніг прыраўнівалася да апостальскага подзьвігу. У V – VIII стст. Заходняя Еўропа ўяўляла сабой тры вялікія германскія дзяржавы: франкскую ў Галіі, вестготскую ў Іспаніі і лангабардскую ў Італіі, а таксама некалькі невялікіх дзяржаў у Брытаніі і Германіі. Менавіта на поўначы, у Брытаніі і Ірландыі пачынае складвацца той тып манастыра з бібліятэкай і скрыпторыем пры ёй, які безпаспяхова прывіваў у Італіі і Галіі Касідор. Адпаведна тут склаўся тып бібліятэк, які адыграў важную ролю ў развіцці пераемнасці новай культуры. Найбольш значная – бібліятэка Кентэрберыйскага абацтва. З поўначы на кантынентальную Еўропу рушылі манахі-месіянеры, які садзейнічалі стварэнню манастырскіх бібліятэк у Італіі. Найбольш значнымі бібліятэкамі былі бібліятэкі бенедыкціянскага ордэна ў манастырах у Бобіа і Монтэ Касіна. Па статуту манастыроў манахі павінны былі разам з фізічнай працай займацца чытаннем і перапіскай кніг. Бібліятэкі бенедыкціянскіх манастыроў сталі нават тым фундаментам, дзякуючы якому адбыўся культурны ўздым Заходняй Еўропы ў VIII – Х стст. раманска-германская краіна была аб’яднана. Аднак большасць манастырскіх бібліятэк мелі сціплыя зборы. Сярэдні аб’ём фонду бібліятэкі складаў ад 200 да 300 кніг (кодэксаў), а найбольш значныя – 500-600 кніг. У большасці сваёй змест кнігазбораў складала багаслоўская тэматыка, але сустракаліся і антычныя творы. У ІХ – ХІ стст. яны распаўсюджваюцца ў манастырах Францыі і Польшчы. Разам з выкарыстаннем антычнай культуры для паглыблення дагматаў хрысціянства, адбывалася і іх цэнзураванне і знішчэнне. Афіцыйнай датай зацвярджэння першага індэкса забароненых кніг лічыцца 325 г., калі на Нікейскім саборы былі аддадзены анафеме арыянскія ерэтычныя творы, што стала прэцыдэнтам для наступных забарон. Так, у 405 г. папа Інакенцій І склаў наступны спіс ерэтычных твораў, якія падлягалі знішчэнню. Бібліятэкі царквы. І ўсё ж самымі распаўсюджанымі ў гэты перыяд застаюцца манастырскія бібліятэкі, іх колькасць павялічваецца. Растуць фонды (да 1тысячы тамоў), у якіх асноўнае месца займае багаслоўская літаратура, аднак паступова мяняецца жанравы склад фондаў: з’яўляюцца хронікі, каментарыі, паказальнікі, павучанні, энцыклапедыі, кіраўніцтвы, даведнікі, аповесці, раманы, паэмы, песні. Мова разнастайная – лацінская, арабская, нацыянальныя мовы. Змяншаецца фармат: вялікі застаецца ў Біблій і літургічных рукапісаў. З’яўляюцца зводныя каталогі. У правілах манастыроў з’яўляецца дазвол выносіць кнігі за межы манастыра, што паспрыяла пашырэнню кола чытачоў. Фонды манастырскіх бібліятэк дзеляцца на 2 часткі: даступныя ўсім чытачам і прызначаня для выбраных. Папаўняліся манастырскія бібліятэкі за кошт паступленняў з скрыпторыяў, якія лічыліся неад’емнай часткай кнігасховішча. Перапісваліся ў некалькіх экзэмплярах: для бібліятэкі, для школы пры манастыры, абацтве ці епіскапстве. Каталогамі служылі інвентарныя вопісы, шафныя вопісы. Прымянялася алфавітная і сістэматычная расстаноўка фондаў. У ІХ – Х стст. бібліятэкі манастырскага тыпу атрымліваюць усё большае распаўсюджанне. З’явілася нават выказванне, што манастыр без бібліятэкі, тое ж, што лагер без узбраення. А Фама Аквінскі пісаў: “Сапраўдная скрабніца манастыра – бібліятэка, без яе ён усё роўна, што кухня без катла, стол без ястваў, калодзеж без вады, рэчка без рыбы, плашч без іншага адзення, сад без кветак, кашалёк без грошай, лаза без вінаграда…” Гэта бібліятэкі-скрыпторыі. З другой паловы ХІІ ст. кніга і бібліятэка становяцца здабыткам не толькі царквы, але школ, універсітэтаў. Паказчыкам роста адукаванасці асобных пластоў грамадства становяцца прыватныя бібліятэкі. Бібліятэкі сярэднявечных універсітэтаў. Першыя універсітэты ў Еўропе ўзнікаюць у ХІІ ст. Аднак яшчэ ў ХІ ст. з’явілася бібліятэка Балонскай школы права ў Італіі, якая набыла статус універсітэта. У той жа час узнікла і бібліятэка медыцынскай школы ў Салерна. У перыяд з ХІІ і да пачатку ХIV ст. універсітэцкія бібліятэкі засноўваюцца ў Парыжы, Монпелье (Францыя), Оксфардзе, Кембрыджы (Англія), Саламанцы (Іспанія), Лісабоне (Партуглія). У ХIV ст – Празе, Кракаве, Вене (Аўстрыя), Йене, Эрфурце, Гейдэльберце (Германія); у XV ст. – у Швецыі, Даніі. На пачатак XVI ст. у Еўропе было больш за 60 універсітэцкіх бібліятэк. Універсітэты мелі свае скрыпторыі. У фондах бібліятэк шырэй была прадстаўлена свецкая літаратура. Аднак абмежаванні ў выдачы кніг заставаліся. Існавалі правілы і парадак рэгістрацыі і выдачы кніг. Кнігі, прызначаныя для чытання ў бібліятэцы прыкоўваліся ланцугамі да пюпітраў, пра гэта нярэдка адзначалася ў каталогах, якія раскрывалі фонд бібліятэкі па прадметах. Прыватныя бібліятэкі. Нягледзячы на забарону царквы мець свецкім людзям бібліятэкі, патрэбнасць у чытанні пад уплывам развіцця навукі, рамёстваў, гандлю ўзрастае. Шмат прыватных бібліятэк было ў Англіі. Гэта бібліятэка абата Джона Уітамстыда, які меў значны збор твораў аўтараў старажытных аўтараў, італьянскіх гуманістаў. Збіраў сямейную бібліятэку герцаг Хемфры Глостарскі. Ён атрымліваў рукапісы з Італіі, Францыі. Пазней яго бібліятэка трапіла ў фонд бібліятэкі Оксфардскага універсітэта. Бібліяфіл Джон Ціптоф меў 400 тамоў, сярод якіх былі і ўкрадзеныя бібліятэчныя рукапісы антычных аўтараў, гуманістаў. Самай знакамітай прыватнай бібліятэкай Англіі была бібліятэка дарэмскага епіскапа Рычарда дэ Бёры. Мяркуецца, што на яе фонд у 1500 тамоў быў складзены каталог. Як дыпламат дэ Бёры падарожнічаў у Італію, Германію, Францыю і там набываў кнігі. Кнігі для яго расшуквалі манахі бедных ордэнаў. Планаваў аддаць сваю бібліятэку студэнтам Оксфардскага універсітэта. Вядомы сваёй працай “Філабіблон”. Сярод прыватных бібліятэк пэўную групу займаюць каралеўскія бібліятэкі, многія з якіх увайшлі азней у склад нацыянальных. Некаторыя з іх прадаўжаюць іменавацца Каралеўскімі – у Капенгагене (у Даніі), у Швецыі, у Бруселі імя Альберта І. Найбольш ранняй па часе ўзнікнення была бібліятэка французскіх каралёў, якую заклаў Карл V (1364–1380). Інвентарны вопіс, які захаваўся ў Парыжскай нацыянальнай бібліятэцы, налічвае 1 тысячу апісанняў. Асноўны здабытак фондаў бібліятэк гэтага часу – з’яўленне літаратуры на розных еўрапейскіх мовах, – разнастайнасць зместу, друкаваныя адбіткі з гравіраваных досак. Рост фондаў прывёў да ўзнікнення тэарэтычнага інтарэсу па пытаннях рацыяналізацыі размяшчэння кніг у кнігасховішчах, іх групоўкі ў каталогах, абмежаванне доступу да ідэалагічна шкоднай літаратуры. БАЛГАРСКАЕ ЦАРСТВА. У 681 г. была заключана афіцыйная дамова паміж славяна-балгарскай дзяржавай і Візантыяй, што аказала дабратворны ўплыў на першае балгарскае царства, славянскую культуру. Садзейнічала гэтаму і прыняцце хрысціянства ад Візантыі ў 865 г. У 892–927 гг. пры двары балгарскага цара Сімеона існаваў славянскі літаратурны цэнтр. ІХ – пачатак Х ст. лічацца залатым векам балгарскага пісьменства, які быў звязаны з імёнамі паслядоўнікаў справы Кірылы і Мяфодзія – гэта чарнарызец Храбр і Іаан Экзарх. Узнік культ кнігі. Помнікі балгарскага пісьменства таго часу атрымалі распаўсюджанне і на землях Старажытнай Русі. У гэты перыяд значную ролю адыгралі Охрыдскі і Прэслаўскі літаратурныя цэнтры або акадэміі, у якіх ажыццяўлялі пераклад царкоўных кніг, іх перапісванне і ўпрыгожанне. Для дэкаратыўнага афармлення ранніх балгарскіх рукапісаў прымянялася балканская “пляцёнка”, геаметрычны або раслінны арнамент. У Х–ХІ стст. пры буйнейшых цэрквах і манастырах, царскіх палацах узнікаюць першыя бібліятэкі (у Плісцы, Вялікім Прэславе, Охрыдзе і інш.). Аднак візантыйцы пасля заваявання балгар (1018–1187) імкнуліся знішчыць славянскую дзяржаўнасць, культуру, бібліятэкі. Новы пад’ём наступае са стварэннем другога балгарскага царства (пасля 1187 г.). Але і ён быў не доўгім, бо пад навалай асманскіх туркаў ізноў гінуць старажытныя цэрквы (218) і манастыры (33), а разам з імі і бібліятэкі. БЕЛАРУСЬ. Перадумовамі стварэння бібліятэк на тэрыторыі старажытнай Беларусі, якія пачалі складвацца ў канцы ІХ – Х стст. з’явіліся · ўзнікненне пісьменства, · распаўсюджанне хрысціянства · і разам з гэтым – рукапісных кніг. У Ніканаўскім летапісе (1003 г.) у пераліку “граматных” свецкіх людзей першым названы князь Ізяслаў Уладзіміравіч, які “прилежаша прочитанию” кніг. Пра высокі на той час узровень пісьменнасці кажуць таксама графіці полацкіх храмаў, каштоўныя помнікі эпітафікі “Барысавы камяні”. На развіццё кірылаўскай рукапіснай кнігі паўплывалі культурныя сувязі з Маскоўскай Руссю і Украінай. Беларускія рукапісныя кнігі ствараліся ў Полацку, Тураве, Друцку, Слуцку, Супраслі, Менску, Новагародку, Куцейне, Віцебску. Перапісчыкамі былі людзі рознага сацыяльнага паходжання – ад князёўны (Ефрасінні Полацкай) да звычайнага гараджаніна (пісца Марціна з Гальшан). ПОЛАЦКАЕ І ТУРАЎСКАЕ КНЯСТВЫ. У ХІ – ХІІ стст. са стварэннем незалежных княстваў – Полацкага і Тураўскага, ростам гарадоў, умацаваннем ўлады мясцовай знаці патрэба ў граматных людзях, якія маглі б кіраваць дзяржаўнымі справамі, садзейнічаць развіццю гандлю і рамяства, значна ўзрастала. Гэта спрыяла і росту патрэбнасці ў кнігах, у стварэнні бібліятэк. Першыя звесткі аб заснаванні бібліятэк на тэрыторыі Беларусі, якія мы адносім да ХІ ст., у пэўнай ступені з’яўляюцца ўскоснымі, бо складзены па адзінкавых звестках аб перапісванні кніг у ХІ ст. Так, у “Жыцці Ефрасінні Полацкай” (найранейшае датуецца XIV ст.) адзначана: “ (С)лучи же ся девице сей учене быти книжному писанию, еще не достигше ей в совершен возраст телеснаго нстества и молитвы плод, и толма бысть любяще учение яко чудится отцу ея о толице любви учениа еяю Вести же разшедшейся по всем градом о мудрости ея и о блазем учении ея... ” (Жыціе Еўфрасінні Полацкай // Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ – першая палова XVI ст. Мн., 2003. С.106). Хаця тут і няма прамых указанняў па якіх кнігах вучылася Прадслава-Ефрасіння, што так высока была ацэнена яе мудрасць і любоў да навукі, аднак можна дапусціць, што паходзілі яны з бібліятэкі полацкіх князёў. Верагодней за ўсё, што гэта быў прыватны кнігазбор Усяслава Брачыслававіча, дзеда Прадславы. Акрамя таго бібліятэкі існавалі пры цэрквах, саборах, а таксама іх маглі мець і некаторыя рэлігійныя дзеячы (напрыклад, Кірыла Тураўскі). У гэты перыяд шырокае распаўсюджанне атрымалі пераклады богаслужбовых кніг, якія прывозіліся з Візантыі, з грэчаскай мовы на царкоўнаславянскую. Ствараліся і арыгінальныя творы, напрыклад “Словы” Кірылы Тураўскага. У Полацку, Тураве, Смалеску займаліся летапісаннем. Першай з вядомых нам царкоўных, а дакладней – саборных, бібліятэк на тэрыторыі Беларусі была бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора. Частка кніг гэтай бібліятэкі захавалася і да нашых дзён. Датай стварэння бібліятэкі прынята лічыць год заснавання сабора – 1066 г. Аснову фонда бібліятэкі складалі кнігі для правядзення царкоўнай службы. Гэта абавязковы набор такіх богаслужбовых кніг для праваслаўнай царквы, як статут, альбо тыпікон (Тыпікон Вялікай Царквы, Студыйскі статут, Іерусалімскі статут). Частка кніг для бібліятэкі была ахвяравана сабору полацкім князем Усеваладам, праўнукам кіеўскага князя Уладзіміра. Манахі Сафійскага сабора займаліся перапіскай кніг, якія атрымлівалі з іншых сабораў і манастыроў, ад прыватных асоб. Пры саборы існаваў скрыпторый. У ХІІ ст. перапіскай кніг займалася Ефрасіння Полацкая, якая арганізавала пры Спаскім манастыры школу, дзе вялася падрыхтоўка манахінь для перапіскі кніг. Пад кіраўніцтвам Ефрасінні дзейнічалі скрыпторыі, у працы якіх вызначалася спецыялізацыя па стварэнні ініцыялаў, мініяцюр, пераплёту. Падзел працы сведчыў аб росце патрэбы ў кнігах. Кнігі захоўваліся ў манастырскай бібліятэцы. Яшчэ ў юнацтве Ефрасіння далучылася да перапісвання кніг і перакладаў з іншых моў, сама пісала арыгінальныя творы. Ужо ў бацькоўскім доме апрача набажэнскай і іншай рэлігійнай літаратуры, княжацкая дачка мела доступ да розных свецкіх кніг, як “Ізборнік”, “Александрыя” і інш. Перапісаныя Ефрасінняй кнігі часткова ішлі на продаж, а выручаныя грошы раздаваліся бедным. У часы Ефрасінні, а можа, і раней у Полацк маглі трапіць кнігі святых Кірылы і Мяфодзія, што стала вядома з апісання бібліятэкі Сафійскага сабора, зробленага ў канцы XVI ст. Не з’яўляецца супярэчлівай і гістарычная верагоднасць, што асветніца магла мець перапіску з Візантыяй (полацкія князі знаходзіліся ў сваяцкіх адносінах з візантыйскім імператарскім домам), а таксама, што яна ліставалася з суайчыннікамі і братамі па духу Кірылам Тураўскім, Кліментам Смаляцічам, а таксама, магчыма з аўтарам “Слова пра паход Ігаравы”. У ХІ – ХІІ стст. бібліятэкі існавалі і ў Турава-Пінскім, Менскім, Гродзенскім, Смаленскім княствах на тэрыторыі этнічнай Беларусі. Невялікая бібліятэка была пры Прэабражэнскай царкве ў Тураве. У ёй захоўвалася Тураўскае евангелле ХІ ст., невялікі ўрывак якога зараз знаходзіцца ў бібліятэцы АН Літвы. Асабітую бібліятэку меў Кірыла Тураўскі – рэлігійны дзеяч і пісьменнік, творы якога былі добра вядомымі за межамі Тураўскай зямлі і захоўваліся ў бібліятэках Старажытнай Русі. Невялікія бібліятэкі мелі Менскі кафедральны сабор (ХІІ ст.), Благавешчанская царква ў Віцебску, Барысаглебская царква на Каложы ў Гродне і інш. Звесткі аб многіх царкоўных бібліятэках не захаваліся, але іх наяўнасць бяспрэчная. Нават звычайная прыходская царква павінна была мець 8 абавязковых богаслужбовых кніг. У царкоўных бібліятэках захоўваліся і кнігі свецкага зместу. КІЕЎСКАЯ РУСЬ (КІЕЎ, НОЎГАРАД, ЧАРНІГАЎ, ПСКОЎ). Першыя бібліятэкі на тэрыторыі Старажытнай Русі з’явіліся ў перыяд стварэння старажытнарускай феадальнай дзяржавы – Кіеўскай Русі. У Кіеве, Ноўгарадзе, Чарнігаве, Уладзіміры і іншых старажытнарускіх гарадах шырокае распаўсюджанне атрымалі пісьменства, перапіска старажытнаславянскіх і пераклад замежных кніг. У гарадах адкрываліся вучылішчы для падрыхтоўкі духавенства і граматных людзей, неабходных для дзяржаўнай службы. Ужо ў Х – ХІ стст. на Русі навучанне ў школах вялося па кнігах, напісаных на грэчаскай, славянскай і старажытнарускай мовах. Пасля ўвядзення хрысціянства ў 988 г. Кіеўскі князь Уладзімір сабраў дзяцей знатных асоб і аддаў іх “на учение книжное”. У летапісе (1028 г.) указваецца, што князь Яраслаў Мудры, каб “учити книгам”, сабраў у Ноўгарадзе да 300 дзяцей. Для “кніжнага навучання” манахаў была арганізавана школа пры Кіева-Пячорскім манастыры (ХІ ст.). Кнігі і іншыя помнікі пісьменства збіраліся вялікімі князямі і вышэйшым духавенствам, у царкоўных саборах, манастырах, скрыпторыях. У летапісе (1037 г.) адзначалася, што Яраслаў Мудры сабраў у Кіеве шмат пісцоў для перапіскі славянскіх і перакладу грэчаскіх кніг. Частку гэтых кніг ён “положи в святой Софии церкви”. Такім чынам была заснавана першая бібліятэка на Русі. Паступова колькасць бібліятэк павялічвалася. Асабліва пры княжанні Яраслава Мудрага было шмат перапісана і перакладзена, што садзейнічала распаўсюджанню і бібліятэк. У Ноўгарадзе ў сярэдзіне ХІ ст. у Сафійскім саборы (1045–1051 гг.) узнікла другая буйная старажытнаруская бібліятэка, частка кніг якой захавалася да нашага часу (НБ Р). У ХІ–ХІІ стст. бібліятэкі адкрываліся пры царкоўных саборах у Чарнігаве, Уладзіміры, Растове і інш. гарадах. Тады ж з’яўляюцца першыя манастырскія бібліятэкі. Самай старажытнай лічыцца бібліятэка Кіева-Пячорскага манастыра (ХІ ст.), якая мела багаты збор старажытнарускіх і перакладных кніг. Ад старажытнарускіх бібліятэк не захавалася вопісаў ці каталогаў. Аб складзе іх фонду гавораць толькі нямногія помнікі кніжнага пісьменства. У асноўным – рэлігійныя творы. З перакладных твораў – жыція святых, гістарычныя, філасофскія, творы па геаграфіі, пераклады грэчаскіх і лацінскіх раманаў і апавяданняў – “Александрыя”, “Аповесць аб Акіры” і інш. Пэўнае месца ў фондах магла займаць і арыгінальная старажытнаруская літаратура, як летапісы (“Аповесць мінулых часоў”), дзяржаўныя дакументы, гістарычныя казанні, быліны і інш. Царква, змагаючыся з “ерассю” і распаўсюджаннем навуковых ведаў, знішчала “непатрэбную” літаратуру. Гінулі кнігі і бібліятэкі падчас феадальных міжусобіц, войнаў, пажараў. Пра гэта згадваюць і старажытныя летапісы. Першыя бібліятэкі служылі для распаўсюджання і замацавання рэлігійнай і дзяржаўнай улады феадальнага грамадства. Гэта былі ўстановы з абмежаваным доступам карыстання: для феадалаў і духавенства. Асабістыя бібліятэкі. Зборам кніг займаўся Яраслаў Мудры, пра якога ў летапісе гаворыцца, што ён любіў царкоўныя статуты і да кніг праяўляў руплівасць, часта чытаючы іх ноччу і днём. Бібліятэка Яраслава Мудрага, заснаваная ў 1037 г., уяўляла з сябе, па меркаванні сучасных даследчыкаў, поліфунцыянальную сістэму з шэрагам падсістэм. Маецца на ўвазе, што бібліятэка з’яўлялася цэнтрам духоўнага і рэлігійнага жыцця, навуковым і асветніцкім цэнтрам. Гэта і кнігасховішча, і архіў (княскі, мітрапалічы, гарадскі). Пры бібліятэцы працаваў скрыпторый, дзейнічала пачатковая, “ніжняя” школа. Прыкладна кнігазнаўцы называюць і колькасць кніг у фондзе бібліятэкі – 950 тамоў: каля 30 – богаслужбовыя кнігі, іншая рэлігійна-дыдактычная літаратура (пераклады і творы мясцовага паходжання – айцоў царквы, творы старажытных аўтараў) “ядро” фонда бібліятэкі, а таксама фондаў саборных, манастырскіх, царкоўных бібліятэк. Кнігі былі на старажытнарускай, царкоўнаславянскай, грэчаскай мовах. Па сутнасці бібліятэка стала своеасаблівым бібліятэчным калектарм, з якога 17 епархій Кіеўскай Русі атрымлівалі літаратуру. Аўтар Ізборніка 1076 г. “грэшы Іаан” указвае, што праца “избрани из многихъ книг княжих”, што ўскосна пацвярджае існаванне значнага кнігазбору Яраслава Мудрага, якім пісьменнік карыстаўся. У Ізборніку Святаслава 1073 г. сучасныя ўкраінскія даследчыкі ўбачалі і зараджэнне бібліяграфічнага апісання вякікакняскай бібліятэкі. Сёння на Украіне працуюць над рэканструкцыяй фонда бібліятэкі Яраслава Мудрага, якая дасць магчымасць узнавіць карціну інтэлектуальнага, навуковага, кагніталагічнага ўзроўняў кіеварускага грамадства, фундамента кніжных традыцый Старажытнай Русі. Асветнікам слыў і сын Яраслава Мудрага, чарнігаўскі князь Святаслаў, які напаўнаў свае “клети” боскімі і свецкімі кнігамі. Ізборнік Святаслава (1076 г.) быў складзены, як ужо адзначалася, з многіх кніг княскіх. Уладальнікам кніг і бібліятэк быў вялікі князь Уладзімір Манамах, адпраўляючыся ў дарогу браў кнігі з сабой для чытання. Чытаць рэлігійныя кнігі любіў Яраполк Уладзіміравіч. Кіеўскі мітрапаліт Іларыён, ігумен Кіева-Пячорскага манастыра Феадосій, яго вучань Грыгорый, як сведчаць крыніцы валодалі ўласнымі кнігамі. Большасць старажытнарускіх бібліятэк не захавалася да нашага часу. Татара-мангольскае нашэсце нанесла вялікія страты зборам у Кіеве, Разані, Уладзіміры, Чарнігаве і іншых гарадах. 4.2. БІБЛІЯТЭЧНАЯ ДУМКА ЭПОХІ СЯРЭДНЯВЕЧЧА. Флавій Магн Аўрэлій Касідор Сенатар(каля 487 г. – пасля 578 г.) – пісьменнік, дзяржаўны дзеяч, культурны і царкоўны дзеяч остготскай дзяржавы. Служыў пры двары готскіх каралёў. Пасля заканчэння службы стаў заснавальнікам манастыра Віварыум і скрыпторыя пры ім. Арганізаваў першую сярэднявечную школу пісьма ў антычных традыцыях і багацейшую бібліятэку, у якой захавалася мноства антычных кніг. У каментарыях да Псалмоў Касідор выказваў думку аб неабходнасці для лепшага разумення Бібліі вывучаць антычную спадчыну, чым садзейнічаў захаванню яе кніжнасці. Вядомы як біблітэказнаўца сваёй працай “ Парады (настаўленні) па духоўным і свецкім чытанні ” або “Кіраўніцтва да вывучэння боскай і свецкай літаратуры”, якое мае шырокі тэматычны дыяпазон. Гэта быў своеасаблівы энцыклапедычны звод, які быў адным з асноўных школьных твораў, што перадаваў “простым и неотесанным братьям” назапашанае Рымам багацце культуры. У першую чаргу гэта таксама – дапаможнік па камплектаванню фондаў манастырскіх бібліятэк, своеасаблівая рэкамендацыйная бібліяграфія, у сучасным успрыняцці, якая была зарыентавана на чытачоў-манахаў і, найболей на манахаў-перапісчыкаў. Дададзім, што “Кіраўніцтва” – гэта і каталог першай сярэднявечнай бібліятэкі Еўропы. Клапаціўся Касідор і аб высокім узроўні перапіскі кніг, дакладным парадку і ў срыпторі, і ў бібліятэцы, якую разглядаў як скарбніцу манастыра. У яго працы можна знайсці рэкамендацыі аб тым, як загалоўкі рабіць чырвоным колерам, у якую аправу пераплесці кнігу, як арганізаваць майстэрні пісьма і кнігасховішчы. Касідорам распрацоўваюцца таксама пытанні граматыкі і рыторыкі; ён уводзіў чытача ў вывучэнне сямі свабодных мастацтваў. Акрамя звестак па сутнасці таго ці іншага “мастацтва” прыводзілася бібліяграфічная інфармацыя. “Кіраўніцтвамі”, асабліва яго першай часткай, карысталіся не адно стагоддзе. Яно дайшло да нас у многіх спісках. Касідор быў пачынальнікам шматлікіх пакаленняў “антыкварыяў”, “лібрарыяў”, “скрыпторыяў”. Некаторыя з унікальных кодэксаў Віварыя захаваліся ў арыгіналах да сучаснасці. Фоцій (820–891 гг.)– збіральнік твораў антычнасці, эцыклапедыст, візантыйскі патрыярх. Аўтар “ Мірыабібліёна ” (“Тысячакніжжа”) – спроба бібліяграфічнага апісання калекцый. У працы прыведзены каля 300 антычных і хрысціянскіх твораў, якія былі прачытаны ў літаратурным гуртку пад кіраўніцтвам Фоція. Яго праца – адзін з першых сярэднявечных вопытаў бібліяграфічнага апісання антычных і візантыйскіх, язычніцкіх і хрысціянскіх кніг. Дзякуючы гэтаму мы ведаем аб многіх творах, якія да нас не дайшлі ў арыгінале, а вядомы толькі па Фоціевым спісе. Гэта працы гісторыкаў, серыі хронік, жыція святых і іншая багаслоўская літаратура, творы аратарскага майстэрства, эпісталярныі, трактаты па адміністратыўнаму будаўніцтву, геаграфіі, заканадаўчыя дакументы. Асноўнай кнігай была Біблія. Ефрасіння Полацкая (каля 1110 – 1173 гг.). Звесткі аб жыцці і дзейнасці Ефрасінні дайшлі да нас дзякуючы “Жыціі Ефрасінні Полацкай”, якое было створана, верагодна, неўзабаве пасля яе смерці. Старэйшы спіс датуецца XIV ст. Арыгінальнасць гэтага твора – у сцвярджэнні неабходнасці ведаў, любові да кнігі, у ідэі духоўнага ўдасканалення, праслаўленні падзвіжніцтва, самаадданым служэнні вышэйшым маральным ідэалам. Ідэал ведаў і асветы, любоў да кнігі і найперш да Бібліі ў сярэднявеччы былі шляхам спасціжэння Божай мудрасці, твораў тэалагічнага характару. Шлях дасягнення ідэалу неадлучны ад боскага слова і ведаў, занатаваных у кнігах Свяшчэннага пісання. Перапіска, распаўсюджанне кніг – адна з найважнейшых і богаўгодных місій чалавека. У гэтым сэнс дзейнасці Ефрасінні па перапісванні кніг. Кірыла Тураўскі (каля 1130 – пасля 1190 гг.) – пісьменнік, царкоўны дзеяч, багаслоў. Аб тым, што Кірыла Тураўскі сваёй перапісваў кнігі, непасрэднага сведчання не захавалася. Аднак ён быў чытачом розных аўтараў, якіх ён адлюстраваў у сваіх творах: Іана Златавуснага, Грыгорыя Назіяніна, Епіфанія Кіпрскага, Феафілакта Балгарскага, Сімяона Лагафета, Ціта Байстрыйскага. Акрамя гэтага карыстаўся апакрыфічнай кнігай Эноха, якая была ў спісах забароненых царквой кніг. Напісаў 8 слоў-казанняў, 2 прытчы пра душу і цела, 2 казанні пра манаскі чын, 2 пасланні, 2 каноны і каля 30 малітваў, якія дайшлі да нас у спісах ХІІІ ст. 2 словы прысвечаны чытанню. Так, “Слове святога Кірылы аб кніжным чытанні і навуцы” гаворыцца: “Паслухайце, братове, і ўразумейце, дзеці, як належыць нам вераваць у адзінага Бога, у Тройцы існага, – у Бацьку і сына Духа Святога, – і спадзявацца на яго аднаго і павучацца, схіліўшыся да святых кніг – Евангелля, Апостала, Парамійніка, Псалтыра і іншых, а да адрочаных кніг не звяртацца ніколі. Адрочаныя ж: Астраномія і Зоралік, Соннік, Зёльнік, Чароўнік, Птушыныя Чары, Громнік, Каляднік і Жэрабнік. Бо прароцтвы лжывыя ў іх, на святых паклёпы ўзводзяцца. Кнігамі гэтымі д’яблаў прывабліваюць і гутараць з імі. У параўнанні са святымі кнігамі гэтыя маняць і невукаў дураць. А ім падобныя кнігі халдзейскія і элінскія байкі – таксама кашчунныя...” (Асветнікі і мысліцелі Беларусі: энцыклапедычны даведнік. Мн., 1995. С.626–627). Прыведзеныя словы можна, ў пэўнай ступені лічыць і першым беларускім кіраўніцтвам па чытанні. У ХІІІ ст. з’яўляецца першы дапаможнік па арганізацыі бібліятэкі. Яго аўтар – Рышард дэ Фурнэвіль (1201–1260). Яго праца “ Кнігаведанне ” характарызуе магчымасці бібліятэкі ў абслугоўванні чытачоў. Аднак гэта праца не ўлічвала новых дасягненняў па сістэматызацыі ведаў і перадавых поглядаў. Не супадалі погляды Фурневіля з поглядамі Роджэра Бэкана (каля 1214-1294). У Бэкана класіфікацыя будавалася на прызнанні раўнапраўя тэарэтычных і практычных дысцыплін. Аднак яго ідэі знайшлі ўвасабленне толькі ў XVII ст. Рычард дэ Бёры (сапраўднае прозвішча Онжэрвіль, 1286–1345) – англійскі дзяржаўны дзеяч, епіскап і бібліяфіл. Сабраў багатую калекцыю старажытных манускрыптаў, якую завяшчаў Оксфардскаму універсітэту (бібліятэка не захавалася, рассеяна па розных прыватных калекцыях). Вядомасць дэ Бёры прынёс трактат, напісаны на латыні – “ Філабібліён ” (“Любакніжжа”, 1345) – арыгінальнае даследаванне аб карысці чытання і любові да кніг. Упершыню твор быў надрукаваны ў Германіі, у Кёльне (1473). На рускай мове поўнасцю апублікаваны ў 1984 г. “Філабібліён” быў задуманы як завяшчанне, першае бібліяфільскае завяшчанне, і своеасаблівая інструкцыя карыстання бібліятэкай. Адначасова гэта гімн кнізе, аўтабіяграфічная аповесць, а таксама бібліятэказнаўчая работа сярэднявечча. “Філабіблон” у шматлікіх спісах разыўшоўся па Еўропе. 7 з іх ёсць зараз у Брытанскім музеі, па два – у Бруселі, Мюнхене, па аднаму – у Дарэме, Базелі, Рыме, Венецыі, Капенгагене, Гётынгеме. Ужо ў 1353 г. Урыўкі “Філабіблона” былі выкарыстаны ў універсітэцкім статуце Оксфарда. З 1473 г. “Філабібліён” выдаваўся 35 раз на 10 мовах. Рычарда дэ Бёры сталі лічыць бацькам еўрапейскай бібліяфіліі.
|