Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






ЛЕКЦЫЯ 3. Бібліятэкі Антычнай эпохі ў Грэцыі і Рыме






Антычная культура – унікальная з’ява ў гісторыі сусветнай цывілізацыі. Яна, па сутнасці, стала той асновай, на якой вырасла сучасная еўрапейская культура. “Духоўная Еўропа мае месца нараджэння. – пісаў нямецкі філосаф Эдмунд Гусерль. – Я маю на ўвазе не геаграфічнае, у адной з краін, хаця і гэта таксама правільна, але духоўнае нараджэнне ў адной з нацый, і, адпаведна, у асобных людзях і групах, якія належалі гэтай нацыі. Гэта старажытнагрэчаская нацыя VI і VIІ ст. да Н.Х. У ёй сфарміравана новая ўстаноўка індывіда ў адносінах да акружаючая свету”.

Чалавек антычнага свету – гэта чалавек, які не проста ўспрымае думкі, якія з’явіліся дзякуючы боскаму пачатку, але і чалавек, які сам мысліць. Узнікае патрэбнасць у развіцці навукі, ва ўспрыняцці яе і як сукупнасці ведаў, і як працэса атрымання новых ведаў.

У антычнай Грэцыі з’яўляецца само слова “бібліятэка”, якое было звязана са з’ўленнем пэўнага тыпу бібліятэкі – бібліятэкі мусейона. Ідэя стварэння мусеонаў у Грэцыі належала афіняніну Арыстоклу па прозвішчы Платон (427–347 гг. да н.ч.). Мусейон уяўляў сабой пэўнае аб’яднанне людзей на адзінай рэлігійна-этнічнай аснове. Мусеон з’яўляўся адначасова культавай, навукова-даследчай установай і адукацыйным цэнтрам. Значнае месца ў мусейоне адводзілася бібліятэцы. Само памяшканне бібліятэкі знаходзілася разам са значнымі грамадскімі службамі ў Афінскім акропалі – грамадскім цэнтры дзяржавы.

Самыя раннія дадзеныя аб антычных бібліятэках адносяцца да першай паловы ІІ тысячагоддзя да н.ч. Адна са старажытнейшых бібліятэк знаходзілася пры вядомай школе натурфіласофіі Піфагора. Багатую бібліятэку меў уладар вострава Самас Палікрыт. У V-IV стст. да н.ч. цэнтрам інтэлектуальнага жыцця Грэцыі становяцца Афіны. Адукаваныя афінскія грамадзяне мелі свае бібліятэкі – Эўклід, драматург Эўрыпід. Адна з прыватных бібліятэк належала Арыстоцелю (384–321 гг. да н.ч.) і налічвала каля 40 тыс. скруткаў. Ёю карысталіся вучні і сябры вучонага. Бібліятэка Арыстоцеля ўвайшла ў склад мусейона ў адным з цэнтральных раёнаў Афін.

Патрэбнасць у кнігах у антычным свеце была вялікай, што пацвярджаецца існаваннем у V ст. да н.ч. у Афінах і кніжных лавак, уладальнікі якіх не толькі прадавалі рукапісы, але і выраблялі іх на заказ. Грэчаскі вучоны Дэмафіл стварыў працу “ Аб кнігах, вартых набыцця ”, своеасаблівы рэкамендацыйны бібліяграфічны паказальнік. Арыстафан у сваёй камедыі “Птушкі” паказвае, як афіняне адразу ж пасля снедання бягуць у кніжныя лаўкі, каб азнаёміцца з новымі кнігамі і абмеркаваць іх. Купцы, адпраўлячыся ў далёкія краіны, бралі з сабой у ліку іншых тавараў і кнігі. Кнігамі гандлявалі на агоры – месцы народных сходаў. Збіранне кніг станавілася звычайнай спрвай і стымулявала стварэнне кніжнай прадукцыі больш высокай якасці.

Антычная бібліятэка з’яўляецца бібліятэкай, якую адначасова можна разглядаць і як агульнадаступную (для чытачоў з пэўных пластоў грамадства), і як установу, якая служыла навуцы. Развіццё навукі ў Грэцыі ў гэты перыяд перайшло ад вуснага навучання да навучання пісьмовага, заснаванага на практыцы чытання, на карыстанні зафіксаванымі тэкстамі, арыгіналамі або эталоннымі тэкстамі.

Бібліятэка пачынае выконваць зусім на іншым узроўні функцыю скрыпторыя, дзе можна зрабіць копію бібліятэчнага дакумента, а таксама мець гарантыю сапраўднасці тэкстаў вялікіх грэчаскіх драматургаў – Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і іншых. Роля антычнай бібліятэкі актывізуецца і ўзмацняецца ў жыцці ўсяго грамадства. Бібліятэка становіцца менавіта галоўным звяном сістэмы распаўсюджвання навуковых ведаў і звяном, якое забяспечвала жыццядзейнасць сістэмы адукацыі.

Антычная навука звязана з часам. Для яе прынцыпова важна, што было створана да гэтага іншымі пакаленнямі, што ствараецца ў дадзены момант. У антычным свеце з’яўляецца гісторыя як навука. (першы гісторык – Герадот).

Галоўнае адрозненне антычнай бібліятэкі ад “прабібліятэкі” заключаецца ў тым, што бібліятэка перастае быць установай, якая збірае любыя пісьмовыя (матэрыяльныя) дакументы. Яна становіцца ўстановай, якая захоўвае дакумент, які мае значэнне не як архіўны (адзіны) дакумент, а як дакумент, які можа быць распаўсюджаны і “тыражыраваны”. Бібліятэка нясе адказнасць за сапраўднасць дакумента. Бібліятэка працягвае выконваць і развіваць свае асноўныя функцыя фондазберажэння і пачынае звязваць яе з выкананнем функцыі абслугоўвання.

Бібліятэкі эліністычнага свету (бібліятэка Александрыйскага мусейона, бібліятэка ў Пергаме). Пасяля смерці Аляксандра Македонскага ў 323 г. да н.ч. яго вялікая дзяржава распадаецца на шэраг эліністычных дзяржаў: эліністычны Егіпет, Пергам, Македонію і інш. Пры дварах уладароў гэтых дзяржаў жывуць вучоныя і паэты. Адкрываюцца школы. Жрацы, кіруючы ўсім духоўным жыццём грамадства ствараюць бібліятэкі.

Найбольш значную ролю ў жыцці эліністычнага свету адыгралі два цэнтры – Александрыя, сталіца эліністычнага Егіпта, і Пергам, сталіца Пергамскага царства. Менавіта там узніклі буйнейшыя для свайго часу бібліятэкі.

Александрыя. Самай значнай бібліятэкай антычнага свету была Александрыйская бібліятэка – бібліятэка Александрыйскага мусейона. Яе нярэдка называюць буйнейшай публічнай бібліятэкай эліністычнага свету. Першыя Пталамеі (правячая дынастыя) стварылі ў Александрыі Мусейон – акадэмію навук старажытнага свету. Гэта была адначасова вышэйшая школа, навуковы інстытут, вялікая бібліятэка. Главой мусейона быў захавальнік бібліятэкі, які адначасова з’яўляўся выхавацелем нашчадка егіпецкага уладара. Па традыці пасаду захавальніка (главы) бібліятэкі займалі вучоныя і паэты – Зенадот Эфескі, Апалоній Радоскі, Калімах, Эрастафен, Арыстафан Візантыйскі, Апалоній Эйдограф, Арыстарх Самафракійскі і інш. У бібліятэкара было шмат памочнікаў, кожны з якіх выконваў свае абавязкі: улік новых рукапісаў, разбор і прагляд манускрыптаў, капіраванне твораў, нагляд за парадкам, зберажэнне рукапісаў ад молі і сырасці.

Рукапісы захоўваліся ў шафах з гарызантальнымі паліцамі і закрываліся двухстворкавымі дзверцамі.

Фонд Алесандрыйскай бібліятэкі быў расстаўлены ў сістэматычным парадку. Кнігі падзяляліся на асноўны і запасны фонд Дублікаты захоўваліся не ў цэнтры горада.

Александрыйская бібліятэка была самай багатай і найбольш поўнай бібліятэкай свету таго часу. Галоўнай задачай бібліятэкі быў збор грэчаскай літаратуры і пераклад іншых твораў на грэчаскую мову.

Бібліятэка Александрыйскага мусеона была заснавана ў пачатку ІІІ ст. да н.ч. За дзвесце гадоў свайго існавання яе фонды сталі налічваць 700 тыс. скруткаў. Пталамеі былі апантаны ідэяй стварэння космапалітычнага цэнтра свету і таму імкнуліся сабраць усе кнігі (скруткі) свету, выдзяляючы на гэта практычна неабмежаваныя сродкі. Так, была выкуплена бібліятэка Арыстоцеля, арыгіналы твораў Эсхіла, Эўрыпіда, Сафокла.

У 310–240 гг. да н.ч. у Александрыйскай бібліятэцы працаваў Калімах – вучоны, паэт, аўтар 800 твораў па гісторыі, граматыцы, паэзіі. На пасаду бібліятэкара ён быў запрошаны Пталамеем І. Галоўнай працай Калімаха, якая яго праславіла, – гэта унікальны бібліграфічны паказальнік з анатацыямі – “ Pinakes ” (Спісы), які складаўся з 120 скруткаў – “ Каталог пісьменнікаў, хто праславіўся ва ўсіх галінах ведаў і прац, якія яны напісалі ”. Каля адной восьмай часткі фонда бібліятэкі адлюстравана ў працы Калімаха. На той час бібліятэка налічвала прыкладна 40 тыс. скруткаў. Праца Калімаха – гэта адначасова сістэматычны каталог і бібліяграфічны паказальнік. У адпаведнасці з сістэмай Калімаха вылучаюцца

· мастацкая літаратура падзялялася на 6 раздзелаў – эпасы, элегіі, ямбы, меліка, трагедыі, камедыі;

· навуковая літаратура – на 5: гісторыя, рыторыка, філасофія, медыцына, заканадаўства;

· быў выдзелены асобны раздзел – “рознае”.

Унутры кожнага раздзела кнігі размяшчаліся па імёнах аўтараў, дадавалася кароткая біяграфія аўтараў і спіс яго прац. Каля назвы кожнай работы ўказваліся першыя некалькі слоў тэксту, колькасць скруткаў і лік радкоў ў кожным скрутку. Праца не дайшла да нашага часу, але вядома дзякуючы граматыцы Арыстафана з Візантыі “Аб табліцах Калімаха”.

Александрыйская бібліятэка была абсталявана сталамі для чытання і пісьма, зручнымі крэсламі і мяккімі ложамі – як для камфартабельнасці, так і для забеспячэння захаванасці кніг. У бібліятэку прыязджалі многія чытачы з розных эліністычных краін.

Александрыйская бібліятэка не захавалася. У 47 г. да н.ч. большая частка фондаў была падрыхтавана для адпраўкі ў Рым (Юліям Цэзарам), але адбыўся пажар. Тое, што засталося ад бібліятэкі служыла людзям яшчэ да 389–391 гг., калі па распараджэнні хрысціянскага патрыярха Феафіла, яна была амаль знішчана. Прыкончылі яе існаванне арабы, якія занялі Александрыю ў 642 г. і бібліятэчнымі кнігі сталі паліць александрыйскія бані.

У 1974 г. адзін з прафесараў Александрыйскага універсітэта выступіў з ініцыятывай узнаўлення Александрыйскай бібліятэкі, якая была падтрымана, у тым ліку прэзідэнтам Егіпта, а таксама ЮНЕСКА і ААН. Праект, які атрымаў назву Бібліятэка Александрына (як называлася бібліятэка першапачаткова яшчэ пры заснаванні яе Пталамеямі), быў пачаты ў 1995 г і паспяхова завершаны ў 2001 г. Афіцыйна Александрына была адкрыта 16 кастрычніка 2002 г. У стварэнні бібліятэкі прынялі ўдзел 46 краін і 6 міжнародных арганізацый. Бібліятэка была ўзведзена на сваім былым месцы па спецыяльным праекце нарвежскіх архітэктараў. Сучасная Бібліятэка Александрына – навукова-культурны цэнтр і буйнейшая бібліятэка ў Афрыцы і Пярэдняй Азіі, міжнародны цэнтр па вывучэнні культур Сяродземнамор’я, Сярэдняга Усходу і Афрыкі.

Пергамскае царства існавала ў ІІІ – ІІ стст. да н.ч. Пергам – гэта свайго роду “навуковы цэнтр” таго часу. Пергамская ж бібліятэка, створаная царом Эўменам ІІ (197–160 гг. да н.ч.), сапернічала з Александрыйскай бібліятэкай. Згодна легендзе, егіпецкія уладары Пталамеі, забаранілі, баючыся канкурэнцыі з боку Пергама, вывозіць туды папірус, што ў сваю чаргу вымусіла пергамцаў адшукаць альтэрнатыву – пергамен (вырабленая скура казлянят і ягнят).

Будынак, у якім размяшчаліся фонды бібліятэкі, занаходзіўся на цэнтральнай плошчы горада. Кнігі займалі чатыры вялікія залы. Па словах Плутарха, там змяшчалася 200 тыс. кніг. Пергам быў медыцынскім цэнтрам, і таму бібліятэка спецыялізавалася пераважна на набыцці кнгі адпаведнай тэматыкі. Бібліятэка мела кнігасховішча, у мармуровых сценах якога былі нішы, зробленыя з кедра (абарона ад насякомых), вялікую і малую чытальныя залы. У штаце бібліятэкі былі перапісчыкі, перакладчыкі, работнікі, якія сачылі за захаваннем рукапісаў. Пры бібліятэцы была школа граматыкаў Кратэса з Малоса, складальніка каталога на фонд бібліятэкі.

У эліністычных дзяржавах існавалі і бібліятэкі навучальных устаноў. Вядома бібліятэка Радоскай гімназіі, на фонд якой захаваўся каталог. Знатныя вяльможы збіралі багатыя прыватныя бібліятэкі.

У 133 г. да н.ч. Пергам становіцца правінцыяй Рыма, а ў 43 г. да н.ч. Марк Антоній большую частку бібліятэкі падарыў егіпецкай царыцы Клеапатры.

За караткочасовым росквітам пачынаецца паласа ўпадку эліністычных дзяржаў. Жорсткая эксплуатацыя рабоў, бяднейшага свабоднага насельніцтва, сацыяльныя супярэчнасці сталі прычынай паўстанняў ў ІІ – І стст. да н.ч., якія аслабілі эліністычныя дзяржавы і аблягчылі іх захоп Рымскай імперыяй.

Бібліятэкі Старажытнага Рыма. Заваяваўшы ў ІІ ст. да н.ч. шэраг дзяржаў, у тым ліку Грэцыю, рымляне атрымалі доступ да багаццяў духоўнай культуры пераможаных народаў. Аднымі з іх трафеяў былі кнігі. Першай вывезенай ў 168 г. да н. ч. стала бібліятэка македонскага ўладара Пярсея. У 86 г. да н. ч. Сула вывез у Рым і бібліятэку Арыстоцеля.

У Старажытным Рыме кніга атрымала шырокае распаўсюджанне. Былі адкрыты буйныя майстэрні па перапісцы кніг, кніжныя лаўкі, у якіх можна было купіць творы аўтараў з усіх краін антычнага свету.

Напачатку бібліятэкі ў Рыме выконвалі нават чыста дэкаратыўную функцыю, аднак з часам быў засвоены і бібліятэчны светапогляд грэкаў, узніклі патрэбнасці ў стварэнні бібліятэк.

Пад уражаннем ад наведвання Александрыйскай бібліятэкі Юлій Цэзар (100–44 гг. да н.ч.) даручэў Марку Тэрэнцыю Варону займацца зборам і стварэннем бібліятэк. Адзін з яго твораў змяшчаў главу, прысвечаную бібліятэкам. Дзякуючы гэтаму матэрыялу, а таксама яшчэ раздзелу з дзесяцітомнага твора архітэктара Вітрувія (І ст. да н.ч.), можна ўявіць, як выглядалі бібліятэкі Старажытнага Рыма.

Звычайна бібліятэка размяшчалася ў порціках – паблізу храмаў, пры тэрмах (грамадскіх банях) або ў палацы і храмах. Галоўныя фасады бібліятэкі былі звернуты на ўсход. Рымскі архітэктар Вітрувій тлумачыў гэта тым, што ў бібліятэках займаліся раніцай у самы светлы час, а таксама такім размяшчэннем пабудоў перагароджваўся шлях шкодным для рукапісаў вільготным вятрам з поўдня і захаду. У мэтах пажарнай бяспекі кнігасховішчы аддзяляліся ад іншых памяшканняў вялікім калідорам. Чытальная зала была звычайна ў форме прамавугольніка або паўкола. Упрыгожвалі яе бюсты і статуі багоў, партрэты вялікіх людзей, пісьменнікаў. У нішах стаялі скульптуры. Падлога была з цёмнага мармуру. Шафы з кнігамі размяшчаліся ўздоўж сценаў, калі-нікалі ў цэнтры залы. У вялікіх бібліятэках шафы нумараваліся. Паліцы ў шафах падзяляліся вертыкальнымі перагагодкамі на гнёзды для скруткаў і пергаментных кніг, якія захоўваліся гарызантальна ў сістэматычным парадку. У бібліятэках былі каталогі.

Арганізатарам першай публічнай бібліятэкі прыкладна паміж 39 і 28 гг. да н.ч. стаў адзін з прыбліжаных Цэзара Азіній Паліон, які за свой кошт сабраў фонд сучаснай лацінскай літаратуры. На пачатак IV ст. н.ч. у рымскай дзяржаве налічвалася не менш, чым 30 буйнейшых публічных бібліятэк. У 28 г. да н. ч. па ініцыятыве імператара Аўгуста была створана Бібліятэка храма Апалона, імператарская. Самая знакамітая з бібліятэк рымскіх імператараў – бібліятэка Ульпіна, заснаваная ў Рыме імператарам Траянам (98-117 гг.), сапраўды магла спаборнічаць з Александрыйскай.

У Рыме з’явіліся бібліятэкі, якія змяшчалі рукапісы па якой-небудзь адной галіне ведаў.

Чытачы – паэты, вучоныя, чыноўнікі, знатныя і багатыя гараджане аддавалі перавагу працы непасрэдна ў чытальнай зале, чым магчымасці браць кнігі дадому.

Ствараліся дапаможнікі па камплектаванні бібліятэк такіх вучоных, як Герэній Філон (“ Аб набыцці і адборы кніг ” у 12 кнігах); граматыка Тэлефаса з Пергамы “ Тры кнігі аб веданні кніг, у якіх указваецца, якія кнігі вартыя набыцця ”.

Рымскія імператары вядомы і сваімі прыватнымі біблітэкамі, захапленнем бібліяфільствам.

Пры Клаўдыі (рымскі імператар 41-54 гг.) складваецца цэнтральнае кіраванне імператарскімі бібліятэкамі з пракуратарам начале. Пасада добра аплочвалася. Яе займалі высокаадукваныя людзі. Падсобны персанал складаўся з дзяржаўных або імператарскіх рабоў, спецыяльна падрыхтаваных для бібліятэчнай работы. У канцы ІІ – пачатку ІІІ ст. з’явіўся спецыяльны чыноўнік, які займаўся гаспадарчымі патрэбамі бібліятэк. Было створана адзінае кіраванне бібліятэкамі і адзіны цэнтр выкарыстання падсобнага бібліятэчнага персанала.

Бібліятэкі былі адным з абавязковых культурных інстытутаў рабаўладальніцкага грамадства, служылі замацаванню існуючых ў дзяржаве парадкаў, былі даступныя толькі рабаўладальнікам, узначальваліся часцей вучонымі. Складваліся пэўныя нормы папаўнення і арганізацыі фондаў, вядзення каталогаў, рэжыма захоўвання рукапісаў, арганізацыі абслугоўвання чытачоў.

У IV ст. адбыўся распад Рымскай імперыі на Заходнюю і Усходнюю. Большасць рымскіх публічных бібліятэк сгарэла, шэраг былі зачынены. Не закранулі варварскія пагромы Усходнюю Імперыю – Візантыю, якая квітнела яшчэ на працягу амаль тысячы гадоў (з 325 г. да яе ўпадку ў пачатку ХІІІ ст. і канчатковага разбурэння крыжаносцамі ў 1453 г.).

Падсумоўваючы асноўныя вынікі адзначым, што:

1. У антычным свеце з’яўляецца слова “бібліятэка”.

2. Ствараюцца першыя працы, прысвечаныя кнігам, іх адбору, камплектаванню; своеасаблівыя бібліяграфічныя паказальнікі, працы па сістэматызацыі бібліятэчных фондаў.

3. Бібліятэка акрамя функцыі збору і захавання пачынае выконваць і функцыю скрыпторыя (тыражыравання дакументаў).

4. Бібліятэка антычнасці – галоўнае звяно ў сістэме распаўсюджвання навуковых ведаў і ў сістэме антычнай адукацыі.

5. Менавіта тое, што дакументы могуць быць тыражыраваны і распаўсюджаны – вызначаюць бібліятэку як самастойную ўстанову. Антычная бібліятэка – гэта ўжо не архіў.

6. З’яўляецца, развіваецца і замацоўваецца за бібліятэкай функцыя абслугоўвання.

7. Адбываецца пашырэнне і падзел службовых абавязкаў бібліятэкара. Вызначаецца спецыялізацыя ў працы.

8. Удасканальваюцца каталогі.

9. З’яўляюцца структурныя падраздзяленні бібліятэкі: кнігасховішчы і чытальныя залы.

10. Узнікаюць спецыяльныя бібліятэкі.

11. Робяцца першыя спробы агульнага кіраўніцтва бібліятэкамі, бібліятэчным персаналам.

12. Асноўныя тыпы бібліятэк антычнасці – бібліятэкі пры навуковых і навучальных установах; прыватныя і публічныя бібліятэкі.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.011 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал