Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Уводзіны. Беларуская традыцыйная народна-інструментальная музычная культура ─ яркая, унікальная мастацкая з’ява






 

Беларуская традыцыйная народна-інструментальная музычная культура ─ яркая, унікальная мастацкая з’ява, вытокі якой знікаюць у глыбіні стагоддзяў. Шматлікасць праяў, багацце і разнастайнасць жанраў і формаў, у якіх выступае гэтая культура, яе шматвяковая гісторыя сведчаць аб той вялікай ролі, якую яна займала і займае сёння ў духоўным жыцці беларусаў.

Вучэбны курс «Беларуская традыцыйная народна-інструментальная музычная культура» аб’яднае ў адзіную структурна-лагічную сістэму дзве часткі: “Беларускія народныя музычныя інструменты (аўтэнтычныя)” і “Беларуская народная інструментальная музыка (традыцыйная)”.

Метады навучання абумоўлены прадметам, зместам, мэтай і задачамі курса. Асноўная форма заняткаў ─ лекцыйная. Яна прадугледжвае шырокае выкарыстанне ілюстрацыйнага фота ─, фона ─ і відэаматэрыялаў. На некаторых лекцыях выконваюцца практычныя заданні, сярод якіх: мэтанакіраванае праслухоўванне гуказапісаў з іх наступным вусным, або пісьмовым аналізам; стылявы параўнальны аналіз нотных тэкстаў; выкананне лепшых ўзораў беларускай народнай інструментальнай музыкі на інструменце; прагляд відэафільмаў з іх наступным абмеркаваннем і г.д. Веды, атрыманыя на лекцыях замацоўваюцца на семінарскіх занятках, доля якіх кожны семестр павялічваецца. Некаторыя тэмы выносяцца для самастойнай работы, прапануецца таксама падрыхтоўка рэфератаў, дакладаў. Такім чынам, дзякуючы розным формам работы забяспечваецца сувязь паміж тэарэтычным і практычным навучаннем будучага спецыяліста.

Агульны аб’ём вучэбных гадзін на дзённым аддзяленні складае 48 гадзін лекцыйных і семінарскіх заняткаў, на завочным аддзяленні ─ 12 гадзін. Курс «Беларуская народна-інструментальная культура» цесна звязаны са ўсім комплексам дысцыплін музычна-тэарэтычнага цыкла, з агульнымі дысцыплінамі ─ «Гісторыя Беларусі», «Этнаграфія і фальклор», «Сусветная мастацкая культура».

РАЗДЗЕЛ 1. ТЭАРЭТЫЧНЫЯ АСНОВЫ ЭТНАІНСТРУМЕНТАЗНАЎСТВА

 

Тэма 1.1. Этнаінструментазнаўства як навука і як вучэбны курс.

 

Працягласць лекцыі: 2 акадэмічныя гадзіны.

 

Пытанні лекцыі:

1. Песенны і інструментальны фальклор як дзве непарыўныя часткі традыцыйнай музычнай народнай творчасці.

2. Этнаінструментазнаўства як навука.

3. Асноўныя этапы развіцця этнаінструментазнаўства.

4. Мэта, задачы і вучэбна-метадычнае забеспячэнне курса.

 

Мэта лекцыі: Даць агульнае уяўленне аб этнаінструментазнаўстве ─ навуцы аб традыцыйнай народна-інструментальнай музычнай культуры.

 

1. Традыцыйная народная музыка (музычны фальклор) выступае ў двух формах ─ песенная і інструментальная творчасць. Абедзве формы вядомы ўсім грамадска-гістарычным фармацыям, пачынаючы з дакласавых грамадстваў ў ўключаючы сучасны свет. Існуе традыцыйная народная музычная творчасць толькі ў вусным выглядзе. Народная музыка мае выключна важнае выхаваўчае і эстэтычнае значэнне і, узнікаючы на аснове мастацкіх традыцый, адлюстроўвае калектыўна выпрацаваныя эстэтычныя прынцыпы працоўнага народу.

Да іншых відаў народнай творчасці ─ паэтычнай, харэаграфічнай, ─ музычны фальклор набліжаюць наступныя агульныя рысы:

− вусная форма захавання;

− вусная кантактная форма перадачы;

− калектыўнасць;

− варыянтнасць;

− традыцыйнасць.

Музычная творчасць выступае як вынік складанага дыялектычнага адзінства індывідуальнай і калектыўнай дзейнасці. Калектыўнасць праяўляецца як дзейнасць пакаленняў народных музыкантаў, як гістарычны адбор, удасканаленне, узбагачэнне праз шэраг лепшых мастацкіх рашэнняў, вынайдзеных асобнымі выканаўцамі. Калектыўнасць выступае як імгненная сатворчасць саўдзельнікаў мастацкага працэсу. Варыянтнасць праяўляецца ў творчым падыходзе да традыцыі і індывідуальнасці трактоўкі вядомых твораў. Традыцыйнасці ўласцівыя два бакі ─ устойлівасць і зменлівасць. З аднаго боку традыцыя з’яўляецца своеасаблівым «генетычным фондам», у якім захоўваецца мастацкі вопыт народу. З другога ─ для яе характэрна наватарства, праз якое індывідуальныя мастацкія пошукі і здабыткі далучаюцца да шматвяковай спадчыны, абнаўляючы і ўзбагачаючы яе. Такім чынам, у працэсе вуснай перадачы твораў кожнае пакаленне ўдзельнічае ў іх адборы і шліфоўцы, абагульняючы і зберагаючы пры гэтым мастацкі вопыт папярэдніх пакаленняў.

Нягледзячы на агульнасць сацыя-культурных асноў (вусная форма бытавання і перадачы, калектыўнасць, традыцыйнасць, варыянтнасць) і некаторых знешніх праяў (акустычна-прасторавыя асаблівасці існавання, выкарыстанне ў пэўных абрадах, стылістычныя рысы), песенная і інструментальная формы музычнага фальклору з’яўляюцца дыферэнцаванымі галінамі народнай творчасці, бо паміж імі існуе шэраг значных адрозненняў, якія праяўляюцца ў шматлікіх аспектах (аб гэтым падрабязней на наступных лекцыях).

Народная традыцыйная музыка вывучаецца навуковай дысцыплінай, якая называецца музычная этнаграфія. У розных краінах і ў розныя гістарычныя перыяды гэта навука вядома пад рознымі назвамі: музычная фалькларыстыка, музычная этналогія, этнамузыкалогія, этнамузыказнаўства. Музычная этнаграфія цесна знітавана з агульнай этнаграфіяй, фалькларыстыкай і сацыялогіяй.

2. Вывучэннем традыцыйных музычных інструментаў займаецца этнаінструментазнаўства (этнас ─ народ, інструментазнаўства ─ навука аб музычных інструментах).

Пры вывучэнні музычнага інструмента магчымы два падыходы да яго: матэрыяльны, як да з’явы матэрыяльнай культуры, і духоўна-эстэтычны, як да сродку стварэння музыкі. Першы падыход атрымаў ў навуцы назву арганалагічны, другі ─ арганафанічны. У першым выпадку вывучаюцца канструкцыйныя асаблівасці і патэнцыяльныя мастацкія магчымасці інструмента, ў другім інструмент даследуецца ва ўмовах яго рэальнага існавання, з ўлікам музыкі, якая на ім традыцыйна выконваецца.

Народны музычны інструмент ─ асноўны прадмет даследавання этнаінструментазнаўства. Крыніцамі этнаінструментазнаўства з’яўляюцца: пісьмовыя дадзеныя (ускосныя літаратурныя сведчанні, летапісы, хронікі, нотныя запісы, малюнкі, дэталі архітэктурнага дэкору і г.д.), матэрыялы археалагічных раскопак, старажытныя музычныя інструменты, непасрэдныя назіранні, дакументы экспедыцый (фота ─, фона ─ і відэазапісы). Асноўнымі параметрамі вывучэння народнага музычнага інструмента выступаюць: яго паходжанне, гісторыя бытавання, знешні выгляд, канструкцыя і спосаб вырабу, строй, гукарад, дыяпазон, тэхніка-выканальніцкія і мастацкія выразныя магчымасці, традыцыйныя формы і асаблівасці бытавання, характэрны рэпертуар, жанравыя і стылявыя рысы музыкі, якая выконваецца на гэтых інструментах.

Аб дасягненнях сучаснага этнаінструментазнаўства сведчаць сабраныя калекцыі музычных інструментаў і гуказапісаў розных народаў свету, выдадзеныя манаграфіі, шматтомныя Атласы і каталогі музычных інструментаў, грампласцінкі, CD, дакументальныя фільмы, якія з’яўляюцца вынікам плённай даследчай дзейнасці вучоных-этнаарганолагаў розных краін.

Метадалагічным апаратам сучаснага этнаінструментазнаўства з’яўляецца: комплексны падыход, гісторыка-параўнальны, сістэмны і тыпалагічны метады. Шырока выкарыстоўваюцца метады этнаарганалагічных (інструментазнаўчых) і этнаарганафанічных (праз музыку) даследванняў, канкрэтныя методыкі навукова-практычнага этнаінструментазнаўства: экпедыцыйная работа, нотная транскрыпцыя народнай музыкі, каталагізацыя і іншыя

3. Развіццё этнаінструментазнаўства як навукі ў Беларусі пачалося ў першай і другой палове ХІХ ст. У гэты час на падставе звестак аб музычна-інструментальнай культуры ўсходнеславянскіх народаў, знойдзеных у старажытных рукапісах і беларускай літаратуры ХІ─ ХУІІ стст. і назіранняў, якія былі зроблены пад час фальклорных экспедыцый, былі створаны першыя работы рускіх, беларускіх і польскіх фалькларыстаў і этнографаў, якія займаліся вывучэннем музычных інструментаў беларусаў: Я.Нікіфароўскага, С.Малевіча, Я.Раманава, А.Маслава, П.Шэйна, К.Машынскага, Ч.Пяткевіча. Самыя раннія запісы беларускіх найгрышаў, былі зафіксаваны польскімі і беларускімі музыкантамі: этнографам і кампазітарам А.Кольбергам, кампазітарам Я.Карловічам, скрыпачамі М.Ельскім і І.Трачыкам.

Другі этап ─ 1920─ 40-я гг. Уздым грамадскай цікавасці да традыцый нацыянальнага музычнага фальклору, звязаны з навукова-даследчай, прапагандысцкай і папулярызатарскай работай музычнай секцыі этнаграфічнага аддзела Інбелкульта, членаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк», супрацоўнікаў маскоўскага Дзяржаўнага інстытута музычнай навукі. Імі праводзіўся збор калекцыі беларускіх народных музычных інструментаў, экспазіцыя іх на Першай усесаюзнай с/г выставе ў Маскве (1923 г.) і на Міжнароднай выставе «Музыка ў жыцці народаў» ва Франкфурце-на-Майне (1927 г.). Першая спроба навуковай сістэматызацыі беларускіх народных музычных інструментаў была зроблена рускім даследчыкам М.Прывалавым у нарысе «Беларускія народныя музычныя інструменты» (1928 г.). Да нашага часу падмуркам даследванняў беларускіх этнаінструментазнаўцаў з’яўляюцца вынікі экспедыцыі рускіх фалькларыстаў Я.Гіпіуса, З.Эвальд, Ф.Рубцова на Беларускае Палессе, работы В.Бяляева, запісы на Палессі ўзораў беларускай народнай інструментальнай музыкі Ф.Калесы ─ вядомага ўкраінскага фалькларыста. Значным фактам было выданне грампласцінак з запісамі беларускіх народных музыкантаў: дудара Ф.Стэся, лірніка А.Ладуцькі, выканаўцаў на жалейцы Новікава і Кабардзінскага (часткова захаваліся ў Дзяржаўным архіве гуказапісаў ў Маскве)..

1950─ 60-я гг. ─ наступны этап развіцця беларускага этнаінструментазнаўства. Друкуецца першая навуковая этнаінструментазнаўчая работа І.Жыновіча, прысвечаная беларускім цымбалам. Канд. маст., супрацоўнікам музычнага сектара АН БССР І.Благавешчанскім распрацоўваюцца важныя навукова-метадычныя пытанні этнаінструментазнаўства. Ва ўмовах фальклорных экспедыцый запісваюцца на магнітафонную стужку ўзоры беларускай народнай інструментальнай музыкі даследчыкам Л.Фёдаравым (часткова захаваліся).

Сучасны этап развіцця беларускага этнаінструментазнаўства звязаны з сістэматычнай экспедыцыйнай работай ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі сектара музыкі ІМЭФ АН БССР. Збіраецца Дзяржаўная калекцыя беларускіх народных музычных інструментаў, друкуеюца абагульняючыя фундаментальныя манаграфіі І.Назінай: «Беларускія народныя музычныя інструменты» (1979, 1982, 1997), «Беларускія народныя найгрышы» (1986), «Беларуская народная інструментальная музыка» (1989). Вывучэннем рэгіянальнай народнай інструментальнай ансамблевай традыцыі Заходнягя Паазер’я займаецца А.Скарабагатчанка (1984─ 1995 гг.). Міжнародныя канферэнцыі па праблемах этнамузыкалогіі, работы сталых і маладых фалькларыстаў (М.Казловіч, Р.Падойніцына,) сведчыць аб стварэнні на Беларусі сучаснай нацыянальнай этнаінструментазнаўчай навуковай школы.

4. Мэта курса ─ пазнанне студэнтамі традыцыйнай народна-інструментальнай музычнай культуры Беларусі ва ўсей шматграннасці і своеасаблівасці яе праяў як цэласнай, сацыяльна і мастацкі значнай з’явы нацыянальнай, шырэй, сусветнай музычнай культуры. Падчас праходжання курса вызначаюцца наступныя агульныя задачы: засваенне гісторыі, а таксама асноўных законаў функцыянавання гэтай культуры ў розным сацыяльным і гістарычным кантэксце, вызначэнне дамінантных тэндэнцый яе развіцця ў розныя гістарычныя часы, вывучэнне спецыфічных, нацыянальна-характэрных асаблівасцяў гэтай культуры ў разнастайных формах яе існавання.

У выніку праходжання першай часткі курса «Беларуская народна-інструментальная музычная культура» студэнты павінны ведаць:

− музычны інструментарый беларускага народа;

− канструкцыю, тэхніка-выканальніцкія і мастацкія магчымасці традыцыйных народных інструментаў;

− умовы, формы і спецыфіку выкарыстання музычных інструментаў у народнай практыцы.

Студэнты таксама павінны ўмець:

− класіфікаваць беларускія народныя музычныя інструменты адпаведна сучаснай сістэме навуковай класіфікацыі;

− адрозніваць на слых тэмбры асобных беларускіх народных аўтэнтычных інструментаў;

− праводзіць жанрава-стылявы аналіз узораў традыцыйнай беларускай інструментальнай музыкі.

У межах часткі «Беларуская народная інструментальная музыка» пашыраюцца і паглыбляюцца веды студэнтаў аб інструментальным музычным фальклоры Беларусі. У задачы курса ўваходзіць:

─ выхаванне ўстойлівага прафесійнага інтарэсу да нацыянальнай народнай музычнай спадчыны, як самастойнай галіны духоўнай культуры народа і як асновы плённага творчага развіцця сучаснага беларускага мастацтва;

─ фарміраванне навукова-абгрунтаваных уяўленняў аб беларускай народнай інструментальнай музыцы;

─ набыццё ведаў аб жанравым саставе беларускай народнай інструментальнай музыкі ў розных формах яе бытавання;

─ азнаямленне ў агульных рысах з сучаснай методыкай жанравага і стылёвага аналізу і фарміраванне практычных навыкаў яго;

─ пашырэнне і замацаванне ведаў аб асноўных нацыянальна-харатэрных стылявых прыкметах беларускай народнай інструментальнай музыкі розных гістарычных і стылявых пластоў

Вывады:

− Традыцыйная народная музыка, вывучэннем якой займаецца музычная этнаграфія, аб’яднае песенны і інструментальны музычны фальклор;

− Для усіх відаў вуснай народнай творчасці характэрны такія агульныя рысы, як вусная форма захавання і перадачы, калектыўнасць, варыянтнасць і традыцыйнасць;

− Этнаінструментазнаўства ─ навука, прадметам вывучэння якой з’яўляюцца народныя музычныя інструменты Яны разглядаюцца як з’ява матэрыяльнай культуры і сродак стварэння музыкі. Гэта навука мае сваю гісторыю, вядучых прадстаўнікоў, паняцці, крыніцы, метады.

− Мэта этнаінструментазнаўства як вучэбнага курса заключаецца ў паглыбленым вывучэнні традыцыйнай інструментальнай музычнай культуры Беларусі, як самастойнай галіны духоўнай культуры народа.

Ключавыя паняцці: фальклор, традыцыйная песенная і інструментальная музычная культура, этнаінструментазнаўства.

 

 

Пытанні для самаправеркі:

1. Пералічыце агульныя рысы, якія характэрныя для ўсіх відаў фальклору ─ песеннага, інструментальнага, харэаграфічнага, вусна-паэтычнага.

2. Што з’яўляецца асноўнымі крыніцамі этнаінструментазнаўства?

3. Якія перыяды развіцця беларускага этнаінструментазнаўства вы ведаеце. Назавіце вядучых прадстаўнікоў.

4. У чым заключаецца мэта і асноўныя задачы курса “Беларуская традыцыйная народна-інструментальная культура”?

 

 

Літаратура:

1. Мухарынская Л., Назіна І., Якіменка Т. Этнаграфія музычная //Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. ─ Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1987. ─ Т.5. ─ С. 656─ 660.

2. Мухарынская Л., Якіменка Т. Беларуская народная музычная творчасць. ─ Мн.: Беларусь. 1983. ─ С.

3. Назіна І. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые/ [Ред. М.Гринблат]. ─ Мн.: Наука и техника, 1979. ─ С. 3 ─ 7.

4. Назина И. Становление и развитие белорусского этноинструментоведения как специальной научной дисциплины //Белорусская этномузыкология: Очерки истории (ХІХ─ ХХ вв.). ─ Мн.: Наука и техника, 1997.

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.01 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал