Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Шлюбна-сямейнае права Беларусі ў Х–ХVІІ стст. Сацыяльна-прававое становішча жанчын.






На развіццё інстытутаў шлюбна-сямейнага права ў Беларусі ў XVI ст. зрабілі ўплыў як нутраныя заканамернасці эвалюцыі сістэмы права, так і новыя ідэалагічныя, эканамічныя, палітычныя з'явы, што апісаныя як феномен эпохі Рэнесансу.

Перыяд фармавання юрыспрудэнцыі ў Беларусі вызначаецца гу-маністычным кірункам, у якім захоўваецца схаластычны метад і фарміруецца новы — сістэматычны. Пэўныя моманты сінтэзу названых метадаў адлюстраваліся на сістэме Статутаў Вялікага Княства Літоўскага, нягледзячы на тое што многія даследнікі характарызуюць яе як рымскую. Крыніцамі права гэтага перыяду былі дактрына, прынцыпы, закон, звычай. Прыярытэт дактрынальных крыніцаў у дадзены перыяд змяняўся прыярытэтам заканадаўчых, з чым і былі звязаны актыўныя кадыфікацыйныя працэсы.

Асновай новага стаўлення да сацыяльных і тэалагічных праблем шлюбу стаўся гуманізм як сістэма поглядаў з яго антрапацэнтрысцкай накіраванасцю. Свецкі характар гуманізму вызначыў трактоўку шлюбна-сямейных праблем з рацыяналістычнага гледзішча, разгляд іх у шчыльнай сувязі з праблемамі ўдасканалення чалавечага грамадства, самога чалавека.

Ідэалагічнае ўздзеянне гуманістычнай і рэфармацыйнай плыняў на светапогляд грамадства падало шлюбна-сямейныя дачыненні ў іншым аспекце. У адрозненне ад сярэднявечных тэалагічных прыярытэтаў бясшлюбнасці, аскетызму сям'я трактавалася як найважнейшы грамадскі інстытут. Ф. Скарына, М. Літвін, А. Валян ды іншыя, разглядаючы праблемы шлюбу і сям'і, падкрэслівалі сацыяльную значнасць сям'і як асноўнага элемента грамадства, узаемасувязь трываласці сям'і і стабільнасці дзяржавы. Гэта пацвярджаюць і працы А. Алізароўскага, П. Раізія, а таксама трактоўка праблем шлюбу ў " Катэхізісе" С. Буднага.

Такім чынам, у XVI ст. у Беларусі развіваюцца новыя погляды і канцэпцыі, якія вызначалі праблемы прававога рэгулявання сямейных дачыненняў, што стварыла ідэалагічны і тэарэтычны падмурак развіцця інстытутаў сямейнага права.

Новае прававое мысленне сталася падставай кадыфікацыі права, якая адбывалася на фоне партыкулярызму прававой сістэмы і ўвасобілася ў трох Статутах — 1529, 1566, 1588 гг.

У сувязі са своеасаблівасцю працэсу прававога развіцця ў гэтую эпоху асноўныя заканамернасці фарміравання прававых інстытутаў шлюбу і сям'і разгледжаны ў двух аспектах: нутраной дынамікі развіцця і вонкавага ўплыву. Пры гэтым даследваны працэсы развіцця шлюбна-сямейнага права ў перыяд прывілеяў, якія вызначалі фарміраванне маёмасных інстытутаў на аснове развіцця інстытутаў ўласнасці (спадкаванне, пасаг, вена); інстытуты асабістых шлюбна-сямейных дачыненняў знайшлі адлюстраванне ў прывілеях у выглядзе некалькіх нормаў-прынцыпаў.

Далейшае развіццё інстытутаў шлюбна-сямейнага права княства адбывалася ў форме Статутаў, ровень юрыдычнай тэхнікі якіх дазволіў вылучыць асноватворныя нормы шлюбна-сямейнага права ў асобны раздзел.

Зыходзячы з партыкулярнасці прававой сістэмы Вялікага княства ў XVI ст., пры даследванні працэсаў фарміравання і развіцця шлюбна-сямейнага права прааналізаваны асноўныя крыніцы права, што ўжываліся ў той час. На падставе праведзенага аналізу да ліку субсідыярных дактрынальных і заканадаўчых крыніц права Беларусі даследванага перыяду аднесены рымскае, царкоўнае, магдэбургскае права.

Аднак актыўны кадыфікацыйны працэс, які адбываўся на фоне партыкулярызму прававой сістэмы, меў на ўвазе пэўныя з'явы рэцэпцыі, што можна выразна прасачыць на інстытутах шлюбна-сямейнага права ў Статуце 1588 г. (запазычанне нормаў кананічнага шлюбнага права, уплыў рымскага і магдэбургскага права). Такая эвалюцыя ўяўлялася заканамернай, яна ўласцівая не толькі прававой сістэме нашага гаспадарства, але і іншым еўрапейскім сістэмам XIV—XVI стст.

3 аналізу крыніц шлюбна-сямейнага права можна зрабіць выснову, што падставай фарміравання і развіцця прававых інстытутаў былі прывілеі XV ст. і ўхвалы соймаў XVI ст. Разам з тым у прававой сістэме гэтага перыяду важнае месца належала кананічнаму (царкоўнаму), магдэбургскаму, рымскаму, звычаёваму праву, якія спрыялі працэсу праваўтварэння. Кадыфікацыя шлюбна-сямейнага права ў Беларусі ў XVI ст. суправаджалася складанымі працэсамі ўплыву названых крыніц права, але вызначальнай была нутраная заканамернасць развіцця інстытутаў шлюбна-сямейнага права ў Статутах 1529, 1566 і 1588 гг.

Разглядаючы формы шлюбу ў Беларусі XVI ст., неабходна адзначыць пераемнасць старадаўных традыцый, што захаваліся ў абрадавай форме, паганскіх звычаях. Інстытут шлюбу, як асноўны інстытут грамадства, шчыльна звязаны з гістарычным мінулым народа. Рэгуляванне шлюбных дачыненняў кананічным (царкоўным) правам адбывалася ва ўзаемасувязі з народнымі абрадавымі традыцыямі і звычаямі. Пры гэтым асноўная частка грамадства, як вынікае з актавага матэрыялу судоў і магістратаў, у дачыненні да шлюбу аддавала перавагу нормам звычаёвага права, над якім законы царквы не мелі яўнага прыярытэту.

Рэгуляванне шлюбных дачыненняў звычаёвым, кананічным і свецкім правам мела агульную тэндэнцыю да рэгламентацыі ўсіх стадый гэтых дачыненняў, імкнення ажыццявіць іх у законнай форме. Дзяржава ў асобе найвышэйшага заканадаўцы актыўна падтрымлівала працэс хрысціянізацыі шлюбных дачыненняў, пра што сведчыць запазычанне Статутамі, перадусім трэцім, нормаў кананічнага права. Тым часам судовыя органы, службовыя асобы, як вынікае з актаў, не былі паслядоўнымі выканаўцамі гэтых ідэй. Узнікла сітуацыя, калі афі-цыйны прыярытэт належаў царкоўнаму праву, але на практыцы шырока ўжывалася звычаёвае права, рэгулюючы значную частку шлюбных дачыненняў.

У дадзеным выпадку звычаёвае права, паводле афіцыйнага погляду, ёсць субсідыярнай крыніцай права, але выкарыстоўвалася яно не тады, калі кананічнае (царкоўнае) права мела прагалы, а тады, калі яно супярэчыла традыцыйнаму светапогляду. Даследванне шлюбна-сямейнага заканадаўства дазваляе зрабіць выснову: шлюбныя дачыненні — аснова стасункаў па роднасці і сваяцтве, на юрыдычным значэнні якіх засноўваліся нормы земскага, царкоўнага, магдэбург-скага права, што рэгулявалі шлюбна-сямейныя асабістыя і маёмасныя дачыненні.

Шлюбна-сямейныя дачыненні на аснове інстытутаў роднасці і сваяцтва аб'ядноўвалі мноства інстытутаў прыватнага права: пасагу, вена, спадкаемства, апекі ды інш.

Адной з галоўных інстытутаў матэрыяльнага забеспячэння сям'і ёсць інстытут пасагу. Як вынікае з актавага матэрыялу, ён фарміраваўся ў прывілейны перыяд, а канчатковае завяршэнне атрымала ў Статутах 1529, 1566 і 1588 гг. Прычым дадзены інстытут змяшчае менш запазычанняў з замежных сістэмаў права параўнальна з іншымі інстытутамі.

Названы інстытут адлюстраваў агульную тэндэнцыю прыватнага права да індывідуалізацыі правадачыненняў і фармальнай роўнасці ўсіх перад законам, імкненне да ўраўнавання ў маёмасных правах сямейнікаў. Акрамя таго, магчымасць атрымання ў пасаг чвэрці ляжачай маёмасці вызначала тэндэнцыю да яе спадкавання і асабістай незалежнасці жанчыны. Інстытут спадкаемства знаходзіцца ў шчыльнай сувязі з сямейным правам з прычыны залежнасці кола спадкаемцаў ад ступені звязанасці з сям'ёй і прыналежнай ёй маёмасцю.

3 аналізу інстытута спадкаемства ў прывілейны перыяд можна зрабіць выснову, што ён развіваўся, як і іншыя інстытуты матэрыяльнага забеспячэння, у выглядзе ільгот шляхце, скіраваных на пашырэнне яе правоў і свабод. Шчыльная ўзаемасувязь інстытутаў шлюбу і спадкаемства засноўвалася на праве спадчыны паводле закону асобы, якая валодала пэўнай праваздольнасцю: па праве роднасці і паходжання на падставе законнага шлюбу.

Аналізуючы развіццё інстытута спадкаемства па Статутах, неабходна адзначыць тэндэнцыю да ўраўнавання правоў на спадкаванне дзяцей абодвух полаў, што выявілася ў магчымасці дачок атрымаць у спадчыну частку ляжачай маёмасці, а таксама ў выкарыстанні бацькамі такой формы дамовы, як " запіс" у ролі юрыдычнай фікцыі, пад якой разумелася прававое афармленне розных дамоваў: падаравання, тэстамента пад умовай і г.д.

Статут 1588 г. упершыню замацаваў парадак спадкавання маёмасці, нажытай бацькамі супольна: дзеці ў выпадку смерці аднаго з бацькоў атрымлівалі ў спадчыну 2/3 яе, а траціну — удава (удавец). Гэтая норма ўжо не прадугледжвала перавагі сыноў пры спадкаванні паводле закону. Можна меркаваць пра яе запазычанне з магдэбургскага права.

Такім чынам, інстытут спадкаемства развіваўся на аснове прывілеяў і Статутаў. Нязначна паўплывалі на яе, магчыма, нормы магдэбургскага права.

Інстытут апекі паводле Статутаў меў два аспекты: абарона правоў непаўналетніх дзяцей і ахова інтарэсаў незамужніх жанчын. Апека пры гэтым разумелася як абарона правоў і інтарэсаў асобаў, якія мелі патрэбу ў ёй з розных прычынаў: страта аднаго або абодвух бацькоў, цяжар вядзення справаў па кіраванні маёмасцю. У канчатковым выніку апека ўяўляла сабою клопат дзяржавы пра асобаў, не здольных паклапаціцца пра сябе. Таму гэты інстытут кантраляваўся дзяржаўнай уладай асабліва пільна. Адрознівалася апека паводле закону, тэстамента, па прызначэнні дзяржавы.

3 аналізу інстытута апекі ў перыяд прывілеяў і Статутаў можна зрабіць выснову, што правы ўдоваў па апецы паступова звужаліся. Прычынай гэтага быў, відаць, інтэнсіўны эканамічны працэс, што патрабаваў актыўных гандлёвых і гаспадарчых аперацый, а таксама ўплыў такіх крыніц права, як рымскае і магдэбургскае.

Разгляд генезісу і развіцця інстытутаў шлюбна-сямейнага права з улікам названых асаблівасцяў дае падставу сцвярджаць, што фарміраванне і эвалюцыя яго асноўных маёмасных інстытутаў, такіх, як пасагу, вена, спадкаемства (паводле закону), адбыліся ў прывілейны перыяд. Першы Статут атрымаў практычна гатовыя формы, якія ў наступных Статутах былі дапрацаваныя, дэталізаваныя і размешчаныя адпаведна сістэме права. Такая з'ява дазваляе зрабіць выснову, што найважнейшыя маёмасныя шлюбна-сямейныя інстытуты фарміраваліся вакол інстытута ўласнасці.

Асабістыя шлюбна-сямейныя дачыненні пачалі рэгулявацца ў пазнейшы перыяд у асноўным у Статутах (шлюбныя стасункі паміж дзецьмі і бацькамі, пэўная частка дачыненняў па апецы). Пры аналізе развіцця інстытутаў шлюбна-сямейнага права неабходна адзначыць значэнне субсідыярных крыніц права ў працэсе кадыфікацыі, іх уплыў на сістэму права. Такім чынам, эвалюцыя інстытутаў сямейнага права Беларусі XVI ст. адлюстравала асноўныя заканамернасці працэсу фарміравання прававой сістэмы дзяржавы.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.006 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал