Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Асаблівасці ўтварэння і развіцця беларускай літаратурнай мовы
Беларуская этнаграфічная супольнасць узнікла на аснове славянскіх плямёнаў (крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў; гл.: (ШТЫХАЎ 1992, 23), а нормы яе пісьмовай літаратурнай мовы склаліся на працягу 14–15 стагоддзяў. Дадзеная мова праіснавала да пачатку 18 ст. і мае ў сучаснай лінгвістыцы назву старабеларуская. Разам са стараўкраінскай і рускай мовамі яна стваралася на базе адзінай старажытнаўсходне-славянскай (старажытнарускай) пісьмовай мовы, помнікамі якой з’яўляюцца «Астрамірава Евангелле», «Слова пра паход Ігаравы», творы Кірылы Тураўскага, «Аповесць мінулых гадоў», «Руская праўда» і інш. Усяго на перыяд 11–14 стст. прыпадае каля тысячы рукапісаў, што захаваліся да нашага часу. Старажытнаўсходнеславянская, або старажытнаруская, мова выдзелілася з агульнаславянскай ужо да пачатку 9 ст. і праісна-вала да 14 ст. У адрозненне ад заходнеславянскіх і паўднё-ваславянскіх ёй уласцівыя такія рысы, як поўнагалоссе (параўн.: бел. варона, бяроза, рус. ворона, береза, укр. ворона, береза і бал. врана, бреза, србх. врана, бреза, пол. wrona, brzoza, слав. vrana, breza, слц. vrana, breza, чэш. vrá na, brí za і інш.), вымаўленне ч, ж на месцы праславянскіх * tj, *dj (параўн.: бел. свечка, мяжа, рус. свеча, межа, укр. свіча, межа і бал. свещ, межда, пол. swieca, miedza, слц. svieca, medza, чэш. sví ce, mez і інш.), пераход насавых галосных e, Q ў а, у (параўн.: бел. мяса, дуб, рус. мясо, дуб, укр. м’ясо, дуб і пол. meso, dab і інш.), наяўнасць слоў тыпу грузд, куст, сапог і інш., што адсутнічаюць у астатніх славянскіх мовах. Першыя пісьмовыя тэксты на старажытнаўсходне-славянскай мове з’явіліся ў канцы 10 ст. і ўяўлялі сабой па сутнасці старажытнарускія зводы, або рэдакцыі стараславянскіх біблейскіх тэкстаў, перакладзеных з грэчаскай мовы. Працэс хрысціянізацыі і фарміравання кніжных моў у іншых славянскіх краінах пачаўся яшчэ раней, ужо ў другой палавіне 9 стагоддзя, з місіянерскай і асветніцкай дзейнасці салунскіх братоў Кірыла і Мяфодзія (гл.: GOLQB 1992, 13–20), якія стварылі на грэчаскай аснове азбуку (кірыліцу), што ва ўдасканаленым выглядзе прымяняецца ўсходнімі славянамі, балгарамі, сербамі, македонцамі да нашага часу. Літаратурныя помнікі на асобных славянскіх мовах пішуцца ў 13 стагоддзі, а да канца 16 стагоддзя большасць славянскіх моў мела сваю даволі развітую пісьменнасць. На някніжнай аснове складаецца балгарская літаратурная мова, дасягаюць свайго росквіту чэшская літаратурная мова (на працягу 16 ст. надрукавана шэсць тамоў Краліцкай Бібліі на ўзорнай чэшскай пісьмовай мове, гл.: СЕЛИЩЕВ 1941, 41), а таксама польская ў творах М. Рэя, Я.Каханоўскага, Л.Гурніцкага і інш. У 16 ст. парушана еднасць сербскахарвацкай літаратурнай мовы, існаваўшай на царкоўна-славянскай аснове, і ўзнікаюць на народным грунце розныя варыянты літаратурнай мовы (гл.: VINCE 1990, 23–24). Старабеларуская літаратурная мова, дасягнуўшая свайго росквіту ў 16–17 стст., уяўляла сабой, аднак, даволі стракатае аб’яднанне розных моўных плыняў, якія да канца так і не сінтэзаваліся ў гарманізаваную і арганічную еднасць, што давала падставу адным спецыялістам (О.М.Бадзянскі) называць яе самай «агіднай сумессю», на якой ніхто не гаварыў і не гаворыць (гл.: КАРСКИЙ 1962, 254), другім – проста «подлай» (М.Сматрыцкі, гл.: БЕЛАРУСІКА 1992, 268), трэцім – «брыдкай сумессю рускай і ляшскай моў» (Ю.Крыжаніч, гл.: ЯГІЧ 1910, 35) і інш. Зазначым, што не больш пахвальнай была ў свой час і характарыстыка рускай дапушкінскай мовы. Так, рускі пісьменнік І.С.Аксакаў сведчыў: «У канцы 18 ст. і на самым пачатку 19 ст. руская літаратурная мова была яшчэ толькі здабыткам аматараў славеснасці, ды і сапраўды не была яшчэ прыстасаванай і выпрацаванай для выражэння ўсіх патрэб перанятых у Еўропе ведаў і стасункаў... Многія рускія дзяржаўныя людзі, якія выдатна выкладалі свае думкі па-фрацузску, пісалі па-руску самым няўклюдным, варварскім спосабам, быццам з’язджалі з торнай дарогі на жорсткія камякі толькі што паднятай глебы» (гл.: ВИНОГРАДОВ 1982, 226). Яшчэ больш суровай была ацэнка тагачаснай рускай мовы паэтам К.М.Бацюшкавым: «Мова-то сама па сабе з’яўляецца кепскаватай, грубаватай, татаршчынай патыхае» (гл.: КАРСКИЙ 1962, 153), ці Ю.Крыжанічам, які лічыў рускую мову «вельмі беднай і ўбогай, ні на што не здатнай» (гл.: БУДИЛОВИЧ 1892, 318). Даволі выразныя часткі старабеларускай літаратурнай мовы складалі стараславянізмы, агульнаславянскія і ўсходне-славянскія моўныя кампаненты, уласна беларускія гутарковыя элементы, паланізмы, чэхізмы, запазычанні са старажытна-грэчаскай і лацінскай моў, запазычанні з заходнееўрапейскіх моў, найперш з нямецкай, цюркізмы і інш. (гл.: ГІСТАРЫЧНАЯ ЛЕКСІКАЛОГІЯ 1970). З улікам таго, што памянёныя разнамоўныя кампаненты лучыліся ў складаныя словы, словазлучэнні і сказы па ўзорах стараславянскіх, грэчаскіх, лацінскіх і іншых моўных канструкцый, можна лічыць матываванымі некаторыя адмоўныя характарыстыкі з боку асобных спецыялістаў тагачаснай беларускай літаратурнай мовы, якая тым не менш даволі паспяхова выконвала шматстайныя грамадскія функцыі, што засведчана ў многіх пісьмовых помніках, аб’яднаных наступнымі жанрамі. Дзелавая літаратура, да якой адносіліся гандлёвыя дагаворы, даравальныя граматы, судовыя і пасольскія кнігі, пастановы сейма, справаздачы, каралеўскія наказы, пісьмовыя правы на валоданне зямлёй і інш. Найбольш старажытнымі помнікамі дзелавой старажытнабеларускай літаратуры з’яўляюцца «Дагавор Полацка з Рыгай» 1330г., «Даравальная грамата» Вітаўта літоўскім канонікам 1399г., «Судзебнік» караля Казіміра Ягелончыка 1468г., «Кніга судовых спраў» 1516 г. і інш. Помнікі дзелавой пісьменнасці як рукапісныя, так і друкаваныя, прычым друкаваных значна больш, чым у тагачасных Расіі і Украіны, сабраныя амаль у 600 тамоў так званай Літоўскай метрыкі, што захавалася да нашага часу. Найбольш слынным дакументам гэтага перыяду служыць «Статут Вялікага Княства Літоўскага», помнік юрыдычнай літаратуры, які мае тры рэдакцыі (1529, 1566, 1588гг.), перакла-дзены на лацінскую і польскую мовы і доўгі час быў узорам для дакументаў прававога кшталту ў Еўропе. Дакумент забаронены для выкарыстання ў 1840г. пасля далучэння Беларусі да Расіі і канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе. Гэты «Статут» перавыдадзены ў нядаўнім часе (1989г.) у Мінску выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя». Дзелавая літаратура была пераважна пашыраным жанрам пісьменнасці і рускай мовы 16 ст. з найбольш вядомым помнікам таго часу «Дамастроем». Летапісы (захавалася каля 20 збораў) 15–17 стст. Сярод спісаў дадзеных пісьмовых твораў знаходзяцца Супрасльскі збор (сярэдзіна 15ст.), Увараўскі збор (15ст.), Віленскі зборнік 1495г., Зборнік Красінскага (сярэдзіна 16ст.), дзе апісваюцца жыційныя, ваенныя, княжаскія справы адпаведнага часу на тэрыторыі нашай краіны. Найбольш знакамітымі помнікамі летапіснай літаратуры з’яўляюцца «Чэцці-Менеі», напісаныя паповічам Бярозкам з Навагародка, які распавядае ў прыватнасці пра забойства Святаполкам Барыса і Глеба, а таксама Баркалабаўскі летапіс 17 ст., дзе апісваюцца падзеі 1545–1608 гг. у наваколлях Быхава. Перакладная жыцейская літаратура 15–16 стст. Да непа-срэдных перакладаў з грэчаскай мовы належаць творы «Алек-сандрыя», дзе апісваюцца паходы і подзвігі Аляксандра Маке-донскага (15ст.), «Гісторыя Траянскай вайны» аб заваяванні грэкамі Троі (сярэдзіна 16ст). Перакладамі з сербскай мовы з’яўляюцца «Аповесць аб Трыстане», а таксама «Гісторыя аб Атыле» і «Аповесць пра Баву» (16ст.). Рэлігійная літаратура (16–17 стст.). Да канфесійных пом-нікаў адносяцца як арыгінальныя, так і перакладныя творы з пасляслоўямі і тлумачэннямі на старабеларускай мове аўтараў і перакладчыкаў. Самымі вядомымі творамі згаданага жанру з’яўляюцца друкаваныя выданні 22 кніг Бібліі Францыска Скары-ны ў 1517–1519гг. спачатку ў Празе, а затым у Вільні. У кожнай кнізе змешчаны прадмовы, тлумачэнні, пасляслоўі гэтага буй-нейшага беларускага асветніка і першадрукара, вучонага і культурнага дзеяча, медыка і батаніка, філосафа і аднаго з найбольш яскравых еўрапейскіх энцыклапедыстаў свайго часу. Кнігі Скарыны былі першымі друкаванымі выданнямі ва ўсходняй Славіі, а яго пераклады Бібліі другімі надрукаваныя ва ўсім славянскім свеце пасля Пражскай Бібліі (1488г.). Прадмовы і пасляслоўі Скарыны да выдадзеных кніг з’яўляюцца не толькі ўзорам старабеларускай мовы, але і змяшчаюць цэлую філасофскую канцэпцыю беларускага асветніка, адметны светапогляд самага слыннага сына Беларусі (гл.: ФРАНЦЫСК СКАРЫНА 1988). Дзеяч рэфармацыі Сымон Будны з Нясвіжа напісаў і выдаў на старабеларускай мове ў 1562г. «Катэхізіс», дзе аддзяліў Хрыстоса ад Бога і лічыў чалавекам, апраўдаваў жыццё грэшнага чалавека перад Богам, выступаў супраць войн і прыгнёту. Асветнік і рэфарматар Васіль Цяпінскі заснаваў тыпаграфію і выдаў у сваім перакладзе на старабеларускую мову ў 1580г. «Евангелле», у прадмове да якога выклаў свае погляды на жыццё, ролю і неабходнасць школ і інш. Да гэтага ж часу адносяцца 30 зборнікаў – кітабаў (беларускія тэксты, напісаныя арабскай графікай татарскімі мусульманамі), у якіх добра адлюстраваны асаблівасці тагачаснага беларускага вымаўлення (у прыватнасці аканне, яканне, дзеканне, цеканне і інш.). Мемуарная літаратура. Да гэтага жанру старабеларускай пісьменнасці адносяцца помнікі 17 ст., у прыватнасці «Дзённік» Фёдара Еўлашэўскага, «Дыярыуш» (дзённік) Афанасія Філіповіча, які выступаў супраць уніятаў і рымска-каталіцкай царквы, за самастойнасць Беларусі, і інш. Мастацкая і палемічная літаратура. Самымі вядомымі творамі мастацкай літаратуры з’яўляюцца «Метры» Сімяёна Полацкага на старабеларускай мове, эпіграмы Андрэя Рымшы, палемічная прамова Мялешкі супраць польскага засілля, а таксама дайшоўшыя да нашага часу вершы невядомых аўтараў. Лінгвістычная літаратура. Першыя навуковыя працы па апісанню мовы ва ўсходніх славян з’явіліся ў канцы 16 стагоддзя на Беларусі. Да гэтых прац адносяцца ананімная «Кграматыка словеньска языка», надрукаваная ў Вільні ў 1586 годзе, у З канца 17 ст. беларуская літаратурная мова была выведзена з афіцыйнага ўжытку польскімі ўладамі, і на працягу ўсяго 18 ст. і пачатку 19 ст. яна існавала толькі ў гутарковым маўленні сялян, у шматлікіх вусных помніках фальклору, а таксама ў якасці ўставак у польскамоўныя драматычныя творы для выдзялення і характарыстыкі вобразаў беларускіх дзейных асобаў, персанажаў гэтых твораў. Што тычыцца іншых славянскіх літаратурных моў, то за выключэннем рускай мовы для большасці іх 17–18 стст. былі перыядам упадку і забыцця. Так, пасля белагорскага пара-жэння чэхаў у 1620г. і страты імі дзяржаўнай самастойнасці нас-тупіў неспрыяльны час для чэшскай мовы і культуры. Да канца 18 ст. чэшская мова было выцеснена з усіх сфер грамадскага жыцця. З 1784 года яна ўжо не вывучаецца ў школах, бо адзінай дзяржаўнай мовай у Аўстрыйскай імперыі, куды ўваходзіла Чэхія, з’яўлялася нямецкая мова. У другой палавіне 18 ст. аўтар адной з чэшскіх граматык на нямецкай мове Ф.Пельцл адзначаў: «Калі-небудзь чэшскія землі апынуцца ў такім стане, што ад славянскай мовы застануцца толькі найменні гарадоў, вёсак і рэк». А праз стагоддзе слынны чэшскі лінгвіст Й.Добраўскі пісаў свайму славенскаму калегу В.Капітару: «Справа нашага народа, калі не паможа пан бог, абсалютна безнадзейная» (НАЦИОНАЛЬНОЕ ВОЗРОЖДЕНИЕ 1978, 10). У 15–17 стст. вынікам турэцкага прыгнёту стаў заняпад балгарскай, славенскай і сербскахарвацкай літаратурных моў, якія канчаткова адрадзіліся з уфармаванымі нормамі толькі ў другой палавіне 19 ст. З другой палавіны 18 ст. і да сярэдзіны 19 ст. большасць літаратурных славянскіх моў перажыла перыяд адраджэння і бурнага развіцця (гл.: AUTY 1974, 122). Фарміруюцца сучасныя літаратурныя мовы ў балгар і славакаў (гл.: BIRNBAUM 1985, 24), развіваюцца адзіныя сярод славянскіх моў два варыянты сербскахарвацкай літаратурнай мовы – белградскі і заграбскі (EINFÜ HRUNG 1986, 59–60). Чэшская нацыя разам са сваёй мовай пачала адраджацца ў канцы 18 ст., калі ў Карлавым універсітэце (Прага) адкрылася кафедра чэшскай мовы (1792г.), крыху раней было заснавана «Чэшскае навуковае таварыства» (1784г.) і стала выдавацца на чэшскай мове «Пражская паштовая газета» (1789г.). Чэшская мова, якая пачала шырока вывучацца ў гімназіях з сярэдзіны 19 ст., захавала арганічную еднасць, падобна рускай мове, з кніжнай традыцыяй залатога стагоддзя ў развіцці сваёй мовы, што прыпадае на 1520–1620 гг. Украінская літаратурная мова, якая да канца 17 ст. утварала разам са старабеларускай фактычна адзіную пісьмовую мову, а потым да сярэдзіны 19 ст. існавала ў двух варыянтах, славяна-рускім і кніжным, была сінтэзавана сумесна з народна-размоўнай стыхіяй у адзіную літаратурную мову найперш у творчасці Т.Шаўчэнкі і І.Катлярэўскага (гл.: LENCEK 1985, 46). У якасці своеасаблівага эталона, што выкарыстоўваўся для стварэння славянскіх літаратурных моў, паслужылі чэшская і руская літаратурныя мовы з неперарыўнай кніжнай традыцыяй і ўсталяванымі нормамі (гл.: BROZOVIC 1974, 40). Большасць новых славянскіх літаратурных моў будуецца не на стараславянскай аснове, як гэта было ўласціва ўсім ім на першых этапах свайго існавання, а на народнай (гл.: ХАБУРГАЕВ 1994, 5). Новая беларуская літаратурная мова зарадзілася ў першай палавіне 19 ст. на грунце беларускіх народных гаворак і фактычна страціла непасрэдныя сувязі са старабеларускай пісьменнасцю, у якой зараз адзначаецца, бадай, больш агульных рыс з сучаснай рускай літаратурнай мовай, чым з сучаснай беларускай (ЖУРАЎСКІ 1974, 49–61). Страта пераемнасці з папярэдняй кніжнай традыцыяй з’яўляецца адметнай рысай развіцця беларускай літаратурнай мовы, бо амаль усе астатнія славянскія літаратурныя мовы ці не зведалі перарыву ў сваёй гісторыі, ці ў той або іншай ступені захавалі арганічную еднасць паміж усімі этапамі свайго станаўлення і развіцця (ТОЛСТОЙ 1988, 22). Дзякуючы сваёй амаль цалкам народнай аснове, зыходна іншай, чым гэта было ў старабеларускай мове, новая беларуская літаратурная мова сфарміравалася канчаткова ў канцы 19 – пачатку 20 ст. у новай самавітай якасці, захаваўшы і глыбінныя агульнаславянскія, і старажытнаўсходнеславянскія карані, і свае непаўторныя спецыфічныя рысы, што дало падставу некаторым навукоўцам лічыць беларускі этнас і яго мову «як маці славянскай сям’і і моваў» (ЛАСТОЎСКІ 1991, 9; гл. таксама: ДОЎНАР-ЗАПОЛЬСКІ 1994, 28). Найбольш адметнымі пісьмовымі помнікамі беларускай літаратурнай мовы 19 ст. служаць паэмы «Тарас на Парнасе», «Энеіда навыварат», сем нумароў газеты «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага, мастацкія творы Я.Чачота, У.Сыракомлі, Я.Баршчэўскага і інш., класікаў і фундатараў новай беларускай літаратурнай мовы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, а таксама мастацкія творы Я.Лучыны, Цёткі і інш., Слоўнік беларускай мовы І.Насовіча і інш. Большасць пісьмовых помнікаў гэтага часу, г. зн. 19 ст. (усяго 75 розных кніг на беларускай мове), надрукавана на лацініцы, што па дадзенай вонкавай прыкмеце нітуе беларускую мову з заходнеславянскімі. Пачатак 20 стагоддзя характарызуецца для беларускай мовы літаратурнай дзейнасцю такіх волатаў мастацкага слова, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, працай беларускіх выдавецтваў у Вільні, Санкт-Пецярбургу, Мінску, з’яўленнем беларускамоўных газет «Наша доля», «Наша ніва» і інш. Пасля ўтварэння БНР, а потым БССР у складзе СССР беларуская мова ў 20–30 гг. 20 ст. значна пашырыла свае функцыі. З мовы мастацкай літаратуры, фальклору, публіцыстыкі яна зрабілася яшчэ і мовай навукі (распрацавана і надрукавана 24 тэрміналагічных зборнікі па розных галінах ведаў), адукацыі (каля 90% усіх навучальных устаноў, у тым ліку ВНУ, працавалі на беларускай мове), культуры, справаводства, паўсядзённага ўжытку. У 1918 годзе надрукавана першая беларуская граматыка Б. Тарашкевіча. Па сваіх сацыяльных функцыях беларуская мова паднялася ў гэты час на ўзровень іншых развітых славянскіх моў, бо панавала тады амаль ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Тым не менш, у далейшым цэлы шэраг фактараў, найперш экстралінгвістычных, прывёў да таго, што да сённяшняга часу, нават пасля абвяшчэння ў 1991 годзе суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, сферы выкарыстання беларускай мовы даволі імкліва і істотна звузіліся, а сама мова зараз застаецца ледзь не адзінай з сучасных славянскіх моў, якая стаіць на мяжы свайго выжывання і якой пагражае ператварэнне з жывой мовы ў мёртвую, і ў такім разе вывучэнне яе ў недалёкай будучыні магчыма будзе толькі па пісьмовых помніках.
|