Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
ББК 63.3(4Беи)я7 9 страница
8.2. Першы Усебеларускі з’езд і абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі
Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі Вялікая Беларуская рада адхіліла прапанову Аблвыканкамзаха аб сумесным кіраванні Беларуссю і разам з Беларускім абласным камітэтам (БАК), які быў створаны на Усерасійскім сялянскім з’ездзе, пачала рыхтаваць з’езд для рашэння пытання аб будучым дзяржаўным будаўніцтве і органах улады. Афіцыйна Усебеларускі кангрэс, на які былі запрошаны 1872 дэлегаты, пачаў працаваць 15 снежня 1917 г. На ім выявіліся тры плыні: незалежнікі (у асноўным, прадстаўнікі ВБР, ЦБВР) выступалі за незалежнасць Беларусі, цэнтр, галоўным чынам, дэлегаты ад БАКа, члены БСГ, эсэры, выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі, і, так званыя, асімілятары, якія лічылі найбольш мэтазгодным захаваць існуючае палажэнне Паўночна-Заходняга краю. Дэлегаты выбралі прэзідыум, прынялі парадак дня і пасля абмеркавання яго на секцыях вечарам 16 снежня сабраліся на плянарнае пасяджэнне. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі, але не прызнаў мясцовую ўладу Аблвыканкамзаха і пастанавіў “вылучыць са свайго складу орган краявой улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў”, якому ўручыць кіраванне Беларуссю да склікання Беларускага ўстаноўчага сходу. У адказ у ноч з 17 на 18 снежня Аблвыканкамзах распусціў з’езд. На падпольным пасяджэнні 18 снежня прэзідыум з’езда аб’явіў сябе пастаянна дзеючым органам мясцовай улады – Саветам з’езда, быў выбраны выканкам Савета і прынята рашэнне аб скліканні II Усебеларускага кангрэса. У гэты час у снежні 1917 – студзені 1918 гг. у Брэсце праходзілі перагаворы аб міры паміж Германіяй і Савецкай Расіяй. Савецкі бок не згадзіўся з цяжкімі ўмовамі міру, прапанаванымі Германіяй, і немцы 18 лютага пачалі наступленне. Дзейнічаючы сумесна з часцямі польскага корпуса Доўбар-Мусніцкага, яны хутка падышлі да Мінска. 19 лютага савецкія органы ўлады эвакуіраваліся ў Смаленск і ў гэтых умовах выканкам з’езда аб’явіў сябе адзінай мясцовай уладай. 21 лютага ён прыняў Першую Устаўную грамату і сфарміраваў урад – Народны Сакратарыят Беларусі на чале з Я. Варонка, але дзяржаўнасць не абвясціў. 9 сакавіка выйшла 2-я Устаўная грамата, у якой абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка ў этнаграфічных межах рассялення беларусаў. Вызначаліся заканадаўчы орган БНР – Рада і выканаўчы – Народны Сакратарыят Беларусі. Абвяшчалася аб скасаванні прыватнай уласнасці на зямлю, увядзенні васьмігадзіннага рабочага дня. 25 сакавіка 1918 г. была прынята 3-я Устаўная грамата, у якой дэкларыравалася незалежнасць Беларусі. Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася ўжо пасля таго, як па ўмовах Брэсцкага міру паміж Германіяй і Расіяй ад 3 сакавіка 1918 г. 85 % тэрыторыі Беларусі адыходзілі да Германіі, другімі словамі, ва ўмовах нямецкай акупацыі. Таму абвяшчэнне дяржаўнасці і, тым больш, яе незалежнасці насіла дэкларатыўны характар, паколькі рэальная ўлада належала нямецкаму камандаванню. Афіцыйна Германія не прызнала БНР, не праявілі да яе цікавасці і краіны Антанты і ЗША, але акупацыйныя ўлады не перашкаджалі займацца культурна–асветніцкай дзейнасцю. Калі ж кіраўніцтва БНР паспрабавала стварыць свае ўзброеныя сілы, гэта вызвала процідзеянне акупацыйных улад. 25 красавіка 1918 г. Рада звярнулася да кайзера з тэлеграмай, у якой заявіла аб тым, што толькі пад апекай Германіі Беларусь бачыць сваю будучыню. Гэта паглыбіла палітычны крызіс. З Рады выйшлі эсэры, БСГ, меншавікі. Пасля гэтага была фактычна створана новая Рада, дзе пераважалі Р. Скірмунт і іншыя прадстаўнікі заможных колаў. Яна заняла адкрыта прагерманскую пазіцыю: адмяніла палажэнні 2-й Устаўной граматы БНР адносна адмены ўласнасці на зямлю і ўвядзення 8-гадзіннага рабочага дня, аб’явіла, што на тэрыторыі Беларусі не дзейнічаюць пастановы РСФСР, нават выступіла з пратэстам, калі згодна з дадатковай дамоўленасцю з Савецкай Расіяй Германія ў жніўні 1918 г. пачала частковы вывад войск з Беларусі. Улічваючы змены ў арыентацыі Рады БНР, акупацыйныя ўлады перадалі ў яе веданне гандаль, сацыяльную апеку, асвету і культуру. Адносныя поспехі былі дасягнуты ў галіне адукацыі і навукі: адкрыты каля 150 беларускіх школ, Мінскі педагагічны інстытут, настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы. Былі заснаваны выдавецтва, беларускі клуб з тэатрам, беларуская бібліятэка і кнігарня. Выдаваліся газеты “Гоман”, “Вольная Беларусь”, створаны Беларускае навуковае, культурна-асветніцкае таварыствы. Беларуская Народная Рэспубліка спыніла сваё існаванне на тэрыторыі Беларусі адначасова з выгнаннем акупантаў. Дзеячы БНР эмігрыравалі і частка іх увайшла ў склад Літоўскай Тарыбы. Такім чынам, утварэнне БНР было спробай рэалізацыі ідэі беларускай дзяржаўнасці, але не рэальнай дзяржаўнасцю. Заслуга БНР перш за ўсё ў тым, што перад грамадскасцю было заяўлена аб існаванні беларускага нацыянальнага руху і неабходнасці вырашэння праблемы Беларускай дзяржавы.
8.3. Утварэнне ССРБ і Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел)
Пасля лістападаўскай рэвалюцыі 1918 г. у Германіі Савецкая Расія дэнансавала Брэсцкі дагавор. Германскія войскі пачалі адыходзіць з захопленых тэрыторый. 10 снежня быў вызвалены Мінск. Спачатку Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт 23 снежня 1918 г. прыняў рашэнне аб уключэнні беларускіх зямель ў склад Расійскай Федэрацыі, але супраць выступілі беларускія секцыі пры ЦК РКП(б), Белнацкам, які дзейнічаў са студзеня 1918 г. як аддзел Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей РСФСР і Мінгубрэўкам, створаны адразу ж пасля вызвалення Мінска. У выніку 24 снежня 1918 г. Пленум ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ). На нарадзе ў Наркамнацы РСФСР, якая адбылася 27 снежня з удзелам прадстаўнікоў Аблвыканкамзаха, Белнацкама, былі вырашаны пытанні аб урадзе БССР, межах рэспублікі, кіруючым партыйным цэнтры. 30–31 снежня 1918 г. у Смаленску адбылася VI Паўночна-Заходняя канферэнцыя РКП(б), дэлегаты якой прадстаўлялі 5 беларускіх губерняў. Канферэнцыя абвясціла сябе I з’ездам Камуністычнай партыі Беларусі і прыняла рэзалюцыю аб утварэнні ССРБ. У склад рэспублікі ўвайшлі Мінская, Магілёўская, Віцебская і Гродзенская губерні, частка паветаў Віленскай, Ковенскай, Смаленскай губерняў, дзе пражывалі пераважна беларусы. Быў створаны часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад на чале з З.Х. Жылуновічам, які 1 студзеня 1919 г. апублікаваў маніфест, дзе абвяшчалася аб утварэнні ССРБ, а таксама аб нацыяналізацыі фабрык, заводаў, чыгунак, банкаў, зямлі. 5 студзеня ўрад пераехаў у сталіцу ССРБ г. Мінск. У студзені прайшлі валасныя, павятовыя, губернскія з’езды Саветаў, на якіх адбыліся выбары дэлегатаў на першы рэспубліканскі з’езд Саветаў. I Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх, чырвонаармейскіх дэпутатаў адбыўся 2–3 лютага 1919 г. у Мінску. На ім была прынята дэкларацыя аб утварэнні ССРБ і ўстанаўленні федэратыўных сувязяў паміж Савецкай Беларуссю і РСФСР, Канстытуцыя ССРБ, вызначаны кіруючыя органы ўлады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй вярхоўная ўлада належала з’езду Саветаў Беларусі, а ў перапынку паміж з’ездамі – Цэнтральнаму Выканаўчаму Камітэту (ЦВК). З’езд вызначыў межы рэспублікі ў складзе Мінскай і Гродзенскай губерняў. Тэрыторыі Віцебскай, Смаленскай і Магілёўскай губерняў адышлі да Расіі. Была прынята таксама дзяржаўная сімволіка. У заключэнне з’езд прыняў рашэнне аб аб’яднанні ССРБ і Літоўскай ССР у адну дзяржаву. Аналагічнае рашэнне прыняў неўзабаве і першы з’езд Саветаў Літвы. 27 лютага 1919 г. на сумесным пасяджэнні ЦВК Беларусі і Літвы былі створаны кіруючыя органы – ЦВК Літоўска-Беларускай ССР і СНК гэтай дзяржавы. Некалькі пазней, 4–6 сакавіка 1919 г., на сумесным з’ездзе была створана аб’яднаная партыйная арганізацыя на чале з ЦК КП (б) Літвы і Беларусі. Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стваралася ў складзе 5 губерняў: Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і Сувалкаўскай. Пачалася нацыяналізацыя зямлі, прамысловых прадпрыемстваў, праводзілася палітыка “ваеннага камунізму”. Літоўска-Беларуская Рэспубліка праіснавала нядоўга. Ужо летам 1919 г., калі польскія акупанты захапілі значную частку беларускай тэрыторыі, наркаматы Літ. Бел. ССР былі перайменованы ў аддзелы Мінскага губернскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, а ваенныя падраздзяленні згодна з дамоўленасцю з Расіяй увайшлі ў склад Чырвонай Арміі. Калі ж пасля контрнаступлення Чырвонай Арміі на зноў вызваленай тэрыторыі ўрадам РСФСР 2 красавіка 1920 г. была прызнана Літоўская Рэспубліка, а 12 ліпеня з ёй быў падпісаны мірны дагавор, устаноўлены пагранічныя межы, пры гэтым Вільня з краем былі перададзены Літве, Літоўска-Беларуская Рэспубліка перастала існаваць і юрыдычна.
8.4. Вайна Польшчы і Савецкай Расіі. Другое абвяшчэнне БССР
У канцы 1918 г. была адноўлена Польская дзяржава. Правячыя колы Польшчы на чале з Ю. Пілсудскім, абапіраючыся на падтрымку краін Антанты і ЗША і, па сутнасці, справакаваныя імі, выступілі за пашырэнне тэрыторыі рэспублікі да межаў, існаваўшых да 1772 г. У выніку ў лютым 1919 г. Польшча пачала ваенныя дзеянні супраць савецкай Расіі. Паколькі асноўныя сілы Чырвонай арміі былі заняты на Паўднёвым фронце, палякі, добра ўзброеныя за кошт заходніх дзяржаў і падмацаваныя французскай 70-тысячнай арміяй, пачалі хутка прасоўвацца наперад, 22 красавіка яны занялі Вільню, сталіцу Літ.-Бел. ССР. Урад пераехаў у Мінск, але і гэты горад таксама 8 жніўня быў захоплены польскімі войскамі. Да сярэдзіны ліпеня 1919 г. польскія інтэрвенты акупіравалі больш паловы тэрыторыі Беларусі. Лінія фронта стабілізіравалася толькі восенню па лініі Дзвінск–Полацк–Лепель–Барысаў–Бабруйск–р. Прыпяць. Кіраўніцтва Літбела эвакуіравалася ў Смаленск, але Літоўска-Беларуская Рэспубліка спыніла сваё існаванне ўжо фактычна з лета 1919 г. На захопленай тэрыторыі Беларусі палякі ўстанавілі акупацыйны рэжым. У гэтых умовах Рада БНР пачала перамовы з польскімі ўладамі аб аднаўленні БНР. Польскі бок быў не супраць уключэння беларускіх зямель у Польшчу на правах культурна-нацыянальнай аўтаноміі. З гэтай мэтай у жніўні 1919 г. у Мінску быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт. Для практычнай рэалізацыі задуманага плана з дазволу польскіх акупацыйных улад 12 снежня 1919 г. у Мінску прайшло пасяджэнне Рады БНР. Прыхільнікі злучэння з Польшчай, у тым ліку, група БНК, аказаліся ў меншасці. Большасць Рады, якую складалі ў асноўным эсэры, выступілі супраць далучэння да Польшчы. Яны пацвердзілі Устаўную Грамату БНР ад 25 сакавіка 1918 г. аб незалежнасці Беларусі, перавыбралі ўрад і абвясцілі новую, Народную Раду. Прыхільнікі польскай арыентацыі стварылі Найвышэйшую Раду БНР на чале з А. Луцкевічам. Але на самай справе палякі не пайшлі нават на стварэнне марыянетачнай рэспублікі, урад А. Луцкевіча хутка распаўся, сам ён адышоў ад палітычнай дзейнасці і стаў працаваць выкладчыкам у Віленскай гімназіі. Зменены палітычны курс беларускіх эсэраў наблізіў іх да камуністаў. Яны сталі на шлях узброенай барацьбы з польскімі акупантамі і ў снежні 1919 г. у Смаленску дамовіліся з бальшавікамі аб сумесных дзеяннях. Да пытання аб умовах аднаўлення беларускай дзяржаўнасці было вырашана вярнуцца пасля вызвалення Беларусі ад палякаў. Эсэры і бальшавікі пачалі ствараць партызанскія атрады, пашыраць узброеную барацьбу супраць польскіх інтэрвентаў. Пад кіраўніцтвам камуністаў дзейнічалі партызанскія атрады і падпольныя арганізацыі, якія налічвалі каля 4 тысяч чалавек. Беларусь была падзелена на раёны з паўстанцкімі цэнтрамі, якія кіравалі партызанскімі атрадамі. Для кардынацыі дзеянняў ЦК РКП(б) накіраваў сваіх прадстаўнікоў ва ўтвораны эсэрамі Беларускі паўстанцкі камітэт. Паступова ўсе партызанскія эсэраўскія атрады аб’ядналіся ў адзіную арганізацыю – Народную ваенную самаабарону (НВС). У выніку збліжэння з бальшавікамі частка беларускіх дзеячоў на чале з У. Ігнатоўскім парвала з эсэрамі, утварыла Беларускую камуністычную арганізацыю і на правах калектыўнага члена ўвайшла ў склад РКП(б). БКА, якая з’яўлялася часткай народнай самаабароны, стала сувязным звяном паміж эсэраўскай і камуністычнай плынямі партызанскага руху. Вясной 1920 г. становішча бальшавікоў на франтах грамадзянскай вайны палепшылася, што дазволіла перакінуць значныя сілы, у тым ліку, 1-ю конную армію (камандуючы С.М. Будзённы), на польскі фронт. Чырвоная Армія перайшла ў наступленне. 11 ліпеня быў вызвалены Мінск, 14 ліпеня – Вільня. Пасля вызвалення Мінска бальшавікамі і эсэрамі быў створаны Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт як часовы рэгіянальны орган кіравання ваеннымі і грамадзянскімі справамі. Зноў паўстала пытанне аб беларускай дзяржаўнасці. Паколькі перад гэтым Расія прызнала Літоўскую рэспубліку, пытанне аб аднаўленні Літоўска-Беларускай ССР ужо не падымалася. 31 ліпеня 1920 г. у г. Мінску адбылося сумеснае пасяджэнне прадстаўнікоў ваенрэўкома, кіруючых работнікаў Кампартыі Літвы і Беларусі, прафсаюзаў, Беларускай камуністычнай арганізацыі, Бунда, на якім была прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Паколькі ў гэты час ваенныя дзеянні яшчэ працягваліся і будучае было яшчэ няпэўным, дэкларацыя не акрэсліла межаў Беларусі. Да склікання з’езда Саветаў уся ўлада ў рэспубліцы перадавалася Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту БССР. Бальшавіцкія арганізацыі выйшлі з КП(б) ЛіБ і аб’ядналіся ў Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. Эсэры не падпісалі пагаднення, паколькі яны патрабавалі прызнання незалежнасці Беларусі ў яе этнаграфічных межах і перадачы ўлады ўраду В. Ластоўскага, вываду Чырвонай Арміі і стварэння ўласнага войска. Бальшавікі не згадзіліся з гэтым і эсэры перайшлі ў апазіцыю, пачалі барацьбу супраць савецкай ўлады, у тым ліку, узброеную. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, які адбыўся 13–17 снежня 1920 г. у Мінску, зацвердзіў паўторнае абвяшчэнне БССР у межах 6 паветаў Мінскай губерні з колькасцю насельніцтва 1, 5 млн. чалавек, прыняў дадаткі да Канстытуцыі, згодна з якімі кіруючымі органамі рэспублікі былі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і Савет Народных Камісараў, выбраў урад рэспублікі. Такім чынам, было юрыдычна зацверджана аднаўленне беларускай дзяржаўнасці. Фактычна ж на тэрыторыі Беларусі працягвалі дзейнічаць законы Расійскай федэрацыі. У гэты час, калі наступленне Чырвонай Арміі пасля раду поспехаў закончылася няўдачай пад Варшавай, 17 жніўня 1920 г. пачаліся мірныя перагаворы паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Абодва бакі згадзіліся на ўстанаўленне мяжы, згодна з якой Заходняя Беларусь заставалася ў зоне польскай акупацыі. Канчаткова гэтыя межы былі замацаваны заключаным 18 сакавіка 1921 г. у г. Рызе савецка-польскім мірным дагаворам. Тэма 9. Геапалітычнае становішча Беларусі ў 20–30-я гг. ХХ ст.
9.1. Асаблівасці пераходу БССР да мірнага жыцця. Новая эканамічная палітыка. Правядзенне індустрыялізацыі і калектывізацыі. 9.2. Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва ў Беларускай ССР. Палітыка беларусізацыі. Устанаўленне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы кіравання. 9.3. Культурнае развіццё Беларусі ў 1921–1941 гг.
9.1. Асаблівасці пераходу БССР да мірнага жыцця. Новая эканамічная палітыка. Правядзенне індустрыялізацыі і калектывізацыі
Пасля заканчэння польскай акупацыі зноў утвораная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка знаходзілася ў своеасаблівым палітычным і эканамічным становішчы. Яна займала невялікую тэрыторыю з шасці паветаў Мінскай губерні, што, безумоўна, ускладняла паўнацэннае дзяржаўнае і сацыяльна-эканамічнае будаўніцтва, арганізацыю абароны, правядзенне знешняй палітыкі, наладжванне эканамічных сувязяў. У выніку ваенных канфліктаў, якія працягваліся амаль 10 гадоў, дзвюх рэвалюцый эканоміка Беларусі аказалася разбуранай. З-за падзелу Беларусі і дзяржаўна-тэрытарыяльных змен былі парушаны эканамічныя сувязі. Аб’ёмы валавай прадукцыі ў прамысловасці скараціліся ў параўнанні з даваенным узроўнем у 5 разоў, у сельскай гаспадарцы – у 2 разы. Праўда, у выніку канфіскацыі памешчыцкай зямлі сяляне павялічылі сваё землекарыстанне на 32, 7 %, але на іх плечы вялікім цяжарам лягла харчразвёрстка, уведзеная ў гады “ваеннага камунізма”. Згодна з ёй, сяляне павінны былі прадаваць дзяржаве лішкі сельскагаспадарчай прадукцыі па цвёрдых цэнах. Харчатрады ж часам забіралі ў сялян не толькі лішкі, але і частку неабходных для жыцця запасаў. У адказ земляробы пачалі скарачаць пасевы, засяваючы толькі плошчы ў памерах пражытачнага мінімуму. Палітыка “ваеннага камунізму”, якая прадугледжвала, акрамя харчразвёрсткі, усеагульную працоўную павіннасць, адказ ад таварна-грашовых адносін, гандлю, нацыяналізацыю прамысловасці і жорсткую цэнтралізацыю кіраўніцтва эканомікай, вызывала нездавальненне насельніцтва. Пагоршылася і становішча рабочых. З-за разбурэння прамысловасці і транспарту вырасла беспрацоўе, рэзка знізіўся жыццёвы ўзровень. У шэрагу мясцовасцяў Беларусі да 1922 г. фактычна працягвалася скрытая грамадзянская вайна. Многія сяляне прыхільна адносіліся да эсэраўскіх падпольных груп арганізацыі “Зялёны дуб”. Каля 13 тысяч чалавек налічвалі ўзброеныя фарміраванні, якія дзейнічалі на тэрыторыі рэспублікі або базіраваліся на польскай тэрыторыі і адтуль рабілі рэйды. Падобнае эканамічнае і палітычнае становішча ў пачатку 1920-х гадоў было характэрным для ўсёй Расіі. У шэрагу губерняў пачаліся паўстанні, найбольш буйнае адбылося ў Тамбоўскай губерні, а найбольш небяспечнае для ўлад – у Кранштаце. Але сітуацыя ў Беларусі, якая ў гады першай сусветнай і савецка-польскай войнаў знаходзілася ў зоне баявых дзеянняў, была асабліва складанай. Восенню 1920 г. рэспубліка была на мяжы агульнага паўстання, якое рыхтавалі эсэры. Яно не адбылося, але ў радзе паветаў: Сенненскім, Аршанскім, Слуцкім і інш. адбыліся лакальныя ўзброеныя выступленні супраць бальшавікоў, якія, аднак, былі хутка падаўлены. У гэтых умовах Савецкая ўлада пайшла на прынцыповую змену палітычнага курса, менавіта, частковую і часовую рэстаўрацыю капіталізма, дапушчэнне прыватнай уласнасці і прадпрымальніцтва, але пад кантролем улады. Гэтыя змены, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай “новая эканамічная палітыка”, пачаліся з сакавіка 1921 г., калі адпаведнае рашэнне прыняў Х з’езд Расійскай Камуністычнай партыі (бальшавікоў). У Беларусі новая эканамічная палітыка праводзілася ў асаблівых сацыяльна-эканамічных умовах, звязаных перш за ўсё з больш моцнай, чым у другіх рэгіёнах, эканамічнай разрухай, нявырашанасцю тэрытарыяльна-дзяржаўнага будаўніцтва, асаблівасцямі сацыяльна-эканамічнай структуры вытворчасці, дзе дамініруючае палажэнне займала сельская гаспадарка, а прамысловасць ў асноўным складвалася з дробных саматужных прадпрыемстваў, разрывам эканамічных сувязяў з іншымі рэгіёнамі ў выніку падзелу рэспублікі, памежным палажэннем Беларусі і больш складаным з нагоды гэтага палітычным становішчам. Стрыжнем новай эканамічнай палітыкі стала замена харчразвёрсткі харчпадаткам і развіццё таварна-грашовых адносін. Падатак быў значна меншым за развёрстку: спачатку ён складаў прыкладна 20 % ад гадавога даходу гаспадаркі, затым быў зніжаны да 10 %, пры гэтым паступова заменены грашовым. Падатак быў фіксіраваны, у залежнасці ад плошчы пасеваў, даводзіўся ў пачатку года, пасля яго выплаты селянін мог свабодна карыстацца лішкамі, у тым ліку, і прадаваць. У 1922 г. Прэзідыум ЦВК БССР прыняў дэкрэт “Аб свабодным выбары форм землекарыстання” і “Асноўны закон аб працоўным землекарыстанні”, згодна з якімі аднолькава законнымі прызнаваліся арцелі, абшчыны, прыватнае землекарыстанне, пераход на хутары або вотрубы. Дазвалялася здача зямлі ў арэнду і выкарыстанне наёмнай працы, праўда, у абмежаванай колькасці і пры ўмове ўдзелу ў працы членаў сям’і наймальніка. Усё гэта стымуліравала павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Асаблівасцю Беларусі стала супадзенне правядзення новай эканамічнай палітыкі з перадачай зямлі сялянам і ўзбуйненнем тэрыторыі. Пры гэтым улады заахвочвалі шляхам прырэзак дадатковых надзелаў пераход сялян на хутары, вотрубы, падтрымлівалі выхад групамі сем’яў на невялікія пасёлкі. У выніку да 1928 г. больш за 25 % двароў выбралі хутары, вотрубы і пасёлкі. Заахвочвалася сялянская кааперацыя, калі людзі аб’ядноўваліся ў кааператывы для сумеснай вытворчасці або для аб’яднання сваіх фінансаў. Да 1928 г. ёю, прычым пераважна спажывецкай і крэдытнай, было ахоплена да 50 % гаспадарак. Развівалася і вытворчая кааперацыя. Да 1928 г. у Беларусі, у асноўным на былых памешчыцкіх землях і землях дзяржфонду, былі створаны 434 камуны, арцелі, таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, у якія ўвайшлі 7, 5 % двароў, у асноўным, з ліку незаможных сялян і батракоў. Трэба адзначыць, што сельская гаспадарка давала ў гэты час да 10 % прыросту ў год. Большасць сельскага насельніцтва сталі складаць сераднякі. З адменай нацыяналізацыі прамысловасці, якая праводзілася ў гады “ваеннага камунізма”, пачала ажыццяўляцца дэнацыяналізацыя дробнай і часткі сярэдняй прамысловасці, перадача прадпрыемстваў у кааператыўную ўласнасць, каля 300 прадпрыемстваў былі здадзены ў арэнду, у тым ліку, і былым уладальнікам. 167 найбольш рэнтабельных прадпрыемстваў, якія засталіся ў дзяржаўнай уласнасці, пераводзіліся на гаспадарчы разлік. З 1925 г. улады дазволілі выкарыстоўваць у прамысловасці ў абмежаванай колькасці наёмных работнікаў. Больш ліберальным стаў і характар кіравання эканомікай. У Беларусі быў створаны Вышэйшы савет народнай гаспадаркі (ВСНГ), якому падпарадкоўваліся аб’яднанні прамысловых прадпрыемстваў – сіндыкаты, трэсты, якія працавалі на ўмовах гаспадарчага разліку і самафінансавання. Важнай мерай, якая садзейнічала аздараўленню эканомікі ў гады новай эканамічнай палітыкі, стала грашовая рэформа. У выніку некалькіх дэнамінацый, праведзеных у 1922–1924 гг., была ўстаноўлена цвёрдая грашовая адзінка – чырвонец, які раўняўся 10 дарэвалюцыйным рублям, або 7, 74 гр. золата, або 5, 14 доларам ЗША. Быў збалансаваны бюджэт і забаронена грашовая эмісія. У 1921 г. аднавілася дзейнасць дзяржбанка, ствараліся спецыялізаваныя акцыянерныя, камерцыйныя банкі, таварыствы ўзаемнага крэдыту. Былі ўведзены тарыфы, адноўлена грашовая аплата працы, шырока практыкавалася здзельная аплата працы і іншыя меры стымулявання. Гэта садзейнічала росту прадукцыйнасці працы. Захаваўшы за сабой манаполію на знешні гандаль, дзяржава каля 70 % рознічнага гандлю перадала прыватным гандлярам, што таксама садзейнічала мабільнасці тавараабароту. У выніку правядзення новай эканамічнай палітыкі да 1927 г. была поўнасцю адноўлена сельская гаспадарка, зменшылася колькасць безконных і безкароўных двароў, прамысловасць Беларусі дасягнула даваеннага ўзроўню. Папоўніўся спажывецкі рынак, павялічыў абароты гандаль, пачаў павышацца жыццёвы ўзровень насельніцтва. Аднак з увядзеннем новай эканамічнай палітыкі вызначыўся і рад праблем: рост беспрацоўя ў гарадах, сацыяльнае раслаенне на багатых і бедных, маёмасная няроўнасць, перыядычныя эканамічныя крызісы, якія адмоўна адбіваліся на стабільнасці вытворчасці, праблемы з закупкамі сельскагаспадарчых тавараў, што выклікала іх недахоп ў гарадах, нездавальненне значнай часткі насельніцтва, рабочых і сялян, якія павінны былі з’яўляцца сацыяльнай базай савецкай улады і г.д. У выніку новая эканамічная палітыка пачала згортвацца. Паступова ажыццяўляўся пераход да адміністрацыйных метадаў кіравання эканомікай, якія часам паўтаралі асобныя метады палітыкі “ваеннага камунізму”. Трэба ўлічваць і абвастрыўшаеся знешнепалітычнае становішча. З сярэдзіны 1920-х гг. новая эканамічная палітыка пачала замяняцца курсам на фарсіраваную індустрыялізацыю і калектывізацыю. Індустрыялізацыя ў БССР ажыццяўлялася як састаўная частка адзінага працэсу прамысловай мадэрнізацыі ў СССР, створанага ў 1922 г., але мела і адметнасці. Улічваючы адсутнасць мясцовых радовішч нафты, вугалю, металаў, памежнае становішча Беларусі, Савецкая ўлада, да таго ж няўпэўненая ў трываласці палітычнага становішча рэспублікі, размешчанай па суседству з варожай Польшчай, зрабіла стаўку не на цяжкую прамысловасць, а на традыцыйную лёгкую, заснаваную на перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, лесу і іншай мясцовай сыравіны. Паколькі беларуская прамысловасць была ў асноўным прадстаўлена дробнымі саматужна-рамесніцкімі прадпрыемствамі, дзе працавалі амаль ¾ рабочых рэспублікі, планавалася ўцягнуць іх у працэс індустрыялізацыі шляхам стварэння прамысловых арцеляў. Раней Беларусь была аграрнай акраінай Расійскай імперыі і значна адставала ў прамысловым развіцці ад больш развітых цэнтральных рэгіёнаў краіны, таму была зроблена стаўка на больш высокія і паскораныя тэмпы развіцця прамысловасці, адпаведна, і асігнаванні на гэтыя мэты былі ў два разы большымі, чым, напрыклад, у цэнтральнай Расіі. Крыніцамі фінансавання індустрыялізацыі былі прыбыткі з прадпрыемстваў, адноўленых і пабудаваных у папярэднія гады, банкаў, гандлю, сродкаў, атрыманых з аграрнай сферы, рэжым эканоміі, унутраныя займы ў насельніцтва. Трэцяя частка сродкаў паступіла з саюзнага бюджэту. Курс на правядзенне індустрыялізацыі, яе асноўныя напрамкі вызначыў XIV зъезд ВКП(б), які адбыўся ў снежні 1925 г. Ужо ў 1925–1928 гг. у рэспубліцы былі пабудаваны 150 новых прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку, буйнейшая электрастанцыя – БелДРЭС (каля г. Оршы), станкабудаўнічы завод “Энергія” у Мінску. У першую пяцігодку, з 1928 па 1932 гг., планавалася павялічыць выпуск прамысловай прадукцыі ў Беларусі ў 3, 8 разы. Для выканання гэтых абавязацельств быў узяты курс на адміністрацыйную сістэму кіравання, якая спалучалася з шырокай масавай прапагандай, падтрымкай стаханаўскага руху. Пастаўленая мэта ўздыму ў кароткі тэрмін эканомікі і праз яе паляпшэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва вызвала працоўную актыўнасць. За гады першай пяцігодкі ў БССР былі пабудаваны 538 прамысловых прадпрыемстваў, з іх 78 буйных, у тым ліку, швейная фабрыка “Сцяг індустрыялізацыі”, трыкатажная фабрыка “КІМ” у г. Віцебску, Магілёўская фабрыка штучнага валакна, “Гомсельмаш” і іншыя. Усяго за гэты час аб’ём прамысловай прадукцыі павялічыўся ў 2, 7 разы. Гэта высокія тэмпы роста, але яны адставалі ад планавых паказчыкаў. Важным сацыяльным фактарам была ліквідацыя ў 1931 г. беспрацоўя. За гады другой пяцігодкі (1933–1937 гг.) аб’ём прамысловай вытворчасці павялічыўся ў 1, 9 разы, што таксама было ніжэй запланаванага. Пачалі працаваць Аршанскі льнокамбінат, Гомельскі шкляны, Крычаўскі цэментны і іншыя заводы, якія мелі важнае значэнне для развіцця эканомікі Беларусі. У гэты час шырокае распаўсюджванне ў СССР, у тым ліку і ў Беларусі, атрымаў стаханаўскі рух, што ў пэўнай ступені спрыяла росту прадукцыйнасці працы. З 1938 г. пачаў выконвацца трэці пяцігадовы план, які прадугледжваў паскоранае развіццё прамысловасці, перш за ўсё, машынабудавання. Былі зданы ў эксплуатацыю Мінскі радыёзавод, Рагачоўскі кансервавы камбінат і іншыя прадпрыемствы. Усяго за гады перадваенных пяцігодак былі ўведзены ў дзеянне і рэканструяваны 1863 прадпрыемствы, з іх 400 адносна буйных, узровень прамысловасці ва ўсходняй Беларусі павялічыўся ў параўнанні з 1913 г. у 8, 1 разоў, рэспубліка з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную. З’явіліся новыя галіны, адпаведныя навукова-тэхнічнаму прагрэсу, напрыклад, станка і машынабудаванне, хімічная, паліўная прамысловасці, пры гэтым трэба ўлічваць, што каля 80 % прадукцыі выраблялася з мясцовай сыравіны. Змянілася сацыяльная структура насельніцтва, каля 20 % сталі складаць рабочыя. Але рэальны ўзровень жыцця насельніцтва, з улікам інфляцыі, к 1940 г. быў прыкладна такім жа, як і ў 1928 г., калі згортвалася новая эканамічная палітыка. Агульная тэндэнцыя да ўмацавання і пашырэння адміністрацыйных метадаў кіравання пашырэння, так званага, сацыялістычнага ўклада ў эканоміцы, неэфектыўнасць дробнатаварнай сельскагаспадарчай вытворчасці ва ўмовах забароны стварэння буйных гаспадарак, заснаваных на наёмнай працы, прывялі да ўстанаўлення курса на фарсіраваную калектывізацыю сельскай гаспадаркі. Штуршком для гэтых дзеянняў стаў крызіс хлебанарыхтовак 1927/1928 гг., калі ўзніклі цяжкасці з закупкамі ў сялян зерня. Дяржава перайшла да прымусовых метадаў закупак прадуктаў харчавання па цвёрдым цэнам. У снежні 1927 г. курс на калектывізацыю быў афіцыйна вызначаны на XV з’ездзе ВКП(б). Згодна з першым пяцігадовым планам, у 1928–1933 гг. у Беларусі планавалася аб’яднаць у калгасы 9, 8 % сялянскіх гаспадарак. Гэта ў цэлым былі даволі рэальныя задачы, улічваючы, што ў гэты час беднякі складалі каля 30 % сельскага насельніцтва. Але ў лістападзе 1929 г. у газеце “Праўда” быў апублікаваны артыкул І.В. Сталіна “Год вялікага пералому”, у якім ён адзначыў, што сяляне сталі ахвотна ўступаць у калгасы, таму мэтазгодна паскорыць працэс калектывізацыі, сутнасць якога заключалася ў пераводзе хутарскіх, аднаасобных гаспадарак, усіх форм сельскагаспадарчай кааперацыі да адной – сельскагаспадарчай арцелі з абагульненнем пасяўных плошчаў і сродкаў вытворчасці. У пастанове ЦК ВКП(б) ад 5 студзеня 1930 г. “Аб тэмпах калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву” для Беларусі як нечарназёмнага раёна не вызначаліся канкрэтныя тэрміны абагульнення сялянскіх гаспадарак. Але партыйнае кіраўніцтва рэспублікі ў адміністрацыйным запале прыняло рашэнне аб’явіць Беларусь зонай суцэльнай калектывізацыі і завяршыць яе да 1931 г. Пачалося нездаровае спаборніцтва за хутчэйшае выкананне гэтага задання. Шляхам масіраванай прапаганды, а таксама і адміністрацыйнымі мерамі мясцовыя ўлады дабіліся таго, што ўжо да 1 сакавіка 1930 г. у калгасы ўступілі 457, 5 тыс. гаспадарак, што склала 58 % іх агульнай колькасці. Прымусовыя меры, пераважна ў адносінах да заможных і сярэдніх слаёў сялянства, вызвалі нарастанне пасіўнага і актыўнага супраціўлення. Пасіўнае заключалася ў скрытай антыкалгаснай прапагандзе, адмове ад уплаты падаткаў, масавым забою жывёлы (зімой 1929/1930 гг. яе колькасць зменшылася на трэць). Актыўнае выражалася ў адкрытых выступленнях, якіх зарэгістравана ў рэспубліцы ў 1930 г. каля 2 тысяч.
|