Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Сацыяльна-эканамічнае становішча заходнебеларускіх зя­мель у 1920-е – 1930-е гг. 3 страница






Больш складаным было становішча ў сельскай гаспадарцы. У вёсках засталіся, галоўным чынам, жанчыны, старыя і дзеці. Ня­гледзячы на дапамогу сельскагаспадарчай тэхнікай, жывёлай, у кал­гасах цяглавай сілы востра нехапала. У першую пасляваенную вяс­ну калгаснікі ўручную ўскапалі тысячы гектараў зямлі. З-за неда­хопу ўгнаенняў ураджаі былі вельмі нізкімі: 5–7 цэнтнераў з гектара збожжа і 50–70 цэнтнераў бульбы. Сур’ёзнай дапамогай вёсцы ў аднаўленні сельскай гаспадаркі стала шэфства працоўных гарадоў. Дзякуючы самаадданай працы сельскіх працаўнікоў, да 1950 г. пасяўныя плошчы і пагалоў’е жывёлы былі даведзены да 94–96 % ад даваеннага ўзроўню, але планы пяцігодкі па вытворчасці асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі не былі выкананы. Тым не менш, у снежні 1947 г. была адменена карткавая сістэма на харчовыя і прамысловыя тавары.

У 1949 г. пачалася масавая калектывізацыя ў Заходняй Беларусі. Яна праводзілася такімі ж фарсіраванымі тэмпамі, як і ў 1930-я гг. у Усходняй Беларусі, але больш значную дапамогу праз МТС дзяржава аказвала тэхнікай. Да канца 1950 г. тут былі арганізаваны 6054 калгасы, якія аб’ядналі каля 84 % усіх гаспадарак. Толькі ў 1952 г., згодна з пастановай Савета Міністраў СССР “Аб высяленні кулакоў з Беларускай ССР”, з Заходняй Беларусі былі прымусова дэпарта­ваны за межы рэспублікі 4431 “кулацкія” сем’і.

У наступнай пяцігодцы аб’ёмы пасяўных плошчаў, ураджай­насць сельскагаспадарчых культур, пагалоўе жывёлы і яе прадук­цыйнасць раслі марудна і толькі к 1955 г. сельская гаспадарка Бе­ларусі па асноўным паказчыкам дасягнула даваеннага ўзроўню. Га­лоўнымі прычынамі былі слабая матэрыяльная зацікаўленнасць кал­гаснікаў у працы, недастатковае фінансаванне, паколькі асноўныя сродкі накіроўваліся на развіццё прамысловасці.

У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе хуткімі тэмпамі разгорт­валася жыллёвае будаўніцтва. Ужо ў 1946–1950 гг. было пабудавана жыллё для 2 млн. чалавек. Гэта быў значны крок, калі ўлічыць памеры разбурэнняў у Беларусі, але жыллёвая праблема заставалася вострай.

Адставанне прамысловасці ад навукова-тэхнічнага прагрэса, ма­руднае развіццё сельскай гаспадаркі, мноства праблем у сацыяльнай сферы патрабавалі правядзення сацыяльна-эканамічных рэформ. Яны пачаліся з 1953 г., пасля смерці І.В. Сталіна. У верасні 1953 г. першым сакратаром ЦК КПСС быў выбраны М.С. Хрушчоў. У краіне быў абвешчаны курс на дэмакратызацыю. У 1953–1956 гг. былі пашыраны правы саюзных рэспублік ў прыняцці заканадаўчых актаў, рашэнні пытанняў, звязаных з адміністрацыйным падзелам, у планіраванні, кіраванні прамысловасцю. 850 прадпрыемстваў саюз­нага падпарадкавання былі перададзены Беларусі. Некалькі павы­сілася роля Саветаў, актывізавалася дзейнасць пастаянных дэпу­тацкіх камісій, яны атрымалі права кантроля за дзейнасцю прад­прыемстваў і ўстаноў, якія знаходзіліся на іх тэрыторыі. У лютым 1956 г. на ХХ з’ездзе КПСС быў асуджаны культ асобы Сталіна. Пачалася рэабілітацыя рэпрэсіраваных у папярэднія годы. Усяго ў СССР у 1956–1961 гг. былі рэабілітаваны каля 700 тыс. рэпрэсіра­ваных, у тым ліку, 29 тыс. у Беларусі.

У эканоміцы ў другой палове 1950-х гг. быў узяты курс на больш актыўнае ўключэнне прадпрыемстваў рэспублікі ў навукова-тэх­нічны прагрэс і пераарыентацыю прамысловасці на выпуск тавараў народнага спажывання. У другой палове 1950–пачатку 1960-х гг. характэрнай асаблівасцю прамысловасці ў Беларусі стала апера­жальнае развіццё новых неметалаёмкіх галін – прыборабудавання і электронікі. Пабудаваны Мінскі, пазней Баранавіцкі заводы аўтама­тычных ліній, вылічальных машын, Полацкі нафтаперапрацоўчы завод, Гомельскі завод вымеральных прыбораў, Беларускі аўтазавод у Жодзіна і інш. Аднаўляліся і мадэрнізіраваліся асноўныя вы­творчыя фонды, старая тэхніка замянялася новай. У выніку, у 1960 г. агульны аб’ём прамысловай прадукцыі ў БССР павялічыўся ў параўнанні з 1940 г. у 4, 2 разы. Але паступова ўсё выразней па­чала праяўляцца супярэчлівасць паміж дасягнутым узроўнем раз­віцця вытворчасці і старымі метадамі і формамі кіравання. У 1957 г. была зроблена няўдалая спроба замяніць галіновую сістэму кіравання праз міністэрствы на тэрытарыяльную. Мэтай яе было прыблізіць кіраванне непасрэдна да прадпрыемстваў. У Беларусі замест 9 міністэрстваў быў створаны адзін орган кіравання – Савет народнай гаспадаркі БССР, які падпарадкоўваўся Савету Міністраў рэспублікі. На справе наблізіць кіраўніцтва да вытворчасці не ўда­лося, наадварот, адбыўся разрыў гаспадарчых сувязяў і адносін.

1950–1960-я гг. сталі таксама часам станаўлення хімічнай пра­мысловасці Беларусі. У 1958 г. былі зацверджаны планы развіцця хімічнай і газавай прамысловасці СССР да 1965 г. Згодна з імі, у 1958–1964 гг. была пабудавана першая чарга Салігорскага калійнага камбіната, у пачатку 1960-х гг. пачалося будаўніцтва Гродзенскага азотна-тукавага завода, Гомельскага хімічнага завода, некалькі паз­ней – Магілёўскага камбіната сінтэтычнага валакна, Полацкага хі­мічнага камбіната. Гэта значна пашырыла магутнасці прамы­словасці Беларусі, але ў той жа час ускладніла экалагічную сіту­ацыю ў гэтых рэгіёнах. Змены ў праграмах прывялі к таму, што замест пяцігодкі на 1959–1965 гг. быў прыняты новы, сямігадовы план. У цэлым ён быў паспяхова выкананы. Замест запланаванага роста ў 1, 8 разы аб’ём прамысловай прадукцыі павялічыўся ў 2, 1 разы (дарэчы, і па Саюзу планы сямігодкі былі выкананы). Апе­раджальнымі тэмпамі развівалася энергетыка, былі ўведзены ў эксплуатацыю Мінская ТЭЦ, Лукомльская ГРЭС, завершана ства­рэнне адзінай энергасістэмы. Вытворчасць электраэнергіі павялічы­лася ў 3, 1 разы пры плане 2, 6.

Значныя меры былі ажыцяўлены ў галіне сельскай гаспадаркі. Яны былі вызначаны вераснёўскім (1953 г.) Пленумам ЦК КПСС і заключаліся ў наступным. Павышана матэрыяльная зацікаўленнасць калгаснікаў, здзейснены пераход на грашовую аплату працы. У 2–3 разы былі павышаны закупачныя цэны на прадукты сельскай гаспадаркі, значна павялічаны інвестыцыі ў сельскую гаспадарку, пашырана гаспадарчая самастойнасць калгасаў. Падатак з калгас­нікаў быў зніжаны ў 2 разы, а з 1958 г. ён быў наогул адменены. У 1958 г. МТС былі рэарганізаваны ў РТС, а тэхніка прададзена кал­гасам. Адначасова з калгасаў былі спісаны запазычанасці МТС за папярэднія гады. Праводзілася вялікая работа па меліярацыі балот: да 1960 г. меліяратыўная сетка ўжо ахоплівала 500 тыс. гектараў, прычым яе абслугоўванне дзяржава ўзяла на сябе. Адмоўным у гэтай справе стала парушэнне экалогіі Беларускага Палесся.

Прынятыя меры некалькі палепшылі становішча ў сельскай гаспадарцы, але ў цэлым харчовая праблема не была вырашана. З нагоды гэтага кіраўніцтва СССР вырашыла пашырыць пасяўныя плошчы за кошт асваення цалінных і залежных зямель. На працягу 1954–1956 гг. былі ўзараны 36 млн. гектараў цалінных зямель, што склала 30 % усіх сельскагаспадарчых угоддзяў. На асваенне цаліны паехалі і 60 тыс. жыхароў Беларусі. Яны заснавалі ў Казахстане 24 саўгасы. У першыя гады гэта давала плённыя вынікі: доля ца­ліннага збожжа складала да паловы ўсяго валавага збору зерня, але затым глебы спустошыліся і ўраджаі сталі нізкімі. Тады М.С. Хрушчоў прыняў валюнтарысцкае рашэнне аб паўсюдным рас­паўсюджванні пасеваў кукурузы, у тым ліку, і за кошт ска­рачэння вытворчасці іншых сельскагаспадарчых культур. У гэтым ён памылкова бачыў універсальны сродак вырашэння харчовай праблемы. Пашырэнне пасеваў кукурузы, сапраўды, дазволіла палепшыць кармавую базу для жывёлагадоўлі, але, з другога боку, прывяло да дэфіцыту іншых прадуктаў раслінаводства, перш за ўсё, хлеба.

У першае дзесяцігоддзе пасля смерці І.В. Сталіна, з прыходам да ўлады новага кіраўніцтва краінай значныя змены адбыліся і ў сацыяльнай палітыцы. Хутка развівалася жыллёвае будаўніцтва. У 1951–1958 гг. у гарадах і пасёлках рэспублікі было ўведзена ў эксплуатацыю больш за 14 млн. кв. м жылля супраць 4 млн. кв. м у папярэдняй пяцігодцы, да 1965 г. было пабудавана яшчэ 29 млн. кв. м. Такім чынам, жыллёвыя ўмовы за гэтыя 15 гадоў палепшылі каля 4 млн. чалавек, амаль палова ўсіх жыхароў рэспублікі. Па­вя­лічылася аплата працы, у выніку рэальныя даходы працоўных ужо ў 1958 г. выраслі ў параўнанні з 1950 г. на 60 %. У 1956 г. быў прыняты Закон аб пенсійным забяспячэнні калгаснікаў. Праўда, мі­німальныя пенсіі складалі толькі 12 рублёў у месяц, таму пен­сіянеры, як правіла, працягвалі працаваць. Паменшылася працяг­ласць працоўнага дня, а затым быў зроблены пераход на пяцідзённы працоўны тыдзень. Паступова паляпшалася медыцынскае абслугоў­ванне людзей.

Такім чынам, у другой палове 1950-х гг. канчаткова завяршыўся этап аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі, што ў лепшы бок аправергла самыя аптымістычныя прагнозы заходніх эканамістаў і палітолагаў. Пры гэтым прамысловасць Беларусі была не проста адноўлена, а, па сутнасці, створана нанава. З’явіліся новыя, сугучныя навукова-тэхнічнаму прагрэсу галіны, астатнія заводы і фабрыкі былі забяспечаны сучаснай тэхнікай. Гэта пера­тварыла Беларусь у індустрыяльна-аграрную рэспубліку з адносна дынамічным узроўнем развіцця. Але, з другога боку, непаварот­лівасць цэнтралізаванай сістэмы кіравання і недастатковая стыму­ляцыя працы тармазілі аператыўнае ўкараненне ў вытворчасць навейшых дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэса. Акрамя таго, Беларусь, якая не мела ў дастатковай меры сваёй сыравіны і энерганосьбітаў, трапляла ва ўсё большую эканамічную залежнасць ад цэнтра, паступова ператваралася ў зборачны цэх. Спробы рэформ 1960-х гг. былі палавінчатымі, яны праводзіліся зверху, не былі падмацаваны матэрыяльнымі стымуламі і не знайшлі адпаведнага водгуку ў нізах.


12.3. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё Беларусі

ў 1970–1980-я гг.

 

Да пачатку 1960-х гг. Савецкі Саюз ператварыўся ў магутную індустрыяльна-аграрную дзяржаву. Тэмпы роста нацыянальнага дахода складалі каля 10 % у год. Змянілася структура эканомікі. З’явіліся нафтахімічная прамысловасць, вытворчасць штучных матэрыялаў, радыёэлектроніка. Усё гэта было характэрна і для БССР як часткі СССР.

Але краіна развівалася пераважна па экстэнсіўнаму шляху. У канцы 1950-х гг. пачаліся шматлікія эканамічна не прадуманыя, пражэкцёрскія рэформы і рэарганізацыі, накшталт кукурузнай эпапеі, фарсіраванай пабудовы камуністычнага грамадства і г.д. Краіну ліхарадзілі раздзяленні кіруючых органаў на прамысловыя і сельскагаспадарчыя, узбуйненні раёнаў, калгасаў, ліквідацыя ху­тароў. Нягледзячы на ўзросшую колькасць сельскагаспадарчых ма­шын, механізацыя асноўных тэхналагічных працэсаў была яшчэ недастатковай. Калгасы не мелі поўнай самастойнасці, яны часта залежылі ад валюнтарысцкіх загадаў зверху, аплата працы, хаця і павысілася, але заставалася нізкай.

У выніку развіццё аграрнага сектара адставала ад прамысловага, ураджайнасць збожжавых культур не перавышала ў сярэднім 10–12 цэнтнераў з гектара, бульбы – 70–100 цэнтнераў. Гэта ўспры­малася як правал аграрнай палітыкі М.С. Хрушчова. З 1961 г. пачаў адчувацца дэфіцыт прадуктаў харчавання. Краіна пачала закупляць збожжа за мяжой.

У кастрычніку 1964 г. М.С. Хрушчоў быў абвінавачаны ў “ва­люнтарызме і суб’ектывізме” і вызвалены з займаемых пасад. Першым сакратаром ЦК КПСС стаў Л.І. Брэжнеў, старшынёй Савета Міністраў СССР – А.М. Касыгін.

Новае кіраўніцтва пачало эканамічныя рэформы. Іх пачатак быў пакладзены сакавіцкім (1965 г.) пленумам ЦК КПСС, які разгледзеў пытанні развіцця сельскай гаспадаркі. Была зменена сістэма нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі, уводзіўся цвёрды і нязменны план на пяць гадоў для кожнага суб’екта гаспадарання, вызначаліся меры матэрыяльнага стымулявання за звышпланавую проданную прадукцыю (50 % надбаўка). Пры гэтым дзяржаўныя планы закупак збожжа зніжаліся. У паўтары–два разы павышаліся закупачныя цэны, павялічваліся капіталаўкладанні ў сельскую гас­падарку, пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі. Павышалася сама­стойнасць калгасаў і саўгасаў, уводзіліся элементы гаспадарчага разліку.

У верасні 1965 г. пленум ЦК КПСС абмеркаваў праблемы кіра­вання прамысловасцю, удасканалення планіравання і ўзмацнення матэрыяльнага стымулявання развіцця прамысловай вытворчасці. З больш чым 100 паказчыкаў для справаздачнасці, якія раней спус­каліся прадпрыемствам зверху, былі астаўлены толькі 8, прычым галоўным крытэрыем ацэнкі эффектыўнасці работы завода або фабрыкі станавілася не валавая вытворчасць прадукцыі, а аб’ём яе рэалізацыі. Павышалася самастойнасць прадпрыемстваў, уводзіўся гаспадарчы разлік. Прадпрыемствам дазвалялася самастойна рас­ходваць частку сродкаў для развіцця вытворчасці, матэрыяльнага стымулявання, будаўніцтва жылля, развіцця сацыяльнай сферы.

Змянілася сістэма кіравання прамысловасцю: ліквідаваны саўнаргасы і адноўлены міністэрствы. Павялічваліся капітала­ўкладанні. Праведзеныя рэформы ў цэлым станоўча адбіліся на эка­намічным развіцці як Савецкага Саюза, так і Беларусі. Восьмая пяцігодка (1966–1970 гг.) стала адным з самых дынамічных пе­рыядаў развіцця СССР. Сярэднегадавыя тэмпы прыроста прамы­словай прадукцыі ў Беларусі складалі 12 %. Былі ўведзены ў экс­плуатацыю 78 буйных прадпрыемстваў. Удасканальвалася сістэма дзейнасці існуючых заводаў і фабрык. Новым стала стварэнне 222 вытворчых і навукова-вытворчых аб’яднанняў, напрыклад, створанае на базе радыёзавода аб’яднанне “Гарызонт”, на базе Мінскага механічнага завода – Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне, Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі, навукова-вытворчае аб’яднанне “Інтэграл” і іншыя. Многія прадпрыемствы пераходзілі на выпуск новай прадукцыі. Рост аб’ёмаў прамысловасці працягваўся і ў наступныя гады. За 1971–1985 гг. на развіццё прамысловасці было затрачана 23 млрд. рублей, у тры разы больш, чым за 15 папярэдніх гадоў. За гэты час уведзены ў эксплуатацыю 136 буйных фабрык і заводаў. Даволі высокімі заставаліся тэмпы роста аб’ёмаў прамысловай вытворчасці – у сярэднім каля 10 % кожны год, прычым асноўную долю прадукцыі выраблялі буйныя прадпрыемствы, пабудаваныя ў пасляваенныя гады. Вынікам развіцця эканомікі БССР да сярэдзіны 1980-х гг. з’явілася стварэнне буйнага тэрытарыяльна-галіновага прамы­словага комплексу, у якім у 1985 г. налічвалася каля 1500 прадпры­емстваў. Больш паловы з іх уваходзілі ў склад вытворчых і на­ву­кова-вытворчых аб’яднанняў. Вызначальны напрамак набылі такія га­ліны прамысловасці, як энергетыка, машынабудаванне і прыбора­будаванне, хімія і нафтахімія, электроніка і радыёэлектроніка, вытворчасць мінеральных угнаенняў і інш. Агульны аб’ём пра­мысловай прадукцыі ў 1985 г. перавысіў даваенны ўзровень ў 38 разоў. Разам з тым, прамысловасць Беларусі ўсё больш інтэгра­валася ў агульнасаюзную.

Значныя змены ў 1970–1980 гг. адбыліся і ў сельскай гаспа­дарцы. У гэты час была значна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў і саўгасаў, да 1985 г. яны валодалі 88 тыс. аўтамашын, 131 тыс. трактараў, 35 тыс. збожжаўборачных камбайнаў. За 15 гадоў у сельскую гаспадарку было ўкладзена 18 млрд. рублей, але і аддача была адпаведнай. Практычна ўсе калгасы і саўгасы сталі рэнтабельнымі, праўда, гэтаму спрыяў і вельмі танны кошт энерганосьбітаў.

З сярэдзіны 1960-х гг. усё выразней пачала вызначацца спецыялі­зацыя не толькі па зонах, але і ўнутры раёнаў сярод гаспадарак. У цэлым сельская гаспадарка рэспублікі пачала спецыялізавацца на развіцці жывёлагадоўлі, прычым заходняя частка – на малочна-мясным напрамку, цэнтральная і ўсходняя – на мяса-малочным. У раёнах асобныя гаспадаркі рабілі ўпор на развіццё свінагадоўлі, другія на адкорме жывёлы, трэція больш увагі ўдзялялі дойнаму статку.

Пачалі будавацца жывёлагадоўчыя комплексы з адносна высокай ступенню механізацыі асноўных працаёмкіх працэсаў. Перавод сельскай гаспадаркі на прамысловую аснову, стварэнне буйных спецыялізаваных аграпрадпрыемстваў, павялічванне аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці прывялі да стварэння ў 1970-е гг. адзінага аграпрамысловага комплексу у Беларусі.

У гэты час у рэспубліцы шырока разгарнуліся меліярацыйныя работы. У 1985 г. плошча меліярыраваных зямель была даведзена да 2, 8 млн. гектараў зямлі. Яны давалі амаль трэцюю частку ўсёй прадукцыі раслінаводства і 40 % кармоў. Значна павялічыліся аб’ёмы ўнясення ў глебу арганічных і асабліва мінеральных угнаенняў. Але меўшыя месца парушэнні тэхналогій вялі да павялі­чэння экалагічных праблем. Але, з другога боку, павышэнне ўрад­лівасці глебы ў спалучэнні з палепшанай агратэхнічнай культурай працы, увядзеннем матэрыяльнага стымулявання праз канчатковыя вынікі працы (гаспадарчы разлік, брыгады і звенні канечнай прадукцыі) у цэлым спрыяльна адбіліся на развіцці сельскай гаспадаркі. Ураджайнасць збожжавых культур павысілася з 10–12 ц. у сярэднім з гектара ў 1960-я гг. да 25–30 ц. у сярэдзіне
1980-х гг., таксама амаль удвая – ураджайнасць бульбы. У пачатку 1980-х гг. па вытворчасці мяса і малака на душу насельніцтва Беларусь дагнала развітыя краіны Захаду і ЗША, але тэмпы роста эканомікі запавольваліся. Неэфектыўна выкарыстоўваліся крэдыты і капіталаўкладанні, раслі затраты.

Дасягнутыя ў цэлым поспехі ў эканоміцы спрыялі паляпшэнню дабрабыту працоўных. Рэальныя даходы павысіліся амаль у два разы. За 1960–1985 гг. сярэднямесячная аплата працы ў прамысло­васці вырасла з 63 р. да 173 р., аплата працы сельскіх працаўнікоў амаль дасягнула узроўню прамысловых рабочых і склала ў сярэднім 154 р. Гэта, з улікам бясплатнага жылля, сімвалічнай платы за каму­нальныя паслугі, іншымі сацыяльнымі льготамі дазваляла дасягнуць хаця і незаможнага, але прыстойнага ўзроўню жыцця.

У цэлым эканоміка, сацыяльная сфера рэспублікі ў 1970-е гг. развіваліся даволі дынамічна, дзякуючы працавітасці беларускага народа, даволі эфэктыўнаму стылю кіраўніцтва таго часу, перш за ўсё, К. Мазурава і П. Машэрава.

Але ў гэтыя гады ўжо намецілася тэндэнцыя да зніжэння тэмпаў развіцця: з 9–10 % сярэднягадавога прыроста валавага прадукта ў
8-й пяцігодцы да 5–6 % ў сярэднім за год у 1981–1985 гг. Гэтыя тэмпы роста былі, тым не менш, вышэйшымі за агульнасаюзныя, якія знізіліся да 3, 5 % у сярэднім за год. Праўда, трэба ўлічваць важкасць гэтых працэнтаў з улікам павялічвання агульнага аб’ёма вытворчасці. З-за складанай сістэмы цэнтралізаванага кіраўніцтва навейшыя навуковыя дасягненні зачастую марудна ўкараняліся ў вытворчасць, што не дазволіла ў поўнай меры забяспечыць выхад эканомікі БССР, як і ў цэлым СССР, на сусветны узровень наву­кова-тэхнічнага прагрэса. За кошт навукова-тэхнічных дасягненняў забяспечвалася толькі 50 % прыросту прадукцыйнасці працы, па-ранейшаму яшчэ была высокай доля ручной працы.

Рост рэальных даходаў працоўных і, як вынік гэтага, павышэнне пакупной здольнасці, з аднаго боку, і, з другога, недастатковая пераарыентаванасць з цяжкай прамысловасці на вытворчасць тавараў народнага спажывання прывялі да з’яўлення дэфіцыту тавараў і ўтварэння ў гандлёвых кропках чэргаў. За 1971–1985 гг. грашовая маса павялічылася больш чым у 3 разы, а таварная – толькі ў 2 разы.

Паступова нарасталі негатыўныя з’явы, прычым не толькі ў эканоміцы, але і ў грамадска-палітычным жыцці. Замест пошуку шляхоў да мадэрнізацыі эканамічнай, грамадска-палітычнай і дзяржаўнай сфераў правячая партыя КПСС замацоўвала сябе як стрыжань адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Гэта знайшло зака­надаўчае адлюстраванне і ў прынятай ў кастрычніку 1977 г. новай Канстытуцыі СССР. Саветы былі адцеснены партыяй на задні план. Узмацніўся ідэалагічны кантроль за прэсай, да народа даводзілася толькі пазітыўная інфармацыя аб поспехах краіны “развітага сацыялізма”.

З выбраннем у сакавіку 1985 г. Генеральным Сакратаром ЦК КПСС М.С. Гарбачова пачаліся эканамічныя і палітычныя рэфор­мы, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай “перабудова”. М.С. Гар­бачоў аб’явіў курс на развіццё галоснасці, дэмакратыі, павышэнне самастойнасці суб’ектаў гаспадарання. Асновай эканамічных рэ­форм сталі прынятыя ў 1987 г. законы аб дзяржаўным прадпры­емстве. Згодна з імі, пачаўся перавод прадпрыемстваў і аб’яднанняў на гаспадарчы разлік. На гэтыя ўмовы з 1988 г. у Беларусі перайшлі прадпрыемствы прамысловасці, аграпрамысловы комплекс, транс­парт, будаўнічыя арганізацыі. Пачатак рэформ ажыццяўляўся ў рамках існаваўшага гаспадарчага механізма і пачаўся супярэчліва. З аднаго боку, укараняліся гаспадарчы разлік і самастойнасць, з другога боку, яны стрымліваліся амаль 100 % дзяржаўным заказам. Акрамя таго, прадпрыемствы, атрымаўшыя адносную свабоду, пачалі ўзвінчваць цэны на сваю прадукцыю, здымаць з вытворчасці танныя вырабы. Дэфіцыт тавараў дайшоў да такой ступені, што ўлады пачалі ўводзіць розныя карткі і купоны для рэгламентаванага размеркавання. Хутка раслі цэны і інфляцыя. Палажэнне яшчэ больш пагоршылася ў сувязі з Чарнобыльскай аварыяй, якая зда­рылася 26 красавіка 1986 г. 23 % тэрыторыі Беларусі былі забру­джанымі радыёнуклідамі. У зоне адсялення аказалася звыш 2 млн. чалавек, выведзена з сельскагаспадарчага абарота больш за 20 % сельскагаспадарчых угоддзяў, ліквідавана 415 населенных пунктаў. Агульныя страты склалі каля 235 млрд дол. ЗША або 32 гадавых бюджэты БССР. У першыя гады было адселена 27, 7 тыс. чалавек. У 1989 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў доўгатэрміновую праграму мінімалізацыі вынікаў аварыі на 1990–1995 гг., згодна з якой было адселена больш за 300 тыс. чалавек, пачала ажыццяўляцца праграма аздараўлення людзей, пражываючых на забруджанай тэрыторыі, ў першую чаргу, дзяцей. Але распад СССР пакінуў Беларусь, па сутнасці, адзін на адзін з гэтай бядой, тым больш, што першая палова 1990-х гг. вельмі цяжка адбілася і на эканамічным развіцці рэспублікі з-за непрадуманых рэформ. Меры па ліквідацыі наступ­стваў Чарнобыльскай АЭС прымаюцца ўвесь час, але на гэта ідзе значная частка рэспубліканскага бюджэта.

У цэлым, нягледзячы на ўсе гэтыя праблемы, Беларусь у другой палове 1980-х гг. за кошт накопленага раней эканамічнага і наву­кова-тэхнічнага патэнцыяла развівалася ў параўнанні з другімі рэс­публікамі СССР адносна стабільна. Кожны год ажыццяўляўся пры­рост прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. У 1989 г. вы­творчасць прамысловай прадукцыі у адносінах да 1985 г. склала 122 %, сельскагаспадарчай – 136 %. У 1986–1990 гг. ураджайнасць збожжавых склала ў сярэднім 29, 5 ц. з гектара супраць 21, 5 ц. з гектара ў гады папярэдняй пяцігодкі. У 1990 г. у рэспубліцы на душу насельніцтва мяса, малака, збожжа выраблялася амаль столь­кі, колькі, напрыклад, у ЗША.

З канца 1980-х гг. рэформы ў сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі пачалі суправаджацца паступовым разбурэннем старага эканамічнага механізма. Былі прыняты рад законаў “Аб уласнасці”, “Аб прадпрымальніцтве”, “Аб арэндзе” і іншыя.”Шокавая тэрапія” прывяла да яшчэ большага зніжэння жыццёвага ўзроўня насель­ніцтва.

Змены ў эканоміцы суправаджаліся дэмакратызацыяй і ў выніку разбурэннем старай палітычнай сістэмы. Важнае значэнне мела работа па рэабілітацыі грамадзян – ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Га­лоснасць адкрыла магчымасць крытыкі дзейнасці ўладных струк­тур. Паступова пачала фарміравацца палітычная апазіцыя. У Бела­русі гэты працэс пачаўся з хуткага роста нефармальных аб’­яднанняў, напрыклад, “Талака”, “Альтэрнатыва”, “Тутэйшыя”, якія займаліся пытаннямі мовы, літаратуры, гісторыі і культуры. Аднак паступова іх дзейнасць станавілася ўсё больш палітызаванай і накі­раванай на крытыку ўлад. У кастрычніку 1988 г. быў праведзены не­санкцыяніраваны мітынг, дзе галоўнай тэмай сталі палітычныя рэпрэсіі і крытыка кіраўніцтва краінай. Улады ўпершыню задзей­нічалі сілавыя структуры. Канец 1988 і першая палова 1989 гг. пра­ходзілі пад знакам узмацнення апазіцыі, што вылілася ў стварэнні палітычнай арганізацыі – Беларускага народнага фронту, які з цягам часу пачаў ужо выступаць з антысавецкіх і антыкамуністычных пазіцый.

У 1988 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў Закон аб выбарах народных дэпутатаў на альтэрнатыўнай аснове, а ў 1989 г. аналагіч­ны Закон прыняў Вярхоўны Савет БССР. На праведзеных 4 сакавіка 1990 г. выбарах ў Вярхоўны Савет БССР апазіцыя, якая выступала пад лозунгам крытыкі ўрада, здолела правесці значную колькасць сваіх прадстаўнікоў депутатамі ў Вярхоўны Савет і стварыць там даволі моцную парламенцкую апазіцыю. Пад яе уплывам 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю “Аб дзяр­жаў­ным суверэнітэце БССР”.

Такім чынам, на рубяжы 1980–1990-х гг. у Беларусі, як і ў цэлым у СССР, узмацніўся эканамічны і палітычны крызіс, якія затым выліўся ў ліквідацыю савецкай эканамічнай і палітычнай сістэмы.

 

12.4. Культура Беларусі ў 1950–1980-я гг

 

За гады вайны значныя страты панесла сістэма адукацыі: знішчаны дзве трэціх школьных будынкаў, амаль уся вучэбна-ме­тадычная база. Але ўжо да 1945 г. былі адноўлены 11 тысяч школ, амаль усе яны былі з беларускай формай навучання. Поўнасцю ж сетка адукацыі была адноўлена да 1950 г., хаця не хапала памяшканняў, падручнікаў, педагагічных кадраў. Улічваючы, што многія дзеці не маглі набыць адукацыю ў гады акупацыі, да 1950 г. былі адкрыты 950 школ рабочай і сялянскай моладзі. За кошт вяртання педагогаў з дзеючай арміі і падрыхтоўкі іх у ВНУ быў значна палепшаны якасны склад настаўнікаў: да 1955 г. каля 50 % з іх мелі вышэйшую і няпоўную вышэйшую адукацыю.

У 1958 г. быў прыняты Закон “Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў СССР”, згодна з якім сямігадовыя школы пераўтвараліся ў васьмі­гадовыя, а дзесяцігадовыя – у адзінаццацігадовыя з ухілам на пра­цоў­ную адукацыю. Але з 1964 г. было вырашана зноў вярнуцца да 10-гадовага навучання.

У 1966 г. была пастаўлена задача перахода да ўсеагульнай сярэд­няй адукацыі, якая да 1975 г. у цэлым была выканана. За гэты час умацавалася матэрыяльная база сістэмы адукацыі, большасць школ працавалі ў тыпавых будынках, дзе былі таксама спортзалы, майстэрні. Новым стала адкрыццё школ-інтэрнатаў, прадметных кабінетаў. 65 % настаўнікаў мелі вышэйшую адукацыю. Але былі і праблемы. Абавязковае дзесяцігадовае навучанне часам прыводзіла да прыніжэння патрабавальнасці за якасць ведаў. Паступова зніжалася сфера выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі, хаця прамых забарон на яе ўжыванне ў вучэбным працэсе з боку ўлад не было.

У 1984 г. была праведзена яшчэ адна рэформа агульнаадука­цыйнай школы, згодна з якой навучанне пачыналася з 6 гадоў і працягвалася 11 гадоў. У цэлым, у 1980-я гг. у СССР, у тым ліку і ў Беларусі, склалася якасная сістэма школьнага навучання, якая была прызнана адной з лепшых у свеце.

Развівалася сістэма вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Хуткае эканамічнае развіццё БССР выклікала неабходнасць пад­рыхтоўкі кваліфікаваных кадраў. Таму пасля вайны былі адкрыты рад ВНУ і адпаведна расла колькасць студэнтаў, якія вучыліся ў іх. У пасляваенныя гады аднавілі сваю працу вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія існавалі да вайны, пазней дадаткова былі адчынены 7 новых ВНУ па тэхнічным спецыяльнасцям, 5 гуманітарных. Агульная ж колькасць ВНУ у Беларусі павялічылася з 24 у 1946 г. да 33 у 1985 г., а колькасць студэнтаў адпаведна з 13 тыс. да 182 тысяч. Вядучымі навучальнымі ўстановамі ў рэспубліцы былі і застаюцца БДУ і БНТУ. У палітэхнічным інстытуце, напрыклад, у 1980-я гг. набывалі веды і спецыяльнасці каля 27 тысяч студэнтаў. Па якасці развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусь выйшла на ўзровень развітых краін свету.

З 31 да 139 павялічылася ў пасляваенныя гады колькасць сярэд­ніх спецыяльных навучальных устаноў. У сярэдзіне 1980-х гг. у іх займаліся каля 150 тысяч навучэнцаў.

У 1944 г. была адноўлена дзейнасць Акадэміі навук, прычым ў яе структуры былі створаны шэраг новых навукова-даследчых інсты­тутаў. Навуковыя распрацоўкі рабілі і супрацоўнікі ВНУ. Напры­клад, пры БПІ быў створаны рад навукова-даследчых праблемных лабараторый, пачаў дзейнічаць эксперыментальны завод “Палі­тэхнік”. Менавіта Беларускі палітэхнічны інстытут стаў ініцы­ятарам стварэння першага ў рэспубліцы вучэбна-навукова-вытвор­чага аб’яднання БПІ-МАЗ.

Ствараліся і іншыя галіновыя навукова-даследчыя інстытуты, іх колькасць у 1985 г. склала каля 200, а колькасць навуковых работнікаў павялічылася з 7 тыс. у 1960-я гг. да 42, 5 тыс. у 1985 г. У Еўропе добра вядомы беларускія навуковыя школы ў галіне матэма­тыкі, фізікі. Высокага ўзроўню дасягнулі геалагічная, біялагічная, сельскагаспадарчая, геаграфічная і іншыя галіны навукі. Пэўныя поспехі былі дасягнуты ў гуманітарных навуках, хаця яны былі ў большай ступені, чым іншыя, палітызаваныя.Але на развіцці навукі адмоўным чынам адбіваліся адносная слабасць яе матэрыяльна-тэхнічнай базы, адміністрацыйна-валявыя метады кіравання.

У літаратуры пасляваенных гадоў выразна праслежваліся не­калькі напрамкаў: узвелічэнне подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, пафас стваральнай працы і маральна-этычныя праблемы сучасніка. На змену апісальнасці літаратурных твораў 1950-х гг. пазней прыйшло больш глубокае асэнсаванне падзей і людскіх характараў, іх унутранага свету. Апошняе стала больш ха­рактэрным у 1960-я гг., калі ХХII з’езд у якасці адной з галоўных трох задач паставіў праблему выхавання “новага чалавека”. У цэ­лым, нягледзячы на ідэалагічны кантроль з боку партыйных органаў і галоўнага ўпраўлення па ахове дзяржаўных тайн у друку (Галоў­літ) пры Савеце Міністраў БССР, літаратура развівалася досыць паспяхова, перш за ўсё таму, што літаратары менш былі залежнымі ад фінансавых праблем па выпуску кніг, іх рашала дзяржава.

У пасляваенныя гады працягваў плённа працаваць Якуб Колас. У 1947 г. ён завяршыў шматгадовую працу над паэмай “Рыбакова хата”, якая была адзначана Сталінскай прэміяй. Глыбокае асэнса­ванне падзей Вялікай Айчыннай вайны, псіхалагічных партрэтаў людзей у гады ваенных выпрабаванняў характэрны для празаічных твораў В. Быкава, М. Лынькова, І. Навуменкі, І. Чыгрынава, А. Адамовіча. Маральна-этычным праблемам сучаснасці прысве­чаны раманы І. Мележа, Я. Брыля, І. Шамякіна. Гістарычную тэма­тыку развіваў у сваіх творах У Караткевіч.

Даволі паспяхова развівалася беларуская паэзія. У пасляваенныя дзесяцігоддзі шырока раскрыўся талент беларускіх паэтаў К. Крапівы, А. Куляшова, П. Броўкі, П. Панчанкі, П. Глебкі, Н. Гі­ле­віча, М. Лужаніна і іншых. У 1980-я гг. з’явіўся шэраг твораў паэтаў новага пакалення А. Вялюгіна, К. Кірыенкі, Р. Барадуліна, Я. Сіпа­кова, В. Зуёнка.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.011 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал